КІСЯЛЁЎ (Генадзь Васілевіч) (н. 19.3.1931, г. Каломна Маскоўскай вобл.),

бел. гісторык, літ.-знавец, пісьменнік, археограф. Канд. гіст. н. (1964), д-р філал. н. (1994). Скончыў Маск. гісторыка-архіўны ін-т (1953). У 1953—56, 1960—71 працаваў у архіўных установах Вільнюса. З 1971 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Даследуе гісторыю грамадскай думкі і нац.-вызв. руху на Беларусі 19 ст., жыццё, дзейнасць К.​Каліноўскага і яго паплечнікаў: «Сейбіты вечнага» (1963), «З думай пра Беларусь» (1966), «Паплечнік Каліноўскага» (1976), «Радаводнае дрэва: Каліноўскі — эпоха — наступнікі» (1994). Аўтар прац па гісторыі бел. культуры 19—20 ст., напісаных у жанры займальнага літ.-знаўства, у т. л. «Загадка беларускай «Энеіды» (1971), «Пошукі імя» (1978), «Расшукваецца класік...» (1989) пра аўтарства ананімных паэм «Энеіда навыварат» і «Тарас на Парнасе». Даследуе жыццё і творчасць В.​Дуніна-Марцінкевіча, Ф.​Багушэвіча, А.​Вярыгі-Дарэўскага, П.​Шпілеўскага і інш. Распрацаваў тэарэт. асновы археаграфіі і літ. крыніцазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны («Ад Чачота да Багушэвіча», 1993). Складальнік і рэдактар зб-каў гіст.-архіўных дакументаў «Рэвалюцыйны пад’ём у Літве і Беларусі 1861—1862 гг.» (1964), «Паўстанне ў Літве і Беларусі 1863—1864 гг.» (1965), зб-каў па гісторыі бел. л-ры 19—20 ст. «Пачынальнікі» (1977), «Пуцявінамі Янкі Купалы» (1981), «З жыццяпісу Якуба Коласа» (1982). Распрацаваў канцэпцыю і склаў гіст.-літ. зб. «Шляхам гадоў» (1990). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1990.

Тв.:

Героі і музы: Гіст.-літ. нарысы. Мн., 1982;

Спасцігаючы Дуніна-Марцінкевіча. Мн., 1988;

На пераломе дзвюх эпох: Паўстанне 1863 г. на Міншчыне. Мн., 1990.

Літ.:

Александровіч С. Плён навуковага пошуку // Александровіч С. Слова — багацце. Мн., 1981;

Мальдзіс А. У пошуках залатых самародкаў // Мальдзіс А.І. ажываюць спадчыны старонкі. Мн., 1994;

Батвіннік М.Б. Г.​В.​Кісялёў — даследчык жыцця, дзейнасці і светапогляду К.​Каліноўскага // Весці АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1995. № 3;

Кароль факта // Бел. мінуўшчына. 1996. № 6.

В.​У.​Скалабан.

Г.В.Кісялёў.

т. 8, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКІ ЦАРКО́ЎНА-АРХЕАЛАГІ́ЧНЫ МУЗЕ́Й.

