ЛАРЭ́Н (Lorrain; сапр.Жэле, Gellée) Клод (1600, Шамань, каля г. Эпіналь, Францыя — 23.11.1682), французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў А.Тасі ў Рыме (з 1613?). Зазнаў уплывы П.Брыля, А.Эльсхаймера, Анібале Карачы. Працаваў пераважна ў Рыме. Стварыў уласны варыянт класіцыстычнага «ідэальнага» пейзажа, у якім адзінства прасторы дасягалася праз найтанчэйшую прапрацоўку святлопаветр. асяроддзя. Творы вызначаюцца майстэрскай перадачай эфектаў рассеянага ранішняга або вечаровага святла, якое растае ў залацістай смузе («Адплыццё св. Урсулы», 1646; «Выгнанне Агары», 1668; «Кампа Вачына»), элегічным ладам кампазіцый, падпарадкаваннем сюжэта і фігур ідэалізаванаму пейзажнаму матыву (цыкл «Раніца», «Поўдзень», «Вечар», «Ноч», 1651—72). Малюнкам і афортам уласціва віртуозная святлоценявая нюансіроўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЦКЯ́ВІЧУС ((Mackevičius) Вітаўтас Стасё) (н. 14.1.1911, г. Шаўляй, Літва),
літоўскі жывапісец. Нар.маст. Літвы (1963). Скончыў Каўнаскую маст. школу (1935), вучыўся ў Парыжы ў Ш.Герэна (1938—39). З 1945 выкладаў у Маст. ін-це Літвы ў Вільнюсе (у 1953—74 рэктар). Творам уласцівы лірызм, выяўленне структуры кампазіцыі, тонкія спалучэнні колераў: пейзажы «Мост цераз Сену» (1938), «Першы снег» (1946), «Дубінгай» (1980), цыкл «Вільнюс і яго ваколіцы» (1983—85), партрэты Б.Даўгувеціса, М.Чурлёніса (абодва 1975), аўтапартрэт (1978) і інш. Аўтар тэматычных карцін «Партызаны» (1946), «Паўстанцы 1863 года» (1963), «Іспанія змагаецца» (1977), «Нарада ў падполлі» (1980), «Будаўнікі Вільнюса» (1983), паліт. карыкатур, плакатаў і інш.Дзярж. прэмія Літвы 1970.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯДЗВЕ́ДКІ (Gryllotalpidae),
сямейства насякомых надсям. цвыркуновых атр. прамакрылых. Каля 50 відаў. Пашыраны ўсюды. Шкоднікі палявых, агароднінных, пладовых культур і лясных парод. На Беларусі ў вільготных мясцінах (каля вадаёмаў, у садах, агародах і інш.) трапляецца М. звычайная (Gryllotalpa gryllotalpa).
Цела даўж. 25—60 мм, цёмнае, густа ўкрытае дробнымі валаскамі. Пярэдняспінка вялікая. Пярэднія ногі капальныя, з моцна развітымі сцёгнамі і галёнкамі. Надкрылы кароткія. Крылы шырокія, доўгія, складзеныя ў выглядзе жгутоў. Жывуць у верхніх слаях глебы. Кормяцца падземнымі ч. раслін, насеннем, насякомымі, іх лічынкамі, чарвямі. На паверхню выходзяць ноччу. Добра плаваюць. Поўны цыкл развіцця 1—3 гады. Зімуюць лічынкі і дарослыя формы.
Да арт.Мядзведкі: 1 — мядзведка звычайная; 2 — пашкоджанні карэньчыкаў сеянцаў хвоі; 3 — гняздо з яйцамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕНТА́МЕТР (ад грэч. pente + metron мера, стапа),
антычны вершаваны памер; пяцістопны дактыль, раздзелены цэзурай на 2 роўныя часткі. Схема (-◡◡-◡◡-//-◡◡-◡◡-). У 1-м радку стопы дактыля (-◡◡) могуць заменьвацца на стопы спандэя (-́-́), у 2-м не заменьваюцца. Выкарыстоўваўся толькі з гекзаметрам, утвараючы элегічны двуверш. У сілаба-танічным вершаскладанні пры перадачы П. рытмічна моцным складам адпавядаюць націскныя, рытмічна слабым — ненаціскныя. П. сустракаецца ў творах А.Пушкіна, Лесі Украінкі. У бел. паэзію П. увёў М.Багдановіч (цыкл «Пентаметры»):
З нізкага берагу дно акіяна вачам недаступна, —
Глуха укрыла яго сіняя цемень вады.
