разры́ў, ‑рыву, м.

1. Дзеянне і стан паводле дзеясл. разрывацца ​1 — разарвацца (у 1, 2 знач.).

2. Прастора, якая ўтварылася паміж разарванымі часткамі чаго‑н. Нарэшце палотнішча разарвалася, і, быццам у гэты разрыў, дождж ужо лінуў як з вядра. Карпаў. Туман увачавідкі радзеў, у праясненых разрывах яго ўжо зусім выразна мільгалі лапікі маку, камяні. Быкаў. // Прамежак у часе, перапынак. [Алена:] — Я баюся, каб не было разрыву паміж сціртаваннем і жнівом. Мележ. // перан. Адсутнасць адпаведнасці, узгодненасці паміж чым‑н. Разрыў паміж тэорыяй і практыкай. Разрыў паміж вымаўленнем і напісаннем.

3. Поўнае спыненне якіх‑н. адносін паміж кім‑н. Нарэшце, Андрэй Цітавіч не мог не лічыцца з тым, як успрымуць людзі яго разрыў з Кацярынай. Марціновіч.

•••

Разрыў сэрца — разрыў сценкі левага жалудачка сэрца.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

та́бель, ‑я, м.

1. Паслядоўны спіс, пералік чаго‑н. з указаннем даных адносна таго, што пералічваецца. На сцяне ў рамцы вісеў табель уліку надояў малака. Марціновіч. Дачка ўдалася ў матку: Працадзён адхапіла — Аж мала ў табелі месца. Панчанка. // Лісток паспяховасці вучняў. Зачыталі табель паспяховасці — адны тройкі [у Бельскага], толькі пяцёрка па рускай літаратуры, якую вяла сама Вера Адамаўна. Ермаловіч.

2. Спецыяльная дошка (або кніга) для ўліку прыходу на работу і адыходу з работы рабочых і служачых. [Зіна:] — У чалавека жонка хворая, спазніўся, ну я і не адзначыла ў табелі. Шыцік.

•••

Табель аб рангах — у дарэвалюцыйнай Расіі — суадносіны чыноў воінскага, цывільнага і прыдворнага ведамстваў па старшынству (рангах, класах), уведзеныя Пятром I.

Табель-каляндар — ліст, табліца, у якой па графах распісаны ўсе дні тыдня, месяцы і чыслы года.

[Ад ням. Tabelle — табліца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь наспявае адказваць.. [жанчыне]. Васілевіч. Галя ўсміхалася жыццярадасна і шчыра, яна расчырванелася, нібы маладуха. Марціновіч. Заўсёды ён усміхаўся, і яго вочы іскрыліся такой радасцю, што Новікаў таксама не мог стрымацца, і ён смяяўся разам з Ільічом. Мяжэвіч. // Усмешкай выражаць свае адносіны да каго‑, чаго‑н., адказваць на што‑н. [Зося] ўсміхалася Галене і з замілаваннем глядзела, як тая вітаецца з бацькам яе. Чорны. / у перан. ужыв. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... Панчанка. Зводдаль светла ўсміхаецца хата, І, расхрыстаны, юны, без шапкі, У прадчуванні вялікага свята Я прыношу яловыя лапкі. Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

усхадзі́цца, ‑хаджуся, ‑ходзішся, ‑ходзіцца; зак.

Дайсці да крайняй ступені праяўлення чаго‑н., раз’юшыцца. Дзед Нупрэй так усхадзіўся з нажом, што нечакана аж перарэзаў грабільна і, плюнуўшы злосна, кінуў яго за плот. Лынькоў. — Гэта ж пяць вёрст да тае школы, а зімою без ботаў і кажуха хлопец замерзне. А дзе я іх вазьму яму? — усхадзілася бабка. Каліна. У засценку ўсхадзіліся пеўні, спявалі без пары, — напэўна, на перамену надвор’я. Чарнышэвіч. // Пачаць дурэць, сваволіць. Усхадзіліся дзеці — не суняць. // Пачаць бушаваць, разбушавацца (пра з’явы прыроды). Усхадзіўся вецер. □ Усхадзіўся лес шумлівы, — Вые воўк. Конь спаткнуўся палахлівы. Стой, яздок! Чарот. [Дзяўчына:] — Мароз страшэнны, завіруха ўсхадзілася такая, што, здаецца, машыну перакуліць. Марціновіч. // Абвастрыцца (пра хваробы). Калі ўсходзіцца радыкуліт, можна грэлку прыкласці. Гроднеў. Той дзень.. [жанчына] ледзь дабыла да вечара — усхадзіўся жывот, ламала паясніцу, паднялася гарачка. Дамашэвіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

фальш, ‑у, м.

