звярну́ць, звярну, звернеш, зверне; зак., каго-што і без дап.

1. без дап. Сысці або з’ехаць з дарогі, мяняючы напрамак руху. Валодзя пайшоў налева, Сяргей — прама, а Міша звярнуў направа. Курто. Каб не ісці вуліцай, дзе — яна ведала — яе будуць сустракаць і распытваць, Таццяна звярнула са шляху на сцежку і пайшла гародамі. Шамякін. // Змяніць напрамак (пра дарогу, сцежку і пад.). А грэбля крывая, Як той паясок, То зверне направа, То зверне набок. Бядуля. // Перайшоўшы якую‑н. мяжу, павярнуць на другую пару сутак (пра нябесныя свяцілы). На чыстым небе сонца даўно звярнула з паўдня. Алешка.

2. каго-што. Накіраваць у які‑н. бок ад дарогі (каня, машыну і пад.). Звярнуць машыну з дарогі. □ Звярнуў [мужык] каня ў лес, прывязаў да дрэва. Якімовіч. / у перан. ужыв. І ніхто цябе не зверне Са шляхоў прасторных. Купала.

3. Разм. Варочаючы, зрушыць з месца або скінуць што‑н. цяжкае. Звярнуць камень з дарогі. Звярнуць воз пяску. // Ударам, штуршком збіць набок, паваліць. Машына звярнула слуп.

4. перан. Перавесці гаворку, думкі і пад. на іншы прадмет, тэму. Сэрца з сэрцам гаварыла Цеплынёю шчырых слоў, Пачалі пра лён гаворку, А звярнулі на любоў. Русак. І ў вагоне ўжо зноў гутарку звярнулі на коласаўскіх Сцёпку і Алёнку. Васілевіч.

5. Разм. Пералажыць, зваліць (віну, правіннасць і пад.) на другога. Я расказаў Беразняку ўсё па парадку: як Усцім прывёз у млын субар, як яны з Леўкам укралі два мяхі і ўсё звярнулі на бацьку. Сабаленка.

6. Аддаць назад, вярнуць што‑н. узятае. Тут жа ляжыць і адозва акупацыйнай польскай улады да абшарнікаў, каб яны варочаліся і займалі свае «законныя» маёнткі і сядзібы, а сяляне каб звярнулі ім розны набытак, забраны імі ў часе рэвалюцыі і ўлады Саветаў. Колас.

7. Разм. Схіліць, павярнуць набок, убок. Звярнуць галаву набок. / у безас. ужыв. — Табе ж цяжка рукі завярнуць, каб табе.. яндоўку тваю на патыліцу звярнула. Крапіва.

8. Разм. Неакуратна скідаць, зваліць у адно месца многія прадметы. Звярнуць дровы ў кучу.

•••

Звярнуць горы — выканаць вялікую, цяжкую работу.

Звярнуць на сябе ўвагу — вызначыцца чым‑н., зацікавіць сабой.

Звярнуць увагу каго на каго-што — паказаць каму‑н. на каго‑, што‑н., прымусіць заўважыць.

Звярнуць увагу на каго-што — заўважыць каго‑, што‑н., зацікавіцца кім‑, чым‑н., улічыць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

каці́цца 1, качу́ся, ко́цішся, ко́ціцца; незак.

1. Верцячыся, рухацца ў адным напрамку (пра што‑н. круглае, шарападобнае). Маленькая пацешная постаць цягнулася наперад, да гэтага капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць па траве, а потым раптам сарвацца куды-небудзь убок і каціцца, каціцца, каціцца... Лынькоў. Колы стукаліся аб карэнне, плюхалі па гразі і каціліся бокам. Колас. // Саслізгваць, з’язджаць па нахіленай плоскасці. То коціцца камень з высокай гары, То птушка крычыць спрасоння. Свірка. Нарэшце дэтанатар падагнаны пад рэйку, і Тоня першая коціцца з насыпу. Шчарбатаў. // перан. Разм. Апускацца, станавіцца горшым у якіх‑н. адносінах. — Мы коцімся, коцімся ўніз. Дакаціліся ўжо да таго, што жонка друга не верыць нам, баіцца нас. Брыль.

