Бала́буха ’булачка з начынкай’ (Жд.) > бала́буш(к)а, балайбу́шка ’хлеб з аржанога або пшанічнага цеста’ (Нас.), бала́бушка ’булачка з пшанічнай або ржаной мукі’ (Вешт.). Укр. бала́буха, бала́бух ’булачка’ (таксама ’гуз; камяк’), рус. бала́буш(к)а, бала́бышка і г. д. Магчыма, да асновы *bal‑, *bаla‑, якая часта ўжываецца ў слав. мовах для абазначэння круглых прадметаў. Паходжанне гэтай асновы няяснае. Можа, гукапераймальнае (як у *bala‑, гл. бала́каць). Другая частка слова, магчыма, да бух‑ (= слав. bux‑nǫti ’пухнуць, павялічвацца’). Параўн. і польск. дыял. bałabuch. Рудніцкі (60) таксама лічыць усю групу слоў цёмнай па паходжанню.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Берлаво́кі ’вірлавокі, з вялікімі вачыма’ (Сцяшк. МГ), бєрлаокі ’вірлавокі; бяльматы’ (Лысенка, ССП). Параўн. польск. дыял. barlooki (Махэк₂, 67; адкуль? Няма ў Варш. сл. і ў Карловіча), ст.-чэш. brlooký ’той, хто бегае туды-сюды вачыма’, чэш. brlooký ’косы, касавокі’, brlavý ’косы’ (ст.-чэш.), ’крывы’ (пра верацяно, трубку), ’кульгавы’, славац. brlavý ’косы’, brloočný. Далей параўноўваюць з славен. brlja ’ваўчок’ (цацка), гл. Махэк₂, там жа. Можна думаць пра слав. дзеяслоўную аснову *bьrl/‑ ’круціць, круціцца’. Але зыходзячы з геаграфіі ўсх.-слав. слоў, можна, мабыць, меркаваць і пра запазычанне з зах.-слав. Параўн. яшчэ вірлаво́кі.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Блю́да (БРС, Бяльк.). Ст.-рус. блюдо (памянш. блюдьце), таксама блюды (род. блюдъве), рус. блю́до, укр. блю́до, польск. bluda, ст.-слав. блюдо, блюдъ, серб.-харв. бљу̏до, бљӳда, параўн. і луж. blido ’стол’. Слав. blʼudo (< *bi̯udo). Старое запазычанне з гоц. biuþs ’блюда, міска’. Бернекер, 64; Майе, RS, 7, 29; Брукнер, AfslPh, 42, 142; Праабражэнскі, 1, 31; Фасмер, 1, 178. Не пераконваюць спробы даць славянскую этымалогію (напр., Абнорскі, РФВ, 73, 82 і наст.). Параўн. яшчэ блю́дка (Шат.), блю́дачка, блю́дца (Касп.), блю́дко, блю́дца (Сцяшк. МГ), блю́дзька (Бяльк.), сподак’. Некаторыя з гэтых слоў русізмы (напр., блю́дка, так лічыць Шат.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кне́я ’лясны гушчар, нетры, пушча’ (Яшк.). Рус. кнея, польск. knieja ’тс’. Трэба адзначыць, што ў іншых славянскіх мовах захавалася толькі ў тапаніміцы (ст.-чэш. Kniejě, серб.-харв. Kneja, славен. Kneja). Традыцыйна лічыцца праславянскім словам: kъněja (Слаўскі, 2, 287) да kъnъ < *kъmn‑ ’пень’. Але, па-першае, словаўтварэнне kъněja (< kъn-ěja) вельмі ненадзейнае, па-другое, само слова kъnь трэба выводзіць з kъmn-; па-трэцяе, семантыка лексемы кнея далёкая ад той, якую бачаць у прасл. къnъ. Таму пытанне аб крыніцы рэальна існуючых беларускіх, рускіх і польскіх слоў патрабуе дадатковых фактаў і аргументаў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Кула́чкі ў выразе: Ешчэ чэрці на кулачкі ні браліса ’Яшчэ далёка да світання, яшчэ вельмі рана’ (Нар. словатв.). Усталі рано, бы чэрці на кулачку (ТС). Параўн. рус. кулички (у черта на куличках ’вельмі далёка’). Цяжка суаднесці семантыку бел. і рус. выразаў. Ва ўсякім разе беларускі матэрыял не дазваляе ўзводзіць слова да рус. кулич (параўн. Праабражэнскі, 1, 410) або польск. kuliczki ’testes’ (параўн. Ісачанка, ВЯ, 1957, 3, 121). Больш верагодным здаецца суаднясенне з польск. kulik ’карнавал на масленіцу’. Параўн. лат. kuluos lēkt ’гуляць на масленіцу’. Этымон гэтых слоў невядомы (Слаўскі, 3, 350–351).