Сяга́ць ’ісці, рухацца’, ’прасцірацца, даходзіць да якой-небудзь мяжы, узроўню і пад.’ (ТСБМ), ’працягваць руку, каб што-небудзь узяць’ (Стан.), ’накіроўвацца’ (Сцяшк. Сл.), сіга́ць ’імкнуцца, жадаць, дамагацца’ (Варл.), часцей з прыстаўкамі: дасяга́ць, прысяга́ць (гл. прысяга), ст.-бел. сѧгнути: сѧгнулъ рукою (Альтбаўэр). Укр. сяга́ти, сягну́ти ’даставаць, хапаць’, рус. сяга́ть, польск. sięgać ’дасягаць, выцягваць руку’, в.-луж. sahać ’даставаць; ісці вялікімі крокамі’, н.-луж. segaś ’выцягваць руку; даставаць, хапаць’, чэш. sahať ’тс’, славац. siahať ’даставаць, хапаць’, серб.-харв. се̏гнути се ’пацягнуцца, працягнуць руку’, славен. séči ’тс’, балг. пася́гам ’працягваю руку’, макед. сега ’сягаю’, ст.-слав. сѧгнѫти ’працягнуць руку’. Прасл. *sęgti, *sęgati роднаснае літ. sègti ’зашпільваць’, sagà ’засцежка, гузік’, sãgas ’пятля’, лат. segt ’пакрываць’, ст.-інд. sájati ’прылягае, прымыкае’, ст.-перс. frahanjati ’вешае’, ірл. suanem ’канат’; да і.-е. *seg‑, *seng‑ ’вязаць, злучаць, датыкацца’; гл. Траўтман, 252; Покарны, 887; Фасмер, 3, 825; Скок, 3, 214; Шустар-Шэўц, 1264; Борысь, 547; супраць сувязі з літ. siekti ’сягаць, дасягаць’, síeknis ’сажань’ Міклашыч, 291; Махэк₂, 535, таксама Бязлай (3, 221) па фанетычных прычынах; гл. яшчэ ЕСУМ, 5, 495–496; Анікін (Этимология–1983, 48 і наст.) звязвае славянскае слова з герм. *sinkʷan, (параўн. гоц. sagqjan, ст.-в.-ням. senken, ст.-сакс. sincan і г. д.), у семантычным радзе яшчэ ёсць значэнні ’апускацца, асядаць; тануць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сядло́ ’сядзенне для конніка’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.), ’частка прасніцы, на якой сядзяць’ (Жд. 2, Шатал., Сл. ПЗБ; круп., Нар. сл.), ’задняя частка штаноў’ (Серб. Вічын), седло́ ’частка прасніцы’ (Уладз.), сюды ж сядла́ць ’накладаць сядло’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Стан.). Укр. сідло́, рус. седло́, стараж.-рус. седьло, польск. siodło, в.-луж. sedło, н.-луж. sodło, палаб. sedlü, чэш., славац. sedlo, серб.-харв. сѐдло, славен. sédlọ, балг. седло́, макед. седло, ст.-слав. оседълати. Прасл. *sedъlo/*sedъlo роднаснае гоц. sitls ’сядзенне’, ст.-в.-ням. seʒʒal ’крэсла’, лац. sella ’сядзенне’, грэч. έλλά ’кафедра’; з іншай ступенню агаласоўкі: англ.-сакс. sadol, ст.-в.-ням. satul, satal ’сядло’, супраць апошніх супастаўленняў Бязлай (3, 223), які, спасылаючыся на Клюге (626), заўважае, што германцы ў часы Цэзара яшчэ не ведалі сядла. Паводле Мартынава (Лекс. взаим., 108 і наст.; Язык, 25 і наст.), славянскае пранікненне, што дало прагерм. sadula ’тс’. Далей да сядзець, прасл. *sěděti, да і.