2. Ехаць, пасоўвацца (пра сродкі перамяшчэння на колах). Была ўжо восень з першымі прымаразкамі, і таму павозка лёгка кацілася па гладкіх сухіх каляінах. Якімовіч. Паволі коціцца па няроўнай дарозе трохтонка. Ваданосаў. // Хутка ехаць па слізкай паверхні. Гонка, гонка, з горкі, з горкі Санкі коцяцца мае. Кірэенка. // перан. Хутка ісці (пра нізкага, тоўстага чалавека). [Гамрэкелі], уздымаючы пыл, каціўся па вуліцы, круглы, як мяч. Самуйлёнак. // перан. Хутка рухацца, перамяшчацца (пра вялікую колькасць, масу людзей). У гэты час рэшткі разбітых часцей ворага сапраўды каціліся назад па шляху, што ляжаў кіламетраў за тры ад вёскі. Якімовіч. // перан. Разносіцца, раздавацца (пра гукі). Гулкі стрэл коціцца па Прыпяці і глухне ў прыбярэжных травах і чаротах. Колас. Водгулле грымотаў кацілася імкліва і бурна, бы гул рэактыўнага самалёта. М. Стральцоў.

3. Цячы, струменіцца (пра ваду і пад.). Жоўтая вада з шумам і бульканнем шпарка кацілася ў бок рэчкі, пакідаючы шматкі бруднай пены. Шамякін. Крыніца крышталёвая ў траве Булькоча, ў рэчку коціцца ля бору. Бялевіч. Хутка я ўвесь прамок, а па твары каціліся буйныя кроплі поту. Анісаў. // Расцякацца, плаўна перамяшчацца (пра туман, дым і пад.). Туман коціцца ў даліне, Змоўкла птушка на галіне. Бядуля.

4. Плаўна рухацца па небасхіле. Агніста-чырвонае сонца хутка кацілася за небасхіл. Васілёнак. І месяц коціцца румяны Па-над пуховай гладдзю стрэх. Гаўрусёў. // перан. Ісці, рухацца (пра час, жыццё і пад.). Над разбураным краем Бурна каціўся Ўстрывожаны час. Глебка. Устанаўліваўся мір, і жыццё зноў кацілася той жа дарогай. Васілевіч.

5. заг. каці́ся (каці́цеся). Разм. Ідзі (ідзіце) адсюль.

каці́цца 2, ко́ціцца; незак.

Нараджаць дзіцянят (пра авечку, казу і некаторых іншых жывёл).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пане́сці, ‑нясу, ‑нясеш, ‑нясе; ‑нясём, ‑несяце; пр. панёс, ‑несла і ‑нясла, ‑несла і ‑нясло; зак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі або нагрузіўшы на сябе, пачаць перамяшчаць, дастаўляць куды‑н. Маці ўзяла .. [дзяўчынку] на рукі і панесла. Чорны. Назаўтра ўжо ўнук.. выступіў у паход: панёс пісьмо ў раён. Якімовіч. // перан. Перадаць, даставіць каму‑н.; распаўсюдзіць. Прафесар глядзеў на студэнтаў і радаваўся, што гэтыя маладыя, шчаслівыя, энергічныя людзі панясуць яго веды ва ўсе канцы Радзімы. Дуброўскі. Маша была хворая, і вестку .. [пра карнікаў] панесла ў атрад Алеся. Шамякін.

2. Пацягнуць сілай свайго руху. Вада панесла разам і дрэва, і людзей. Маўр. Панёс віхор пуньку разам, з сенам і саламянай стрэшкай. Чарнышэвіч. / у безас. ужыв. Іх [ліхтары] сарвала вадой і ўдаль панясло, Іх рыбацкае крышыць вясло. Танк. // Вельмі хутка памчаць, павезці. Сомік ускочыў на сані, хвасянуў знячэўку каня і той, рвануўшы з месца галопам, панёс яго праз вёску, кідаючы сані на ўхабы. Крапіва. // без дап. Памчацца стрымгалоў (пра коней). — Кабыла ў .. Цупрона была наравістая. Упудзілася раз і панясла з .. гары. Брыль.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разм. Прымусіць ісці куды‑н., пацягнуць (пераважна ў пытальных і клічных сказах). [Надзя] гатова была бегчы адсюль, каб нікога не бачыць, ні з кім не гаварыць. Але стрымала сябе. Толькі ў думках паўтарала: «Дурніца, дурніца, і панёс жа мяне чорт з гэтым Колькам». Грахоўскі. / у безас. ужыв. — Вярніся, .. Кастусёк! Вярніся! Куды цябе панесла ў такую рань? С. Александровіч.

