самаўпэ́ўнены, ‑ая, ‑ае.
Занадта ўпэўнены ў сабе, сваіх сілах, магчымасцях. Лемяшэвіч пачуў, як ціха скрыпнула фортачка ў акне, і яму было страшэнна непрыемна пярэчыць, даводзіць цяпер гэтай самаўпэўненай і грубаватай жанчыне. Шамякін. — Нашто ж табе [Тоўхарту] трэба было нанава раджацца? — недаверліва сказаў Гальвас, бачачы ў ласкавасці свайго друга жорсткую ўладарнасць самаўпэўненага гаспадара. Чорны. // Які выражае празмерную ўпэўненасць у сабе, сведчыць пра яе. Самаўпэўненая ўсмешка. □ [Прыбытак] павітаўся з мужчынамі за руку, і нельга было не адзначыць, што ў яго заўсёды самаўпэўненай і ганарлівай постаці сёння нечага не хапала. Васілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сле́дства, ‑а, н.
Высвятленне органамі юстыцыі абставін, звязаных са злачынствам. Весці следства. Знаходзіцца пад следствам. □ Стары цікава расказваў, як яны калісьці арганізоўвалі забастоўкі рабочых Лібава-Роменскай чыгункі, як яго, тады яшчэ маладога чалавека, запраторылі ў астрог і ён прасядзеў аж цэлы год, пакуль вялося следства. Сабаленка. У сцэнах допыту, следства, самога судовага працэсу паэт выявіў сябе бліскучым майстрам сатыры. Навуменка. // зб. Разм. Асобы, якія вядуць судовае расследаванне якой‑н. справы. Назаўтра пасля забойства паручніка знайшлі пасярод дарогі, і следства пачало трэсці кожную хату. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
стрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.
1. Патрывожыць, патурбаваць каго‑н. Каб не стрывожыць .. [немца],.. [жанчына] ціхом адышлася, пасля пабегла. Чорны.
2. перан. Парушыць, перапыніць звычайны ход чаго‑н. Калі ж напад стрывожыць Жыццё маёй краіны — Ад ярых куль варожых Я марна не загіну. Глебка. // Парушыць спакой. Не стрывожыць цішы ліха. Гора сэрца не пратне. Жылка. / у паэт. ужыв. Калі сівым святлом стрывожыць крышталь-рубін, то ўспыхне ў ім прамень, які адразу можа граніт ператварыць у дым. Русецкі.
3. Разм. Зрушыць з месца. Стрывожыць сустаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
умасці́ць, умашчу, умосціш, умосціць; зак.
1. што. Разм. Вымасціць паверхню чаго‑н. (каменем, дрэвам і пад.). У парыжскі брук умошчаны акрываўленыя камяні Бастыліі. Рамановіч.
2. што. Разм. Змясціць што‑н. на невялікім месцы. Умасціць усе рэчы на воз. □ [Блішчыха:] — Можа павячэраеце з дарогі... — І ля місы з агуркамі ўмасціла цёмную пляшку. Кухараў. Падушкі, хоць і непатрэбна было іх столькі, умасціў [Аўсянік] усе чатыры. Васілевіч.
3. перан.; каго. Абл. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. [Скуратовіч] узяў сабе замуж панскую ахмістрыню, а сваю сястру ўмасціў к пані пакаёўкай. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
халада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. безас. Пра наступленне халадоў, паніжэнне тэмпературы паветра. Зноў як бы ўзнімаўся вецер і халадала. Чорны. Нізіны зацягвала туманам. Халадала. Шамякін. Халадала. Але ад перагрэтага асфальту ўсё несла чадным духам. Вышынскі.
2. Разм. Тое, што і халадзець (у 2, 3 знач.). І жорсткія думкі, ад якіх аж халадала спіна.., не пакідалі яго [Шмульке] ні на момант. Лынькоў.
