ПЯЧО́РСКАЯ НІЗІ́НА.

На ПнУ Усх Еўрап. раўніны, паміж Уралам і Ціманскім кражам, у бас. р. Пячора (Рэспубліка Комі і Ненецкая аўт. акр., Расія). Плоскія раўнінныя ўчасткі чаргуюцца з узгорыста-градавымі. Шмат азёр. Уздоўж марскога берага развіты тэрасы, да 30 км. На Пн — тундра (Вяліказямельская, Малазямельская, Ціманская); на Пд — хваёвыя лясы, на водападзелах — балоты. Радовішчы вугалю, нафты.

т. 13, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКАГА ГЕАГРАФІ́ЧНАГА ТАВАРЫ́СТВА ХРЫБЕ́Т.

На ўсх. ускраіне Тыбецкага нагор’я, паміж вярхоўямі рэк Янцзы і Меконг, у Кітаі. Даўж. каля 450 км. Выш. да 5999 м. Складзены пераважна з вапнякоў, сланцаў і пясчанікаў. Глыбока расчлянёны. Ледавікі, снежнікі. На ПнЗ пераважаюць горныя стэпы, на ПдУ да выш. 4000 м трапляюцца хвойныя лясы, вышэй разнатраўна-злакавыя лугі. Даследаваны і названы П.К.Казловым.

т. 13, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́СКІЯ ГО́РЫ,

горы ва Усх. Антарктыдзе, на Зямлі Каралевы Мод, паміж 72°30′ паўд. ш. і 16—19° усх. д. Даўж. каля 200 км. У склад Р.г. уваходзіць больш за 12 вяршынь (Жадання, Карпінскага, Русанава, Якаўлева і інш.), выш. да 2500 м. Складзены пераважна з гнейсаў. Вяршыні гор свабодныя ад лёду і снегу. Адкрыты сав. антарктычнай экспедыцыяй у 1959.

т. 13, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́НАЧНЫЯ ЦЭ́НЫ, раўнаважныя цэны,

цэны на тавары і паслугі, якія фарміруюцца пад уздзеяннем законаў попыту і прапаноў. У адрозненне ад дзярж. фіксаваных цэн Р.ц. складваюцца без непасрэднага ўмяшання дзярж. органаў. Дынаміка Р.ц. адлюстроўвае кан’юнктуру рынку, забяспечвае раўнавагу паміж попытам і прапановамі, прадухіляе дэфіцыт ці перавытворчасць тавараў і паслуг. Працэс пераходу ад дзярж. фіксаваных цэн да Р.ц. называюць лібералізацыяй цэн.

т. 13, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭ́КІ МІЖНАРО́ДНЫЯ,

рэкі, якія працякаюць па тэрыторыі дзвюх і больш дзяржаў і выкарыстанне якіх з’яўляецца прадметам міжнар. прававых адносін паміж прыбярэжнымі дзяржавамі (напр., Дунай, Рэйн, Конга, Нігер, Амазонка). Кожная частка Р.м. знаходзіцца пад суверэнітэтам той дзяржавы, у межах якой працякае. Сярод Р.м. прынята вылучаць пагранічныя рэкі, якія раздзяляюць тэрыторыі некалькіх дзяржаў і звычайна не з’яўляюцца адкрытымі для міжнар. суднаходства.

т. 13, с. 570

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛАКСІ́Н,

рэгулятарны бялок, які ўдзельнічае ў падрыхтоўцы арганізма цяжарнай жанчыны і самак пазваночных жывёл да родаў. Утвараецца ў жоўтым целе яечнікаў і матцы, плацэнце і мозгу. Стымулюе ўтварэнне жан. палавых гармонаў, памяншае мех. трываласць плодных абалонак, садзейнічае размякчэнню і расцяжэнню звязак паміж касцямі таза, расшырэнню канала шыйкі маткі, што аблягчае роды. Р. мозга рэгулюе працягласць цяжарнасці.

т. 13, с. 574

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛІТО́Н,

структурная ўстойлівая адасобленая хваля ў нелінейным дыспергавальным асяроддзі. Паводзіць сябе як часціца: пры ўзаемадзеянні паміж сабой ці з інш. ўзбурэннямі асяроддзя С. не разбураюцца, а разыходзяцца з захаваннем сваёй структуры, якая застаецца стацыянарнай за кошт спалучэння нелінейнасці асяроддзя і дысперсіі (гл. Дысперсія хваль). Уласцівасці С. ўлічваюцца ў тэорыі кандэнсаваных асяроддзяў, квантавай статыстыцы, тэорыі фазавых пераходаў.

т. 14, с. 111

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ЛПАЎСЕ́ЛЬКЯ (Salpausselkä),

узвышша на Пд і ПдУ Фінляндыі. 3 паралельныя канцавыя грады выш. да 247 м цягнуцца на 550 км уздоўж паўн. узбярэжжаў Фінскага зал. і Ладажскага воз. Адлегласць паміж градамі 30—50 км. Узгоркава-марэнны рэльеф. Складзены з пясчанікаў, галечнікаў, марэннага матэрыялу. Хвойныя і мяшаныя лясы. Некат. рэкі (Іматра і інш.) утвараюць парогі і вадаспады.

т. 14, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЯ́НЫ,

горная краіна ў Паўд. Сібіры ў Расіі. Распасціраецца ад Усх. Алтая, Абаканскага хр. і Кузнецкага Алатау на З амаль да воз. Байкал на У. Складаецца з шматлікіх хрыбтоў, якія ўтвараюць выгнутую на Пн дугу. Паміж хрыбтамі замкнёныя катлавіны. Найвыш. пункт г. Мунку-Сардык (3491 м). У араграфічных адносінах падзяляюцца на 2 горныя сістэмы: Заходні Саян і Усходні Саян.

т. 14, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНЕГА́МБІЯ (Senegambia),

1) пашыраная назва раёна Зах. Афрыкі ў міжрэччы Сенегала і Гамбіі з 1-й пал. 17 ст., калі еўрапейцы пачалі пранікненне ўглыб афр. кантынента.

2) Канфедэрацыя Сенегала і Гамбіі ў 1982—89. Прэзідэнтам С. быў прэзідэнт Сенегала, віцэ-прэзідэнтам — Гамбіі; існавалі канфедэратыўныя савет міністраў, парламент і суд. Аднак супярэчнасці паміж Сенегалам і Гамбіяй прывялі да распаду канфедэрацыі.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)