ІГЛІ́ЦА,

шыпулькі, зялёнае, фотасінтэзуючае лісце многіх хвойных дрэў і кустоў тыпу голанасенных.

Вечназялёныя, лінейнай, іголка- або лускападобнай, трох-, чатырохграннай формы, даўж. 0,1—45 см; сядзячыя, размешчаныя спіральна, радзей супраціўна або кальчакова. Часцей шчыльныя, цвёрдыя, скурыстыя з невял. колькасцю вусцейкаў. Акрамя некалькіх лістападных форм, І. трымаецца на галінках 1—15 гадоў. Мае шмат фітанцыдаў, эфірных алеяў, вітамінаў.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕНСАЛІ́ЗМ (ад позналац. commensalis сатрапезнік),

сатрапезніцтва, форма сімбіёзу, пры якой адзін з партнёраў сістэмы (каменсал) ускладае на другога (гаспадара) рэгуляцыю сваіх адносін са знешнім асяроддзем, але не мае з ім фізіял. сувязей. Звычайна гэта ўзаемаадносіны паміж 2 відамі ці арганізмамі, калі адзін з іх корміцца за кошт другога і не прычыняе яму шкоды. Гл. таксама Мутуалізм.

т. 7, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНА́ДСКІ РАБО́ЧЫ КАНГРЭ́С (Canadian Labour Congress),

найбуйнейшае прафс. аб’яднанне Канады. Засн. ў 1956 у выніку зліцця Кан. кангрэса прафсаюзаў і Кан. кангрэса працы. Штаб-кватэра ў Агаве. У 1990-я г. аб’ядноўваў 104 галіновыя прафсаюзы, больш за 2 млн. чал. Мае забастовачны фонд. Кіруючыя органы: з’езд, выканком. Друкаваны орган — час. «Canadian Labour» («Канадскія прафсаюзы»). Чл. Міжнароднай канфедэрацыі свабодных прафсаюзаў.

т. 7, с. 566

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́МПТАНАЎСКАЯ ДАЎЖЫНЯ́ ХВА́ЛІ,

фізічная велічыня, якая мае размернасць даўжыні і вызначае вобласць праяўлення рэлятывісцкіх квантавых эфектаў. Для элементарнай часціцы з масай m К.д.х. λ0 = ħ mc , ħ = h 2π — пастаянная Планка, c — скорасць святла ў вакууме. Назва звязана з тым, што λ0 вызначае змену даўжыні хвалі эл.-магн. выпрамянення ў Комптана эфекце на адпаведнай часціцы.

т. 8, с. 399

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРОНЦЫ́РКУЛЬ (ад ням. Krone карона, вянец + цыркуль),

1) вымяральны інструмент у выглядзе цыркуля з дугападобнымі ножкамі. Часам мае шкалу. Выкарыстоўваецца для параўнання дыяметраў дэталей з памерамі, узятымі па маштабнай лінейцы, канцавых мерах або калібры. Межы вымярэнняў — да 200 мм.

2) Чарцёжны цыркуль, у якога вугал фіксуецца мікраметрычным вінтом. Ім вычэрчваюць акружнасці дыям. 2—80 мм.

Вымяральныя кронцыркулі.

т. 8, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУГААБАРО́Т КАПІТА́ЛУ,

рух капіталу праз сферы вытв-сці і абарачэння, што забяспечвае вытв-сць прыбавачнай вартасці і ўзнаўленне капіталу. У гэтым працэсе капітал паслядоўна праходзіць праз 3 формы — грашовы капітал, таварны капітал, вытворчы, якія ўяўляюць сабой формы (часткі) прамысловага капіталу; кожная з іх мае свой кругаабарот і выконвае пэўныя эканам. функцыі. Бесперапыннае паўтарэнне К.к. ўтварае абарот капіталу.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУБ (грэч. kybos) у матэматыцы, 1) правільны мнагаграннік, які мае 6 квадратных граней, 12 рэбраў, 8 вяршынь; у кожнай яго вяршыні сыходзяцца 3 узаемна перпендыкулярныя рабры. К. называюць таксама гексаэдрам.

2) К. ліку а — трэцяя ступень ліку a (a∙a∙a = a​3); назва звязана з такім жа выразам аб’ёму К. (як геам. фігуры) з рабром a.

Куб.

т. 8, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ДАН (ад грэч. ladanon),

пахучая смала, што выдзяляецца некаторымі раслінамі сям. ладаннікавых і бурзеравых. Мае ў сабе камедзі, эфірныя алеі, горычы і інш. Часткова растваральны ў вадзе і арган. растваральніках; пры награванні ўзганяецца. Л. атрымліваюць падсочкай пераважна ладаннага дрэва і басвеліі свяшчэннай (Усх. Афрыка і ПдЗ Аравійскага п-ва). Выкарыстоўваецца для пахучых курэнняў у рэліг. абрадах, у парфуме.

т. 9, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТАРЭ́Я (франц. loterie ад lot жэрабя),

розыгрыш рэчаў або грашовых сум па білетах. Продаж латарэйных білетаў — форма прыцягнення сродкаў, частка з якіх ідзе на фінансаванне выйгрышаў, частка выкарыстоўваецца арганізатарамі для камерцыйных, дабрачынных і інш. мерапрыемстваў. Латарэйны білет з’яўляецца каштоўнай паперай на прад’яўніка. Уладальнік білета, на які выпаў выйгрыш, мае права патрабаваць яго аплаты ў грашовай або натуральнай (рэчавай) форме.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛЕ́БЕДЗЬ»,

прыватнаўласніцкі герб у Польшчы, Літве, Беларусі і на Украіне, якім карысталася больш за 220 родаў, у т. л. Даўгялы, Доўгірды, Дунін-Марцінкевічы, Гінвілы, Галоўчынскія, Завішы, Матушэвічы, Тальвашы, Шэметы, Юндзілы. Мае ў чырв. полі выяву сярэбранага лебедзя. Клейнод — над прылбіцай з каронай такі ж самы лебедзь. Вядомы з 13 ст., у ВКЛ — пасля Гарадзельскай уніі 1413.

т. 9, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)