газета. Выдавалася ў ліст.—снеж. 1792 у Гродне на польск. мове 2 разы на тыдзень. Орган Таргавіцкай канфедэрацыі, другое пасля «Газэты Гродзенскай» перыяд. выданне на тэр. Беларусі. Друкавалася ў гродзенскай друкарні, хоць на старонках вядомых нумароў (захоўваюцца ў б-цы Ін-та літ. даследаванняў Польскай АН у Варшаве) адсутнічае інфармацыя пра выдаўца і друкарню. Змяшчала мясц. інфармацыю, якая ішла з рэгіёна Гродна і датычылася дзейнасці Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў (польск. і літ. канфедэрацыі таргавічан). Мела 2 раздзелы: «Генеральная сесія вольных абодвух з’яднаных народаў» (друкаваліся універсалы Генеральнай Канфедэрацыі Абодвух Народаў) і «Правінцыйная сесія літоўскага народу» (універсалы і распараджэнні, рэкамендацыі, ухваленыя на пасяджэннях Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ). Акрамя афіц. матэрыялаў публікавала паведамленні, звязаныя з дзейнасцю канфедэрацыі. Кожны нумар меў дадатак фармату газеты (ін-кварта).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМІ́СІЯ ПА ПРАЦО́ЎНЫХ СПРЭ́ЧКАХ,
у бел. працоўным праве абавязковы пярвічны орган па разглядзе прац. спрэчак. Ствараецца на прадпрыемствах і ва ўстановах з роўнай колькасці прадстаўнікоў прафсаюза і наймальніка тэрмінам на 1 год. Разглядае спрэчкі работнікаў, звязаныя з выкарыстаннем заканадаўства аб працы, калектыўных дагавораў, пагадненняў і інш. лакальных нарматыўных актаў, прац. дагавораў, у т. л. аб устаноўленых расцэнках, нормах працы і ўмовах іх выканання; пераводзе на інш. работу і перамяшчэнні; аплаце працы; праве на атрыманне і памеры прэмій і ўзнагароджанняў, што належаць работніку ў адпаведнасці з існуючай у наймальніка сістэмай аплаты працы; выплаце кампенсацый і прадастаўленні гарантый; вяртанні грашовых сум, утрыманых з зарплаты работніка; прадастаўленні водпускаў; выдачы спецадзення, сродкаў індывід. засцярогі, лячэбна-прафілакт. харчавання. Камісія прымае рашэнне па згодзе паміж прадстаўнікамі наймальніка і прафсаюза. Парадак разгляду спрэчак камісіяй і рэалізацыя яе рашэнняў рэгламентуюцца заканадаўствам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМПЕНСА́ЦЫЯ (ад лац. compensatio ураўнаважванне, замена) у біялогіі, 1) рэакцыя арганізма на парушэнне яго жыццядзейнасці, пры якой здаровыя органы і сістэмы бяруць на сябе функцыю пашкоджаных структур. Напр., замяшчальная гіперфункцыя здаровай ныркі пасля выдалення ці выключэння хворай — вырашальны фактар выдзялення прадуктаў абмену з арганізма; кампенсатарная гіперфункцыя сэрца пры яго пароках ці пры гіпертаніі забяспечвае нармальнае паступленне крыві да тканак. Працяглая замяшчальная гіперфункцыя суправаджаецца гіпертрафіяй органа, які працуе інтэнсіўна, і можа выклікаць яго знясіленне. К. функцый — адзін з механізмаў гамеастазу.
2) Аднаўленне нармальнага развіцця арганізма пасля яго парушэння на адной з папярэдніх стадый. Напр., пры недастатковым харчаванні маладых лічынак насякомых зніжаецца іх рост, што можа кампенсавацца ўзмоцненым харчаваннем і паскарэннем росту на наступных стадыях іх развіцця. К. наз. таксама працэсы ў філагенезе, звязаныя з функцыян. замяшчэннем аднаго органа (яго часткі) інш. органам (яго часткай).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕСАКАРЫСТА́ННЕ,
комплекснае выкарыстанне лясных рэсурсаў для задавальнення патрэб насельніцтва і нар. гаспадаркі; адзін з відаў прыродакарыстання. Парадак, формы і ўмовы Л. ў Рэспубліцы Беларусь вызначаюцца лясным заканадаўствам. Яно павінна адпавядаць патрабаванням аховы лясоў і комплекснага выкарыстання багаццяў лесу.
