ЧАРТАРЫ́ЙСКІ Адам Ежы (Адам Юрый; 14.1.1770, Варшава — 15.7.1861),

польскі і рас. дзярж. дзеяч. З роду Чартарыйскіх. Пасля ўдзелу ў абарончай вайне супраць Расіі 1792 эмігрыраваў. Каб захаваць маёнткі ад канфіскацыі рас. ўладамі, Чартарыйскія вымушаны былі паслаць у Пецярбург Ч. і яго брата К.А.Чартарыйскага як заложнікаў. З 1796 камер-юнкер і ад’ютант вял. князя Аляксандра Паўлавіча (будучы імператар Аляксандр I), з якім пасябраваў. З 1799 пасланнік у Сардзінію. Пасля ўступлення на трон Аляксандра I (1801) выкліканы ў Пецярбург, бліжэйшы дарадца імператара. З 1802 таварыш міністра, у 1804—06 міністр замежных спраў. У 1803—24 куратар Віленскай навучальнай акругі. Ідэйны натхняльнік 3-й антыфранцузскай кааліцыі, распрацаваў яе паліт. канцэпцыю; у выніку Расія заключыла саюз з Аўстрыяй і абвясціла вайну Напалеону I (1805). Склаў план пасляваеннай перабудовы Еўропы, які прадугледжваў аднаўленне Рэчы Паспалітай у палітыка-дынастычнай уніі з Рас. імперыяй. На аўдыенцыі 17.4.1810 выклаў план адраджэння Вялікага княства Літоўскага. Выступаў супраць неадкладнай рэалізацыі Агінскага плана 1811, адмоўна ставіўся да «літоўскіх» планаў цара. У час вайны 1812 знаходзіўся ў Карлсбадзе, потым у Вене.

Пасля разгрому Напалеона ўдзельнічаў у арганізацыі новай адміністрацыі Варшаўскага княства. Дарадца імператара Аляксандра I па польскім пытанні на Венскім кангрэсе, рэдактар Канстытуцыі Каралеўства Польскага. Атрымаў пасаду сенатара-ваяводы і чл. Адм. рады ў Варшаве. У 1823 спрабаваў умяшацца ў справу зняволеных філаматаў, не дамогшыся вынікаў, падаў у адстаўку з пасады куратара Віленскай навуч. акругі. Пасля смерці Аляксандра I (1825) адзін з лідэраў легальнай кансерватыўнай апазіцыі супраць антыпольскай палітыкі Мікалая I. У час паўстання 1830—31 узначальваў Сенат і кансерватыўны Нац. ўрад у Варшаве, перашкаджаў правядзенню сац. і паліт. пераўтварэнняў. За ўдзел у паўстанні пазбаўлены княжацкага тытула і дваранскай годнасці ў Рас. імперыі. Эмігрыраваў у Англію, пасля ў Францыю. Яго парыжская рэзідэнцыя («Атэль Ламбер») стала цэнтрам канспіратыўнай дзейнасці кансерватыўна-манархічнай плыні польскай паліт. эміграцыі. Развіваў праграму аднаўлення незалежнай Рэчы Паспалітай пры падтрымцы зах.-еўрап. дзяржаў, аднак быў праціўнікам самаст. польскага нац.-вызв. руху і рэв. пераўтварэнняў. Аўтар паліт. і публіцыст. твораў, успамінаў, навук. даследаванняў, вершаў.

Літ.:

Крисань М.А. Адам Ежи Чарторыский // Вопр. истории. 2001. № 2;

Kukiel M. Książę Adam. Warszawa, 1993;

Dziewanowski M.K. Książe wielkich nadzei: Biografia księcia Adama Jerzego Czartoryskiego. Wrocław, 1998.

А.​У.​Ерашэвіч.

А.Е.Чартарыйскі.

т. 17, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)