РАДЗІВІ́Л Міхал Казімір (мянушка Рыбанька; 13.6.1702, г.п. Алыка Валынскай вобл., Украіна — 22.5.1762),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ, мецэнат. Сын К.​С.​Радзівіла (гл. ў арт. Радзівілы). Пасля смерці бацькі (1719) стаў ардынатам нясвіжскім і алыцкім. З 1720 неаднаразова быў выбраны паслом на сеймы; у 1728 маршалак Трыбунала ВКЛ; у 1728—34 канюшы ВКЛ. У паліт. жыцці спярша супрацоўнічаў з групоўкай князёў Чартарыйскіх, пасля смерці караля Аўгуста II (1733) выступіў супраць новаабранага караля Станіслава Ляшчынскага. Удзельнічаў у арганізацыі новага выбарчага сейма, дзе ў кастр. 1733 у прысутнасці рас. войска і ўласнага войска Р. каралём быў абраны Аўгуст III. За гэта ў 1734 атрымаў пасаду маршалка надворнага. У 1734—35 на чале сваіх харугваў удзельнічаў у баях на Беларусі супраць прыхільнікаў Ляшчынскага, якіх узначальваў А.​Пацей. Перамогі садзейнічалі набыццю Р. новых пасад: польны гетман ВКЛ. у 1735—44, вял. гетман ВКЛ з 1744, трокскі кашталян у 1735—37 і ваявода ў 1737—44, віленскі кашталян у 1742—44 і ваявода з 1744. У 1740-я г. ўзначаліў у ВКЛ магнацка-шляхецкую групоўку, якая выступала супраць палітыкі Чартарыйскіх па рэфармаванні анархічнага дзярж. ладу Рэчы Паспалітай; супраць Чартарыйскіх заключыў пагадненне з вял. каронным гетманам Ю.​Патоцкім. Разам з ім садзейнічаў зрыву сеймаў і ў гэтым меў падтрымку караля Аўгуста III, які вельмі рэдка прыязджаў з Саксоніі; Р. быў фактычным прадстаўніком караля ў ВКЛ. У 1748 як галава роду Радзівілаў зняволіў клецкага ардыната М.​Радзівіла, аб’явіў яго вар’ятам і атрымаў у распараджэнне яго маёнткі. У 1750-я г. камандаваў задушэннем Мазырскага ўзбр. выступлення сялян. Пасля смерці малодшага брата Гераніма Фларыяна (1760) атрымаў у спадчыну яго Слуцкае і Капыльскае княствы, Біржы, Кейданы, Копысь, Койданава і інш. Адбудаваў Нясвіж і Нясвіжскі замак, якія моцна пацярпелі ў час Паўночнай вайны 1700—21. Заснаваў Нясвіжскую друкарню, Нясвіжскі кадэцкі корпус, у якім рыхтавалі афіцэраў для яго ўласнага войска, Нясвіжскі тэатр Радзівілаў. Трымаў шмат мануфактур, у т. л. Нясвіжскую суконную мануфактуру, Нясвіжскую дывановую мануфактуру, Налібоцкую шкляную мануфактуру, Урэцкую шкляную мануфактуру, Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, Свержанскую фаянсавую мануфактуру.

Тв.:

Бел. пер. — Дыярыюш Князя Міхала Казімера Радзівіла ваяводы віленскага, гетмана вялікага В.​К.​Літ. // Спадчына. 1994. № 4—5;

1995. № 1—6;

1996. № 1—2, 4.

А.​Л.​Грыцкевіч.

М.К.Радзівіл Рыбанька. Карціна С.​А.​Мірыса (?). Каля 1760.

т. 13, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЕ́ГА Леў Іванавіч (4.4.1557, в. Астроўна Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. — 7.7.1633),

