СІ́КЕРТ (Sickert) Уолтэр Рычард (31.5.1860, г. Мюнхен, Германія — 22.1.1942),

англійскі жывапісец і графік; адзін з вядучых майстроў англ. імпрэсіянізму. З 1868 жыў у Вялікабрытаніі. Вучыўся ў маст. каледжы Слейда (з 1881). Зазнаў уплыў Дж.​Уістлера, Э.​Дэга. Заснавальнік «Новага англійскага мастацкага клуба» (1885—86). З 1928 прэзідэнт Каралеўскага т-ва брыт. мастакоў. Яго дакладным па назіраннях пейзажам Лондана і Венецыі, партрэтам, інтэр’ерам жылых памяшканняў і мюзік-холаў уласцівы гучнасць колеру і празрыстасць, меланхалічнасць настрою. Сярод твораў: «Царква Сен-Жак» (каля 1890), «Сан-Марка. Венецыя» (1895—96), «П’яцэта» (каля 1901), «Жанчына ў гандоле» (1905), «Нуда» (1913—14), «Тэатр Новага Бедфарда» (1915—16).

т. 14, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТОКС (Stokes) Джордж Габрыэль (13.8.1819, Скрын, Вялікабрытанія — 1.2.1903),

англійскі фізік і матэматык, адзін са стваральнікаў гідрадынамікі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1851) і яго прэзідэнт (1885—90). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1841), дзе і працаваў (з 1849 праф.). Навук. працы па гідрадынаміцы, оптыцы, гравіметрыі і вектарным аналізе. Распрацаваў тэорыю руху вязкай вадкасці (ураўненне Наўе — С.), вызначыў сілу супраціўлення руху шара ў вадкасці (гл. Стокса закон). Устанавіў сувязь паміж даўжынёй хвалі фоталюмінесцэнцыі і даўжынёй хвалі ўзбуджальнага святла (правіла С.), сфармуляваў адну з асн. тэарэм вектарнага аналізу (гл. Стокса формула). Яго імем названа адзінка кінематычнай вязкасці ў СГС сістэме адзінак — стокс.

Дж.Г.Стокс.

т. 15, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЦЮ́АРТ (Steuart, Stewart) Джэймс (21.10.1712, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 26.11.1780), англійскі эканаміст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў позняга меркантылізму. Асн. праца — «Даследаванне прынцыпаў палітычнай эканоміі» (1767). Лічыў крыніцай грамадскага багацця актыўны баланс знешняга гандлю. Паходжанне прыбытку не звязваў толькі з неэквівалентным абменам. Вылучаў т.зв. дадатны (ад «павелічэння працы, стараннасці і майстэрства») і адносны (ад рэалізацыі тавараў па цэнах вышэй вартасці) прыбытак, чым наблізіўся да праблемы прыбавачнай вартасці. Абгрунтаваў працэс першапачатковага накаплення капіталу. Крытыкаваў колькасную тэорыю грошай, прапанаваў канцэпцыю «ідэальнай грашовай адзінкі», дзе блытаў функцыю грошай як меры вартасці з маштабам цэн, а ідэальныя грошы разглядаў асобна ад рэальнага грашовага тавару (золата, серабра).

т. 15, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УО́КЕР (Walker) Джон Эрнест (н. 7.1.1941, г. Галіфакс, графства Йоркшыр, Вялікабрытанія),

англійскі біяхімік Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1997), замежны чл. Каралеўскай Нідэрландскай акадэміі мастацтваў і навук (1999). Скончыў Оксфардскі ун-т (1969). У 1969—71 у Вісконсінскім ун-це (ЗША). З 1974 у Мед. даследчым савеце ў Кембрыджы (у Лабараторыі малекулярнай біялогіі, з 1998 дырэктар Аддзела харчавання чалавека). Навук. працы па малекулярнай біялогіі. Вызначыў паслядоўнасць нуклеатыдаў у генах, што кадзіруюць субадзінкі ферменту адэназінтрыфасфат-сінтэтазы (1981), і пры дапамозе электроннай мікраскапіі і рэнтгенаструктурнага аналізу поўную прасторавую структуру ферменту пратон-транспартавальнай адэназінтрыфасфатазы (1994). Нобелеўская прэмія 1997 (з П.​Д.​Боерам, Е.К.Скоў).

М.​М.​Касцюкоеіч.

Дж.Э.Уокер.

т. 16, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛІ́НДЭРС (Flinders) Мэцью (16.3.1774, Донінгтан, Вялікабрытанія — 19.7.1814),

англійскі даследчык Аўстраліі. У 1797—98 на судне «Норфалк» разам з Дж.​Басам абышоў в-аў Тасманія, вызначыў яго становішча. У 1801—03 на судне «Інвестыгейтар» даследаваў і адзначыў на карце паўд. ўзбярэжжа Аўстраліі, адкрыў залівы Спенсер, Сент-Вінсент, п-аў Йорк і шэраг астравоў. У 1802 даследаваў усх. і паўн. ўзбярэжжа Аўстраліі, адкрыў а-вы Уэлслі, пазначыў на карце Вял. Бар’ерны рыф. У 1814 прапанаваў для Паўд. мацерыка назву Аўстралія (замест Новай Галандыі). Яго імем названы востраў каля берагоў Тасманіі, праход і рыфы ў Вял. Бар’ерным рыфе, горны хрыбет, рака, горад, бухта ў Аўстраліі.

