ДЫПЛАМАТЫ́ЧНЫ КО́ДЭКС КАФЕДРА́ЛЬНАГА САБО́РА І ВІ́ЛЕНСКАЙ ДЫЯЦЭ́ЗІІ (Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej),
збор дакументальных матэрыялаў. па гісторыі Віленскай рымска-каталіцкай епархіі, падрыхтаваны праф. Ягелонскага ун-та (Кракаў) Я.Фіялкам (1864—1936) і У.Сямковічам. Быў разлічаны на 2 тамы з дакументаў ад заснавання дыяцэзіі (1387) да смерці біскупа В.Пратасевіча (1579). 1-ы том выдадзены ў 2 выпусках (1932 і 1939; у 1948 перавыдадзены адной кнігай). У аснове выдання — архіўныя матэрыялы, якія захоўваюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы ў Вільнюсе, а таксама каронная метрыка з Гал. архіва стараж. актаў у Варшаве, друкаваныя выданні, дакументы з прац Я.Длугаша, М.Стрыйкоўскага, І.М.Даніловіча і інш., усяго больш за 650 дакументаў. Збор мае вял. даведачны апарат, у 1997 асобнай кнігай выйшаў паказальнік імён і геагр. назваў. 2-і том рыхтуецца да выдання.
Публ.:
Kodeks dyplomatyczny katedry i diecezji wileńskiej. T. 1 (1387—1507). Kraków, 1948.
Літ.:
Ochmański J. Powstanie i rozwój latyfundium biskupstwa wileńskiego (1387—1550). Poznań, 1963;
Яго ж. Biskupstwo wileńskie w średniowieczu. Poznań, 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАРО́МСКІ ((Żeromski) Стэфан) (14.10.1864, Страўчын, Келецкае ваяв., Польшча — 20.11.1925),
польскі пісьменнік. Працаваў хатнім настаўнікам, у 1892—1904 бібліятэкарам у Польскім музеі ў Раперсвілі і ў б-цы Замойскіх у Варшаве. У 1909—12 у эміграцыі ў Парыжы. Ужо для першых яго твораў характэрна сац. скіраванасць, зварот да тэмы нац.-вызв. руху (зб-кі «Апавяданні», «Раздзяўбуць нас крумкачы», абодва 1895). У цэнтры аўтабіягр. рамана «Сізіфава праца» (1897) пратэст супраць прымусовай русіфікацыі польскай школы. Раман «Бяздомныя» (т. 1—2, 1900) прысвечаны тэме духоўных пошукаў польскай інтэлігенцыі. Ідэя барацьбы за незалежнасць і трагічныя лёсы адданых ёй барацьбітоў аб’ядноўвае раманы «Попел» (т. 1—4, 1904, экранізаваны 1965), «Прыгажосць жыцця» (1912), «Верная рака» (1912, пра паўстанне 1863) і трылогію «Барацьба з сатаной» (1916—19). Аўтар драм «Ружа» (1909) і «Сулкоўскі» (1910), раманаў «Гісторыя граху» (т. 1—2, 1908, экранізаваны 1933 і 1975), «Прадвесне» (1925). На бел. мову творы Ж. перакладаў М.Ф.Дубянецкі (зб. «Верная рака», 1985).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬЮЧО́НАК (Пётр Вікенцьевіч) (12.2.1891, в. Русцягі Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. — 27.6.1945),
дзяржаўны дзеяч БССР. З 1912 у арміі. З 1917 у Адэсе, нам. старшыні Бел. бежанскага к-та, чл. арг-цыі «Беларускі гай». У 1918 упаўнаважаны Бел.нац. камісарыята, заг.бел. аддзела ў Палонбежы. У 1919 заг.бел. дзіцячай калоніі, кіраўнік групы бел. камуністаў пры Малдаванскім райкоме партыі, старшыня бел.-літ. секцыі пры Адэскім губкоме партыі. З 1920 у Мінску, заг.гар. жыладдзела. У 1920 і 1923 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі. У 1921 нам. наркома сацзабеспячэння, у 1921—22 заг.бел. аддзела Наркамасветы, у 1924—25 і 1926—28 тэхн. рэдактар, нам. старшыні Белдзяржвыдавецтва, у 1925—26 супрацоўнік паўпрэдства ў Варшаве, у 1928—29 нам. старшыні «Белпайгандлю». У 1929 выключаны з партыі за прыхільнасць да т. зв. нацыянал-дэмакратызму. 17.2.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 18.3.1931 асуджаны на 10 гадоў. 4.10.1937 арыштаваны паўторна, прыгавораны да 5 гадоў ППЛ. Вызвалены 4.10.1942. Зноў арыштаваны і засуджаны ў студз. 