УСАЧО́Ў Юрый Уладзіміравіч (н. 9.10.1957, г. Данецк Растоўскай вобл., Расія),
расійскі касманаўт. Герой Рас. Федэрацыі (1994). Лётчык-касманаўт Рас. Федэрацыі (1994). Скончыў Маскоўскі авіяц.ін-т (1985). З 1985 у ракетна-касм. карпарацыі «Энергія» імя С.П.Каралёва. Адначасова з 1989 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Ю.А.Гагарына. Здзейсніў 4 палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК) і арбітальных станцый (АС): 8.1—9.7.1994 — на КК «Саюз ТМ-18» і АС «Мір» і 21.2—2.9.1996 — на КК «Саюз ТМ-23» і АС «Мір» (як борт-інжынер), 19—29.5.2000 — на КК «Атлантыс» (ЗША; як спецыяліст па праграме зборкі Міжнар.касм. станцыі), 8.3—22.8.2001 — на КК «Дыскаверы» і Міжнар.касм. станцыі (як камандзір 2-й асн. экспедыцыі). У космасе правёў 552,93 сут.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФОРД (Ford) Джон [сапр.О’Фіні
(O’Feeney) Шон Алоізіус; 1.2.1895, Кейп-Элізабет, ЗША — 31.8.1973], амерыканскі кінарэжысёр. Ірландзец па паходжанні. З 1914 асістэнт, з 1917 рэжысёр у Галівудзе. У 1920—30-я г. ставіў вестэрны, дзе раскрываў псіхалогію герояў. Мастацтва Ф. вызначаецца высокім майстэрствам рэжысуры і выяўл. вырашэння, дакладнай перадачай атмасферы дзеяння. Лепшыя фільмы — экранізацыі літ. твораў, дзе даследуецца характар чалавека ў крытычных абставінах: «Эраўсміт» (1931),
«Паведамляльнік» (1935, прэмія «Оскар»), «Дыліжанс», «Юны містэр Лінкальн» (абодва 1939), «Гронкі гневу» (1940, прэмія «Оскар»), «Мая дарагая Клеменціна» (1946), «Рыо-Грандэ» (1950), «Ціхі чалавек» (1952, прыз Міжнар. кінафестывалю ў Венецыі, прэмія «Оскар» 1953), «Усход месяца» (1957), «Восень чэенаў» (1964), «Сем жанчын» (1966) і інш. Здымаў і дакумент. фільмы. Пра яго зняты фільм «Пастаўлена Джонам Фордам» (1971).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХА́МФРЫ (Humplirey) Дорыс (17.10.1895, г. Ок-Парк, ЗША — 29.12.1958),
амерыканская танцоўшчыца, харэограф, педагог, тэарэтык танца; адна з заснавальнікаў і вядучых прадстаўнікоў амер.танца мадэрн. З 1917 у трупе «Дэнішоўн». У 1928 арганізавала (з Ч.Вейдманам) школу і трупу ў Нью-Йорку, адначасова з 1934 выкладала ў танц. школах. З 1945 з Х.Лімонам узначальвала яго трупу. Сярод пастановак: «Трагічная саната» (1923), «Эцюд, прысвечаны вадзе» (1928; абедзве без муз. суправаджэння), трылогія «Новы танец», «Тэатральны эцюд», «З маімі чырвонымі агнямі» на муз. У.Рыгера (1935—36; 1-я ч. з Вейдманам), «Дзень на зямлі» на муз. А.Копленда (1947), «Руіны і прывіды» на муз. Б.Брытэна (1953) і інш. Распрацавала (з Вейдманам) методыку аналізу кампазіцыйнай, рытмічнай і пластыка-дынамічнай структуры танца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРЛА́МАЎ Валерый Барысавіч (14.1.1948, Масква — 27.8.1981),
расійскі спартсмен (хакей з шайбай). Засл. майстар спорту (1969). Скончыў Маскоўскі пед.ін-т. З 1967 нападаючы каманды ЦСКА, у 1969—79 член зборнай каманды СССР. Чэмпіён XI (1972, г. Сапара, Японія) i XII (1976, г. Інсбрук, Аўстрыя) зімовых Алімп. гульняў, сярэбраны прызёр XIII зімовых Алімп. гульняў (1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША). Чэмпіён свету (1969—71, 1973—75, 1978, 1979), сярэбраны (1972, 1976) і бронз. (1977) прызёр. Чэмпіён Еўропы (1969, 1970, 1973—75, 1978, 1979), сярэбраны (1971, 1972) і бронз. (1976, 1977) прызёр. Чэмпіён СССР (1968, 1970—73, 1975, 1977—81).