бел. дзяржаўны дзеяч ВКЛ. З магнацкага роду Сапегаў. Пісар вялікі ВКЛ у 1581—85, падканцлер у 1585—89, канцлер у 1589—1623, ваявода віленскі з 1623 і адначасова гетман вялікі з 1625. Вучыўся ў кальвінісцкіх настаўнікаў у Нясвіжы, у 1570—73 у Лейпцыгскім ун-це, дзе перайшоў у кальвінізм. У 1579—81 прымаў удзел у Лівонскай вайне 1558—83. Разам з канцлерам А.​Б.​Валовічам і падканцлерам К.​Радзівілам удзельнічаў у стварэнні Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. У 1584 падпісаў у Маскве пагадненне аб перамір’і. У 1586 перайшоў у каталіцтва. У час бескаралеўя ў 1587 прапанаваў план федэрацыі Польшчы, ВКЛ і Маскоўскай дзяржавы з адным каралём, якім прапаноўваўся цар Фёдар Іванавіч. Калі гэты план не быў рэалізаваны, падтрымаў кандыдатуру Жыгімонта III Вазы. Узначальваў соймавую камісію па падрыхтоўцы Статута Вялікага княства Літоўскага 1588, адрэдагаваў яго тэкст і фінансаваў яго выданне ў віленскай друкарні Мамонічаў. На царк. саборы ў Брэсце ў 1596 як каралеўскі камісар выступіў у абарону царк. уніі. Паводле яго загаду ў 1594—1607 былі нанава перапісаны кнігі Метрыкі Вялікага княства Літоўскага, каб пры карыстанні яны не прыходзілі ў непрыгоднасць (новыя кнігі зберагліся да нашага часу). У 1600—01 узначальваў пасольства ў Маскву, у выніку якога перамір’е працягнута яшчэ на 20 гадоў. С. не падтрымаў Ілжэдзмітрыя I, бо лічыў за лепшае заключыць унію з Маскоўскай дзяржавай. У 1609, пераканаўшыся, што унія з Масквой не адбудзецца, выступіў за вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 і падтрымаў Ілжэдзмітрыя II. У 1617—18 садзейнічаў арганізацыі і фінансаванню паходу каралевіча Уладзіслава на Маскву. Удзельнічаў у перагаворах з маскоўскімі пасламі, у выніку чаго падпісана Дэулінскае перамір’е 1618. Пасля забойства уніяцкага полацкага архіепіскапа Іасафата Кунцэвіча віцебскімі праваслаўнымі мяшчанамі ў 1623 С. ўзначаліў судовую камісію, якая вынесла суровыя пакаранні ўдзельнікам забойства. У 1625 удзельнічаў у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29 на чале дывізіі ў Інфлянтах. У сваёй палітыцы адстойваў суверэнітэт ВКЛ у складзе федэратыўнай Рэчы Паспалітай, няўхільна прытрымліваўся 12-га артыкула 3-га раздзела Статута ВКЛ 1588, які забараняў раздаваць польскай шляхце маёнткі і займаць ёй дзярж. пасады ў ВКЛ.

Літ.:

Саверчанка І.В. Канцлер Вялікага Княства: Леў Сапега. Мн., 1992.

А.​П.​Грыцкевіч.

Л.І.Сапега. Партрэт 17 ст.

т. 14, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САПЕ́ГА Ян Казімір (? — 22.2.1730),

дзяржаўны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай і Рас. імперыі. Ген.-фельдмаршал рас. службы (1726). З роду Сапегаў. Вучыўся ў езуіцкіх калегіумах Варшавы (да 1685) і Брунсберга (Бранева, 1692). З 1682 староста бабруйскі, з 1697 пасол (дэпутат) сойма ад Брэсцкага ваяв. Удзельнік Паўночнай вайны 1700—21. У 1702 далучыўся да войска караля Рэчы Паспалітай Аўгуста II, але неўзабаве перайшоў на бок шведаў. Адзін з ініцыятараў Варшаўскай канфедэрацыі 1704, створанай для дэтранізацыі Аўгуста II і абрання каралём Станіслава Ляшчынскага. Атрымаў шэраг перамог над войскамі Аўгуста II, у т. л. каля Пултуска (1704), Ляхавічаў (1709), удзельнік няўдалай бітвы каля Каліша (1706), 13.5.1709 разбіты рус. войскамі каля Лядухава (Украіна). У 1708—09 вял. гетман літоўскі (прызначаны шведскім каралём Карлам XII). Пасля паражэння шведаў у Палтаўскай бітве 1709 перайшоў на бок рускіх і Аўгуста II і дамогся для сябе амністыі. Аднак страціўшы пасаду гетмана, з канца 1709 з мэтай вяртання гетманскай булавы зноў павёў барацьбу (у 1711—13 узброеную) супраць Аўгуста II. У 1713 зноў перайшоў на яго бок і атрымаў амністыю. Выношваў план захопу Карла XII у час яго праезду праз Польшчу з Бендэр (Малдова) у Памор’е і выдачы яго аднаму з кіраўнікоў Сандамірскай канфедэрацыі 1704 вял. кароннаму гетману А.​Сяняўскаму. Але пасля няўдачы гэтай аперацыі быў сам арыштаваны прыхільнікамі Аўгуста II і аддадзены пад суд гетманаў; вызвалены праз заступніцтва крымскага хана Дэўлет-Гірэя. У 1720 разарваў адносіны з Аўгустам II. Намерваўся ажаніць свайго сына Пятра з Марыяй — дачкой рас. князя А.​Д.​Меншыкава, які хацеў з дапамогай С. атрымаць Курляндскае і Земгальскае герцагствы (заручыны адбыліся вясной 1726 у Пецярбургу, падарожжа С. ў рас. сталіцу апісана ў яго дзённіку). Аднак планы Меншыкава і С. не здзейсніліся, і пасля скасавання заручын іх адносіны пагоршыліся. Тым не менш С. застаўся пры двары Кацярыны I і захаваў свае пазіцыі пры Пятру II [1727—30]. Удзельнічаў у рабоце вышэйшых дзярж. устаноў Расіі. Пасля ссылкі Меншыкава (1727) ген.-губернатар Пецярбурга і Інгрыі. Вясной 1728 выехаў у ВКЛ, каб умацаваць пазіцыі Сапегаў у дзяржаве, але беспаспяхова.

