МАЛЫШЭ́ЎСКІ (Іван Ігнатавіч) (25.7. 1828, в. Нягневічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. — 23.1.1897),

пісьменнік, гісторык царквы, славяназнавец. Д-р багаслоўя (1873). Скончыў Жыровіцкае духоўнае вучылішча, Мінскую духоўную семінарыю (1849) і Кіеўскую духоўную акадэмію (1853). У 1862—97 праф. Кіеўскай духоўнай акадэміі, дзе выкладаў гісторыю Расіі і рус. царквы. Даследаваў пытанні гісторыі царквы ў першыя стагоддзі хрысціянства, гісторыю візант. царквы, царквы зах. і паўд. славян. Быў прыхільнікам агульнаслав. культ. адзінства. Аўтар прац «Творы св. Кірылы Тураўскага з апісаннем яго жыцця» (1878), «Кірыла і Мяфодзій» (1885), «Заходняя Русь у барацьбе за веру і народнасць» (1895) і інш.

т. 10, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСПЕРО́ ((Maspéro) Анры) (15.12.1883, Парыж — 17.3.1945),

французскі гісторык і філолаг, кітаязнавец, спецыяліст па мовах і гісторыі краін Індакітая. Сын Г.К.Ш.Масперо. З 1908 выкладчык, з 1911 праф. Франц. школы Д. Усходу ў г. Ханой (В’етнам), з 1920 праф. кіт. мовы і л-ры Калеж дэ Франс у Парыжы. З 1935 чл., з 1944 прэзідэнт франц. Акадэміі надпісаў. Аўтар больш як 150 прац, прысвечаных Кітаю і Індакітаю, у т. л. кн. «Старажытны Кітай» (1927, ахоплівае гісторыю і культуру Кітая з 12 да 3 ст. да н.э.), «Кітайская мова» (1931). Загінуў у лагеры смерці Бухенвальд.

т. 10, с. 191

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬ ((Mill) Джэймс) (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),

англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д.Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКО́ЛЬСКІ (Міхаіл Васілевіч) (1848—15.7.1917),

расійскі гісторык-усходазнавец (семітолаг, шумеролаг і урартазнавец), заснавальнік асірыялогіі ў Расіі. Бацька М.М.Нікольскага. Д-р усеаг. гісторыі (1908). Арганізатар (1887) Усх. камісіі пры Імператарскім маскоўскім археал. т-ве. У 1893 з А.​А.​Іваноўскім узначальваў археал. экспедыцыю ў Закаўказзе, дзе зрабіў копіі многіх урарцкіх надпісаў 8—7 ст. да н.э. Даў пачатак вывучэнню паходжання клінапіснага пісьма, упершыню выдаў клінапісныя надпісы, знойдзеныя ў Расіі. Выдадзеныя ім гасп. дакументы Шумера 3-га тыс. да н.э. (каля 900 гліняных таблічак) — каштоўная крыніца для вывучэння эканам. і сац. ладу стараж. Двухрэчча.

т. 11, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЧА́Й (Фёдар Макаравіч) (9.3.1905, в. Дзяражычы Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.12.1990),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў пед. ін-т у Растове-на-Доне (1937). Дэкан гіст. ф-та (1941—43), нам. дырэктара (1943—45) Чувашскага пед. ін-та (г. Чэбаксары). З 1945 у БДУ: дэкан гіст. ф-та (1946—53), заг. кафедры гісторыі стараж. свету (1953—55), кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў (1961—77), праф. гэтай кафедры (1977—83). Даследаванні па гісторыі Стараж. Рыма.

Тв.:

Рим и италики. Мн., 1963;

Образование римского государства. Мн., 1972.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 11, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЧКІ ((Rački) Франьё) (25.11.1828, Фужыне, Харватыя — 13.2.1894),

харвацкі гісторык і паліт. дзеяч. Скончыў Венскі ун-т. З 1852 святар. З 1861 адзін з лідэраў Нар. ліберальнай партыі, з 1880 — Незалежнай нар. партыі. Выступаў за аб’яднанне харвацкіх зямель і самастойнасць паўд.-слав. зямель у складзе Аўстра-Венгрыі. Арганізатар і прэзідэнт (1867—86) Югаслаўскай акадэміі навук і мастацтваў у Заграбе. Заклаў асновы харвацкай археаграфіі, выдаў вял. колькасць дакументаў па гісторыі паўд. славян. Працы Р. прысвечаны харвацкай дзяржаве 9—11 ст., барацьбе паўд. славян за незалежнасць у 11—15 ст., гісторыі багамільства (гл. Багамілы), харвацкага дзярж. права, рус. л-ры і гістарыяграфіі.