-е. *sed‑. Супраць рэканструкцыі *sedlo і меркавання аб калькаванні ст.-в.-ням. satal (Ваян (RÉS, 12, 235) Фасмер, (3, 589–590), параўн. укр. і ст.-слав. формы. Гл. яшчэ Мее, 419; Траўтман, 259; Брукнер, 491; Махэк₂, 539; Шустар-Шэўц, 1279–1279; Скок, 3, 213; ЕСУМ, 5, 250–251; ESJSt, 13, 809.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сястра́ ’дачка ў адносінах да іншых дзяцей гэтых жа бацькоў’, перан. ’асоба сярэдняга медыцынскага персаналу ў лячэбнай установе і ласкавы зварот да яе’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ); сестра́ ’тс’ (ТС), сюды ж сястро́нка, сястру́ха, сястру́хна ’стрыечная сястра’ (Сл. ПЗБ), сястру́нка ’тс’ (Янк. 1). Укр., рус. сестра́, стараж.-рус. сестра, польск. siostra, в.-луж. sotra, н.-луж. sotša, палаб. sestră, чэш., славац. sestra, серб.-харв. сѐстра, славен. séstra, балг. сестра́, макед. сестра, ст.-слав. сестра. Прасл. *sestra, першапачаткова аснова на ‑r‑, потым перайшло да асноў на ‑a, роднаснае літ. sesuõ, Р. скл. seser̃s, ст.-прус. swestro, ст.-інд. svásar‑, гоц. swistar, лац. soror, ст.-ірл. siur, тахар. A ṣar ’тс’ < і.-е. *su̯esor, якое з’яўляецца, як мяркуюць, складаным словам ад і.-е. *su̯e‑ ’свой’ і *sor‑ ’жанчына’; гл. Фасмер, 3, 612 з ранейшай літ-рай; Махэк₂, 541–542; Шустар-Шэўц, 1335–1336; Скок, 3, 226; Сной, 564; ЕСУМ, 5, 223; Борысь, 549; Трубачоў (История терм., 63 і наст.) адзначае неаднастайнасць тлумачэння другой часткі кампазіта; напрыклад, аспрэчваецца рэальнасць і.-е. *sor ’жанчына’ і прапаноўваецца кампазіт *su‑esor ’сваёй крыві’, г. зн. ’адзінакроўная’, дзе *esor: *esr ’кроў’, параўн. санскр. ásrk, грэч. έαρ ’тс’. Адносна слав.-герм. str < і.-е. *sr параўн. струга, струя і пад. Агляд версій гл. ESJSt, 13, 800–801.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Люд ’народ, людзі’, ’зборышча людзей, натоўп’ (ТСБМ, Нас., Яруш., Ян.; віл., Сл. ПЗБ). Укр. люд, рус. люд ’тс’, польск. lud, ст.-польск. ’падданыя’, н.- і в.-луж. lud ’тс’, ’войска’, н.-луж. luś ’чалавек’, палаб. lʼai̯dai̯ ’людзі’, чэш. lid, ст.-чэш. ľud ’люд’, славац. ľud ’тс’, славен. ljȗd, харв. (да XV ст.) ljudje, балг. (арго муляраў) люд ’чалавек’, ст.-балг. людъ ’народ’, ст.-слав. людиѥ ’народ’, людинъ ’вольны чалавек’. Прасл. lʼudъ ’народ, людзі, звязаныя агульным паходжаннем і мовай’ < і.-е. *leudho‑ < *leudh‑ ’расці’, літ. liáudis ’народ’, liaudžià ’дамачадцы’, лат. ļàudis ’людзі’; ст.-в.-ням. liut, с.-в.-ням. liute ’народ’, бургундск. leudis ’свабодны чалавек’, ст.-грэч. ἐλεύθερος, лац. liber ’тс’, līberi ’дзеці’; ст.-інд. rṓdhati, ст.