ПАДЛЕ́СНІК (Sanicula),

род кветкавых раслін сям. парасонавых. Больш за 40 відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. еўрапейскі (S. europaea). Трапляецца ў лясах, хмызняках.

Двух- і шматгадовыя травы выш. 40—70 см. Лісце пальчата-раздзельнае, доўгачаранковае, на зіму не ападае. Кветкі дробныя ў простых галоўчатападобных парасоніках. Плод — віслаплоднік. Некат. віды — лек. расліны.

Падлеснік еўрапейскі.

т. 11, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛІТЫ́ЧНАЯ КА́РТА СВЕ́ТУ,

геаграфічная карта зямнога шара, на якой паказаны краіны свету, іх сталіцы, буйныя гарады і шляхі зносін. Могуць таксама адлюстроўваць граніцы аўт. утварэнняў у складзе дзяржаў з федэральным уладкаваннем. Сучасная П.к.с. налічвае больш за 200 краін, з іх 192 суверэнныя дзяржавы. У шырокім сэнсе П.к.с. — звод звестак па паліт. геаграфіі свету.

т. 12, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯЛАСКО́П (ад патэнцыял + ...скоп),

запамінальная электроннапрамянёвая трубка. Запісвае і захоўвае на мішэні інфармацыю, якая паступае на яе ў выглядзе эл. сігналаў, з мэтай далейшага ўзнаўлення на люмінесцэнтным экране. Выкарыстоўваўся для назірання аднаразовых ці рэдкіх (у часе) сігналаў у асцылографах, радыёлакацыйных станцыях, прыладах вываду інфармацыі ЭВМ і інш. Замяняецца больш дасканалымі прыладамі, напр. ПЗС-матрыцамі.

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВЫ КРЫЖ, Крыж (лац. Crux),

сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Найб. яркія зоркі 0,8; 1,3; 1,6; 2,8 візуальнай зорнай велічыні ўтвараюць характэрную фігуру ромба (ці крыжа). Больш доўгая перакладзіна П.К. амаль дакладна паказвае на Паўд. полюс свету. У межах П.К. знаходзіцца адна з самых блізкіх да нас цёмных пазагалактычных туманнасцей («Вугальны мяшок»). Гл. Зорнае неба.

т. 12, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНІ́НСКІЯ ГО́РЫ (Pennine Chain). На в-ве Вялікабрытанія. Даўж. каля 250 км, выш. да 893 м (г. Крос-Фел). Складзены з вапнякоў і пясчанікаў. Выраўнаваныя вяршыні, зах. схілы стромкія, усх. — больш пакатыя. Карст. Верасоўнікі, тарфянікі. участкі лясоў (дуб, граб, бяроза), лугі. У перадгор’ях — радовішчы каменнага вугалю (Йоркшырскі вугальны басейн). Нац. парк — Пік-Дыстрыкт. Турызм.

т. 12, с. 266

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ПЕЛЬ (Popiel),

легендарны велікапольскі князь, папярэднік дынастыі Пястаў, які правіў у г. Гнезна. Паводле найстараж. версіі, пададзенай у хроніцы Гала Ананіма (12 ст.), П. быў выгнаны з Гнезна і з’едзены мышамі. Больш познія храністы, пачынаючы з Вінцэнты Кадлубака, гавораць аб двух П. «Хроніка Велікапольская» пераносіць дзеянне падання аб П. з Гнезна ў Крушвіцу.

т. 12, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРО́КТЭР ЭНД ГЭМБЛ»

(«Procter and Gamble»),

буйная хім. карпарацыя ў ЗША. Засн. ў 1837. Штаб-кватэра ў г. Цынцынаты, штат Агайо. Выпускае прадукцыю: пральныя і ачышчальныя сродкі, касметыку, фармацэўтычныя тавары, хімікаты, прадметы гігіены. Філіялы і прадпрыемствы карпарацыі размяшчаюцца ў больш як 40 краінах, колькасць занятых каля 77 тыс. чал. (1980-я г).

т. 13, с. 39

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́СТАЕ РЭ́ЧЫВА,

рэчыва з атамаў аднаго элемента хімічнага; форма існавання хім. элементаў у прыродзе. П.р. падзяляюць на металы і неметалы. Многія хім. элементы існуюць у выглядзе некалькіх П.р., якія адрозніваюцца саставам малекул (напр., кісларод і азон, гл. Алатропія), тыпам крышт. рашоткі (гл. Полімарфізм у хіміі) і інш. ўласцівасцямі. Вядома больш за 500 П.р.

т. 13, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУЦЕПРАВО́Д,

мост, па якім сухапутныя дарогі прапускаюць адна над адной, ствараючы перасячэнні на розных узроўнях з незалежным рухам транспарту. Найчасцей будуюць са зборнага жалезабетону на скрыжаваннях аўтадарог і чыгунак, гар. вуліц і інтэнсіўным рухам транспарту і пешаходаў. Звычайна маюць 2—4 пралёты даўж. да 30 м кожны. П. з 4 і больш пралётамі наз. эстакадай.

т. 13, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЭНХУ́ЛЕДА́О, Пескадорскія астравы,

архіпелаг з 64 скалістых астравоў у Тайваньскім праліве. Тэр. Кітая. Пл. 127 км². Нас. 90,1 тыс. чал. (1996). Пераважаюць плоскія базальтавыя плато (выш. да 48 м), берагі моцна расчлянёныя. Мусонны трапічны клімат, ападкаў больш за 1000 мм за год, макс. летам. Восенню частыя тайфуны. Рыбалоўства; вырошчванне батату, пасевы рысу, арахісу, маісу, проса.

т. 13, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)