фізі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фізікі (у 1 знач.). Фізічныя законы. Дасягненні фізічнай навукі. Фізічныя доследы. // Прызначаны для вывучэння фізікі, для падрыхтоўкі спецыялістаў у галіне фізікі. Фізічная лабараторыя. Фізічны гурток. □ А рэастат мы можам зрабіць самі ў сваім фізічным кабінеце, — дадаў.. [настаўнік], — Гэта не бяда. Якімовіч.

2. Уласцівы галіне з’яў, якімі займаецца фізіка. Фізічныя працэсы. □ Калі для механічнага і хімічнага даследавання парод трэба мець іх у руках, то фізічныя іх уласцівасці можна вызначыць з паверхні. Чаркасаў.

3. Які мае адносіны да прадметаў і з’яў матэрыяльнага свету; матэрыяльны. Фізічны знос машын. Фізічны аб’ём закупак.

4. Які мае адносіны да чалавечага арганізма, будовы чалавека, яго знешняга аблічча. Чым больш.. [Галена] вырастала, тым больш магла б быць увасабленнем дзявочага здароўя і сілы. Разам з тым яна рабілася ўвасабленнем і дзявочай прыгажосці. Гэта была прыгажосць фізічная, пышная і заўсёды прывабная. Чорны. // Звязаны са станам арганізма, яго адчуваннямі. Фізічны страх. □ Цяпер.. [Люба] чытала.. Таксама як лёгкасць чыстай бялізны поўніла яе цела фізічнай асалодай, так і тут была своеасаблівая асалода. Чорны. Вязня з туга скутымі мазольнымі рукамі Займаюць фізічныя і душэўныя пакуты. Бугаёў. Стук колаў, які аддаляўся, цішэў, біў Алаізу па сэрцы. Яна адчувала проста фізічны боль ад гэтых удараў. Арабей. // Які датычыцца сілы і працы мышцаў; не разумовы. Фізічнае выхаванне вучняў. Фізічная падрыхтоўка спартсменаў. □ Аўтаматычнае выключэнне і ўключэнне вызваляе рабочых ад фізічнай працы.. Яны толькі пазіраюць за работай агрэгатаў. «Беларусь». // Звязаны з якім‑н. уздзеяннем на цела, арганізм. Фізічная расправа. Фізічнае пакаранне. Фізічнае знішчэнне.

5. Які адносіцца да палавых узаемаадносін; сексуальны. Фізічная блізкасць.

•••

Фізічная зарадка — комплекс фізічных практыкаванняў, якія выконваюць з мэтай аздараўлення арганізма.

Фізічная культура гл. культура.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́та ​1, ‑ы, ДМ страце, ж.

1. Згуба чаго‑н., знікненне каго‑, чаго‑н. Страта працаздольнасці. Страта апетыту. Страта зроку. □ Сусед, які ўкраў у суседа каня, гэта для Маргунка крайняя ступень страты чалавечай годнасці. Куляшоў. // Урон у сувязі са смерцю каго‑н. блізкага, дарагога, вядомага. Смерць вучонага — вялікая страта. □ Памёр ляснічы наш!.. — То пойдзем, браце, Паплачам хоць па сваёй страце. Колас. Дачка расла бойкая, разумная. Яна як бы ўзнагароджвала іх за страту старэйшага сына, які загінуў на фронце. Хадкевіч. // звычайна мн. (стра́ты, страт). Тое, што страчана ў час ваенных дзеянняў (пра людзей, тэхніку і пад.). Хоць страты роты былі вялікія, але фашысты не прайшлі, падаспелі нашы танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлябнулася, іх супраціўленне было зламана, фашыстаў выбілі з умацаванняў і пагналі на захад. Гурскі. Усё: і пакуты, і страты, І грозныя дні ў барацьбе Пазналі героі-салдаты За нас — За мяне і цябе. Кірэенка.

2. Тое, што страчана; прапажа. Раптам страта знайшлася — у аднаго пасажыра было два білеты: зліпліся згорнутыя паперкі, дык не заўважылі. Марціновіч. О, як ён [Вандроўнік] рад быў зноў, калі Сваю пабачыў страту! І Хлебу нізкі, да зямлі, Аддаў паклон, як брату. Танк. // Нястача чаго‑н. Так... хоць зямлі свае нямнога, Але ўсё ж лепей, як нічога. А збудзь яе — пачуеш страту. Колас.

3. звычайна мн. (стра́ты, страт). Безгаспадарчыя выдаткі. Многія гаспадаркі дрэнна выкарыстоўваюць тэхніку, дапускаюць марудлівасць на ўборцы і тым самым дапускаюць страты збожжа. Машэраў. Што значыць зжаць жыта за шэсць дзён замест месяца? Не будзе страт, павялічыцца ўраджай на два-тры цэнтнеры з гектара. Дуброўскі.

•••

Увесці ў страту гл. увесці.

Цярпець страту гл. цярпець.