-іран. raoðaiti ’расце’, гоц. liudan ’расці’, алб. lenj ’нараджаюся, узнікаю’ (Фасмер, 2, 545; Слаўскі, 4, 363–364; Скок, 2, 339–340; Махэк₂, 331–332; Шустар-Шэўц, 12, 865–866; Бязлай, 2, 146; БЕР, 3, 576–577). Мартынаў (Лекс. взаим., 96–98) лічыць, што прасл. ljudъ запазычана з прагерм. leuda. Сюды ж і лю́дзі, людцэ́, людзячкі, людке́ ’людцы’ (Шат.; ст.-дар., Сл. ПЗБ), людзёнак ’чалавек’ (полац., Нар. лекс.), людзі́на ’жанчына’ (Сцяшк.), людзі́на, люды́на, людзіна́ ’чалавек, асоба’ (Сл. ПЗБ, Федар. Дад.; Ян., ТС; КЭС, лаг.), людзі́ска, люды́ска ’людзі’ (Сл. ПЗБ), людя́ ’чалавек увогуле’ (Бес.); лю́дносць ’людзі’ < польск. ludność ’насельніцтва’ (дзятл., Сл. ПЗБ), людкове ’людзі’ (Сцяшк.) < польск. ludkowie ’просты люд’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лён, лянок ’валакніста-алейная расліна Linum usitatissimum L.’ (Нас., ТСБМ, Касп., Кл., Бес., Сцяшк., Бяльк., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’пража з ільну’ (Бяс., ТСБМ, КЭС, лаг.), ’кужаль’, ’льняное валакно на розных стадыях апрацоўкі’, ’гатаванае льняное семя, якое ўжываецца для прапіткі асновы’ (Уладз., Сл. паўн.-зах.). Укр. льон (лен, закарп. льон), рус. лён, польск. len (lan, lyn, lin, lyjn, lęn, ląn), палаб. lʼån, н.-луж. lan, в.-луж. len, чэш. len, славац. ľan, славен. lȃn, серб.-харв. ла̏н, макед. лен (lʼen, lъn), балг. лен, ле́нът, ц.-слав. льнъ ’тс’, ст.-слав. льнѣнъ ’льняны’. Прасл. lьnъ, якому адпавядаюць: літ. lìnas, linaĩ, лат. lins, lini, ст.-прус. linno, ст.-грэч. λίνον, алб. гег. lįni, ірл. līn ’сетка’, лац. līnum ’тс’, гоц. lein ’палатно’. Паводле Шрэдэра (Reallex, 1, 323) і Кастшэўскага (Sł. staroż. sł., 3, 42), ільнаводства было вядома індаеўрапейцам. Тое ж Слаўскі, 4, 150; Скок, 2, 266; Бязлай, 2, 123. Фасмер (2, 481) не выключае таксама і старажытнага культурнага запазычання. Махэк₂ (326) бачыць у гэтай лексеме рэшткі праіндаеўрапейскага субстрату. Сюды ж лённый ’ільняны, з ільну’ (Бяльк.), лёнішча ’поле, на якім рос лён’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), лёнок ’лянок, зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (Маш.), лёнок ’макрыца’ (ТС), бяроз. лёнык ’праснак з тоўчанага льнянога семя і мукі, які пяклі на Івана Купалу’ (Слав. і балк. фальклор, 141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ліза́ць ’дакранацца языком’, ’піць, есці мала, вяла’, ’пакрываць, абдаваць’, ’цалаваць’, лізацца ’падлашчвацца, лашчыцца’ (Нас., Шат., Бяльк., Яруш., ТСБМ, ТС, Сл. паўн.-зах.), полац., мсцісл. лізну́ць ’паспытаць, з’есці зусім нямнога’ (Нар. сл., Юрч. Вытв.), лізацца ’прыхарошвацца, старанна прычэсвацца’ (Шат.). Укр. лизати(ся), рус. лизать(ся), польск. lizać (się), палаб. lai̯zĕ ’ён ліжа’, н.