На тэр.дзярж. ляснога фонду могуць ажыццяўляцца асн. (нарыхтоўка драўніны, жывіцы) і другарадных лясных матэрыялаў (пнёў, лубу, кары і інш.), пабочнае Л. (сенакашэнне, выпас жывёлы, размяшчэнне вулляў і пчальнікоў, нарыхтоўка соку, збор пладоў, арэхаў, грыбоў, ягад, лек. раслін, тэхн. сыравіны, насення дрэў і кустоў, моху, ляснога подсцілу). Нарыхтоўка драўніны праводзіцца пры высечках гал. карыстання (у спелых дрэвастоях) і прамежкавага (высечкі пры доглядзе лесу і санітарныя, звязаныя з рэканструкцыяй малакаштоўных лясных насаджэнняў і інш.). Забараняюцца ці абмяжоўваюцца некаторыя віды Л. вакол гарадоў і запаведнікаў у інтарэсах пажарнай бяспекі, вядзення арэхапрамысловай, лесапладовай, лесанасеннай або запаведнай гаспадарак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕРВО́ВЫ ЦЭ́НТР,
сукупнасць лакалізаваных у нервовай сістэме нейронаў, якая прымае ўдзел у ажыццяўленні рэфлексу або функцыі арганізма. У склад Н.ц. ўваходзяць ад некалькіх нейронаў (напр., сардэчны ганглій ракападобных мае 9 нейронаў) да некалькіх тысяч і мільёнаў (напр., у высокаарганізаваных жывёл). Адрозніваюць Н.ц. ядзерныя, якія кампактна размешчаны ў восевай ч.нерв. сістэмы, падсумоўваюць масавую інфармацыю, і экранныя, сабраныя ў асобныя слаі, аналізуюць дыскрэтную інфармацыю. Нейроны Н.ц., звязаныя ўзбуджальнымі і тармазнымі сінапсамі, утвараюць складаныя комплексы, т. зв. нейронныя сеткі. У кожны Н.ц. па нерв. валокнах ад органаў пачуццяў або іншых Н.ц. паступае інфармацыя ў выглядзе імпульсаў нервовых, перапрацоўваецца і камандныя імпульсы пасылаюцца да іншых Н.ц. або перыферычных органаў. Каардынаваная дзейнасць Н.ц., якія ўваходзяць у іерархічную сістэму рэгуляцыі, забяспечвае дакладнае выкананне пэўнай складанай функцыі і яе прыстасавальны характар. Гл. таксама Нервовая сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«РО́ДНАЕ СЛО́ВА»,
навукова-метадычны ілюстраваны часопіс. Выдаецца з 1988 у Мінску на бел. мове штомесячна. Да 1992 наз. «Беларуская мова і літаратура ў школе». Асвятляе пытанні літ., мовазнаўчай і культуралагічнай адукацыі ў сярэдняй школе і ВНУ. Змяшчае матэрыялы па гісторыі нац. культуры, пра сучасны літ. працэс, лінгвіст. праблемы, міжмоўныя сувязі, адметнасць бел. мовы. У раздзелах «Філалогія», «Методыка і вопыт», «На ростанях», «Калі закончыўся ўрок», «Культура Беларусі» і інш. адлюстроўвае шляхі развіцця нац. школы, пед. майстэрства бел. славеснікаў, дасягненні філал. навукі, узаемасувязь л-ры, мовы, выяўл. мастацтва, музыкі, т-ра і кіно, дзейнасць літ. музеяў і інш. Друкуе творчыя партрэты бел. мовазнаўцаў, літаратараў і дзеячаў культуры, архіўныя дакументы, звязаныя з іх дзейнасцю. Адзначае юбілеі дзеячаў культуры, публікуе паэт. і вакальныя творы, рэцэнзіі на філал., культуралагічныя і пед.-метадычныя выданні.
