СПЕКТРАСКАПІ́Я (ад спектр + ...скапія),

раздзел фізікі, які вывучае сувязь спектраў вылучэння, паглынання, рассеяння і адбіцця эл.-магн. выпрамянення са структурай і станам рэчыва, а таксама часціц, якія ўваходзяць у яго састаў. Служыць асновай развіцця і ўдасканалення метадаў спектральнага аналізу. Выкарыстоўваецца ў навук. даследаваннях у фізіцы, хіміі, біялогіі, астрафізіцы і інш. Даследаванні вядуцца з дапамогай спектральных прылад.

Пачатак С. — ад назіранняў спектра сонечнага выпрамянення І.​Ньютанам (1666). У пач. 19 ст. адкрыты і даследаваны лініі паглынання ў сонечным спектры (фраўнгоферавы лініі), устаноўлена ўзаемасувязь паміж спектрамі вылучэння і паглынання і праведзена распрацоўка метадаў спектральнага аналізу (Г.​Р.​Кірхгоф і Р.​Бунзен; 1859). Як самастойны раздзел навукі сфарміравалася ў пач. 20 ст. пасля стварэння квантавай механікі і квантавай тэорыі будовы атамаў і малекул, на якіх грунтуецца тэорыя С. У залежнасці ад аб’ектаў даследаванняў адрозніваюць атамную, малекулярную, ядзерную С., а таксама С. газаў, вадкасцей, крышталёў, мікра- і нанаструктур і інш. Паводле дыяпазонаў даўжынь эл.-магн. хваль (ці частот) С. падзяляюць на радыёспектраскапію (мікрахвалевую), аптычную С. (вывучае спектры аптычныя; уключае інфрачырвоную спектраскапію, С. бачнага выпрамянення і ультрафіялетавую спектраскапію); рэнтгенаўскую спектраскапію і гама-спектраскапію. Выкарыстанне лазераў і камп’ютэрнай тэхнікі дазволіла значна павялічыць частотную і часавую раздзяляльную здольнасць метадаў С., прывяло да ўзнікнення лазернай спектраскапіі, нелінейнай спектраскапіі і кінетычнай С. высокага раздзялення.

На Беларусі даследаванні па праблемах С. вядуцца ў Ін-тах фізікі, малекулярнай і атамнай фізікі Нац. АН, БДУ. Выдаецца часопіс «Журнал прикладной спектроскопии».

Літ.:

Степанов Б.И. Люминесценция сложных молекул. Мн., 1955;

Ельяшевич М.А. Атомная и молекулярная спектроскопия. 2 изд. М., 2001;

Радиоспектроскопия. М., 1973;

Немошкаленко В.В. Рентгеновская эмиссионная спектроскопия металлов и сплавов. Киев, 1972;

Жбанков Р.Г. Инфракрасные спектры и структура углеводов. Мн., 1972;

Грибковский В.П. Теория поглощения и испускания света в полупроводниках. Мн., 1975;

Ахманов С.А., Коротеев Н.И. Методы нелинейной оптики в спектроскопии рассеяния света. М., 1981.

П.​А.​Апанасевіч.

т. 15, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЫ́ПІН Пётр Аркадзевіч (14.4.1862, г. Дрэздэн, Германія — 18.9.1911),

