МАРКС (Максімілян Восіпавіч) (19.10. 1816, г. Віцебск — 1893),
мемуарыст, даследчык Сібіры. Скончыў Віцебскую гімназію (1834), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. З 1858 выкладаў у гімназіях Смаленска і Масквы. У 1866 за ўдзел у польскай рэв. арг-цыі ў Маскве сасланы ў Сібір на пажыццёвае пасяленне. З 1868 жыў у Енісейску, дзе заснаваў першую сібірскую метэастанцыю. У «Зап. імп. Акадэміі навук» надрукаваў працу «Клімат Енісейска паводле 12-гадовых назіранняў 1871—1883» (1887); у час. «Русская старина» — нататкі пра К.Касовіча (1886), М.Петрашэўскага (1889). Ва ўспамінах пісаў пра Віцебск 1820—30-х г. («Запіскі старога», рукапіс у б-цы АН Украіны ў Львове), прывёў бел. фальклорныя матэрыялы, урыўкі з бел. ананімнай паэмы «Энеіда навыварат», звесткі пра цікаўнасць да бел. фальклору Э.Плятэр. Аўтар рукапіснага зборніка вершаў на польскай мове (зберагаецца ў б-цы Асалінскіх, Вроцлаў, Польшча). Залаты медаль Рус.геагр.т-ва 1878.
Тв.:
Записки старика: Витебск с 1821 по 1840 гг. // Віцеб. сшытак. 1995—97. № 1—3.
Літ.:
Федосова Т.Ф. Воспоминания Максимилиана Маркса «Записки старика» // Исследования по истории польского общественного движения XIX в. — начала XX в. М., 1971;
Кісялёў Г. Пошукі імя. Мн., 1978. С. 56—60;
Зайцаў М., Шчарбакоў С. Гістарычныя замалёўкі віцябчаніна // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1984. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКО́ЎСКІ (Тамаш) (1562 або 1575, г. Гданьск?, Польшча — 1630),
бел. гравёр. У 1600—11 працаваў пры двары кн. М.К.Радзівіла Сіроткі ў Нясвіжы, кіраваў друкарняй. Творы вызначаюцца высокім майстэрствам, уплывамі маньерызму і галандскіх майстроў. Выгравіраваў першую дакладную карту Вял.кн. Літоўскага (каля 1603, захавалася 2-е выд., 1613, Амстэрдам), да якой склаў тлумачальны тэкст, уключыў у яго важнейшыя звесткі пра Беларусь, даў агульную характарыстыку краю (захоўваецца ў б-цы Вільнюскага ун-та). Аўтар гравюр да кніг «Пэрэгрынацыя, або Паломніцтва ў Святую зямлю» Радзівіла (1601, Брунсберг), «Гіпіка» К.Дарагастайскага (1603, Кракаў; 1620, Познань), да «Панегірыка братоў Скарульскіх — Яна, Захара і Мікалая» (1604, Нясвіж), «Панегірыка Казіміру» (1610, Вільня). Выканаў гравіраваныя партрэт Радзівіла, віды Нясвіжа, Масквы (каля 1600), Вільні, Гродна, Клецка, Коўна, Трокаў, некалькі гравюр пра падзеі вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй (серыя «Асада Смаленска», 1611; выява прадстаўлення сенату палонных братоў Шуйскіх, і інш.). Работы падпісваў Маковіус, Макоўскі, Т.М. У Нясвіжы ўстаноўлены бюст М.
Літ.:
Шматаў В.Ф. Беларуская кніжная гравюра XVI—XVIII стст. Мн., 1984;
Ткачэнка М. Аўтарству стагоддзі не замінка: Невядомы партрэт з творчай спадчыны Тамаша Макоўскага // Мастацтва Беларусі. 1990. № 12;
Alexandrowicz S. Rozwój kartografii Wielkiego Księstwa Litewskiedo od XV do połowy XVIII wieku. 2 wyd. Poznań, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛО́ШЫН (сапр.Кірыенка-Валошын) Максімілян Аляксандравіч
(28.5.1877, Кіеў — 11.8.1932),
рускі паэт, крытык, перакладчык, мастак. Скончыў Феадасійскую гімназію (1897). У 1897—99 вучыўся ў Маскоўскім ун-це, выключаны за ўдзел у «студэнцкіх хваляваннях», высланы з Масквы. У 1900—17 жыў у Сярэдняй Азіі, Парыжы, падарожнічаў па Еўропе. З 1917 у Крыме, у Кактэбелі (цяпер пас. Планерскае). У 1931 завяшчаў свой дом Саюзу сав. пісьменнікаў (зараз дом-музей Валошына). Выступіў у друку ў 1895. Належаў да сімвалістаў, супрацоўнічаў у іх час. «Весы», «Золотое руно» і інш. Першы паэт.зб. «Вершы. 1900—1910» (1910). Кн. «Anno mundi ardentis 1915» («У год апакаліпсіса 1915», 1916) склалі вершы пра 1-ю сусв. вайну. Рэвалюцыю ўспрыняў як варварскі акт. Аўтар зб-каў «Іверні» (1918), «Дэманы глуханямыя» (1919), паэм «Пратапоп Авакум» (1918), «Святы Серафім» (1919), «Расія» (1924) і інш., цыкла філас. паэм «Шляхамі Каіна» (1921—23), кн. пра л-ру і мастацтва «Абліччы творчасці» (1914), зб. «Верхарн. Лёс. Творчасць. Пераклады» (1919). З 1922 Валошына не друкавалі. У Берліне выдаў «Вершы пра тэрор» (1923). Вядомы як мастак, акварэліст.