1. Падман, ашуканства. [Гендарсан] поркаўся ва ўжо засыпаных буртах, вымяраў пласт саломы і зямлі, але не знаходзіў фальшу. Чарнышэвіч. // Падробка. На момант.. [Назарчуку] здалося, што гэтыя грошы не сапраўдныя. Паглядзеў на прасвет, але фальшу не знайшоў. Грошы былі, як грошы. Сабаленка.

2. Прытворства, няшчырасць, крывадушнасць. У ласкавасці, з якой былі вымаўлены гэтыя словы, Галіна Іванаўна адчула фальш, няшчырасць. Марціновіч. Валодзя не ўлавіў ноткі фальш[у] у.. расказе [перакладчыка]. Федасеенка. // Адсутнасць натуральнасці, адпаведнасці мастацкай праўдзе. Нішто не бывае такім прыкрым у літаратурным творы, ва ўсякім друкаваным слове, як фальш, непісьменная сухая штучнасць. Чорны.

3. Недакладнасць у выкладанні, скажэнне (пра спеў, ігру на музычным інструменце). У тых жа выпадках, калі чуецца выразны фальш або збіванне з тону, пісар трасе галавою, махае рукою, перахватваючы спевы і змушаючы хор падпарадкавацца яму. Колас.

[Ням. Falsch.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уну́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; зак.

1. Утуліцца ў што‑н. [Караба] зноў унурыўся галавой у падушку і адразу захроп. Асіпенка. // Паваліўшыся з разгону наперад, уткнуцца тварам у снег, зямлю і пад. Толя ўпаў каля нейкага драўлянага доміка і ўнурыўся тварам у пясок. Якімовіч.

2. Захапіўшыся, паглыбіцца ў што‑н., задумацца. У дарозе людзі паводзяць сябе па-рознаму: хто пазірае ў акно, хто ўнурыцца ў чытанне, а хто не можа маўчаць і з незнаёмымі. Марціновіч. Адам на момант змоўк. Схіліўся над варштатам, унурыўся ў чарцёж. Мыслівец. // Апусціць галаву, панурыцца. Пракоп адчуў сябе пабітым і адзінокім. Унурыўся і маўчаў. Колас. [Мужчыны] вядуць на перакур купкай, а.. [Мацей] воддаль прыткнецца, закурыць, унурыцца і маўчыць. Пальчэўскі.

3. Пільна, не зводзячы вачэй, глядзець на каго‑, што‑н. Зачуўшы крокі, .. [хлопец] спалохана ўстрапянуўся, агледзеў Ілью з галавы да ног, потым зноў унурыўся ў агонь. Навуменка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уссе́сці, ‑сяду, ‑сядзеш, ‑сядзе; пр. уссеў, ‑села; заг. уссядзь; зак.

Разм.

1. Наваліцца ўсім сваім цяжарам. Урэшце Кастусь заламаў Віцю рукі і ўссеў яму на спіну. Марціновіч.

2. Сесці куды‑н., на што‑н. у вялікай колькасці. Яны беглі падскокваючы. Зазяваешся — мурашкі адразу ўссядуць на ногі і пачнуць шчыпаць. Ваданосаў.

3. З лютасцю напасці. Вось тут на мяне і ўссела зграя раз’юшаных вясковых сабак і давай калашмаціць. Сяргейчык.

4. перан. Неўзлюбіўшы каго‑н. або раззлаваўшыся на каго‑н., папракаць, чапляцца да каго‑н. [Зорын:] — Вы будзеце ў мяне рабіць, як міленькі!.. Я вас прымушу!.. Гэта ж трэба, першакласны слесар, на кране адседжваецца... Ганьба!.. — Дарэмна вы на яго ўсселі, — спагадліва гаварыў Мюлер. — Стары чалавек... Гурскі.

•••

Уссесці па карак (шыю) каму — тое, што і сесці на карак (шыю) каму (гл. сесці).