стра́та ​2, ‑ы, ДМ страце, ж.

У буржуазнай сацыялогіі — грамадская групоўка людзей, аб’яднаных пэўнай агульнай сацыяльнай рысай (маёмаснай, прафесіянальнай, адукацыйнай і г. д.), якая проціпастаўляецца класу (у 2 знач.) як паняццю марксісцкай сацыялогіі.

[Лац. stratum — слой.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Пля́га 1, пля́ґа ’слота’ (ТСБМ; Сл. ПЗБ; гродз., пруж., ЛА, 2), плягота ’тс’ (ЛА, 2), ’мокры снег’ (гродз., З нар. сл.). Паводле Грынавяцкене (Сл. ПЗБ, 4, 22), — з літ. pliaugà ’слата’. Аднак не выключана таксама запазычанне з польск. flaga ’слота, непагадзь’, ці з дыял. plaga ’хлюпота, слата’, якое Банькоўскі (2, 596) выводзіць з рэгіянальнага паўн.-ням. flage ’тс’. Сюды ж: кантамінаваныя сінонімы — плехота, плюхота ’слата’ (ЛА, 2), а таксама пля́жыць, пля́жыты, пле́жытэ ’ліць як з вядра, ісці няспынна’ (воран., Сл. ПЗБ; кобр., стол., драг., Сл. Брэс.).

Пляга 2 ’ўдар розгай’ (Нас.), ’кара, пакаранне’ (Нас.; Шат.; барыс., Шн. 2). Сярэднявечнае школьна-кляштарнае запазычанне ў польск. мову з лац. plāga ’ўдар, выцятае месца’ < plāgo, ‑āre ’біць, хвастаць, лупцаваць’ (ці з plangere ’ўдарыць з трэскам’), запазычаных са ст.-грэч. дар. πλᾱγά, іяніч. πληγή ’удар’, ’рана ад удару’, ’няшчасце, якое пасылаецца лёсам’ (Банькоўскі, 2, 596), з польск. мовы пранікла на Беларусь. Сюды ж: пля́жыць, спля́жыць ’вынішчыць’, ’збіць, пабіць’, ’затаптаць’, ’секчы з размаху, моцна біць, глуміць’ (ТСБМ, Шат., Нас.; сміл., Стан.), ’разбіваць’ (рагач., Сл. ПЗБ), ’палоць’ (акц., Мат. Гом.), ’працаваць многа, напружана’ (Нар. Гом.), а таксама пля́жма: “Я пля́жма ворага крышу…” (Хадыка).

Пляга 3 ’няшчасце, бяда’ (воран., ашм., іўеў., пін., Сл. ПЗБ; Бір.), ’зараза, навала’ (пін., Нар. лекс.), пляга яго ведае! = ліха яго ведае (чырв., З нар. сл.). Ст.-бел. плякга, плакга, пляга, флякга ’няшчасце; навала’ са ст.-польск. plaga ’тс’, якое з лац. plāga ’пакуты, няшчасце’, ’бедства’. Гл. таксама папярэдняе слова.

Пля́га 4 ’рана ў мазалях’ (Чуд.). Са ст.-польск. plaga ’рана’, не выключана развіццё семантыкі з пляга 2 (гл.): параўн. макед. дыял. пля́га ’рана’, што выводзіцца з алб. plágë ці рум. plágă ’тс’ (< лац. plaga), гл. БЕР, 5, 387.

Пля́га 5, пляґа ’слізь пры адхаркванні, макрота’ (слонім., Нар. лекс.: зэльв., Сцяшк. Сл.; карэліц., іўеў., Сл. ПЗБ), пля́га/сма́га ’слізкае рэчыва ў роце хворага’ (Варл.). Са ст.-грэч. φλήγμα ’слізь, макрота’, якое пад уплывам лексемы пляга ’макрэча’, ’бяда, няшчасце’ набыло адпаведную форму.