-луж. lizaś, (pśe)lizaś se, в.-луж. lizać (so), чэш. lízati (se), ст.-чэш. lzáti, славац. lízať (sa), славен. lízati (se), серб.-харв. ли́зати (се), макед. лизам, балг. лижа, ст.-слав. лизати, чэш.-ц. слав. льзати. Прасл. lьzati з другасным падаўжэннем вакалізму кораня lizati (sę). І.‑е. адпаведнікі: літ. liẽžti, liežiù, лат. làizît ’лізаць’, ст.-інд. lḗdḥi, rédḥi, líhati ’ліжа’, авест. raēz‑, н.-перс. lištan ’лізаць’, арм. lizem, ст.-грэч. λείχω ’ліжу’, лац. lingō, lingere, ст.-ірл. ligin, гоц. bilaigōn, ст.-англ. liccian, ст.-в.-ням. lecchōn ’лізаць’, і.-е. *lig̑h‑/*lei̯g̑h‑, ітэратыў *loigʼh‑ Міклашыч, 171; Бернекер, 1, 725; Фасмер, 2, 494–495; Фрэнкель, 369; Покарны, 668; Слаўскі, 4, 311–312; Аткупшчыкоў, Из истории, 102; Скок, 2, 311; Бязлай, 2, 145–146). Інакш Жарскі (Rozp. Kom. Jęz. — Wrocł. TN, XI, 185), які памылкова выводзіць польск. lizać з і.-е. ‑lei̯p ’мазаць тлушчам’. Сюды ж лізґаць ’есці, ледзь дакранаючыся зубамі’ (Шат.), ’лізаць раз за разам’ (КЭС, лаг.), ’есці мала, перабіраючы’ (міёр., Нар. лекс.), у якіх ‑ґ‑ экспрэснае (параўн. лузаць — лузгаць), а таксама лізну́ць ’цішком адысці’ (Грыг.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вярце́ць ’круціць’ (БРС, КТС, Яруш.); ’абмотваць, абкручваць’ (БРС); ’хітраваць’ (Юрч.), укр. вертіти ’вярцець’; ’свідраваць’, рус. вертеть ’тс’; ’абарочваць’, ’вярнуць каго-небудзь’; ’падманваць’, уладз., валаг. ’боўтаючы, збіваць што-небудзь’, перм. ’пячы (у роце)’, вяц. ’ванітаваць’. Ст.-рус. вертѣти, врътѣти ’вярцець’; ’свідраваць’; ’загортваць, згортваць’. Польск. wiercić ’круціць’; ’свідраваць’; ’круціўшы, расціраць што-небудзь’, н.-луж. wjerśeś ’вярцець, круціць’; ’свідраваць’, в.-луж. wjerćeć ’тс’, чэш. vrtěti ’вярцець, круціць’; ’думаць, варочаць мазгамі’, славац. vrtieť ’круціць’, славен. vrtẹ́ti ’тс’, серб.-харв. vŕtjeti, вр̀тети ’круціць’; ’ківаць (галавой)’; ’віляць, махаць (хвастом)’; ’сукаць’; ’свідраваць’, макед. врти ’абарачаць, вярцець, круціць’; ’мяняць палажэнне’; ’зварочваць (з дарогі)’; ’гартаць (старонку)’; ’віцца (аб сцежцы)’; ’пераварочваць, ніцаваць’; ’перакручваць’; ’(добра) весці гаспадарку’; ’тачыць (дрэва)’, балг. въртя́ ’вярцець, круціць, абарочваць’; ’віцца’; ’добра валодаць (зброяй, інструментам)’; ’весці гаспадарку’; ’варочаць (справамі)’, ст.-слав. врьтѣти, врътѣти ’вярцець, круціць’. Прасл. vьrtěti (аснова vьrt‑/vert‑/vort‑) мае адпаведнікі ў літ. ver̃sti, verčiù ’валіць, перакульваць’; ’ніцаваць’; ’пераўтвараць’; ’перакладаць (на іншую мову)’; ’прымушаць’, лат. vḕrst ’звяртаць (увагу)’; ’паварочваць’; ’абярнуць’, ст.