расці́снуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак., каго-што.

1. Націснуўшы ці сціснуўшы, зламаць, змяць, расплюшчыць, раздушыць. Расціснуць ягаду. □ Я расціснуў цыгарэту ў попельніцы і дастаў з палічкі над сталом пачак махоркі, купленай на выпадак. М. Стральцоў. «Хаця б іх [памідоры] не расціснуць, — з’яўляецца думка, і я ўсхопліваюся, каб паставіць мех пры сцяне. С. Александровіч. [Кастусь:] — Пане старшы, я вінаваты перад вамі. Дужаўся з Аляшкевічам і расціснуў ваш гадзіннік. С. Александровіч. // Прыціснуўшы чым‑н. цяжкім, пакалечыць, забіць. [Кюблер] спыніўся перад .. [дзяўчынкай] і падумаў, што калі з размаху адчыніць дзверы, то гэтую малую можна расціснуць на блін, бо дзверы даставалі да самай сцяны. Шамякін. / у безас. ужыв. — Адкрытыя дзверы былі, а Пецечка ручкаю за канцік узяўся. Вагон — то-орг. А яму — расціснула ручаньку... Савіцкі.

2. Перастаўшы сціскаць, раскрыць (пальцы, зубы, губы і пад.); разняць, расшчаміць. Расціснуць кулак. □ Апусціўшы вочы, .. [чалавек] з цяжкасцю расціснуў пальцы і кінуў доўбню ў агонь. Караткевіч.

3. Разм. груб. Выпіць (спіртныя напіткі). [Шыковіч:] — Доктар Яраш! У машыне ў мяне ёсць бутэлька каньяку... Давай расціснем. Шамякін. — Ну, выпілі мы. Зяць прыехаў. Дык чаму ж з радасці бутэльку не расціснуць? Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляда́ік, ліда́ік, ліда́ек, ляда́йка, ляда́шка ’сімптом ванітаў, непрыемнае, пакутлівае адчуванне перад ванітаваннем, моташнасць’, ліда́шна, лідаі́шна, ліда́шта ’моташна’, ляда́ча ’млосна, дрэнна’, лядае́к, лядая́к ’цяжка, невыгодна, нязручна’, ляда́ко ’дрэнна’, ляда́ка ’тс’, шчуч. ’непагадзь, вельмі дрэннае надвор’е’ (Мядзв., Мікуц., Касп., Шат., Бяльк., Мат. Маг., Яўс., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ; бялын., Янк. Мат.). Сюды ж прыметнікі: ляда́кі, ляда́йкі, ляда́ікі ’дрэнны, нізкай якасці; пусты, непаслухмяны, абы-які’, ’паганы, сярдзіты’, ’плаксівы (дзіця)’, ’слабы, нездаровы’, ’брыдкі, непрыстойны, спешчаны’, ’нікуды не варты’ (Булг., Мікуц., Жд. 1, Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ). Запазычана са ст.-польск. leda jak ’абы-як’, якое складаецца з прасл. lěda ’толькі, абы’ (польск. lada > бел. леда) і jako ’як’ > jaki ’які’. Паланізмам лічыў гэту лексему і Шатэрнік (151).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Канава́л ’лекар без спецыяльнай ветэрынарнай адукацыі, які займаецца лячэннем і накладаннем коней і быкоў’, ’дрэнны ўрач, невук у медыцыне’ (ТСБМ, Бяльк., Янк. 1; мазыр., З нар. сл.; навагр., Нар. словатв.). Укр. коновал, рус. конова́л, арханг., ленінград., наўг. конева́л. Ст.-рус. коневалъ, коновалъ (XVI ст.). Запазычана са ст.-польск. konawał ’тс’ (Фасмер, 2, 311), якое з koń ’конь’ і walić ’паваліць’, напр. рус. вали́ть (каня, быка) ’пакладаць’ з першаснага значэння ’той, хто валіць (кладзе) каня перад пакладаннем’. Аднак Слаўскі (2, 426) гэту лексему адносіць у разрад прасл. (паўн.-слав.) konovalъ. І Трубачоў (Эт. сл., 10, 194) разглядае яе як прасл. разам з іншымі, падобнымі да яе: konoderъ ’каналуп’, konokradъ ’канакрад’, konopasъ ’канапас’, konoščipъ ’мядзведка, Grillotalpa vulgaris’ konovęzь ’канавязь’, konovodъ ’канавод’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Мята́ць 1, мята́цца ’мільгаць блізка, перад вачыма’ (Юрч.), укр. мета́ти, рус. мета́ть (мечу́), польск. miotać ’кідаць’, палаб. micĕ ’шпурляе’, н.-луж. mjetaś, в.-луж. mjetać, чэш. metati, славац. metať, славен. méȧti, metáti, серб.-харв. мѐтати, ’кідаць’, ’падаваць’, макед. метка се ’кідацца, мільгаць, матляцца’, мета, балг. метка ’кіну’, ст.-слав. метати ’кідаць’. Прасл. metati. І.‑е. адпаведнікі: літ. mèsti ’кідаць’, лат. mest ’тс’, mets ’куча збожжа’ (Бернекер, 2, 41; Траўтман, 183; Фасмер, 2, 614). Дапускаецца роднаснасць з ме́сці (гл.). Іншая ступень вакалізму — motati > матаць (гл.). Сюды ж мята́льнік ’фокуснік’, мята́льніца ’жанчына, якая бегае без толку’, ’непаседа’, ’якая ўмешваецца не ў свае справы’ (Нас.), мяту́цца ’кінуцца ў якім-небудзь напрамку’ (ТСБМ, Растарг.).