1943 на 10 гадоў ППЛ. Памёр у Тайшэтлагу. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІ́СТЫ (ад лац. communis агульны) 1) аб’яднанне з белых рымска-каталіцкіх ксяндзоў на аснове ўласнага статута. Заснавальнік — ням. ксёндз Барталамей Хольцгаўзер. У 1640 ён стварыў аб’яднанне, члены якога абавязваліся жыць сумесна, мець агульны прыбытак (адсюль назва), дапамагаць адзін аднаму, клапаціцца пра сваю цнатлівасць. У 1680 папа рымскі Інакенцій XI зацвердзіў іх статут. На чале ўсёй арганізацыі К. стаяў ген. начальнік, які зацвярджаўся папам рымскім пажыццёва; пры ім былі 2 асістэнты і 2 ген. візітатары. Кіраўніцтва К. ў дыяцэзах (епархіях) ажыццяўлялі дыяцэзныя начальнікі, якія падпарадкоўваліся біскупам. Мясц. абшчыну ўзначальваў суперыёр. З 2-й пал. 17 ст. аб’яднанні К. пашырыліся ў інш.еўрап. краінах. У 1683 біскуп пазнанскі Вяжбоўскі запрасіў абшчыну К. у Рэч Паспалітую, дзе яны заснавалі семінарыю ў г. Гура-Кальварыя, потым — у Варшаве. На Беларусі найб. вядомая іх абшчына — дом К. у Пінску (16951836). У прыгарадзе Пінска Караліне для К. быў пабудаваны касцёл св. Карла Барамея. Апошнія дамы К. у Рас імперыі закрыты разам з каталіцкімі кляштарамі ў 1830—60-я г. 2) Члены камуністычных партый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАВА́ЦКІ (Францішак Казіміравіч) (14.5.1907, фальварак Каладзянка, Мядзельскі р-н Мінскай вобл. — 1988),
бел. і польскі паэт, журналіст. З 1925 чл. Незалежнай сял. партыі. З 1926 чл.КПЗБ, з 1928 чл. Пастаўскага падп. райкома КПЗБ. За рэв. дзейнасць быў зняволены на 7 гадоў. У 1936 вызвалены, да 1938 у падп. Краёвым сакратарыяце ЦККПЗБ. У 2-ю сусв. вайну супрацоўнічаў з польск. патрыят. рухам, з 1943 у падполлі ў акупіраванай Варшаве. Пасля вайны арыштаваны па лжывым абвінавачванні, 5 гадоў быў у зняволенні ў СССР. Рэабілітаваны. З 1952 у віленскай польскамоўнай газ. «Czerwony Sztandar» («Чырвоны сцяг»). З 1957 у Польшчы. Пісаў вершы на бел. і польскай мовах. Некат. з іх, напісаныя ў 1927, сталі рэв. песнямі («Мы ішлі ў цяжкім змаганні», «Стары год пражыўшы, жывём новы год» і інш.); ананімна апубл. ў зб. «Сцягі і паходні» (1965).
Тв.:
Памятные годы // Люди Нарочанского края. Мн., 1975, Важная пляцоўка // Бел. каляндар. Беласток, 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́ЗЬНІН ((Kniaźnin) Францішак Дыянізы) (4.10.1749 або 1750, г. Віцебск — 25.8.1807),
польскі паэт, драматург, перакладчык; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Віцебскі езуіцкі калегіум (1764). У 1764—70 вучыўся ў Полацку, Нясвіжы, Слуцку. З 1770 у Варшаве. З 1775 сакратар кн. А.К.Чартарыйскага, з 1783 прыдворны паэт Чартарыйскіх у Пулавах (Люблінскае ваяв.). У зб. «Carmina» (1781) пераклады Гарацыя, «Трэнаў» Я.Каханоўскага, оды і элегіі на лац. мове. Аўтар зб. «Байкі» (1776) на ўзор Ж.Лафантэна, «Эротыкі» (т. 1—2, 1779) у духу анакрэантычнай паэзіі, «Вершы» (1783) з элементамі стылю ракако. У зб. «Паэзія» (т. 1—3, 1787—89) любоўна-ідылічная, паліт. (у т. л. вершы «Да Тадэвуша Касцюшкі»), рэліг. лірыка. Сярод драм. твораў — пастаралі з рысамі бел. фальклору, гераічна-патрыят. п’есы («Гектар»). Опера «Цыганы» на лібрэта К. ставілася ў Слонімскім т-ры Агінскага (1786). У некаторых вершах услаўляў край маленства — Віцебшчыну. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Жлутка, Н.Мерашчак, Л.Семянюк.
