ВУ́СІКІ ў батаніцы,
вегетатыўныя органы лазячых раслін, якія служаць для прымацавання да інш. раслін або прадметаў. Вусікі — метамарфізаваныя (звычайна ніткападобныя) парасткі, лісты або іх часткі, часам галінкі суквеццяў або паветр. карані. Яны абвіваюцца вакол прадмета і спіральна закручваюцца; часам на канцах вусікаў развіваюцца своеасаблівыя прысоскі. Вусікі характэрны для ліян, у т. л. вінаграду, гарбузовых, бабовых і інш.
т. 4, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАМАРФО́З (ад гіпа... + марф... + ...оз),
1) спрашчэнне арганізацыі (страта спецыялізацыі) арганізмаў у працэсе эвалюцыі. Звычайна абумоўлівае захаванне тых адносін арганізма з асяроддзем, якія характэрны для лічынкі ці маладой асобіны (напр., неатэнія хвастатых амфібій).
2) Рэдукцыя органа або яго часткі ў працэсе эвалюцыі, што прыводзіць да прагрэсіўных змен арганізма (напр., страта продкам сучаснага каня 2-га і 4-га пальцаў).
т. 5, с. 253
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫ́БАВЫЯ ГО́РЫ, скідавыя горы,
падняцці зямной кары, абмежаваныя тэктанічнымі разломамі. Узнікаюць звычайна ў складкавых зонах, якія мелі раней горны рэльеф, але з цягам часу страцілі пластычнасць і былі выраўнаваны дэнудацыяй. Пры наступных узыходных рухах падымаюцца ў выглядзе горстаў, разбітых скідамі на асобныя глыбы (адроджаныя горы). Для глыбавых гор характэрны масіўныя абрысы, стромкія схілы і параўнальна слабая расчлянёнасць.
т. 5, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАКАІ́Т (ад грэч. krokos шафран),
мінерал класа храматаў, храмат свінцу, Pb(CrO4). Прымесі серабра, цынку. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі пласціністыя; характэрны крышт. друзы. Бывае таксама зярністым. Колер аранжава-чырвоны. Бляск алмазны. Паўпразрысты. Цв. 2,5—3. Шчыльн. 5,9—6,1 г/см³. Утвараецца ў зоне акіслення гідратэрмальных радовішчаў, якія змяшчаюць сульфіды свінцу і залягаюць сярод ультраасноўных парод. Каштоўны калекцыйны мінерал.
т. 8, с. 444
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛУНША́НЬ,
археалагічная культура эпохі позняга неаліту (1-я пал. 2-га тыс. да н.э.) у паўн. Кітаі. Асн. заняткі насельніцтва — земляробства і жывёлагадоўля. 3 Л. звязваюць з’яўленне ў Кітаі пшаніцы і ячменю, свойскіх быка, казы і авечкі. Характэрны чорнаглянцаваны керамічны посуд, выраблены на ганчарным крузе, шліфаваныя каменныя сякеры, нажы, цёслы, вырабы з косці і ракавін.
А.В.Іоў.
т. 9, с. 371
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАГО́Р’Е,
вялізнае горнае падняцце, дзе спалучаюцца плато, горныя хрыбты і горныя масівы, якія нярэдка чаргуюцца з шырокімі міжгорнымі катлавінамі. Для Н. характэрны значныя абсалютныя вышыні і параўнальна невял. адносныя перавышэнні. Пашыраны ў Азіі (Тыбецкае, Іранскае, Армянскае), Амерыцы (Мексіканскае, Цэнтральнаандыйскае), Афрыцы (Ахагар, Эфіопскае, Тыбесты). Тэрмін «Н.» часам ужываюць як сінонім высока ўзнятых плато (без узвышаных над імі горных хрыбтоў).
т. 11, с. 116
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАНАРЭЛЬЕ́Ф (ад нана... + рэльеф),
дробныя формы рэльефу (выш. да некалькіх дзесяткаў сантыметраў), якія ўзнікаюць у выніку экзагенных (суфазійна-карставых, тэрмакарставых, эразійных, эолавых і інш.) і глебаўтваральных працэсаў, а таксама ў выніку дзейнасці жывёл-землярыяў і антрапагенных уздзеянняў на рэльеф (буд-ва, узорванне зямель і інш.). Характэрны кароткачасовасць такіх форм рэльефу (сезон, радзей некалькі гадоў), іх перабудова. Гл. таксама Мікрарэльеф.
т. 11, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕАГЕ́Я (ад палеа... + gē зямля),
біягеаграфічнае царства. Займае ў асн. трапічныя раёны Усх. паўшар’я. Уключае Інда-Малайскую біягеаграфічную вобласць, Мадагаскарскую біягеаграфічную вобласць, Палінезійскую біягеаграфічную вобласць і Эфіопскую біягеаграфічную вобласць. Для флоры і фауны П. характэрны расліны і жывёлы стараж. Гандваны, у т. л. дваякадыхальныя рыбы, чарапахі (паходзяць з міяцэну і пліяцэну), страусы, хобатныя, чалавекападобныя малпы і інш.
т. 11, с. 543
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫМО́РСКІЯ А́ЛЬПЫ (франц. AlpesMaritimes, італьян. Alpi Marittime),
паўднёвая частка Зах. Альп у Італіі і Францыі. Даўж. каля 150 км. Выш. да 3297 м (г. Арджэнтэра). Паўд. адгор’і стромка спускаюцца да Лігурыйскага м., утвараюць узбярэжжа Рыўеры. У ніжніх ч. схілаў характэрны міжземнаморскія хмызнякі, рэдкастойныя дубовыя і хваёвыя лясы, вышэй — мяшаныя і хваёвыя лясы, субальпійскія лугі. Нац. парк Меркантур (Францыя).
т. 13, с. 73
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУКА́Ў ракі,
адгалінаванне рэчышча ракі. Узнікае ў выніку намнажэння наносаў у рэчышчы ў выглядзе асяродка або вострава, а таксама пры прарывах лукавін (гл. Меандры). На горных рэках Р. фарміруюцца звычайна пры выхадзе вадацёкаў на перадгорныя раўніны і ў міжгорных паніжэннях, дзе здольнасць ракі пераносіць наносы паслабляецца; на раўнінных рэках Р. характэрны для дэльт. Другарадныя Р. часта называюць пратокамі.
т. 13, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)