расійскі дзярж. дзеяч. Буйны памешчык. Скончыў Пецярб. ун-т (1884), служыў у мін-вах унутр. спраў і дзярж. маёмасцей. З 1899 пав., потым губ. маршалак ковенскага дваранства, у чэрв. 1902 — сак. 1903 гродзенскі губернатар. Па яго ініцыятыве ў Гродне адчынены рамеснае, жаночае прыходскае, яўр. двухкласнае вучылішчы, рабіў захады па паляпшэнні ўмоў для развіцця сельскай гаспадаркі губерні. З сак. 1903 да крас. 1906 губернатар Саратаўскай губ., дзе задушыў сял. рух. З крас. 1906 міністр унутр. спраў, адначасова з ліп. і старшыня Савета Міністраў. Прыхільнік і актыўны праваднік рэпрэсій (ваен.-палявыя суды, прымяненне смяротнай кары і інш.) у барацьбе з рэвалюцыяй паводле прынцыпу: «спачатку заспакаенне, а потым рэформы». Урад С. 16.6.1907 распусціў 2-ю Дзярж. думу і выдаў дыскрымінацыйны у адносінах да прац. мас новы выбарчы закон, у выніку чаго ўсталявалася «трэцячэрвеньская манархія». С. спрыяў выданню закона ад 18.10.1906 аб ануляванні некат. абмежаванняў сял. правоў (канчаткова адменены падушны падатак і кругавая парука, ліквідаваны некат. абмежаванні ў перамяшчэнні сялян і г.д.). Правёў агр. рэформу (гл. Сталыпінская аграрная рэформа), накіраваную на фарміраванне значнага слоя заможнага сялянства і сял. буржуазіі, развіццё капіталізму ў сельскай гаспадарцы. Але глыбокія сац.-эканам. супярэчнасці ў краіне, абвостраныя самой агр. рэформай, абумовілі няўдачу палітыкі С. 14.9.1911 смяротна паранены агентам ахранкі эсэрам Дз.​Р.​Багровым.

Літ.:

Столыпин: Жизнь и смерть: Сб. публицистики. Саратов, 1991;

Рыбас С.Ю., Тараканова Л.В. Реформатор: Жизнь и смерть Петра Столыпина. М., 1991;

Бок М.П. П.А. Столыпин: Воспоминания о моем отце. М., 1992;

Зырянов П.Н. Петр Столыпин: Полит. портрет. М., 1992;

Хотулев В.В. Петр Столыпин. М.;

Смоленск, 1998;

Федоров Б.Г. Петр Столыпин: «Я верю в Россию». Биография П.А. Столыпина. Т. 1—2. СПб., 2002.

В.​П.​Панюціч.

П.А.Сталыпін.

т. 15, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЕ́РСТВА,

адзін з відаў дрэваапрацоўчых рамёстваў, вытворчасць сталярных вырабаў у многіх народаў свету. Спалучалася з цяслярствам (дойлідствам). Аднак характар працы, складанасць рамеснай тэхнікі, разнастайная наменклатура вырабаў вылучылі С. ў самаст. рамяство. С. было звязана з апрацоўкай малагабарытных форм (гл. Сталярныя работы) і выкарыстоўвалася на завяршальнай стадыі будаўніцтва (аздабленне жылля і культавых пабудоў, асада вокнаў і дзвярэй, выраб абсталявання і прадметаў інтэр’ера — аконных рам, дзвярэй, мэблі, іканастасаў, хатняга начыння і інш.). С. грунтавалася на трывалых вытв. традыцыях, дасканалым веданні тэхнал. якасцей мясц. драўніны, патрабавала рознабаковых навыкаў і валодання тыпалагічна разнастайнымі дрэваапрацоўчымі інструментамі і прыстасаваннямі (гл. Сталярна-цяслярскі інструмент). На Беларусі неабходным прыстасаваннем майстра-сталяра быў варштат, які ставілі ў сенцах, адрыне або пад павеццю. Спец. памяшканне, абсталяванае пад майстэрню, часцей сустракалася ў гар. або местачковых сталяроў. Амаль у кожным панскім маёнтку былі майстэрні для аднаго або некалькіх сталяроў, якія былі прыпісаны да чэлядзі і часта працавалі на правах прыгонных майстроў. Нягледзячы на спецыялізацыю, што больш выразна назіралася ў гарадах і мястэчках, С. звычайна спалучалася і з інш. дрэваапрацоўчымі рамёствамі і з земляробствам. Многія сяляне, што валодалі сталярскімі навыкамі і вялі сваю гаспадарку, у парадку адбывання паншчыннай павіннасці прымалі ўдзел у будаўніцтве панскіх маёнткаў, цэркваў, мастоў і інш. С. насіла прыкметны сезонны (у асн. асенне-зімовы) характар. Майстры-сталяры працавалі звычайна ў адзіночку, некат. мелі вучняў ці падсобных работнікаў, якія працавалі па найме. У сярэдневякоўі важную ролю ў арганізацыі С. адыгрывалі цэхі. З ажыўленнем таварна-гандл. адносін і развіццём капіталіст. ўкладу адбываліся змены ў сац. структуры і характары С., якое з надомнага станавілася асобнай галіною вытворчасці. Нар. рамёствы паслужылі вытокамі развіцця сучасных галін дрэваапр. прам-сці — мэблевай, домабуд., лесапільнай, тарнай. Нягледзячы на агульнае скарачэнне, С. развіваецца ў выглядзе асобнага промыслу.