Пля́га 6 ’бутля, балон’ (Мік., Др.-Падб.), ’бляшанка для адстойвання малака (у калодзежы)’ (лях., Сл. ПЗБ), сюды ж пля́жка, пляшка ’бутэлька’ (ТС), ’салдацкая біклага’ (барыс., круп., бярэз., любан., бабр., ЛА, 5). Ст.-бел. пляша, фляша, хвляша ’бутэлька, пляшка’ (1538 г.) запазычаны са ст.-польск. flasza, якое з с.-в.-ням. vlasche (Булыка, Лекс. запазыч., 102) < flechten ’плясці’ — першапачаткова бутэлькі спляталіся з лыка, пазней для шчыльнасці вымазваліся глінай і абпальваліся ў печы, параўн. славен. pleténka ’аплеценая бутэлька’. Форма пляга, відаць, — з пля́жка (шляхам рэдэрывацыі), а апошняе — з фляшка (Брукнер, 123; Праабражэнскі, 2, 78; Фасмер, 4, 200).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛЕ́РМАНТАЎ (Міхаіл Юр’евіч) (15.10. 1814, Масква — 27.7.1841),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це (1830—32), скончыў школу гвардз. падпрапаршчыкаў і кав. юнкераў у Пецярбургу (1834). За верш «Смерць Паэта» пра гібель А.​Пушкіна (нап. 1837, апубл. за мяжой 1858, у Расіі цалкам — 1860) высланы ў Грузію. Другі раз сасланы на Каўказ у 1840. Удзельнік бітвы на р. Валерык у Чэчні. Забіты на дуэлі ў Пяцігорску М.​Мартынавым. Першыя вершы напісаў у 1828. Друкаваўся з 1830. Лірыцы Л. ўласцівы рамант., мяцежны герой, які паўстае супраць законаў бяздушнага грамадства і імкнецца да недасяжнага ідэалу, пачуццё адзіноты і расчаравання, бязмежнасці кахання і пакуты, тэмы свабоды, радзімы і яе гіст. лёсу: вершы «Ветразь», «Барадзіно», «Дума», «Хмары», «Радзіма» і інш. Стварыў вяршынныя ўзоры рус. рамант. паэмы: «Уцякач» (1838, апубл. 1846), «Мцыры» (1839, апубл. 1840), «Дэман» (8 рэдакцый, 1829—39, апубл. ў Германіі 1856, у Расіі цалкам у 1860) і інш. Распрацоўваў рэаліст. паэму: «Сашка» (1836, апубл. 1882), «Песня пра цара Івана Васілевіча...» (1838) і інш. Асн. рысы Л.-празаіка — тонкі псіхалагізм, лаканізм, афарыстычнасць, умелае валоданне маст. дэталлю — выявіліся ў рамане «Герой нашага часу» (1839—40), дзе стварыў новую раманную форму і новага героя, поўнага сіл і расчараванага ў дзеянні. Аўтар гіст. рамана пра Пугачоўскае паўстанне «Вадзім» (1832—34, незакончаны, апубл. 1873), рамана на аўтабіягр. аснове «Княгіня Лігаўская» (1836, незакончаны, апубл. 1882), у якім дадзены першы накід характару Пячорына, драм у вершах «Іспанцы» (1830, апубл. 1880), «Маскарад» (3 рэдакцыі, 1835—36, апубл. 1842, паст. цалкам 1862), нарысаў і інш. Займаўся жывапісам, пісаў акварэлі, карціны алеем, малюнкі (пейзажы, жанравыя сцэны, партрэты і карыкатуры; лепшыя з іх звязаны з каўк. тэмай). Вершы Л. сталі асновай для опернай («Дэман» А.​Рубінштэйна), сімфанічнай («Уцёс» С.​Рахманінава, «Тры пальмы» А.​Спендыярава) і рамансавай (А.​Даргамыжскі, М.​Балакіраў і інш.) творчасці, нар. песнямі («Выходжу адзін я на дарогу...»).

