ТЫШКЕ́ВІЧ (Tyszkiewicz) Беата (н. 14.8.1938, Варшава),

польская кінаактрыса. З роду Тышкевічаў. Вучылася ў Вышэйшай тэатр. школе ў Варшаве (1957—58). Дэбютавала ў фільме «Помста» (1957). Творчасць Т. вызначаецца артыстызмам, тонкім адчуваннем стылявых асаблівасцей твора. Сярод значных дасягненняў — ролі ў фільмах рэжысёраў А.​Вайды «Самсон» (1961), «Попел» (1965), «Усё на продаж» (1968); К.​Занусі «Кантракт» (1980), «Дотык рукі» (1992). Здымалася ў СССР («Дваранскае гняздо», 1969; «Еўрапейская гісторыя», 1984), на кінастудыях інш. краін. Сярод інш. фільмаў: «Рукапіс, знойдзены ў Сарагосе» (1964), «Марыся і Напалеон» (1966), «Лялька» (1968), «Новыя амазонкі» («Сексмісія»), «Эдзіт і Марсель» (абодва 1983), «Двое» (1988), «Фердыдурке» (1991), «Малы Апакаліпсіс» (1992), «Прыгожая незнаёмка» (1993), «Немцы» (1996), «Закаханыя» (1999), «У жніўні 1944» (2000). Знялася ў тэлесерыялах: «Стаўка большая, чым жыццё» (1967), «Вялікая любоў Бальзака» (1973), «Польскія дарогі» (1977), «Найдаўжэйшая вайна сучаснай Еўропы» (1981), «Слава і хвала» (1997), «Пракажоная» (2000) і інш.

т. 16, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)