«ЖЫЦІЕ́ ЕФРАСІ́ННІ ПО́ЛАЦКАЙ»,

помнік бел. агіяграфічнай л-ры 12—13 ст. (дайшоў спіс 14 ст.); адзін з найб. ранніх твораў гістарычнай прозы на Беларусі. Напісана царк.-слав. мовай стараж.-рус. рэдакцыі. Аўтар невядомы. У творы апавядаецца пра жыццё і культ.асветніцкую -дзейнасць Ефрасінні Полацкай, першай жанчыны на Русі, якую царква кананізавала ў святыя. У помніку паўстае вобраз настойлівай і самаахвярнай жанчыны, сапраўднай гераіні свайго часу, услаўляецца яе імкненне да ведаў і духоўнай дасканаласці. Літаратурны схематызм (вобраз Ефрасінні ідэалізаваны, пазбаўлены многіх індывід. рыс жывога чалавека) і дыдактычная рытарычнасць прыглушаюцца яркімі рэаліямі часу, жыццёвай праўдзівасцю апавядання, якое грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах. Важнае месца ў творы займаюць дыялогі і маналогі-разважанні, якія памагаюць раскрыць унутр. свет герояў. У помніку ёсць цікавыя звесткі пра Полацк, яго культ. жыццё, побыт княжацкай сям’і. Твор спалучае некалькі літ. жанраў: гіст.-маст. біяграфію гераіні (жыціе), сціслае апісанне яе падарожжа ў «святую зямлю» (хаджэнне) і пахвалу. Рукапіс зберагаецца ў Расійскай нац. б-цы ў С.-Пецярбургу.

Публ.:

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАГА́ДКА,

іншасказальнае, вобразнае апісанне якога-небудзь прадмета або з’явы, якія трэба адгадаць; жанр фальклору. Узніклі ў старажытнасці. Змест іх складае ўся шматгранная рэчаіснасць: чалавек, яго дзейнасць, матэрыяльнае, сац. і духоўнае жыццё, прырода і яе з’явы, жывёльны і раслінны свет. З. вызначаецца прадметнасцю, канкрэтнасцю і рэалізмам, афарыстычнасцю і сцісласцю формы, трапнасцю, вобразнай мовай. Метафарычныя і алегарычныя З. аб прыродзе і яе з’явах найб. старадаўнія. З. можа заключаць у сабе метафару або мець формы кароткага апісання ці сціслага апавядання. Пашыраны ў народзе загадкі-пытанні і загадкі-задачы. Захаваўшы свае ранейшыя функцыі (выпрабаванне мудрасці, развіццё паэт. мыслення, кемлівасці, як забава і сродак пазнання свету ў вобразнай форме), З. бытуе і ў наш час, пераважна ў дзіцячым асяроддзі. Паэтычныя З. для дзяцей стварылі Р.​Барадулін, В.​Вітка, Н.​Гілевіч, А.​Клышка і інш. бел. пісьменнікі.

Публ.:

Загадкі. /Скл. М.​Я.​Грынблат, А.​І.​Гурскі. Мн., 1972.;

Беларускія загадкі/Укл. Я.​Саламевіч. Мн., 1989.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3,ч. 1. С. 406—417;

Гілевіч Н.С. Паэтыка беларускіх загадак. Мн., 1976.

А.​І.​Гурскі.

т. 6, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАГІЛЁЎСКАЯ ДАЎНІНА́»,

1) «Могилевская старина», зборнік матэрыялаў з «Могилевских губернских ведомостей» за 1898—1903. Выйшлі 3 выпускі (1900—03) пад рэд. Е.Р.Раманава. Уключае артыкулы і нататкі па гісторыі, археалогіі, этнаграфіі Магілёўскай губ., гіст. дакументы. У 1-м выпуску змешчаны Баркулабаўскі летапіс, грамата караля Стафана Баторыя ад 1.3.1581, карта магілёўскага намесніцтва 1768, успаміны пра падзеі 1812 на Магілёўшчыне; у 2-м вып.апісанне Крычаўскага графства А.​Меерам у 1786, фрагменты запісак 1816 і 1822 англ. падарожніка Р.​Пінкертона пра бел. губерні, бібліяграфічны паказчык асн. прац Раманава; у 3-м вып. — дакументы 16—20 ст. У 2-м і 3-м вып. змешчаны звесткі пра «апошняга летапісца» Беларусі ігумена Арэста. Публікацыі гіст. крыніц вызначае высокі навук. ўзровень, які не быў характэрны для тагачасных перыяд. выданняў.