Мята́ць 2, міта́ць ’месці’ (мін., КЭС). Да ме́сці (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пеляні́ца ’цеста (з пшанічнае мукі)’ (рэч., Мат. Гом.). Відаць, няправільнае тлумачэнне ў арыгінале: Што мы захацелі, тое і зрабілі: із мукі пеляніцу, а із дзеўкі — маладзіцу. У такім выпадку — да паляніца (гл.). Пе‑ замест па‑, магчыма, пад уплывам пеклява́ная мука ’мука дробнага памолу’. Пелені́ца ’праснак’ (ТС). З пале́ніца ’праснак з кіслага цеста’, спечаны перад полымем (там жа). Параўн. пале́нік ’тоўсты блін’ (Касп.), паляні́ца ’праснак’ (Касп.), пазней — ’булка з пшанічнай мукі’ (Бяльк.), подполо́нык, пудполо́нэк ’тоўсты блін з хлебнага цеста (Сл. Брэс.), подпа́ленік, подпа́льнік (ТС), ополонык ’корж з хлебнага цеста, які пяклі ў печы пры полымі’ (драг., Вешт.), параўн. подпалок: напэкла подпалків пэрэд полумнем на сніданне (малар., Сл. Брэс.). Усе — да по́лымя (⁺поломніца/⁺пламеніца, ⁺подпламеннік, о‑поломнык, подполомнік > подпаленік) і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пра́віла ’палажэнне, якое выражае тую або іншую заканамернасць’, ’норма паводзін, прывычка’ (ТСБМ), праві́ло ’ачэп’ (ганц., Сл. ПЗБ), правы́ло ’тс’ (бяроз., Шатал.), праві́ла ’тоўстая доўгая жардзіна, пры дапамозе якой злучаюць зад і перад калёс, калі возяць бярвенне’ (в.-дзв., Шатал.). Рус. пра́вило ’правіла’, прави́ло ’руль, лінейка’, укр. прави́ло ’руль; частка шавецкай калодкі’, польск. prawidło ’правіла; частка шавецкай калодкі і да т. п.’, чэш., славац. pravidlo ’правіла’, в.-луж. prawidło, н.-луж. pšawidło, серб.-харв. пра̏вило, славен. pravilo, балг. правило ’правіла’. Прасл. *pravidlo. Як сведчаць значэнні слова ў рус. і інш. славянскіх мовах, першапачаткова гэта было nomina instrumenti з суф. ‑dlo ад praviti (гл. правіць). Адцягненае значэнне з’явілася ў выніку пераносу ’тое, што вызначала прыладай’, параўн. лац. rēgula ’лінейка’ і ’правіла’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ржо́нне ’іржышча’ (Сцяшк. Сл., Жд. 3; лаг., Шатал.; смаляв., лаг., маладз., ДАБМ), утварылася ад прыметніка *rъž‑ь‑nъ ’жытні’, у якім ‑ь‑ перайшло (пасля страты рэдукаваных) у ‑e‑, а апошняе пад націскам і перад наступным цвёрдым зычным змянілася ў ‑ó‑ (як дзень > дзённы), — пры дапамозе суф. *‑ьje, які спарадычна сустракаецца ў назве поля пасля сабраных раслін: ячанне, ячменне (ДАБМ), гуркоўе, маркоўе, буракоўе, бручкоўе, бабоўе і бабаўё (ЛА, 2). Аналагічную мену ‑ь‑ > ‑о‑ можна бачыць у маладз. аржо́нка ’іржышча’, аржо́нішча (паўн.-гродз., івян., дзярж., мін., ДАБМ, камент., 852) пры наяўнасці ў гаворках ржа́нішча і ржы́нішча (там жа), а таксама ў слуц., бабр. ржоўнік (там жа; жлоб., светлаг., Мат. Гом.) ’тс’ з *rъž‑ьv‑ь‑nъ ’жытні’. Да іржа́ 2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Супаста́т старое ’вораг, непрыяцель’, лаянк. ’разбойны, злачынец, ліхадзей’ (ТСБМ), ’упарты чалавек’ (чэрв., Жд. 2), ’тс’, ’варожы воін’ (Бяльк.), ’супраціўнік, нягоднік’ (Рам. 1; рас., Сл. ПЗБ), супуста́тка, лаянк. Укр., рус. супоста́т, ст.-рус. супостатъ ’праціўнік; д’ябал’, ст.-слав. сѫпостатъ ’вораг, непрыяцель, праціўнік’. З *sǫ‑po‑statъ, дзе *sǫ‑ і *po‑ прыстаўкі; *‑statъ утворана з суф. *‑tъ ад *stati, *stanǫ ’стаць’, гл. Слаўскі, SP, 2, 37; ESJSt, 14. 863 (< *sъ‑po‑stati ’паставіць аднаго супраць другога’); параўноўваюць з літ. stótas ’той, які пастаўлены’, авест. stāta ’той, які стаіць’, лац. praestātus ’пастаўлены’; гл. Траўтман, 283; Мее, 302; Фасмер, 3, 805. Паводле Львова (Этимология–1972, 112–113), дакладная калька грэч. ύπ‑εν‑αντίος < ύπο‑ ’з’, έν‑ ’перад, па’, ‑άντίος ’той, які знаходзіцца насупраць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АХО́ВА АД РАДЫЕАКТЫ́ЎНЫХ ВЫПРАМЯНЕ́ННЯЎ,