Творы Л. здаўна папулярныя на Беларусі, якая займала значнае месца ў творчасці паэта. Пад уздзеяннем твораў А.​Міцкевіча (гал. чынам яго паэм «Гражына» і «Конрад Валенрод») у сюжэтах паэм Л. прысутнічаюць вобразы «дзевы-воіна» («Літвінка», 1832), баярына Оршы (аднайм. паэма, 1835—36), Арсенія («Літвінка», «Баярын Орша») і інш. Л. імкнуўся адлюстраваць сац.-бытавыя і гісторыка-паліт. падзеі мінулых эпох: Адна з першых крыніц на Беларусі, дзе з вял. прыхільнасцю ўпамінаецца імя Л., — ананімная паэма «Тарас на Парнасе». У 1889 газ. «Минский листок» змясціла арт. «Міхаіл Юр’евіч Лермантаў», прысвечаны адкрыццю помніка Л. ў Пяцігорску. Хоць бел. паэзія 19 ст. тыпалагічна адрознівалася ад творчасці Л. сваімі параўнаўча нераспрацаванымі «чалавеказнаўчымі» магчымасцямі і ў мастацка-стылявым плане, у ёй выкарыстоўваліся лермантаўскія матывы і сімвалы. Верш Ф.​Багушэвіча «Хмаркі» ідэйна і эстэтычна блізкі да аднайм. верша Л. Паэзія Цёткі звязана з яго традыцыямі грамадз. лірыкі. Наследаванне Л. праглядаецца ў вершах Я.​Купалы «Мой дом», «Прыстаў я жыць...» і інш. Героі рамант. паэм Я.​Купалы («Курган», «Бандароўна», «Магіла льва») блізкія рамант. героям Л. Матывы Л. пра ролю паэта ў жыцці народа творча распрацоўваў Я.​Колас («Пясняр», «Паэту» і інш.). Рамант. паэма Я.​Коласа «Сымон-музыка» сугучная паэме «Мцыры». Надзвычай блізкі да Л. быў М.​Багдановіч; да 100-годдзя з дня нараджэння Л. ён змясціў у яраслаўскай газ. «Голос» (2.10.1914) арт. «Адзінокі», у якім раскрыў значэнне і своеасаблівасць Л. сярод рус. паэтаў. Паэма Багдановіча «Максім і Магдалена» стваралася не без уплыву «Песні пра... купца Калашнікава» і «Баярына Оршы». Напружанасць духоўнага эмацыянальнага жыцця характэрна асуджаным на адзіноту гал. героям паэмы «Дэман» і паэмы Багдановіча «Страцім-Лебедзь», у якой некаторыя даследчыкі адзначаюць пэўную палеміку. Пра захапленне паэзіяй Л. пісаў у аўтабіяграфіі З.​Бядуля. Пад уплывам Л. напісаны першыя лірычныя вершы К.​Крапівы. У арт. «Тры сустрэчы» А.​Куляшоў пісаў, што пачаты ў даваен. час пераклад на бел. мову твораў Л. ў многім вызначыў кірунак яго паэт. дзейнасці. П.​Панчанка ў арт. «Нязгасны агонь» падкрэсліваў, што Л. стаў асабліва блізкім і дарагім у гады Вял. Айч. вайны. На бел. мове першыя пераклады паэм «Мцыры» і «Дэман» апублікаваны ў 1920-я г. ў Вільні. У канцы 1930-х г. Я.​Колас пераклаў 1-ю частку «Дэмана». У 1950 асобным выданнем выйшаў пераклад паэм «Дэман» (пер. Я.​Колас, А.​Зарыцкі, А.​Бялевіч), «Баярын Орша» і «Каўказскі нявольнік» (пер. Зарыцкі і А.​Вялюгін), «Ізмаіл-Бей» (пер. У.​Шахавец), «Песня пра... купца Калашнікава» (пер. М.​Клімковіч). У 1969 выдадзены зб-к перакладаў Куляшова (выбраныя вершы Л., паэмы «Мцыры», «Дэман»), за які разам з перакладамі твораў інш. пісьменнікаў яму прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Купалы 1970. Творы Л. перакладалі В.​Зуёнак, П.​Макаль, Я.​Міклашэўскі (Я.​Верабей) і інш. Л. прысвяцілі свае вершы і артыкулы П.​Броўка, М.​Танк, Я.​Брыль, С.​Грахоўскі і інш.

Упершыню на Беларусі да творчасці Л. звярнуўся тэатр А.​К.​Басевіча ў Пінску, які 13.4.1880 ажыццявіў пастаноўку драмы «Маскарад». П’еса ўваходзіла і ў рэпертуар Мінскага т-ва аматараў прыгожых мастацтваў. У 1953 гэтая драма пастаўлена Брэсцкім абл. драм. т-рам. Падзеяй у тэатр. жыцці Беларусі стаў спектакль Дзярж. рус. драм. т-ра Беларусі «Маскарад» (1966). Бел. т-р оперы і балета ажыццявіў пастаноўку оперы Рубінштэйна «Дэман» (1951). Трагедыю «Іспанцы» ставіў Гродзенскі абл. драм. т-р (1955).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1986;

Соч. Т. 1—2. М., 1988—90;

Избр. соч. М., 1994;

Зорка зорцы голас падае = И звезда с звездою говорит: Выбр. вершы. Мн., 1989.

Літ.:

М.​Ю.​Лермонтов в русской критике. М., 1985;

Лотман Ю.М. В школе поэтического творчества: Пушкин. Лермонтов. Гоголь. М., 1988;

М.​Ю.​Лермонтов: Проблемы идеала. Куйбышев, 1989;

Лермонтовская энциклопедия. М., 1981.

С.​Ф.​Кузьміна, У.​В.​Гніламёдаў, В.​А.​Ракіцкі (тэатр).

М.Ю.Лермантаў. Мастак П.​Забалоцкі. 1837.

т. 9, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адда́ць сов.

1. в разн. знач. отда́ть; (подвергнуть действию чего-л.) преда́ть; (осудить на что-л.) обре́чь; (в школу и т.п. — ещё) определи́ть;

а. доўг — отда́ть долг;

а. усе́ сі́лы спра́ве выхава́ння мо́ладзі — отда́ть все си́лы де́лу воспита́ния молодёжи;

а. сябе́ на паку́ты — обре́чь себя́ на муче́ния;

а. дзіця́ ў шко́лу — отда́ть (определи́ть) ребёнка в шко́лу;

а. пад суд — отда́ть под суд (преда́ть суду́);

за касцю́м адда́ў мно́га — за костю́м о́тдал мно́го;

а. распараджэ́нне — отда́ть распоряже́ние;

2. (об оружии) отда́ть;

○ а. го́лас — отда́ть го́лос;

◊ а. нале́жнае — отда́ть до́лжное;

а. бо́гу душу́ — отда́ть бо́гу ду́шу;