2) Зборнік гіст. і краязнаўчых матэрыялаў, які з 1993 штогод выдаецца ў Магілёве як аднаўленне «М.д.» 1898—1903. Матэрыялы ахопліваюць гіст. перыяд развіцця Магілёўшчыны ад старажытнасці да сучаснасці. Мае рубрыкі: «Даследаванні. Меркаванні», «Асоба ў гісторыі», «Малавядомае», «Школьнае краязнаўства» і інш.

М.​Ф.​Шумейка, І.​А.​Пушкін.

т. 9, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЕ́Й З МЕ́ХАВА, Мехавіта (Maciej z Miechowa, Miechowita; сапр. Карпіга Мацей; каля 1457, ц. Мехаў, Польшча — 8.9.1523),

польскі гісторык, урач, географ, астролаг. Праф. (з 1485) і рэктар (1501—19) Кракаўскай акадэміі. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1474—78), ун-тах Падуі і Балонні (1483—85). У 1507 пасвечаны ў духоўны сан. У якасці ўрача запрашаўся на каралеўскі і магнацкія двары. Займаўся астралогіяй, прыпісваў яе ўплыў на ход гіст. падзей. Аўтар «Трактата пра дзве Сарматыі» (1517) — першага ў еўрап. пісьменстве геагр.-этнагр.-гістарычнага апісання зямель паміж Віслай і Донам (у т. л. беларускіх) і далей да паўд. ўзбярэжжа Каспійскага мора. Яго «Польская хроніка» (1519) уключае пераказ «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (да 1480) і арыгінальнае апісанне далейшых падзей (да 1506). У 1521 «Хроніка» была канфіскавана з-за наяўнасці ў ёй крытычных заўваг пра тагачасную пануючую дынастыю Ягелонаў і перавыдадзена са зменамі. Аўтар эпідэміялагічнага даведніка (1508) і папулярнай працы па гігіене і дыетыцы (1522).

Літ.:

Maciej z Miechowa, 1457—1523: Historyk, geograf, lekarz, organizator nauki. Wrocław, 1960;

Hajdukiewicz L. Biblioteka Macieja z Miechowa. Wrocław, 1960.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЦЕ́Й (Іпацій) (свецкае імя Адам Львовіч; 12.4.1541, сядзіба Ражанка Камянецкага пав. Падляшскага ваяв. — 18.7.1613),

бел. царкоўны і дзярж. дзеяч., пісьменнік-палеміст. З правасл. роду Пацеяў. Верагодна, вучыўся ў Ягелонскім ун-це (Кракаў). З 1566 брэсцкі пісар земскі, у 1569 дэпутат сейма, у 1588 брэсцкі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Пасля смерці жонкі (1592) прыняў манаства пад імем Іпацій (крас. 1593). З мая 1593 епіскап уладзімірскі (г. Уладзімір-Валынскі). Адзін з ініцыятараў і арганізатараў Брэсцкай уніі 1596. З 1599 уніяцкі мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. Аўтар палемічных твораў на старабел. і польскай мовах у абарону уніі: «Унія...» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597), «Размова берасцяніна з братчыкам» (1604), «Уваскрослы Налівайка» (1607), «Ерасі, невуцтва і палітыка папоў і мяшчан віленскага брацтва», «Гармонія...», «Рэляцыя» (усе 1608), вял. колькасці прамоў, павучанняў і інш. Прапаведніцкія творы П. на старабел. мове былі сабраны і выдадзены ў 1677, у 1714 — перавыдадзены на польскай мове ў Супраслі.

Літ.:

Кішка Л. Жыцьцяпіс Іпація Пацея: Пер. з пол. // Спадчына. 1998. № 4.

Ю.​М.​Лаўрык.

