АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-КАМА́НДНАЯ СІСТЭ́МА антыдэмакратычная іерархічна арганізаваная сістэма кіравання грамадствам, заснаваная на прынцыпах бюракратычнага цэнтралізму і адміністравання. Найчасцей пашырана ў краінах, дзе пануе практыка паліт. ўладарання, што характарызуецца рэжымам асабістай дыктатуры (гл. Аўтарытарызм) або непадзельным кантролем адной паліт. партыі, групы, ідэалогіі за ўсімі сферамі жыцця грамадства і асобы (га. Таталітарызм). Такі манапалізм найперш характэрны для сац.-эканам. сістэмы сацыялізму, якая не змагла забяспечыць свабоднае нац.-дзярж. і культ. развіццё народаў, больш высокую прадукцыйнасць працы і ўзровень жыцця людзей у параўнанні з краінамі «процілеглай» сістэмы. У Сав. Расіі, б. СССР, у т. л. на Беларусі, асн. рысы такой сістэмы пачалі складвацца ў перыяд «ваеннага камунізму» і развіліся ў 1920—30-я г. з усталяваннем сталінскага таталітарнага рэжыму. Гэта праяўлялася ва ўсеагульнай цэнтралізацыі кіравання, выкарыстанні адм.-камандных метадаў, зрошчванні парт. і дзярж. апарату, правядзенні масавых рэпрэсій і фактычнай ліквідацыі інстытутаў дэмакратыі. У эканоміцы базай адміністрацыйна-каманднай сістэмы з’яўляецца манаполія дзярж. формы ўласнасці на сродкі вытворчасці і вынікі працы. Асн. сродкі эканам. рэгулявання ў рамках адміністрацыйна-каманднай сістэмы — дырэктыўнае планаванне, цэнтралізаванае размеркаванне ўсіх відаў рэсурсаў і прадукцыі, выкарыстанне пазаэканам. формаў прымусу, іерархічная вертыкальная структура кіравання, ураўняльныя тэндэнцыі пры размеркаванні вынікаў працы ў спалучэнні з шырокай сістэмай прывілеяў для бюракратычнага апарату. Абавязковыя элементы парт.-дзярж. рэгулявання сац. працэсаў — ліквідацыя рэшткаў рыначных адносін і свабоднага прадпрымальніцтва, прымусовая калектывізацыя і раскулачванне сялянства, прымусовыя падпіскі на дзярж. пазыкі, рэзкае павелічэнне падаткаў і г.д. Сістэма, пабудаваная на насіллі і ігнараванні эканам. законаў, завяла ў тупік эканоміку краіны, стала прычынай крызісных з’яў у розных галінах нар. гаспадаркі і сац.-эканам. краху ў канцы 1980 — пач. 1990-х г. Канцэнтрацыя ўлады ў руках крайне вузкай і малакампетэнтнай групы вышэйшых чыноўнікаў, прымат паліт. волі над эканам. мэтазгоднасцю, свядомае процідзеянне працэсу нац.-культ. адраджэння спарадзілі адчужэнне грамадзян ад дзяржавы і ўласнасці, падарвалі духоўны і стваральна-творчы патэнцыял бел. грамадства. Пасля распаду СССР і ўтварэння незалежнай дзяржавы на Беларусі ўзніклі аб’ектыўныя перадумовы для ліквідацыі негатыўных вынікаў адміністрацыйна-камандная сістэма, усталявання дэмакр. сістэмы кіравання сац. працэсамі, ажыццяўлення суверэннага права народа на самавызначэнне і свабоду выбару ўласнага шляху развіцця.

Літ.:

Экономическая история: Проблемы и исследования. М., 1987;

Правда истории: память и боль. Мн., 1991;

Эканамічная гісторыя Беларусі. Мн., 1993.

В.​І.​Мянькоўскі.

