Ліза́ць ’дакранацца языком’, ’піць, есці мала, вяла’, ’пакрываць, абдаваць’, ’цалаваць’, лізацца ’падлашчвацца, лашчыцца’ (Нас., Шат., Бяльк., Яруш., ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), полац., мсцісл. лізну́ць ’паспытаць, з’есці зусім нямнога’ (Нар. сл., Юрч. Вытв.), лізацца ’прыхарошвацца, старанна прычэсвацца’ (Шат.). Укр. лизати(ся), рус. лизать(ся), польск. lizać (się), палаб. lai̯zĕ ’ён ліжа’, н.-луж. lizaś, (pśe)lizaś se, в.-луж. lizać (so), чэш. lízati (se), ст.-чэш. lzáti, славац. lízať (sa), славен. lízati (se), серб.-харв. ли́зати (се), макед. лизам, балг. лижа, ст.-слав. лизати, чэш.-ц. слав. льзати. Прасл. lьzati з другасным падаўжэннем вакалізму кораня lizati (sę). І.‑е. адпаведнікі: літ. liẽžti, liežiù, лат. làizît ’лізаць’, ст.-інд. lḗdḥi, rédḥi, líhati ’ліжа’, авест. raēz‑, н.-перс. lištan ’лізаць’, арм. lizem, ст.-грэч. λείχω ’ліжу’, лац. lingō, lingere, ст.-ірл. ligin, гоц. bilaigōn, ст.-англ. liccian, ст.-в.-ням. lecchōn ’лізаць’, і.-е. *lig̑h‑/*lei̯g̑h‑, ітэратыў *loigʼh‑ Міклашыч, 171; Бернекер, 1, 725; Фасмер, 2, 494–495; Фрэнкель, 369; Покарны, 668; Слаўскі, 4, 311–312; Аткупшчыкоў, Из истории, 102; Скок, 2, 311; Бязлай, 2, 145–146). Інакш Жарскі (Rozp. Kom. Jęz. — Wrocł. TN, XI, 185), які памылкова выводзіць польск. lizać з і.-е. ‑lei̯p ’мазаць тлушчам’. Сюды ж лізґаць ’есці, ледзь дакранаючыся зубамі’ (Шат.), ’лізаць раз за разам’ (КЭС, лаг.), ’есці мала, перабіраючы’ (міёр., Нар. лекс.), у якіх ‑ґ‑ экспрэснае (параўн. лузаць — лузгаць), а таксама лізну́ць ’цішком адысці’ (Грыг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вісе́ць ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы без падпоры, выдавацца’ (БРС, КТС, Касп.). Укр. висі́ти, рус. висе́ть ’вісець’, ст.-рус. висѣти ’вісець; звісаць, навісаць’ (з XIII ст.), польск. wisieć ’вісець; звісаць, абвісаць’, в.-луж. wisać ’вісець’, чэш. viseti ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы’, славац. visieť, славен. visẹ́ti ’вісець’, серб.-харв. ви̏сити, vȉsjeti, макед. виси, балг. вися ’тс’, ст.-слав. висѣтн. Прасл. visěti — другая ступень чаргавання з весіць (гл.) < věsiti, věsъ. Голуб-Копечны (417) мяркуюць, што гэта лексема — толькі славянская; яна не мае надзейных і.-е. адпаведнікаў (Фасмер, 1, 319). Ільінскі (ИОРЯС, 23, 1, 125) параўноўвае яе з літ. vaipýtis ’крыўляцца, грымаснічаць’, vypsóti ’быць разявай’, ст.-в.-ням. weibôn ’калыхаць’, лац. vibrāre, ст.-інд. vḕpatē ’дрыжаць’. Згодна з Гольтгаўзенам (РВВ, 66, 272), роднасная да ст.-нарв. vē ’сцяг’; Леві (IF, 32, 159) збліжае з грэч. ἄττω ’махаю’; зусім іншым з’яўляецца літ. vaĩsius ’плод’ (бо яна звязана з vìsti ’множыцца’, лат. viest ’выхоўваць, гадаваць’) і не звязана з visěti насуперак Мюленбаху–Эндзеліну (4, 670); Педарсан (IF, 5, 44) звязвае з санскр. viš; Младэнаў (68) супастаўляе са сканд. vīkja ’паднімацца’ і літ. vikrùs ’лоўкі, жвавы, кемлівы’, Бернекер — з ням. weihen ’асвячаць’, гоц. weihs ’святы’. Інакш Машынскі (Zasiąg, 198) — са ст.-в.-ням. swīhhan ’аслабець, паддацца’ < і.-е. *(s)u̯eig‑ ’гнуцца’. Абаеў (1, 88) параўноўвае прасл. visěti з асец. awanʒyn//awinʒyn, перс. āvēz‑, āvēxt‑ ’вісець, вешаць’, курд. halavisin ’вешаць’. (Праславянскі іранізм?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

франтавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да фронту (у 2, 3 знач.). Франтавы аэрадром. □ Даўно не бачыўся я з ёю [бярозкай] — З тае юнацкае пары, Калі дарогай франтавою Выходзіў з вёскі на зары. Прыходзька. Не інакш як перад наступленнем Змоўкла франтавая паласа. Аўрамчык. // Звязаны з дзейнасцю фронту (у 3 знач.), франтавікоў, прызначаны для патрэб фронту, франтавікоў. Франтавыя заказы. □ Выступленні камандуючых франтамі зводзіліся да таго, як яны думаюць вырашаць свае франтавыя задачы. «Звязда». // Які абслугоўвае фронт (у 3 знач.); які знаходзіцца на фронце. Франтавы друк. □ З другой паловы ночы загаварыла па-нямецку франтавая радыёстанцыя. Навуменка. Са здымкаў і архіўных і сямейных Сыны далёкіх франтавых палкоў На незнаёмых пажылых ваенных Глядзяць цяпер вачыма хлапчукоў. Чэрня. // Які ўжываецца, прыняты на фронце; уласцівы франтавікам. Сяргей падумаў: «Цікава, які гэты чалавек быў у акопах?» У яго была яшчэ свая, франтавая мерка да ўсяго. Чыгрынаў. // Такі, што ўзнік на фронце (у 3 знач.), прысвечаны фронту, пасланы з фронту. Франтавое прывітанне. □ Навекі слава нашым генералам І пяцікутнай зорцы агнявой, І зброі, што Радзіма вартавала, І непарушнай дружбе франтавой. Панчанка. // Такі, які бывае на фронце (у 3 знач.), які нагадвае фронт. Пойдуць размовы пра франтавыя і партызанскія будні, пра памятныя выпадкі ў жыцці, пра сённяшняе і заўтрашняе. Хадкевіч. У грозным франтавым агні Адны мы зносілі нягоды І разам волю ў тыя дні Мы здабывалі назаўсёды. Тарас.

2. Уст. Страявы. Франтавая выпраўка.

3. Спец. Пярэдні, франтальны. Застыла праменямі на франтавой сцяне цырульні Ёшкі, — сонца яснае, спакойнае. Пестрак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хі́сткі, ‑ая, ‑ае.

1. Які хістаецца, ківаецца, пакалыхваецца. На хісткай галінцы крушыны, узмахваючы крылцамі, сядзела птушка. Мележ. Люблю над картай пасядзець, люблю Чытаць геаграфічныя запіскі. І кожнаму зайздрошчу караблю І палубам, прасоленым і хісткім. Панчанка. І мы, каб не перашкаджаць людзям, якія ўжо заняты думкамі пра мора, па хісткіх дошках.. сыходзім на бераг. Сіпакоў. // Няўстойлівы, нетрывалы, які лёгка прыходзіць у рух з-за сваёй зношанасці, трухлявасці і пад. Я ўзбег на ганак Хісткі і пахілы, Крануўся кнопкі Чулага званка. Хведаровіч. Над.. [рэчкай] стаяў туман, а нізкі масток быў хісткі, і насціл на ім заброснеў. Лупсякоў. // Які дрыжыць, мігціць (пра агонь, святло і пад.). Часам загараліся ракеты, заліваючы хісткім святлом усё наваколле. Грахоўскі. // Няцвёрды, няўпэўнены (пра паходку, крок). Тады Люба рашуча адарвала свае рукі ад .. [Петрака] і хісткім крокам пайшла. Асіпенка.