а. дані́ну — отда́ть дань;

а. апо́шні доўг — отда́ть после́дний долг;

а. на суд — (каму) отда́ть на суд (кого);

а. пакло́н — отда́ть покло́н;

а. агню́ і мячу́ — преда́ть огню́ и мечу́;

а. жыццё — (за каго, што) отда́ть жизнь (за кого, что);

а. галаву́ ў закла́д — отда́ть го́лову в закла́д;

што ві́нен, а. паві́нен — посл. долг платежо́м кра́сен

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

трыва́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Моцны, які з цяжкасцю паддаецца разбурэнню, псаванню. Трывалая драўніна. □ Гураля хата, якіх нямала У гэтым краі Арлінай волі: Такія ж сцены З хваін трывалых, Такі ж арнамент па бэльках столі. Танк. // Надзейны, моцны, устойлівы. Сілівон .. выстругваў зуб’е для грабляў .. І такія трывалыя выходзілі граблі — гады па тры служылі. Лынькоў. Але ж дзе яе [лодку], лёгкую ды манеўровую, ды з плоскім днішчам, ды трывалую, знойдзеш у нас, мой пане? В. Вольскі. Вы ведаеце, што такое цэмент? Парашочак, з выгляду рахманы, А робіць трывалым пастамент Генію І тырану. Жычка. Дзе гразь мясіў адвеку Ды кладкі клаў народ — Трывалую грав[і]йку Насыпалі за год. Гілевіч. Пад нагамі адчуваўся трывалы, увесь у купінах грунт. Мележ. // Які доўга захоўваецца і праяўляе свае якасці. Трывалы пах. // Добра засвоены (пра веды, навыкі і пад.); грунтоўны. Трывалыя веды. Трывалыя навыкі. // Сапраўдны, добры. Дамоў ад’язджаў ён [Пракоп], Далі яму боты з майстэрні дзяржаўнай — Трывалай работы. Куляшоў. // перан. Правераны часам. Трывалае шчасце. Трывалы аўтарытэт.

2. Які не мяняецца, надзейны, устойлівы. Трывалы мір. Трывалая сям’я. Трывалыя сувязі. □ Яна [ленінская канцэпцыя асобы] метадалагічна ўзбройвае літаратуразнаўства і стварае трывалую аснову для навуковага асэнсавання праблемы творчай індывідуальнасці. Івашын. Была закладзена трывалая сацыяльна-палітычная і эканамічная аснова збліжэння нацый, іх непарушнай дружбы і ўсебаковага супрацоўніцтва, стварэння шматнацыянальнай савецкай дзяржавы. Машэраў. — Савецкі Саюз стаў адной з індустрыяльных дзяржаў свету толькі таму, — падхапіў Іван Якаўлевіч, — што ўся наша эканоміка, народная гаспадарка базіруецца на трывалым падмурку энергетыкі. Гроднеў.

3. перан. Здольны многае вынесці, перажыць; стойкі, загартаваны. Зямля мая! Якім трывалым быў Іван Сусанін, Сягоння буду я такім. Пушча. Пішы ёй проста: «Любая, цалую. Вайну закончым і — чакай дамоў. Калі спалілі хату — адбудую. Не зломак я — з трывалых мужыкоў». Прыходзька. // Уласцівы такому чалавеку. — Гануля ўмее несці крыж пакуты, — казалі пра яе людзі, дзівячыся яе трываламу характару. Гурскі. // Здольны пераносіць неспрыяльныя знешнія ўмовы (аб раслінах). Пайшлі мы з жонкай, з сынам, разбілі лехі і, што можна паводле часу, — усё пасадзілі: буракі, моркву, часнок і падобныя трывалыя расліны. Дубоўка.

4. Разм. Сытны, пажыўны (пра яду). Трывалае снеданне.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ра́на ​1, ‑ы, ж.

1. Пашкоджанне тканак жывога арганізма, парушэнне яго цэласнасці. Смяротная рана. □ Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану. Мележ. Цяжкія раны ад апёку на руках і спіне, ад болю [Васіль] страціў прытомнасць, цяпер, здавалася хлопцу, перасталі ныць. Ваданосаў.

2. перан. Душэўны боль, пакуты. [Лузавец:] — Мне думаецца, работа — самыя найлепшыя, самыя дзейсныя лекі ад усякай раны. Усё, аб чым баліць душа, павінна вылечыць праца... Краўчанка. Ніколі не залечваюцца раны на сэрцы ў таго, Хто быў жывым З крывёю ад радзімы адарваны. Аўрамчык. // Пра шкоду, страты, прычыненыя чаму‑н. З дапамогай брацкіх народаў краіны Беларусь залячыла раны ваеннага ліхалецця, адбудавала гарады і вёскі. «Звязда». Свабодная зямля Загоіць хутка свае раны. Танк.

•••

Агнястрэльная рана — рана, прычыненая куляй або асколкам баявога зарада.

