агу́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ажыццяўляецца ўсімі, у якім усе ўдзельнічаюць. Агульная справа. □ — Хлопцы, дзяўчаты, давайце танцаваць! Агульныя танцы! — камандаваў Андрэй. Дуброўскі.

2. Які належыць усім (пэўнай групе, калектыву); калектыўны. Дубейка пахадзіў па парабках, гаворачы, што трэба заводзіць агульную гаспадарку. Скрыган. Калгасны свіран, ну, як сонца, Святлее беллю сваіх сцен. А паглядзіце на гуменца — Прад ім старыя гумны — тлен. Прасторна, светла ў ім, утульна. Зірнеш — каўказская гара. А колькі зложана дабра. То — ўсё калгасны скарб агульны. Колас. // Прызначаны для сумеснага карыстання. Агульная кухня. □ Было некалькі агульных пакояў, дзе ў вольны час’заўсёды шмат збіралася людзей. Чорны.

3. Які аб’ядноўвае ўсіх у якую‑н. групу, калектыў; сабраны ў адно цэлае. Агульны сход. Агульны збор.

4. Аднолькавы, уласцівы каму‑н. адначасова з іншым (іншымі); той самы для аднаго і другога (другіх). Агульная задача. Агульная мэта. □ Дзед Талаш палічыў сваім абавязкам не пакідаць Букрэя і партызан, і ён цвёрда пастанавіў падпарадкаваць свае асабістыя інтарэсы інтарэсам агульным. Колас. Доўга яшчэ не спалі ў зямлянцы, успаміналі даваенныя дні, колішнія сустрэчы, агульных знаёмых. Лынькоў. У Данусі і ў радысткі я знаходзіў штосьці агульнае. Карпюк. Розніца эпахальная! Але пры гэтай гістарычнай розніцы агульным паміж паэтамі [Міцкевічам і Купалам] было тое, што яны жылі інтарэсамі народа. Палітыка. / у знач. наз. агу́льнае, ‑ага, н. Шмат агульнага маюць яны [навелы] з фальклорнымі казкамі. Казека.

5. Які ахоплівае ўсіх і ўсё, пашыраецца на ўсіх і на ўсё навокал. Агульнае правіла. Агульныя недахопы. □ Так, бяда наша агульная, і выбрацца з яе нялёгка, — загаварыў адзін камандзір. Новікаў. Да агульнага страху за хлопцаў і да гордасці імі ўпляталася.. няўпэўненасць у тым, што і цяпер у іх нешта выйдзе. Брыль. // Які распаўсюджваецца на ўвесь арганізм. Агульная паўза сэрца.

6. Які не мае спецыяльнага прызначэння. Агульны вагон. Агульны стол. Агульная адукацыя. □ — Нічога, — сказала маці. — Набудзе ў ізалятары дзень, а потым у агульны цялятнік пусцім [цялушку]. Яна ж амаль здаровая ўжо. Даніленка.

7. Увесь, у поўным аб’ёме, сукупны. Агульны аб’ём вытворчасці. Агульная плошча пасеваў. □ Гэта быў напрамак галоўнага ўдару. Ад удачы тут залежаў агульны поспех аперацыі. Шамякін.

8. Які датычыцца асноў чаго‑н. Агульны курс матэматыкі.

9. Які ўспрымаецца ў цэлым, без уліку дэталей, дробязей. Агульнае ўражанне. Агульны ход падзей. Агульны план экспедыцыі. □ Было яшчэ невялікае дапаўненне да агульнага малюнка: некаторыя хаты стаялі з павыбіванымі вокнамі і знятымі з крукоў сенечнымі дзвярыма. Чорны. // Галоўны, вызначальны, асноўны. Агульная накіраванасць твора. Агульны напрамак дзейнасці.

10. Схематычны, павярхоўны, неканкрэтны. Агульныя распараджэнні. Агульныя апісанні. □ Надзя суцяшала як магла, але сама адчувала, што ўсе гэтыя суцяшэнні, супакаенні былі такімі агульнымі, такімі ўмоўнымі, што яна і сама ў іх не верыла. Лынькоў.

