Рашы́ць, рэшы́ць ’прыйсці да заключэння; вырашыць, надумаць’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС), ’развязаць, вырашыць (задачу)’ (Янк. 3.), ’патраціць, ліквідаваць, зрасходаваць, знішчыць’ (Янк. 3., Мат. Маг., ТС), рэшы́цца ’пазбавіцца, страціць’ (Растарг.). Параўн. рус. реши́ть ’вырашыць’, укр. ріши́ти ’вырашаць, пазбаўляць, губляць’, каш. řešëc ’вязаць’, чэш. řešit, славац. riešiť, харв. riješiti, серб. ре́шити ’тс’, славен. rešiti ’развязаць, выратаваць’, балг. реша́ ’вызначыць, вырашыць’, ст.-слав. рѣшити ’вызваліць, вырашыць’. Прасл. *rěšiti з š, перанесеным з ітэратыва *resjati, параўн. балг. реся́ ’рашаць’, в.-луж. rozrisać, rozrěsać ’вырашаць’, гл. Махэк₂, 531; БЕР, 6, 233, 239. У славянскіх мовах прасочваецца сумяшчэнне семантыкі ’выратаваць’ і ’пазбавіць’, параўн. славен. nas reši оd zlega, што, магчыма, звязана са ст.-інд. reşáуаtі ’ён робіць шкоду, карае’, rişyati, reşati ’пацярпелы, пашкоджаны’. У гэтым выпадку семантыка слав. *rěšiti развівалася ад ’пакараць, пазбавіць чагосьці’ да ’пазбавіць, страціць’. Другое значэнне ’прыходзіць да выніку, развязваць праблему’ прасочваецца ў балтыйскіх мовах: літ. raišýti ’прывязаць’, лат. ràisît ’вырашаць; развязваць’, гл. Сной, 618; Бязлай 3, 174; гл. таксама Фасмер, 3, 479; SEK, 4, 230–231 (Борысь значэнне ’развязваць’ выводзіць з ’вязаць’ у выніку дэпрэфіксацыі першаснага прэфіксальнага *orz‑rěšiti ’развязаць’ > *rěšiti ’развязваць’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́раб ’пасудзіна, сплеценая з лубу, саломы і пад.’ (ТСБМ, Сл. паўн.-зах., Нар. лекс., КЭС, лаг., Бяльк., Нар. сл., З нар. сл.), корабам стаць ’павялічыцца, расшырыцца (пра галаву)’ (Жыв. сл.), поўны кораб, сем корабаў, як з корабау вялікай колькасці’ (ТСБМ). Укр. короб, рус. короб, ст.-рус. коробъ ’тс’, славен. kraba ’каробка’, польск. kroba ’плеценая каробка’. Мы не бачым магчымасці для рэканструкцыі прасл. korbъ, паколькі няма надзейных паўднёваславянскіх адпаведнікаў. Славен. kraba — новае запазычанне з іншых славянскіх моў (Безлай, 2, 77). Таму трэба вярнуцца да этымалогіі Міклашыча (130), згодна з якой у гэтым выпадку мы маем справу з запазычаннем з лац. corbis ’карзіна’ (непасрэдна або праз с.-в.-ням. korb ’тс’). Гл. таксама Бернекер, 1, 568–569; Брукнер, 267. Фасмер (2, 331), які зыходзіць выключна з фанетычных крытэрыяў, разглядае лацінскія, германскія і нават літ. kar̃bas, лат. kar̂ba як спрадвечна роднасныя са славянскімі. Параўн. Фрэнкель, 220, дзе балтыйскія лексемы лічацца славянізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́ршань ’дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара’ (ТСБМ). Як тэхнічны тэрмін, імаверна, з рус. поршень ’тс’. Праабражэнскі (2, 111) звязвае з семантычным гняздом рус. по́рхать (гл. таксама КЭСРЯ, 357), можа, у сувязі з функцыяй помпы ці распыляльніка, што, аднак, няпэўна. Трубачоў у Фасмера (3, 337) не бачыць падстаў аддзяляць ад по́ршень ’сялянскі абутак з аднаго кавалка скуры’, гл. поршні. Можна выказаць здагадку пра зыходнае *порушень, што ад рухаць, рухацца, параўн. варыянтныя назвы абутку рус. дыял. поршень/порушень/порошень. Адсюль варыянт поршань як дэталь рухавіка, звязаны з рухам, а не з распырскваннем. Параўн. бел. пару́ханы ’ўзняты, патурбаваны’, пару́хлівы ’рухлівы, хуткі’, паруша́цца ’рухацца з месца’, пару́шыць крануць, зрушыць, пасунуць’ (Байк. і Некр.), славен. porušenje ’тачэнне’ і ’тачылка’. Тады *po‑rux‑ěnь ’тое, што рухаецца, соўгаецца, хутка працуе’, параўн. літ. rušus/ruošus дзейны’, raũsti ’рыць, капацца’, лат. rušinât ’тс’, rùoss ’рухлівы, спраўны’, нова-в.