Але ўзбярыся ўгару на вяршыню прыбрэжнай страмніны, —
Кожны каменьчык на дне, пэўна, пабачыш ты стуль.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОС ((Ross) Рональд) (13.5.1857, г. Алмора, Індыя — 16.9.1932),
англійскі паразітолаг, мікрабіёлаг і ўрач. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва. Скончыў мед. школу пры Лонданскім шпіталі (1879). З 1881 працаваў урачом у Індыі, з 1899 кіраваў мед. экспедыцыяй у Зах. Афрыцы з мэтай вывучэння малярыі. У 1902—17 праф. школы трапічнай медыцыны ў Ліверпулскім ун-це, з 1926 дырэктар Ін-та трапічных хвароб у Лондане (цяпер Ін-т імя Р.). Навук. працы па вывучэнні прычын узнікнення і заканамернасцях распаўсюджвання малярыі. Ажыццявіў эксперым. заражэнне птушак трапічнай малярыяй праз укусы камароў, што дазволіла вызначыць цыкл развіцця ўзбуджальніка гэтай хваробы ў чалавека і ролю камароў роду анофелес у пераносе ўзбуджальнікаў ліхаманкі і малярыі. Нобелеўская прэмія 1902.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКАЧЫ́ЛЯС ((Skoczylas) Уладзіслаў) (4.4.1883, г. Вялічка Малапольскага ваяв., Польшча — 8.4.1934),
польскі гравёр, адзін са стваральнікаў польскай графічнай школы 20 ст. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Вене (з 1901) і АМ у Кракаве (1904—06). З 1908 выкладаў у Школе апрацоўкі дрэва ў Закапанэ, з 1922 праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Ініцыятар стварэння творчых аб’яднанняў «Рытм» (1922) і «Гравюра» («Рыт», 1925). Адзін з заснавальнікаў Ін-та прапаганды мастацтва. У творчасці выкарыстоўваў традыцыі нар. гравюры і лубка. Ксілаграфіі С. на сял. тэмы ( «Паход разбойнікаў», «Танец разбойнікаў», абедзве 1919; «Дзяўчаты з карзінамі», 1928), гар. і вясковыя пейзажы (цыкл «Старая Варшава», 1930) вылучаюцца дэкар. вытанчанасцю кампазіцыі, выразнасцю лінейнага рытму, святлоценявымі кантрастамі, фактурнымі і каларыстычнымі эфектамі.
руская паэтэса. Жонка М.Гумілёва. Паэтычны дэбют звязаны з акмеізмам. Першы зб. «Вечар» (1912). У кн. «Ружанец» (1914), «Белая чарада» (1917) замкнёны свет вытанчаных эстэт. і любоўных перажыванняў. У 1921 выйшлі зб-кі «Трыпутнік» і «Anno Domini MCM XXI» (на вокл. 1922). Нягледзячы на ломку ў 1917 звыклых для асяроддзя Ахматавай уяўленняў пра жыццё і прызначэнне паэта, яна не пакінула радзіму. Афіц. крытыка наз. яе «ўнутранай эмігранткай», творы паэтэсы не друкавалі. Аўтабіягр.цыкл «Рэквіем, 1935—1940» (апубл. 1987) пра ахвяры сталінскіх рэпрэсій. Зб. «З шасці кніг» (1940) — спроба пераадолець адзіноту. У 1940-я г. з’яўляюцца ліра-эпічныя творы на гіст. тэмы (цыкл «У саракавым годзе», паэма «Шляхам усёй зямлі», «1913 год» — 1-я ч. «Паэмы без героя»). У лірыцы 1941—45 прагучала патрыят. тэма. У 1950—60-я г. ў яе творчасці паглыбляюцца гіст.-філас. і інтымна-лірычная тэмы. У «Паэме без героя» (нап. 1940—62, поўнасцю апубл. 1976), прасякнутай літ.-гіст. і асабістымі асацыяцыямі, адлюстравала эпоху «сярэбранага стагоддзя». Гісторыя, час, лёс — асн. тэмы зб. «Бег часу: Вершы, 1909—1965» (1965). Творам Ахматавай уласцівы напружаны псіхалагізм, выразнасць і дакладнасць слова, класічная прастата і яснасць стылю. Пераклады з усходняй, зах.-еўрап. класічнай паэзіі, з бел. — вершы У.Дубоўкі, М.Лужаніна; літ.-знаўчыя працы («Апошняя казка Пушкіна», «Гібель Пушкіна» і інш.), успаміны. На бел. мову творы Ахматавай перакладалі Э.Агняцвет, В.Аколава, Р.Баравікова, П.Макаль, В.Макарэвіч, Я.Міклашэўскі, В.Рабкевіч і інш.