•••

Агульны рынак гл. рынак.

Агульнае месца гл. месца.

(Знайсці) агульную мову гл. мова.

Прывесці да агульнага назоўніка гл. прывесці.

У агульных рысах гл. рыса.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стрыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Спыніць, запыніць на хаду; затрымаць, задаволіць (рух, ход, дзеянне). Андрэй стрымаў каня і павярнуўся да паставога. М. Ткачоў. Вельмі хацелася Собічу падняцца і падысці да акна, каб паглядзець на іх, але ён стрымаў сябе. Скрыган. // Перашкодзіць чаму‑н., затрымаць (развіццё, рост і пад. чаго‑н.). Жыццё ідзе наперад, і яго нічым не стрымаеш. Арабей. // Утрымаць ад якіх‑н. дзеянняў; перашкодзіць. Стрымаць няможна грамаду, Калі яна на ворага ўзнялася. Корбан. Мы аб’яднанымі сіламі ў свеце Стрымаем падпальшчыкаў новай вайны. Танк.

2. Вытрымаць які‑н. цяжар, націск. Я паварочваюся да свайго суседа, спраўнага ружовага дзядка: ён з усяе сілы ўпяўся, каб стрымаць людзей, што наваліліся яму на плечы, і цяжка дыхае. Палтаран. Шанцавала Нічыпару гэтым вечарам на рыбу .. Спраўляйся толькі падымаць з асцярогаю вудзіл[ьна]; глядзі, каб стрымала вуда, пакуль скончыць плотка свой танец. Баранавых. // перан. Перанесці, выцерпець. Не стрымала сэрца ўздыму У грудзях гартаваных, мужычых. Каб вякамі струхлелае з дымам Распаліць ад мяжы да мяжы. Трус.

3. Процістаяць напору, націску каго‑, чаго‑н. А ці хопіць у партызан сілы выстаяць, стрымаць блакаду, разбіць карнікаў? Няхай. І як ні спяшаліся гітлераўцы будаваць лініі абароны, яны не маглі стрымаць націск Савецкай Арміі. Васілеўская. // Стаць перашкодай на шляху чаго‑н. Праз завешанае коўдраю акно прабіваліся першыя промні сонца. Коўдра не магла стрымаць іх, яны ўрываліся ў палату праз невялікія шчыліны. Арабей.

4. Не даць чаму‑н. праявіцца на поўную сілу, выявіцца поўнасцю. Апошні раз мы не стрымалі слёзы У студзені, калі гулі сірэны. Грахоўскі. Нягледзячы на ўсю значнасць моманту, Андрэй не стрымаў усмешкі. Шыцік. [Пальчык] толькі стараўся стрымаць дыханне, а сэрца ў яго грудзях малаціла. Дамашэвіч. // перан. Утрымаць пры сабе (пра думкі, пачуцці і пад.). Думы, думы! Я вас не стрымаю. Ды ці можна, скажыце, стрымаць, Калі ў сэрцы растала зіма Пад кіпучыя росквіты мая?! Багун. Не пясняр я, а песні складаю, Бо стрымаць іх мне сіл не стае: Дзе ні гляну — ад краю да краю Зарунела зямля маладая, — І таму маё сэрца пяе. Непачаловіч.

5. Абмежаваць, зменшыць велічыню, ступень, сілу праяўлення чаго‑н. Стрымай свой запал. □ [Сцёпа] стрымаў усхваляваны тон голасу, праказаў невінавата, наіўна: — На дварэ вунь ідзе снег. Баранавых. // і без дап. Утрымаць сябе ад праяўлення якіх‑н. пачуццяў, ад здзяйснення якіх‑н. намераў. І ўсё ж Вячаслаў не стрымаў. Паціху пачаў насеістваць знаёмую мелодыю. Шыловіч. Гауптман не стрымаў — выявіў сваё нутро: — Дурань! Растлумачце яму [вахтмайстру], обер-лейтэнант. Мікуліч.

