паспыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
1. Пакаштаваць, папрабаваць на смак. Маці заглянула ў кубкі: Ліза не адпіла і адной трэці. Паспытала яе чай — зусім не салодкі. Шамякін. — А гэта я табе клубнікі прынесла, а то ў бальніцы тут напэўна і не паспытаеш яе... Васілевіч. — Каб не займаўся дзед з Міколкам паляваннем, то не давялося б нам курацінкі паспытаць! Лынькоў.
2. перан. Разм. Перажыць, зведаць у жыцці, на практыцы. [Мікола:] — Не лічу сябе вінаватым перад табой нават і ў тым, што не быў у дэфензіве і не паспытаў таго, што давялося табе. Машара. — Як паспытаеш свой горкі кавалачак хлеба, тады зразумееш, чаго ён каштуе. Грамовіч. // перан. Адведаць, спазнаць. Прынесла Тэкля вужышча. Узяў Саўка вяроўку ў рукі і пытае: «А гэтай штукі паспытаць не хочаш?!» С. Александровіч.
•••
Паспытаць на сваёй скуры што — пераканацца ў чым‑н. на сваім вопыце.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пахілі́цца, ‑хілюся, ‑хілішся, ‑хіліцца; зак.
1. Нахіліцца, нагнуцца. Над вадою адзінютка Нахілілася вярбіна. Колас. Націнне бульбы завяла, нахілілася ў барозны, якія глыбокімі шрамамі выглядаюць на гладкім.. полі... Чарот. // Нагнуць верхнюю частку тулава (пра чалавека). Віднелася збоку глыбокая варонка. А каля варонкі пахіліўся салдат. Грамовіч. Хаім Крокес абярнуўся назад і пахіліўся да Вінцуся Шавеля. Гартны.
2. Пакасіцца, нахіліцца ўбок. Слуп.. амаль напалову згніў і пахіліўся набок. М. Ткачоў. Агароджа двара нахілілася, і там-сям бялелі ў ёй свежыя дошкі. Ракітны. Старасвецкі драўляны домік з амшэлай гонтавай страхою, дажываючы век, абапёрся на чатыры драўляныя калоны, якія з усім домікам пахіліліся ўперад. Пестрак.
3. перан. Адчуць прыхільнасць, пацягнуцца да каго‑, чаго‑н. Мы ўсе былі закаханыя ў Таню. І ўсе адносіліся да яе, як рыцары. Не прыставалі, не надакучалі сваімі прызнаннямі. Па маўклівай згодзе мы чакалі, да каго з нас пахіліцца яна сама. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пляцёнка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Што‑н. сплеценае ўдоўж з двух, трох і больш пасмаў, кавалкаў і пад. У кожнае гаспадыні наплецена больш чым па дзесятку пляцёнак цыбулі. Палтаран. Пасярод вёскі чалавек спыніўся. Узмахнуў абапал грудзей пугавішчам — і змяёй узвілася ўгору пляцёнка, жаласна прысвіснула, рассякаючы паветра, і, зламаўшыся маланкай, пляснула аглушальным стрэлам. Хадановіч. — Чаго ты стаіш, як вартавы? — сказала.. [Міхаліна], закідаючы пляцёнку валасоў назад. — Чаму ты не танцуеш? Грамовіч.
2. Плеценая кашолка. Усе гэтыя рэчы я акуратна ўпакаваў у дарожную пляцёнку і ў поўдзень сеў на цягнік. Лупсякоў. І, урэшце, з гушчыні лесу на ягадную паляну пры дарозе выйшла маладзіца з пляцёнкай за плячыма і прывязаным да хвартуха збанком. Пестрак.
3. Падоўжаная вітая белая булка. Апрача зусім непатрэбных бохана пытляванага хлеба і пляцёнкі .. [Міхал] купіў Лёдзі пірожнае. Карпаў.
4. Асобы выраб тканіны; ткацкі рысунак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сапсава́цца, ‑псуюся, ‑псуешся, ‑псуецца; ‑псуёмся, ‑псуяцеся; зак.
1. Зрабіцца няспраўным, непрыгодным для карыстання, ужывання. Не даязджаючы кіламетраў пяць да Мохаўкі, машына сапсавалася. Шахавец. Сэрца балела, калі ў якой кватэры кавалак тынку адваліцца або дзверы сапсуюцца. Бядуля.
2. Стаць хваравітым ад чаго‑н. [Міхалючок:] Ад смятаны і сала разам дык жывот сапсуецца. Чорны.
