атрад насякомых. Выкапнёвыя рэшткі вядомы з мелавога перыяду (каля 140 млн. гадоў назад). Больш за 140 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, найб. разнастайныя ў тропіках. На Беларусі каля 1600 відаў з 59 сям. Каля 2/3 з сям.агнёвак, ліставёртак, пядзенікаў, совак і выемчатакрылых моляў. У Чырв. кнізе Беларусі 31 від.
Назва атрада ад лускавінак на крылах — відазмененых і сплошчаных валаскоў. Перапончатых крылаў 2 пары, з размахам ад 3 мм да 30 см (еўрап. віды — да 15 см). Вочы вял., фасетачныя, над імі часта ёсць 2 т.зв. простыя вочкі. Разнастайнасць малюнка крылаў утвараецца будовай і пігментацыяй лускавінак. Развітыя органы нюху (сенсілы) размешчаны на паверхні вусікаў. Органы смаку, акрамя ротавых ч., могуць быць і на лапках. Органы слыху выяўлены ў вышэйшых форм (начныя М.). Ротавы апарат (хабаток) сысучага тыпу. Большасць М. актыўныя на змярканні і ўначы. Некат. віды М. (напр., бражнікі) здольныя рабіць пералёты на сотні кіламетраў са скорасцю да 54 км/гадз. Кормяцца нектарам кветак, сокамі і выдзяленнямі раслін. Раздзельнаполыя, зрэдку назіраецца партэнагенез. Лічынкі (вусені) ліняюць звычайна 4 разы, пераважна расліннаедныя; здольныя выдзяляць шаўковыя ніці (пры пабудове гнёзд і сховішчаў, для пляцення кокана пры акукліванні). Кукалкі пераважна пакрытага тыпу. Большасць відаў М. — апыляльнікі раслін. Некат. віды разводзяць для атрымання шоўку (дубовы шаўкапрад, тутавы шаўкапрад, айлантавы шаўкапрад і інш.). Шкоднікі раслін, вырабаў з шэрсці і футра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕКСІКА́НСКАЕ НАГО́Р’Е.
На ПдПаўн. Амерыкі, большая ч. ў Мексіцы і на Пд ЗША. Пл. каля 1200 тыс.км². Унутр. яго ч. ўтварае плато Паўн. Меса (выш. 900—1200 м) і Цэнтр. Меса (выш. 2000—2400 м). На У, З і Пд іх абкружаюць горныя хрыбты Усх. Сьера-Мадрэ (4054 м), Зах. Сьера-Мадрэ (3150 м) і Папярочная Вулканічная Сьера (дзеючыя вулканы Арысаба — 5700 м, Папакатэпетль — 5452 м і інш.). Складзена з вапнякоў, пясчанікаў, мергеляў, вельмі пашыраны лававыя покрывы і алювіяльна-дэлювіяльныя адклады. Радовішчы руд каляровых і высакародных металаў. Клімат трапічны, змяняецца ад кантынентальнага сухога на Пн да мяккага, вільготнага на Пд. Сярэднія месячныя т-ры студз. ад 9 да 14 °C (у высокіх гарах і на Пн бываюць маразы да -20 °C), ліп. ад 15 °C да 20 °C. Гадавыя ападкі 200—400 мм на Пн, 2000—3000 мм на Пд. Сухія паўн. часткі не маюць сцёку ў акіян, вадатокі носяць часовы характар, за выключэннем р. Кончас. На Пд рэкі паўнаводныя, шмат азёр. Расліннасць б.ч. пустынная з мноствам сукулентаў. На Пн пануюць кактусы (каля 500 відаў), агавы (140 відаў), юкі, калючыя хмызнякі, на Пд — саванны, на наветраных схілах гор — вільготныя трапічныя лясы, якія змяняюцца з выш. 1000—2000 м хваёва-піхтавымі лясамі, а вышэй 4000 м — субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Для жывёльнага свету характэрны алені, антылопа віларог, розныя грызуны, з драпежных — чырвоная рысь, пума, ваўкі, лісы, выдры, яноты, з птушак — разнастайныя прадстаўнікі вераб’іных; шмат паўзуноў. На Пд трапляюцца ягуар, ацэлот, пекары, браняносец, мурашкаед і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́РСКАЯ КА́ФЛЯ,