4. безас. чым і без дап. Падзьмуць, павеяць халодным ветрам, завірухай і пад. Пасля марозаў, што не адпускалі тыднямі, цяпер раптам усталявалася адліга; падула з захаду, панесла густым, мокрым снегам. Пташнікаў. // Перадацца па паветры (пра пахі, цяпло і пад.). Панясло спёртаю духатою і нейкім удушлівым смуродам. Гартны.

5. перан. Зазнаць што‑н. непрыемнае, цяжкае; пацярпець ад чаго‑н. Праціўніку ў радзе месц удалося пацясніць нашы войскі, але і ён панёс вялікія страты. Новікаў. — Ворагу мы не даруем, ён запл[а]ціць за ўсё і панясе кару. Маўр.

6. перан. Разм. Пачаць гаварыць што‑н. бязглуздае, пустое. Сяргей панёс і панёс, як заведзены.. Столькі пагаварыў пра нашага.. [сабаку], што мы і самі паверылі. Ваданосаў.

7. перан. Выступіць носьбітам чаго‑н. Агонь, запалены на нашым свяце, — гэта агонь юнацтва, дружбы і міру. Нязгасным панясе яго моладзь у сваіх сэрцах. «Маладосць».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пе́рці, пру, прэш, прэ; пром, праце, пруць; пр. пёр, перла; заг. пры; незак.

Разм.

1. Ісці, рухацца, лезці куды‑н., не зважаючы на перашкоды, без дазволу. — Таварыш камандзір, — пачаў Мікола, — немцы... Проста па балоце пруць... Шчарбатаў. [Ігар] пёр праз хмызняк напралом, ломячы сучча. Ваданосаў. У вёску .. [ваўкі] баяцца хадзіць, а сюды, на хутар, пруць. Сабаленка. // Ісці, рухацца вельмі шпарка. Абрыцкі прэ ва ўсе лапаткі, Бяжыць, як можа, без аглядкі. Колас. З гулкім грукатам, з шумам і звонам За адным прэ другі эшалон. Непачаловіч. Азірнуўся я — і аслупянеў. Па дарозе на мяне прэ ваўкадаў. Кудравец. // Ісці вялікай колькасцю, натоўпам; валіць. Чуць заняўся ўсход Неба яснай зарой, Прэ на поле народ З бараной і сахой. Купала. Вады зараз нагнала, а.. [рыбы] на мелкаводдзе з віроў пруць. Савіцкі. // перан. Імкнучыся дасягнуць чаго‑н., дзейнічаць рашуча, настырна. Было такое — хацеў закруціць з.. [Юлькай]. Толькі хіба са сваёй асцярожнасцю мог устаяць супроць Анкуды, які пер напралом? Карамазаў. Хто ж будзе займацца тымі, якія ўсякімі абходнымі .. сцежкамі пруць у навуку? «ЛіМ».

2. каго-што. Гнаць, выганяць. Праўду тады ў сорак першым казалі, што будуць фашыстаў назад перці так, што драпака даць яны не ўправяцца... Мележ. [Падбярэцкі:] — Андрэй і так і сяк: «Астынь...» А яна: «Вон, і ўсё...» І яго прэ вон разам са мной. Пташнікаў.

3. Выбівацца, выходзіць, вылазіць на паверхню. [Туравец:] «Высеклі безліч [дрэў] каля чыгункі, а лес застаўся. І на высечцы хмызняк вунь прэ...» Мележ. А газ, як на тое ліха, усё прэ і прэ... Вырываецца на прастор. Шыловіч. Пруць з-пад карчоў паганкі, Мох абляпіў дубы. Грачанікаў. / у перан. ужыв. «Ну і фантазія! — думаў.. [Прыборны]. — Так і пруць з .. [Лясніцкага] гэтыя выдумкі». Шамякін. // безас. З сілай выштурхваць што‑н.

