СЦЮ́АРТ (Steuart, Stewart) Джэймс (21.10.1712, г. Эдынбург, Вялікабрытанія — 26.11.1780), англійскі эканаміст, адзін з найбуйнейшых прадстаўнікоў позняга меркантылізму. Асн. праца — «Даследаванне прынцыпаў палітычнай эканоміі» (1767). Лічыў крыніцай грамадскага багацця актыўны баланс знешняга гандлю. Паходжанне прыбытку не звязваў толькі з неэквівалентным абменам. Вылучаў т.зв. дадатны (ад «павелічэння працы, стараннасці і майстэрства») і адносны (ад рэалізацыі тавараў па цэнах вышэй вартасці) прыбытак, чым наблізіўся да праблемы прыбавачнай вартасці. Абгрунтаваў працэс першапачатковага накаплення капіталу. Крытыкаваў колькасную тэорыю грошай, прапанаваў канцэпцыю «ідэальнай грашовай адзінкі», дзе блытаў функцыю грошай як меры вартасці з маштабам цэн, а ідэальныя грошы разглядаў асобна ад рэальнага грашовага тавару (золата, серабра).

т. 15, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)