Ліцо ’твар, аблічча’ (Бяльк., Ян.; брасл., ушац., лепел., арш., крыч., капыл., пух., маз., хойн., КЭС; брасл., Сл. ПЗБ), лічка, лічэнька, лічанька ’тварык’ (Нас., Растарг.), ’правы бок тканіны’ (Уладз.), укр. лице, рус. лицо, ст.-рус. лице; польск. lice, н.-, в.-луж. lico, чэш. líce, líčko, ст.-чэш. яшчэ і líc, ходск. líce, lícata, славац. líce, líco, славен. líce, серб.-харв. ли́це, чак. лице̏, макед. лице, лици (мн. лік лицинта), лико, балг. лице, лико, ст.-слав. лице, личеса. Прасл. lice Якабсон (Этимология–84, 248–249) рэканструюе як *lin̥kam, а формы з заднянёбным (лико, ликъ) узыходзяць да праформы *leik‑ (без насавога інфікса). Мартынаў (Прасл. яз., X Міжнар. з’езд слав., Мн., 1988, 30–31) прасл. lice разглядае як слав.-прус. інавацыю (параўн., ст.-прус. laygnan < *leiknan), якая арыентавана на італійска-кельцкі арэал (параўн., ст.-ірл. lecco, ірл. leaca ’шчака’ < *lēk‑ < leik‑). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 495–496; Слаўскі, 4, 222–225; Махэк₂, 331; Бязлай, 2, 139; Мартынаў, Лекс. взаим., 213–217. Больш падрабязна гл. Трубачоў, Эт. сл., 15, 75–78.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лі́цца ’цячы струменем’, ’распаўсюджвацца, выходзіць (аб дыме), разносіцца’, ’залівацца тлушчам’, ліць ’выліваць’, ’безупынна цячы’, ’выплаўляць’, ’распаўсюджваць’, ’ісці (пра вялікі дождж)’, лаг. лі́цца, тураў. ліць вуліўкі ’несці яйкі без шкарлупы’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Касп., Шат., Яруш., Сцяшк., КЭС, ТС), літыя боты ’боты з тоўстай гумы’ (лід., Сцяшк. Сл.; Ян.), літы ’выраблены ліццём’ (ТС). Укр. лити, рус. лить, ст.-польск. lić, суч. lać, н.-луж. laś, в.-луж. leć (lije), чэш. líti, славац. liať, славен. líti (líjem), серб.-харв. ли̏ти, балг. лия ’лить’, макед. излева ’выліваць, адліваць’, ст.-слав. излити ’выліць’. Прасл. liti (lьjǫ і пазней lějǫ), роднаснымі да якога з’яўляюцца: літ. lýti, lỹja ’ісці (аб дажджы)’, líeti, лат. liêt ’ліць’, lît ’струменіць’, ст.-грэч. ἄλεισον ’посуд на віно’, лац. lītus ’востраў’, кімр. lli ’мора’, lliant ’цячэнне’, гоц. leiþu ’фруктовы сок, сідр’, алб. lisë, lysë ’ручэй’, і.-е. *lē̆i ’ліць, капаць’ (Бернекер, 709, 710; Фасмер, 2, 504; Слаўскі, 4, 248; Махэк₂, 336; Бязлай, 2, 145).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Маладзе́ць, молодзе́ць ’рабіцца туманным, зацягвацца (пра неба)’, молодзіцца ’зацягвацца лёгкімі хмарамі, мутнець’ (ТС). Укр. помолоди́тися ’пакрыцца тонкімі, белымі хмаркамі’, моло́дить ся ’збірацца на дождж’, мо́лоди, мо́лоді ’невялікія хмаркі на небе’, рус. моложи́ть, замолодить, замолодеть, молоде́ть ’пакрывацца хмарамі, рабіцца хмурным (аб небе)’, замолодь ’дажджавыя хмары’; польск. pomłodziny ’хмары’, młodzi śę ’хмурнее (неба)’ — усе да прасл. mold‑. Назіраецца атаясамліванне паняццяў, звязаных з хмурным, дажджлівым надвор’ем, хмарамі і з працэсамі скісання малака, браджэннем піва, квасу, цеста (рус. замолаживать ’пачынаць брадзіць (аб квасе)’, ’адчуваць ап’яненне’, наўг. молодо́вина ’сыракваша’, укр. молоди́на ’салодкая смятана’, польск. młodzie ’дрожджы’, н.-луж. rozmłoźeńe ’заквашванне’, ’квашанае цеста’, rozmłoda ’закваска’ (Гарачава, Этимология–84, 43–44), славац. mladinka ’бражка, маладое піва’; славен. mladíti ’пакінуць вылёжвацца, даспяваць’, серб.-харв. мла́дити те̑сто ’яшчэ раз перамешваць цеста’, якія Бязлай (2, 187) аб’ядноўвае ў прасл. moldъ ’дробны, мяккі’, роднаснымі да якога з’яўляюцца лац. mollis, ст.-інд. mṛdúṣ ’мяккі, дробны’, ст.-грэч. ἀμαλδύνω ’размякчаю’, ст.