4. каго-што. Несці, валачы што‑н. цяжкае, грувасткае. Прэ дзядок старэнькі з лесу Дроў бярэмя, як падняць. Васілёк. [Вольга:] — Я павінна гэтыя яблыкі перці, а ён балюе... Савіцкі.

5. што. Груб. Аддаваць, даваць каму‑н. што‑н. у вялікай колькасці, больш чым патрэбна. А чаму сытыя [каровы]? Бо Пятро другім кармоў недадае, а ўсё тым, Лідзіным, прэ. Ваданосаў.

6. перан.; што. Груб. Прагна есці; жэрці. [Тадора:] — Гэта сала будзе з гэтакага догляду... А нябось, як на скаварадзе паставяць, дык прэш, аж нос гнецца. Крапіва.

•••

З горла прэ — тое, што і з горла лезе (гл. лезці).

Цераз верх перці ў каго — пра лішак, вялікую колькасць чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

праве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. правёў, ‑вяла, ‑вяло; заг. правядзе; зак.

1. каго-што. Прымусіць або памагчы прайсці куды‑н., праз што‑н. Туравец запытаўся камандзіра, ці добра ён ведае балота, ці зможа правесці. Мележ. І ўжо ў самыя апошнія дні перад вялікімі баямі атрада на пераправах група партызан Бумажкова правяла патайнымі дарогамі з нямецкага акружэння полк з усім узбраеннем і вайсковым абсталяваннем. Чорны.

2. што. Вызначыць, прачарціць. Правесці граніцу. Правесці лінію.

3. што. Пракласці, збудаваць што‑н. — Правялі рэ[йкі] да Цімкавіч. Во стала любата. С. Александровіч. [Косця:] — Я сабраў актыў, і мы вырашылі патрабаваць ад дырэктара перасяліць выкладчыкаў у горад, арганізаваць сталовую, правесці ў кожны пакой радыё. Карпюк.

4. чым па чым. Слізгануць чым‑н. па паверхні. [Яўхім] правёў рукой па касе, сцёр прыліплыя мокрыя травінкі. Мележ. [Заранік] правёў рукой па непакорных валасах і, утуліўшы галаву ў плечы, прайшоў за стол прэзідыума. Хадкевіч.

5. каго-што. Паглядзець услед таму, хто (што) аддаляецца, прасачыць (вачыма, позіркам) за кім‑, чым‑н. Люба падышла да акна і доўгім позіркам правяла Валю. Чорны.

6. што. Ажыццявіць, зрабіць што‑н. Правесці сход. □ Макушэнка і Ладынін вырашылі ў апошні дзень сяўбы правесці мітынг. Шамякін.

7. каго. Прайсціся, суправаджаючы каго‑н. на развітанне. [Хлапец] правёў Зосю на самы хутар. Чорны. // Адправіць каго‑н. куды‑н. Правесці сына ў армію.

8. што. Дамагчыся ажыццяўлення чаго‑н. Правесці пастанову.

9. каго-што. Запісаць, аформіць. [Майбарада] павінен зарабляць больш. А я кожны раз раблю якое-небудзь паскудства, каб не даць яму зарабіць: то не правяду акта на буксоўку, не спішу бензіну на перапал. Скрыган. — Дырэктар правёў мяне загадам на першы курс. Карпюк.

10. што. Пражыць, прабыць які‑н. час дзе‑н. або якім‑н. спосабам. Краеўскі — стары бальшавік, шмат гадоў правёў у ссылцы, дзе страціў здароўе. Гурскі. Правёў хлопчык толькі адзін дзень у вёсцы і адразу засумаваў. С. Александровіч. Ехаў Юрка дамоў з намерам правесці канікулы на беразе рэчкі. Ермаловіч.

11. каго-што. Разм. Ашукаць, перахітрыць. Чарнявы гаварыў ціха, тым не менш яго словы, як сігнал трывогі, трымалі ўсіх у напружанне. — Гэта самы горшы кат, яго цяжка правесці. Няхай.

•••

Правесці вокам (вачамі) — бегла агледзець каго‑, што‑н.