т. 12, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПІСЦО́ВАЯ КНІ́ГА ГРО́ДЗЕНСКАЙ ЭКАНО́МІІ»

(«Писцовая книга Гродненской экономии с прибавлениями»),

комплекс гаспадарча-ўліковай і інш. дакументацыі Гродзенскай эканоміі сярэдзіны 16 — сярэдзіны 18 ст., выдадзены ў 1881—82 Віленскай археаграфічнай камісіяй у 2 ч. Дакументы ўзяты з актавых кніг Віленскага цэнтр. архіва стараж. актаў, на польск. мове (1 дакумент на бел. мове). У ч. 1 змешчаны «Рэестр памеры валок, гарадоў і Гродзенскай воласці...» (1558), дзе зафіксавана рэвізія валочнай памеры ў эканоміі, праведзенай на падставе «Уставы на валокі» 1557. У ч. 2 змешчана інвентарнае апісанне гродзенскіх замкаў і велікакняжацкага двара Гарадніцы (сярэдзіна 17 ст.), «Рэестр валочнай памеры горада і мястэчак, воласці і ўсіх двароў, якія належаць да Гродзенскага замка» (1550—60-я г.), «Генеральная ўстава Гродзенскай эканоміі» (1680), «рэвізія» дакументаў г. Гродна, гар. пляцаў і прыбыткаў (1675?), «рэвізія» лясніцтваў эканоміі (1764), вытрымкі з «рэвізіі» эканоміі з пералікам каралеўскіх прывілеяў мястэчкам 16—17 ст. і інш. Выданне забяспечана прадмовай С.​В.​Шаўковіча, дзе апісаны гродзенскія замкі і сам горад, ахарактарызаваны катэгорыі насельніцтва эканоміі і іх павіннасці.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 12, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАГНО́З (ад грэч. prognosis прадбачанне, прадказанне),

навук.-абгрунтаванае суджэнне пра магчымы будучы стан якіх-н. аб’ектаў або з’яў, пра альтэрнатыўныя шляхі і тэрміны іх дасягнення. Распрацоўваецца на аснове ўсебаковага і глыбокага навук. пазнання і аналізу аб’ектыўных заканамернасцей, тэндэнцый і ўзаемасувязей развіцця грамадства і прыроды, канкрэтных умоў развіцця дадзенага аб’екта прагназіравання. П. уключае вядомыя і невядомыя звесткі пра аб’ект, уяўляе сабой ідэальны вобраз, мадэль, апісанне імавернасных падзей, працэсаў, з’яў. Паводле крытэрыю часу П. падзяляюць на бягучыя (ад некалькіх гадзін да некалькіх месяцаў), кароткатэрміновыя (да 5 гадоў), сярэднетэрміновыя (5—10 гадоў), доўгатэрміновыя (ад 10—15 да 20—30 гадоў) і звышдоўгатэрміновыя. Паводле сваёй прыроды П. падзяляюцца на гідраметэаралагічныя, геал., біял., медыка-біял., касмалагічныя, геагр. і інш. Другую групу складаюць П., якія адносяцца да развіцця грамадства (эканам., сац., псіхал., дэмаграфічныя, культ.-эстэт. і інш.). Адрозніваюць таксама П. даследчыя (пошукавыя) і нарматыўныя.

Літ.:

Лисичкин В.А. Теория и практика прогностики. М., 1972;

Мартино Дж. Технологическое прогнозирование: Пер. с англ. М., 1977;

Котляров И.В. Теоретические основы социального проектирования. Мн., 1989;

Теория прогнозирования и принятия решений. М., 1977.

І.​В.​Катляроў.

т. 12, с. 533

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

геагра́фія

(гр. geographia = землеапісанне)

1) навука аб прыродных умовах Зямлі, аб размеркаванні на ёй насельніцтва і эканамічных рэсурсаў (напр. фізічная г., эканамічная г.);

2) апісанне пашыранасці чаго-н. на зямной паверхні або ў якой-н. мясцовасці (напр. г. земляробства, г. лёгкай прамысловасці).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бібліягра́фія

(ад гр. biblion = кніга + grapho = пішу)

1) навуковае, сістэматызаванае апісанне кніг і іншых выданняў, зробленае па якой-н. прыкмеце;

2) спіс кніг, артыкулаў па якім-н. пытанні (напр. б. па гісторыі);

3) аддзел у перыядычных выданнях, прысвечаны кароткаму агляду кніг, што выйшлі з друку.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

іканагра́фія

(гр. eikonographia, ад eikon = выява, вобраз + гр. grapho = пішу)

1) сістэматычнае вывучэнне і апісанне мастацкіх палотнаў, прысвечаных якой-н. тэме або асобе;

2) строга ўстаноўленыя правілы мастацкага выяўлення пэўнага сюжэта або асобы;

3) сукупнасць мастацкіх палотнаў на адну тэму, сюжэт (напр. і. К. Каліноўскага).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)