•••

Стрымаць слова (абяцанне, клятву) — выканаць абяцанае. Важаты Сяргей Ляўцоў стрымаў сваё слова. Беразняк. Колькі ўжо год ведае Змітрок Іну, а не памятае выпадку, каб яна ашукала, не стрымала слова. Ваданосаў.

Стрымаць сябе — тое, што і стрымацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жах 1, ‑у, м.

1. Моцны страх да знямення. Хрысціна знямела ад жаху. Васілевіч. Дзяўчына ўпершыню ўгледзела смерць. Яе ахапіў такі жах, што яна хацела крыкнуць, але не магла. Гурскі.

2. звычайна чаго. Трагічнасць, бязвыхаднасць. — Яшчэ душа адплатаю гарыць — Ні смерці жах, ні чорны цень магілы Агонь душы не здольны пагасіць. Бачыла. // звычайна мн. (жа́хі, ‑аў). Трагічная з’ява, страшнае здарэнне. Жахі вайны. □ За тыя дні, пакуль .. [Рыгора] не выклікалі на допыт, ён наслухаўся гэтакіх жахаў, што валасы дыбка станавіліся. Сабаленка.

3. у знач. вык. Жахліва (у 2 знач.), страшна (пра тое, што непрыемна здзіўляе). — Што я ўбачыў дома — гэта жах. .. [Маці] ледзьве стаіць на нагах і нічога не бачыць. Чорны.

4. у знач. прысл. Разм. Вельмі, незвычайна. — Як хочаце, дзяўчаткі, а я — дахаты. Не абедала яшчэ, есці хачу — жах! — адказала .. [Марынка]. Хадкевіч. / Са словамі «як», «які»: жах як, жах які. Жах як далёка. // У спалучэнні са словам «колькі» азначае: вельмі многа. Жах колькі снегу.

•••

Даць жаху гл. даць.

жах 2, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння шорхання, удару і пад. На шырокім прасторы светла-жоўтага жытняга поля чуваць шорханне. — Жых-жах, жых-жах, — гутараць сярпы з цвёрдымі сцёбламі. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца ў значэнні дзеяслова жа́хнуць, жа́хнуцца і жа́хаць, жа́хацца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

заве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце; пр. завёў, ‑вяла, ‑ло; зак., каго-што.

1. Ведучы, даставіць куды‑н. Завесці дзіця ў сад. □ Пасля сяўбы Андрэй меркаваў завесці чорную кабылу ў валасное мястэчка Старочын і прадаць там. Чарнышэвіч.

2. Адвесці не туды, куды трэба. [Іван Цуба] завёў карнікаў у непраходнае балота. Краўчанка. Дарога на ток здавалася вельмі доўгай. Язэпу ўвесь час хацелася ўцячы, знікнуць або завесці гэтых людзей куды-небудзь далей ад току. Асіпенка. // перан. Прымусіць выйсці за межы жаданага, мажлівага і пад. Капрызнай бывае думка рацыяналізатара. Яна можа завесці яго туды, куды ён, здавалася б, і не меў намеру ісці. Шахавец.

3. Заснаваць, набыць што‑н., абзавесціся чым‑н. Завесці пчол. Завесці гаспадарку. □ Міхал на новым месцы ўзяўся: Каня, кароўку расстараўся, Завёў свіней, дзве-тры авечкі. Колас. Усе нашы хлопцы без выключэння завялі сабе прычоскі. Навуменка.

4. Устанавіць, увесці. Завесці новыя парадкі. Завесці строгі ўлік.

5. і без дап. (звычайна ў спалучэнні з назоўнікамі, якія абазначаюць дзеянне). Пачаць што‑н. Каб крыху перабіць настрой, каб стала весялей, дзяўчаты завялі песню. Дубоўка. Пятро паспрабаваў завесці гаворку пра надвор’е, пра ўраджай. Пальчэўскі.

6. Прывесці ў дзеянне, пусціць у ход які‑н. механізм. Завесці гадзіннік. Завесці патэфон. Завесці матор.