Правесці ў жыццё — ажыццявіць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прыці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Шчыльна, з сілай наблізіць што‑н. да чаго‑н. Не спяшаючыся, [Варанецкі] адчыніў [пячатку] і, моцна пахукаўшы, прыціснуў да першага бланка. Скрыган. Партызаны ляжалі за соснамі, прыціснуўшы да плячэй прыклады вінтовак. Навуменка. // Сціснуць, заціснуць чым‑н. Воз прыціснулі рублём і абвязалі вяроўкамі. Дайліда. Дзяўчына збянтэжылася, падала Мішу руку і пашлёпала ў галёшах на босую нагу, прыціснуўшы барадой канцы хусткі. Карпюк. // Моцна абняць, прытуліць. Антоніха абняла і прыціснула да сябе дачку, пагладзіла яе тоўстыя косы і праслязілася. Гурскі. // Прычыніць боль, націснуўшы чым‑н., заціснуўшы дзе‑н. Прыціснуць палец дзвярамі. □ Тоўстая галіна прыціснула [раненаму] нагу. Шамякін. / у безас. ужыв. — На тралёўку з бацькам не паедзеш, — яшчэ бервяном прыцісне дзе-небудзь. Жычка. З усёй сілы Алег націснуў на кнопку, і яго адразу адкінула назад, моцна прыціснула да сядзення штурвала. Гамолка.

2. Прымусіць падступіць да якой‑н. перашкоды, якая не дае магчымасці манеўраваць, адступаць далей. У фашыстаў быў каварны і, як здавалася ім, лёгкі для ажыццяўлення план: выбіць партызан з пазіцый, прыціснуць да непраходнага балота. Сабаленка. — Рукі ўгору! Ні з месца! — грымнуў грозны малады голас, і дзве вінтоўкі прыціснулі Кіда да сцяны. Бяганская.

3. перан. Разм. Стварыць вельмі суровыя, неспрыяльныя ўмовы, становішча для каго‑, чаго‑н.; абмежаваць каго‑н. у чым‑н. Прыціснуць гультаёў. □ — Калі ж гэта нашых маленькіх панкоў-хутаранцаў прыцісне ўлада? Чарнышэвіч. [Даніла:] — От вы тут крычалі, што Загурскі прыцісне з работай. Дык і ад мяне палёгкі не чакайце. Асіпенка. / у безас. ужыв. — Як ты, Максім, быў у польскім войску, мяне так прыціснула, што давялося некалькі разоў схадзіць з кантрабандай. Машара. // Пазбавіць магчымасці адмаўляць што‑н., адпірацца ад чаго‑н. Калі мы.. прыціснулі Шыпульку, ён пачаў прызнавацца, што ездзіў не да цёткі. Кулакоўскі. Як прыціснуць Віктара, дык ён авечкай прыкідваецца і абяцае выправіцца. Ну і вераць чалавеку... Ваданосаў. // Аказаць моцнае непрыемнае, шкоднае ўздзеянне (пра хваробу, што‑н. непажаданае і пад.). Прыціснула мяне язва. Цярпення няма. Пайшоў да старога ўрача. Прокша. — Прадзед прадаў маёнтак. Даўгі прыціснулі, моцныя суседзі памаглі. Караткевіч.

4. без дап. Разм. Узмацніцца, пабольшаць (пра мароз, халады). Была на тым тыдні адліга, потым прыціснуў мароз, цяпер зноў пацяплела і снег бліскучы, як шкло. Савіцкі.

•••

Прыціснуць хвост каму — тое, што і прышчаміць хвост (гл. прышчаміць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пятля́, і́; мн. пе́тлі (з ліч. 2, 3, 4 пятлі́), пе́тляў; ж.

1. Частка вяроўкі, шнура, ніткі і пад., складзеная кальцом і завязаная так, што канцы яе можна зацягнуць. Кат ускочыў на табурэтку сам і накінуў асуджанаму пятлю на шыю. Машара. Я адразу ўспомніў, што ў мяне дзяга на паясніцы. Зрабіў пятлю, зачапіў за крук.. бараку. Пташнікаў. // Аб смерці праз павешанне. — Песня твая прапета, Пятлю ці кулю сам выбірай!.. Танк. І апошняю куляй, што да ўласнага сэрца прымерана, Я фашыста яшчэ аднаго у зямлю заганю, І, стрымаўшы салдацкую клятву на вернасць, Сваё цела аддам і пятлі, і свінцу, і агню. Панчанка.

