ТРАНСФАРМА́ТАР (ад лац. transformo пераўтвараю) электрычны, электрычны апарат без рухомых пастак для пераўтварэння пераменнага току аднаго напружання ў пераменны ток другога напружання пры нязменнай частаце. Дзеянне Т. грунтуецца на з’яве электрамагнітнай індукцыі. Існуюць Т. адна- і трохфазныя; сілавыя для перадачы і размеркавання электраэнергіі, спец. сілавыя для электразваркі, выпрамных установак і інш.; трансфарматары вымяральныя, высакавольтныя выпрабавальныя, імпульсныя, узгадняльныя, для ператварэння колькасці фаз, частаты, у т. л. радыёчастотныя, і інш. Магутнасць Т. да соцень мегавольтампер, ккдз магутных сілавых Т. 0,98—0,99.

Складаецца з магнітаправода з ліставой трансфарматарнай сталі, размешчаных на ім адной першаснай, адной і больш другасных ізаляваных абмотак. Есць Т., у якіх першасная і другасная абмоткі маюць агульную частку (аўтатрансфарматары). Ток, які пераўтвараецца, падаецца на першасную абмотку, створаны ім пераменны магн. паток наводзіць у другаснай абмотцы эрс узаемаіндукцыі. Адносіны першаснага напружання да другаснага роўныя адносінам колькасці віткоў у абмотках і наз. каэф. трансфармацыі. Калі першаснае напружанне большае за другаснае, Т. паніжальны, у адваротным выпадку — павышальны. Адпаведныя сілавыя Т. ўстанаўліваюць на павышальных і паніжальных трансфарматарных падстанцыях. Для ахаладжэння Т. значнай магутнасці іх магнітаправод і абмоткі ставяць у метал. бак са спец. трансфарматарным маслам, ахаладжэнне Т. невял. магутнасці натуральнае (паветранае). У радыёэлектроннай апаратуры найб. пашыраны герметызаваныя Т., выкарыстоўваюцца таксама Т. ў бяскорпусным выкананні.

На Беларусі Мінскі электратэхн. з-д выпускае Т. сілавыя масляныя магутнасцю да 1000 кВА, сілавыя сухія да 1000 кВА, маламагутныя сухія 0,063—2,5 кВА рознага прызначэння.

У.​М.​Сацута.

Схема трансфарматара электрычнага: 1, 2 — першасная і другасная абмоткі; 3 — асяродак; Φ0 — асноўны магнітны паток; Φ1, Φ2 — патокі рассеяння; I1, I2, U1, U2 — токі і напружанні ў першаснай і другаснай абмотках; Rн — супраціўленне нагрузкі.

т. 15, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

напру́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад напружыць.

2. у знач. прым. Які знаходзіцца ў стане напружання. Напружаныя мускулы. Напружанае цела.

3. у знач. прым. Які праходзіць з напружаннем, з затратай вялікіх сіл. Напружаная праца. Напружаная барацьба. □ Быў самы напружаны час веснавой сяўбы. Новікаў.

4. перан.; у знач. прым. Неаслабны, узмоцнены. Напружаная ўвага. Напружанае чаканне. Напружаная цішыня. □ Карызна слухаў даклад з глыбокай напружанай цікавасцю. Зарэцкі. // З павышанай ступенню ўспрымання. Напружаны слых. Напружанае ўгляданне.

5. перан.; у знач. прым. Нацягнуты, цяжкі, які патрабуе ўрэгулявання. Напружаныя адносіны. Напружаныя абставіны.

6. перан.; у знач. прым. Які выражае напружанне; ненатуральны. Апошнія словы Кандрат вымавіў напружаным шэптам. Паслядовіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

build​2 [bɪld] v. (built)

1. будава́ць

2. ствара́ць;

build a career рабі́ць кар’е́ру;

build hopes пе́сціць надзе́і

build up [ˌbɪldˈʌp] phr. v.

1. забудо́ўваць (раён)

2. (паступо́ва) ствара́ць;

build up one’s character фармірава́ць хара́ктар

3. умацо́ўваць здаро́ўе

4. расці́, нараста́ць;

The pressure built up as he was off work for weeks. Напружанне расло, бо ён быў некалькі тыдняў без працы.

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

stress​1 [stres] n.

1. напру́жанне, ціск, стрэс;

in times of stress y ця́жкі час;

the stress of weаther не́пагадзь, бу́ра;

under the stress of poverty пад гнётам бе́днасці;

under the stress of fear пад уздзе́яннем стра́ху

2. значэ́нне;

lay stress on/upon smth. падкрэ́сліваць што-н.; надава́ць чаму́-н. вялі́кае значэ́нне

3. ling. на́ціск;

place/put stresses расстаўля́ць на́ціскі

Англійска-беларускі слоўнік (Т. Суша, 2013, актуальны правапіс)

ВЫМЯРА́ЛЬНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,

прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».

Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз. прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз. прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.