Літ.:

Артамонов В.А. Россия и Речь Посполитая после Полтавской победы (1709—1714). М., 1990;

Kriegseisen W. Diariusz petersburgskiej podróży Jana i Piotra Sapiehów z 1726 r. Warszawa, 1993.

А.​М.​Лукашэвіч.

Ян Казімір Сапега. Гравюра 18 ст.

т. 14, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛІЧ Аркадзь Антонавіч (17.9.1891, в. Бацэвічы Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.1938),

дзеяч бел. нац.-дзярж. адраджэння, вучоны ў галіне эканомікі, сельскай гаспадаркі, картаграфіі, геаграфіі. Праф. (1927). Скончыў Мінскую духоўную семінарыю (1905), Новаалександрыйскі ін-т сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча, 1916), вучыўся ў Кіеўскім політэхн. ін-це. З 1910 чл. Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ). Актыўны ўдзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Мінску. На канферэнцыі БСГ у чэрв. 1917 увайшоў у склад яе часовага ЦК, быў рэдактарам газ. «Грамада». Удзельнік Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Адзін з ініцыятараў абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), нар. сакратар асветы ў 1-м яе ўрадзе. Пасля распаду БСГ разам з інш. бел. дзеячамі ў крас. 1918 арганізаваў Беларускую сацыял-дэмакратычную партыю, аўтар праекта яе праграмы, адзін з тэарэтыкаў бел. сацыял-дэмакратыі. У час паўторнага наступлення палякаў на Беларусь (вер. 1920) пераехаў у Вільню, удзельнічаў у стварэнні Таварыства беларускай школы і быў яго першым старшынёй. У жн. 1922 урад Сав. Беларусі дазволіў С. вярнуцца ў Мінск і прызначыў яго заг. планава-эканам. аддзела Наркамата земляробства БССР. Адначасова з 1923 дацэнт, праф. і заг. кафедры ў БДУ і Інбелкульце (з 1925 нам. яго старшыні, кіраўнік с.-г. секцыі і камісіі па раянаванні БССР). У 1924 пад яго кіраўніцтвам створаны час. «Плуг» і Цэнтр. бюро краязнаўства. У 1928 абраны правадз. членам Рус. геагр. т-ва, узнагароджаны (1930) яго Малым залатым медалём за навук. працы «Размяшчэнне насельніцтва па тэрыторыі БССР» і «Сельскагаспадарчыя раёны БССР у 1927—1928 гг.: Папярэдняя схема і метадалагічныя ўвагі» (абедзве 1929). Аўтар вучэбнага дапаможніка «Геаграфія Беларусі» (1919; 4-е выд., 1993), які адкрываўся эпіграфам «Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў». С. зрабіў уклад у пераўтварэнне Інбелкульта ў Акадэмію навук Беларусі, быў адным з аўтараў яе першага статута. 26.6.1930 арыштаваны ДПУ па справе т.зв. Саюза вызвалення Беларусі. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у г. Аса Пермскай, потым — у г. Ішым Цюменскай абл. (Расія). У жн. 1935 вызвалены, але 17.6.1937 зноў арыштаваны і 10.6.1938 прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. Рэабілітаваны па 1-м прыгаворы Вярх. судом БССР 10.6.1988, па 2-м прэзідыумам Цюменскага абл. суда 9.2.1957.

