ГРАФІТАПЛА́СТЫ,

пластмасы, якія маюць у якасці напаўняльніка прыродны ці штучны графіт або карбанізаваныя прадукты (коксы, тэрмаантрацыт і інш.). Сувязнымі матэрыяламі з’яўляюцца фенолаальдэгідныя і эпаксідныя смолы, поліаміды, фтарапласты і інш.

Максімальную цепла- і электраправоднасць пры здавальняючых мех. паказчыках маюць графітапласты з 75—85% (па масе) парашкападобнага штучнага графіту. Хім. ўстойлівасць графітапластаў абмежавана хім. устойлівасцю сувязнога. Адрозніваюць графітапласты тэрмарэактыўныя і тэрмапластычныя. Тэрмарэактыўныя прэс-парашкі (напр., антэгміт) атрымліваюць на аснове штучнага графіту і фенолафармальдэгідных, эпаксідных, фуранавах смол. Залівачныя кампаўнды з графітапластаў маюць добрыя мех. (у т. л. ліцейныя) уласцівасці. Тэрмапластычныя графітапласты на аснове поліамідаў (да 50% па масе) і прыроднага графіту адрозніваюцца павышанымі трываласцю і ўдарнай вязкасцю. Выкарыстоўваюць для вырабу антыкаразійных помпаў, кампрэсараў, цеплаабменнай хім. апаратуры, дэталей машын і прылад, якія працуюць у вузлах трэння без змазкі (напр., укладышы падшыпнікаў).

М.​Р.​Пракапчук.

т. 5, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЭ́ЙДЭН ((Weyden) Рагір ван дэр) (каля 1400, г. Турнэ, Бельгія — 18.6.1464),

нідэрландскі жывапісец. Прадстаўнік ранняга нідэрл. Адраджэння. Зазнаў уплыў Р.Кампена, у якога, верагодна, вучыўся. З 1435 працаваў у Бруселі. У 1450 наведаў Італію. Раннія творы не захаваліся. Для творчасці характэрна перапрацоўка маст. прыёмаў Я. ван Эйка. У рэліг. кампазіцыях, персанажы якіх адлюстраваны ў інтэр’ерах з відамі на прыроду або на ўмоўных фонах, гал. ўвагу засяроджвае на выявах першага плана, на ўнутр. стане чалавека, не імкнецца да дакладнай перадачы глыбіні прасторы і бытавых дэталей абстаноўкі. У творах Вэйдэна ўраўнаважанасць кампазіцыі, эмац. насычанасць і мяккасць колеру, некаторая падоўжанасць у прапорцыях выяў людзей. Сярод работ: «Распяцце», «Зняцце з крыжа», «Святы Лука малюе мадонну», «Партрэт жанчыны», «Франчэска д’Эстэ» і інш.

Р. ван дэр Вэйдэн. Святы Лука малюе мадонну.

т. 4, с. 336

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ЗЕРНАЯ ЗВА́РКА,

зварка плаўленнем, пры якой крыніцай цяпла з’яўляецца сфакусіраванае эл.-магн. выпрамяненне лазера. Вызначаецца бескантактнасцю (зварка праз празрыстае ваконца герметычнай пасудзіны), малым памерам зоны тэрмічнага ўплыву.

Шчыльнасць патоку выпрамянення пры Л.з. 0,1—1 МВт/см², глыбіня праплаўлення 0,05—2 мм, што дазваляе надзейна зварваць дэталі таўшчынёй 0,01—1,5 мм. Найб. пашырана імпульсная Л.з. (стварае кропкавыя злучэнні, прадукцыйнасць да 100 аперацый за мінуту), выкарыстоўваецца таксама неперарыўная (шыўная) зварка (стварае суцэльныя швы, прадукцыйнасць да 1,5—2 м/мін). Л.з. выкарыстоўваецца для злучэння металаў і сплаваў, якія не зварваюцца звычайнымі спосабамі, для зваркі канструкцый у цяжкадаступных месцах, мініяцюрных і лёгкадэфармуемых дэталей (электроннавакуумных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем і інш).