-прус. wīrst ’станавіцца’, wartint ’абарачаць’, гоц. wairþan ’станавіцца’, лац. verto, ‑ere ’паварочваць, вярцець’ — усе ўзыходзяць да і.-е. u̯ert‑ (< u̯er‑). Гл. Праабражэнскі, 1, 77; Вальдэ, 824; Траўтман, 354; Фік, 1, 131; Торп, 397; Мюленбах-Эндзелін, 4, 566; Міклашыч, 384; Брукнер, 617; Фасмер, 1, 301; Шанскі, 1, В, 65–66; КЭСРЯ, 76; Махэк₂, 701; БЕР, 1, 212; Голуб-Копечны, 423; Младэнаў, 91; Скок, 3, 631–633.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вісе́ць ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы без падпоры, выдавацца’ (БРС, КТС, Касп.). Укр. висі́ти, рус. висе́ть ’вісець’, ст.-рус. висѣти ’вісець; звісаць, навісаць’ (з XIII ст.), польск. wisieć ’вісець; звісаць, абвісаць’, в.-луж. wisać ’вісець’, чэш. viseti ’знаходзіцца ў вертыкальным становішчы’, славац. visieť, славен. visẹ́ti ’вісець’, серб.-харв. ви̏сити, vȉsjeti, макед. виси, балг. вися ’тс’, ст.-слав. висѣтн. Прасл. visěti — другая ступень чаргавання з весіць (гл.) < věsiti, věsъ. Голуб-Копечны (417) мяркуюць, што гэта лексема — толькі славянская; яна не мае надзейных і.-е. адпаведнікаў (Фасмер, 1, 319). Ільінскі (ИОРЯС, 23, 1, 125) параўноўвае яе з літ. vaipýtis ’крыўляцца, грымаснічаць’, vypsóti ’быць разявай’, ст.-в.-ням. weibôn ’калыхаць’, лац. vibrāre, ст.-інд. vḕpatē ’дрыжаць’. Згодна з Гольтгаўзенам (РВВ, 66, 272), роднасная да ст.-нарв. vē ’сцяг’; Леві (IF, 32, 159) збліжае з грэч. ἄττω ’махаю’; зусім іншым з’яўляецца літ. vaĩsius ’плод’ (бо яна звязана з vìsti ’множыцца’, лат. viest ’выхоўваць, гадаваць’) і не звязана з visěti насуперак Мюленбаху–Эндзеліну (4, 670); Педарсан (IF, 5, 44) звязвае з санскр. viš; Младэнаў (68) супастаўляе са сканд. vīkja ’паднімацца’ і літ. vikrùs ’лоўкі, жвавы, кемлівы’, Бернекер — з ням. weihen ’асвячаць’, гоц. weihs ’святы’. Інакш Машынскі (Zasiąg, 198) — са ст.-в.-ням. swīhhan ’аслабець, паддацца’ < і.-е. *(s)u̯eig‑ ’гнуцца’. Абаеў (1, 88) параўноўвае прасл. visěti з асец. awanʒyn//awinʒyn, перс. āvēz‑, āvēxt‑ ’вісець, вешаць’, курд. halavisin ’вешаць’. (Праславянскі іранізм?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Багро́вы (ст.-бел. багровый, параўн. Бярында, 239: багровая фарба; у яго ж багрян ’баграны’, 228; багряни́ца, 217), ба́гра ’пурпурная фарба’ (Нас.), баграві́зна ’пляма ад удару на целе’, ба́гравіць ’крывавіць, пачырваніць’ (Нас.). Рус. ба́гор, багр ’пурпурны колер’, укр. ба́гор, ст.-слав. багрити, багръ, балг. ба́гря ’фарбую чырвоным’ і г. д. У зах.