2. Лінія, крутавы рух у выглядзе замкнутай або паўзамкнутай крывой. [Маша] кружыла, рабіла петлі, хутка траціла ўсялякі кірунак і блудзіла. Шамякін. Вакол лямпы, апісваючы імклівыя петлі, носіцца матыль. Навуменка. За ўрочышчам «Вокны» рака Будзянка робіць вялікую, амаль закончаную пятлю. В. Вольскі. // звычайна мн. Пра сляды звера (пераважна зайца), якія ўтвараюць замкнутыя крывыя. Першых заячых слядоў глухія петлі забялелі. Танк. // Рух лятальнага апарата па замкнутай крывой лініі, у час якога лётчык у пэўны момант аказваецца ўніз галавой. Натоўп замёр: самалёт падаў.. Гэта была пятля, зрабіць якую лёгка можа спрактыкаваны лётчык. Краўчанка. Пасля левага развароту самалёт пайшоў на пятлю. Мільганула зямля, паплыло неба, потым зноў паказалася зямля... Алешка.

3. Кальцо з нітак, якое ўтвараецца пры вязанні. Вольга спрытна запрацавала шпількамі, нанізваючы на іх петлі пражы. Пестрак.

4. Тое, што і сіло. Наш сусед Коберац дык налаўчыўся сіліць зайцаў петлямі. Дайліда.

5. Праразная адтуліна ў адзежы для зашпільвання (гузіка, запінкі і пад.). Праразаць петлі. // Дужка з нітак, шнурка або дроту для зашпільвання гапліка, гузіка і пад.

6. Дзве металічныя планкі на шарніры, якія служаць для прымацавання дзвярэй, вокнаў і пад. На двары ўсё раскідана абы-як, вароты скасабочыліся, вісяць на адной пятлі. Мележ. Тоненька-тоненька віснулі петлі дзвярэй, І хтосьці зайшоў у хату. Паўлаў.

•••

Мёртвая пятля — а) пятля з вузлом, які пасля зацягвання нельга развязаць; б) фігура вышэйшага пілатажу — палёт па замкнутай крывой у вертыкальнай плоскасці.

Лезці ў пятлю гл. лезці.

Усунуць галаву ў пятлю гл. усунуць.

Хоць у пятлю лезь гл. лезці.

Шукаць пятлі на шыю гл. шукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́та, ‑ы, ДМ ‑боце, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рабіць (у 1, 3 знач.); ажыццяўленне якой‑н. дзейнасці. Пасля работы .. [Пніцкі] даў крыху адпачыць каню. Чорны. Гудуць цапы ўгары праворна, Ідзе работа дружна, спорна. Колас. Гультай за работу — мазоль за руку. Прымаўка. Не работа сушыць, а турбота. Прымаўка. // Дзейнасць, праца чаго‑н. Работа сэрца. □ Я абцёр пальчаткаю твар і, падняўшы шлем, прыслухаўся да работы матораў. Шамякін.

2. Круг заняткаў, абавязкаў; справа. Работы ў Мішкі — непачаты край: За ўсімі прасачы, усюды пабывай. Маеўскі. Учора яны з Гвація зрабілі вялікую работу: абкурылі серай усе бочкі. Самуйлёнак. // Пэўны род дзейнасці, працы. Разумовая работа. Фізічная работа. Культурна-выхаваўчая работа. □ Ужо з першых часоў, пасля ўступлення ў камсамол, .. [Бумажкоў] пачаў выяўляць сябе на камсамольскай рабоце. Чорны.

3. толькі мн. (рабо́ты, ‑бот); з азначэннем. Тая або іншая дзейнасць па стварэнню, вырабу, апрацоўцы чаго‑н. Палявыя работы. Будаўнічыя работы. Унутраныя работы па аддзелцы дома.

4. Праца, служба ў якой‑н. установе, на якім‑н. прадпрыемстве. Паступіць на работу. Накіраваць на работу. Хадзіць на работу. □ Сумяшчаць работу на вытворчасці з вучобай у школе цяжка. «Беларусь».

5. Тое, што падлягае апрацоўцы, служыць матэрыялам для апрацоўкі. Раздаць работу. □ «Брат Міша» выцяг[в]аў намёткі з кончанай учора курткі і спяваў, апусціўшы галаву над работай. Брыль.