Чорт уссеў на каго гл. чорт.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ РАБО́ТНІК ВЫШЭ́ЙШАЙ ШКО́ЛЫ БЕЛАРУ́СКАЙ ССР,

ганаровае званне, якое прысвойвалася высокакваліфікаваным выкладчыкам, работнікам ВНУ, мін-ваў і ведамстваў, якія непасрэдна займаліся пытаннямі навуч.-выхаваўчай і навук.метадычнай работы, бездакорна працавалі ў галіне вышэйшай адукацыі не менш як 10 гадоў, мелі вялікія заслугі ў навуч.-выхаваўчай рабоце, зрабілі значны ўклад у справу падрыхтоўкі кваліфікаваных спецыялістаў і актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. Устаноўлена Указам Прэзідыума Вярх. Савета ад БССР 29.10.1971, прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР; скасавана 23.11.1988.

Заслужаныя работнікі вышэйшай школы БССР

1971. А.​Ц.​Каравікоў, А.​Я.​Малышаў.

1972. М.​А.​Бацін, А.​А.​Васілеўскі, А.​І.​Воранава, С.​М.​Гальдштэйн, А.​Р.​Гарбачоў, З.​З.​Дудзіч, Г.​М.​Кокін, А.​І.​Лавыш, Ю.​К.​Ландо, І.​Д.​Прахарэнка, М.​Р.​Філатаў, Ц.​І.​Шаломенцаў, Ф.​П.​Шмыгаў.

1973. Ю.​А.​Васільеў, І.​Ф.​Камкоў, Ф.​К.​Курапаценка, Л.​А.​Сухарава, М.​А.​Хазяеў.

1974. П.​Я.​Канапелька, Ц.​Г.​Нікулін, Ф.​Ф.​Порахаў.

1975. М.​І.​Абрамаў, Т.​Я.​Дударава, У.​У.​Зубец, М.​І.​Касцюкевіч, С.​С.​Касцюковіч, М.​А.​Лісіцын, У.​П.​Локцеў, Дз.​А.​Лявончанка, В.​Дз.​Марозаў, У.​І.​Міронаў, В.​М.​Пузікаў, М.​Т.​Раманоўскі, І.​С.​Росман, С.​Л.​Саламаха.

1976. В.​А.​Бандарын, В.​Н.​Вінаградаў, Ф.​П.​Вісюлін, Я.​Л.​Гельберг, У.​Р.​Івашын, Ф.​М.​Капуцкі, М.​В.​Наўчыцель, І.​І.​Саладкоў, Г.​В.​Хахлоў.

1977. М.​М.​Акімаў, Я.​І.​Анацкі, А.​В.​Бадакоў, К.​К.​Барышнікава, С.​М.​Бялоў, С.​М.​Жамчужны, В.​А.​Жучкевіч, І.​І.​Казека, С.​Р.​Лагун, М.​Ф.​Лызікаў, Г.​П.​Макеева, Я.​В.​Рыжанкоў, А.​А.​Столяр, К.​І.​Сцепанцэвіч, І.​А.​Талкачоў, В.​І.​Халзакоў, С.​М.​Чарноў, М.​А.​Шытаў.

1978. Н.​І.​Дарафеенка, Я.​П.​Кудрашоў, Я.​Н.​Мядведскі Я.​Н.​Мядзведскі, П.​А.​Сыцко.

1979. Ф.​В.​Баравік, А.​М.​Брагін, І.​А.​Ганчароў, І.​А.​Глубеў, К.​К.​Іскра, У.​А.​Калеснік, А.​Ц.​Караткевіч, Т.​М.​Курыленка, К.​І.​Моніч, Г.​Я.​Панкрац, Я.​А.​Семянчук, І.​Н.​Сіпараў, І.​І.​Сярова, В.​М.​Фамін, М.​А.​Храмовіч, Л.​М.​Шакун.

1980. І.​Ш.​Гарфінкель, В.​М.​Ільін, А.​А.​Калікінскі, В.​А.​Каменка, У.​К.​Кільчэўскі, М.​У.​Кіслоў, А.​М.​Конанаў, В.​С.​Кудрашоў, А.​М.​Мацко, У.​С.​Пашчанка, І.​Л.​Пятровіч, С.​М.​Сцёпін, А.​Ф.​Хацкевіч, М.​С.​Цэдрык, А.​Д.​Янушка.