В.​С.​Цітоў.

т. 15, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРА́ХАЎ Мікалай Мікалаевіч (28.10.1828, г. Белгарад, Расія — 5.2.1896),

рускі філосаф, публіцыст, літ. крытык. Чл.-кар. Пецярб. АН (1890). Вучыўся ў Кастрамской духоўнай семінарыі (1840—44), Пецярб. ун-це (1845—48). Скончыў Гал. пед. ін-т (1851). Выкладаў прыродазнаўчыя дысцыпліны ў Адэсе і Пецярбургу. З 1861 супрацоўнічаў у час. «Время», «Эпоха», «Гражданин», «Библиотека для чтения», быў рэдактарам «Отечественных записок» і выдаўцом час. «Заря». з 1873 служыў у Пецярб. публічнай б-цы, з 1885 — у Вучоным к-це пры Мін-ве нар. асветы. У філас. працах «Пісьмы пра арганічнае жыццё» (1859), «Значэнне гегелеўскай філасофіі ў цяперашні час» (1860), «Свет як цэлае» (1872) на аснове рэліг. метафіз. антрапацэнтрызму і почвеніцтва абгрунтаваў ідэі адносна абмежаванасці і складана-іерархічнай будовы свету, а таксама нац. глебы («почвы») як асновы сац. і духоўнага развіцця Расіі. На яго думку, вяршыня іерархіі светабудовы — чалавек, ён займае цэнтр. месца па ўсіх напрамках сувязей, што злучаюць свет у адно цэлае. У мастацтве гал. лічыў узнаўленне нац. характару і вераванняў рус. народа. Вышэйшым узорам лічыў творчасць Л.​М.​Талстога, высока цаніў паэзію А.​С.​Пушкіна, А.​А.​Фета, Я.​П.​Палонскага, творы А.​І.​Герцэна, Ф.​М.​Дастаеўскага. Падрыхтаваў збор твораў А.​А.​Грыгор’ева (1876), напісаў 1-ю біяграфію Дастаеўскага і ўспаміны пра яго. Аўтар прац: «Пра асноўныя паняцці псіхалогіі і фізіялогіі» (1886), «Пра вечныя ісціны: Мае спрэчкі аб спірытызме» (1887), «Вучэнне пра Бога на пачатках розуму» (1893), «Філасофскія нарысы» (1895) і інш. Перакладаў філас. і навук. працы Ф.​Шэлінга, К.​Фішэра, І.​Тэна, Ф.​Ланге.

Тв.:

Переписка Л.​Н.​Толстого с Н.​Н.​Страховым, 1870—1894 // Толстовский музей. СПб., 1914 Т. 2.

Літ.:

Левицкий С.А. Очерки по истории русской философии и общественной мысли. Т. 1. Франкфурт-на-Майне, 1983;

Розанов В.В. Литературные изгнанники. Лондон, 1992.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 15, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНДА́ЛЬ [Stendhal; сапр. Бейль (Beyle) Анры Мары; 23.1.1783, г. Грэнобль, Францыя — 23.3.1842],

