МАСКО́ЎСКАЕ ВЯЛІКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальная дзяржава ва Усх. Еўропе, якая ў канцы 15 ст. стала ядром Рускай цэнтралізаванай дзяржавы. Цэнтр — г. Масква. Утварылася каля сярэдзіны 14 ст. ў выніку росту Маскоўскага княства, якое ў 2-й пал. 13 ст. вылучылася як удзел Уладзіміра-Суздальскага княства. У час княжання Данілы Аляксандравіча [1276—1303] Маскоўскае княства стала незалежным, да яго былі далучаны Каломна (1301), Пераяслаўль-Залескі (1302) і Мажайск (1303). Асновы паліт. і эканам. магутнасці Масквы заклаў кн. Іван I Данілавіч Каліта [1325—40], які дамогся ад хана Залатой Арды права збору тат. даніны з зямель паўн.-ўсх. Русі. Па яго ініцыятыве цэнтр агульнарус. правасл. мітраполіі ў 1326 перанесены ў Маскву. Паслядоўная палітыка Івана Каліты і яго пераемнікаў па пашырэнні тэр. М.в.к. шляхам скупкі і захопу зямель, дынастычных шлюбаў і г.д. абумовіла ператварэнне Масквы ў гал. паліт., эканам. і рэліг. цэнтр паўн.-ўсх. Русі. Вял. кн. Дзмітрый Іванавіч Данскі [1359—89] замацаваў за Масквой вял. Уладзімірскае княжанне, за якое яна з пач. 14 ст. вяла барацьбу з Цвярскім, а ў 1350—60-я г. і з Суздальска-Ніжагародскім княствамі. Яго перамога над войскам Залатой Арды ў Кулікоўскай бітве 1380 спрыяла замацаванню вядучай ролі М.в.к. паўн.-ўсх. Русі. З 14 ст. М.в.к. вяло барацьбу за ўплыў на сумежныя рус. землі з ВКЛ, якое да сярэдзіны 15 ст. мела перавагу. Пры вял. кн. Васілю II Васілевічу Цёмным [1425—62] у выніку працяглай феад. вайны была падаўлена апазіцыя ўдзельных князёў. Вял. кн. Іван III [1462—1505], які скінуў манг.-тат. няволю (1480), далучыў да М.в.к. Наўгародскую феадальную рэспубліку (1478), у асн. завяршыў аб’яднанне вакол Масквы інш. рус. зямель і адваяваў значныя тэрыторыі ў ВКЛ, першы пачаў называць сябе вял. князем і «государём всяе Руси».

Літ.:

Черепнин Л.В. Образование Русского централизованного государства в XIV—XV вв. М., 1960;

Алексеев Ю.Г. Под знаменем Москвы: Борьба за единство Руси, М., 1992.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 10, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКА-ТУРЭ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ 17 ст.,

войны паміж Рэччу Паспалітай і Асманскай імперыяй (у саюзе з Крымскім ханствам) гал. чынам за валоданне ўкр. землямі (Валынню і Падоліяй). Пачатак вайне 1620—21 паклала знішчэнне туркамі каля г. Цэцора атрада гетмана С.Жалкеўскага, які ўварваўся ў Малдаўскае княства. 30-тысячнае войска Рэчы Паспалітай на чале з К.Хадкевічам і 40 тыс. укр. казакоў на чале з гетманам П.​К.​Сагайдачным у гал. бітве паблізу Хаціна (1621) адбілі атакі тур.-тат. войск. Паводле Польска-турэцкага міру 1623 граніца паміж гэтымі дзяржавамі прайшла па р. Днестр. Вайну 1672—76 пачала Асманская імперыя. Тур.-тат. войскі захапілі Камянец-Падольскі, працягвалі наступленне на Львоў і Бучач, што прымусіла Рэч Паспалітую да заключэння Бучацкага мірнага дагавора 1672, які не прызнаў польскі сейм. У 1673 тур. войска зноў было разбіта каля Хаціна. У 1676 польскае войска паспяхова вяло баі каля Жураўна. Аднак Рэч Паспалітая мусіла падпісаць Журавінскі мірны дагавор 1676, паводле якога Падолія адышла да Асманскай імперыі, а значная ч. Правабярэжнай Украіны — пад уладу гетмана П.Д.Дарашэнкі. Польскі сейм зноў адмовіўся зацвердзіць гэты дагавор. Вайну 1683—99 пачала Рэч Паспалітая, якая прыйшла на дапамогу Аўстрыі (гл. Аўстра-турэцкія войны 16—18 ст.) у крытычны момант, калі тур. войскі ўзялі ў аблогу Вену. У 1683 польскае войска сумесна з аўстр. арміяй і войскам герм. князёў пад кіраўніцтвам караля Польшчы і вял. кн. ВКЛ Яна III Сабескага, пры ўдзеле атрадаў укр. казакоў разграміла тур. войскі пад Венай. У ходзе вайны ў 1684 была створана антытур. кааліцыя «Свяшчэнная Ліга» (Рэч Паспалітая, Аўстрыя, Брандэнбург, Венецыя, а з 1686 і Расія). Паводле заключнага на Карлавіцкім кангрэсе 1698—99 мірнага дагавора Падолія і ч. Правабярэжнай Украіны адышлі да Польшчы, панізоўе Дняпра і г. Керч засталіся (да 1774) у Турцыі, Азоў замацаваны за Расіяй.