1981. Я.​І.​Гурскі, А.​П.​Красільнікаў, М.​М.​Крывапустаў, М.​М.​Маёраў, У.​І.​Мазур, В.​І.​Мартавіцкі, М.​Ц.​Марчанка, І.​А.​Цвятаева, В.​М.​Шкурко.

1982. А.​М.​Бардовіч, Л.​І.​Валаховіч, П.​П.​Дронь, І.​П.​Зяцькоў, В.​В.​Казлова, М.​І.​Лебедзеў, А.​А.​Логінаў, І.​І.​Марціновіч, У.​Я.​Навуменка, В.​У.​Некрашэвіч, І.​Т.​Рагаўскі, Р.​М.​Трухноў, І.​В.​Царук, В.​Ф.​Цікавы, А.​С.​Шуканаў, Л.​А.​Шульга, Ю.​Р.​Ягораў, С.​Я.​Янчанка.

1983. Г.​С.​Глушчанка, Р.​М.​Карсека, І.​Ф.​Крук, П.​І.​Ткачоў, Т.​А.​Шчарбакова.

1984. О.Я.​Л.​Бекіш, І.​Дз.​Чарнышэнка.

1985. М.​В.​Тараткевіч.

1987. В.​Я.​Зарэцкая, М.​Ф.​Капіч, І.​Ф.​Кудраўцаў, А.​Р.​Лахтанаў, В.​П.​Стрэльнікаў.

1988. А.​В.​Багатыроў, В.​І.​Рэуцкі.

т. 6, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пагадзі́цца, ‑гаджуся, ‑годзішся, ‑годзіцца; зак.

1. Выказаць сваю згоду з кім‑, чым‑н.; згадзіцца. Пагадзіцца з прапановай. □ — Так, нялёгкі быў час, — пагадзіўся.. [Понтус], намагаючыся стаць самавітым. Карпаў.

2. Разм. Даць згоду на што‑н., згадзіцца. З Іванам дамовіцца было не цяжка: ён адразу пагадзіўся быць правадніком. Новікаў.

3. Прыйсці да згоды, сысціся на чым‑н. Усе пагадзіліся ісці пехатою. □ Пагадзіліся на тым, што за старшыню будзе Анісім Папок. Сабаленка.

4. Памірыцца з кім‑н. Дзед Купрыян лічыць, што час Аўгініных прочак сышоў. Ёй трэба вярнуцца і пагадзіцца з Васілём. Колас. // Прымірыцца з чым‑н., прывыкнуць да чаго‑н. Камандзір усё не мог пагадзіцца, што людзей яму далі без выбару. Быкаў. Пра стажок ужо меней гаварылі, з горам-бядою пагадзіліся ў хаце. Колас.

5. Разм. Наняцца працаваць на пэўных умовах. Гаспадыня ўжо не рада была і той даплаце, за якую пагадзілася даглядаць Уладзіка. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паплаво́к 1, ‑паўка, м.

1. Частка вуды, якая ўтрымлівае лёску з кручком у час лову на патрэбнай глыбіні. Складаецца.. [вуда] з вудзільна, лескі, паводка, паплаўка, груза і кручка. Матрунёнак. Рыба не клявала, і круглы чырвоны паплавок нерухома ляжаў на вадзе. Чыгрынаў. // Прыстасаванне да рыбалоўнай сеткі, якое трымае яе на пэўнай глыбіні. Грымяць лябёдкі — і за бортам сетка, І рабізной на хвалях — паплаўкі. Звонак.

2. Надзьмуты паветрам прагумаваны мех, які выкарыстоўваюць як апору пры тэрміновым навядзенні мастоў, паромаў. Сапёры павялі.. пантонную пераправу. Гэта такі часовы мост, які трымаецца на паплаўках. Юрэвіч. Шыпяць паплаўкі, выходзіць з іх паветра, і ўсё ніжэй і ніжэй нахіляецца плыт. Лынькоў.

3. Прыстасаванне для ўзлёту і пасадкі гідрасамалётаў.

4. Спец. Асноўная частка некаторых прылад. Паплавок карбюратара.

паплаво́к 2, ‑лаўка, м.

Тое, што і паплавец. Перад самаю вёскаю вол забаставаў: звярнуў з дарогі на паплавок. Марціновіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)