французскі пісьменнік; пачынальнік класічнага рэалізму. Скончыў грэнобльскую Цэнтр. школу (1799). У 1800—02, 1805—14 служыў у напалеонаўскай арміі, удзельнічаў у паходзе Напалеона на Маскву. У 1814—21 жыў у Італіі. На светапогляд С. паўплывала матэрыялістычная філасофія франц. асветнікаў. Друкаваўся з 1815 Першыя творы прысвяціў музыцы («Жыццё Гайдна, Моцарта і Метастазіо», 1817; «Жыццё Расіні», 1824). Свае эстэт. погляды выклаў у кн. «Гісторыя жывапісу ў Італіі» (1817), трактатах «Пра каханне» (1822) і «Расін і Шэкспір» (1823—25), арт. «Вальтэр Скот і «Прынцэса Клеўская» (1830). Ён адзначаў, што л-ра павінна выяўляць свой час, праўдзіва і натуральна адлюстроўваць чалавека, аналізаваць яго ўнутр. свет, дыялектыку пачуццяў, абумоўленых фіз. і духоўным складам асобы, якая залежыць ад асяроддзя, выхавання і грамадскіх умоў быцця. Гэтыя прынцыпы С. рэалізаваў у створаным ім жанры сац.-псіхал. рамана, першым вопытам якога стаў раман «Арманс» (1827). У раманах «Чырвонае і чорнае» (1830, неаднаразова экранізаваны), «Люсьен Левен» (апубл. 1894, незавершаны) гісторыя духоўнага развіцця маладой асобы і аналіз розных слаёў франц. грамадства. Блізкая С. італьян. тэма — тэма страсці, чалавечай актыўнасці і самаахвяравання ў рамане «Пармскі манастыр» (1839) і зб. навел «Італьянскія хронікі» (апубл. 1855). Аўтар дарожных нататак «Рым, Неапаль і Фларэнцыя» (1817), «Прагулкі па Рыме» (1829), «Запіскі турыста» (1838), аўтабіягр. твораў «Успаміны эгатыста» (апубл. 1892), «Жыццё Анры Брулара» (апубл. 1890), рамана «Лам’ель» (апубл. 1889, незавершаны) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Собр. соч. Т. 1—12. М., 1978.

Літ.:

Виноградов А.К. Стендаль и его время. 2 изд. М., 1960;

Реизов Б.Г. Стендаль: Худож. творчество. Л., 1978;

Тимашева О.В. Стендаль. М., 1983;

Стендаль: Библиогр. рус. переводов и критич. лит. на рус. яз. [Ч. 1—2]. М., 1961—95.

С.​Дз.​Малюковіч.

Стэндаль.

т. 15, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РАЖСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА ў Вялікую Айчынную вайну,

тэрыторыя на ПнУ Віцебскай вобл., якую ў час акупацыі ням. фашыстамі кантралявалі партызаны з 1942 да снеж. 1943. Складвалася на працягу студз.—сак. 1942 у ходзе наступальных дзеянняў партыз. атрадаў, у т. л. М.П.Шмырова, з дапамогай часцей Чырв. Арміі Калінінскага фронту. Да лета 1942 межы зоны ахапілі Суражскі (акрамя райцэнтра), часткі Гарадоцкага, Віцебскага, Лёзненскага, Мехаўскага р-наў (пл. 3 тыс. км²). Абаранялі зону партыз. брыгады 1-я Бел., імя А.​Ф.​Данукалава, 2-я Бел. імя П.​К.​Панамарэнкі, імя М.​Кутузава, 1-я Віцебская, імя Чырванасцяжнага Ленінскага камсамола Віцебскай вобл. і некат. інш. партыз. фарміраванні. Агульнае кіраўніцтва баявой і гасп. дзейнасцю ў зоне ажыццяўлялі спец. штаб на чале з І.​Ф.​Бердзіянам, Суражскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Лёзненскі, Мехаўскі падп. райкомы КП(б)Б, адноўленыя сав. сельсаветы з удзелам Віцебскага падп. абкома КП(б)Б, Паўн.-Зах. аператыўнай групы ЦК КП(б)Б, камандавання Калінінскага і 1-га Прыбалт. франтоў. У канцы вер. 1942, калі гітлераўцы ліквідавалі Віцебскія «вароты», тэрыторыя зоны звузілася. На працягу года з чэрв. 1942 акупанты правялі супраць партызан 11 карных аперацый («Серабрыстая ліса», «Белы мядзведзь», «Шаравая маланка», «Грамавы ўдар», «Майская навальніца», «Веснавы карагод», «Дождж на сёмуху» і інш.). Са снеж. 1943 пасля Гарадоцкай аперацыі 1943 пачалося вызваленне ад акупацыі тэрыторыі зоны, большасць партыз. фарміраванняў злучаліся з Чырв. Арміяй. Утрыманне С.п.з. ў 1942 мела стратэгічнае значэнне для развіцця партыз. руху на Беларусі і ў суседніх Калінінскай вобл. Расіі, Латвіі, Літве. Больш як паўгода партызаны зоны ўтрымлівалі Віцебскія «вароты», выратавалі жыццё дзесяткаў тысяч жанчын, дзяцей, старых. Актыўнай баявой дзейнасцю партызаны дэзарганізоўвалі тыл ворага на стыку груп ням. армій «Поўнач» і «Цэнтр», актыўна ўзаемадзейнічалі з Чырв. Арміяй.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990. С. 582.