Існаваў у 1897—1918 у Магілёве. Заснаваны Е.Р.Раманавым, размяшчаўся ў будынку б. бернардзінскага кляштара. Пл. экспазіцыі 140 м², больш за 6 тыс. экспанатаў, атрыманых у асн. з рызніц і царк. кладовак, з археал. раскопак Раманава (каменныя і жал. прылады працы, фрагменты ганчарнага посуду, упрыгожанні, манеты і інш.). Сярод экспанатаў: абразы 16—18 ст. магілёўскага, маскоўскага, смаленскага, стараабраднага пісьма на палатне, дошках, выразаныя з дрэва, медзі, свінцу, у т. л. абразы 17 ст. «Богаяўленне» з Петрапаўлаўскай царквы, «Раство Багародзіцы» і «Мікола Цудатворац» з Мікалаеўскай царквы і інш., некат. з іх у абкладах работы магілёўскіх майстроў А.​Воўчака і П.​Сліжыка; калекцыя напрастольных і нацельных крыжоў (пераважна 18 ст., многія ў інкруставаных і каштоўных абкладах), медны пацір 17 ст. з Мікалаеўскай царквы, інкруставаная даразахавальніца 18 ст. з Крыжаўзвіжанскай царквы, шытая шоўкам і золатам плашчаніца 1556, сярэбраная мітра магілёўскага архіепіскапа Г.Каніскага (1758); часткі іканастасаў, царскія вароты і бакавыя алтарныя дзверы 17—18 ст., скульптурныя выявы святых і інш.; магільныя пліты кн. Друцкай-Сакалінскай (1588) і Арсенія Азаровіча (1652), драўляныя надмагільныя пліты 17—18 ст. з Мікалаеўскай царквы. У бібліятэчным аддз. захоўваліся мінея 1490-х г., выдадзеная ў Кракаве, шматлікія богаслужэбныя кнігі 16—18 ст., біблія 1751 з гравюрамі, напрастольныя евангеллі 1568, 1637, 1640, 1764, кнігі магілёўскіх, маскоўскіх і львоўскіх выданняў 17—18 ст., у т. л. «Гутаркі Іаана Златавуста» (1623), «Словы і прамовы» Феафана Пракаповіча (1760—74). У архіве музея зберагалася больш за 4 тыс. дакументаў пераважна 17 ст., 26 каралеўскіх грамат 16—18 ст., у т. л. Стафана Баторыя на магдэбургскае права Магілёву (1577), інвентары горада, замка, воласці (1604) і інш. З 1919 экспанаты музея захоўваліся ў Магілёўскім абласным краязнаўчым музеі.

Літ.:

Записки Северо-Западного отдела Русского географического о-ва. Вильна, 1910. Кн. 1. С. 224—229.

А.​А.​Седзін.

т. 9, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІСЬКО́ (Павел Андрэевіч) (н. 14.3. 1931, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1955). Працаваў у друку, у час. «Полымя», з 1972—80 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1954. Першы зб. апавяданняў «Калодзеж» (1967). Кнігі нарысаў «Гаспадыні свайго лёсу» (1968), «Дрэва жыцця» (1973), аповесць «Ціхае лета» (1973), раман «Градабой» (1980) прысвечаны пасляваен. вёсцы. Падзеі Вял. Айч. вайны адлюстраваў у аповесцях «Поезд ішоў на Захад» (1972), «Калянае лісце» (1974), рамане «Мора Герадота» (1976). Ваеннае і пасляваен. жыццё ў рамане «Хлопцы, чые вы будзеце...» (ч. 1—2, 1989—92). Аўтар дэтэктыўна-фантаст. аповесці «Ніль адмірары, або Я выбіраю смерць» (1999). Творчасці М. ўласцівы ўвага да бытавой стыхіі нар. жыцця, шчырыя адносіны да чалавека працы, жывое шматфарбнае нар. слова. Аўтар зб-каў сатыры і гумару «Дзівак-чалавек» (1972), «Чэрці ў коміне» (1978), «Вясельны марафон» (1984), «Лекцыя з падвывам» (1988), «Развітальная гастроль» (1991), п’ес «Ліха крадзецца ціха» (1976), «Канфлікт мясцовага значэння» (1989) і інш. У творы для дзяцей уводзіць прыгодніцкі і фантаст. элемент (кнігі «Падарожжа ў калгас», 1970; «Зямля ў нас такая», 1971; «Навасёлы, або Праўдзівая, часам вясёлая, часам страшнаватая кніга пра незвычайны месяц у жыцці Жэні Мурашкі», 1972; «Прыгоды Бульбобаў», 1977; «Грот афаліны», 1985; «Эрпіды на планеце Зямля», 1987; «Прыйдзі, дзень-залацень!», 1993, і інш.). Піша вершы.