Жывая рана — а) рана, якая яшчэ не зажывае; б) перан. вострае, нядаўняе гора, пакута.

Сыпаць соль на раны гл. сыпаць.

Хоць ты да раны кладзі гл. класці.

ра́на ​2, прысл.

1. Раніцай, уранні. Назаўтра рана, той самай загуменнай сцяжынкай, ішлі на могільнік чатыры мужчыны з рыдлёўкамі. Брыль. І ў лесе — мір і цішыня, Якіх так праглі партызаны. Паслухай вечарам ці рана: У лесе — мір і цішыня. Кляўко. // у знач. наз. ра́на, нескл., н. Раніца. З вечара да рана.

2. Раннім часам, у першы перыяд раніцы. [Віктар] ведаў, што Зелянюк паедзе ўранні, але не думаў, што гэтак рана. Зарэцкі. — Навошта так рана .. [Паўліка] будзілі? — запытала маці. С. Александровіч. // безас. у знач. вык. Пра ранні час. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка.

3. Да ўстаноўленага або патрэбнага часу. Снедалі рана, як снедаюць звычайна перад дарогай. Брыль. І Дзімка рады быў — завязе спорненька вязку [сена] на кірмаш, не вельмі стоміцца і рана дамоў вернецца. Капыловіч. // безас. у знач. вык. Пра тэрмін, які яшчэ не настаў, не прыйшоў. Была такая часіна, калі і агонь паліць яшчэ рана, і не паліўшы яго — прыцемна. Баранавых. // безас. у знач. вык. Пра непадрыхтаванасць да чаго‑н., адсутнасць прычын для чаго‑н. Пачынаць будаўніцтва яшчэ рана. □ Салдаты, каторыя вярнуліся з вайны без рук ды без ног, кажуць — адчайвацца яшчэ рана. Якімовіч.

•••

Рана ці позна, рана-позна — калі‑н. (пра тое, што абавязкова павінна здарыцца).

Раным-рана — вельмі рана, як толькі можна рана.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стра́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які выклікае пачуццё страху. Страшны сон. Страшная гісторыя. □ А калі ўздымаецца бура, асабліва ўвосень, страшным робіцца наша возера. Яно бурліць і бушуе, як кіпень. Чарнышэвіч. / Пра выраз твару, вачэй і пад. Вочы Марты зрабіліся круглыя і страшныя. Бядуля. Я глянуў у вочы рабому .. Твар яго быў страшны, вочы лютыя. Якімовіч. Нібы загіпнатызаваны страшным поглядам Шыбянкова,.. [Цімафей Міронавіч] не мог адарваць ад яго сваіх вачэй. Зарэцкі. / у знач. наз. стра́шнае, ‑ага, м. З кожным крокам зубра ў Юркавых грудзях нешта халадзела. Ён чакаў страшнага. Аляхновіч. // Які выклікае пачуццё страху сваёй небяспечнасцю. Страшная дарога. Страшная хвароба. □ [Юзя:] — Вы [Лямант] страшны, бессардэчны. Вы ж не чалавек! Чорны. Не такі чорт страшны, як яго малююць. З нар. // Адзначаны падзеямі, здарэннямі, якія наганяюць страх (пра час). Вораг пачаў насядаць на Палессе .. Гэта быў час страшны і цяжкі. Чорны. І вось перамянілася жыццё .. Толькі касцёл застаўся, як напамінак аб страшным мінулым. Чарнышэвіч. Страшны час быў тады — адзінота, мужчыны ўсе на «мікалаеўскай» вайне. Брыль. Ах, страшны, страшны быў год гэты. Цётка.

2. Які выклікае непрыемныя пачуцці, уражвае сваім трагізмам; цяжкі. [Пан Мазурскі] быў чалавек-звер, народжаны страшным прыгонніцкім ладам. Якімовіч. Вестку, балючую і страшную, нечакана прынёс Яўхім са слязамі ў вачах. Пестрак. Страшны малюнак уставаў перад вачыма. Мурашка. // Які прыносіць пакуты (пра пачуцці, думкі, перажыванні чалавека). Свідравала мозг гэтая страшная думка, і ў той жа час у галаве борзда, борзда складаўся план дзеяння. Колас. — Немцы... — мільганула страшная думка. І .. [Міколка] не глядзеў на іх, не хацеў глядзець, пакуль не зніклі іх цяжкія крокі. Лынькоў. // Вельмі дрэнны, цяжкі (пра характар і пад.). [Барыс:] — Страшны характар у цябе, Галя. Скрыган. // Худы, змучаны, змораны (пра чалавека). Страшны і худы сядзеў Палікар у сваёй хаце. Чорны. Іван быў страшны: яшчэ больш ссутулены, бледны, у пашарпаным адзенні. Брыль.