т. 1, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗЕЛЯНЕ́ННЕ,

комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні або стварэнні і выкарыстанні расліннага покрыва ў населеных месцах і іх наваколлі з мэтай палепшыць якасць асяроддзя. Мае сан.-экалагічнае (зялёныя насаджэнні сярод забудоў, уключаючы прамысл. зоны, зніжаюць узровень шуму, затрымліваюць пыл і аэразолі, садзейнічаюць памяншэнню канцэнтрацыі дыму і шкодных газаў у атмасферы, павелічэнню іанізацыі паветра, наяўнасці кіслароду і фітагенных злучэнняў, якія валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі і знішчаюць узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл, змяншаюць яркасць сонечнага святла і радыяцыйную т-ру і інш.), рэкрэацыйнае (месцы адпачынку), гаспадарчае (выконваюць ветраахоўную функцыю, з’яўляюцца сродкамі аптымальнага размеркавання ападкаў і паверхневага сцёку, барацьбы з эрозіяй глебы і інш.), арх.-дэкаратыўнае і эстэтычнае (ствараюць у нас. пунктах натуральнае пейзажнае асяроддзе, узбагачаюць іх арх. аблічча) значэнне. Зялёныя насаджэнні падзяляюцца на агульныя (паркі, сады, скверы, бульвары, алеі і інш.), абмежаваныя (у дварах школьных, дашкольных, лячэбных, н.-д. і інш. устаноў, у жылых раёнах) і спецыяльныя (вакол прамысл. прадпрыемстваў, водаахоўныя, проціпажарныя, супрацьэразійныя і інш.). Фарміраванне сістэмы азелянення ў розных нас. месцах залежыць ад іх геагр. становішча, мясц. кліматычных і прыродна-ландшафтных умоў (наяўныя лясныя масівы, асаблівасці рэльефу і глеб, размяшчэнне вадаёмаў), памераў, нар.-гасп. профілю і планіровачнай структуры гарадоў і пасёлкаў.

На Беларусі мэтанакіраванае азеляненне пашырылася з 17—18 ст. (гл. Садова-паркавае мастацтва). Сучаснае азеляненне ажыццяўляецца на аснове навукова-абгрунтаваных прынцыпаў і нарматываў: прадугледжваецца раўнамернае размеркаванне зялёных масіваў сярод забудовы ўсіх відаў, сувязь іх паміж сабой і з прыгараднымі лясамі і вадаёмамі, макс. захаванне існуючых насаджэнняў і інш. Зялёныя насаджэнні гарадоў займаюць каля 20% агульнай пл. гар. зямель і складаюць каля 40 тыс. га. Створана больш за 40 паркаў культуры і адпачынку, дзіцячых і старт., каля 160 агульнагарадскіх, больш за 1 тыс. садоў і сквераў, каля 50 бульвараў, існуе каля 120 зялёных зон. Састаўной ч. азелянення горада з’яўляюцца насаджэнні прыгараднай зоны: лясы, лесапаркі, лугапаркі, пладовыя сады і інш., якія ствараюць умовы для масавага адпачынку насельніцтва і садзейнічаюць аздараўленню гар. паветра. Н.-д. работа па азеляненні вядзецца ў Цэнтр. бат. садзе і Ін-це экстрым. батанікі АН Беларусі, БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.

Да арт. Азеляненне. Зялёныя насаджэнні: на вуліцы А.​Міцкевіча ў Брэсце (злева); на тэрыторыі Аршанскага льнокамбіната.

т. 1, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАГЕАГРА́ФІЯ (ад палеа... + геаграфія),

навука пра фізіка-геагр. ўмовы мінулых геал. эпох; частка гіст. геалогіі і адначасова фіз. геаграфіі. Асн. пытанні П. — размеркаванне сушы і мора ў стараж. эпохі, вобласці зносу і намнажэння асадкаў, рэльеф сушы і дна мораў, фіз.-хім. і дынамічныя асаблівасці марскіх басейнаў, клімат і інш. Метады П. грунтуюцца на вывучэнні горных парод (пашырэнне і магутнасці, структурныя і тэкстурныя асаблівасці, мінер. і хім. састаў, характар і ўмовы залягання, ізатопы кіслароду і вугляроду і інш.), а таксама арган. рэштак у іх, якія адлюстроўваюць умовы асяроддзя пры асадканамнажэнні. На аснове палеагеагр. даследаванняў складаюцца палеагеаграфічныя карты. П. цесна звязана з вучэннем аб фацыях, літалогіяй, палеанталогіяй, стратыграфіяй, геахіміяй, кліматалогіяй, геатэктонікай, геафізікай і інш. Падзяляецца на агульную П., якая вывучае асн. заканамернасці змены геагр. абалонкі Зямлі, і рэгіянальную П., якая даследуе фіз.-геагр. ўмовы пэўных тэрыторый у асобныя геал. перыяды.

П. ўзнікла ў сярэдзіне 19 ст. пасля распрацоўкі адноснай геахраналагічнай шкалы на аснове звестак біястратыграфіі, з’яўлення вучэння аб фацыях (швейц. геолаг А.​Грэслі) і абгрунтавання метаду актуалізму (англ. геолаг Ч Лаель). У самаст. галіну вылучылася ў пач. 20 ст., калі палеагеагр. рэканструкцыі сталі перадумовай пошуку карысных выкапняў. Уклад у развіццё П. зрабілі рас. і сав. вучоныя М.​І.​Андрусаў, А.​П.​Карпінскі, А.​Дз.​Архангельскі, Дз.​В.​Наліўкін, М.​М.​Страхаў, Л.​Б.​Рухін, К.​К.​Маркаў і інш.