3. Змяніцца на горшае, пагоршаць, зрабіцца дрэнным. Надвор’е сапсавалася: сыпаў мокры снег, дзьмуў халодны паўночны вецер. Бяганская. За апошні час адносіны Пісанца з рэдактарам сапсаваліся. Грамовіч. [Барташэвіч] нічога не адказаў: мой настрой цалкам сапсаваўся. Карпюк. // Зрабіцца менш прыгожым, непрывабным. Твар дзяўчыны нешта сапсаваўся.
4. Набыць дрэнныя звычкі, схільнасці; распусціцца. І мне здаецца, Ніколі добры чалавек Не сапсуецца, А дрэнь Заўсёды дрэнню застаецца. Корбан. [Іван Мацвеевіч:] Дай дзецям волю, пусці іх без догляду — сапсуюцца. Бядуля.
5. Стаць нясвежым (аб прадуктах). [Віктар:] — Калі будзеш доўга чакаць, то мяса і сапсавацца можа. Маўр.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сіро́чы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да сіраты, уласцівы яму (ёй). Ці мала з вачэй нашых слёз пралілося, Слёз горкіх, сірочых, слёз крыўды і мук? Ці мала магіл на палях засталося, Каб новыя рыць? На выгоду каму?.. Гілевіч. Хлеб сірочы, вядома, нялёгкі, аднак пра яго пакуль што больш думала мама. Брыль. / у перан. ужыв. Як бацька памрэ — дык і хата Сірочаю стане ў той час. Бялевіч. // перан. Бедны, убогі, мізэрны. Сеўшы ў машыну, я ўзяў з сядзення свой сірочы скрутачак, які падрыхтаваў для Эрны. Ракітны. Жытцо было тоненькае, сірочае, па пяць зернетак у каласку. Лобан.
2. Які праходзіць у адзіноце. Нялёгка ўспамінаць гісторыю сірочага маленства. Грамовіч. // Які адасоблены, знаходзіцца ў адзіноце. Дзед Астап ступіў.. да невялічкай хвойкі, якая цямнелася наперадзе ў сірочай самоце. Лынькоў.
3. Які мае адносіны да апёкі над сіротамі. Сірочы прытулак. □ [Настаўніца:] — Я расла ў сірочым доме... Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
схі́льны, ‑ая, ‑ае; да чаго, з інф.
1. Які мае схільнасць да чаго‑н. Схільны да навукі. □ Горш за ўсё .. [Васіль Паўлавіч] ненавідзіць людзей, схільных да якіх-небудзь махінацый, ашуканства. Кулакоўскі. Большасць вучоных схільна думаць, што кашалот даваў нырца ў пошуках харчу і выпадкова натрапіў на кабель. Матрунёнак. // Які мае задаткі да чаго‑н. Схільны да меланхоліі. Схільны прастуджвацца.
2. Які выказвае прыхільнасць, слабасць да чаго‑н. Адны — рыбалку паважаюць — Ля пелькі з блешняй могуць векаваць. Другія — ў даміно казла ганяюць. А трэцім падабаецца спяваць. Трапляюцца і схільныя да пляшкі. «Вожык». [Ванда Адамаўна:] — Яны, маладыя, схільны да ўсяго новага. Грамовіч.
3. Які мае які‑н. намер, жаданне; гатовы да чаго‑н. [Камсорг] бачыў, што сход не схільны асуджаць учынак Былінскага. Шахавец. Ён, як кадравы ваенны, камандзір, быў схільны не толькі весці разведку, але і распачынаць партызанскую вайну тут, у стэпах. Няхай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тра́піцца, ‑плюся, ‑пішся, ‑піцца; зак.
1. Выпадкова сустрэцца, надарыцца. Трапіўся б, скажам, на дарозе воўк (а іх тут багата зімою цягаецца), — Федзя адразу раскроіў бы яму чэрап і прыцягнуў у сяло. Ваданосаў. Але адступаць ужо было позна, і Пракоп .. рушыў да першай чалавечай постаці, што найбліжэй трапілася яму ў гэты час. Колас. // Дастацца. Абрыкосы, праўда, трапіліся пабітыя, з чорнымі бакамі. Дык мая суседка нафарбаванымі пальчыкамі старанна выбрала іх і шпурнула за акно. Грамовіч. Нявестка трапілася жанчына ўладная і... багатая на дзеці. Шамякін.