т. 16, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛО́РЫ (Florey) Хоўард Уолтэр (24.9.1898, г. Адэлаіда, Аўстралія — 21.2.1968),

англійскі вучоны ў галіне паталогіі і мікрабіялогіі. Чл. (1941) і прэзідэнт Лонданскага каралеўскага т-ва (1960—65). Замежны чл. АН СССР (1966). Скончыў Адэлаідскі (1921) і Оксфардскі (1924) ун-ты. З 1926 у Кембрыджскім, з 1931 у Шэфілдскім ун-тах. У 1935—62 у Оксфардскім ін-це У.​Дана, у 1962—68 рэктар Каралеўскага каледжа г. Оксфард. Навук. працы па паталогіі капілярнага кровазвароту, запаленчых працэсах, функцыі лімфацытаў, антыбіётыках мікробнага паходжання. Узначаліў работы па ачыстцы пеніцыліну (з Э.Б.Чэйнам) і выкарыстаў яго (1940) для лячэння жывёл і чалавека. Нобелеўская прэмія 1945 (з А.Флемінгам і Чэйнам).

В.​Ф.​Ермакоў.

Х.У.Флоры.

т. 16, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ГАРД (Haggard) Генры Райдэр (22.6.1856, Брадэнем, Вялікабрытанія — 14.5.1925),

англійскі пісьменнік. Па адукацыі юрыст. Шмат падарожнічаў. Аўтар прыгодніцкіх і гіст. раманаў «Капальні цара Саламона» (1885, экранізаваны ў 1938), «Клеапатра» (1889, экранізаваны ў 1939 і 1964), «Дачка Мантэсумы» (1893), «Цудоўная Маргарэт» (1907), у якіх прагматызму супрацьпаставіў свет экзотыкі, далёкага мінулага. У позніх творах «Пярсцёнак царыцы Саўскай» (1910), «Дзіця буры» (1913), «Свяшчэнная кветка» (1915) і інш. паэтызаваў «моцную асобу», апраўдваў каланіялізм.

Тв.:

Рус. пер. — Копи царя Соломона;

Прекрасная Маргарет. Мн., 1990;

Клеопатра;

Владычица Зари. М., 1991;

Хозяйка Блосхолма. Мн., 1991;

Бенита: Романы. Мн., 1994;

Дочь Монтесумы. Мн., 1995;

Она;

Ледяные боги;

Аэша. Мн., 1995.

т. 16, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ГАРТ (Hogarth) Уільям (10.11.1697, Лондан — 25.10.1764),

англійскі мастак і тэарэтык мастацтва. Вучыўся ў гравёра Э.​Геймбла, з 1720 у акадэміі Дж.​Торнхіла ў Лондане. У творах, якія вылучаюцца жывой непасрэднасцю, з пазіцый асветніцтва выявіў заганы тагачаснага англ. грамадства: серыі «Кар’ера прастытуткі» (1730—31), «Кар’ера мота» (1732—35), «Модны шлюб» (1743—45), «Выбары» (каля 1754). Выканаў партрэты, якім уласцівы жыццесцвярджальнасць і рэалістычнасць: «Капітан Т.​Корэм» (1740), «Аўтапартрэт» (1745), «Дзяўчына з крэветкамі». Аўтар тэарэт. трактата «Аналіз прыгажосці» (1753).

Тв.:

Рус. пер. — Анализ красоты. 2 изд. Л.;

М., 1987.

Літ.:

Герман М.Ю. У.​Хогарт и его время. Л., 1977.

У.Хогарт. Модны шлюб. 1743—45.

т. 17, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧЭ́ЙМБЕРС, Чэмберс (Chambers) Уільям (хрышчаны 23.2.1726, г. Гётэбарг, Швецыя — 8.3.1796), англійскі архітэктар. Вучыўся ў Парыжы (1749—50) у Ж.​Ф.​Бландэля і ў Італіі (1750—55). У 1740-я г. служыў у Швед. Ост-Індскай кампаніі, наведаў Індыю і Кітай. З 1760 прыдворны архітэктар, з 1782 гал. наглядчык каралеўскіх будынкаў. Чл.-заснавальнік Лонданскай АМ (1768). Адзін са стваральнікаў тыпу рамант. пейзажнага парку. У паркавых збудаванняў (парк К’ю ў графстве Сурэй, 1757—62) выкарыстоўваў ант., гатычныя і ўсх. матывы. Сярод твораў: Шатл. банк у г. Эдынбург (1771—72), Сомерсет-хаўс у Лондане (1776—86) і інш. Іл. гл. да арт. Лондан.

т. 17, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БІ́ТЛЗ»

(англ. «The Beatles»),

англійскі вакальна-інстр. квартэт. Створаны ў 1956 у г. Ліверпул, выступаў да 1970. У склад «Бітлз» уваходзілі: П.​Макартні, Дж.​Ленан, Дж.​Харысан (электрагітары), Рынга Стар (сапр. Рычард Старкі; ударныя). Набыў папулярнасць выкананнем песень у стылі «біг-біт» (спалучэнне элементаў негрыцянскага джаза і блюза; ранняя форма рок-музыкі). З сярэдзіны 1960-х г. кампазіцыйна-выканальніцкая манера стала больш самабытнай і складанай, аб’яднала сучасныя тэмбра-рытмічныя і акустычныя прыёмы з матывамі старадаўняга кельцкага муз. фальклору і англ. баладнага стылю 17—18 ст.

Літ.:

Дэвис Х. Битлз: Авторизованная биогр.: Пер. с англ. М., 1990.

Удзельнікі ансамбля «Бітлз»: уверсе Дж.​Ленан, П.​Макартні, унізе Дж.​Харысан, Р.​Стар.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)