На Беларусі палеагеагр. даследаванні пачаліся ў 1-й пал. 20 ст. (П.​А.​Туткоўскі, Ф.​В.​Лунгерсгаўзен, М.​Ф.​Бліадухо). У 1950—60-я г. складзены палеагеагр. карты верхняга пратэразою, палеазою, мезазою, кайназою (В.​С.​Акімец, Л.​М.​Вазнячук, В.​К.​Галубцоў, С.​С.​Маныкін, А.​С.​Махнач, І.​В.​Міцяніна, М.​М.​Цапенка і інш.), вывучаны этапы развіцця расліннасці ў дэвоне-карбоне (Г.​І.​Кеда), антрапагене (Н.​А.​Махнач), даследаваны стараж. палеарэкі (Г.​І.​Гарэцкі). Даследаванні па праблемах карысных выкапняў абагульнены ў працах Л.​Ф.​Ажгірэвіч, Я.​І.​Аношкі, У.​Я.​Бардона. М.​В.​Вераценнікава, Э.​А.​Высоцкага, Г.​У.​Зінавенкі, С.​А.​Кручака, М.​М.​Лявых, Э.​А.​Ляўкова, К.​М.​Манкевіча, В.​А.​Масквіча, А.​А.​Махнача, А.​В.​Мацвеева, І.​І.​Ур’ева, У.​І.​Шкуратава і інш).

Літ.:

Рухин Л.Б. Основы общей палеогеографии. 2 изд. Л., 1962;

Геология СССР. Т. 3. Белорусская ССР. Геологическое описание. М., 1971.

С.​А.​Кручак.

т. 11, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РО́ЎНАСЦЬ САЦЫЕ́ЛЬНАЯ,

паняцце, якое вызначае аднолькавае становішча, правы і свабоды розных сац. груп і асобных людзей у грамадстве. Прадугледжвае забеспячэнне ўсім членам соцыуму неабходнага сацыяльна гарантаванага ўзроўню жыцця, рэальнай роўнасці сац. магчымасцей, замацаванне сац. стабільнасці грамадства. Паняцце «Р.с.» цесна звязана з паняццем сац. справядлівасці. Можа рэалізоўвацца толькі пры пэўных сац.-паліт., эканам. і культ. умовах, эканам. і паліт. самастойнасці людзей, рэальных магчымасцях павышэння іх адукацыйнага і прафес. ўзроўню, духоўным удасканальванні грамадскіх адносін.

Вытокі ідэі Р.с. як прынцыпу арг-цыі грамадства ў ант. філасофіі, дзе яна разглядалася як роўнасць членаў аднаго саслоўя пры няроўнасці паміж рознымі саслоўямі (Платон, Арыстоцель). У хрысц. філасофіі Р.с. з’яўлялася рэліг. нормай і вызначалася як прынцып «перад Богам усе роўныя». У эпохі Адраджэння і Асветніцтва яна набыла свецкі характар як ідэя прыроднай роўнасці людзей; у перыяд усталявання бурж. грамадства — як ідэя «свабоды, роўнасці і брацтва» проціпастаўлялася феад.-саслоўнай светабудове. Ідэі роўнасці ўсіх грамадзян перад законам і размеркавання сац. даброт не па саслоўнай прыналежнасці, а па канкрэтным укладзе ў сац. развіццё адлюстраваны ў «Дэкларацыі незалежнасці» ў ЗША (1776) і «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна» ў Францыі (1789). Пры станаўленні капіталіст. грамадства рэалізацыя ідэй Р.с. прывяла да значных змен у грамадскіх адносінах: скасаваны саслоўі і саслоўныя адносіны, заканадаўча замацаваны прынцып роўнасці людзей перад законам. Адзін з варыянтаў рэалізацыі Р.с. быў прапанаваны тэорыяй сацыяліст. і камуніст. будаўніцтва, у якой планавалася забяспечыць сац., эканам. і паліт. раўнапраўе грамадзян незалежна ад іх сац. паходжання, нац. і канфесіянальнай прыналежнасці, гарантаваць права на працу і яе адэкватную аплату, справядлівае размеркаванне грамадскіх фондаў спажывання і інш. Рэалізацыя гэтых планаў прывяла да вырашэння некат. праблем Р.с., але і да павелічэння бюракратычнага апарату і т.зв. «ураўнілаўкі» ў грамадстве.

Сярод сучасных канцэпцый сац. развіцця вылучаюць тэорыі, якія даказваюць, што сац. няроўнасць з’яўляецца адзіным і натуральным спосабам існавання грамадства (тэорыя функцыяналізму Э.​Дзюркгейма, В.​Э.​Мура, тэорыя статусных груп М.​Вебера і інш.), і тэорыі, паводле якіх у выніку мэтазгоднай рэарганізацыі дзяржавы і грамадства, рэвалюцый сацыяльных можна дасягнуць Р.с. (неамарксізм, дэмакратычны, этычны, кааператыўны сацыялізм, тэорыя «сацыяльнай дзяржавы» і інш.).

