рускі цар [1645—76]. З дынастыі Раманавых. Сын Міхаіла Фёдаравіча. Выхоўваўся баярынам Б.І.Марозавым, які з 1645 фактычна правіў у Маскве. Аляксей Міхайлавіч пачаў правіць краінай з 1648, калі паабяцаў маскоўскім паўстанцам адхіліць Марозава ад спраў. Удзельнічаў у складанні і зацвярджэнні Саборнага ўлажэння 1649. Для ўзмацнення цэнтралізацыі кіравання дзяржавай у 1654 стварыў «Прыказ тайных спраў». Правёў пасадскую (1649—52), царкоўную (гл.Раскол), мытныя (гл.Гандлёвы статут 1653, Новагандлёвы статут 1667), грашовую (1654—63) і інш.рэформы, рэарганізаваў узбр. сілы, прыцягваў на службу іншаземцаў. Пры ім адбыліся паўстанні гараджан у Ноўгарадзе і Пскове (1650), Салавецкае паўстанне 1668—76, Сялянская вайна 1670—71. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 на чале адной з армій заняў у 1654—56 каля 200 бел. гарадоў, мястэчак, замкаў, у т. л. Вільню, пасля чаго стаў тытулаваць сябе «ўсяе Вялікія, Малыя і Белыя Русі самадзержцам»; раздаваў бел. землі рас. дваранам і баярам, прымусова перасяляў жыхароў Беларусі (асабліва рамеснікаў) у Расію. Вёў таксама вайну Расіі са Швецыяй 1656—58 і інш. Аўтар няскончаных мемуараў пра вайну 1654—67.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРКО́ЎСКІ Віктар Іванавіч (18.1.1900, Мінск — 26.12.1982),
рускі мовазнавец. Акад.АНСССР (1972, чл.-кар. з 1958), д-рфілал.н. (1950), праф. (1930).Замежны чл. Германскай АН у Берліне (1969), чл.-кар. Акадэміі навук і л-ры ў Майнцы (ФРГ, 1969). Скончыў Петраградскі ун-т (1923). У 1930—50 у Магілёўскім, Наўгародскім, Яраслаўскім і інш.пед. ін-тах, Львоўскім ун-це. З 1950 у Ін-це мовазнаўства АНСССР (у 1954—60 дырэктар), з 1960 у Ін-це рус. мовы АНСССР. Даследаваў стараж.-рус. пісьменства, гіст. граматыку, параўнальна-гіст. сінтаксіс і дыялекталогію ўсх.-слав. моў. Аўтар прац аб мове Суздальскага летапісу. За даследаванне і публікацыю наўгародскіх берасцяных грамат Дзярж. прэмія СССР 1970. У 1930-я г. выступаў па пытаннях рэформыбел. правапісу. Аўтар манаграфіі «Сінтаксіс казак: Руска-беларускія паралелі» (1981), навук.-біягр. артыкула пра акад. Я.Ф.Карскага, рэдактар яго твораў «Беларусы» (вып. 1—3, 2-е выд., 1955—56) і «Працы па беларускай і іншых славянскіх мовах» (1962).
Літ.:
Список печатных трудов В.Н.Борковского // Проблемы истории и диалектологии славянских языков. М., 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫСВЯ́ТЫ,
вёска ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., каля воз. Дрысвяты, на аўтадарозе Відзы—Даўгаўпілс. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 35 км на З ад Браслава, 255 км ад Віцебска, 65 км ад чыг. ст. Друя. 367 ж., 137 двароў (1997).
Упершыню ўпамінаюцца ў дакументах 15 ст. У розны час належалі Радзівілам, Сапегам, Агінскім, Лапацінскім і інш. У 14—17 ст. на востраве воз. Дрысвяты існаваў Дрысвяцкі замак. Пасля адм.рэформыВКЛ 1565—66 у Браслаўскім пав. Віленскага ваяв. Паводле інвентара за 1722, у Д. каля 400 ж., 52 дымы, 25 корчмаў, касцёл, плябанія, царква. У канцы 19 ст. ў мястэчку Д. 205 ж. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Браслаўскага пав. Віленскага ваяв. 74 дамы, 375 ж. (1931). З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Відзаўскага р-на. З 1960 у Браслаўскім р-не. 99 двароў, 275 ж. (1971).