Тв.:
Сочинения. Т. 1—2. М., 1990;
Дыхание песни: Кн. переводов. М., 1988.
Літ.:
Жирмунский В.М. Творчество Анны Ахматовой. Л., 1973;
Павловский А.И. Анна Ахматова: Жизнь и творчество. М., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СЛЕНІЧНЫЯ ПЕ́СНІ, масленіцы, масленкі,
жанр каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх еўрап. народаў. Паводле сезоннай прымеркаванасці адносяцца да веснавых песень: завяршаюць зімовы і пачынаюць веснавы песенны цыкл. У розных народаў існуюць у розных версіях адпаведна веснавому ці зімоваму характару святкавання: пераважна веснавой (бел.-ўкр.), па-зімоваму карнавальнай (паўд.-славянскай), мяшанай (рускай). Веснавыя версіі змыкаюцца з гуканнямі вясны, зімовыя з праводзінамі зімы. У бел. каляндарна-песенным фальклоры М.п. ўваходзяць у веснавы цыкл (спяваюцца «як на вясну пацягне»). Пашыраны пераважна на Падняпроўі і Паазер’і. Тыповы сюжэт М.п. — «масленіца-ласуха» (пасля якой настае вял. пост) і «масленіца-падманка» («казалі, масленкі сем нядзель // ажно тыя масленкі — адзін дзень. // Адна нядзелька — і тая караценька»). Многія сюжэты пераклікаюцца з веснавымі карагодамі (жарт. проціпастаўленне адносін да нялюбага старога і мілага «роўніцы»). Для раёнаў цэнтр. Паазер’я найб. характэрны М.п., што спяваліся ў час гушкання на арэлях. Іх напевы спалучаюць у сабе інтанацыі веснавых гуканняў са свабодным рытмам «гушкальнага размаху». Тыповыя прыпевы — «гу-та-та», «гу-ля-лё» або «масленіца, масленіца». На Падняпроўі М.п. нярэдка маюць аднолькавыя тыпавыя напевы з веснавымі гуканнямі. У паўн. раёнах Віцебшчыны М.п., як і само святкаванне, набліжаюцца да рус. варыянтаў «праводзін зімы». Для зах. рэгіёна спецыфічныя М.п. з тыпалагічна акрэсленымі напевамі не ўласцівы і іх замяняюць умоўна прымеркаваныя да гэтага часу лірычныя і апавядальныя песні (т.зв. «запусныя»), якія не нясуць рытуальнай функцыі і выконваюцца ў «бяседзе» («у час гасцявання»).
Публ.:
Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;
Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
хранало́гія, ‑і, ж.
1. Навука, якая вывучае гісторыю летазлічэння. // Дапаможная гістарычная дысцыпліна, што ўстанаўлівае гістарычныя даты, час з’яўлення дакументаў і пад.
2. Пералік падзей у іх часавай паслядоўнасці. Храналогія беларускай гісторыі.
3. Паслядоўнасць паяўлення чаго‑н. у часе. Храналогія падзей. □ Цыкл гэтых твораў будзе ісці не толькі па лініі храналогіі, а адначасна і па лініі ідэ[йн]ых катэгорый (носьбітамі і творцамі якіх ёсць чалавечыя вобразы): бацькаўшчына, уласнасць, закон, сваяцтва і г. д.Чорны.Знаходка ўнікальнага экземпляра «Малой падарожнай кніжыцы» ў капенгагенскай бібліятэцы ўносіць істотную папраўку ў храналогію скарынінскіх выданняў.«Помнікі».
•••
Геалагічная храналогія — устанаўленне перыядаў узнікнення розных пластоў Зямлі.
[Ад грэч. chronos — час і logos — вучэнне.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ды́птых
(гр. diptychos = падвойны)
1) складная, пакрытая воскам дошчачка для пісьма ў старажытных грэкаў і рымлян;
2) двухстворкавы складзень з жывапісным малюнкам на кожнай створцы;
3) кампазіцыя з дзвюх карцін, звязаных адзінай задумай;
4) музычны цыкл з дзвюх п’ес.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)