т. 12, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІ́ТВА ЗА КАЎКА́З 1942—43,

сукупнасць абарончых (25.7—31.12.1942) і наступальных (1.1—9.10.1943) аперацый сав. войскаў з мэтай абароны Каўказа і разгрому ням.-фаш. войскаў у Вялікую Айчынную вайну.

Удзельнічалі франты: Паўд. (каманд. да 28.7.1942 і 2.2—2.3.1943 ген.-лейт. Р.​Я.​Маліноўскі; 1.1—2.2.1943 ген.-палк. А.​І.​Яроменка), Паўн.-Каўказскі (да 3.9.1942 Маршал Сав. Саюза С.​М.​Будзённы; 24.1—13.5.1943 ген.-лейт І.​І.​Масленікаў; з 13.5.1943 ген.-палк. І.​Я.​Пятроў) і Закаўказскі (з 15.5.1942 ген. арміі І.​У.​Цюленеў) франтоў, Чарнаморскі флот (віцэ-адм. П.​С.​Акцябрскі), Азоўская (контр-адм. С.​Г.​Гаршкоў) і Каспійская (контр-адм. Ф.​С.​Сядзельнікаў) ваен. флатыліі.

Ням.-фаш. камандаванне планавала авалодаць Каўказам у ходзе летняй кампаніі 1942. Для выканання гэтай задачы прызначалася група армій «А» (ген.-фельдмаршал В.​Ліст), якая перасягала сав. войскі Паўд. фронту ў 1,5 раза па асабовым складзе, па танках у 9,4 раза, па артылерыі ў 2 разы і па самалётах у 7,7 раза. Падтрымлівалі яе ВМС Германіі і Румыніі. У адпаведнасці з планам «Эдэльвейс» праціўнік наступаў паміж Донам і перадгор’ямі В.​Каўказа. Сав. войскі вялі абарончыя баі і адыходзілі. У канцы снежня гітлераўцы, страціўшы больш як 100 тыс. чал., перайшлі да абароны. Сав. войскі Паўд. фронту, якія працягвалі контрнаступленне пад Сталінградам, нанеслі ўдар па гал. сілах праціўніка на Растоўскім і Ціхарэцкім напрамках. Пад пагрозай акружэння ням. камандаванне вымушана было свае войскі на Паўн. Каўказе адвесці за Растоў і на Таманскі п-аў. У выніку Новарасійска-Таманскай аперацыі 1943 лінія абароны праціўніка была прарвана і 9.10.1943 Таманскі п-аў вызвалены. Чырв. Армія прайшла з баямі каля 800 км, вызваліла каля 200 тыс. км² тэрыторыі. Страты праціўніка толькі за час наступлення сав. войскаў склалі 281 тыс. чал., 1358 танкаў, 2 тыс. самалётаў, больш як 7 тыс. гарматаў і мінамётаў, 22 тыс. аўтамашын і інш. ваен. тэхнікі і маёмасці. Сав. войскі страцілі ў бітве забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак каля 950 тыс. чал. (з іх забітымі 344 390 чал.).

т. 3, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАСЕ́ЎСКІЯ, Гансеўскія, Корвін-Гасеўскія,

польскія ваен. і дзярж. дзеячы герба «Слепаўрон». Паходзяць з маёнтка Госі ў Мазовіі. У канцы 16 ст. прадстаўнікі роду перасяліліся ў ВКЛ. Мелі маёнткі ў Ашмянскім, Смаленскім, Мсціслаўскім пав., на Падляшшы і ў Ломжынскай зямлі (Польшча).