6. Прадукт працы; выраб, твор. Работы юных мастакоў. □ Першай работай І. Ждановіч у тэатры з’явілася ўвасабленне вобраза Данілкі з драмы Янкі Купалы «Раскіданае гняздо». Сабалеўскі. Прыкметнае месца на выстаўцы адведзена работам майстроў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. «Звязда». // з азначэннем. Якасць або спосаб выканання чаго‑н. [Бой] быў гвалтоўным, кароткім. Работа, як заўсёды — чыстай. Праз гадзіну ад разбітага гарнізона пайшоў у цемру абоз. Брыль. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок. Крапіва.

7. У фізіцы — фізічная велічыня, якая колькасна характарызуе змены пры ператварэнні адной формы энергіі ў другую.

•••

Прымусовыя работы — мера крымінальнага пакарання, заснаваная на вылічэнні часткі зарплаты з пакаранага на працягу пэўнага часу, без пазбаўлення яго волі.

Гэта (ужо) не работа — пра што‑н. неразумнае, дрэннае, чаго не павінна быць.

Пусціць у работу гл. пусціць.

Работа гарыць у руках — работа спорыцца, ідзе хутка ў руках умелага работніка.

Спор ды лад у рабоце гл. спор.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. рады, ‑оў; м.

1. Сукупнасць прадметаў або асоб, размешчаных адзін каля аднаго, адзін за адным у адну лінію. Рад акон. Рад дамоў. □ Пушча шырока ўсміхнуўся, паказаўшы два рады белых, як часнок, зубоў. Шчарбатаў. Роўныя рады яшчэ зялёнага, у самым саку, бульбоўніку збягалі ўніз, да поплаву. Марціновіч. // Строй у адну лінію; шарэнга. Васіль быў вышэйшым за сваіх аднагодкаў і ў страі і хадзіў у першым радзе. Якімовіч. // Месцы для сядзення (у тэатры, кіно і пад.), размешчаныя ў адну лінію. На задніх радах зноў пырснулі смехам. Карпаў. Вадзім прысеў ля самых куліс, у трэцім ці чацвёртым радзе. Мехаў.

2. Сукупнасць з’яў, падзей і пад., якія ідуць адно за другім. Рад гадоў. // У матэматыцы — сукупнасць велічынь, размешчаных у пэўнай паслядоўнасці. Бесканечны рад. Геаметрычны рад. Натуральны рад лікаў. // У хіміі — сукупнасць злучэнняў, кожнае з якіх знаходзіцца ў пэўных адносінах да папярэдняга і наступнага. Радыеактыўны рад. Рад урана.

3. (часта ў спалучэнні са словам «цэлы»). Пэўная, звычайна немалая колькасць чаго‑н.; шэраг. Рад пытанняў. Рад экспедыцый. □ Удзельнікі семінара праслухалі рад лекцый па пытаннях эканомікі. «Звязда». З гэтымі дзвюма задачамі звязваецца цэлы рад другіх задач... Колас.

4. толькі мн. (рады́, ‑оў). Сукупнасць людзей, аб’яднаных якімі‑н. адносінамі, якой‑н. арганізацыяй; састаў. Служба ў радах Савецкай Арміі. □ Камсамольскі сход атрада прыняў Наташу Янкевіч у рады ленінскага камсамола. Шамякін. У рады народных мсціўцаў атрада ніхто з Рагачова не прайшоў без парады ці ведама Марусі. Брыль.

5. Размешчаныя ў адну лінію на рынку ларкі або прылаўкі для продажу якіх‑н. аднародных тавараў. Малочны рад. □ Каля крамнага рада .. [Рыгора] зацікавіла грамадка людзей. Гартны. У мясным радзе на круках віселі асвежаваныя тушы. Карпаў. // толькі мн. (рады́, ‑оў). Месца рознічнага гандлю ў крытых памяшканнях, размешчаных лініямі; самі гэтыя памяшканні. Гандлёвыя рады.

6. Прабор у валасах. Прамы рад. □ Праз акно з канторы паказала галаву з расчэсанымі на рад валасамі Шура. Пташнікаў.