Літ.:

Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994.

У.​М.​Міхнюк.

А.А.Смоліч.

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭ́ЗАР Гай Юлій (Gaius Julius Caesar; 13.7.100—15.3.44 да н.э.),

старажытнарымскі дзярж. і паліт. дзеяч, палкаводзец, пісьменнік. З патрыцыянскага роду Юліяў. У пач. паліт. дзейнасці выступаў на баку папуляраў супраць Л.​К.​Сулы і яго прыхільнікаў. Займаў шэраг дзярж. пасад: ваенны трыбун, квестар, эдыл, прэтар. Змагаўся за аднаўленне правоў нар. трыбунаў, за рэабілітацыю марыянцаў. Імкнучыся да папулярнасці ў шыр. колах грамадства, наладжваў шыкоўныя відовішчы, грамадскія абеды. На пасадзе намесніка рым. правінцыі Далёкая Іспанія (у 60 да н.э.) выявіў адм. і ваен. здольнасці, разам з Г.Пампеем і М.Ліцыніем Красам увайшоў у т.зв. 1-ы трыумвірат. У 59 да н.э. абраны консулам, правёў шэраг законаў з мэтай умацавання дзярж. ладу і вырашэння сац. праблем. У 58 да н.э. атрымаў у кіраванне Галію, да 51 да н.э. заваяваў яе цалкам. У 55—53 да н.э. правёў паспяховыя паходы ў Брытанію і Германію. У выніку гібелі Краса (53 да н.э.) трыумвірат распаўся, саперніцтва паміж Ц. і Пампеем перарасло ў грамадз. вайну 49—45 да н.э. Пасля разгрому войск Пампея і яго саюзнікаў пад Ілердай, Фарсалам, Тапсам і Мундай Ц. узначаліў рым. дзяржаву. Сканцэнтраваў у сваіх руках паўнамоцтвы дыктатара (з 44 да н.э. пажыццёва), консула (з 47 да н.э. на 5, з 44 да н.э. на 10 гадоў), трыбуна, цэнзара (пажыццёва з 44 да н.э.), усталяваў асабістую ўладу, захаваўшы рэсп. формы кіравання. Правёў дзярж., адм., суд., грашовую і каляндарную (у 46 да н.э. т.зв. юліянскі каляндар) рэформы, перапіс насельніцтва Італіі. Узмацненне ўлады Ц. выклікала моцнае супраціўленне сенацкай апазіцыі і прарэсп. знаці. У выніку змовы (больш за 80 чал.) на чале з Л.​Г.​Касіем і М.​Ю.​Брутам Ц. забіты на пасяджэнні сената. Аўтар «Запісак пра Гальскую вайну», «Запісак пра грамадзянскую вайну». Вядомы зборнікі яго прамоў і пісьмаў, 2 памфлеты, шэраг паэт. твораў, трактат па граматыцы (не захаваліся).

Тв.:

Рус. пер. — Записки Юлия Цезаря и его продолжателей о Галльской войне, о Гражданской войне, об Александрийской войне, об Африканской войне. М., 2002.

Літ.:

Утченко С.Л. Юлий Цезарь. 2 изд. М., 1984;

Дуров В.С. Юлий Цезарь: Человек и писатель. Л., 1991;

Федорова Е.В. Императорский Рим в лицах. 2 изд. Смоленск, 1995;

Ферреро Г. Юлий Цезарь. Ростов н/Д, 1997.

А.​Г.​Зельскі.

Г.Ю.Цэзар.