На бел. мову пераклаў паэму М.​Гогаля «Мёртвыя душы», казку П.​Яршова «Канёк-гарбунок», аповесці Я.​Носава «Шуміць лугавая аўсяніца» і «Чырвонае віно перамогі», У.​Цендракова «Ноч пасля выпуску» і інш.

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—2. Мн., 1991;

Між мінулым і будучым. Мн., 1986;

Акрабат у бутэльцы. Мн., 1994.

Літ.:

Юрэвіч У. Абрысы. Мн., 1976;

Шупенька Г. Цеплыня чалавечнасці. Мн., 1977;

Дзюбайла П. Беларускі раман. Гады 70-я. Мн., 1982;

Андраюк С. Жыць чалавекам. Мн., 1983;

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984.

С.​А.​Андраюк, І.​У.​Саламевіч.

П.А.Місько.

т. 10, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКАСІ́Я (Nikosia),

Леўкасія, горад, сталіца Рэспублікі Кіпр. Знаходзіцца ў цэнтр. ч. в-ва Кіпр. Больш за 200 тыс. ж. (1998). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., тытунёвая, харч., гарбарна-абутковая. дрэва- і металаапрацоўчая. Ганчарнае рамяство. Цэнтр турызму.

Засн. ў 7 ст. да н.э. (наз. Ледра, Леўкатэон, з 13 ст. н.э. Н.). У 58 да н.э. заваявана рымлянамі; уваходзіла ў склад Рым. імперыі, потым Візантыі. З 4 ст. н.э. рэзідэнцыя епіскапа. У 1191 заваявана англ. каралём Рычардам 1 Львінае Сэрца (3-і крыжовы паход). У 1192—1485 сталіца Кіпрскага каралеўства крыжаносцаў. З 1485 належала Венецыі, у 1571 заваявана Асманскай імперыяй. У час Грэчаскай нац.-вызв. рэвалюцыі 1821—29 туркі арганізавалі ў Н. разню хрысціянскага насельніцтва. З 1878 сталіца брыт. калоніі Кіпр. З 1960 сталіца незалежнай Рэспублікі Кіпр. З 1974 (тур. ўварванне на Кіпр) застаецца пад міжнар. кантролем міратворчых сіл ААН, якія ахоўваюць мяжу паміж Кіпрскай рэспублікай і Тур. Рэспублікай Паўн. Кіпра. Н. — цэнтр архіепіскапства кіпрскай аўтакефальнай правасл. царквы.

Стары горад, абкружаны венецыянскай крапасной сцяной (1567, арх. Ф.​Барбара, паводле чарцяжоў Дж.​Саварньяна), захаваў планіроўку 16 ст.: скучаная забудова, вузкія вуліцы з малапавярховымі будынкамі. З 250 сярэдневяковых пабудоў найб. значныя: гатычныя сабор св. Сафіі (цяпер мячэць Селіміе; з 1209, усх. частка — 1217—51. зах. 1319—26), касцёлы Маці Божай (1300) і аўгусцінцаў (цяпер мячэць Амерые; каля 1330), ансамбль рынку Бедэстан (перабудаваны ў 16 ст.); «Вароты Фамагусты» (16 ст.), сабор св. Іаана (перабудаваны ў 1665, цыкл размалёвак, каля 1730). Па-за межамі Старога горада — новыя сучасныя кварталы. Вылучаецца архіепіскапскі палац (1956—59, арх. Н.​Русас).Музеі: Кіпра, нар. мастацтва, абразоў, лапідарый (фрагменты сярэдневяковых пабудоў).

Літ.:

Коровина А.К., Сидорова Н.А. Города Кипра. М., 1973.

Да арт. Нікасія. Кафедральны сабор святой Сафіі (цяпер мячэць Селіміе). 1209—1326.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІСЕМІ́Я (ад полі... + грэч. sēma знак),

мнагазначнасць, наяўнасць у моўнай адзінкі (слова, фразеалагізма і інш.) некалькіх звязаных паміж сабой значэнняў. Адрозніваюць першасныя (асн., гал., прамыя) і другасныя (вытворныя, пераносныя) значэнні, што ўзнікаюць і развіваюцца на аснове першасных.