7. Абл. Пракос. Варочаць рады сена. □ [Каса] смачна, нават з нейкім сыканнем, .. валіла роўны і прыгожы рад. Сабаленка.

•••

Гады ў рады гл. год.

У першых радах — уперадзе ўсіх, першым.

рад 2,

гл. рады.

рад 3, ‑а, М ‑дзе, м.

Адзінка паглынутай энергіі радыеактыўнага выпраменьвання.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разбі́ць, разаб’ю, разаб’еш, разаб’е; разаб’ём, разаб’яце; заг. разбі; зак., каго-што.

1. Ударам (ударамі) раскалоць, парушыць цэласць чаго‑н. Разбіць шклянку. Разбіць яйцо. □ Аднае раніцы.. Янка разбіў гліняны кубак, якім пілі ваду з вядра. Пальчэўскі. Раз’юшаны кашалот раптам рэзка павярнуў назад і кінуўся на шлюпку. Моцным ударам хваста ён ушчэнт разбіў яе. Матрунёнак. / у безас. ужыв. Па дарозе я забег у Даўгінава паглядзець на Мітрафанаву ліпу, якую разбіла маланкай. Бажко. // перан. Разбурыць, загубіць. Разбіць жыццё. Разбіць дружбу. Разбіць сям’ю. □ Новая акалічнасць разбіла Максімавы думкі і сумненні, выкліканыя Саўкам. Колас.

2. Пашкодзіць ударам якую‑н. частку цела, параніць. Разбіць калена. □ Я губляў апошнія сілы, некалькі разоў падаў, разбіў да крыві твар. Шамякін.

3. Паздзяліць на часткі, на групы; размеркаваць. Атрад разбілі на тры часткі. Лынькоў. Нядаўна Чмарава разбілі: адных — на пасёлкі, другіх — на хутары. Каваль. // Разм. Размяняць. Разбіць дзесяць рублёў.

4. Нанесці паражэнне; перамагчы. [Нявідны:] — Таварышы! Наша партыя, загартованая ў агні Кастрычніцкага паўстання, разбіла і скінула ўладу капіталу ў Расіі. Колас. У сорак другім годзе Савецкія войскі пад Сталінградам разбілі і пагналі фашыстаў. Чарнышэвіч.

5. перан. Даказаць беспадстаўнасць, неабгрунтаванасць, памылковасць каго‑, чаго‑н. Марыля патрабуе такога лектара, які б ушчэнт разбіў «святога» Луку, што ўжо трэці год жыве на лёгкім хлебе ў Белай Крыніцы. Навуменка.

6. Папсаваць яздой, раз’ездзіць. Разбіць дарогу. // Растаптаць, знасіць (абутак). Дзеду боты праслужылі сорак год, Бо стары ў руках абутак свой насіў, А ўнучак як надзеў, дык і разбіў. Корбан. // Расстроіць (музычны інструмент). Разбіць раяль.

7. Растрэсці, разварушыць, раскінуць (сена, гной і пад.). [Надзя:] Копы я кончыла растрасаць і пракосы ўсе за Лявонам разбіла. Козел. А на пожні сена, як шафран пахучае, раніцай разбілі. Ядвігін Ш.

8. Распланаваўшы, пасадзіць што‑н., закласці. Разбіць парк. □ У абедзенны перапынак рабяты разбілі футбольнае поле і валейбольную пляцоўку. Сергіевіч. Вясной перад .. домам разбілі газоны, заасфальтавалі тратуар. Лось.

9. Паставіць, раскінуць (палатку, лагер). А сёння новыя палаткі Разбілі ў полі юнакі. Прыходзька.

10. У друкарскай справе — аддзяліць прамежкамі, павялічыць разбег паміж чым‑н. Разбіць радкі ў наборы.

11. Разм. Распляскаць, размяць, зрабіць большым у аб’ёме. Разбіць шкуры. Разбіць чыгунную балванку. □ [Конь] ужо зубы з’еў траха не напалавіну, ды і жывот разбіў, як сяннік. Якімовіч.

12. Пазбавіць руху, зрабіць бяссільным (пра параліч і пад.).

•••

Разбіць лёд — зрабіць першы крок, пакласці пачатак чаму‑н.

Разбіць сэрца каму — зрабіць няшчасным каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)