2. перан. Ненадзейны, няпэўны; малапераканальны. Хісткае становішча. Хісткія падставы. □ Праўда, усе гэтыя ўлікі, усе гэтыя доказы вельмі і вельмі хісткія. Ніхто і нідзе не мог прывесці прамога доказу непасрэднага ўдзелу інжынера ў чыгуначных дыверсіях. Лынькоў. Абое яны — дзядзька і цётка — усё яшчэ таілі хісткую надзею. Васілевіч. // Непастаянны ў сваіх поглядах, учынках і пад.; які лёгка паддаецца іншым уплывам. [Лабановіч:] — Я, аб вас я не адважваюся гаварыць гэта, хоць і вы, напэўна, такія ж хісткія, як і я, я — дрэва ў полі, што хіліць галіны туды, куды вецер дзьме. Колас. Селянін у прозе Якуба Коласа так ці інакш цікавіцца рэвалюцыяй, усведамляе новыя сацыяльныя ідэі, якія яна несла, але рэвалюцыянер з яго яшчэ даволі хісткі. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пэ́цкаць ’мазаць, брудзіць; рабіць няўмела, неахайна’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Шат.), ’ляпіць глінаю, мазаць; брудзіць’ (Нас.), пе́цкаць ’брудзіць, мазаць’ (ТС), пэ́цнуць ’мазануць; стукнуць’ (ТСБМ), ’гучна ўдарыць; кінуць чым-небудзь ліпкім; упасці’ (Нас.), вытворныя: пэ́цкала, пэ́цкало ’няўмека, неакуратны ў рабоце чалавек, бракароб, партач’ (Сцяц., Сцяшк. Сл., Скарбы; любч., Нар. словатв.; міёр., З нар. сл.), пэ́цкаль ’хто любіць пэцкацца, неахайны, паскуднік’ (Шпіл., Чач., Гарэц., Шат.; брасл., Сл. ПЗБ), ’няўмека, дрэнны майстар’ (ТСБМ; маладз., Янк. Мат.; Яўс., Шат., Бяльк.; міёр., З нар. сл.). Паводле Насовіча, утворана ад гукапераймальнага пэц! ’тое, што і пац!’ (“от звука брошенной на что либо грязи или брошенного чего въ грязь”, Нас., 543); нягледзячы на фанетычныя прыкметы запазычання з польск. peckać ’вэдзгаць, перабіраць, корпацца’, параўн. рус. па́чкать ’пэцкаць’, да вышэйназванай версіі схіляецца Цвяткоў (Запіскі, 2, 75) і канстатуе, што слова не выводзіцца ад кораня *pak‑ (дапускаючы для рускага слова сувязь з пакость ’паскудства’, інакш гл. Фасмер, 3, 223); наяўнасць славен. pecati, peckati, pečkati ’даваць аплявуху; біць па вушах’ і pəčka, pəčkálo ’хто ляніва, марудна і дрэнна працуе’ ўзмацняе прышлую версію. Пра магчымую сувязь названых слоў з pečkȁ ’ядро, костачка’, што дае падставы для семантычнага пераходу ’ўздуцце, разбуханне’ > ’слабы, дрэнны’, гл. Бязлай, Etyma, 163; Куркіна, Этимология–1984, 113; гл. таксама спецыяльна Куркіна, Этимология–1988–1990, 61. Атаясамліванне з укр. пи́цькати ’дрэнна працаваць, корпацца’, якое выводзіцца праз польск. pyćkać, peckać ’тс’ з ням. patschen ’плёскаць (па вадзе)’ (гл. ЕСУМ, 4, 382), здаецца, не мае падстаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ні, се́нцы ‘памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах’ (ТСБМ, Касп., Др.-Падб., Сцяшк., Маш., ПСл, ЛА, 4; Тарн., Бес., Сл. ПЗБ), се́нцы ‘тс’ (Нас., Шат., Бяльк., Варл.), се́нкі ‘тс’ (Нас.), сенькі ‘тс’ (Сл. ПЗБ), дыял. ‘прылазнік’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘частка сушні, дзе мыюць лён’ (Сцяшк.). Укр. сі́ни, рус. се́ни, се́нцы ‘сені’, ст.-рус. сѣни, польск. sień ‘зала’, ‘пярэдняя’, в.-луж., н.-луж. seń ‘сень’, чэш. síň ‘пярэдняя, зала’, славац. sieň ‘зала’, серб.-харв. сје̏н ‘цень’, славен. sẹ̑nca ‘тс’, балг. ся́нка ‘цень; здань’, макед. сенка ‘цень’, ст.-слав. сѣнь ‘засень’, ‘памяшканне’. Прасл. *sěnь ‘цень’, ‘памяшканне’. Далей звязана з укр. ся́ти, ся́яти, рус. сия́ть ‘свяціцца’ (Фасмер, 3, 602; Сной₁, 561), гл. ззяць. Інакш Махэк₂ (543), які звязвае з і.-е. коранем *k​sei‑ < *k​soi‑n‑, як і ў слав. *sedlo (гл. сяло), г. зн. ‘селішча, месца знаходжання’, потым ‘вялікі пакой, у якім збіралася вялікая радавая сям’я’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sajs ‘цень’, гоц. skeinan ‘ззяць, свяціць, блішчэць’, грэч. σκοιός ‘цяністы’, ст.-інд. chāyā ‘цень, бляск, адлюстраванне’; гл. Траўтман, 304; Персан, Beitr., 700. Брукнер (489) мяркуе аб сувязі з цень і сцяна; аналагічна Фурлан (гл. Бязлай, 3, 227), Борысь (546), якія параўноўваюць з літ. síena ‘сцяна, мур, мяжа’ ад і.-е. кораня *sej‑ ‘звязваць’. Аб праблемах адносін значэнняў ‘цень’ і ‘памяшканне’ гл. падрабязна LSJSt, 13, 805–806 (разглядаюцца як аманімічныя *sěnь 1 і ‘цень і *sěnь 2 ‘пакой, памяшканне’ ў выніку разыходжання першаснага значэння ‘цень, будан, альтанка і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