•••

Завесці катрынку — пачаць дакучлівую размову, гаварыць адно і тое ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гру́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Вялікі, тоўсты. Лавы з грубых дошак. □ Калі ўспыхвае пражэктар і ярка асвятляе яе твар, людзі бачаць, што левая шчака яе зрэзана грубымі шрамамі. Шчарбатаў. // Які складаецца з асобных частак, элементаў вялікага памеру. Бубновіч была ўжо сталая жанчына з грубым тварам і вялікімі рукамі. Карпюк.

2. Цвёрды, каляны, шурпаты на дотык. Грубая шэрсць. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. Рукі [Мікодым] меў вузлаватыя і грубыя, рукі чалавека, які працаваў некалі на цяжкай працы. Машара.

3. Проста зроблены, недасканала або няўмела апрацаваны. Грубая мэбля. □ Я прывык пісаць і есці За сталом бацькоўскім, грубым. Панчанка. // Недастаткова тонкі, няўмелы. Грубая работа.

4. Няветлівы, некультурны, рэзкі. Грубае абыходжанне. Грубае слова. □ [Гарлахвацкі:] Працуем мы, трэба сказаць, проста як коні, выбачайце за грубае параўнанне. Крапіва. Гарасім думаў, што Андрэй не такі ўжо закаранелы грэшнік, якім ён лічыў яго дагэтуль, толькі грубы, рэзкі. Чарнышэвіч.

5. Рэзкі, непрыемны на слых (пра гукі, голас і пад.). Тады пачуўся сярдзіты, грубы голас: — Ну хто там яшчэ? Мікуліч.

6. Не зусім дакладны, прыблізны. Грубы падлік. Грубая ацэнка магчымасцей.

7. Які выходзіць за межы элементарных правіл, заслугоўвае асуджэння. Грубая памылка. Грубае парушэнне законнасці.

8. ‑ая. Абл. Цяжарная (пра жанчыну). — Нікому ж толькі не кажы .. Яна ж ужо грубая. Баранавых.

•••

Грубая ежа гл. ежа.

Грубыя кармы гл. корм.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

асты́ць, астыну, астынеш, астыне; зак.

1. Стаць халодным, прастыць. Чай астыў. Абед астыў. □ Куй жалеза, пакуль не астыла яно! Купала. Пятрусь падкідаў вуг[о]лле ў топку, каб паравоз не астыў часам. Лынькоў. Хата за ноч добра такі астыла. Значыць, памацнеў мароз. Пестрак. // Аддаўшы цяпло, прыйсці ў нармальны стан (пра цела). Як конь астыў, [фурманшчык] звадзіў яго пад студню напаіць і ўсыпаў яму аўса. Чорны. Відаць, іх [двух маладых хлопцаў] вось толькі што выклікалі з вечарынкі, яны яшчэ не астылі ад полькі. Лужанін.

2. перан. Стаць спакайнейшым, страціць жвавасць. [Крушынскі:] — Я ўжо астыў. Мне сёлета стукнула сорак год. Бядуля. // Супакоіцца, апамятацца пасля гневу, злосці і пад. Валя ўмомант астыла, і ў словах яе не было ні злосці, ні знявагі да мачыхі. Васілевіч. // Страціць да каго‑, чаго‑н. цікавасць, перастаць цікавіцца кім‑, чым‑н. У Леаніда ўзнікла раўнівае падазрэнне — а можа, яна [Аля] ўжо астыла да яго, можа, гэта спатканне ўжо не ў радасць? Мележ. [Мацвей:] — Я загаруся: вот, здаецца б, усе зрабіў — а назаўтра вазьму і астыну. Лобан. Перамяніўся і.. [Баран] сам. Стаў крыклівы дома, менш бавіўся з дзецьмі, астыў да жонкі. Дамашэвіч. // Аслабець, знікнуць (пра пачуцці). Каб не даць астыць пачуццю .. салідарнасці, ён голасна крыкнуў: — Вольга! Жонка, стань перада мной, як ліст перад травой: ідзі сустракаць маіх прыяцеляў! Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

аказа́цца, акажуся, акажашся, акажацца; зак.