Сярэдняя школа, Дом культуры, б-га, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры — Дрысвяцкая царква (1908) і Дрысвяцкі Петрапаўлаўскі касцёл (1929). На востраве воз. Дрысвяты археал. помнікі Дрысвяты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАГЭЛНІЧА́НУ (Kogálniceanu) Міхаіл (6.9.1817, г. Ясы, Румынія —20.6.1891),
румынскі і малд.паліт. і дзярж. дзеяч, гісторык, пісьменнік. Вучыўся ў Францыі і Германіі (1834—48). У 1843—44 выкладаў у Міхайлаўскай акадэміі ў Ясах. Удзельнік рэв. руху 1848 у Малд. княстве, пасля яго задушэння (май 1848) у эміграцыі (Чарнавіцы, да 1849). Склаў дакумент «Пажаданні нацыянальнай партыі ў Малдове», у якім прапанаваў праграму рэформ (роўнасць грамадз. і паліт. правоў, асабістая свабода, адданне зямлі сялянам за выкуп) і выступаў за аб’яднанне Малдовы і Валахіі ў адзіную Рум. дзяржаву. У 1860—61 кіраўнік урада Малдовы, у 1863—65 — Рум. княства; правёў агр. (1864) і інш.рэформы. У 1876 і 1877—78 міністр замежных спраў Румыніі; напярэдадні рус.-тур. вайны 1877—78 падпісаў канвенцыю аб праходзе рас. войск праз рум. тэрыторыю. 21.5.1877 абвясціў незалежнасць Румыніі. У 1868—70 і 1879—80 міністр унутр. спраў. У 1887—90 прэзідэнт Рум. акадэміі. Аўтар «Гісторыі Валахіі, Малдовы і задунайскіх валахаў» (1837), шэрагу навел, нарысаў і п’ес. Апублікаваў архіўныя матэрыялы «Летапісы Малдаўскай дзяржавы» (т. 1—3, 1845—52).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ХАНАВА,
гарадскі пасёлак у Талачынскім р-не Віцебскай вобл. За 24 км на ПнУ ад г. Талачын, 112 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Коханава на лініі Мінск—Орша, аўтадарогамі злучаны з Оршай і Талачыном. 5,0 тыс.ж. (1998).
Узнікла да пач. 16 ст. ў частцы Друцкага княства, якая належала кн. І.В.Друцкаму-Краснаму. З 1551 уладанне Гарнастаяў. У выніку адм.рэформыВКЛ 1565—66 К. ўключана ў Аршанскі пав. Паводле інвентара за 1624 К. — мястэчка ў складзе маёнтка Стараселле Л.І.Сапегі. З 1772 у Рас. імперыі, у Копыскім пав. Магілёўскай губ. У 1785 у мястэчку К. 324 ж, 57 двароў. У пач. 20 ст. мястэчка, цэнтр воласці, 1,2 тыс.ж., нар. вучылішча, лячэбніца. У 1924—31, 1946—56 цэнтр Коханаўскага раёна, у 1931—46 і з 1956 у Талачынскім р-не. З 19.2.1947 гар. пасёлак.