3. Разм. Вельмі вялікі або вельмі моцны па сіле, глыбіні, інтэнсіўнасці праяўлення. У муках страшных дачакаўся Машэка першых дзён вясны. Купала. Два страшныя выбухі .. скаланулі паветра. Брыль. [Вялічка] адчуў страшны голад. Ён не разбіраў, што еў, яго зубы гатовы былі скрышыць камень. Чорны. [Лаялі] з усёй яскравасцю зразумеў, што яго ў жыцці напаткала страшнае, непаўторнае гора і што жыццё яго не будзе больш такім простым. Чарнышэвіч. / Пра з’явы прыроды. Страшную людзі цярпелі зіму: Дзіка мяцеліцы вылі. Купала. [Вера:] — Сам заўсёды напрошваўся [Каравай] на спатканні, бегаў да мяне ў самую страшную завіруху. Паслядовіч. / Пра пачуцці, перажыванні, стан. І страшны неспакой, так нявыкананых жаданняў і мэтаў — назаўсёды ляглі на твар [маці] страшнай застыласцю. Чорны. // Грубы. Мужчыны .. лаяліся страшнымі словамі, каб аблягчыць душу. Шамякін.

•••

Страшны суд гл. суд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пакла́сці, ‑кладу, ‑кладзеш, ‑кладзе; ‑кладзём, ‑кладзяце; зак., каго-што.

1. Надаць каму‑, чаму‑н. ляжачае становішча, змясціць куды‑н. у такім становішчы. Раненага асцярожна паклалі на зямлю, падаслаўшы коўдру. Якімовіч. Старшыня ўзяў з рук каваля клешчы, выхапіў распаленае жалеза з горна, паклаў на кавадла і загадаў: — Ану! Курто. Праз якіх пяць хвілін Аксану, укручаную ў коўдру і падушкі, паклалі ў сані. Скрыпка. // Улажыць спаць, адпачываць. У цішыні салдатка-маці Паклала спаць сваіх дзяцей. Танк. За тонкаю перагародкаю ў большай палавіне [хаты] скрыпнула канапа — там нанач паклалі хлопчыка. Адамчык. // Прымусіць праціўніка ўпасці на зямлю пры дужанні. Пакласці праціўніка на спіну з аднаго маху. // перан. Разм. Забіць, знішчыць. Варта было з кулямёта касануць па натоўпе на мосце, каб пакласці ўсіх [легіянераў]. Грахоўскі.

2. Змясціць куды‑н., размясціць дзе‑н. Пакласці грошы ў кішэню. □ Перакусіўшы збольшага, хлопцы паклалі рэшту хлеба ў чамаданы і выйшлі на вуліцу. Якімовіч. У хату зайшоў бацька, няспешна паклаў сякеру пад лаўку, падышоў да сына, паціснуў руку. Новікаў. — Рукі ўверх! — і на курок Палец свой паклаў стралок. А. Александровіч. // Перастаць карыстацца якім‑н. інструментам, прадметам, адлажыць яго ўбок. Стары прыціскаў да .. [тачыла] іржавае жалеза. Костусь міргнуў хлопцу. Той пакінуў круціць. Стары паклаў жалеза і абцёр рукі. Чорны. // Змясціць для зберажэння, зрабіць уклад (у банк, ашчадную касу і пад.). Пакласці грошы ў ашчадную касу. // Адправіць, змясціць у клініку, шпіталь і пад. [Шаховіч:] — Ты ж, мусіць, чуў, што Захарэвіча ў бальніцу паклалі? Абмарозіўся на тваёй машыне. Мяжэвіч.

3. Тое, што і палажыць (у 2 знач.).

4. Зрабіць знак, пакінуць адбітак чаго‑н. Выбегшы з-за невялікай хмары, сонца зноў паклала на ціхую раку цені прыбярэжных вербаў. Рылько. // перан. Уздзейнічаць, зрабіць вялікі ўплыў; пакінуць след. Падаюць гнілі падпоры — Часы паклалі свой знак. Колас. Ваеннае становішча паклала на жыццё свой адбітак. Сяргейчык.

5. Налажыць ежы, корму. Круцько наліў чаркі, Ліпа паклала на талерку смажаную трусяціну. Ваданосаў. [Іван:] — Коням, мабыць, трэба пакласці нешта ў жалабы, ці можа на пашу весці? Чарнышэвіч.

6. Тое, што і палажыць (у 3 знач.).

7. Знесці (яйцы), каб вывесці патомства. Самачка паклала ў.. [гняздо] чатыры рабенькія яечкі і села іх наседжваць. Ігнаценка.

8. перан. Аддаць, патраціць. — Шмат працы паклаў Адам Васільевіч у справу аднаўлення роднага калгаса. Кавалёў. [Гарасім:] — Прыйшлі [людзі] на карчы, імшары, колькі поту, пакуты разам паклалі, пакуль разрабілі, дык дзе ты цяпер пакінеш, гэта ўжо ўсё.., як сваё. Скрыган.