Літ.:
Три скорости Валерия Харламова / Авт.-сост. Б.Левин. 2 изд. М., 1988;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХО́РНІ (Horney) Карэн (1885, г. Гамбург, Германія — 1952),
нямецкі і амерыканскі псіхолаг і псіхапатолаг; адна з заснавальнікаў неафрэйдызму. Скончыла Фрайбургскі ун-т. З 1913 вяла мед. практыку, вывучала псіхааналіз у Берлінскім псіхааналіт. ін-це. З 1932 у ЗША, працавала ў Чыкагскім і Нью-Йоркскім псіхааналіт. ін-тах. У працах «Неўратычная асоба нашага часу» (1937), «Новыя шляхі ў псіхааналізе» (1939), «Самааналіз» (1942), «Нашы ўнутраныя канфлікты» (1945), «Неўрозы і развіццё чалавека» (1950) і інш. крытычна перапрацавала шэраг палажэнняў вучэння З.Фрэйда (аб інстынктах, тэорыю лібіда, канцэпцыі бессвядомага, неўрозаў, Эдыпава комплексу і інш.) і ажыццявіла сацыялагізацыю псіхааналізу і фрэйдызму. Падкрэслівала ўплыў культуры на бессвядомае, сац.-культ. параджэнне неўрозаў і ўнутрыасобасных канфліктаў, гіст. зменлівасць неўрозаў і інш. Неўрозы трактавала як неадэкватныя формы паводзін у варожым асяроддзі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТР КІРАВА́ННЯ ПАЛЁТАМІ (ЦКП) касмічных лятальных апаратаў, установа, якая ажыццяўляе цэнтралізаванае аператыўна-тэхн. кіраванне палётам касмічнага апарата (КА) з моманту вываду яго на арбіту да заканчэння актыўнага існавання.
Асн. складальная частка ЦКП — інфармацыйна-выліч. комплекс, які прымае, апрацоўвае, аналізуе, адлюстроўвае і дакументуе інфармацыю, што паступае з КА, касмадрома, пошукава-выратавальнага комплексу, наземных вымяральных і плывучых камандна-вымяральных пунктаў з выкарыстаннем сістэм спадарожнікавай сувязі. Непасрэднае кіраванне палётам КА адбываецца са спец. рабочых месцаў, на якія паступае неабходная інфармацыя і якія абсталяваны экранамі касм. тэлебачання і апаратурай для сувязі з касманаўтамі. Рас. ЦКП створаны ў 1973, знаходзіцца ў г. Каралёў Маскоўскай вобл.; узаемадзейнічае з Цэнтрам падрыхтоўкі касманаўтаў, НДІ, прадпрыемствамі ракетна-касм. комплексу, аналагічным цэнтрам у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧЭ́МБЕРЛІН (Chamberlin) Эдуард Хейсцінгс (18.5.1899, Ла-Конер, штат Вашынгтон, ЗША — 1967),
амерыканскі эканаміст, аўтар манапалістычнай канкурэнцыі тэорыі. Чл.Амер.эканам. асацыяцыі і інш. т-ваў. Вучыўся ва ун-тах штата Аява, Мічыганскім і Гарвардскім. З 1920 выкладаў у Мічыганскім, Гарвардскім, Парыжскім і Капенгагенскім ун-тах. Лічыў, што ва ўмовах рыначнага гаспадарання канкурэнцыя паміж фірмамі набывае форму канкурэнцыі прадуктаў, пры якой вял. значэнне маюць іх якасць, рэклама і цэнавая канкурэнцыя. Сцвярджаў, што кожная фірма валодае элементам манапольнай улады, бо яна выпускае свой прадукт, адрозны ад інш. Паводле Ч., ва ўмовах манапаліст. канкурэнцыі фірма працуе з залішнімі магутнасцямі (выдаткамі), таму яна заўсёды менш эфектыўная, чым аналагічнае прадпрыемства пры дасканалай (поўнай) канкурэнцыі.