У.​С.​Пасэ.

т. 15, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯМЕ́ЙНАЕ ПРА́ВА,

галіна права, якая рэгулюе маёмасныя адносіны, што ўзнікаюць на аснове шлюбу, сваяцтва, усынаўлення і інш. форм уладкавання дзяцей на выхаванне ў сям’ю. С.п. ўстанаўлівае ўмовы і парадак узяцця шлюбу, яго спыненне ці прызнанне несапраўдным; рэгулюе адносіны ў сям’і паміж мужам і жонкай, бацькамі і дзецьмі, інш. членамі сям’і; адносіны ўсынавіцеляў, іх сваякоў з усыноўленымі і іх нашчадкамі, а таксама апекуноў (папячыцеляў) з падапечнымі. Асабістыя і маёмасныя адносіны, што складаюць прадмет С.п., праяўляюцца гал. чынам у рамках сям’і, заснаванай на зарэгістраваным у законным парадку шлюбе. Некаторыя сямейна-прававыя сувязі захоўваюцца і па-за сям’ёй (удзел бацькоў у выхаванні і ўтрыманні дзяцей, якія пражываюць асобна, аліментныя абавязкі былых мужа ці жонкі, інш. членаў сям’і). Задачы і прынцыпы С.п. сфармуляваны ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, Кодэксе аб шлюбе і сям’і 1999. С.п. заклікана садзейнічаць умацаванню сям’і, пабудове сямейных адносін на добраахвотным шлюбным саюзе, роўнасці правоў мужа і жонкі ў сям’і, на ўзаемнай любові, павазе і ўзаемадапамозе ўсіх членаў сям’і, устанаўленню правоў дзяцей і забеспячэнню іх прыярытэту ў адпаведнасці з законам, ахове мацярынства і бацькоўства, забеспячэнню спрыяльных умоў для развіцця і станаўлення кожнага дзіцяці. Абарона правоў, што вынікаюць са шлюбных і сямейных адносін, ажыццяўляецца судом, органамі апекі і папячыцельства, а таксама дзярж. органамі, якія рэгіструюць акты грамадзянскага стану. У межах, прадугледжаных заканадаўствам, дапускаецца самаабарона С.п. Значная частка асабістых адносін паміж членамі сям’і застаецца па-за межамі прававога ўздзеяння і рэгламентуецца толькі нормамі маралі. Грамадзянскае, жыллёвае і інш. заканадаўства прымяняецца да сямейных адносін толькі ў выпадку адсутнасці рэгулявання гэтых адносін заканадаўствам аб шлюбе і сям’і. Міністэрствы і інш. рэсп. органы дзярж. кіравання могуць выдаваць нарматыўныя прававыя акты па пытаннях, што датычацца сямейных і шлюбных адносін, у выпадках і межах, прадугледжаных законам.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 15, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯРЭ́ДНЯЯ АГУЛЬНААДУКАЦЫ́ЙНАЯ ШКОЛА,

асноўны тып установы адукацыі, які забяспечвае атрыманне агульнай сярэдняй адукацыі.