Схема лазернай зваркі. 1 — рубінавы стрыжань; 2 — лямпа напампоўвання; 3 — прамень лазера; 4 — лінза факусіроўкі праменя; 5 — загатоўкі, якія зварваюцца.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЛО́Н ((Pilon) Жэрмен) (1536—37, Парыж — 3.2.1590),

французскі скульптар і медальер; прадстаўнік Адраджэння. Вучыўся ў П.​Бантана. Працаваў у Парыжы. З 1572 гал. кантралёр Каралеўскага манетнага двара. У ранні перыяд зазнаў уплыў Ж.Гужона. Творы вызначаюцца грацыёзнасцю, тонкай рытмічнасцю, мяккасцю пластычнай формы (група «Тры грацыі» для урны з сэрцам Генрыха II, 1563, і інш.). З 1570-х г. у творах узмацнілася эмац. драматычнасць і напружанасць вобразаў («Маці Божая Засмучаная», 1586, і інш.). Майстар-партрэтыст: скульптуры грабніцы Генрыха II і Кацярыны Медычы ў абацтве Сен-Дэні (1563—70), бюст Генрыха II (1570—75), надмагілле Валянціны Бальбіяні (1583), надмагільная статуя канцлера Рэнэ дэ Бірага (1583—85) і інш. У медалях віртуозную прапрацоўку дэталей спалучаў са строгай гармоніяй кампазіцыі (медалі з партрэтамі Генрыха III, Карла IX, Кацярыны Медычы і інш.).

т. 12, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

канстру́кцыя

(лац. constructio)

1) будова, узаемнае размяшчэнне частак, дэталей якога-н. збудавання, механізма (напр. к. маста, к. самалёта);

2) збудаванне, механізм складанай будовы (напр. жалезабетонная к.); 3)лінгв. спалучэнне слоў у мове (напр. к. сказа).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

вы́раб, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. вырабіць (у 1, 2 знач.).

2. Якасны бок апрацоўкі чаго‑н.

3. Спосаб, від вытворчасці прадукцыі. Ручны выраб скур. Машынны выраб дэталей. Рэчы хатняга вырабу. □ Перад.. [дзедам] стаяла лямпа на меднай падстаўцы свайго вырабу. Бядуля.

4. пераважна мн. (вы́рабы, ‑аў). Вырабленыя рэчы; прадукт працы. Галантарэйныя вырабы. Завод жалезабетонных вырабаў. □ [Вадзім Аляксандравіч:] — Скура і футра паўночнага аленя ідзе на розныя прамысловыя вырабы. В. Вольскі.

•••

Аўчынка вырабу не варта гл. аўчынка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

транспарцёр, ‑а, м.

1. Механічнае прыстасаванне для перамяшчэння грузаў, асобных дэталей; канвеер. Экскаватар зроблены так, што можа даставаць грунт з вялікай глыбіні, зямлю можа ссыпаць па транспарцёру ў бок ад трасы, а можа пагружаць і на самазвалы. «Полымя». Спецыяльнае прыстасаванне падхоплівае буракі, і транспарцёр нясе іх уверх, сыпле ў кузавы аўтамашын. «Звязда».

2. Чыгуначная платформе для перавозкі цяжкавагавых грузаў.

3. Тое, што і бронетранспарцёр. На дарогах заставалася безліч .. тэхнікі — машыны, танкі, гарматы, транспарцёры. Шамякін.

[Фр. transporteur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ГРО́ДЗЕНСКІ ПАЛА́Ц ТЫЗЕНГА́ЎЗА.