-ням. дыял. ruscheln ’хутка працаваць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пы́рыць (пыриць) ’распіраць, пучыць’ (Нас.), пырыцца ’налузацца, растапырваць пер’е; пышна апранацца’ (Нас.), пыріць ’турбаваць, не даваць спакою’ (Бяльк.), параўн. рус. пырить ’расстаўляць пер’е, тапырыцца’, чэш. pouriti ’надувацца’, серб.-харв. пирити ’дуць’. Праслав. *рупіі ’надувацца’, роднаснае літ. išpurti ’расстаўляць пер’е; надувацца, тапырыцца’, purinti ’скубаць (валасы, воўну)’, pyrtyti ’трасці’, лат. pūrt ’кашлаціць, рабіць нягладкім’, нарв. föyrast ’рабіцца пухкім, мяккім’, гл. Фасмер, 3, 420, з літ-рай. Цвяткоў (Запіскі, 2, 55) бачыць у пырыцца адлюстраванне польскай фанетыкі (“нахіленне”: ы на месцы е, параўн. perzyć się ’пушыцца, натапырвацца’), што зусім не абавязкова, параўн. ст.-польск. pyrzyć się ’натапырвацца, стырчаць (пра ўсходы, рунь)’, якое Банькоўскі (2, 533) выводзіць са ст.-польск. pyrz, сучаснае perz ’пырнік’, роднаснае рус. пырить перья, чэш. рупіі ’прарастаць’, што можа быць звязана з літ. purti ’на-тапырвацца’. Зусім верагоднае другаснае збліжэнне некалькіх этымалагічна адрозных асноў у сувязі з блізкасцю семантыкі, параўн. Белеціч, Зб. Івічу, 120.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́ра (Сцяшк. МГ, Інстр. I, Бесар., БРС), бу́ря (Бяльк.). Рус. бу́ря, укр. бу́ря, польск. burza, чэш. bouře, ст.-слав. боурꙗ, серб.-харв. бӳра, балг. бу́ра, бу́ря і г. д. Прасл. *burʼa ’бура’. Сюды ж, відаць, прасл. *buriti (гл. бурыць). Спрэчным з’яўляецца пытанне, ці *burʼa — аддзеяслоўнае ўтварэнне ці не. У аснове гэтай групы слоў ляжыць, мабыць, і.-е. гукапераймальнае *bhou̯r‑, *bhur‑. Параўноўваюць з лат. baûŗuôt, нарв. būra ’рыкаць’, ст.-ісл. byrr ’спадарожны вецер’, лац. furō ’шалею’, грэч. φυρμός ’беспарадак’, ст.-інд. bhuráti ’рухаецца, валтузіцца’ і г. д. Траўтман, 28; Мейе, RS, 2, 65; Слаўскі, 1, 51; Фасмер, 1, 250; Праабражэнскі, 1, 55; Брукнер, 50. Параўн. яшчэ Махэк₂, 62. Няпэўна Шанскі, 1, Б, 236–237. Параўн. бу́рыць.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лапаву́хі, лыпаву́хі ’аблавухі’ (Шат., ТСБМ, Яўс.; паўн.-усх., КЭС) ’някемлівы, непаспешлівы’ (ТСБМ), рус. наўг., валаг. лопоу́хий ’кіжлай, цяльпук, цюхцяй’, ’разява’, ’ёлуп’, а ў літаратурнай мове і ’аблавухі’. Бел.-рус. ізалекса старажытнай пары. Балтызм, параўн. літ. lapaaũsis ’лапавухі’, ’разява’. Ёсць і інш. балт.-усх.-слав. ізалекса: літ. aplėpaũsis, nulėpaũsis, лат. ļutausis, lutàusisбел. віславухі, рус. вислоухий ’аблавухі; павольны, някемлівы, няўклюдны’. Першая частка звязана са значэннем ’вісець, абвісаць’. Такі ж сэнс і ў літ. luzgaũsis (дзе luzgė — ’галіна павіслай бярозы’). У ідэнтычных (паводле семантыкі) лексемах польскай, украінскай і паўднёва-славянскай моў першая частка звязана з klepati: польск. klapouchy, укр. клапоухий, капло(в)ухий, славен. klapoúch, серб.