Канкрэтнае значэнне мнагазначнага слова вынікае з яго семантычных сувязей з інш словамі ў межах словазлучэння, сказа ці больш шырокага моўнага кантэксту («лясная дарога — жыццёвая дарога», «несці рэчы — несці страты»), Многія словы маюць да 10 і больш значэнняў (напр., значэнні слоў «зямля», «хлеб», «жыццё», «добры», «ведаць» і інш.). Нягледзячы на сэнсавыя адметнасці ва ўжыванні такіх слоў, паміж іх значэннямі існуе пэўная семантычная сувязь, што аб’ядноўвае і дазваляе лічыць іх значэннямі аднаго і таго ж слова ў адрозненне ад аналагічных па форме слоў-амонімаў. П. можа ўзнікаць на сэнсавых сувязях адпаведных слоў («сцяна будынка — сцяна лесу») і на асацыятыўных уяўленнях пра пэўныя прадметы, з’явы рэчаіснасці («цень дрэва — цень смутку»); на аснове падабенства прадметаў па форме, колеры, функцыі, размяшчэнні ў прасторы («ножка стала», «залатая восень»), пераносу адзнак, уласцівых чалавеку ці інш. істотам, на прадметы нежывой прыроды («лагодны вецер, «спіць рака»), назваў матэрыяльных з’яў на сац., маральныя («грамадская думка», «моцная дружба») і інш. (гл. Метафара); на аснове сумежнасці прадметаў ці з’яў рэчаіснасці («уважлівая аўдыторыя», «чытаць Купалу»; гл. Метанімія); у выніку суаднесенасці назваў цэлага прадмета з яго ч.: «У сям’і пяць ратоў» (К.​Чорны) і інш. (гл. Сінекдаха). У працэсе гіст. ўжывання некат. слоў другасныя значэнні, што ўзніклі і развіваліся на базе першасных, пачынаюць выступаць у ролі асноўных (параўн., напр., семантычнае выкарыстанне слоў «багатыр», «будзень» і інш. у сучаснай бел. мове).

Літ.:

Красней В.П. Лексіка і фразеалогія беларускай мовы. Мн., 1982;

Абабурка М.В. Беларускае слова і яго вывучэнне. Мн., 1986;

Старычонак В.​Дз. Полісемія ў беларускай мове (на матэрыяле субстантываў). М., 1997.

А.​І.​Наркевіч.

т. 12, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСКО́ЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 23.8.1944. Пл. 55,3 тыс. км². Нас. 801 тыс. чал. (2000), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Пскоў. Найб. гарады: Вялікія Лукі, Востраў, Невель. Рэльеф пераважна раўнінны, на ПнЗ — Лужскае ўзв. (выш. да 204 м), на У — Судомскае (выш. да 294 м), на ПдУ — Бяжаніцкае (выш. да 338 м). Карысныя выкапні: вапнякі, даламіты, мергель, гіпс, разнастайныя гліны, торф. Крыніцы мінер. вод. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -7 °C, ліп. 17 °C. Ападкаў да 650 мм за год. Найб. рэкі: Вялікая (з прытокамі Сораць, Чарэха, Пскава, Іса, Сіняя), Шалонь, Ловаць, Плюса. Больш за 1,5 тыс. азёр, найб. Пскоўскае і Чудское. Глебы пераважна падзолістыя і балотныя, па далінах рэк — алювіяльна-лугавыя. Каля 25% тэр. занята мяшанымі лясамі (елка, хвоя, бяроза, асіна). Себежскі нац. парк, Пушкінскі і Ізборскі запаведнікі.