Тв.:
Стихотворения. Л., 1977;
Лики творчества. 2 изд. Л., 1989;
Пути России: Стихотворения и поэмы. М., 1992.
Літ.:
Куприянов Н.Т. Судьба поэта: (Личность и поэзия М.Волошина). Киев, 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАХТА́НГАЎ (Яўген Багратыёнавіч) (13.2.1883, г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція — 29.5.1922),
рускі рэжысёр, акцёр, педагог. З 1901 удзельнічаў у аматарскіх драм. гуртках Уладзікаўказа і Масквы. У 1911 скончыў Школу драмы А.Адашава (Масква) і быў прыняты ў МХТ, працаваў у яго 1-й Студыі. Дакладнасць і строгасць сцэн. формы, псіхал. глыбіня выявіліся ў ролях Тэкльтона («Цвыркун на печы» паводле Ч.Дзікенса), Блазна («Дванаццатая ноч» У.Шэкспіра) і інш., у пастаноўках «Свята міру» Г.Гаўптмана (1913), «Патоп» Ю.Бергера (1915, і роля Фрэзера). У 1913 заснаваў і быў кіраўніком Студэнцкай драм. студыі (з 1921 3-я Студыя МХТ, з 1926 Тэатр імя Я.Вахтангава). У акцёрскай і рэжысёрскай дзейнасці выкарыстоўваў Станіслаўскага сістэму. Абвясціў праграму «фантастычнага рэалізму», які ствараў асаблівую тэатр. рэальнасць; імкнуўся пранікнуць у сутнасць з’явы і адлюстраваць свае перажыванні ў яркай форме, раскрыць унутраны сэнс драм. твора сродкамі гратэску: «Цуд святога Антонія» М.Метэрлінка (1916, 2-я рэдакцыя 1921), «Вяселле» А.Чэхава (1920), «Эрык XIV» А.Стрындберга (1921), «Гадзібук» С.П.Рапапорта (1922). Апошняя пастаноўка Вахтангава — «Прынцэса Турандот» К.Гоцы (1922) азнаменавала сабой узнікненне цэлай школы ў тэатр. мастацтве, стала своеасаблівым маніфестам Вахтангаўскага т-ра (і цяпер у рэпертуары). Гэтую казку Вахтангаў ператварыў у сучасны па светаадчуванні, прасякнуты жыццярадаснасцю, паэзіяй і гумарам святочны спектакль. Асноўныя прынцыпы рэжысёрскага мастацтва Вахтангава знайшлі свой працяг і развіццё ў творчасці яго вучняў і паслядоўнікаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕО́РГІЙ, Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый,
хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяпер г. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.
Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаў царк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст.Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.Каломба, статуя Данатэла, карціны А.Дзюрэра, В.Карпача, Л.Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.
Л.М.Драбовіч.
Да арт.Георгій Перамаганосец. Бітва святога Георгія з драконам. Мастак П.Учэла 1450-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́БРЫНСКІ БОЙ 1812 Адбыўся 27.7.1812 у г. Кобрын і яго наваколлі паміж рус. дывізіямі К.В.Ламберта і Я.І.Чапліца і атрадам саксонскага корпуса Ж.Л.Рэнье ў вайну 1812. Камандуючы 3-й Зах. арміяй А.П.Тармасаў атрымаў заданне выступіць на Брэст, Кобрын і Пружаны і дзейнічаць у тыле франц. арміі, 17 ліп. ён загадаў Ламберту і А.Р.Шчарбатаву рухацца на Брэст, а потым павярнуць на Кобрын, куды з Ковеля павінны былі падысці асн. сілы арміі. Каб адцягнуць частку саксонскіх войск ад Кобрына, асобы атрад ген. А.П.Мелісіна павінен быў рухацца да Пінска. 25 ліп. атрад Шчарбатава заняў Брэст, злучыўся з дывізіяй Ламберта, і раніцай 27 ліп. яны падышлі да Кобрына. Пасля падыходу перадавога атрада 3-й арміі на чале з Чапліцам пачаўся агульны штурм Кобрына. У выніку 9-гадзіннага бою саксонцы адступілі з горада і здаліся. Было забіта каля 2 тыс. саксонцаў, узяты ў палон 2 генералы, 76 афіцэраў, 2382 чал. ніжніх чыноў; страты рускіх склалі 77 чал. забітымі і 182 параненымі. К.б. быў першай перамогай рус. войск з пачатку вайны. У выніку французы павінны былі трымаць супраць арміі Тармасава значныя сілы, што адмоўна паўплывала на армію Напалеона ў час яе адступлення ад Масквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.