т. 17, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЯРЭ́ШЧАНКА Кузьма Юр’евіч (кастр. 1888, в. Замосцішча Смаленскай вобл., Расія — 12.3.1922),

дзеяч бел. нац. руху. Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1912). З 1906 прыхільнік партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў. У 1-ю сусв. вайну ў арміі. У 1917 адзін з ініцыятараў стварэння і старшыня Пскоўскай бел. рады. Дэлегат з’езда беларусаў-вайскоўцаў Паўн. фронту ў Віцебску (ліст. 1917), Усебеларускага з’езда 1917 у Мінску. Восенню 1918 кааптаваны ў Віленскую беларускую раду (ВБР). Паводле ўмоў перагавораў (15.11—8.12.1918) паміж ВБР і Літоўскай тарыбай, у аснове якіх ляжала ідэя стварэння Бел.-Літ. дзяржавы, прызначаны нач. Гродзенскага пав., потым прадстаўніком Літ. тарыбы ў Ваўкавыскім пав. Адначасова з ліст. 1918 в.а. кіраўніка Мін-ва ўнутр. спраў БНР. Супрацоўнічаў з Гродзенскім падп. к-там РКП(б), вёў арганізац. працу па стварэнні Бел. партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). Са студз. 1919 камісар Мін-ва бел. спраў Літ. тарыбы ў Беластоку і Гродне; удзельнік клуба «Беларуская хатка» ў Гродне, чл. Цэнтр. бел. рады Гродзеншчыны. З лют. 1919 сакратар замежных спраў БНР, з сак. 1919 міністр унутр. спраў ва ўрадзе А.​Луцкевіча. На Бел. з’ездзе Віленшчыны і Гродзеншчыны (чэрв. 1919) абраны ў склад Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны. З лета 1919 дыпламатычны прадстаўнік БНР у Латвіі і Эстоніі. Пасля вяртання ў Вільню арыштаваны польскімі ўладамі. З вер. 1919 у Мінску, старшыня Часовага беларускага нацыянальнага камітэта. Са снеж. 1919 чл. прэзідыума Найвышэйшай рады БНР, але ў хуткім часе падаў у адстаўку з пасады міністра ўнутр. спраў БНР і выключаны з БПС-Р. Адзін з ініцыятараў стварэння ў студз. 1920 Цэнтр. бел. саюза сельскай гаспадаркі (Цэнтрабелсаюза). У час наступлення сав. войск у ліп. 1920 разам з Б.​Тарашкевічам і В.​Іваноўскім эвакуіраваўся ў Варшаву. З восені 1920 старшыня Цэнтр. бел. нац. к-та, чл. рэвіз. камісіі «Саюза спажывецкіх кааператываў Гарадзеншчыны». На нац.-паліт. нарадзе 1920 у Рызе ад імя Найвышэйшай рады БНР самавольна склаў паўнамоцтвы апошняй і прызнаў урад В.​Ластоўскага. З пач. 1921 у Вільні, адзін з заснавальнікаў Саюза сельскай гаспадаркі на Віленшчыне. Пазней пераехаў у БССР, працаваў у Мінску на адказных пасадах у Цэнтрабелсаюзе.

У.​В.​Ляхоўскі, А.​М.​Чарнякевіч.

К.Ю.Цярэшчанка.

т. 17, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРВЯКО́Ў Аляксандр Рыгоравіч (8.3.1892, в. Дукарка Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 16.6.1937),

дзяржаўны і парт. дзеяч Беларусі і СССР. Скончыў Віленскі настаўніцкі ін-т (1915). У час 1-й сусв. вайны прызваны ў армію, вёў рэв. прапагандысцкую работу ў вайсковых гуртках і арг-цыях. З мая 1917 чл. РСДРП. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі бальшавіцкага кірунку. Удзельнік Кастр. рэвалюцыі 1917 у Петраградзе. У лют.—маі 1918 камісар Беларускага нацыянальнага камісарыята. З ліп. 1918 у Чырв. Арміі: камісар дывізіі, нач. аддзела Усерас. бюро ваен. камісараў. Адначасова ўваходзіў у кіруючае ядро Беларускіх секцый РКП(б). У ліку 5 членаў Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусі 1.1.1919 падпісаў у Смаленску Маніфест аб абвяшчэнні Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі (ССРБ). У 1919 камісар асветы ССРБ, нам. наркома асветы Літ.-Бел. ССР, нач. палітаддзела Гомельскага ўмацаванага раёна, асобнай Гомельскай крапасной брыгады. Пасля ўступлення польскіх легіёнаў на тэр. Беларусі ў палітаддзеле Зах. фронту. У 1920 нач. аддзела РВС Зах. фронту, старшыня Мінскага губернскага ваенна-рэвалюцыйнага камітэта, ВРК ССРБ. 31.7.1920 ад імя ЦК КП(б)Б падпісаў Дэкларацыю аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь. Удзельнік мірных перагавораў з Польшчай у Рызе (кастр. 1920). У 1920—24 старшыня ЦВК і СНК БССР, у 1924—37 старшыня ЦВК БССР. Удзельнічаў у падрыхтоўцы ўтварэння СССР, распрацоўцы 5-гадовых планаў развіцця нар. гаспадаркі і культуры СССР і БССР, Канстытуцый СССР і БССР. Вял. ўвагу аддаваў умацаванню і развіццю бел. сав. дзяржаўнасці, нац. культуры, асветы, ліквідацыі непісьменнасці. Аўтар прац па гісторыі барацьбы бел. народа за сав. ўладу, эканам. і культ. становішчы бел. рэспублікі. З пач. 1930-х г. Ч. падвяргаўся неабгрунтаваным абвінавачанням у адыходзе і скажэнні ген. лініі партыі. Скончыў самагубствам. Чл. ЦБ КП(б)Б У 1920—24, ЦК і Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—37. Чл. ЦВК БССР у 1919—37 і яго Прэзідыума, ЦВК СССР і яго Прэзідыума з 1922. Чл. ЦВК Літ.-Бел. ССР у 1919.