глядзе́ць, -джу́, -дзі́ш, -дзі́ць; -дзі́м, гледзіце́, -дзя́ць; -дзі́; незак.

1. на каго-што і ў што. Накіроўваць позірк, каб убачыць каго-, што-н.

Г. на неба.

Г. на экран.

Вокны глядзяць у агарод (перан.: выходзяць на агарод).

2. каго-што. Разглядаць, успрымаць, знаёміцца з кім-, чым-н.

Г. спектакль.

Г. выстаўку карцін.

3. каго-што. Рабіць агляд, абследаванне.

Г. хворага.

4. каго-што, за кім-чым і са злуч. «каб». Даглядаць, турбавацца (разм.).

Г. дзяцей.

Г. за парадкам.

Г. каб усё было як трэба.

5. на каго-што. Браць прыклад з каго-н., лічыцца з кім-н.

Г. на старэйшых.

Не глядзі на лежабокаў.

6. на каго-што. Так ці інакш адносіцца да каго-, чаго-н., мець сваю ацэнку.

Г. на рэчы проста.

7. Віднецца, паказвацца адкуль-н.

Беднасць глядзела з кожнага кутка хаты.

8. заг. глядзі́(це)! у знач. выкл. Выражае:

а) папярэджанне, перасцярогу або пагрозу.

Глядзіце, не спазніцеся!

б) здзіўленне, спалох.

Глядзі, што нарабіў гэты разбойнік!

в) ужыв. як знак спасылкі ў тэксце.

Глядзі наступную старонку.

9. заг. глядзі́, 2 ас. адз. цяпер. глядзі́ш, у знач. пабочн. сл. Між тым, тым часам (разм.).

Глядзіш, і жніво надыдзе.

За якую гадзіну, глядзіш, і грыбоў вядро.

10. 1 ас. цяпер. гляджу́ (глядзі́м), у знач. пабочн. сл. Як выяўляецца (разм.).

Гляджу, аўтобус ужо на прыпынку.

◊

Воўкам глядзець (разм.) — таіць злосць на каго-н.

Глядзець з рук каго або чыіх (разм., неадабр.) — не мець самастойнасці, быць у матэрыяльнай залежнасці ад каго-н.

Глядзець праз пальцы (разм., неадабр.) — абыякава, несур’ёзна ставіцца да каго-, чаго-н., наўмысна не надаваць сур’ёзнай увагі каму-, чаму-н.