-слав. мовах гэтага слова няма. Паходжанне няяснае. Магчыма, роднаснае з грэч. φώγω ’пяку, смажу, абпальваю’, ст.-в.-ням. bahhan ’пячы’, Фасмер, 1, 103. Няпэўным з’яўляецца параўнанне Младэнава, 39, РФВ, 68, 373 з гал. baggaert ’твань’, слав. bag(ъ)no і балг. божу́р ’мак’. Неабгрунтавана Праабражэнскі, 1, 11 (< гоц. fagrs, ст.-в.-ням. fagar ’прыгожы’; супраць Фасмер, 1, 103). Локач (107) лічыць запазычаннем з араб. maġra ’прыродная чырвоная фарба’. Не пераконвае Львоў, ЭИРЯ, IV, 66–71: < ba‑gъr (ba‑ ўзмацняльная частка, gъr — да gorěti). БЕР, 1, 24–25: < і.-е. *bhōgh‑ro‑ (*bhāgh‑ro‑) ’тапіць, мачыць’ (параўн. грэч. βάπτω ’патапляю, таплю, акунаю’, βαπτός ’ярка пафарбаваны, яркага колеру’); Лапацін (Исслед. ист. лекс., 250–252) дадае і іншыя паралелі. Менгес (UAJb, 31, 177–178) стаіць за цюрк. крыніцу (яго падтрымлівае Трубачоў, Серболуж. сб., 160). Пашырэнне слова ва ўкр. дыялектах (параўн. назвы для кароў і валоў: багрі́й, ба́гря; для сліў: багру́ля і г. д.; для раслін: багри́на, багрове́ць) робіць няпэўнай думку аб запазычанні наогул гэтага слова з паўд.-слав. моў (так Цімчанка, 48; КЭСРЯ, 26).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Меж 1 ’паміж’ (Грыг.) — скарочаная форма (як між) ад межы́, мяжы́, мі́жы́, навагр. мы́жы (Нас., Сл. ПЗБ; Шуба, Прыназ., 38). Укр. меж, ме́жи́, рус. паўн. меж, пск., цвяр. ме́жи́, ст.-рус. межь > ст.-польск. między, каш. mjidzë, памор. mjizä, midzë, midzy, н.-луж. mjaz(y), в.-луж. mjez(e), ст.-чэш., чэш. mezi, славац. medzi, славен. mèd, mèj, старое meji, серб.-харв. старое међ(и) (суч. серб.-харв. мѐђу, чак. meju, ст.-чак., ст.-шток. meu), паўн. і паўн.-зах. серб.-харв. med, meda, макед. кюстандз. меѓи, балг. меж. Гістарычна гэта застылая форма меснага склону адз. ліку — medjі (захавалася ў ст.-серб. мове з XVI ст. — meu: nenaviden biti meu puku nevernomu) ад прасл. лексемы medja > бел. мяжа́ (гл.), якая ў якасці прызоўніка ўжывалася ў ст.-бел. і вядома ў суч. бел. мове ў спалучэнні з назоўнікамі ў род., тв. і (рэдка) він. склонах (Карскі 2–3, 431; ён жа, Труды, 312). І.‑е. адпаведнікі: ст.-інд. mághyē, авест. maidya, ст.-грэч. аркадск. μέσουν ’пасярэдзіне, паміж’, лац. medius ’сярэдні’, гоц. midjis ’які ляжыць пасярэдзіне’, ням. Mitte ’сярэдзіна’ (Міклашыч, 181; Голуб-Копечны, 221; Зубаты, Studie, 2, 50; Мее, MSL, 20, 124–134; Бернекер, 2, 32; Фасмер, 2, 592; Махэк₂, 361; ESSJ SG, 1, 108–110). Гл. таксама межды, між, міз.

Меж 2 ’колькасць канапель, якая бярэцца адзін раз для таго, каб мяць іх нагамі’ (ельск., ЛАПП). Відавочна, скажонае польск. mierza ’мера’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)