П.в. — індустр.-агр. рэгіён Расіі. Асн. галіны прам-сці — машынабудаванне, пераважна электратэхн. (больш за ​1/3 рас. вытв-сці электрарухавікоў малой магутнасці, зварачнае і электратэхн. абсталяванне, эл. кабель, аўтам. тэлеф. станцыі, быт. электрапрылады, радыёдэталі, кандэнсатары, абсталяванне для тэкст. прам-сці і вытв-сці хім. валокнаў), лёгкая (ільняная, швейная, трыкат., абутковая), харч., дрэваапр., у т. л. мэблевая, вытв-сць буд. матэрыялаў. Народна-маст. промыслы на базе мясц. чырвоных глін, вытв-сць сувеніраў з дрэва. Дзедавіцкая ДРЭС. Пад с.-г. ўгоддзямі 1373 тыс. га, у т. л. пад ворывам 823 тыс. га. Пасевы лёну-даўгунцу, збожжавых (жыта, ячмень, авёс) і кармавых культур; вырошчваюць бульбу, агародніну. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. У прыазёрных раёнах рыбалоўства. Даўж. чыгунак 1104 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 9900 км (1998). Асн. чыгункі: С.-Пецярбург—Пскоў, С.-Пецярбург—Дно—Віцебск, Масква—Вял. Лукі—Рыга, Рыбінск—Дно—Пскоў—Рыга. Асн. суднаходства па Чудскім і Пскоўскім азёрах і ніжнім цячэнні р. Вялікая. Курорт Хілава.

В.​М.​Сасноўскі.

т. 13, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САХА́,

традыцыйная ворная прылада. Выкарыстоўвалася ў лясной паласе Усх. Еўропы, Урала, Сібіры. На Беларусі С. з жалезным сашніком вядома з канца 1-га тыс. Паводле канструкцыі вылучаюць С.: палескую (літоўскую, падляшскую), віцебскую (рускую, перакладку), падняпроўскую (магілёўскую або беларускую). На ПдЗ Беларусі была пашырана палеская С., якая складалася з корпуса (рагача) са ствала дрэва, выкапанага з коранем, і рабочай часткі (расохі, плахі). Яна рабілася найчасцей з бярозы і мела раздвоены канец, на які набівалі жалезныя сашнікі. Была асіметрычнай: розная форма і пастаноўка сашнікоў і адвальных дошак (паліцы). Падобнага тыпу С. вядома і на Укр. Палессі, польскім Падляшшы, літ. Аўкштайціі. У Панямонні сустракалася С. больш лёгкая, з дзвюма паліцамі і аднолькавымі сашнікамі. Замест дышля яна мела кароткі градыль, да якога прыстасоўвалі аглоблі для коннай запрэжкі. У Паазер’і шырока выкарыстоўвалі С. віцебскага тыпу з перакладной паліцай для коннай запрэжкі з аглоблямі. На Падняпроўі выкарыстоўвалася С. з больш доўгай і стацыянарнай паліцай, замацаванай пад левы сашнік. Конь запрагаўся ў пастронкі, што мацаваліся да канца аглабель. Даўжынёй пастронка рэгулявалася глыбіня ворыва. На Палессі бытавала і С. без паліц. У Цэнтр. Беларусі сустракалася і С. з адной паліцай. У 19 ст. ў Барысаўскім і Ігуменскім пав. на сугліністых глебах выкарыстоўвалі С. палескага тыпу (паўзуха), на пясчаных завалуненых і лясных глебах — лёгкую С. колавага тыпу, т.зв. дрынду, з вузкімі трубчастымі сашнікамі і амаль вертыкальна пастаўленай расохай. Такія С., відаць, былі пашыраны ў эпоху сярэдневякоўя, пра што ўскосна сведчаць знаходкі трубчастых сашнікоў у стараж. слаях (11—13 ст.) Полацка, Мінска, Друцка. У 19 ст. колавая С. без паліцы выкарыстоўвалася пры першым узорванні папару, а пры ворыве пад сяўбу — С. з шырокімі сашнікамі і адвальным прыстасаваннем. С. без паліц выкарыстоўваюць пры акучванні бульбы і ў наш час у паўн. Беларусі.

В.​С.​Цітоў.

Палеская саха.
Падняпроўская (магілёўская) саха.
Віцебская саха.