архітэктурна-дэкаратыўная кераміка 15 — пач. 20 ст. з г.п. Мір Карэліцкага р-на Гродзенскай вобл. У 15—16 ст.мясц. майстры выраблялі гаршковую кафлю з круглым, квадратным вусцямі або ў выглядзе чатырохпялёсткавай разеткі. З канца 16 ст. пашырана плоская тэракотавая, паліваная аднатонная (пераважна зялёная) і паліхромная кафля з рэльефным геам., расл., геральдычным, сюжэтнымі і інш. малюнкамі. Паводле тыпаў М.к. канца 16—17 ст. падзяляецца на сценную, вуглавую, паясную, карнізную, «каронкі», «дахоўкі», «гарадкі», медальёны. Кожнаму тыпу адпавядаў пэўны характар дэкору, які ў залежнасці ад месца размяшчэння кафлі на грубцы меў адпаведны сюжэт. Найб.пашыраны сценныя квадратныя кафлі памерамі 20 × 20 і 19 × 19 см з румпай даўж. 7—8 см, аздобленыя расл. і геральдычным арнаментам: выявы стылізаваных лістоў і кветак белага і жоўтага колераў на цёмна-сінім фоне, герб Радзівілаў (на жоўтым фоне аднагаловы цёмна-карычневы арол з распасцёртымі крыламі і шырока расстаўленымі лапамі; вядома каля 10 варыянтаў арла). Паясныя кафлі ўпрыгожвалі рэльефнымі выявамі міфалагічных істот, карнізныя — выявамі на міфалагічныя, расл., рэліг. сюжэты. Кафлі-«каронкі» і «гарадкі» аздабляліся выявамі букетаў, гірляндаў кветак, дубовых лістоў; «дахоўкі» — малюнкам «рыбіна луска». Пашырана выкарыстанне белага, сіняга, цёмна-карычневага, жоўтага, светла-зялёнага колераў. У 18 ст. выраблялі сценную гладкую непаліваную і пакрытую зялёнай (радзей белай) палівай кафлю, У 19 — пач. 20 ст. пашырана аднатонная, пакрытая карычневай або белай палівай кафля, гладкая і з рэльефным малюнкам, у стылі мадэрн.
Я.М.Сахута.
Да арт.Мірская кафля. Паліхромная кафля з раслінным арнаментам. Канец 16 — 1-я пал. 17 ст.Да арт.Мірская кафля. Паліхромная кафля з выявай герба князёў Радзівілаў. Канец 16 — пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКІ (Formicidae),
сямейства насякомых атр. перапончатакрылых. Каля 15 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках. Жывуць сем’ямі ў складаных гнёздах (мурашнікі і інш.) ад некалькіх дзесяткаў да соцень тыс. асобін, ёсць вандроўныя (падсям. Dorylinae). На Беларусі больш за 50 відаў, найб. трапляюцца прадстаўнікі родаў М. земляныя (Lasius), М.-мірмікі (Myrmica), М. сапраўдныя (Formica), М. фараонаў (Monomorium), М.-шашалі (Camponotus). У складзе сям’і — самкі-заснавальніцы («царыцы»), бяскрылыя працоўныя (самкі з недаразвітымі палавымі органамі) і крылатыя самцы (паяўляюцца на кароткі час і пасля спароўвання гінуць). Працоўныя М. выконваюць розныя функцыі: фуражыраў, якія забяспечваюць гняздо кормам; салдат, што ахоўваюць яго; асобін, якія з’яўляюцца рэзервуарамі для вадкага корму (т.зв. мядовыя бочкі) і інш. У аснове існавання цэласнай сям’і ляжыць абмен паміж асобінамі кормам, выдзяленнямі залоз (трофалаксіс) і цесныя ўзаемаадносіны паміж яйцакладучай самкай і працоўнымі гал. чынам праз пасрэдніцтва хім. пачуцця (нюх, смак). Жыццядзейнасць сям’і рэгулюецца пераважна ферамонамі.