1. Трапіць куды‑н., апынуцца дзе‑н. Паліна, вясёлая і рухавая, адразу ж аказалася ля механізмаў. Кавалёў. Гомель, у якім у той час жыла.. сям’я [Кавалёвых], аказаўся на крыжавых дарогах рэвалюцыі. Дуброўскі. // Апынуцца ў якім‑н. становішчы. Аказацца на волі. Аказацца ў небяспецы.

2. Стаць, з’явіцца на справе, у сапраўднасці якім‑н., кім‑, чым‑н. [Страмілін:] Там будзе відаць, чыё асвятленне акажацца больш правільным. Крапіва. Пятро аказаўся чалавекам гаспадарлівым. Пальчэўскі. // безас. Стаць вядомым, відавочна выявіцца. У .. [Савося і Аксені], аказалася, было даўнішняе, старое каханне. Гамолка.

3. Знайсціся, быць у наяўнасці. Чыстай паперы за вокладкамі не аказалася. Лобан.

4. Падаць голас, вестку; азвацца, загаварыць. Старая, відаць, разы са два збіралася загаварыць з палякам, глядзела нават на яго, нямогла трасучы падбароддзем, ды так дагэтуль і не сабралася аказацца. Брыль. [Астаповіч:] — Можа.. [Вялічка] там жыве сабе шчасліва. І табе, адзінокаму бацьку, калі-небудзь акажацца. Чорны. // Адгукнуцца, прагучаць. Вось аказаўся і гудок цягніка, у якім апынулася Марылька. Якімовіч. // Выдаць сваю прысутнасць. Мне здавалася, што калі б я не ўстаў сам з-за стала, не аказаўся, дык яна б магла мяне замкнуць на ўсю ноч. Сабаленка. // Напомніць пра сябе, паявіцца зноў. Пройдуць гады, а старыя звычаі, як тая хранічная хвароба, не-не ды і акажуцца. Асіпенка.

•••

Аказацца за бортам — тое, што і апынуцца за бортам (гл. апынуцца).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

або́, злучнік.

1. размеркавальны. Ужываецца для супастаўлення членаў сказа і сказаў з узаемным выключэннем, паказваючы на катэгарычнасць выбару аднаго з іх. Гэта была такая сварка, пасля якой або разыходзяцца на ўсё жыццё, або мяняюць характар. Асіпенка. [Валодзя:] — Я сказаў так: або жонка, або артыстка! Кулакоўскі. Або пан, або прапаў. Прыказка. // Супастаўляе аднолькава магчымыя ці раўназначныя члены сказа і сказы; тое, што «ці» (у 1 знач). — Выбірай: або маім намеснікам, або загадчыкам зямельнага аддзела. Адно з двух, — рашуча прапанаваў Бялоў. Шамякін. «Маўчы або хлусі — азалачу, навек шчаслівым зраблю», — гаварыў Скуратовічаў позірк. Чорны. Здрадлівая дрыгва пагражала зацягнуць у сваю багну кожнага, хто аступіцца або зробіць неасцярожны крок. Колас.

2. пералічальна-размеркавальны. Аб’ядноўвае члены сказа і сказы пры пералічэнні. [Праменны:] Каго ты ні возьмеш, дык гэта будзе або рабочы, або калгаснік, або інтэлігент, адным словам, чалавек савецкі. Крапіва.

3. далучальны. Далучае члены сказа і сказы з заўвагамі дадатковага характару. Палеская, або Мазырская група Чырвонай Арміі, як значылася яна афіцыяльна, абрала ўчастак контрудару па лініі Крыўцы — Высокае, куды падцягнула войска і гарматы. Колас. [Зіна:] — Няўжо я зусім не падобная на спявачку, або спяваць у хоры — вельмі ўжо складаная, мала каму даступная справа? Кулакоўскі.

4. у знач. пытальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў пачатку пытальных сказаў у значэнні «хіба?», «няўжо?». [Зося:] — Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам? — Або яны непраўдзівы? Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кружы́цца, кружуся, кружышся, кружыцца; незак.