Літ.:

Новгородцев П.И. Об общественном идеале. М., 1991;

Ролз Дж. Теория справедливости: Пер. с англ. Новосибирск, 1995;

Самсонова Т.Н. Справедливость равенства и равенство справедливости: Из истории западноевроп. утопич. мысли XVI—XIX вв. М., 1996.

І.​В.​Катляроў.

т. 13, с. 414

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Плута́ць ’бадзяжнічаць’ (Нас.), тушаваць ’ашукваць’ (Скарбы), ’маніць’ (дзятл., Сл. ПЗБ), ’блытаць (ніткі)’ (Нас.; ТС; кіраў., Нар. сл.), апушыць ’блытаць па лесе’ (Бяльк.; Юрч. Вытв.; кіраў., Нар. сл.), апушацца ’блытацца, чапляцца’ (Уладз.; Мат. Гом.; ТС), ’блытацца (аб нітках, аб мове, словах)’ (Нас.; Сл. ПЗБ; Растарг.), плутані́на ’блытаніна’ (Мядзв., Растарг.), плута́нне ’блытанне’, ’страта арыентацыі’ (Юрч. Вытв.), плутня ’хлусня, плёткі’ (Нас.), ’блытаніна’ (ТС), ’хітры падман’ (мсцісл., Юрч. СНС), ’бадзянне’ (Нас.), плу́тні ’махлярства, ашуканства’ (Нар. Гом.), плут ’ашуканец, махляр, прайдзісвет’ (Скарбы), ’манюка’ (брэсц., ЛА, 3), плу́то ’нікчэмны чалавек’ (Сл. Брэс.), плуцяга ’бадзяга’ (Нас.), укр. плутати ’блытаць, блытала расказваць’, плутатися ’блытацца (аб валасах)’, ’няўмела хадзіць’, рус. плутать ’хадзіць без мэты, бадзяцца; блукаць’, ст.-рус. плутать ’блукаць, бадзяцца’, ’памыляцца’, ’рабіць несамавітыя ўчынкі’ (з XVII ст.); плуть ’махляр’, польск. plątać (šią) ’блытацца, заблытвацца’, ’збівацца (з думкі)’, ’блытацца пад нагамі’, ’заплятацца’, чэш. ганацк. ріапіаіі ’блытацца, заплятацца’, ляш. piantai’ ’блытаць, змешваць’, ’збіваць з панталыку’, славац. plantať sa. рГantat* ’блытацца’, ’блытацца пад нагамі’, ’бадзяцца, швэндацца’. Прасл. паўн. plotai іox.)l *plętati (зах.) — дзеяслоў шматразовага дзеяння да *pląsti (першапачаткова * plėsti). роднасны літ. błęsti ’мяшаць, змешваць’ (Банькоўскі, 2, 601). Пачатковае б- у бел. блытаць, гродз. блындаць ’хадзіць без справы, бадзяцца’ (Сцяшк. МГ), ваўк. блёнтацца ’перашкаджаць, блытацца пад рукамі’ (Сцяшк. Сл.), шчуч. заблёнтацца ’пераблытацца (пра ніткі на пачынку)’ (Сл. ПЗБ), відаць, з балцкага субстрату. Параўн. таксама размеркаванне пл-/бл‑ у бел. гаворках (ЛА, 4): зах. і цэнтр.-бел. (піткі) блытаюцца, паўн. і ўсх. (ніткі) плу́таюцца. Параўн. таксама блытаць (гл.). На семантыку разглядаемых лексем, магчыма, аказала ўплыў прасл. blęsti, blǫditi ’блукаць’. З плесці звязваюць лексему плутаць Махэк₂ (454) і Фасмер (3, 287–288). Сюды ж: тушаць ’ілгаць’, плу́тма тушаць ’бесперапынна ілгаць’ (Нас.; дзятл., Сл. ПЗБ), плутон плуцяга ’хлус’ (Нас., Анім.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