Тв.:
Рус.пер. — Теория монополистической конкуренции. М., 1959.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАМПЛЕ́ЙН, Шамплен (Champlain) Самюэль (1567, Бруаж каля г. Рашфор, Францыя — 25.12.1635), французскі гідрограф, даследчык Канады і ПнУЗША. У 1603 здзейсніў падарожжа па рэках Св. Лаўрэнція і Сагеней. У 1604—06 правёў даследаванні ўздоўж Атлантычнага ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі (п-авы Новая Шатландыя і Кейп-Код, зал. Фанды, Масачусетс), адкрыў в-аў Нантакет. У 1608 у вусці р.Св. Лаўрэнція заснаваў г. Квебек, у 1609 даследаваў р. Рышэльё — правы прыток р.Св. Лаўрэнція, адкрыў возера, пазней названае яго імем, горы Адырондак і Зялёныя горы (Грын-Маўнтынс). У 1609—15 займаўся пошукам водных шляхоў да Ціхага ак., у 1615—16 па рэках Св. Лаўрэнція, Атава, воз. Ніпісінг і інш. дасягнуў воз. Гурон.
Літ.:
Магидович И.П. История открытия и исследования Северной Америки. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАРПА́К (Charpak) Жорж (н. 1.8.1924, г. Дубровіца Ровенскай вобл., Украіна),
французскі фізік. Чл.Франц.АН (1985). Замежны чл.Нац.АНЗША (1986), Рас.АН (1994). З 1932 у Францыі. Скончыў Калеж дэ Франс (1954). З 1948 у Нац. цэнтры навук. даследаванняў Францыі, у 1959—91 у Еўрапейскім цэнтры ядз. даследаванняў (Швейцарыя). Навук. працы па эксперым. фізіцы высокіх энергій, распрацоўцы сродкаў дэтэктыравання элементарных часціц. Вынайшаў шматправадную прапарцыянальную камеру (камера Ш., 1968), якая дазволіла адкрыць шэраг элементарных часціц і знайшла выкарыстанне ў медыцыне, біялогіі і прам-сці. Нобелеўская прэмія 1992.
Тв.:
Рус.пер. — Электронная визуализация ионизирующего излучения с помощью ограниченного лавинного разряда в газах // Успехи физ. наук. 1993. Т. 163, № 10;
Жизнь как связующая нить. Ижевск, 2001 (разам з Д.Садзінос).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЎКАГРА́ФІЯ (ад шоўк + ...графія), серыграфія,
від маст.трафарэтнага друку. Алейныя або вадзяныя фарбы з дапамогай эластычнай пласціны (ракеля) праціскаюцца на паперу праз шаўковую сетку, нацягнутую на раму. Участкі, свабодныя ад малюнка, закрываюць непранікальным для фарбы саставам. Ш. адметная яркасцю і дэкар. маляўнічасцю каларыту, дазваляе атрымліваць рэльефныя выявы. З дапамогай Ш. можна друкаваць якасныя рэпрадукцыі карцін. Тэхніка Ш. з’явілася ў 20 ст. ў творах графікі, была запазычана з кіт. і яп. друку на тканінах. З 1930-х г. пашырылася ў творах Дж.Полака, Р.Раўшэнберга, Б.Шана (ЗША), В.Вазарэлі, Ф.Лежэ (Францыя). На Беларусі вядома з 2-й пал. 20 ст. ў творчасці У.Вішнеўскага, С.Войчанкі, Л.Кальмаевай, Г.Мацура, К.Ракіцкага, Дз.Раманюка, У.Цэслера і інш.