Створана ў 1990 у Магілёве пры Упраўленні культуры аблвыканкома на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1999): мужчынскі камерны хор «Унія» (маст. кіраўнік і дырыжор К.Насаеў), аркестр нар. інструментаў (маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Іваноў), камерны інстр. ансамбль «Барыня», шоу-балет, гурты — вак.-інстр. «03», сямейны нар. спеваў «Весялуха», эстр.-цыркавыя «Казіно смеху» і «М+М», «Цырк на сцэне» і інш.; сярод артыстаў — спявачкі І.Абалян, А.Мацярынка, Н.Шарубіна, флейтыст У.Буры, ілюзіяніст С.Фельдман. У філармоніі пачынаў творчую дзейнасць А.Цівуноў, у яе студыі па падрыхтоўцы маладых артыстаў вучыліся спевакі С.Франкоўскі, А.Кавалеўскі. Вядзе актыўную дзейнасць па арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада, у т. л.міжнар. фестывалю «Залаты шлягер» (з 1995), «Фестывалю харавой музыкі» (1991), міжнар.эстр. імпрэзы «Беларусь збірае сяброў» (1993), эстр. фэсту «Рэха «Славянскага кірмашу» (1994), «Магілёўскай музычнай вясны» (1995), «Каляднага фестывалю» і IV Сусв. кангрэса цымбалістаў (1997), Міжнар. пленэраў па жывапісе імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі (у святкаванні 125-годдзя з дня яго нараджэння ўдзельнічалі камерныя аркестры «Віртуозы Масквы» і «Вівальдзі-аркестр» пад кіраўніцтвам С.Бязроднай), удзельнічае ў фестывалі «Беларуская музычная восень», у працы міжнар. дабрачыннага Фонду У.Співакова. З 1997 прадстаўніцтва філармоніі працуе ў Мінску. Дырэктар і маст. кіраўнік філармоніі У.Браілоўскі.
Аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спе́шны, ‑ая, ‑ае.
1. Які патрабуе хуткага выканання; тэрміновы. За дзвярыма грукаталі боты, Над сталом задумаўся марксіст І, адклаўшы спешную работу, Малаком пісаў па волю ліст.Грахоўскі.Як Антось мацней за ўсіх бегае, то яму даваліся найбольш спешныя заданні.Кулакоўскі.Калгас засыпаны дэпешамі З Масквы, Туркменіі, Дняпра, — І ўсе вітальныя і спешныя, То ад Івана, то Пятра.Астрэйка.// Які выконвае што‑н. тэрміновае. Красуняй паланянкай паланёны, ён [Кайдан] выгнаў нават спешнага ганца, прысланага з далёкага загону, дагаварыць не даўшы да канца.А. Вольскі.