Тв.:

Сем гадоў улады рабочых і сялян. Мн., 1924;

За Савецкую Беларусь. Мн., 1927;

...Я ніколі не быў ворагам: Выбр. арт. і прамовы. Успаміны сучаснікаў. Мн., 1992.

Літ.:

Якутов В.Д. А.​Г.​Червяков. Мн., 1978.

Р.​П.​Платонаў.

А.Р.Чарвякоў.

т. 17, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРТАРЫ́ЙСКІ Адам Ежы (Адам Юрый; 14.1.1770, Варшава — 15.7.1861),

польскі і рас. дзярж. дзеяч. З роду Чартарыйскіх. Пасля ўдзелу ў абарончай вайне супраць Расіі 1792 эмігрыраваў. Каб захаваць маёнткі ад канфіскацыі рас. ўладамі, Чартарыйскія вымушаны былі паслаць у Пецярбург Ч. і яго брата К.А.Чартарыйскага як заложнікаў. З 1796 камер-юнкер і ад’ютант вял. князя Аляксандра Паўлавіча (будучы імператар Аляксандр I), з якім пасябраваў. З 1799 пасланнік у Сардзінію. Пасля ўступлення на трон Аляксандра I (1801) выкліканы ў Пецярбург, бліжэйшы дарадца імператара. З 1802 таварыш міністра, у 1804—06 міністр замежных спраў. У 1803—24 куратар Віленскай навучальнай акругі. Ідэйны натхняльнік 3-й антыфранцузскай кааліцыі, распрацаваў яе паліт. канцэпцыю; у выніку Расія заключыла саюз з Аўстрыяй і абвясціла вайну Напалеону I (1805). Склаў план пасляваеннай перабудовы Еўропы, які прадугледжваў аднаўленне Рэчы Паспалітай у палітыка-дынастычнай уніі з Рас. імперыяй. На аўдыенцыі 17.4.1810 выклаў план адраджэння Вялікага княства Літоўскага. Выступаў супраць неадкладнай рэалізацыі Агінскага плана 1811, адмоўна ставіўся да «літоўскіх» планаў цара. У час вайны 1812 знаходзіўся ў Карлсбадзе, потым у Вене.

Пасля разгрому Напалеона ўдзельнічаў у арганізацыі новай адміністрацыі Варшаўскага княства. Дарадца імператара Аляксандра I па польскім пытанні на Венскім кангрэсе, рэдактар Канстытуцыі Каралеўства Польскага. Атрымаў пасаду сенатара-ваяводы і чл. Адм. рады ў Варшаве. У 1823 спрабаваў умяшацца ў справу зняволеных філаматаў, не дамогшыся вынікаў, падаў у адстаўку з пасады куратара Віленскай навуч. акругі. Пасля смерці Аляксандра I (1825) адзін з лідэраў легальнай кансерватыўнай апазіцыі супраць антыпольскай палітыкі Мікалая I. У час паўстання 1830—31 узначальваў Сенат і кансерватыўны Нац. ўрад у Варшаве, перашкаджаў правядзенню сац. і паліт. пераўтварэнняў. За ўдзел у паўстанні пазбаўлены княжацкага тытула і дваранскай годнасці ў Рас. імперыі. Эмігрыраваў у Англію, пасля ў Францыю. Яго парыжская рэзідэнцыя («Атэль Ламбер») стала цэнтрам канспіратыўнай дзейнасці кансерватыўна-манархічнай плыні польскай паліт. эміграцыі. Развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы зах.-еўрап. дзяржаў, аднак быў праціўнікам самаст. польскага нац.-вызв. руху і рэв. пераўтварэнняў. Аўтар паліт. і публіцыст. твораў, успамінаў, навук. даследаванняў, вершаў.