Найбольш вядомыя прадстаўнікі роду:

Аляксандр (каля 1575—1639), сын Яна. Рэгент дзярж. канцылярыі пры канцлеры ВКЛ Л.​Сапегу (1596), рэферэндарый ВКЛ (з 1610), вял. пісар ВКЛ (з 1615), ваявода смаленскі (з 1625), староста маркаўскі, пунскі, купіскі, веліжскі. У 1599 і 1600 пасол у Маскве. У 1606 пасол да Лжэдзмітрыя I, схоплены ў час падзення апошняга ў Маскве, вызвалены ў 1608. Разам з Сапегам быў натхняльнікам інтэрвенцыі ў Маскву, удзельнік аблогі Смаленска ў 1610. У 1611—13 зноў у Маскве з войскамі Рэчы Паспалітай. У 1617—18 удзельнічаў у 2-м паходзе каралевіча Уладзіслава на Маскву, у 1621—22 у вайне Рэчы Паспалітай са Швецыяй. Заснаваў езуіцкія калегіумы ў Смаленску і Віцебску.

Крыштоф (?—1643), старэйшы сын Аляксандра. Пераемнік бацькі на пасадах вял. пісара ВКЛ (1625), старосты веліжскага (1627), ваяводы смаленскага (1639). У 1639—40 узначальваў пасольства ў Парыж.

Вінцэнт Аляксандр (каля 1620—62), малодшы сын Аляксандра. Стольнік ВКЛ (1646), крайчы (1648), ген. артылерыі (1651), падскарбі земскі і пісар (1652), гетман польны (1654). Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пунскага, брата Крыштофа на пасадзе старосты веліжскага; староста ашмянскі, ладзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканомій. У час нар.-вызв. вайны 1648—51 удзельнічаў у баях супраць паўстанцаў на Пд Беларусі. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 вёў ваен. дзеянні супраць рус. войск у няўдалых кампаніях 1654 і 1655. У 1656 перамог войска шведаў і Б.​Радзівіла ў бітве пад Просткамі. У 1657—58 вёў кампаніі супраць шведскіх і рус. войск, трапіў у рус. палон, вызвалены за некалькі месяцаў да смерці.

Багуслаў (1660?—1744), сын Вінцэнта Аляксандра. З 1722 біскуп-суфраган беларускі, з 1724 біскуп смаленскі.

В.​Л.​Насевіч.

Да арт. Гасеўскія. В.​А.​Гасеўскі.

т. 5, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДЭ́ (Conde),

арыстакратычны род у Францыі ў 16—19 ст.; малодшая галіна дынастыі Бурбонаў. Найб. вядомыя прадстаўнікі:

Луі I (7.5.1530—13.3.1569), першы прынц К. Сын Карла, герцага Вандомскага. Кіраўнік франц. гугенотаў у час першых рэлігійных войнаў. Паранены ў бітве пры Жарнаку (1569), паланёны і забіты паводле загаду прынца Генрыха Анжуйскага.

Генрых I (1552, Фертэ-су-Жуар, каля г. Мо, Францыя — 1588). Сын Луі I. Удзельнік рэліг. войнаў. У час Варфаламееўскай ночы вымушаны перайсці ў каталіцтва, у 1574 вярнуўся ў кальвінізм. Найб. уплывовы (пасля Генрыха Наварскага) лідэр гугенотаў. Атручаны.

Генрых II (1588, Сен-Жанд’Анжэлі, каля г. Сент, Францыя — 1646). Сын Генрыха I. У час рэгенцтва Марыі Медычы змагаўся за ўладу, але пацярпеў паражэнне, 3 гады быў зняволены ў Венсенскім замку. Католік, ваяваў у Паўд. Францыі супраць гугенотаў.

Луі II (8.9.1621, Парыж — 11.12.1686), палкаводзец. У Трыццацігадовую вайну 1618—48 атрымаў перамогі пры Ракруа (1643), Фрэйбургу, Нёрдлінгене (1644—45, разам з А.Цюрэнам), Дзюнкерку (1646) і Лансе (1448), якія паскорылі заключэнне выгаднага для Францыі Вестфальскага міру 1648. У перыяд Фронды камандаваў урадавымі войскамі, якія аблажылі Парыж, потым узначаліў апазіцыю і імкнуўся захапіць уладу. У 1650 зняволены. Пасля вызвалення (1651) узначаліў «Фронду прынцаў». У 1653 уцёк у Нідэрланды, прызначаны галоўнакамандуючым ісп. арміі, на чале якой да 1658 ваяваў у Паўн. Францыі. Разам з сынам А.​Ж.​Д’Ангіенам неаднаразова прэтэндаваў на трон Польшчы і ВКЛ. З 1660 зноў у Францыі. У 1668 заваяваў Франш-Кантэ. У 1672—75 паспяхова кіраваў ваен. аперацыямі ў вайне Францыі з Галандыяй. Празваны сучаснікамі «Вялікім К.».