9. З назоўнікамі «пачатак», «канец», «аснова» і г. д. утварае спалучэнні, якія маюць значэнне: зрабіць тое, што азначаюць гэтыя назоўнікі. Пад баявым дэвізам «Пралетарыі ўсіх краін, яднайцеся!» Маркс і Энгельс паклалі пачатак арганізаванаму камуністычнаму руху. «Звязда». Кастрычніцкая рэвалюцыя паклала канец прыгнечанню народаў старой Расіі. Пшыркоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хапі́ць, хаплю́, хо́піш, хо́піць; зак.

1. Зак. да хапаць (у 1 знач.).

2. што, чаго і без дап. Разм. Выпіць: хутка праглынуць што‑н. Каўрыжка.. хапіў поўную лыжку журавіннага кісялю і папярхнуўся. Пянкрат. [Валянціна Васільеўна:] — На маім месцы ты, можа б, атруты хапіла. Гроднеў. // без дап. Напіцца спіртнога. [Мікіта:] — Нешта яшчэ казала [Феня], але я так моцна хапіў, што нічога не помню... Ракітны. У важнага Мядзведзя, На гасцявым абедзе Хапіў залішне Леў, Сп’янеў. Корбан. Хапіў з дзежкі, што не бачыць сцежкі. Прымаўка.

3. перан.; чаго. Разм. Перажыць, перанесці што‑н. цяжкае, непрыемнае. Сама Аўдоля хапіла гора нямала. Крапіва. / у безас. ужыв. Матросам хапіла ў час шторму.

4. што. Разм. Зрабіць цвёрдым, ушчыльніць (пра дзеянне холаду). Іней пабяліў траву, дахі і дрэвы. Малады марозік хапіў і сырую зямлю. Гаўрылкін. Марозік галашчокам хапіў, ды сонейка — мала калі зімою такое высвечвае — аж вочы слепіць. Лобан. / у безас. ужыв. Была позняя восень, зямлю хапіла першым прымаразкам. Навуменка.

5. Разм. У разважаннях, выказваннях пераступіць межы чаго‑н., зайсці занадта далёка, дапусціць перабольшанне ў чым‑н. [Вера Антонаўка] заўважыла, як забегалі ў Тацяны вочы, і, ужо шкадуючы, што хапіла занадта, прапанавала прайсціся па лесе... Карпаў. [Дзераш:] — Бач, куды хапіў?! У мяне, брат, планы пакуль інакшыя... Шынклер.

6. каго-што і па чым. Разм. Моцна ўдарыць. Уцякаючы, .. [Сашка] раптам спыніўся, хапіў кавенькай па калене, і яна хруснула, разламалася. Кухараў. // Раптоўна і моцна адчуць боль. [Чалавек:] — Калі сяджу, нічога не робячы, ці ляжу, — тады амаль і не баліць, а як толькі вазьмуся што рабіць, ды сагнуся раз — другі, жывот і хопіць. Галавач.

7. каго. Разм. Раптоўна праявіцца, прынесці пакуты (пра хваробу і пад.). Волата хапіў удар, Вызверыўся люты цар: — Дзе ахова? Дзе чыны? І куды глядзяць яны? Вітка. Шчокі малога залівала чырвань, на лбе выступіў пот, рэдзенькія белыя валаскі ўскудлачыліся... — Што з ім? — А хто ж яго ведае... Гарачка хапіла. Ліхаманка нейкая. Новікаў.

8. Разм. Адразу, з ходу, хутка зрабіць што‑н. Кладаўшчык узяў маркі, даў Глушко пяць пачак цыгарэт і раптам хапіў дзверы на зашчапку. Навуменка. // Нечакана, моцна запець, закрычаць. — А што ж ты думаеш? — хапіла адразу некалькі галасоў. Чорны. Голас Клаўдзі ўпэўнена вёў песню далей, а падгалоскі чакалі, каб у патрэбны момант зноў хапіць хорам. Ракітны.

9. безас. чаго. Быць дастатковым. — Цэгла ёсць!.. І справы, значыць, хопіць да світання кельням і рукам. А. Вольскі. Гасцей у званскіх сватоў сабралася гэтак многа, што не ўсім хапіла месца для начлегу ў доме. Лось. Андрэй крыху ажывіўся, павесялеў. Толькі весялосці гэтай хапіла ненадоўга. Шахавец.

10. безас. каго. Разм. Змагчы, быць здольным зрабіць што‑н. Яго не хопіць на гэту справу.

11. хо́піць з інф. і без дап. Разм. Досыць, даволі, годзе; трэба перастаць, спыніць (гаварыць, рабіць што-н). — А ты падыдзі, сам паглядзі! — Хопіць ужо, нагледзеўся... Лынькоў.

•••

Хапіць цераз край — страціўшы пачуццё меры, зрабіць або сказаць што‑н. такое, што выходзіць за рамкі звычайнага, нармальнага.

Хапіць шылам кашы (патакі) — пра няўдалую спробу зрабіць што‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)