Глядзець праўдзе ў вочы — цвяроза і правільна ўсё ўспрымаць.

Глядзець смерці ў вочы — быць у вялікай небяспецы, блізка ад смерці.

Як у ваду глядзеў (разм.) — быццам наперад ведаў.

|| зак. паглядзе́ць, -джу́, -дзі́ш, -дзі́ць; -дзі́м, -ледзіце́, -дзя́ць; -дзі́ (да 1—6 знач.).

|| аднакр. гля́нуць, -ну, -неш, -не; глянь (да 1, 3, 6 і 7 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

Ву́ліца (БРС, Грыг., Байк. і Некр., Шат., Касп., Бяльк., Сцяшк. МГ, ДАБМ, карта 48) ’галоўная вуліца ў сяле’ (КСТ), укр. ву́лиця, рус. у́лица, ст.-рус. улица ’плошча, вуліца, праход’, польск. ulica, чэш. ulice, славац. ulica, в.-луж. wulica, славен. úlica, серб.-харв. у̏лица ’падворак, вуліца’, макед. улица, балг. у́лица ’вуліца’. Прасл. ulica ’прабіты праход, вуліца’, дэмінутыўнае ўтварэнне ад uljь (ulьjь, гл. ву́лей) ’выдзеўбаная калода, вулей’, што ўзводзіцца да балта-слав. aulei̯a‑ (Слаўскі, SP, 199), першапачатковая семантыка ’агароджаны праход’; параўн. ізасему з разарваным арэалам: славен. ulica ’агароджаная з двух бакоў вузкая дарога для прагону жывёлы на выган ці на вадапой’ і рус. уладз., маск., паўн.-рус. улица ’агароджаны праход для жывёлы’, а таксама серб.-харв. (Герцагавіна) улица ’праход да дома, агароджаны з двух бакоў высокай каменнай сцяной’ і палес. ву́личка ’вузкі праход паміж двума будынкамі ці тынамі’ (Лысенка, СПГ). Сюды ж лельч. ву́ліца ’складка ў доўгай світцы ззаду’ (Нар. лекс.). Больш агульнае значэнне ’звонку, па-за хатай’ развілося на базе супрацьпастаўлення «замкнутай» і «незамкнутай» прасторы; інакш Лучыц-Федарэц (Лексіка Палесся, 176 і наст.), які на падставе палес. гу́ліца, гу̀лыца ’двор або яго частка’ і серб. у̏лица ’двор; вуліца’ першапачатковым лічыць значэнне ’двор’, адпаведна гэтаму прасл. ulica збліжаецца з грэч. αὐλή і лац. aula ’двор, падворак’. Параўн. таксама Ваян (Зб. Іўшычу, 390 і наст.), які насуперак Фасмеру (4, 159 і наст.) па акцэнталагічных прычынах адмаўляе сувязь з ву́лей і звязвае з лац. aula; Курціна (Этимология, 1968, 99) услед за Машынскім (Pierw. zasiąg, 158 і наст.) выводзіць прасл. ulica з *ulъ ’роў’, рус. ’овраг’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ла́тка 1, ла́тачка, ла́дка ’гліняная або драўляная міска’ (Бяльк.; шкл., Мат. Маг.; паўд.-усход. КЭС; паст., брасл., лудз., глыб., Сл. паўн.-зах.), ’гліняная глыбокая міска (з загнутымі краямі)’ (Др.-Падб., Юрч., Малч., Нас., Касп., Мікуц., Мат. Гом.), ’вялікая міска’ (мядз., Жд. 2; браг., Нар. лекс.), в.-дзв. ’пасудзіна з абабітымі краямі’, чыж. ’невялікі збан з адной ручкай’, в.-дзв., паст. ’цёрла’ (Сл. паўн.-зах.), клім. ’талерка’ (Нар. словатв.). Укр. латняк ’той, хто рамантуе гаршкі’, рус. латка, ладка ’латка’, польск. łata, łatka, łotka, н.-луж. łacywa, чэш., славац. látka, серб.-харв. latka, ladka, макед. латка, ст.-слав. латъка. Памяншальная форма ад прасл. laty, latъve (параўн. ст.-слав. латы, латъве, ц.-слав. латы, латовь, славен. látva, látvica, харв. Latvica (назва вёскі), макед., балг. латвица), роднаснымі якому з’яўляюцца літ. luõtas ’човен’, с.-в.-ням. lade ’дошка, аканіца, драніца’ (Фасмер, 2, 465; Слаўскі, 5, 39). Інакш Махэк₂ (322), Брукнер (307), а таксама Трубачоў (Ремесл. терм., 219–221), які, даводзячы другаснасць даўжыні слав. läty, робіць магчымым парадніць прасл. laty і lotъkъ > бел. латак і для апошняга дапускае першаснае значэнне, звязанае з паняццем ’гліна’, ’зямля’ (параўн. бел. латачына ’лагчына’), а далей супастаўляе прасл. lotъ/lotъkъ/lotokъ з герм. laþjon (ням. Letten ’гліна’). Развіццё семантыкі прасл. laty: ’гліняны сасуд’ > ’латак, карытца’.