Луі-Жазеф (9.8.1736, Шантыльі, Францыя — 13.5.1818), адзін з лідэраў франц. эміграцыі. Генерал. Удзельнік Сямігадовай вайны 1756—63, губернатар Бургундыі. Пасля ўзяцця Бастыліі (14.7.1789) пакінуў Францыю, узначаліў контррэв. т. зв. «армію К.» (1792). У 1797—99 на службе ў Расіі. З 1801 у Англіі, у 1814 вярнуўся ў Францыю.

Луі-Анры-Жазеф (1756—1830), сын Луі-Жазефа, апошні прадстаўнік роду. У пач. Французскай рэвалюцыі 1789—99 эмігрыраваў, служыў у «арміі К.», жыў у Англіі. З 1814 у Францыі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 7, с. 582

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАКЕДО́НІЯ Старажытная

(грэч. Makedonia, лац. Macedonia),

дзяржава ў 5—2 ст. да н.э. на ПнУ Балканскага п-ва. Да ўтварэння макед. дзяржавы яе тэрыторыю з пач. 1-га тыс. да н.э. насялялі плямёны фракійцаў і ілірыйцаў, якіх у 7 ст. да н.э. падпарадкавалі роднасныя стараж. грэкам макед. плямёны (паходзілі з тэрыторыі ў басейне р. Аліякман). У ходзе некалькіх войнаў цар Пердыка I [правіў каля 700 да н.э.] і яго пераемнікі аб’ядналі макед. плямёны і заснавалі самаст. царства. У 6—5 ст. да н.э. цары з дынастыі Аргеадаў пашырылі сваю ўладу на ўнутр. тэрыторыю п-ва, але былі адцеснены ад Эгейскага м. грэкамі. Ва ўмовах унутр. крызісу ў Стараж. Грэцыі Філіп II заваяваў шэраг грэч. полісаў і пасля перамогі каля Херанеі (338 да н.э.) усталяваў свой пратэктарат над усёй Грэцыяй. Яго сын Аляксандр Македонскі працягваў заваяванні і стварыў вялізную дзяржаву з цэнтрам у М., што дало пачатак эпохі элінізму. Пасля смерці Аляксандра (323 да н.э.) М. падзелена паміж яго паплечнікамі, якія вялі бесперапынныя міжусобныя войны. Магутнасць М. адноўлена пры Антыгоне II Гонаце [277—239 да н.э.], які заснаваў устойлівую дынастыю Антыганідаў. У 277—168 да н.э. М. была адной з вядучых дзяржаў Міжземнамор’я, але сутыкненні са Стараж. Рымам (т.зв. Македонскія войны) прывялі да яе хуткага заняпаду. Пры. Філіпе V [221—179 да н.э.] у выніку паражэння ў 2-й Макед. вайне (200—196 да н.э.) М. страціла кантроль над Грэцыяй. 3-я Макед. вайна (171—168 да н.э.) завяршылася разгромам македонцаў у бітве каля Підны (168 да н.э.). Апошні макед. цар Персей [179—168 да н.э.] трапіў у палон і адпраўлены ў Рым, а М. падзелена на 4 рэспублікі пад пратэктаратам Рыма. Пасля ліквідацыі рымлянамі паўстання пад кіраўніцтвам Андрыска (148 да н.э.) М. канчаткова страціла незалежнасць і ператворана ў рым. правінцыю.

Літ.:

Шофман А.С. История античной Македонии. Ч. 1—2. Казань, 1960—63;

Арриан. Поход Александра: Пер. с др.-греч. М., 1993;

Дройзен И.Г. История эллинизма: Пер. с фр. Т. 1—2. СПб., 1997.

Я.​У.​Новікаў.