2. Які робіцца або адбываецца хутка; паспешлівы. Дзед Талаш з сваім войскам спешным маршам рушыў на Прыпяць, каб заняць пераправу.Колас.У штабах спешным парадкам складалі спісы.Пальчэўскі.Сяргееў быў здаволены, што хлопец не робіць спешных вывадаў, а цвяроза ацэньвае абстаноўку.Федасеенка.Чалавек дваццаць паліцыянтаў скакала на конях спешнай рыссю.Пестрак.// Уласцівы таму, хто спяшаецца. А Казік падбег да бацькі і, Юзік чуў, казаў ён спешным дрыжачым голасам: — Злодзей!.. Злодзей...Баранавых.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КАЗІМІ́Р IVЯгелончык
(30.11.1427, Кракаў — 7.6.1492),
вял. князь ВКЛ [1440—92], кароль польскі [1447—92]. Малодшы сын Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Пасля абрання К. IV на польскі трон паміж ВКЛ і Польшчай устаноўлена персанальная унія, ВКЛ захавала незалежнасць. Вярнуў ВКЛ з Польшчы Дарагічынскую зямлю (1444), замацаваў у складзе дзяржавы Валынь, канчаткова далучыў да ВКЛ Жамойць. Дзеля пашырэння асабістых і маянтковых правоў баяр выдаў прывілей 1447. У час яго панавання ў ВКЛ узмацнілася роля паноў-рады. Вымушаны быў змагацца з апазіцыяй бел.-літ. арыстакратыі. У 1441 групоўка слуцкага кн. Алелькі Уладзіміравіча вымусіла К. IV перадаць Алельку Кіеўскае княства. Вёў барацьбу з прэтэндэнтам на велікакняжацкі пасад кн. Міхаілам Жыгімонтавічам. У 1471 ліквідаваў удзельнае Кіеўскае княства. Каб з’яднаць пануючае саслоўе, пачаў раздачу маёнткаў баярам. Выдаў Судзебнік 1468, з якога пачалася кадыфікацыя феад. права ў дзяржаве. Знешняя палітыка К. IV на ўсходзе была накіравана на ўтрыманне рус. княстваў у складзе ВКЛ (гл.Дагавор 1449), падтрымку Вял. Арды ў яе барацьбе супраць Масквы. Вёў барацьбу з Крымскім ханствам (былым саюзнікам). У Польшчы абапіраўся на сярэднюю шляхту і вёў барацьбу з магнацкай апазіцыяй. Выдаў Няшаўскія статуты 1454, якімі пашыраліся і ўзмацняліся правы шляхты і шляхецкіх земскіх сеймікаў, а магнаты пазбаўляліся выключнага права займаць дзярж. пасады. У 1454—66 вёў вайну з Тэўтонскім ордэнам (ВКЛ не ўдзельнічала), у выніку якой Польшча атрымала выхад да Балтыйскага мора, ордэн прызнаў сваю васальную залежнасць ад польскай дзяржавы. У дынастычнай палітыцы дамогся выбрання свайго старэйшага сына Уладзіслава каралём Чэхіі, а потым і Венгрыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ГРАМАДА́»
(«БНГ»),
назва арганізацыі, прыдуманай следчымі АДПУБССР для ўзбуджэння крымінальнай справы і правядзення паліт. працэсу ў барацьбе з іншадумствам нац. інтэлігенцыі ў лют.—жн. 1933; працяг паліт. працэсу па справе «Саюза вызвалення Беларусі». У арг-цыю было ўключана 68 чал., пераважна бел. пісьменнікаў (З.Астапенка, У.Жылка, Л.Калюга, М.Лужанін, Ю.Таўбін), настаўнікаў, студэнтаў, аб’яднаных у 13 ячэек. Паводле версіі АДПУ, «БНГ» ахапіла сваёй дзейнасцю Мінск, Оршу, Слуцк, Капыльскі, Мазырскі, Слуцкі, Мінскі і інш. раёны БССР, а таксама бел. зямляцтвы ў Маскве, Ленінградзе і Смаленску. Ідэйнае кіраўніцтва арг-цый прыпісвалася К.Б.Езавітаву, які знаходзіўся ў Рызе. Асн. мэтай арг-цыі лічылася аддзяленне Беларусі ад Сав. Расіі і ўстанаўленне «буржуазна-дэмакратычнай Беларускай Народнай Рэспублікі» з наступнай ліквідацыяй сацыяліст. форм у сельскай гаспадарцы і ў прам-сці: аднаўленне прыватнай уласнасці на зямлю і сродкі вытворчасці, стварэнне хутарской сістэмы землекарыстання. Новае дзярж. ўтварэнне павінна было ажыццяўляцца «ў блоку Літва—Латвія—Беларусь са сталіцай саюзнай дзяржавы ў г. Вільня ці ў саюзе дзяржаў Літва—Украіна—Беларусь». «Контррэвалюцыйная дзейнасць» членаў арг-цыі выяўлялася найперш у нязгодзе з узмацненнем на Беларусі таталітарнага рэжыму, распаўсюджванні меркаванняў пра «русіфікатарскую і каланізатарскую палітыку Масквы, ідэалізацыю самабытнасці Беларусі і беларускай мовы, працягванне ў друк нацдэмаўскіх тэрмінаў», у апазіцыі да палітыкі калектывізацыі. «Кіраўнікі» і «члены» арг-цыі атрымалі ад 2 да 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, частка выслана на Урал, у Казахстан. Вінаватымі сябе прызналі 20 чал. У 1956 Судовая калегія па крымінальных справах Вярх. суда БССР спыніла справу ў адносінах 44 чал. за адсутнасцю складу злачынства. Астатнія рэабілітаваны ў 1-й палове 1990-х г.