працэс стварэння матэрыяльных і духоўных даброт, прызначэннем якіх з’яўляецца максімальнае задавальненне людскіх патрэб. Адрозніваюць вытворчасць індывідуальную (у межах прадпрыемства, фірмы) і грамадскую (як сістэму вытв. сувязей паміж прадпрыемствамі ў межах грамадства). Грамадская вытворчасць акрамя ўласна вытворчасці ўключае спажыванне, размеркаванне і абмен. На функцыянаванне вытворчасці ўплываюць яе аб’ём, цана, грашовая маса, попыт, прапанова, выручка, альтэрнатыўная вартасць, выдаткі, занятасць, інвестыцыі, экспарт, імпарт, валютны курс, схільнасць да спажывання і ашчаджання і інш. З боку паводзін суб’екта гаспадарання ў эканам. сістэме вытворчасць разглядаецца як аб’ект жаданняў, чаканняў, рызыкі, выбару і прыняцця рашэння, з боку функцыянавання — як працэс узаемадзеяння фактараў вытворчасці і іх трансфармацыі ў прадукты. Асн. фактары вытворчасці — зямля, праца, капітал і прадпрымальніцкі талент. Кожнаму з іх адпавядае свая форма даходу (рэнта, заработная плата, працэнт і прадпрымальніцкі прыбытак). Для вытворчасці характэрны падзел працы, які мае 2 бакі — спецыялізацыю і кааперацыю. Вылучаюць 3 узроўні падзелу працы: адзінкавы (унутры прадпрыемства), асобны (паміж прадпрыемствамі), агульны (у межах грамадства).

Эканам. суб’ектам вытворчасці з’яўляецца прадпрымальнік або калектыў. Яго гал. сац. функцыя — арганізацыя высокадаходнай і высокаэфектыўнай вытворчасці. Па меры максімізацыі вытворчасці пэўнага прадукту эфектыўнасць яго выкарыстання зніжаецца. Максімальная велічыня выпуску прадукцыі пры дадзеным аб’ёме выкарыстання фактараў вытворчасць вызначаецца вытв. функцыяй. На развіццё вытворчасці ўплываюць прадукцыйныя сілы і вытворчыя адносіны. Развіццё прадукц. сіл ідзе па шляху зніжэння матэрыялаёмістасці (уратоўванне прыроды) і працаёмістасці (уратоўванне чалавека). Чалавек усё больш вызваляецца ад непасрэднага працэсу вытворчасці і становіцца яго рэгуліроўшчыкам. Для развіцця вытв. адносін характэрны кансерватызм, адставанне ад развіцця прадукц. сіл. Гістарычна вядомы 3 формы вытворчасці: натуральная, таварная і планавая. Таварная вытворчасць узнікла з натуральнай, прайшла стадыю простай таварнай вытворчасці і зараз знаходзіцца на стадыі капіталістычнай, якая развіваецца ў планавую. Планамерна грамадская вытворчасць развіваецца толькі там, дзе створаны адпаведныя ўмовы: грамадская ўласнасць на сродкі вытворчасці, інфарм. інфраструктура, высокая вытворча-працоўная і эканам. культура ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Звычайна вытворчасць выступае як бесперапынны працэс, г.зн. як узнаўленне вытв-сці. Адрозніваюць 2 асн. тыпы вытворчасці: экстэнсіўны (колькасны прырост сродкаў вытворчасці і рабочай сілы) і інтэнсіўны (якаснае абнаўленне сродкаў вытворчасці і рабочай сілы пры скарачэнні яе колькасці). Для Беларусі апошняга 50-годдзя характэрна пераважна экстэнсіўная вытворчасць. Валавы ўнутр. прадукт краіны ў 1995 склаў 10 304,4 млн. дол. ЗША (Расіі — 364 295 млн. дол.).

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1. Мн., 1952;

Хико Дж.Р. Стоимость и капитал: Пер. с англ. М., 1993;

Современная экономика. Ростов н/Д, 1995;

Рыночное реформирование экономики Беларуси: Темат. сб. Мн., 1996.

Т.​І.​Адамовіч.

т. 4, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

размяшчэ́нне н.

1. nterbringung f -; ufstellen n -s (мэблі); Vertilung f - (размеркаванне);

2. вайск. размяшчэ́нне па кватэ́рах inquartierung f -, nterbringung f -;

размяшчэ́нне раке́т die Stationerung von Rakten; н. ufstellung f -, -en, Lge f -, -n; вайск. Stllung f -, -en, ufstellung f, Stndort m -(e)s, -e;

баяво́е размяшчэ́нне Gefchtsaufstellung f;

каза́рменнае размяшчэ́нне Kasernerung f -;

размяшчэ́нне во́йскаў Trppenaufstellung f;

3. эк., фін., камерц. nlegung f -, nlage f -;

размяшчэ́нне а́кцый размяшчэ́нне ktienanlage f;

размяшчэ́нне гру́зу nterbringung der Ldung;

размяшчэ́нне зака́зу Vertilung ines uftrages;

размяшчэ́нне капіта́лу размяшчэ́нне nlegung [nlegen, Plazerung] des Kapitls;

прамысло́васці die Stndortverteilung der Industre;

рэкла́мы размяшчэ́нне Insereren n, Wrbemachen n;

размяшчэ́нне сро́дкаў Investerung [-v-] der Gldmittel

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

паса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пасадзіць (у 2, 4 і 8 знач.).

