КАНКУРЭ́НЦЫЯ (позналац. concurrentia сутыкацца, спаборнічаць),
эканам. барацьба паміж вытворцамі (прадаўцамі) тавараў, а ў агульным выпадку — паміж любымі эканам., рыначнымі суб’ектамі; саперніцтва за долю рынку і прыбытку. К. — гэта цывілізаваная легалізаваная форма барацьбы за існаванне і адзін з найб. дзейсных механізмаў адбору і рэгулявання рыначнай эканомікі. К. і інтэграцыя ствараюць дыялектычнае адзінства, пастаянна дапаўняюць адна адну і процістаяць адна адной. Можа быць унутрыгаліновая (прадметная, міжфірменная) і міжгаліновая. Унутрыгаліновая К. вядзецца паміж аналагічнымі таварамі, якія задавальняюць адну і тую ж патрэбу, але адрозніваюцца цаной, якасцю, асартыментам. Пры міжгаліновай К. ў барацьбу ўключаюцца суб’екты рынку і тавары розных галін, якія задавальняюць патрэбы рознымі спосабамі (напр., тавары для спорту, турызму, адпачынку). У гэтым выпадку барацьба ідзе за плацежаздольны попыт насельніцтва. Такі від К. наз. таксама функцыянальным. Цэнавая К. прадугледжвае продаж тавараў або прапанову паслуг па больш нізкіх цэнах, чым іншыя канкурэнты. Няцэнавая К. — прапанова тавараў больш высокай якасці, больш шырокага асартыменту. Асаблівае значэнне маюць эканамічнасць і эстэт. паказчыкі прадукцыі, яе бяспечнасць. У залежнасці ад колькасці ўдзельнікаў рынку адрозніваюць К. дасканалую (чыстую, ідэальную, сустракаецца рэдка), і недасканалую. Дасканалая К. вядзецца з мноствам падобнага, узаемазамяняльнага тавару, прычым ні адна асобная група не можа ўплываць на кошт і маштабы продажу тавараў. Манапалістычная К. вядзецца з вял. колькасцю прадаўцоў і пакупнікоў пры значнай разнастайнасці тавараў (прадаюцца па розных цэнах); алігапалістычная К. — з невял. колькасцю буйных прадаўцоў, здольных уплываць на цэны тавараў. Пра недасканалую К. або неканкурэнтны рынак размова ідзе тады, калі пакупнікі або прадаўцы маюць магчымасць уздзейнічаць на рыначную цану. Ва ўмовах жорсткай канкурэнтнай барацьбы мае месца н я добрасумленная К., якая выяўляецца ў парушэнні прынятых на рынку правіл і норм, у дэзінфармацыі пра годнасць тавару, выкарыстанні чужога таварнага знака, фірменнай назвы, маркіроўкі, у тайных змовах на таргах і інш. К. выступае абавязковай умовай дынамічнага і эфектыўнага развіцця міжнар. гасп. сувязей, паскарэння эканам. інтэграцыі. У сучасных інтэграцыйных працэсах высокая канкурэнтная здольнасць прадукцыі з’яўляецца фактарам эканам. незалежнасці і бяспекі краіны, забяспечвае станоўчую дынаміку экспарту, садзейнічае поспеху ў саперніцтве з замежнымі таварамі на знешнім рынку, а таксама росту эканам. патэнцыялу дзяржавы.
В.В.Старыкаў, М.Р.Лобач, Г.Ч.Лянькевіч.
т. 7, с. 587
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
зага́на, ‑ы, ж.
1. Недасканаласць, недахоп, які выклікае асуджэнне. Заганы капіталістычнага ладу. □ — Абыякавасць — такая загана, якой я не дарую, — Булай і зараз не мог устрымацца, каб не павучаць. Шыцік. Ні адзін трактар не павінен быў сысці з канвеера з заганай, хоць бы самай нязначнай. Хадкевіч.
2. Фізічны недахоп арганізма, прыроджаны або набыты пасля хваробы ці траўмы. Была ў .. [Саханюка] яшчэ адна загана, загана вымаўлення: ён не мог сказаць чыста «р», а .. скрадваў яго і казаў «й». Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
зло́дзей, ‑я; мн. зладзе́і (з ліч. 2, 3, 4 зло́дзеі), зладзе́яў; м.
1. Той, хто крадзе, робіць кражу. Злавіць злодзея. Пільнаваць злодзея. □ Як яму кепска ні жылося, а ён ніколі ў жыцці не быў злодзеем. Бядуля.
2. Ужываецца як лаянкавае слова. — Ты што ж гэта, злодзей ты, зневажаеш старэйшых, — ціха з прыціскам і крыху нараспеў прыгаварвае Цімохаў бацька і круціць сына за вуха. Колас.
•••
Кішэнны злодзей — той, хто крадзе з кішэняў.
На злодзеі шапка гарыць гл. шапка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
іглі́ца, ‑ы, ж.