Вытв. аб’яднанне «Будіндустрыялізацыя», ільнозавод. Сярэдняя, дзіцяча-юнацкая спарт., мастацтваў і тэхн. творчасці школы, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МИ́НСКОЕ Э́ХО»,
штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета ліберальна-бурж. кірунку. Выдавалася з 30.5(12.6).1908 да 20.9(3.10).1909 у Мінску на рус. мове. Выступала за бурж.-дэмакр.рэформы, абмежаванае культ.-нац. самавызначэнне народаў, эвалюцыйнае развіццё грамадства на аснове раўнапраўя, свабоды слова. Змяшчала агляды друку, крытычныя матэрыялы на асобныя рэакц. выданні («Минское слово» і інш.), камерцыйную рэкламу і аб’явы, антываен. публіцыстыку, белетрыстыку, маст. творы мясц. аўтараў. Інфармавала пра тэатр. і муз. жыццё Мінска, дзейнасць Мінскага літ.-артыстычнага т-ва. Пры асвятленні эстэт. праблем схілялася да народніцкай крытыкі, займала кампрамісную пазіцыю ў спрэчках паміж прыхільнікамі рэалізму і мадэрнізму. Апублікавала літ.-крытычныя нататкі, літ. агляды пра рус., бел. пісьменнікаў, кампазітараў (Л.Андрэева, М.Арцыбашава, С.Гарадзецкага, М.Гумілёва, М.Горкага, А.Каменскага, Я.Купалу, Л.Талстога, П.Чайкоўскага, А.Чэхава), а таксама замежных (М.Метэрлінка, Ю.Славацкага), пра юбілеі М.Гогаля, І.Тургенева.
Літ.:
Конон В.М. Проблемы искусства и эстетики в общественной мысли Белоруссии начала XX в. Мн., 1985. С. 136—153.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1820—23,
нацыянальна-вызв. (супраць акупацыі краіны англ. войскамі) і антыабсалютысцкая рэвалюцыя ў Партугаліі. Пачалася пад уплывам Ісп. рэвалюцыі 1820—23 з паўстання артыл. палка ў г.Порту 24.8.1820 пад заклікам увядзення канстытуцыйнага ладу. Пасля падтрымкі паўстання гарнізонам Лісабона 15.9.1820 скінуты ўрад, 27 вер. створана жунта (часовы ўрад). Яна забараніла галоўнакамандуючаму англ. акупацыйнымі войскамі У.Берэсфарду (прыбыў з англ. эскадрай з Бразіліі, дзе атрымаў паўнамоцтвы ад партуг. караля Жуана VI) высадзіцца ў Партугаліі і запатрабавала, каб кароль вярнуўся ў Лісабон. У студз. 1821 скліканыя жунтай агульнапартуг. картэсы прынялі праект ліберальнай канстытуцыі (набыла сілу 23.9.1822), якая абвясціла Партугалію канстытуцыйнай манархіяй, абвясціла свабоду ўсіх партугальцаў і іх роўнасць перад законам, ідэю суверэннасці партуг. нацыі, скасаванне інквізіцыі і інш. Канстытуцыю прызнаў Жуан VI, які ў ліп. 1821 вярнуўся ў Партугалію. У пач. 1823 незадаволеныя «прыгнётам лібералізму» абсалютысты на чале з сынам караля Мігелам развязалі Мігелісцкія войны 1823—34. У гэтых умовах Жуан VI адмяніў канстытуцыю, а картэсы 30.5.1823 самараспусціліся. П.р. 1820—23 паклала пачатак перыяду працяглай барацьбы за ліберальныя рэформы ў краіне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАГАЧО́ЎСКАЯ ВО́ЛАСЦЬ, Рагачоўскае староства,
буйны дзярж. маёнтак у ВКЛ у 14—18 ст. У канцы 14 ст. належала кн. Ю.Талочку, пазней — вял.кн.ВКЛ Вітаўту. У 1397 з яго вылучана Бярэзінская зямля, у 1440-я г. — маёнткі Плесавічы і Ціхінічы. У 1456 воласць падаравана выхадцу з Масквы, удзельнаму кн. І.В.Яраславічу (Бароўскаму), потым яго сыну Ф.І.Яраславічу, які ў 1509 завяшчаў яе вял.кн. Жыгімонту I. Апошні ўступіў у валоданне Р.в. ў 1519 і падараваў яе сваёй жонцы Боне Сфорца. Кіравалі воласцю намеснікі Боны, з 1556 — дзярж. маёнтак (староства). Паводле адм.-тэр.рэформы 1565—66 уключана ў Рэчыцкі пав. У 1563 тром полацкім шляхціцам замест занятых рас. войскамі маёнткаў часова аддадзены са складу Р.в. сёлы Званец і Хлобін (сучасны Жлобін?). Паводле люстрацыі 1765, у складзе Р.в. мяст. Рагачоў і 27 вёсак (разам больш за 700 двароў), падзялялася на Задняпроўскае, Задруцкае і Рагачоўскае войтаўствы. У 1772 тэр. Р.в. на У ад рэк Друць і Дняпро адышла да Расійскай імперыі, рэшта воласці далучана да Расіі ў 1793.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРУ́МЭН (Truman) Гары Спенсер (8.5.1884, Ламар, штат Місуры, ЗША — 26.12.1972),
палітычны і дзярж. дзеяч ЗША. Быў клеркам, бухгалтарам, фермерам, саўладальнікам магазіна. Удзельнік 1-й сусв. вайны на тэр. Францыі, капітан. Пасля вайны чл.Дэмакр. партыі. З 1926 старшыня акруговага суда ў штаце Місуры.