На фарміраванне еўрап. С.а.ш. паўплывала ант. традыцыя (гл. Класічная адукацыя), што абумовіла перавагу гуманітарных ведаў у змесце адукацыі і вызначыла назву школы — гімназія (у Еўропе пашырана з 16 ст.). Развіццё індустр. грамадства садзейнічала ўзнікненню ў 18 ст. новага тыпу С.а.ш. — рэальных навучальных устаноў, дае пераважала вывучэнне прыродазнаўчых. дакладных і прыкладных навук, новых моў. Гэтыя тыпы С.а.ш. з рознымі варыянтамі інтэграцыі захаваліся ў большасці еўрап. краін і ў наш час.

На Беларусі пасля 1918 устаноўлены адзіны тып 9-гадовай дзярж., прац. політэхн. школы. У 1932 адбыўся пераход да 10-гадовай політэхн. С.а.ш. У 2-й пал. 1950-х г. у С.а.ш. ўведзены элементы вытв. навучання, у 1959 яна пераўтворана ў прац. політэхн. с.а.ш. з вытв. навучаннем (тэрмін навучання 11 гадоў). У 1966 С.а.ш. зноў стала 10-гадовай. У 1984 здзейснены пераход да 11-гадовай агульнаадук. школы. У канцы 1980—пач. 1990-х г. з’явіліся гімназіі ліцэі. З 1998 пачалася рэформа С.а.ш. У межах яе рэалізацыі ўведзены абавязковая 10-гадовая і 12-гадовая агульная сярэдняя адукацыя. Структура С.а.ш. ўключае: 4-гадовую пач. адукацыю (падрыхтоўчы, 1—3-і класы; дзеці ад 6 да 10 гадоў), 6-гадовую базавую (4—9-ы класы; з 10 да 16 гадоў) і агульную сярэднюю адукацыю на базе ліцэйскіх класаў (10—11-ы класы; 17—18 гадоў). Удасканаленне зместу адукацыі ў С.а.ш. накіравана на забеспячэнне гарманічнага развіцця асобы, авалоданне ёю асновамі нац. і сусв. культуры, падрыхтоўку да самаст. жыцця. Для гэтага ўкараняюцца новыя адукац. тэхналогіі. У 2001/02 навуч. г. ў Рэспубліцы Беларусь было 2770 дзённых С.а.ш. (больш за 1,26 млн. вучняў) і 86 вячэрніх зменных (каля 23,4 тыс. навучэнцаў). Гл. таксама Сярэдняя адукацыя.

М.​І.​Ліс.

т. 15, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТА́РСКІЯ НАБЕ́ГІ НА БЕЛАРУ́СЬ у канцы 15—1-й палавіне 16 ст. Адным з найважнейшых шляхоў узбагачэння феадалаў Крымскага ханства былі грабежніцкія паходы на землі суседніх дзяржаў

(ВКЛ, Рускай дзяржавы, Польскага каралеўства і інш.). Татары спусташалі і палілі вёскі і гарады, забівалі мірных жыхароў, рабавалі іх маёмасць, вывозілі на продаж у рабства палонных. Значныя татарскія набегі на бел. землі адбыліся ў 1497 (на Мазыршчыну),

1500 (Брэст, Камянец), 1501 (Палессе), 1502 (Тураўшчына), у жн. 1503 (Капыль, Клецк, Нясвіж, Слуцк), восенню 1503 (дайшлі да Новагародка, разгромлены каля Давыд-Гарадка), у 1505 (Мінск, Слуцк, Новагародак; асобныя татарскія атрады даходзілі да Вільні, Віцебска, Друцка, Лагойска і Полацка; вывелі каля 100 тыс. палонных). У 1506 20-тысячная татарская арда ўварвалася на Беларусь і спынілася каля Клецка, дзе была разгромлена войскам ВКЛ (гл. Клецкая бітва 1506). У 1510 15-тысячная арда дайшла да Вільні. У 1521 5 тыс. татар дайшлі да Слуцка і Пінска, спалілі Мазыр і Тураў. У 1526 (1527?) 20-тысячная арда спустошыла наваколлі Турава, Пінска і Слуцка, каля Слуцка разгромлена гетманам К.І.Астрожскім. Таксама дабіўся перамогі над татарамі ў Альшаніцкай бітве 1527 на Украіне. У 1530 набег татар на Беларусь быў адбіты. У наступныя гады ў сувязі са значнымі пераменамі знешнепаліт. курсу Крымскага ханства татары нападалі на ВКЛ рэдка і не дасягалі тэр. Беларусі. З 1474 па 1569 адбыліся 75 нападаў крымскіх татар на ВКЛ, у т. л. 12 — на Беларусь. Дадатковым цяжарам на насельніцтва Беларусі клаліся разнастайныя павіннасці, якія вынікалі з мер урада ВКЛ па арганізацыі абароны. Амаль штогод з сялян збіралі ардыншчыну для выплаты крымскаму хану даніны. Сяляне і мяшчане рамантавалі і будавалі замкі, неслі дазорную службу. Татарскія напады былі адным з асн. фактараў, што тармазілі працэс сац.-эканам. развіцця Беларусі, асабліва яе паўд.-зах. часткі, у канцы 15—1-Й трэці 16 ст.