т. 9, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯТО́ЎСКІ ((Poniatowski) Юзаф Антон) (7.5.1763, Вена — 19.10.1813),

ваенны і дзярж. дзеяч Рэчы Паспалітай, князь, ген.-лейт. польскай арміі (1792), маршал Францыі (1813). З роду Панятоўскіх, пляменнік караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. З 1780 служыў у аўстр. арміі, з 1788 палкоўнік, ад’ютант імператара Іосіфа П. У 1789 пераехаў у Рэч Паспалітую, удзельнічаў у рэарганізацыі польскай арміі, з 1788 камандаваў дывізіяй. У 1792 камандаваў польскай арміяй, якая абараняла ад рас. войск лінію Дняпра і Днястра. Пасля бою пад Зелянцамі 18.6.1792 адступіў да Ізяслава, потым вывеў войскі за р. Буг. У знак пратэсту супраць змовы караля з Таргавіцкай канфедэрацыяй падаў у адстаўку і выехаў у Вену. У час паўстання 1794 вярнуўся, удзельнічаў у абароне Варшавы. Пасля капітуляцыі зноў выехаў у Вену. Адмовіўся ад прапаноў Кацярыны II і Паўла I паступіць на рас. службу. З 1798 жыў у сваім маёнтку пад Варшавай. У 1806, калі франц. войска падышло да Варшавы, а прускае пакінула горад, П. стаў на чале мясц. міліцыі і падтрымаў Напалеона. Са снеж. 1806 камандаваў адноўленым польск. войскам, са студз. 1807 ваен. міністр Варшаўскага княства. У час аўстра-французскай вайны 1809 паспяхова дзейнічаў супраць аўстр. войск у Галіцыі. У 1811 зноў адмовіўся паступіць на рас. службу. У час паходу Напалеона ў Расію 1812 камандаваў 5-м польскім корпусам «Вял. арміі». У пачатку кампаніі праследаваў 2-ю Зах. армію і рухаўся праз Гродна, Нясвіж, Ігумен да Магілёва. Удзельнічаў у бітвах пад Смаленскам і Барадзіном. У час адступлення рэшткі корпуса П. ўдзельнічалі ў бітвах пад Вязьмай і на р. Бярэзіна. Пасля вываду польск. войск у Саксонію сфарміраваў 8-ы корпус. У Лейпцыгскай бітве 1813 па даручэнні Напалеона, які ў час гэтай бітвы ўзвёў П. ў маршалы, прыкрываў адыход франц. войск. У час пераправы праз р. Эльстэр быў цяжка паранены і патануў. У 1814 прах П. перанесены ў Варшаву, у 1819 перапахаваны ў Кракаве на Вавелі. У 1826—32 зроблены помнік П. (скульпт. Б.​Торвальдсен), які з 1840 знаходзіўся ў Гомелі перад палацам І.​Ф.​Паскевіча, з 1922 — у Варшаве.

А.​М.​Лукашэвіч.

Ю.А.Панятоўскі.

т. 12, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХО́ДЫ АЛЬГЕ́РДА НА МАСКВУ́ 1368—72,

шэраг войнаў ВКЛ супраць Маскоўскага вял. княства, выкліканых саперніцтвам паміж гэтымі дзяржавамі за паліт. гегемонію ў рэгіёне, у т. л. за ўплыў на Цвярское княства. У жн. 1368 вял. кн. маскоўскі Дзмітрый не прызнаў пераход велікакняжацкай улады да цвярскога кн. Міхаіла Аляксандравіча (брата жонкі Альгерда Ульяны), прыхільніка ўмацавання дзярж. самастойнасці Цверы і збліжэння яго з ВКЛ, што вымусіла яго ўцячы ў ВКЛ. Увосень 1368 войскі Альгерда пры падтрымцы Смаленска разбілі маск. войскі ў Тросненскай бітве 1368 і падступілі да Масквы. Аблога была беспаспяховай, але ўлада Міхаіла над Цвярскім княствам была адноўлена, а ў склад ВКЛ уключаны г. Ржэў. У жн. 1370 маск. войскі зноў напалі на Цвер, і Міхаіл Аляксандравіч у чарговы раз уцёк у ВКЛ, потым у Арду. Каб захаваць Цвер як процівагу Маскве, Альгерд у ліст. 1370 пачаў 2-і паход. I на гэты раз аблога Масквы (8—16 снежня) была няўдалай. У выніку заключана перамір’е да 29.6.1371. Для заключэння трывалага міру ў чэрв. 1371 Альгерд накіраваў у Маскву пасольства, якое дамовілася падоўжыць перамір’е да 26.10.1371. Аднак вясной 1372 Масква пачала падрыхтоўку да паходу на Цвер. Каб прадухіліць яго, 7.4.1372 войскі ВКЛ на чале з Кейстутам і Андрэем Альгердавічам напалі на г. Пераяслаўль-Залескі, разам з цвярскім войскам учынілі паход на спрэчныя паміж Цвер’ю і Масквой г. Кашын і Таржок. Войскі ВКЛ на чале з Альгердам 12.7.1372 злучыліся каля г. Любуцка з цвярскім войскам для 3-га паходу на Маскву. Туды ж падышлі асн. сілы маск. войска. Не маючы дастаткова сіл, каб схіліць ваенны поспех на свой бок, у сярэдзіне ліпеня ВКЛ, Цвер і Масква падпісалі Любуцкі дагавор 1372. У выніку паходаў Альгерда было праведзена размежаванне сфер уплыву паміж ВКЛ і Масквой; ваенныя дзеянні паміж якімі не вяліся да 1406.