Туніня́ць ‘гнісці’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Мяркуецца, што ўтворана ад назоўніка *туніня ‘гніль’. Апошняе мае паралелі ў балг.дыял.туне́ ‘плесня’ або тунъ́ ‘плесня; смурод’, туня́съм ‘пакрывацца плесняй’, макед.дыял.тунясва ‘тс’, якія Рачава (Этимология-2003–2005, 185) разглядае як «утварэнні праславянскага тыпу», звязаныя з балг.то́на ‘ўсмоктваць, убіраць’, што фанетычна і семантычна цяжка давесці. Хутчэй з улікам беларускага матэрыялу, да прасл.*tunʼa ‘гніль, плесня’ ад прасл.*tuxnǫti/*tǫxnǫti ‘псавацца, пратухаць’, параўн. укр.тухи́ня ‘гнілое балота’, гл. тухнуць. Параўн. туняшка, тунець (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЦЫЯ САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
працэс расслаення грамадства на асобныя, звязаныя паміж сабой, але адносна самаст.сац. групы. Існуюць розныя навук. падыходы вызначэння крытэрыяў Д.с. Г.Спенсер вылучаў эканам. фактар — падзел працы і яе вынікаў. М.Вебер звязваў паглыбленне неаднароднасці грамадства з працэсамі рацыяналізацыі каштоўнасцей і адносін паміж людзьмі. Прадстаўнікі сучаснай зах. структурна-функцыян. школы (Т.Парсанс) асаблівую ўвагу звяртаюць на сац. структуру, розныя віды дзейнасці, неабходныя для самазахавання грамадскай сістэмы. Матэрыяліст. сацыялогія падставай для Д.с. лічыць развіццё грамадскай вытв-сці, падзел працы, узнікненне рамёстваў, гандлю, прыватнай уласнасці, манагамнай сям’і, дзяржавы і інш. Важнымі праявамі і наступствамі Д.с. з’яўляюцца гіст. тыпы грамадства, сац. слаі, групы і інш. На сучасным этапе Д.с. звязана з навук.-тэхн. рэвалюцыяй і інфарматызацыяй грамадства. Д.с. — складаны і супярэчлівы працэс, які можа прывесці да сац. няроўнасці, негатыўна адбіцца на развіцці грамадства. Адна з форм Д.с. — сацыяльная стратыфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРЫЯТРЫ́Я [ад грэч. gerōn (gerontos) стары + iatreia лячэнне],
навука пра лячэнне людзей пажылога і старэчага ўзросту; клінічны раздзел геранталогіі. Распрацоўвае метады лячэння і прафілактыкі хвароб з мэтай захавання фізічнага і псіхічнага здароўя чалавека да глыбокай старасці. Вырашае праблемы ўзаемасувязі атэрасклерозу і ўзросту, механізма ўзнікнення т.зв. склератычнай артэрыяльнай гіпертэнзіі, цукр. дыябету, механізмы ўзроставых змен апорна-рухальнага апарату, ролю ўзроставых змен у развіцці анкалагічных захворванняў. У розных галінах медыцыны ёсць свае навук. і практычныя праблемы, звязаныя з герыятрыяй. Герыятрычная фармакатэрапія вывучае асаблівасці ўздзеяння лек. сродкаў на стары арганізм. Даказана, што ў пажылым і старэчым узросце значна павышаецца небяспека неспрыяльнага ўздзеяння медыкаментаў. Таму важнае правіла ў герыятрыі — назначэнне строга індывід. паменшаных доз тых лякарстваў, адчувальнасць да якіх пры старэнні павышана (сардэчныя гліказіды, наркатычныя, гіпатэнзіўныя і нейраплегічныя рэчывы). Часцей рэкамендуюцца прэпараты агульнай стымуляцыі (вітаміны, мікраэлементы, біястымулятары), накіраваныя на падтрымку і нармалізацыю метабалічных працэсаў і функцый чалавека.