т. 14, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Леса 1 ’тоўстая жэрдка ў хляве пад вышкамі, у каморы, дзе клалі лён’ (луп., жытк., Нар. сл.), лёска ’клінападобны папярочны драўляны брусок для замацоўвання і ўцягілення дзвярэй’ (бяроз., Шатал.), тонкія жэрдкі для агароджы’ (Ян.), ’агароджа з тонкіх пруткоў’ (Юрч., Бяльк.; светлаг., Мат. Гом., ТС), ’агароджа з тонкай ляшчыны, асінніка ці бярэзіна, пераплётнага ў станчым становішчы’ (Нас., Федар. Дад.), ц.-пал. ’плот’ (Нар. сл.), ’кій’ (бяроз., Сл. паўн.-зах.), ’насціл з дубцоў у санях’ (ТС), леса ’пляцень’ (паўдн.-усх., КЭС), леска ’агароджа’, ’сукі елкі для агароджы’ (Мат. Маг.). Укр. ліса, ліса, ліска, рус. леса, польск. łasa, laska, луж. lesa, leska, чэш. lisa, ст.-чэш. lesa, славац. lesa, ляш. Vaska, славен. lesa, серб.-харв. ље̏са, макед. леса, балг. леса, ласа, леса, ст.-слав. лѣса — з падобнымі ці блізкімі значэннямі. Прасл. lesa — ж. р. ад lesъ. Семантычнае напаўненне лексемы lesa ’будаўнічы матэрыял у выглядзе (гнуткіх) галін, тонкіх ствалоў, з якога рабіліся прымітыўныя буданы, хаціны, стрэхі’. Пазней канкрэтызаваўшыся, лексема ў адных гаворках стала называць ’галіны арэшніку, ляшчыны’ > ’ляшчыну’. З другога боку, розныя перапляценні, рашоткі пераўтварыліся ў прылады для лоўлі рыбы, канчатковым вынікам гэтага развіцця, прыкладам можа служыць віц., гом. лёска ’лёска’ (Касп., Мат. Гом.) або леска ’плот’ (І. Чыгрынаў. Ішоў чалавек…). Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 485, 486; Слаўскі, 4, 56–60. Тое ж і ў іншых славян: балг. леса ’рашотка’, серб.-харв. ље̏са ’нары’, чэш. lísa ’верша’, ’паліца з жэрдак’, польск. łasa ’рашотка’.