Літ.:

Белы А. «Краіна вытокаў» // Спадчына. 1993. № 3;

Клюг Э. Княжество Тверское (1247—1485 гг.): Пер. с нем. Тверь, 1994.

А.​В.​Белы.

т. 12, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІВІ́Л (Мікалай) (мянушка Руды; 1512—27.4.1584),

дзяржаўны і ваенны дзеяч ВКЛ. Сын гетмана Ю.Радзівіла. З 1547 князь «Свяшчэннай Рымскай імперыі» «на Біржах і Дубінках». Атрымаў хатнюю адукацыю. Удзельнічаў у вайне Маскоўскай дзяржавы з ВКЛ 1534—37, у т. л. ў аблозе Старадуба ў 1535. У 1544—51 падчашы ВКЛ, у 1546—54 лоўчы ВКЛ. Асаблівы рост уплыву Р. на дзярж. справы звязаны са шлюбам яго сястры Барбары (гл. Барбара Радзівіл) з вял. князем ВКЛ Жыгімонтам Аўгустам (1547). У 1549 атрымаў ад яго правы велікакняжацкага намесніка з рэзідэнцыяй у Вільні. У 1550—66 ваявода трокскі, у 1553—66 і з 1577 вял. гетман ВКЛ, у 1566—84 ваявода віленскі, у 1566—79 канцлер ВКЛ. У 1556—57 і з 1560 камандаваў войскам ВКЛ, якое знаходзілася на мяжы з Інфлянтамі. У пач. Лівонскай вайны 1558—83 яго войска ў 1561 уступіла на тэр. Інфлянтаў. Конніца Р. на чале з Ю.​Тышкевічам і Р.​Трызнам дайшла да Дэрпта (Тарту). Гал. сілы на чале з самім Р. аблажылі рас. гарнізон у замку Тоўрус (Торваст), які праз 3 тыдні капітуляваў. У час аблогі Полацка войскам Івана IV Грознага ў лют. 1563 Р. з войскам не здолеў дапамагчы полацкаму гарнізону, а пасля ўзяцця Полацка рас. войскам адышоў да Мінска. Камандаваў войскам ВКЛ у пераможнай Ульскай бітве 1564. Рашуча выступаў супраць заключэння уніі з Польшчай. У 1569 ён не паехаў на Люблінскі сейм і не падпісаў акт Люблінскай уніі. У сярэдзіне 1576 перайшоў на бок Стафана Баторыя. Каб забяспечыць падтрымку Р., кароль зноў даў яму пасаду гетмана ВКЛ. У 1579 удзельнічаў у аблозе і ўзяцці Полацка. У кампаніі 1580 войска Р. ўзяло замкі Усвят і Езярышча. У 1581 удзельнічаў у паходзе на Пскоў. Р. вызнаваў кальвінізм і пасля смерці М.​Радзівіла Чорнага (1565) узначаліў пратэстантаў у ВКЛ.

Літ.:

Hetmani Rzeczypospolitej obojga narodów. Warszawa, 1995.

А.​П.​Грыцкевіч.

М.Радзівіл Руды. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.

т. 13, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЎКАВЫ́СК,

горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс. ж. (1995).

Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. З пач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах. рус. арміяй ген. П.​І.​Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг. Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс. чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. З лют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.

Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.

В.​У.​Шаблюк (гісторыя).

Фрагмент забудовы Ваўкавыска.

т. 4, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)