аге́ньчык, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Памянш.-ласк. да агонь (у 1 знач.). Каля зямлянкі тут прыветна Гарэў агеньчык чуць прыкметна. Колас. Задрыжалі рукі, і сэрца ўсхадзілася хутка, хутка, калі цьмяны агеньчык запалкі аблізаў па чарзе кожны з шнуроў. Лынькоў.
2. ‑а. Святло ад чаго‑н. у выглядзе кропкі; плямка святла. Зялёны агеньчык тралейбуса. Агеньчык цыгаркі. // перан. Бляск вачэй (звычайна як адлюстраванне якога‑н. унутранага стану чалавека). Зноў успыхнулі ў вачах Любы ранейшыя смяшлівыя агеньчыкі. Васілевіч.
3. ‑у; перан. Захапленне, запал, уздым. Міша Казлоў не любіць высокіх слоў: энтузіязм, камсамольскі агеньчык, працоўны ўздым. Ахвота да працы ў яго — патрэба душы. Мыслівец.
•••
На агеньчык (зайсці, забегчы) — зайсці да каго‑н. мімаходам, убачыўшы ў вокнах святло.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)