2. звычайна мн. (паса́дкі, ‑дак). Тое, што пасаджана; пасаджаныя расліны, дрэвы. Пасадкі маладога сасонніку скончыліся, і наперадзе заросшая верасам паляна з рэдкімі бярозкамі. Навуменка. Я прыпынілася ля веснічак станцыйнай агароджы, азірнулася: вагоны ўжо схаваліся за ялінамі пасадкі. Савіцкі.

3. Упусканне пасажыраў у вагон, на самалёт, карабель і пад., каб яны маглі заняць месца на час паездкі. Пасадка ішла хутка. Праз дзве-тры хвіліны чарга дайшла да пасажыра ў цёмна-сінім гарнітуры. Пальчэўскі. Падышоў пусты аўтобус. Людзі з рэчамі сталі гуртавацца каля яго дзвярэй, гатовыя к пасадцы. Ермаловіч. Пачалася пасадка, Блізнюк заняў сваё месца, пазіраў праз акно на людзей, што прыйшлі праводзіць сваіх блізкіх, бачыў Ліду, усміхаўся ёй. Дамашэвіч.

4. Прызямленне (самалёта і пад.). Пасадка першага самалёта ў такі час мела для партызан велізарнае значэнне. Шамякін. // Апусканне міжпланетнага касмічнага карабля або лятальнага апарата на паверхню якога‑н. нябеснага цела. Вымушаная пасадка.

5. Манера конніка трымацца ў сядле. Чырвонаармеец паглядзеў на конніка, ацаніў яго пасадку, усміхнуўся сам сабе. Мікуліч.

6. Палажэнне цела ў час сядзення. // Размяшчэнне, пастаноўка адпаведным чынам (пра вушы, вочы, галаву).

7. Спец. Характар злучэння дэталей. Нерухомая пасадка гаек.

8. Спец. Размеркаванне (пчол, рыб і пад.) у спецыяльным памяшканні. Пасадка пчол у вулей.

•••

Квадратна-гнездавая пасадка — спосаб пасадкі прапашных культур, пры якім насенне размяшчаюць на аднолькавай адлегласці адно ад аднаго ў падоўжным і папярочным напрамках.

Мяккая пасадка — пасадка касмічнага лятальнага апарата, пры якой хуткасць апарата к моманту сутыкнення з паверхняй планеты або іншага нябеснага цела мінімальная (у ідэальным выпадку — нуль) і якая забяспечвае цэласць канструкцыі і сістэм апарата.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АНТРАПАЛО́ГІЯ (ад антрапа... + ...логія),

галіна прыродазнаўства, якая вывучае паходжанне, эвалюцыю і заканамернасці біял. асаблівасцяў чалавека і яго рас. Цесна звязана з прыродазнаўча-гіст. навукамі. Мае 3 асн. раздзелы: расазнаўства (вывучае ўмовы і прычыны ўтварэння, заканамернасці фарміравання і ўзаемадзеяння рас; часткай раздзела з’яўляецца і этнічная антрапалогія, якая даследуе праблемы этнагенезу), антрапагенез і марфалогія (вывучае заканамернасці зменлівасці будовы цела і органаў чалавека ў залежнасці ад спадчыннасці, умоў жыцця і працы). Апошні раздзел уключае таксама саматалогію (узроставыя варыяцыі будовы цела сучаснага чалавека), мералогію (варыяцыі яго асобных органаў), дэрматагліфіку, аданталогію, палеаантрапалогію. З 1960-х г. вылучаюць раздзелы: фізіялагічная антрапалогія (вывучае варыяцыі функцыянальных асаблівасцяў арганізма чалавека і працэсы яго адаптацыі), антрапагенетыка, генагеаграфія.

Першыя звесткі пра антрапалогію ёсць у працах Герадота (5 ст. да н.э.), Арыстоцеля (4 ст. да н.э., увёў тэрмін «антрапалогія» як вучэнне пра духоўную прыроду чалавека) і інш. Вял. геагр. адкрыцці 15—16 ст. далі магчымасць пазнаёміцца з народамі Амерыкі, Афрыкі, Акіяніі, Усх. Азіі і распачаць сістэматызацыю рас чалавека. Як навука антрапалогія сфарміравалася ў 19 ст., калі пачалі збірацца і сістэматызавацца звесткі пра розныя тыпы стараж. і сучаснага насельніцтва, распрацоўвацца методыкі даследаванняў. Абвастрэнне супярэчнасцяў паміж метраполіямі і калоніямі ў канцы 19 ст. спрыяла ўзнікненню антынавук. расісцкіх «тэорый» (гл. Расізм). Ідэі біял. роўнасці ўсіх рас закладзены ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. ў працах рус. вучоных К.​М.​Бэра, А.​П.​Багданава, Дз.​М.​Анучына, М.​М.​Міклухі-Маклая і развіты В.​В.​Бунаком, Ф.​Боасам, Г.​Ф.​Дэбецам, Ф.​Лушанам, Л.​Нідэрле, Я.​Я.​Рагінскім, Г.​А.​Бонч-Асмалоўскім, М.​Р.​Левіным, М.​М.​Чабаксаравым, В.​П.​Аляксеевым, А.​А.​Зубавым і інш.