З 1934 сенатар ад гэтага штата. Са студз. 1945 віцэ-прэзідэнт ЗША у адміністрацыі Ф.Д.Рузвельта, пасля яго смерці прэзідэнт краіны ад Дэмакр. партыі (1945—53; выбраны ў 1948). Урад Т. з 1946 канфрантаваў з пануючымі ў кангрэсе ЗША прадстаўнікамі Рэсп. партыі, з 1949 працягваў рэформы ў духу «новага курсу» Рузвельта, але абмяжоўваў дзейнасць прафсаюзаў паводле Тафта—Хартлі закона. У час Патсдамскай канферэнцыі 1945 Т. загадаў скінуць ядз. бомбы на яп. гарады Хірасіму і Нагасакі (6 і 9.8.1945). Пасля 2-й сусв. вайны імкнуўся процідзейнічаць пашырэнню сферы ўплыву СССР у свеце, дзеля чаго былі прыняты Трумэна дактрына і Маршала план, засн.Цэнтральнае разведвальнае ўпраўленне і Арганізацыя Паўночнаатлантычнага дагавора, войскі ЗША удзельнічалі ў карэйскай вайне 1950—53. Аўтар мемуараў.
Літ.:
Маныкин А.С. «Эра демократов»: партийная перегруппировка в США. 1933—1952. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТРЫУМВІРА́Т [лац. triumviratus ад tres (trium) тры + vir муж],
у Старажытным Рыме: 1) калегія з 3 асоб (трыумвіраў), прызначаных ці выбраных для рэалізацыі пэўных мэт (напр., у 133 да н.э. для правядзення зямельнай рэформы Тыберыя Гракха).
2) У час грамадз. войнаў у 1 ст. да н.э. саюз 3 паліт.ваен. дзеячаў, створаны з мэтай захопу і падзелу ўлады. 1-ы Т. у 60 (або 59) — 53 да н.э. паміж Юліем Цэзарам, Гнеем Пампеем, Ліцыніем Красам, якія, зрабіўшы сваёй апорай легіёны, падзялілі паміж сабой і прыхільнікамі дзярж. пасады, праводзілі ў сваіх інтарэсах законы. Вядучая роля ў 1-м Т. належала Цэзару. Пасля гібелі Ліцынія Краса і абвастрэння адносін паміж Пампеем і Цэзарам 1-ы Т. распаўся. 2-і Т. 43—36 (фармальна да 31 да н.э.) заключаны паміж Гаем Аўгустам, Маркам Антоніем і Лепідам супраць рэспубліканцаў на чале з Маркам Брутам і Касіем. Каміцыі зацвердзілі надзвычайныя паўнамоцтвы трыумвіраў, якія выкарысталі іх для арганізацыі праскрыпцый і падзелу правінцый. Гэты Т. распаўся з-за супярэчнасцей паміж трыумвірамі, гал. чынам паміж Актавіянам і Антоніем.