1. Паварочвацца вакол сваёй восі, рухацца па кругу; круціцца, вярцецца. Іграе гармонік, у вальсе кружацца пары. І Рыгор з Ларысай у агульным кругу. Б. Стральцоў. Мічман пачаў кружыцца пад музыку, танцаваць і рабіць усялякія выкрунтасы нагамі. Хромчанка. // Беспарадкава рухацца, мітусіцца. Слава не магла ўстаяць на адным месцы ні моманту. Яна кружылася, бегала, паказвала маці на мох і верас. Чорны.

2. Лятаючы, рабіць, апісваць кругі. Марудна цягнецца ў хаце летні дзень. Горача. Гудуць і кружацца роем мухі, у вочы лезуць. Колас. Самалёты сады нашы наліваюць, над полем кружацца, рунь падкормліваюць. Бялевіч. // Насіцца ў паветры (пра снег, пыл і пад.). Ціха, павольна кружыліся ў паветры сняжынкі, сцелючы мяккую пасцель зямлі. Васілевіч. Над палянаю кружыўся залаты рой кляновага лісця. Шамякін. // перан. Пастаянна вяртацца да адной і той жа тэмы, прадмета, думкі і пад. Думкі найбольш кружыліся ля свайго раёна. Як там? Што там? Пестрак. Едучы ў трамваі, Парамон Пісанец думаў пра сваё даручэнне. Думкі кружыліся навокал загадкавага прозвішча. Грамовіч.

3. Разм. Тое, што і кружыць (у 3 знач.). Так некалькі дзён і начэй .. [Пацейчык і немец] кружыліся па гэтым лесе, то выпускаючы адзін аднаго з вока, то зноў сыходзячыся. Чорны.

4. Разм. Тое, што і кружыць (у 4 знач.). Кружыцца мяцеліца, Сцежкі запарошвае. Валасевіч.

•••

Галава кружыцца гл. галава.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

баявы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да вайны, звязаны з вядзеннем бою; ваенны. Баявыя аперацыі. Баявы разлік. Баявыя парадкі. Баявая гатоўнасць. Баявая і палітычная падрыхтоўка. Баявыя часці. Баявы вылет. □ Аднекуль з вуліцы данёсся сігнал баявой трывогі. Крапіва. [Чыжык] прызвычаіўся ўжо да баявога жыцця — да атак і кулямётнага агню. Лупсякоў. Сышліся сябры-партызаны Згадаць баявыя гады. Смагаровіч. // Прызначаны для бою, бітвы. Баявы патрон. □ У дзеда Талаша, прызнацца, стрэльба і ёсць і схавана яна якраз у лесе, схавана разам з баявымі прыпасамі. Колас. Імчыцца сталёвай лавінай Калона машын баявых. Аўрамчык. // Які ўдзельнічаў у баях, праяўлены і здабыты ў баях. Баявы камандзір. Баявы подзвіг. Баявыя заслугі. Баявыя адзнакі. □ Людзей паважалі выключна за іх баявыя якасці. Брыль.

2. Выпрабаваны, загартаваны ў баях, гатовы да барацьбы. Баявыя арганізацыі бальшавікоў. □ Па пытанню аб утварэнні асобых баявых груп я магу сказаць, што лічу іх неабходнымі. Ленін.

3. Рашучы, энергічны, дзейны. [Манковіч:] — У атрадзе звыш сарака камсамольцаў. Гэта наша баявое звяно. Дзенісевіч.

4. перан. Разм. Бойкі, смелы. Звеннявая па ільну — баявая і гаваркая дзяўчына. Шчарбатаў.

5. Асабліва важны для данага моманту, які патрабуе выканання ў першую чаргу. Навукова-тэхнічны прагрэс — баявая задача дня.

•••

Баявая галоўка гл. галоўка.

Баявая спружына гл. спружына.

Баявое хрышчэнне гл. хрышчэнне.

Баявы лісток гл. лісток.

Баявы пост гл. пост.

Баявы статут гл. статут.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)