КАНО́ПЛІ (Cannabis),

род аднагадовых кветкавых раслін сям. каноплевых. 3 віды. Пашыраны ва ўмераных паясах абодвух паўшар’яў. У культуры К. пасяўныя (C. sativa) — лубавалакністая, прадзільная і алейная расліна. Найб. пасевы ў Цэнтр. Азіі і Еўропе. На Беларусі пашыраны на невял. плошчы. К. індыйскія (C. indica) культывуюць у тропіках і субтропіках пераважна як наркатычную расліну, вытв-сць якой у многіх краінах забаронена. К. пустазельныя (C. ruderalis) — пустазелле яравых пасеваў.

К. пасяўныя — двухдомная травяністая расліна, выш. да 4 м. Мужчынскія асобіны — маніцы. жаночыя — мацёркі. Сцябло прамое, укрытае залозістымі валаскамі. Лісце лопасцевае. Кветкі маніц у мяцёлчатых суквеццях, мацёрак — у галоўчатых. Плод — аднанасенны арэшак. К. даюць валакно — пяньку, з насення атрымліваюць 30—35% алею. Канапляная макуха — каштоўны корм. З кастрыцы вырабляюць паперу і буд. матэрыялы.

Каноплі пасяўныя (верхняя частка расліны); 1 — мужчынскай; 2 — жаночай.

т. 7, с. 589

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫ́ЛА (Perilla),

род кветкавых раслін сям. губакветных. 5 відаў. Пашыраны ў Паўд., Усх. і Паўд.-Усх. Азіі. Як тэхн., алейная і дэкар. расліна культывуецца П. кустовая (P.frutescens); яе разнавіднасць — П. кустовую нанкінскую — у Кітаі і Японіі вырошчваюць як алейную, эфіраалейную і салатную культуру, а ў Зах. і Усх. Еўропе, ЗША — як дэкаратыўную.

П. кустовая — аднагадовая расліна са стрыжнёвым коранем, які паглыбляецца ў глебу да 1 м і болей. Прамастойнае. выш. да 1,5 м, сцябло галінастае, 4-граннае, густа апушанае. Лісце доўгачаранковае, шырокаяйцападобнае, пільчатазазубранае, апушанае, зялёнага або фіялетава-зялёнага колеру з-за антацыяну. Дробныя кветкі ў гронкападобных суквеццях, апушаныя. Плод — арэшак. Насенне мае 40—45% тэхн. алею, які пры высыханні ўтварае трывалую, бліскучую, антыкаразійную плёнку. Выкарыстоўваецца ў лакафарбавай, аўтамаб., суднабуд. і электратэхн. прам-сцях. Жмых Макуха ідзе на корм жывёле.

Перыла кустовая.

т. 12, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́ВЕНЬ (Rheum),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Азіі (2 віды на Пд Еўропы). Трапляюцца па камяністых схілах. У культуры вырошчваюць пераважна Р. рапонцікавы, або чаранковы (R. rhaponticum), і хвалісты (R. undulatum).

Шматгадовыя травы з мясістым карэнішчам. Сцябло прамастойнае, полае, голае, выш. 50—250 см. Прыкаранёвае лісце буйное, сакаўное, доўгачаранковае, утварае разетку, сцябловае — чаргаванае, дробнае, яйцападобнае. Кветкі двухполыя, дробныя, жоўтыя, ружовыя, чырванаватыя ў коласападобным ці мяцёлчатым суквецці. Плод — трохгранны арэшак. Маладое лісце і чаранкі маюць у сабе вітамін С, да 2,5% цукру, каля 3,5% арган. к-т, мінер. солі. З іх гатуюць супы, кампоты, варэнне, мармелад, цукаты, сок, віно, начынку Для пірагоў, у рыбнай прам-сці выкарыстоўваюць як прыправу. Харч., лек., дубільныя расліны.

В.​М.​Прохараў.

Рэвень.

т. 13, с. 544

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАЯВІ́НА, талом,

вегетатыўнае цела водарасцей, слізевікоў, грыбоў, лішайнікаў, некат. мохападобных, якое не дыферэнцыравана на органы (сцябло, лісце, корань) і не мае сапраўдных тканак. У ніжэйшых раслін (водарасці) бывае ў выглядзе рухомай або нерухомай клеткі ў абалонцы. Калоніі з 4 і болей (да 60 тыс.) клетак фарміруюць скопішча простых ці разгалінаваных нітак, пласцінак або складаных і марфалагічна дыферэнцыраваных утварэнняў, якія нагадваюць вышэйшыя расліны (бурыя, чырвоныя, харавыя водарасці). У слізевікоў С. маюць выгляд слізістай, без абалонкі, масы ці адзінкавых міксамёб. У грыбоў вар’іруюць ад аднаклетачнага да добра развітога септаванага міцэлію, у лішайнікаў — ад мала развітых коркавых да ліставатых і кусцістых форм. У вышэйшых споравых раслін у выглядзе тыпавых С. развіваюцца зарасткі. Эвалюцыя С. ішла ад простых форм — аднаклетачных жгуцікавых ці амёбаідальных клетак — праз ніткаватыя або пласціністыя формы і да складана дыферэнцыраваных.