Ле́са 2 ’лесвіца, па якой лазяць да коміна, да пчол на дрэве’ (ТС; браг., хойн., Мат. Гом.), лёска ’лесвіца’ (браг., Мат. Гом.; браг., Нар. словатв., Ян., ТС; ц.-палес., Нар. сл.; уздз., Жд. 2, Сцяшк. Сл., Шат.), лескі, ліёскі ’тс’ (ганц., бярэз., круп., Сл. паўн.-зах.), ’прыстаўная лесвіца’ (Мал.; ляхав., Янк. Мат.: круп., Жд. 2), ’лесвіца з шырокімі прыступкамі’ (Некр.), ’прыстасаванне, каб лазіць на дрэва’ (слуц., КЭС). Да ле́са 1 (гл.). Семантычна гэтыя лексемы можна звесці да ’астрова, лесвіца ў выглядзе ствала дрэва з адсечанымі галінамі’ — яе коса прыстаўлялі да дрэва і лазілі да борці на дрэве’. Генетычна узыходзіць да прасл. lesa. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 60–61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мяздра́, мездра́, міздра́ ’падскурная клятчатка ў жывёл, адваротны бок шкуры’, ’благі бок вырабленай скуры’, ’мякаць у гарбузе, дзе знаходзіцца насенне’, ’мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Сцяшк., Сл. ПЗБ, ТС; в.-дзв., Шатал.; КЭС, лаг.), міздря́ ’нікчэмнасць’, міздрычка ’нікчэмны, дробязь’ (Бяльк.), ашм. мяздрава́ты хлеб ’ацеслівы’ (Сл. ПЗБ), мяздроны ’не вельмі добра ачышчаны ад мяздры’ (Нас.). Укр. міздря́, міздро, мездро, ніздра́, ніздря́, мяздра ’кара’, ’унутраны бок скуры’, рус. мяздра́, мездра́, рус.-ц.-слав. мяздрица ’абалонка яйка’; польск. mizdra, miazdra, miązdra, miazda, mięzdra ’мяздра’, ’эпідэрміс’, каш. miåzdra ’колер твару’, в.-луж. mjazdro ’бяльмо’, mjadresko ’плеўка на яблыку вока’, чэш. mázdra ’скурка, плеўка’, валашск. mʼazgra, miígra, mjazdro ’слабы (чалавек)’, mázderko ’кавалачак’, mazgera ’малы чалавек’; славен. mezdro ’лыка’, mézdra, mȇzdra ’ўнутраны бок скуры’, ’смятана на малацэ’, ’абалона пад карой дрэва’, ’маладая плеўка на ране’, серб.-харв. ме́здра ’скурка, плеўка’, макед. мездра ’мяздра’, ’брушына’, балг. мездра ’ныркавы тлушч’, ’сала’. Многія этымолагі выводзяць прасл. męzdra (Копечны, Zákl. zás., 203; Махэк₂, 356; Шустар-Шэўц, Этимология–1970, 88; Бязлай, 2, 182), якое не мае яснай этымалогіі. Рэканструюецца і.-е. *memsdhrom (Бругман, 38, 437) і супастаўляецца з лац. membrum ’член’, membrāna ’скурка’, іншыя выводзяць *memsro‑, якое мусіла б даць *męstra (а не męzdra). Мее (129 і 409), Фасмер, (3, 29) выводзяць лексему з мяса і драць, супраць чаго Ільінскі (RS, 6, 224). Аткупшчыкоў (Из истории, 148), падкрэсліваючы змешванне ў слав. дыялектах слоў мязга і мяздра па семантыцы, бачыць блізкае словаўтварэнне: ст.-слав. мѧ‑з‑д‑ра мае суфіксальнае ‑(z)d‑; назіраецца чаргаванне d/g, параўн. мез‑д‑ра і мез‑г‑а, якія ўзыходзяць да кораня *men‑ ’мяць’, і першапачаткова абедзьве абазначалі ’мякаць, цёртае, патоўчанае рэчыва’. Карпенка (у канд. дыс. «Слав. терминол. обработки кожи (назв. сырья и ремесленников)», Киев, 1984) выводзіць наступны шлях развіцця лексемы мездра: і.-е. meig̑h ’кіпець, віраваць, цячы’ > *moig̑zghā, *moighsqā ’тое, што цячэ, вільготнае’ > мезга ’ўнутраная слізкая абалонка дрэва’ > мездра ’падскурная клятчатка, адваротны бок скуры’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

маты́ў, ‑тыву, м.

1. Прычына, падстава для якога‑н. дзеяння. Матывы асабістага парадку хілілі .. [Аўгіню] у процілеглы Васілю бок. Колас.

2. Прасцейшая рытмічная адзінка мелодыі, адна з састаўных частак мелодыі. // Мелодыя, напеў. Зіна падабрала матыў, і дзяўчаты пачалі спяваць песню. Жычка. Матыў падхоплівае дружны дзявочы хор, і песня льецца над прырэчнымі прасторамі, залітымі сонцам. Дуброўскі.

3. Прасцейшая састаўная частка сюжэта; тэма ў творах мастацтва. У .. вершах [Я. Купалы] было многа сумных і нярадасных матываў, бо сумная і нярадасная была і рэчаіснасць, з якой ён чэрпаў тэмы сваіх твораў. Шкраба. [Бацька] угледзеў малюнак над ложкам — першы жоўты кляновы ліст падае з дрэва — і падумаў, што ў малюнках пераважаюць асеннія матывы. Шамякін.

[Фр. motif.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)