-харв. кле̏мпав, балг. клепоу́х ’аблавухі’, макед. клапушест ’нязграбны, няспрытны’. Сюды ж лыпаву́шка, лыпаву́шына ’аблавушка’ (Яўс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́дзены, ме́дзяны, ме́зены, ме́зіны, мі́зіны, мезённы, мезы́ны, ме́зяны, мязя́ны (палец) ’мезенец’ (Касп., ТС; мін., Шн. 2; Кліх, Нас., Растарг.; бялын., Янк. Мат.; лепел., бяроз., КЭС), віц. мезін перст ’тс’ (Шн. 2). Укр. мизи́нний, рус. смал. ме́зе́нный, паўн., пск. мизе́нный, мизи́нный (перст). Польск. miedziany, mieziny, miezinny, mieziany ’тс’. Да прасл. mězinъ, якое звычайна выводзяць з балт. моў: літ. mãžas ’малы’, лат. mazs ’тс’, ст.-прус. massais ’менш’ (Бернекер, 2, 55 і інш. гл. у: Фасмер, 2, 620). Параўн. чэш., славац. malík, серб.-харв. мали прст, макед. малиот прст, балг. малъкият пръет ’мезенец’ (< malý ’малы’). Аб мене з > дз гл. Карскі, 1, 358. Параўн. таксама мезенец. Гл. Мартынаў, Балто-слав.-ит. изогл., 30–31.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крэ́мень ’цвёрды мінерал, які выкарыстоўвалі для высякання агню’ (ТСБМ, Маш., Яруш.). Укр. кремінь, рус. кремень ’тс’, ст.-слав. кремы, кремене, балг. кремен, макед. кремен, серб.-харв. кре̏мен, славен. krémen ’тс’, польск. krzemień, чэш. křemen, славац. kremeň, в.-луж. křemjeń, н.-луж. kśeḿeń, палаб. kremin ’тс’. Прасл. kremy, kremene. У якасці адпаведніка ў балтыйскіх мовах толькі лат. kręms ’тс’. Да kremъ/kromъ (параўн. кашуб. křem ’крэмень’ і кром1). Гл. кром1. Калі зыходнай формай з’яўляецца kremъ, тады трэба пагадзіцца з тымі, хто тлумачыць марфалогію прасл. kremy, kremene як кантамінацыйную: kremъ пад уплывам kamy, kamene (крэмень — цвёрды камень) (Траўтман, 141; Атрэмбскі, LP, 1, 136–138). Параўн. яшчэ Тапароў, K–L, 176–177; Махэк, LF, 72. 75.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ез ’перагародка, якую ставяць рыбакі на рацэ, з праходам, у якім расстаўляюць нерат’ (БРС, Шат., Серб., Горб., Бяльк., Кірн., Мат. АС, Янк. I, ТС) (гл. таксама яз), рус. ез ’тс’, укр. ёз ’тс’, ст.-рус. ѣзъ ’тс’, балг. яз ’гаць’, серб.-харв. ја̑з ’тс’, славен. jȇz ’плаціна, дамба’, чэш. jez ’гаць, плаціна’, польск. jaz ’гаць, перагародка на рацэ’, ст.-луж. jěz ’тс’. Прасл. ězъ. Балт. паралелі: літ. ežė̃, лат. eža, ст.-прус. asy ’мяжа’. Гэта балта-слав. лексема звязана генетычна з балта-слав. назвай возера (гл.). Параўн. Ільінскі, Slavia, 2, 251–252; Вайда, BSL, 29, 38–40; Фрэнкель, LP, 4, 99; Буга, II, 508; Сэмерэні, ВЯ, 1967, 4, 18; Тапароў, Эт. сл., 1, 120–121.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жыць. Рус. жить, укр. жи́ти, польск. żyć ’жыць’, в.-луж. žić ’загойвацца’, уст. ’жыць’, н.-луж. žyś ’загойвацца, цешыцца’, чэш. žiti ’жыць’, славац. žiť ’тс’, славен. žiti ’жыць’, серб.-харв. уст. жи̏ти ’жыць’, балг. дыял. жѝя ’жыць’, макед. (у складаных словах) жи‑ ’жыць’. Ст.-слав. жити ’жыць, ажыўляць, карыстацца з чагосьці’, ст.-рус. жити ’жыць’, ’быць’, ’адбывацца’, ’загойвацца’. Літ. gýti ’загойвацца’, лат. dzît ’жыць’, лац. vita ’жыццё’, грэч. βιοτή ’жыццё сродкі для жыцця’. І.‑е. корань *g​ei̯‑: *g​ī, часта з пашырэннем *‑ụ‑: *g​ī̆​‑o‑s ’жывы’, g​ī̆​‑to‑s ’жывот’ (гл.). Фасмер, 2, 52; Шанскі, 1, Д, Е, Ж, 294; Брукнер, 669; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 549; Траўтман, 76; Покарны, 1, 467.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)