Літ.:

Крисань М.А. Адам Ежи Чарторыский // Вопр. истории. 2001. № 2;

Kukiel M. Książę Adam. Warszawa, 1993;

Dziewanowski M.K. Książe wielkich nadzei: Biografia księcia Adama Jerzego Czartoryskiego. Wrocław, 1998.

А.​У.​Ерашэвіч.

А.Е.Чартарыйскі.

т. 17, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІГНАТО́ЎСКІ Усевалад Макаравіч (19.4.1881, в. Такары Камянецкага р-на Брэсцкай вобл. — 4.2.1931),

бел. гісторык, грамадскі і паліт. дзеяч. Акад. Бел. АН (1928). Скончыў Тартускі ун-т (1911). У 1914—19 выкладчык, старшыня пед. савета Мінскага настаўніцкага ін-та. У 1915 стварыў культ.-асв. арг-цыю «Наш край» (у 1917 пераўтворана ў арг-цыю «Маладая Беларусь»), Чл. ЦК Бел. сацыяліст. грамады (1917) і ЦК БПС-Р (1918). У час польск. акупацыі ў студз. 1920 на базе «Маладой Беларусі» стварыў Беларускую камуністычную арганізацыю (БКА). Як старшыня БКА удзельнічаў у падпісанні «Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь» (31.7.1920). 30.7.1920 прыняты ў РКП(б). Са жн. 1920 чл. ВРК БССР, нар. камісар земляробства, са снеж. 1920 нар. камісар асветы БССР. У 1926 старшыня, з 1927 прэзідэнт Інстытута беларускай культуры. Са снеж. 1928 прэзідэнт Бел. АН, дырэктар Ін-та гісторыі. У 1921—30 чл. праўлення, праф. БДУ. Чл. ЦВК і Прэзідыума ЦВК БССР у 1922—30, Прэзідыума ЦВК СССР у 1924, чл. Бюро ЦК КП(б)Б у 1924—30, заг. агітац.-прапагандысцкага аддзела ЦК КП(б)Б у 1924—26. Адыграў значную ролю ў правядзенні палітыкі беларусізацыі, у вырашэнні праблемы ўзбуйнення БССР, спрыяў вяртанню бел. эміграцыі ў БССР. У час кампаніі супраць «нацыянал-дэмакратызму» 26.12.1930 вызвалены ад пасады прэзідэнта Бел. АН, 16.1.1931 пастановай ЦК КП(б)Б выключаны з партыі, як «лідэр нацыянал-дэмакратычнай контррэвалюцыі», выклікаўся на допыты ў АДПУ. Скончыў самагубствам.

Навук. працы І. склалі падмурак канцэпцыі гісторыі бел. народа, у аснове якой перыядызацыя паводле прынцыпу дзяржаўнасці і грамадскага стану бел. зямель. Гісторыю Беларусі падзяляў на 5 перыядаў: полацкі (9—12 ст.) — час існавання незалежнага Полацкага княства; літ.-бел. (13—1-я пал. 16 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе ВКЛ; польскі (2-я пал. 16—18 ст.) — Беларусь і Літва ў складзе Польскай дзяржавы; расійскі (канец 18 — пач. 20 ст.) — Беларусь у складзе Рас. імперыі; Беларусь пасля звяржэння царызму. Праца І. «1863 год на Беларусі» (1930) — першае ў бел. гістарыяграфіі грунтоўнае навук. даследаванне паўстання 1863—64, пабудаванае на дакумент. крыніцах.

Тв.:

Кароткі нарыс нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі. Мн., 1921;

Гісторыя Беларусі ў XIX і ў пачатку XX ст. З выд. Мн., 1928;

Кароткі нарыс гісторыі Беларусі. 5 выд. Мн., 1991.