Даўж. ад 0,8 да 30 мм (самкі-вытворніцы буйнейшыя). Грудзі злучаны з брушкам тонкай рухомай сцяблінкай (з 1—2 членікаў). Вусікі 4—13-членікавыя (звычайна 11—12), доўгія. Ротавыя органы жавальнага тыпу. Вочы фасетачныя. Кормяцца насякомымі, жывёльнымі рэшткамі, насеннем раслін, выдзяленнямі тлей і какцыд. Адна сярэдняя сям’я рыжых лясных М. за суткі спажывае да 20 тыс. насякомых. Раздзельнаполыя. Маюць залозы, у экскрэце якіх да 65% мурашынай кіслаты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫСО́ЎНАЯ ГЕАМЕ́ТРЫЯ,
раздзел геаметрыі, у якім вывучаюцца прасторавыя фігуры пры дапамозе пабудовы іх відарысаў на плоскасцях праекцый, а таксама метады пабудовы і ўласцівасці гэтых відарысаў. Метадамі Н.г. выконваюцца вытв. чарцяжы, рашаюцца задачы многіх раздзелаў тэхнікі, ажыццяўляецца разлік і канструяванне механізмаў, машын, інж. збудаванняў.
Асн. спосаб адвображання ў Н.г. — праецыраванне, атрыманы пры гэтым відарыс наз.праекцыяй. Найб.пашыраныпаралельныя праекцыі: артаганальныя (прамавугольныя праекцыі на 2 і болей узаемна перпендыкулярныя плоскасці праекцый; гл.Артаганальнасць), аксанаметрычная (прамавугольная ізаметрыя, прамавугольная і косавугольная франтальная дыметрыі; гл.Аксанаметрыя) і праекцыі з лікавымі адзнакамі (прамавугольныя праекцыі пунктаў на гарыз. плоскасць, якія суправаджаюцца лікамі, што паказваюць адлегласці пунктаў-арыгіналаў ад гэтай плоскасці; выкарыстоўваюцца ў геадэзіі, тапаграфіі, горнай справе, геалогіі і інш.). Існуюць таксама цэнтральныя праекцыі, якія з’яўляюцца геам. асновай перспектывы. Першыя спробы праекцыйных відарысаў трапляюцца ў стараж. народаў у 4—3 ст. да н.э. Некаторыя ідэі Н.г. распрацаваны ў 15—17 ст. У самаст. навуку Н.г. аформілася ў 18 ст. ў сувязі з ростам патрабаванняў інж. практыкі Яе навук. асновы распрацаваны Ж.Дэзаргам і Г.Монжам (стваральнік метаду артаганальнага праектавання). Сучасная Н.г. пашырыла свае магчымасці за кошт выкарыстання ідэй і метадаў праектыўнай геаметрыі, геам. мадэліравання і інш.
Літ.:
Глаголев Н.А. Начертательная геометрия. 3 изд. М., 1953;
Нарысоўная геаметрыя: 1 — прынцып паралельнай праекцыі (ABC — прасторавая фігура, A°B °C° — яе праекцыя на плоскасць π0); 2 — прынцып прамавугольнага праектавання (A — пункт у прасторы; A′, A′′, A′′′ — праекцыі пункта A на прамавугольныя і сумешчаныя плоскасці праекцыі π1 π2, π3).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТРЫЙ (лац. Natrium),
Na, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 11, ат. м. 22,98977; належыць да шчолачных металаў. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 23Na. У зямной кары 2,64% па масе (6-ы па распаўсюджанасці элемент), трапляецца толькі ў выглядзе солей (мінералы галіт, мірабіліт, буракс, чылійская салетра і інш.). Найб.пашыраныметал. элемент у Сусв. акіяне (у марской вадзе каля 1,51016т). Уваходзіць у састаў жывых арганізмаў, пераважна ў выглядзе хларыду NaCl (чалавеку штодзённа неабходна ад 2 да 10 г NaCl). Н. метал. атрыманы ў 1807 англ. хімікам Г.Дэві, назва ад араб. натрун (грэч. nitron — прыродная сода).
Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 97,86 °C, tпл 883,15 °C, шчыльн. 968,42 кг/м³. Хімічна вельмі актыўны. На паветры імгненна акісляецца (захоўваюць пад слоем абязводжанай газы ці мінер масла). Бурна ўзаемадзейнічае з вадой (утварае натрыю гідраксід), к-тамі (гл.Натрыю злучэнні), кіслародам (утварае аксід Na2O ці натрыю пераксід), фторам, хлорам. Са спіртамі ўтварае алкагаляты, з вадародам пры 200 °C — гідрыд NaH, з азотам у эл. разрадзе — нітрыд Na3N. з вугляродам пры 800—900 °C — карбід (ацэтыленід) Na2C2, з графітам — клатраты. з многімі металамі — інтэрметал. злучэнні. Атрымліваюць электролізам расплаву NaCl ці NaOH. Выкарыстоўваюць як аднаўляльнік у вытв-сці тытану, цырконію, танталу, каталізатар у арган. сінтэзе, Н. і яго сплавы з каліем — як цепланосьбіт у ядз. рэактарах, пару — для напаўнення газаразрадных лямпаў. сплавы са свінцом — у вытв-сці тэтраэтылсвінцу, штучны ізатоп 24Na — у медыцыне.
Літ.:
Ситтиг Н. Натрий, его производство, свойства и применение: Пер. с англ.М., 1961.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НА́ТРЫЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні, у састаў якіх уваходзіць натрый. Для натрыю найб. характэрны іонныя злучэнні з крышт. будовай. Найб. шырока выкарыстоўваюць натрыю гідраксід, солі неарган. і арган.к-т (гл.Мылы).
Солі неарган. кіслот (пры бясколерным аніёне) — бясколерныя крышт. рэчывы, добра раствараюцца ў вадзе, іх водныя растворы і расплавы з’яўляюцца электралітамі. Натрыю брамід NaBr выкарыстоўваюць як аптычны матэрыял, у вытв-сці святлоадчувальных фотаматэрыялаў, у медыцыне (седатыўны сродак). Натрыю гідракарбанат NaHCO3 — пітная, ці харч., сода. Натрыю карбанат Na2CO3 — кальцыніраваная сода. Натрыю нітрат (натрыевая салетра) NaNO3 у прыродзе мінерал чылійская салетра (нітранатрыт). Выкарыстоўваюць як азотнае ўгнаенне, кансервант харч. прадуктаў. Натрыю сульфат Na2SO4 трапляюцца ў выглядзе мінералаў: тэнардыту і мірабіліту. Выкарыстоўваюць у вытв-сці шкла, цэлюлозы, як сыравіну для атрымання інш. Н.з., сернай к-ты. Натрыю тыясульфат — соль тыясернай кіслаты. Вырабляюць у выглядзе пентагідрату Na2S2O3∙5H2O. Выкарыстоўваюць для звязвання хлору пасля адбельвання тканін, як фіксаж у фатаграфіі, у медыцыне. Натрыю фасфаты — солі фосфарных кіслот. Выкарыстоўваюць як кампаненты мыйных сродкаў, змякчальнікі вады, у харч. прам-сці (напр., дыгідраортафасфат NaH2PO4 — разрыхляльнік цеста), у фатаграфіі (кампаненты праявіцелю) і інш.Натрыю фтарыд NaF у прыродзе мінерал віліяміт. Выкарыстоўваюць у вытв-сці алюмінію і плавіковай к-ты, як кампанент флюсаў, эмалей, зубной пасты, кансервант драўніны, інсектыцыд і інш.Натрыю хларыд (кухонная соль, каменная соль) NaCl, tпл 801 °C, шчыльн. 2161 кг/м³. Вельмі пашыраны ў прыродзе: мінерал галіт, у марской вадзе, рапе салёных азёр. Атрымліваюць з прыроднай сыравіны. Выкарыстоўваюць яе смакавую дабаўку да ежы, для атрымання соды, хлору, гідраксіду натрыю і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАКАНСЕРВАТЫ́ЗМ (ад неа... + кансерватызм),