Ла́тка 2 ’аладка’ (Бяльк.). Да ла́дка (гл.).

Ла́тка 3 ’кучка саломы, сена’ (Жд. 1), ’пярэбірак’ (слуц., Сл. паўн.-зах.). Паводле Слаўскага (5, 37), да ла́та 1 (гл.).

Ла́тка 4 ’складка’ (капыл., Сл. паўн.-зах.). Да ладачка (гл.).

Ла́тка 5 ’лапік’ (ТСБМ). Да ла́та 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэ́сны 1 ’які прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку’; ’прыгатаваны без закваскі, не квашаны’ (ТСБМ, Ласт.), ’някіслы’, пре́сный ’тс’ (гродз., воран., ганц., рагач., рас., Сл. ПЗБ; ТС), ’свежы (пра малако)’ (КЭС; воран., гродз., Сл. ПЗБ), прэ́сна ’агульная назва прэснай стравы’ (гродз., Сл. ПЗБ); укр. при́сний, рус. пре́сный ’прэсны, някіслы, прыгатаваны без закваскі, няквашаны’, польск. przasny ’няквашаны, свежы’, чэш. přesný ’дакладны’, дыял. ’няквашаны (хлеб)’, славац. presný ’тс’, серб.-харв. пре́сан ’незаквашаны; сыры (аб мясе)’, славен. présen ’свежы; няквашаны’, балг. пре́сен ’тс’, макед. пресен ’свежы; сыры (пра мяса і пад.)’. Прасл. *prěsnъ з *prěsknъ, якое роднаснае літ. prė́skas ’свежы; няквашаны (пра хлеб, малако, капусту)’; гл. Траўтман, 231; Атрэмбскі, LP, 1, 140. Параўнанне са ст.-в.-ням. frisc ’свежы’. Фасмер (3, 360) лічыць сумнеўным з-за гукавай неадпаведнасці. Гл. таксама Фрэнкель, 652. Вештарт (Лекс. Палесся, 116) мяркуе, што ў адносінах да хлеба гэта — семантычная інавацыя, паколькі такое значэнне магло з’явіцца толькі пасля таго, як стаў вядомы квашаны хлеб, для дыферэнцыяцыі гэтых відаў хлеба.

Прэ́сны 2 ’сыры’; ’незамёрзлы’ (ТС, ПСл). Параўн. укр. жытом. прэ́сна земля́ ’зямля, якая не замерзла (пад снегам)’, прэ́сна зіма́ ’зіма, калі снег выпадае на зямлю, якая яшчэ не замерзла’ (Лексика Пол.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе слова (гл.), першапачаткова, відаць, пра зямлю свежа раскарчаваную (гл. Банькоўскі, 2, 809) або распрацаваную, параўн. балг. пре́снище ’від глебы’ (БЕР, 5, 668).

Прэ́сны 3 ’нядрэнны, добры, няшкодны’: прэ́сная баба (Мілкоўскі, Наша Слова, 2000, 1 сак.). Да прэ́сны 1; відаць, у супастаўленні з салёны (гл.) пра чалавека з рэзкім характарам. Інакш Гаўлава (Зб. памяці Слаўскага, 122), якая, лічачы што “няквашаны хлеб быў цвёрды”, дапускае развіццё ’цвёрды’ > ’злосны, жорсткі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)