Літ.:

Ігнаценка І., Кароль А. Усевалад Ігнатоўскі і яго час. Мн., 1991;

У.​М.​Ігнатоўскі: Старонкі жыцця і навук. дзейнасці. Мн., 1991. Акадэмік У.​М.​Ігнатоўскі: Матэрыялы навук. чытанняў, прысвеч. 110-годдзю з дня нараджэння. Мн., 1993.

А.​С.​Караль.

У.М.Ігнатоўскі.

т. 7, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСЦЮ́ШКА Андрэй Тадэвуш Банавентура (ахрышчаны 12.2.1746, фальварак Мерачоўшчына каля г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 15.10.1817),

палітычны і ваенны дзеяч Рэчы Паспалітай, кіраўнік нац.-вызв. паўстання 1794. З роду Касцюшкаў. Скончыў Любяшоўскі піярскі калегіум (1760), Варшаўскі кадэцкі корпус (1769), Парыжскую акадэмію (1774). Вывучаў артылерыю, архітэктуру, фартыфікацыі, быў слухачом у Акадэміі жывапісу і скульптуры. У 1774 вярнуўся на радзіму. У 1775 выехаў у Парыж, у 1776—83 добраахвотна ўдзельнічаў у вайне за незалежнасць ЗША. Служыў у амер. арміі на пасадзе гал. вайсковага інжынера арміі Поўначы. У 1777 удзельнічаў у буд-ве фартыфікацый пад Саратогай, кіраваў буд-вам найвялікшай цытадэлі ЗША ва Уэст-Пойнце. У 1783 Кангрэс ЗША надаў К. званне брыгаднага генерала; узнагароджаны ордэнам Цынцыната, атрымаў амер. грамадзянства, пажыццёвую пенсію і зямельны надзел. У 1784 К. вярнуўся на радзіму з намерам служыць у войску ВКЛ. Гаспадарыў у сваім радавым маёнтку Сяхновічы. У 1789 прызначаны ген.-маёрам у кароннае войска. Удзельнічаў у ваен. дзеяннях супраць Таргавіцкай канфедэрацыі 1792. Як камандзір дывізіі ў арміі Ю.​Панятоўскага вызначыўся ў бітве пад Дубенкай. Узнагароджаны ордэнам «Віртуці Мілітары» з наданнем чына ген.-лейтэнанта (1792). У 1792—93 выязджаў у Лейпцыг і Парыж за дапамогай для паўстання (канкрэтнай дапамогі не атрымаў). 24.3.1794 аб’яўлены галоўнакамандуючым узбр. сіламі і нач. паўстання. К. даў прысягу на вернасць паўстанню і абвясціў, што будзе змагацца за непарушнасць межаў дзяржавы, устанаўленне самаўладдзя народа і ўсеагульную свабоду. У маі 1794 прызначыў Найвышэйшую нацыянальную раду, выдаў Паланецкі універсал пра вызваленне сялян ад прыгоннай залежнасці. Імкнуўся надаць паўстанню агульнанар. дэмакр. характар, але яго намер зрабіць уступкі сялянству сустрэў супраціўленне шляхты, што звузіла сац. базу паўстання. У бітве каля Мацяёвіц 10.10.1794 К. цяжка паранены, трапіў у палон і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць. Пасля вызвалення (1796) выехаў у ЗША, у 1798 вярнуўся ў Еўропу. Памёр у Швейцарыі. Астанкі К. перапахаваны ў Кракаве. У гонар К. пад Кракавам насыпаны курган, яму пастаўлены помнікі ў Польшчы, ЗША, Швейцарыі, яго імем названа самая высокая гара ў Аўстраліі, адна з акруг штата Індыяна, горад у штаце Місісіпі, астравы на Алясцы (ЗША). Музей К. існуе ў Салюры (Швейцарыя). Імем К. названы вуліцы ў Гродне, Брэсце, Косаве, у Гродне і Косаве ўстаноўлены мемарыяльныя знакі. К. нацыянальны герой Беларусі, Польшчы, ЗША, ганаровы грамадзянін Францыі.

Літ.:

Юхо Л., Емяльянчык У. «Нарадзіўся я ліцьвінам...». Мн., 1994;

Szyndler B. Tadeusz Kościuszko, 1746—1817. Warszawa, 1991.

У.​П.​Емяльянчык.

А.Т.Б.Касцюшка.

т. 8, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)