М.​Ф.​Спірыдонаў.

т. 15, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАГІКАМЕ́ДЫЯ,

драматычны твор, у якім спалучаюцца характэрныя рысы трагедыі і камедыі. У аснове — своеасаблівае трагікамічнае светаадчуванне, якое звязана з пачуццём адноснасці Крытэрыяў жыцця і ўключае разнастайныя, часам процілеглыя тэндэнцыі. Жанравыя межы не акрэслены, абавязковым з’яўляецца пачуццё адноснасці крытэрыяў ацэнкі аўтарам і персанажамі жыццёвых рэалій. Трагікамічнасць светаадчування ўласціва нар. творчасці, у прафес. л-ры на розных этапах гіст. развіцця яна праяўлялася спарадычна.

У антычнасці пад тэрмінам Т. разумелася ўсякае парушэнне жанравай чысціні трагедыі ці камедыі. Як жанр у еўрап. л-рах з’явілася на мяжы 16—17 ст., калі сфарміраваліся яе асн. жанравыя ўласцівасці: спалучэнне ў межах аднаго твора смешных (за выключэннем фарсавых) і сур’ёзных (у т. л. патэтычных) момантаў пры шчаслівай развязцы канфлікту; перапляценне «ўзвышаных» рэліг. сюжэтаў з быт. камізмам іх асэнсавання; двайны зыход сітуацый (пакаранне зла — узнагарода дабрачыннасці); змешванне ўзвышаных і камічных характараў і інш. У 2-й пал. 17 ст. эстэтыка класіцызму размежавала трагедыю і камедыю. У Далейшым Т. амаль знікла. Адрадзілася ў канцы 19 ст. («Геда Габлер» і «Дзікая качка» Г.​Ібсена, «Крэдыторы» і «Саната прывідаў» А.​Стрындберга, «Тры сястры» А.​Чэхава і інш.). У 20 ст. Т. пачала распрацоўваць праблематыку трагедыі.. Яшчэ больш замацавалася практыка збліжэння трагічнага і камічнага (творы Ф.​Дзюрэнмата, Э.​Іанеска, Т.​Уільямса і інш.).

На Беларусі Т. вядома з сярэдзіны 18 ст. («Уваскрэсенне мёртвых...» Г.​Каніскага і інш.) у форме, прамежкавай паміж трагедыяй і камедыяй. Больш глыбока трагікамічныя калізіі выявіліся ў творах пач. 20 ст. («Васількі» А.​Паўловіча, «Жартаўлівы Пісарэвіч» М.​Гарэцкага, «Тутэйшыя» Я.​Купалы і інш.). Вял. ўклад у распрацоўку жанру Т. ў бел. драматургіі зрабіў А.​Макаёнак. У яго творах трагікамічнае дапаўняецца, як правіла, сатырычна-гратэскавым («Зацюканы апостал», «Пагарэльцы», «Дыхайце эканомна»).

Літ.:

Борев Ю. Комическое... М., 1970;

Дземидок Б. О комическом...: Пер. с пол. М., 1974.

С.​С.​Лаўшук.

т. 15, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)