2. безас. з інф. Выпасці на чыю‑н. долю; прыйсціся. Трапілася пачуць рэдкае слова. □ Адным разам Рыгору трапілася адзін на адзін пагутарыць з Гэляй. Гартны.
•••
Трапілася чарвяку на вяку — пра вельмі рэдкую ўдачу, шчаслівы выпадак.
Трапіцца на вочы каму — выпадкова звярнуць на сябе ўвагу каго‑н.
Трапіцца пад руку — выпадкова апынуцца каля каго‑н.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. узбег, ‑ла; заг. узбяжы; зак., на што.
1. Падняцца бягом куды‑н. уверх, на больш высокае месца, на вышыню. Узбегчы на трэці паверх. Узбегчы на пагорак. □ Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзбег на ганак. Колас. // Імкліва ўз’ехаць (звычайна па вышыню). Грузавік у збег на ўзгорак. Гроднеў. // перан. Размясціцца на паверхні, што ідзе ўгору. Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. В. Вольскі.
2. Бягом зайсці, трапіць куды‑н.; забегчы. Воўк узбег на поплаў. □ Стукнула брамка, і на двор узбегла дзяўчынка. Асіпенка. // Імгненна з’явіцца, выступіць; пабегчы. Крывавая падцечына ўзбегла на вока. Сабаленка. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, з’явіцца, прыйсці. Узбег смутак на твар. □ І тут, як кажуць, мімаволі ўзбегла па памяць вядомая песня. Грамовіч. З даяркамі Андрэй па-свойму, крыху грубавата, мог і жартаваць, і смяяцца, і ляпнуць, што ўзбяжыць на язык. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шту́рхацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Штурхаць каго‑н. А гэтае жарабятка ўжо на другі ці на трэці дзень свайго нараджэння пачынала хадзіць за Нямком, штурхацца мысаю ў спіну, браць у губы яго палец і смактаць. Кулакоўскі. // Штурхаць адзін аднаго. Спрасонку ўсе таўкліся, штурхаліся, тыцкаліся, як сляпыя. Грахоўскі. З Краснаярска адыходзіў параход. Штурхаўся, спяшаўся з клункамі народ. Шушкевіч.
2. перан. Разм. Знаходзіцца, быць дзе‑н. у цеснаце, таўкатні. Садзімся.. ў сваю машыну і едзем. Яно і добра. Не трэба ў тралейбусе штурхацца. Корбан. // Знаходзіцца, быць, бадзяцца дзе‑н. без асобага занятку, без мэты. І на другім «паверсе» Зіна таксама любіла штурхацца, прыцэньвацца да тавараў. Грамовіч. Ззаду ў нас пачуўся зычны вокліч: — Разыдзіцеся, грамадзяне! Няўжо ў вас спраў няма іншых, як штурхацца тут? Васілевіч.
3. Разм. Штурхаць што‑н. ці стукацца ў што‑н., імкнучыся прабіцца, пранікнуць куды‑н.
4. Зал. да штурхаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шумлі́вы 1, ‑ая, ‑ае.
1. Які ўтварае шум (у 1 знач.). Горы падпіраюць небасхілы, І шумлівых вадаспадаў мчыцца рой. Хведаровіч. Тоненькія, далікатныя, у модных шумлівых плашчыках — абедзвюм год па семнаццаць. Ракітны. Андрэй крыху памаўчаў, задумліва пазіраючы на шумлівую збажыну. Краўчанка.
2. Які любіць шумець, многа, гучна гаварыць, крычаць; шумны 1 (у 2 знач.). І стол тым часам накрываюць, Гасцей шумлівых запрашаюць. Колас. Шчырыя, шумлівыя, шчасліва дзеці смехам гэткім заліліся, што пачуўся на далёкіх нівах ветлы шолах маладога лісця. Вялюгін. Ганна была дзяўчына шумлівая і сварлівая. Шамякін.
3. Які суправаджаецца шумам, ажыўленнем, мітуснёй. Шумлівая гульня. □ Зазвіняць галасістым гармонікам, прагрукочуць бубнамі ды стукам капытоў шумлівыя вясковыя вяселлі. Ваданосаў. // Напоўнены шумам, мітуснёй. Шумлівая вуліца. □ Чэрвеньскі рынак быў шумлівым, бойкім месцам. Грамовіч. [Зыбін:] — Усё-ткі падабаецца ён мне, Мінск. Жвавы, шумлівы, заклапочаны. Мележ.
шумлі́вы 2, ‑ая, ‑ае.
Які дае пену; пеністы. Шумлівы напітак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)