У.​М.​Сацута.

Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).
Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

атмасфе́ра, ‑ы, ж.

1. толькі адз. Газападобная абалонка Зямлі і некаторых іншых планет. Высокія слаі зямной атмасферы.

2. толькі адз. Паветра. [Пранук:] — Колькі дзён дажджы ішлі. Вільгаці багата ў атмасферы. Лынькоў.

3. Адзінка вымярэння ціску. Ціск больш за сто атмасфер.

4. Спец. Газ ці сумесь газаў, прызначаныя для правядзення ў іх асяроддзі якіх‑н. дзеянняў. Зварка ў атмасферы вадароду. Атмасфера кабіны касмічнага карабля.

5. перан. Навакольнае асяроддзе, абставіны. Атмасфера ідэйнай барацьбы. Атмасфера давер’я. Атмасфера павагі да чалавека працы. Атмасфера працоўнага ўздыму. □ Усе гэтыя клопаты і справы адганялі думкі ад хваробы, уносілі ў невялічкую леснічоўку.. дух змагання, атмасферу баявога напружанага жыцця. Лынькоў.

[Ад грэч. atmos — дыханне і sphaira — шар.]

•••

Атмасфера згушчаецца — пра ўзнікненне напружанага становішча, абставін.

Разрадзіць атмасферу — паслабіць напружанне ў якіх‑н. абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рабо́чы​II

1. Árbeiter-;

рабо́чы клас паліт. Árbeiterklasse f -;

з рабо́чага асяро́ддзя aus der Arbeiterschaft;

2. (працоўны) Arbeits-;

рабо́чы дзень Árbeitstag m -(e)s, -e, Wérktag m;

3. тэх. Árbeits-; Trieb-;

рабо́чае ко́ла Tríebrad n -(e)s, -räder;

рабо́чы ток Betríebsstrom m -(e)s;

рабо́чае напру́жанне Betríebsspannung f -, -en

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Пату́га 1, поту́га ’туга, журба’ (ТС). Да туга́ (гл.). Прыстаўка па‑ і націск на ‑у́‑ пад уплывам семантычна блізкай лексемы пату́гі 2 ’цяжкасці фізічныя’.

Пату́га 2, пату́гі ’напружанне ўсіх сіл, напружанае скарачэнне мышцаў’, ’напружаныя намаганні, спробы зрабіць што-н.’, ’хвароба пры родах’ (ТСБМ, Нас.). Укр. поту́га ’сіла моц’, ’войска’, якое, магчыма, з польск. potęga, рус. поту́ги ’напружанні’, по́туг ’цеціва’, кур. поту́жный ’парывісты (вецер)’, ту́жить ’нацягваць’, польск. potęga ’сіла, моц’, tężeć ’цвярдзець’, чэш. tužiti, славац. tužiť ’умацоўваць’. Паўночна-славянскае. Да тугі́ (гл.) > ту́жыцца ’напружваць мускулы’, тужэ́ць ’станавіцца тугім’, патужэ́ць ’пацвярдзець’ (ТСБМ, Некр.). Утворана, як і літ. pãstangos ’патугі, намаганні’ (< pastìngti ’застыць, замерзнуць, задубець’), пры дапамозе прыстаўкі па‑ (< прасл. po‑). Сюды ж патужні ’цяжкі, няўдалы (пра зіму)’ (Доўн.-Зап., Песні), патужны ’моцны (вецер)’, ’шматводны ад поўных прытокаў’, воран. ’ладны, бойкі’ (Сцяшк. Сл.), патужнасць ’сіла, моц’ (Нас.).

Пату́га 3, пату́жнасць ’дапамога’ (Нас.), пату́жнік, поту́жникъ ’саўдзельнік, памочнік’, ’здаровы работнік’ (Гарб., Нас.). Семантычна-словаўтваральны сінонім з лексемай по́‑мач (< прасл. pomogtь ∼ паўн.-слав. tǫgъ/tęga). Да пату́га 1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тутне́ць ‘пульсаваць, рытмічна адгукацца’: тутніць у жылах кроў (Ластоўскі, Выбр. тв., 210), сюды ж тутно́ ‘пульс’ (Ласт.), ст.-бел. тутно ‘напружанне’ (ГСБМ). Параўн. рус. сіб. ту́тнуць ‘гучаць, адгукацца па зямлі (пра тупат)’, польск. старое tętnieć ‘рытмічна адгукацца, гучаць, разлятацца’, харв. tytnjiti ‘адгукацца гулам’, чак. tytńȉt ‘гудзець’: u glȏvȉ tutńȉ, славен. дыял. tutnéti ‘глуха гучаць’, серб. ту́тњити ‘грукатаць, грымець’, балг. тъ́тна ‘грымець, разлягацца, грукатаць’, радоп. татни́ ‘дрыжыць, трасецца (зямля пры землятрусе)’, макед. татни, татони ‘гудзець, разлягацца гулам’, ц.-слав. тѫтьнѣти ‘грымець, гучаць’. Прасл. *tǫtьneti/*tǫtьnati разглядаецца як вынік рэдуплікацыі кораня, які мае гукапераймальнае паходжанне (Фасмер, 4, 127; Брукнер, 571; Скок, 3, 529; Борысь, 633; Рэйзак, Prasl. dialektizacija, 146), дзеяслоў фармальна блізкі да літ. tutnoti ‘калаціць, таўчы’. Меркаванні Фурлан (Бязлай, 4, 252) пра мажлівасць вывядзення з прасл. *tǫtati і дэвербатыва *tǫtъ ‘гром, шум’ ставяць пад сумненне з-за адсутнасці фіксацыі ў славянскіх мовах адпаведных слоў (ESJSt, 16, 975), параўн., аднак, тут 2 ‘мера, ступень’ няяснага паходжання (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЭЛЕКТРАТЭ́ХНІКА (ад электра... + тэхніка),