т. 14, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Па́растак ’маладая галінка расліны, якая вырасла ад больш старога сцябла або ствала, флянс; сцябло расліны’ (ТСБМ, Шат., Др.-Падб.). Дэрыват ад парасці < расці (гл.) з суф. ‑ак. Па́раска ’тс’ (Сл. ПЗБ) утворана ад таго ж дзеяслова з суф. ‑ка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стулі́нда экспр. ‘хто сутулаваты’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Да наступнага слова (гл.), параўн. ілюстрацыю: стулінда — хто ходзя стуліўшыся (там жа), утворана з суф. ‑інд‑а з “экспрэсіяй непахвальнасці, асуджэння” (Сцяцко, Афікс. наз., 43). Параўнанне з літ. stuolỹs ‘сцябло’ (Сл. ПЗБ) мае неабавязковы характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трышчаці́ннік ‘травяністая злакавая расліна Trisetum Pers.’ (ТСБМ). Як рус. трищети́нник, чэш. trojštĕtmice, славац. trojštet, з’яўляецца калькай навуковай лацінскай назвы trísetum, утворанай з tri ‘тры’ і seta (< saeta) ‘шчаціна’, ‘грыва’, ‘шорсткія валасы’ (Махэк, Jména, 288), бо сцябло і лісты расліны пакрыты шчацінай, кароценькімі калючкамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КА́КТУСЫ,

кактусавыя (Cactaceae), сям. двухдомных сукулентных раслін парадку гваздзіковыя. Каля 160 (па інш. звестках, да 225) родаў, 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Амерыцы ў пустынях, паўпустынях, гарах. Акліматызаваны ў Аўстраліі, Індыі, Міжземнамор’і, Крыме, на Каўказе, Японіі. На Беларусі вырошчваюцца як пакаёвыя і аранжарэйныя расліны віды родаў апунцыя, мамілярыя, эхінопсіс (Echinopsis), філакактус (Phyllocactus) і інш.

Шматгадовыя травы, кусты, радзей дрэвы выш. ад 2—5 см да 10—12 м. Сцябло мясістае, зялёнае, рознай формы, укрытае бародаўкамі ці сасочкамі. Лісце амаль ва ўсіх рэдукаванае ў калючкі або ў дробныя лусачкі. Кветкі двухполыя, вялікія, яркага колеру, адзіночныя. Плады — ягадападобныя, шматнасенныя. Харч., кармавыя, лек., дэкар. расліны, выкарыстоўваюцца ў буд-ве.

Літ.:

Удалова Р.А., Вьюгина Н.Г. В мире кактусов. 2 изд. М., 1983.

Н.​В.​Богдан.

Кактусы родаў 1 — псеўдалабівія; 2 — эрыякактус; 3 — эпіфіліум; 4 — эхінопсіс; 5 — бесхларафільныя формы; 6 — крыстатная форма.

т. 7, с. 445

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЛЕО́ПСІДЫ, аднадольныя,

аднасемядольныя (Liliopsida),

клас кветкавых раслін, зародак якіх мае адну, у адрозненне ад двухдольных, семядолю. Каля 20 парадкаў, больш за 60 тыс. відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе, складаюць значную ч. травастою лугоў, стэпаў, саваннаў. На Беларусі 11 парадкаў: асакакветныя, ароннікакветныя, жабнікакветныя, касачакветныя, лілеякветныя, метлюжкакветныя, наядакветныя, рагозакветныя, сітакветныя, шальнікакветныя, ятрышнікакветныя; больш за 350 відаў. Гал. кампанент расліннага покрыва балот, лугоў і лясоў.

Пераважна травяністыя расліны. Дравяністыя Л. трапляюцца ў тропіках, радзей у субтропіках. У траў сцябло ў таўшчыню не расце. Лісце з паралельным або дугавым жылкаваннем, звычайна без чаранка і прылісткаў. Кветкі пераважна трохчленныя. Каранёвая сістэма валасніковістая, часта бывае змена падземных парасткаў (карэнішча, клубні, цыбуліны). Харч., кармавыя, тэхн., дэкар., лек. і прыпраўныя расліны.

Літ.:

Флора Европейской части СССР. Т. 1—2. Л., 1974—76;

Козловская Н.В. Флора Белоруссии, закономерности ее формирования, научные основы использования и охраны. Мн., 1978.

т. 9, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Во́ўчыя спічкі ’зязюлін лён, Polytrichum commune L.’ (Шат.). Відавочна, ад спічка < спіца (гл.) па знешняму падабенству (кароткае прамастойнае сцябло з прызматычнай каробачкай наверсе). Прыметнік воўчы, які часта сустракаецца ў назвах дзікарослых раслін, не звязан непасрэдна з воўк, а паказвае «несапраўднасць» расліны; параўн. воўчая мята.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)