1. зб. Іголкападобнае лісце хвойных дрэў і кустоў. [Яліна] моцна здрыганулася, страсянуўшы з сябе цэлы дождж ігліцы і шышак. Лынькоў. Потым пацягнула борам, які адтаў, спакойна аддаючы ў паветра водар кіславатай ігліцы, дух смалы і шышак... Ермаловіч.
2. Адзін ліст хвойных дрэў і кустоў. Дробныя ігліцы яловых лапак высахлі і асыпаліся, услаўшы дно [ш]алашоў тоўстым пухкім пластом. Колас. Моўчкі сосны старыя стаяць (Ні адна не хіснецца ігліца). Матэвушаў.
3. Разм. Папярочны драўляны брусок, якім змацоўваюцца дзвярныя дошкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пама́цаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
1. каго-што. Распазнаючы, даследуючы, пакратаць каго‑, што‑н. Нупрэй памацаў рукою Панаса. — Ён жывы яшчэ. Ён толькі абамлеў. Колас. Карніцкі нахіліўся, памацаў дрот рукою, прамовіў здаволена: — Будуць свае цвікі! Паслядовіч. [Валя] падышла, памацала замок і невядома колькі часу стаяла каля дзвярэй, стомленая і спустошаная... Шамякін.
2. чым і без дап. Пашукаць некаторы час вобмацкам. Юрка памацаў рукой на паліцы і ўзяў кухонны нож. Курто. Сеў [Віця] у трамвай, памацаў у кішэнях — грошай ні капейкі. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ме́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Рытмічны, роўны. Каля крамы мясцовага сельпо ходзіць начны вартаўнік, паглядае на вокны, што свецяцца ў познюю пару, ды прыслух[оў]ваецца да мернага пастуквання паравіка. Шахавец. Сцёпка трохі падумаў. Ні да чаго пэўнага не дадумаўшыся, выйшаў на вуліцу і мерным крокам, як чалавек сталы, пайшоў у бок Андрэевай хаты. Колас.
2. Які служыць для вымярэння чаго‑н. Мерны ланцуг. Мерная рэйка.
3. Разм. Сярэдні па сіле, памерах. Юнак той — прапаршчык Дзяжа. У росце мерны, цёмна-русы. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нічы́й, нічыйго, нічыйму, нічый (нічыйго), нічыім, аб нічыім, м.; нічыя, нічыёй, нічыю, ж.; нічыё, нічыйго, нічыйму, нічыё, нічыім, аб нічыім, н.; мн. нічые, займ. адмоўны.
1. Які не належыць нікому. [Сымон:] — Я... так... хлопец... падарожны, Праз сябе сам... Я... нічый! Колас. А вось чаму.. [сасну], нічыю, прыдарожную, за доўгія гады ніхто не ссек, — адказаць цяжка. Навуменка.
2. у знач. наз. нічыя́, ‑ёй, ж. Разм. Такі вынік гульні, барацьбы і пад., калі ні адзін з праціўнікаў не выйграе. Згадзіцца на нічыю.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да павярнуцца (у 1, 2 і 4 знач.).
2. Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе б .. [Анісімаў] ні паварочваўся, каля яго заўсёды збіраліся людзі. Паслядовіч. [Даніла:] — Ну, дзядзька Батура, як ты дзе паварочваешся? Крапіва.
3. Разм. Рабіць, выконваць што‑н. [Сякач:] — Наперадзе ў вас многа спраў. Весялей паварочвайцеся. Алешка. — Каб яны спрахлі, гэтыя скаргі. Толькі паспееш разабрацца з адной, як табе падсоўваюць другую. Адно паварочвайся! Паўлаў.
4. Зал. да паварочваць.
•••
Язык не паварочваецца гл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
перазда́ць, ‑здам, ‑здасі, ‑здасць; ‑здадзім, ‑здасца, ‑здадуць; зак., што.
1. Здаць у карыстанне што‑н. нанава, на іншых умовах або каму‑н. другому. Пераздаць зямлю ў арэнду. Пераздаць пакой.
2. Разм. Здаць экзамен, залік паўторна, яшчэ раз. А мне ўспамінаецца, як некалі Барыс усё скардзіўся, што яму цяжка даецца матэматыка. Я ж казаў, што невялікая бяда і пераздаць адзін прадмет і ні ў якім выпадку не трэба кідаць вучобу ў машынабудаўнічым тэхнікуме. Мыслівец.
3. Здаць, раздаць нанава (карты).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падга́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак.
Разм.
1. Нарабіць чаго‑н. кепскага, гадкага каму‑н., нашкодзіць. Як бы ні радзіў, абы не падгадзіў. Прыказка.
2. (пераважна з адмоўем «не»). Зрабіць што‑н. не так, як належыць; сапсаваць. — Націскай, Ігнат, націскай! — Не паддавайся, Алеся, наляж!.. — Алеська, не падгадзь! Скрыган.
падгадзі́ць, ‑гаджу́, ‑го́дзіш, ‑го́дзіць; зак.
Разм.
1. Угадзіць, дагадзіць каму‑н.
2. пераважна безас. Стаць, быць спрыяльным (пра надвор’е). [Мароз:] — Падгадзіла з дожджыкам — і ўраджай, не падгадзіла — няма яго. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)