кірунак у зах. сацыялогіі, які ўзнік у працэсе перагляду ідэй і каштоўнасцей лібералізму і кансерватызму, уяўляе сабой іх новы сінтэз. Быў пашыраны ў 1970—80-я г. ў краінах Зах. Еўропы як рэакцыя на ліберальнае рэфармаванне 1960-х г. Яго ідэолагі (Ф.Х.Хаек, Г.К.Кальтэнбрунер і інш.) прытрымліваліся прынцыпу моцнай дзярж. улады для захавання правоў і свабод асобы на аснове строгага выканання законаў, выступалі ў падтрымку традыцый і пераемнасці ў грамадскім жыцці, лічылі не прымальным сац. рэвалюцыі і радыкальныя рэформы. Прадстаўнікі ліберальнай дэмакратыі пайшлі за кансерватарамі, зыходзячы з усведамлення, што гал. вораг сапраўднага лібералізму хаос у грамадстве, а не кансерватыўная рэстаўрацыя; каб пазбегнуць хаосу і абараніць ліберальныя каштоўнасці (свабоду прадпрымальніцтва, правы і свабоды), патрэбна моцная дзяржава. Узнікшая ў гэты час т.зв. «неакансерватыўная хваля» ў грамадскай свядомасці, спрыяла прыходу да ўлады ў 1980-я г. партый, якія стаялі за ўмацаванне дзярж. улады: рэспубліканская ў ЗША, кансерватыўная ў Вялікабрытаніі, хрысц.-дэмакр. саюз у ФРГ; лідэры гэтых партый Р.Рэйган, М.Тэтчэр, Г.Коль сталі кіраўнікамі дзяржаў. Яны праводзілі больш цвёрдую дзярж. палітыку, апіраючыся на каштоўнасці абноўленага кансерватызму, які зблізіўся з неалібералізмам. Разам з тым прыхільнікі Н. выступалі супраць ліберальных ідэй «сацыяльнай дзяржавы» і
сац. накіраванасці эканомікі, адмаўлялі неабмежаваны маральны плюралізм, лічылі, што разумная свабода патрабуе аўтарытэту і парадку.
Літ.:
Эльм Л. «Новый» консерватизм: Пер. с нем. М., 1980;
Кепеци Б. Неоконсерватизм и «новые правые»: Пер. с венг.М., 1986;
Хайек Ф.А. Пагубная самонадеянность: Ошибки социализма: Пер. с англ.М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЗАБУ́ДКА (Myosotis),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 80 (па інш. звестках каля 50) відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі, у гарах трапічнай Паўд. Афрыкі, на Новай Гвінеі, у Аўстраліі і Новай Зеландыі, некат. — у Амерыцы. На Беларусі 7 дзікарослых відаў. Найб. вядомыя Н.: балотная, нар. назвы жабіныя вочкі, палявая разета (M. palustris), дзірваністая (M. caespitosa), драбнакветная (M. micrantha), лясная (M. sylvatica), палявая (M. arvensis). Культывуецца Н. альпійская (M. alpestris). Трапляюцца ў лясах, балотах, на лугах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 5—50 см. Сцёблы галінастыя, тонкія, звычайна апушаныя. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пераважна блакітныя ў прадаўгаватых завітках. Плод 4-арэшак. Меданосныя, дэкар. расліны, некат. пустазелле.
В.В.Маўрышчаў.
Незабудка.