Даследаванні антрапал. складу беларусаў пачаліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. (Анучын, М.​А.​Янчук, К.​М.​Ікаў, А.​Н.​Раждзественскі, А.​Л.​Здраеўскі, А.​А.​Піянткоўскі, Я.​Мыдлярскі, Ю.​Д.​Талька-Грынцэвіч). Вынікі іх даследаванняў абагульнялі А.​А.​Іваноўскі (1905), Я.​М.​Чапуркоўскі (1918). У 1920—30-я г. Бунак вывучаў фізічны тып і размеркаванне груп крыві ў беларусаў, даследаваў краніялагічныя калекцыі сярэдневяковага насельніцтва Беларусі. Па ініцыятыве А.​К.​Ленца ў 1926 пры Інбелкульце створана антрапал. камісія, пазней рэарганізаваная ў кафедру антрапалогіі БелАН. Ю.​М.​Верамецкая, А.​Я.​Вішнеўская, А.​А.​Смірноў, Д.​Н.​Эйнгорн пачалі планамерныя даследаванні насельніцтва Слуцкага, Мазырскага, Магілёўскага, Аршанскага р-наў. Рэарганізацыя кафедры антрапалогіі ў НДІ псіханеўралогіі перапыніла антрапал. даследаванні на Беларусі. У 1930—40-я г. антрапал. склад насельніцтва пач. 2-га тыс. н.э. вывучалі супрацоўнікі Ін-та этнаграфіі АН СССР Дэбец, Т.​А.​Трафімава, потым В.​В.​Сядоў, Т.​І.​Аляксеева, М.​С.​Веліканава. Антрапалагічныя асаблівасці сучасных жыхароў Беларусі ў 1950-я г. вывучалі В.​У.​Вітоў, Р.​Я.​Дзянісава, Бунак, У.​Дз.​Дзячэнка. У 1965 пры Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР створана група антрапалогіі (у 1990 пераўтворана ў аддзел антрапалогіі і экалогіі). Пачаліся планамерныя комплексныя антрапал. даследаванні фізічнага тыпу старажытнага (І.​І.​Салівон, А.​І.​Кушнір) і сучаснага (Салівон) насельніцтва Беларусі, заканамернасцяў росту і развіцця вучняў у розных экалагічных рэгіёнах рэспублікі (Салівон, Н.​І.​Поліна), дэрматагліфічных і аданталагічных асаблівасцяў (Л.​І.​Цягака), размеркавання груп крыві і інш фенатыпаў, генетычна абумоўленых прыкмет у сельскага насельніцтва (А.​І.​Мікуліч), генадэмаграфічных — у гарадах рэспублікі (В.​У.​Марфіна). Пасля Чарнобыльскай катастрофы 1986 даследаванні накіраваны на вывучэнне заканамернасцяў адаптыўных працэсаў у экстрэмальных умовах.

Літ.:

Тегако Л.И. Антропологические исследования в Белоруссии. Мн., 1979;

Тегако Л.И., Саливон И.И. Основы современной антропологии. Мн., 1989.

І.​І.​Салівон.