сукупнасць фіз. і хім. сродкаў аховы арганізма, накіраваных на стварэнне бяспечных умоў працы персаналу і пражывання насельніцтва пры магчымым уздзеянні радыеактыўнага выпрамянення. Уключае: ахову ад вонкавага выпрамянення «закрытых» крыніц (радыеактыўныя прэпараты, ядз. рэактары, рэнтгенаўскія і паскаральныя ўстаноўкі і інш.); ахову біясферы ад забруджвання радыеактыўнымі рэчывамі «адкрытых» радыеактыўных крыніц (адходы ядз. прам-сці, прадукты выпрабаванняў ядз. зброі і выкідаў прадпрыемствамі атамнай прам-сці, работа з «адкрытымі» радыеактыўнымі прэпаратамі і інш.).

Ахова ад вонкавага выпрамянення мае на мэце аслабленне выпрамянення пры яго ўзаемадзеянні з рэчывам асяроддзя: для паглынання альфа- і бэта-часціц дастаткова аркуша паперы, гумавых пальчатак, адзення ці слоя паветра таўшч. 8—9 см; для паглынання электронаў — некалькіх мм алюмінію, плексігласу або шкла; для паглынання гама-квантаў — матэрыялы, якія ўключаюць элементы з вял. атамнымі нумарамі (вальфрам, свінец, жалеза і інш.), для нейтронаў — водазмяшчальныя рэчывы (парафін, гідрыды металаў, бетон і інш.). Каб знізіць пранікальную здольнасць другаснага выпрамянення (напр., жорсткага зыходнага гама-выпрамянення, тармазнога выпрамянення пры паглынанні бэта-часціц), дадаткова ўжываюць літый або бор. Ахова ад вонкавага апрамянення праводзіцца з улікам спектральнага складу іанізавальнага выпрамянення, магутнасці яго крыніц, адлегласці, на якой знаходзіцца абслуговы персанал, і працягласці знаходжання ў сферы ўздзеяння выпрамянення. Ахоўныя прыстасаванні падзяляюцца на суцэльныя, частковыя, ценявыя і паасобныя (ахоўныя сцены, перакрыцці падлогі і столі, дзверы, назіральныя вокны, кантэйнеры і інш.). Ахова біясферы прадугледжвае спец. захады па зніжэнні канцэнтрацыі радыеактыўных рэчываў у вадзе і паветры да гранічна дапушчальных канцэнтрацый (пастаянна ўдакладняюцца і пераглядаюцца; гл. Дозы выпрамянення). Уздзеянне радыеактыўных рэчываў, што трапляюць у арганізм чалавека і жывёлы, зніжаюць пры дапамозе радыеахоўных рэчываў, якія ўводзяць у арганізм перад ці на працягу ўздзеяння іанізавальнай радыяцыі. Іх умоўна падзяляюць на сродкі агульнабіял. дзеяння, якія павышаюць натуральную радыерэзістэнтнасць — агульную супраціўляльнасць арганізма (вадкія экстракты і настойкі элеўтэракоку калючага, жэньшэню, лімонніку кітайскага, лагахілусу, вітаміны, гармоны, каферменты, вітамінна-амінакіслотныя комплексы, некат. мікраэлементы і антыбіётыкі, біястымулятары) і спецыфічныя радыеахоўныя рэчывы — радыепратэктары, якія ствараюць умовы штучнай радыерэзістэнтнасці. Да