т. 13, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАРО́НІН (Мікалай Мікалаевіч) (13.12.1904, г. Уладзімір, Расія — 4.4.1976),

рускі археолаг і гісторык мастацтва. Д-р гіст. н. (1945), праф. (1946). Скончыў Уладзімірскі ін-т нар. асветы (1923), Ленінградскі ун-т (1926). З 1932 навук. супрацоўнік Дзярж. акадэміі гісторыі матэрыяльнай культуры (з 1959 Ін-та археалогіі АН СССР). Вывучаў гісторыю культуры і дойлідства гарадоў Стараж. Русі. У 1949 вёў раскопкі на Замкавай гары ў Гродне. Даследаваў збудаванні і фрэскі Бельчыцкага Барысаглебскага манастыра ў Полацку, дойлідства Смаленска 12—13 ст. Арганізатар выдання, рэдактар і адзін з аўтараў «Гісторыі культуры Старажытнай Русі» (т. 1—2, 1948—51). Дзярж. прэмія СССР 1952, Ленінская прэмія 1965.

Т.​М.​Каробушкіна.

т. 4, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУЛА́ЦКІ (Рыгор Васілевіч) (н. 5.5.1921, в. Мачулкі Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык, журналіст. Д-р гіст. н. (1971), праф. (1972). Пасля заканчэння БДУ (1951) працаваў у ім (з 1961 заг. кафедры, адначасова з 1963 дэкан філал. ф-та, у 1967—81 дэкан ф-та журналістыкі). Даследаваў гісторыю бел. журналістыкі, публіцыст. дзейнасць некаторых бел. пісьменнікаў, рабселькораўскі рух на Беларусі і інш.

Тв.:

Первые рабселькоры Белоруссии. Мн., 1969;

Кузьма Чорны — публіцыст. Мн., 1972 (разам з І.​І.​Сачанкам);

Платон Галавач — публіцыст. Мн., 1973 (разам з Э.​А.​Карніловічам);

Гісторыя беларускай журналістыкі. Мн., 1979 (разам з І.​І.​Сачанкам, С.​В.​Говіным).

т. 3, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯРША́ДСКІ (Сяргей Аляксандравіч) (18.3.1850, г. Бярдзянск Запарожскай вобл., Украіна — 1896),

юрыст, гісторык. Магістр дзярж. права (1883). Скончыў Новарасійскі ун-т (Адэса, 1872). З 1878 выкладчык Пецярбургскага ун-та, адначасова Ваенна-юрыд. акадэміі і імператарскага Аляксандраўскага ліцэя. Нам. старшыні гіст. т-ва пры Пецярбургскім ун-це. Вывучаў па першакрыніцах (пераважна акты Метрыкі ВКЛ) гісторыю яўрэяў Літвы і Беларусі. Асн. працы: «Руска-яўрэйскі архіў: Дакументы і матэрыялы для гісторыі яўрэяў у Расіі» (т. 1—2, 1882), «Літоўскія яўрэі: Гісторыя іх юрыдычнага і грамадскага становішча ў Літве ад Вітаўта да Люблінскай уніі, 1388—1569 г.» (1883), «Лекцыі па гісторыі філасофіі права» (1885).

Дз.​У.​Караў.

т. 3, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЗА́РЫ ((Vasari) Джорджа) (30.7.1511, г. Арэца, Італія — 27.6.1574),

італьянскі архітэктар, жывапісец, гісторык мастацтва; прадстаўнік маньерызму. Вучыўся ў Фларэнцыі ў Б.​Бандынелі. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам Мікеланджэла. У пабудовах (Палацца дэі Кавальеры ў Пізе, 1562; уласны дом, 1542; Палацца дэле Лоджэ, 1573—81 у Арэца; ансамбль Уфіцы ў Фларэнцыі, 1560—73) эклектычна спалучаў элементы рэнесансавай і маньерыстычнай архітэктуры. Сярод жывапісных работ: фрэскі ў Палацца Век’ё ў Фларэнцыі (з 1555), у Зале Рэджа ў Ватыкане (1571—73). Аўтар «Жыццеапісанняў найбольш вядомых жывапісцаў, скульптараў і дойлідаў», 1550 (рус. пер., т. 1—5, 1956—71) аб жыцці і творчасці італьян. мастакоў эпохі Адраджэння.

Дж.Вазары. Палацца дэі Кавальеры ў Пізе. 1562.

т. 3, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)