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Анге́рка ’верхняе адзенне’, ’верхняе доўгае жаночае адзенне з даматканага сукна’ (Касп.), ’жаночая кароткая вопратка з саматканага сукна’ (Жд.), ’кароткая адзежына на ваце’ (Бяльк.), ’вопратка’ (Бесар.); ангерка, інгерка ’жаночае паліто з купленага сукна’ (з XIX ст.) (Малчанава, Мат. культ., 158). Рус. смал. анге́рка ’кароткае жаночае паліто ці доўгая кофта на ваце’ (СРНГ). З польск. węgierka ’верхняя шляхецкая вопратка’, дыял. (j)aŋgʼerka ’кафтан ці паліто на ваце’. Параўн. літ. angérka, ingèrka, ungérka, lingérka, algérka ’цёплая жаночая вопратка’ з польск. (Фрэнкель, 7); семантыка ўказвае на магчымасць (але не неабходнасць) сувязі бел. і літ. слоў.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Дра́гба ’дрыгва’ (Касп., Сл. паўн.-зах., Яшкін). Таго ж паходжання, што і дрыгва́ (гл.), г. зн. з зыходнага *dręg‑ (> *дряг‑ > драг‑). Форма драгба́ па свайму каранёваму вакалізму (а < ʼа < ę) стаіць бліжэй да зыходнага *dręg‑, чым дрыгва́ (дзе адлюстроўваецца сувязь не з *dręg‑, а з *drьg‑, *drъg‑; параўн. бел. дрыжа́ць, укр. дрижа́ти). Суфіксальная частка (-ба) адлюстроўвае ўплыў слоў са старым фармантам -ба (прасл. *‑ьba). Параўн. драгва́ (Нас., Шат., Бяльк.), дрыгба́ (Сл. паўн.-зах.). Гл. Фасмер, 1, 545 (аб бел. дрягва́). Іншая версія ў Трубачова, Эт. сл., 5, 139 (праформа *drъgъva; няпэўна).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ду́ла ’дула’ (БРС), ’лужына’ (Касп.), ’багаты рыбай заліў ракі’ (Яшкін), ’pars posterior, anus’ (Нас.). У Трубачова (Эт. сл., 5, 148–149) пад праформай *dud(ь)lo параўноўваецца шмат слав. слоў з рознай семантыкай (ад ’канец трубы’ да ’ямка ў зямлі, варонка’). Частка прыкладаў выводзіцца ад дзеяслова *duti ’дуць, дзьмуць’ (суфікс *‑dlo); іншыя формы, магчыма, зыходзяць да *dud‑ьl‑. У нашым выпадку, бясспрэчна, трэба зыходзіць з *du‑dlo. Параўн. яшчэ Фасмер, 1, 551.
Ду́ла (ж. р.) ’завея’ (Касп.). Магчыма, дзеепрыметнікавая форма на ‑л‑ ад дуць (гл.). Параўн. Фасмер, 1, 551.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Жужу́лачкі ’самаробныя цацкі з касцей, у якіх прадоўбваюць дзірачкі і ўцягваюць нітачкі’ (Сл. паўн.-зах.). Параўн. журжа 1 ’тс’ (?), жураўка ’калодка з дзіркай (у прыладах)’. Параўн. яшчэ рус. тул. жижо́лка ’вяроўка’. Калі па сувязі з дзеясловам, што мае значэнне ’гусці’, магчыма суадносіць з коранем жужэць (гл.). Некаторыя іншыя магчымасці гл. журжа 1. Фіналь ‑ачкі яўна суфіксальнага характару (< *‑ъk‑ьk‑i). Калекцыю агульнаслав. слоў на *‑i‑ гл. Мейе, Études, 2, 412–421; корань *geu‑ ’згінаць, скручваць’ мог мець пашырэнне ‑l‑ (Покарны, 1, 396–397; гл. жулёмак), першае жу‑ можа быць экспрэсіўным паўтарэннем. Гл. яшчэ жужалкі. Няясна.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ка́балка ’вяроўка’ (КСТ, у слоўніку адсутнічае, вузкі цяслярскі тэрмін). Укр. дыял. кабалка, кабелка ’тонкая прасмоленая вяровачка, якая ўжываецца пры пакрыцці дахаў чаротам’, рус. ка(о)белки ’надвязкі на паплаўкі і грузіла невада’, каболка ’пяньковая ніць для віцця вяровак (марскі тэрмін)’. Фанетыка ўкр. і рус. слоў не супярэчыць этымалогіі Мёлена (гл. Фасмер, 2, 151), які сцвярджае, што рус. каболка ’кабельная ніць’ паходзіць ад гал. kabelgaren ’тс’, як рус. шкимушка ’канат у двайную ніць’ < гал. schiemansgaren. Вандроўны тэрмін; тураў. кабалка, як паказвае значэнне, з украінскай мовы, аднак шлях пранікнення няясны, паколькі яно зафіксавана толькі на поўдні Украіны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)