т. 1, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІНЕРА́ЛЬНЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць карысных выкапняў, выяўленых у нетрах асобных рэгіёнаў, краін, кантынентаў, прыдатных і даступных для асваення. З’яўляюцца сыравіннай асновай для развіцця найважнейшых галін прамысл. вытв-сці (энергетыка, паліўная прам-сць, чорная і каляровая металургія, хім. прам-сць, буд-ва і інш.), а таксама аб’ектам міжнар. супрацоўніцтва. Паводле сферы выкарыстання М.р. падзяляюцца: на паліўна-энергетычныя (нафта, прыродны газ, вуглі, гаручыя сланцы, торф, уранавыя руды); руды чорных металаў (жалезныя, марганцавыя, хромавыя і інш.); руды каляровых і легіруючых металаў (алюмінію, медзі, свінцу, цынку, нікелю, кобальту, вальфраму, малібдэну, волава, сурмы, ртуці і інш.); руды рэдкіх і высакародных металаў; горна-хімічныя (фасфарыты, апатыты, каменная, калійныя і магнезіяльныя солі, сера, борныя руды, бром і ёдазмяшчальныя растворы, барыт, флюарыт і інш.); каштоўныя вырабныя камяні, нярудная індустрыяльная сыравіна (слюда, графіт, азбест, тальк, кварц і інш.); нярудныя буд. матэрыялы (цэментная і шкловая сыравіна, мармур, базальт, граніт, гліны, пяскі); гідрамінеральныя (падземныя прэсныя, мінер. і тэрмальныя воды). Паняцце «М.р.» мяняецца з часам у залежнасці ад узроўню развіцця грамадства, патрэб вытв-сці, узроўню тэхн. прагрэсу і магчымасцей эканомікі. Напр., каменны вугаль стаў карысным выкапнем прамысл. значэння толькі ў канцы 17 ст., нафта — у сярэдзіне 19 ст., руды алюмінію, магнію, хрому рэдкіх элементаў, калійныя солі — у канцы 19 — пач. 20 ст., уранавыя руды — у сярэдзіне 20 ст. М.р. колькасна ацэньваюцца запасамі карысных выкапняў і прагнознымі рэсурсамі, якія размеркаваны ў нетрах Зямлі вельмі нераўнамерна. Напр., больш за 80% запасаў вугалю сканцэнтравана ў нетрах ЗША, ФРГ, Вялікабрытаніі, Аўстраліі і Паўднёва-Афр. Рэспублікі, 87% марганцавых руд — у Паўднёва-Афр. Рэспубліцы і Аўстраліі, 86% калійных солей — у Канадзе. Гл. таксама табл.

Частка М.р., падрыхтаваная геолагаразведачнымі работамі да асваення, наз. мінеральна-сыравіннай базай. Прамысл. асваенне М.р. уключае іх ацэнку (навукова-доследныя, пошукавыя і геолагаразведачныя работы) і ўласна асваенне (здабыча, абагачэнне і перапрацоўка). М.р. з’яўляюцца неўзнаўляльнымі прыроднымі рэсурсамі, што абумоўлівае неабходнасць рацыянальнага іх выкарыстання, уліку эколага-эканам. падыходаў пры распрацоўцы, скарачэння страт пры здабычы, перапрацоўцы і транспарціроўцы, а таксама утылізацыі другаснай сыравіны.

П.​З.​Хоміч.

Размеркаванне асноўных відаў мінеральных рэсурсаў, 1997
Карысныя выкапні Еўропа (без Расіі) Азія (без Расіі) Расія Афрыка Амерыка Акіянія і Аўстралія Усяго сусветных запасаў
Нафта, уключна з газавым кандэнсатам, млн.т 2964,5 97220,7 21252,9 10252,3 22822,4 560,6 155073,4
Прыродны газ, млрд. м​3 6425,4 61108,8 47380 9302,2 14571 618,3 139405,7
Вугаль, млн.т 676002 1323605 279582 178138 1894884 879700 5231911
Уран, тыс.т 969,84 5675,44 1586 2079,77 5606,66 895 16812,71
Жалезная руда, млн.т 52042 54309 100909 52499 88056 33440 381255
Марганцавая руда, млн.т 2560 1383 152 5139 889 267 10390
Хромавыя руды, млн.т 132,7 1322,4 310,28 13051,5 553 127 15496,88
Баксіты, млн.т 2098 8284 674 26459 14802 9903 62220
Вальфрамавыя руды (у пераліку на аксід), тыс.т 350 2332 420 62 903 34 4101
Медныя руды (у пераліку на метал), тыс.т 80002 226699 няма звестак 83348 509028 33509 932586
Малібдэнавыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 10 3861 няма звестак 19 9706 109 13705
Нікелевыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 8420 28400 7300 17730 39295 31010 132155
Алавяныя руды (у пераліку на метал), тыс.т 285 4850 300 680 3555 400 10070
Свінцовыя руды ( у пераліку на метал), тыс.т 28983 79307 14150 16850 55675 24400 219365
Цынкавыя руды (у пераліку на метал), тыс.т 66636 182790 няма звестак 35470 139650 65000 489546
Калійныя солі (у пераліку на аксід), млн.т 3296 2780 19118 179 14915 няма звестак 40288
Фасфатныя руды (апатыты і фасфарыты), млн.т 1647,1 17996,1 4827,5 20715,3 23509,5 927,6 69623,1
Серабро, т 156700 194100 няма звестак 53600 339000 55400 798800
Золата, т 2532 14212 няма звестак 43328 24913 6365 91350
Алмазы, млн. каратаў няма звестак 52 няма звестак 3243,1 817 705 4817,1

т. 10, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)