Tв.: Wiersze wybrane. Warszawa, 1981; Бел.пер. — у кн. Віцебскі сшытак. 1995. № 1.
Літ.:
Kostkiewiczowa T. Kniaźnin jako poeta liryczny. Wrocław, 1971.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСІ́ЦКІ ((Krasicki) Ігнацы) (3.2.1735, в. Дубецка, Польшча — 14.3.1801),
польскі пісьменнік; прадстаўнік эпохі Асветніцтва. Вучыўся ў Львове, Варшаве, Рыме. З 1766 біскуп вармінскі, з 1795 арцыбіскуп гнезненскі. Першы твор — іроікамічная паэма «Мышаіда» (1775) — бліскучая сатыра на сярэдневяковую гістарыяграфію і культ «рыцарскай доблесці». У паэмах «Манахамахія» (1778), «Антыманахамахія» (1780) крытыкаваў духавенства. У вершаваных цыклах «Сатыры» (1779, 1784) выкрываў сарматызм польскай шляхты, яе бяздумнае нізкапаклонства перад усім чужаземным; творы вылучаюцца трапнасцю аўтарскіх назіранняў, лёгкасцю паэт. формы. Асветніцкі скептыцызм К. выявіўся ў лапідарных «Байках і прытчах» (1779). У першым польск. асветніцкім рамане «Прыгоды Мікалая Дасвядчынскага» (1776) стварыў свой ідэал чалавека і дзяржавы. Раман «Пан Падстолі» (ч. 1—3, 1778—1801) — своеасаблівая энцыклапедыя польск. рэчаіснасці 2-й пал. 18 ст. Аўтар філас. аповесцей («Гісторыя», 1778), энцыклапедыі «Збор патрэбных ведаў» (т. 1—2, 1781—83), камедый, гісторыка-літ. трактатаў, од, гімнаў, фрашак, літ.-крытычных артыкулаў.
Тв.:
Pisma wybrane. T. 1—4. Warszawa, 1954;
Рус.пер. — Избр. произв.М., 1951.
Літ.:
Липатов А.В. Возникновение польского просветительского романа. М., 1974;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна
(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),
бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В.Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т. л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.Гумеля, Ф.Ліста, Ф.Шапэна і ўласныя, у т. л. варыяцыі на тэму песні А.Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст. Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.
Літ.:
Ахвердава А. Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;
Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́РТЭНС (Станіслаў Адамавіч) (парт.псеўд. Стэфан Скульскі; 3.5.1892, г. Лодзь, Польшча — жн. 1937),
дзеяч рэв. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі. Чл. СДКПІЛ з 1909, чл. РКП(б) з 1928, чл. КПП з 1921. Вёў рэв. дзейнасць у Варшаве, Лодзі, Калішы. У 1913—14 зняволены ў турму. У 1918 старшыня павятовага к-та РКП(б) і ЧК у Мсціславе. У 1919 у Чырв. Арміі, у 1920 нам. старшыні Смаленскага губвыканкома і чл. губкома РКП(б); потым у Часовым польрэўкоме ў Беластоку, старшыня Навагрудскага рэўкома. У 1921 нарком унутр. спраў і чл. калегіі ЧКБССР, чл.ЦБКП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВКБССР. З канца 1921 на нелегальнай рабоце ў Польшчы. Адзін з арганізатараў КЛЗБ і Мінскай школы КПЗБ. У 1923—25 упаўнаважаны ЦК КПП пры ЦККПЗБ. У кастр. 1925 зняволены польск. ўладамі. Са студз. 1928 у СССР. Чл.ЦК КПП у 1923—27 і з 1931. Чл. Палітбюро ЦК КПП у 1923—25 і ў 1935. Чл. Бюро ЦККПЗБ і яго прадстаўнік пры ЦККП(б)Б у 1934—35. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,
часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.