іх належаць пераважна рэчывы сінт. паходжання, увядзенне якіх за некалькі мінут ці гадзін перад апрамяненнем у арганізм чалавека і жывёлы паніжае ўздзеянне іанізавальнага выпрамянення. Найбольш эфектыўныя індалілалкіламіны і серазмяшчальныя злучэнні (напр., амінаалкілтыяфасфаты, пептыды і адпаведныя ім дысульфіды, серазмяшчальныя амінакіслоты, дытыякарбаматы, вытворныя тыязалідзіну). Яны выкарыстоўваюцца ў асноўным для індывід. засцярогі арганізма ад вонкавага апрамянення ў надзвычайных абставінах (аварыйныя, ваен. ўмовы) і для пераважнай аховы нармальных тканак пры прамянёвай тэрапіі злаякасных пухлін. Найбольш эфектыўныя сумесі з радыепратэктараў, якія валодаюць рознымі механізмамі ахоўнага дзеяння.

Ва ўстановах, дзе праводзяцца работы з крыніцамі іанізавальных выпрамяненняў, ажыццяўляецца дазіметрычны і радыеметрычны кантроль. Пры рабоце з «закрытымі» крыніцамі робяць замеры індывід. дозаў для ўсіх відаў апрамянення, перыядычны кантроль магутнасцяў дозаў на рабочых месцах і ў сумежных памяшканнях. Пры правядзенні работ з вял. крыніцамі ўстанаўліваюць прылады з аўтам. сігналізацыяй. Пры наяўнасці «адкрытых» крыніц дадаткова кантралююць колькасць радыеактыўных рэчываў у паветры рабочых памяшканняў, забруджанне рабочых паверхняў, абсталявання, рук і адзення працуючых, радыеактыўнасць сцёкавых водаў і паветра, што выдаляецца ў атмасферу. У выпадках буйнамаштабных аварый на АЭС (накшталт Чарнобыльскай) прадугледжваюцца паэтапныя мерапрыемствы: першачарговыя — укрыццё, эвакуацыя і ўвядзенне стабільнага ёду насельніцтву ў першыя дні пасля аварыі; перасяленне, абмежаванні на ўжыванне харч. прадуктаў з забруджаных тэрыторый, дэзактывацыйныя работы і рэкультывацыя с.-г. угоддзяў і інш.

Літ.:

Владимиров В.Г., Красильников И.И., Арапов О.В. Радиопротекторы: структура и функция. Киев, 1989;

Beir V. Health effects of exposure to low levels of ionizing radiation. Washington, 1990.

т. 2, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адчыні́цца, ‑чыніцца; зак.

1. Адкрыцца (пра акно, дзверы, века скрыні, куфра і пад.). Я адшчапіў кручок, піхнуў рукою форткі. Акно адчынілася, у хату дыхнула вясна. Брыль. У гэты момант адчыніліся вароты, і ў Гарадок уехала фурманка з гнядым касманогім конікам. Ракітны.

2. Тое, што і адкрыцца (у 5 знач.). [Скрылевіч:] Дзякуючы сяму-таму з дужэйшых, улез у Інстытут сельскай гаспадаркі, які тады толькі што адчыніўся. Крапіва.

3. Стаць даступным, магчымым. Свет новы адчыніўся перад Ігнасём ва ўсёй прывабнай і бліскучай прынаднасці. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)