3. Разм. Пакутаваць ад холаду; мерзнуць. Бабкі, прабабкі Ішлі пехатой, Ішлі месяцамі Да Лаўры святой. Давалі зарок. Халадалі, пасцілі, Каб іх ацанілі, Грахі адпусцілі. Барадулін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хале́ра, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная кішэчная хвароба, якая суправаджаецца рвотай, паносам. // Эпідэмія гэтай хваробы. У вёску ўвалілася халера.
2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова. [Рыгор:] Шпіёна ловім. Мы стаім на сваім месцы, а ён не ідзе, халера. Чорны. [Клаўдзя:] — Прызнаюся, таіла тады думачку ў сабе, што Павел ужо мой будзе, а ён... да цябе [Дуняхі], халеры, прысох. Ракітны.
•••
Адна халера — тое самае, усё роўна.
Да халеры — вельмі многа.
Халера яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).
[Лац. choléra.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хто́сьці, кагосьці, камусьці, кагосьці, кімсьці, аб кімсьці, займ. неазначальны.
1. Невядома які чалавек; нехта. Вечарам, калі Аня, падаіўшы карову, выходзіла з хлява, яе хтосьці ціха гукнуў з цемры. Мележ. На дарозе глухой Палявой Ён [хлопчык] убачыў з сястрой Кімсьці кінуты воз. Куляшоў. // Адзін з прысутных (не ўказваючы хто). — Вады! — крыкнуў хтосьці з гурту дзяцей. Якімовіч. Хтосьці з хлопцаў ступіў крок наперад і гучна спытаў: — А што тут будзе? Шыловіч.
2. Які‑н. чалавек, усё роўна хто. Толькі часамі ім апаноўвала ажыўленне, у .. [Міхала] з’яўлялася патрэба штосьці камусьці расказваць. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хутарскі́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да хутара. Хутарскія будынкі. □ Дзень добры, роднае сяло! Бывай, сядзіба хутарская!.. Арочка. // Які жыве на хутары. На дварэ вусаты дзядзька — хутарскі гаспадар — ладзіў воз. Чорны. І мы з табою закахацца Паспелі ў хутарскіх дзяўчат. Панчанка. // Уласцівы хутараніну, жыццю на хутары. І як жа тут сказаць ёй, Людзе, пра ўсё, як яе вырваць адгэтуль, з гэтай старой глухамані, з гэтай хутарской ідыліі, у якую яна і сама, здаецца, урастае з прыемнасцю? Брыль. [Рыгор] не замыкаўся ў сваёй хутарской адзіноце. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цу́кар, ‑кру, м.
1. Пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу. Людзі вараць і спажываюць варэнне, п’юць чай. Усяму аснова — цукар. Пестрак. [Зыгмусь] рэжа і кладзе на сподак лімон і пасыпае цукрам. Чорны.
2. мн. цукры́, ‑о́ў. Спец. Назва рада арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў.
3. перан. Разм. Пра што‑н. прыемнае на смак, смачнае. // Пра таго, хто прыносіць асалоду. [Хлор:] — Цукар — не дзяўчына, .. ружачка пахучая... Гартны.
•••
Посны цукар — сорт цукерак з цукру з фруктовымі сокамі.
[Ад ням. Zucker.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ясне́ць, ‑ее; незак.
1. Станавіцца ясным, светлым; праясняцца. [Воблакі] пачынаюць дзяліцца, яснець, кучаравіцца і выплываюць з-за далягляду, як каравелы. Карпаў. Неба спакваля яснела. Мележ. / у безас. ужыв. На ўсходзе ўжо яснела. // Станавіцца больш лагічным, дакладным. Думкі цяпер у яе [жанчыны] пачалі яснець. Чорны. // Станавіцца радасным, незасмучаным. Твар у старшыні яснее, у вачах паяўляецца ўсмешка. Палтаран. Твой смех звінеў, Яснеў погляд Вясновы, Як вішнёвы цвет... Барадулін.
2. Вылучацца сярод чаго‑н.; віднецца. Толькі на ўскраіне, у вузкім акенцы аднаго з дамоў, жоўтай плямай яснела шыба. Самуйлёнак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)