галіна навукі і тэхнікі аб электрамагнітных працэсах і практычным іх выкарыстанні. З Э. як базіснай навукі вылучыліся і існуюць самастойна: электраэнергетыка, эл. сістэмы і сеткі, электрычныя машыны, электрычны прывод, тэхніка высокіх напружанняў, рэлейная ахова, аўтаматыка, тэлемеханіка, сувязь, радыётэхніка, тэлебачанне, электроніка, вылічальная тэхніка і інш.

Фарміраванне Э. адносіцца да 19 ст. Вял. ролю ў яе развіцці адыгралі працы Ш.А.Кулона, А.Вольты, А.М.Ампера. Фундаментальнае значэнне маюць законы Э., сфармуляваныя Г.С.Омам і Г.Р.Кірхгофам. Першапачатковае практ. развіццё яна атрымала ў сувязі (вынаходствы апарата С.Ф.Б.Морзе, 1837; літарадрукавальнага апарата Д.Э.Юза, 1855; тэлефона А.Г.Бела, 1876), святлатэхніцы (адкрыццё эл. дугі В.У.Пятровым, 1802; эл. свечкі пераменнага току П.М.Яблачкавым, 1876; лямпы напальвання пастаяннага току Т.А.Эдысанам, 1879) і электраэнергетыцы. Пасля адкрыцця М.Фарадэем закону эл.-магн. індукцыі (1831) пачалося дастасаванне яго да практычнага выкарыстання. У 1870 створаны прамысл. тып генератара пастаяннага току; у 1880 праведзены першыя доследы па перадачы эл. энергіі пастаянным токам. Пачаткам шырокага выкарыстання Э. ў прам-сці лічыцца вынаходства ў 1891 М.В.Даліва-Дабравольскім усіх звёнаў трохфазавай электраперадачы пераменнага току: генератара, трансфарматараў, якія павышалі і паніжалі напружанне, лініі электраперадачы, асінхроннага рухавіка. Адначасова вяліся тэарэт. даследаванні ў галіне Э. У 1870—80 Дж.К.Максвел атрымаў ураўненні, якія сталі асновай сучаснай навукі аб электрамагнітным полі. Далейшыя даследаванні ў гэтай галіне (працы Г.Р.Герца, П.М.Лебедзева) прывялі да вынаходства радыё А.С.Паповым (1895). З пач. 20 ст. Э. шырока выкарыстоўваецца ў розных галінах нар. гаспадаркі: металургіі, вугальнай, нафтавай і інш. галінах прам-сці, на транспарце, у медыцыне, сельскай гаспадарцы і ў побыце.

Новыя кірункі развіцця тэорыі Э.: тапалагічныя метады аналізу эл. ланцугоў, матэм. і фіз. мадэліраванне эл. ланцугоў, метады пераўтварэння частаты, сінтэз эл. ланцугоў. Сучасная Э. распрацоўвае пытанні праектавання і буд-ва ЛЭП высокага напружання (трохфазнага току 1200, 750 кВ, пастаяннага току 1500 кВ), выкарыстання сонечнай энергіі на аснове фотасінтэзу (спадарожнікавыя электрастанцыі), лазернай перадачы энергіі, радыеізатопных крыніц энергіі і інш. Даследаванні ў галіне Э. вядуцца з дапамогай эксперым. і аналіт. метадаў (гарманічны аналіз, аператарны метад, мадэліраванне і інш.), ЭВМ. Пытанні Э. асвятляюцца ў час. «Электричество», «Энергетика (Известия вузов и энергообъединений СНГ)», «Энергия и менеджмент» і інш.

Літ.:

Круг К.А. Основы электротехники. Т. 1—2. М.; Л., 1946;

Нейман Л.Р., Демирчян К.С. Теоретические основы электротехники. М., 1976;

Общая электротехника. 2 изд. Мн., 1977;

Лосев А.К. Теория линейных электрических цепей. М., 1987.

І.​А.​Фёдарава.

т. 18, кн. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)