Пабудаваны ў 1760—70-я г. ў Гродне (арх. І.​Г.​Мёзер, Дж.​Сака, маст. П.​Гежыдовіч, А.​Грушэцкі) як палац А.Тызенгаўзапач. 19 ст. рэзідэнцыя губернатара). Кампазіцыйны цэнтр Гарадніцы, гал. фасадам выходзіў на плошчу і ўтвараў трапецападобны курданёр. Аднапавярховы П-падобны ў плане мураваны будынак быў накрыты высокім вальмавым дахам з невял. мансардамі ў цэнтры бакавых крылаў і завяршаўся авальным у плане бельведэрам з купалам і скульпт. выявай Цэрэры над гал. уваходам. Аздабленне фасадаў мела элементы стылю ракако, у каларыстычным вырашэнні — спалучэнне зялёнага колеру сцен, белых ляпных дэталей, чырвонай дахоўкі. Парадныя залы былі аздоблены плафонамі з размалёўкай і мармуровымі разнымі камінамі з карскага мармуру. У ансамбль уваходзіў будынак Гродзенскага тэатра Тызенгаўза. Разбураны ў 1915. На ПнУ ад палаца праф. Ж.​Э.​Жыліберам быў створаны Гродзенскі батанічны сад.

А.​М.​Кулагін.

Гродзенскі палац Тызенгаўза.

т. 5, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МАВАГА АБУ́ТКУ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

падгаліна гумаазбеставай прамысловасці для вырабу абутку з натуральнага або сінт. каўчуку з выкарыстаннем тэкст. матэрыялаў. У залежнасці ад прызначэння гумавы абутак падзяляюць на бытавы, спарт. і тэхн.; апошні прызначаны для аховы ног чалавека ад уздзеяння вады, агрэсіўных асяроддзяў (кіслот, шчолачаў і інш.), нізкіх т-р, удараў і інш. (напр., боты для рыбакоў, шахцёраў, рабочых хім. вытв-сцей і інш.). Абутак падзяляецца па відах тэхналогіі стварэння: клеены (на канвеерах — склейваннем папярэдне падрыхтаваных дэталей), штампаваны (штампуюць на спец. прэсах з наступнымі лакіраваннем і вулканізацыяй), фармаваны (прасуюць у формах з адначасовай вулканізацыяй). Гэта вытв-сць развіта ў многіх краінах свету, асабліва ў ЗША, Германіі, Японіі, Расіі, краінах Еўропы. На Беларусі гумавага абутку вытворчасць развіваецца з 1950-х г. Дзейнічаюць Гомельскі завод хімічных вырабаў, Капыльскі завод гумава-тэхнічных вырабаў, Крычаўскі завод гумавых вырабаў.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЕВА́НГЕЛЛЕ НАПРАСТО́ЛЬНАЕ»,

помнік старажытнабеларускага кнігадрукавання. Выдадзена П.Мсціслаўцам у 1575 у Вільні на царк.-слав. мове.

Надрукавана фарматам у аркуш буйным шрыфтам, які спалучае рысы паўустава рус. і бел. рукапісаў. «Е.н.» — асобны тып кнігі, своеасаблівы фаліянт з гравіраванымі франтыспісамі (выявы евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея, Марка; мяркуюць, што ксілаграфіі з выявамі евангелістаў зрабіў Мсціславец), якія выкананы ў маньерысцкім стылі і вызначаюцца дэкаратыўнасцю. У трактоўцы фону, што складаецца з арх. дэталей, раслінных матываў, стылізаваных выяў жывёл і інш., спалучаны рысы готыкі і рэнесансу. Змешчана таксама 11 заставак і 4 ініцыялы. Застаўкі нагадваюць т.зв. старадрукарскі арнамент (адлюстраванні акантавага ліста, кедравых шышак, граната і інш.), іх узор выкананы чорнымі лініямі па белым фоне. Выкананыя на высокім для таго часу ўзроўні тэхнікі гравіравання дрэварыты, застаўкі, ініцыялы, а таксама шрыфт з’явіліся ўзорам для шматлікіх выданняў бел., рус., укр. друкарняў.

В.​Ф.​Шматаў.

т. 6, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)