«НЕЗАБУ́ДКА» («Niezabudka»), літаратурны штогодні альманах. Выдаваўся ў 1840—44 у Пецярбургу на польск. мове Я.Баршчэўскім пры ўдзеле бел. і польск. студэнцкай моладзі. Выйшла 5 кніг. Меў сталае кола аўтараў — пераважна ўраджэнцаў Віцебскай губ. Публікаваў рамант. вершы Г.Шапялевіча, паэт. і празаічныя творы Г.Рэута, артыкулы С.Ляховіча, Л.Плашчынскага. Асн. месца ў «Н.» займалі творы Баршчэўскага: балады «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы» (1842, кн. 3), «Партрэт», «Зарослае возера», «Рыбак», «Помста» (1843, кн. 4), заснаваныя на бел. паданнях, санеты «Кветкі», «Пакута» (1842, кн. 3), «Ноч», «Дзень», «Развітанне», «Час усё знішчае» (1843, кн. 4), «Летняя ноч у Фінляндыі», «Нява», «Тры сонцы», «Жалезны век» (1844, кн. 5) і інш., аповесць з кн. «Шляхціц Завальня» — «Драўляны дзядок...» (1844, кн. 5), вершаваныя прысвячэнні, вершы. Шырока распаўсюджваўся на Беларусі. Сярод падпісчыкаў былі В.Дунін-Марцінкевіч, Р.Падбярэскі, І.Храпавіцкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗВАНО́ЧНЫЯ, чарапныя (Vertebrata, Craniata),
падтып жывёл тыпу хордавых. Вядомы з ардовіку — ніжняга сілуру (каля 500 млн.г. назад). Продкі П. жылі ў акіяне; уласна П. ўзніклі ў прэсных водах. Першыя наземныя П з’явіліся ў дэвоне (каля 400 млн.г. назад). Усіх П. падзяляюць на бяссківічных і сківічнаротых, анамній і амніётаў, пайкілатэрмных жывёл і гамаятэрмных жывёл. Вылучаюць 7 класаў сучасных П.: кругларотыя, храстковыя рыбы, касцявыя рыбы, земнаводныя, паўзуны, птушкі, млекакормячыя. Каля 50 тыс. відаў (акрамя свойскіх і дэкар. парод). Пашыраны ўсюды ў акіянах і на сушы. На Беларусі больш за 450 відаў.
Цела двухбакова-сіметрычнае. Эвалюцыйна адбылася замена хорды на пазваночнік (адсюль назва). Найбольшае ўскладненне арганізацыі і функцыянавання ўсіх сістэм арганізма адбылося пасля выхаду П. на сушу. Крывяносная сістэма стала замкнутай, сэрца — шматкамерным. Функцыя дыхання ад шчэлепаў перайшла да лёгкіх. Нерв. сістэма (трубчастай будовы) складаецца з галаўнога і спіннога мозга і перыферыйных вузлоў; забяспечвае складаныя паводзіны П. у асяроддзі. Стрававальная сістэма падзелена на некалькі аддзелаў, мае стрававальныя залозы. Характар жыўлення разнастайны, ад расліннаеднага да драпежнага і ўсёеднага. Выдзяляльная сістэма прадстаўлена тулаўнымі (мезанефрычнымі) ныркамі (у прэснаводных рыб) ці тазавымі (метанефрычнымі) ныркамі (у наземных П.). Ускладненне агульнай арганізацыі П. выклікала ўдасканаленне будовы і функцый органаў пачуццяў. Большасць П. раздзельнаполыя (у рыб трапляецца гермафрадытызм). Анамніі, як правіла, яйцародныя. Жыванараджэнне трапляецца ва ўсіх П., акрамя кругларотых і птушак; у млекакормячых гэта асн. форма размнажэння. П. адыгрываюць вял. ролю ў развіцці біясферы, з’яўляюцца канцавымі звёнамі трафічных ланцугоў у біяцэнозах, актыўна ўздзейнічаюць на навакольнае асяроддзе. Маюць найб. значэнне для чалавека як крыніца харчавання, сыравіны і інш. Некат. П. — пераносчыкі інфекцый.