-ірл. meldach, арм. mełk ’мяккі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ма, ма ’маці’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Касп., Бяльк., Сл. ПЗБ), ’дарослая дзеўка’ (Нас.), ма́мка ’мама’, ’жанчына, якая корміць чужое дзіця, нянька’ (ТСБМ, Грыг., Нас., Шат., ТС, Бяльк., Сл. ПЗБ), ’гумавая соска’ (трак., беласт., Сл. ПЗБ), ’пчала-карміцелька’ (Анох.); смарг. маманя ’матуля’ (Сл. ПЗБ), мамуля (Грыг., ТСБМ), мамулька (Бяльк.), матуля ’тс’ (ТСБМ); ма́мачка, ма́міначка, ма́монька, маму́ленька ’ласкавы зварот да любой жанчыны, да дзяўчынкі, дзіцяці’, ’выказванне бясконцага захаплення, здзіўлення, спалоху, жалю’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., ТС, Ян.). Укр., рус. ма́ма, польск. mama (mameczka, [mamula], mamulińka, [mamka]), каш. mama < mëma, mëmka, н.- і в.-луж. mama, чэш. máma, славац. mama, славен. máma, серб.-харв. ма̏ма, макед., балг. мама. Слова з мовы дзіцяці. Аналагічна літ. mamà, усх.-літ. momà, лат. mama, ст.-в.-ням. muoma ’цётка’, новав.-ням. Mamme ’тс’, лац. mama ’тс’, ’грудзі’, ’мамка’, ірл. mam, н.-перс. mām, māmā, māmi ’маці’, ст.-грэч. μάμμα, μάμμη ’маці, матухна, бабуля’, алб. mëmë ’маці’, ст.-інд. māma ’дзядзька’ (Бернекер, 2, 14; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 565; Голуб-Копечны, 215; Скок, 2, 365; Бязлай, 2, 164).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Марка́ч ’баран-вытворнік’ (ТСБМ, Янк. 1, Кліх, Шат., Касп., Сцяшк., Чач., Дразд., Бір. Дзярж.; мін., Растарг., Да характ.; вілен., гродз., мін., Нас.; КЭС, лаг., мазыр., З нар. сл.; стол., Нар. лекс.; лід., беласт., Сл. ПЗБ, Бел.-рус. ізал., 32), моркоту́н, маркіту́н ’тс’ (ТС, Сцяц.), укр. с.-палес. мурка́ч ’тс’ (Бел.-укр. ізал.), мъркаціньня ’козы’; марката́ць, моркота́ць, мыркота́тэ, моркіта́ть, моркота́ты ’палавая цяга ў авечак’ (драг., КЭС; гродз., бяроз., Шатал.; кобр., Нар. лекс.; гродз., беласт., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл., ТС), ’утвараць характэрныя гукі (пра барана-вытворніка)’ (віл., Сл. ПЗБ); маркіта́ць, моркотова́цца ’быць у стане цечкі, паляваць (пра авечку)’, маркітава́ць ’патрабаваць злучкі’ (зэльв., Жыв. сл.; ТС, Сцяшк.), (перан.) марката́ць, мірката́ць, мярката́ць ’бляяць (аб авечцы, ягняці)’ (Бяльк., Яруш.; віц., докш., ДАБМ, к. 302). Прасл. mьrkačь (гл. Трубачоў, О составлении прасл. слов. — V съезд слав., 181). Да маркаль (гл.). Аналагічна ўтвораны серб.-харв. мр̀кач ’казёл’, mrkačić ’рыба-самец’, мр̀кеш ’баран’. Дзеяслоў і яго дэрываты ўтвораны ад назоўніка ⁺mъrkotъ ’гукі, якія выдае баран у час цечкі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мату́з, матузок, мату́зка, матузы́, мотуз, мотузо́к, моту́зье, матузы́ ’вяровачка, вяроўка, шнурок, вузкая палоска тканіны для завязкі, гашнік’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Сцяшк., Мядзв., Бір. дыс., Бяльк., Шн. 3, Чач., Шат., Грыг., Касп., Мат. Гом., Растарг., КЭС, лаг.; Сл. ПЗБ, Ян.), ’моцна звязаны вузел’ (Нас., навагр., КЭС), ’спавівач’ (хойн., Шатал.), ’завязка’ (ваўк., Сцяшк. Сл.), бар. матузні́ца ’лямка’ (Сл. ПЗБ), ’плеценыя льняныя ці пачэсныя шнуркі, якімі набіраюць малюнак на аснове пры закладанай тэхніцы ткання’ (слуц., КЭС), ’невялікі кіёчак з кавалкам палатна ці нацягнутымі вяроўкамі ў ткацкім станку’ (бяроз., Шатал.); ’канцы асновы пасля датыкання кроснаў’ (Мат. Гом.), драг. у мотузы ’тканне ў перабор’ (Уладз.). Укр. мо́туз, моту́ззя, моту́зка, мотузо́к, мотовʼя́з, рус. мото́уз, мотоу́з, мото́ус, мотоу́с, моту́з, мота́уз, польск. motowąz, motwąz, чэш. motovouz, motouz, славац. motúz, славен. motvȍz, motóz, серб.-харв. ма̀тузица, мотуз. Прасл. лексема motovǫzъ складаецца з асноў mot‑ (< motati) і (v)ǫz‑, ‑ęz‑ (< vezati). Сюды ж матузя́нка ’посцілка з матузоў’ (ТС). Гл. Міклашыч, 203; Фасмер, 2, 664; Бонк, JP, 28, 15; Махэк₂, 375; Бязлай, 2, 197.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ма́ціца ’перламутр’ (ТСБМ), пярловыя маці́цы ’пацеркі з жэмчуга’, крывавыя маціцы ’пацеркі з граната’ (Малч.); ма́ці́ца, ма́тіца (шчуч., беласт., бяроз.) ’галоўны корань у дрэве’, воран. маці́чны кароне ’тс’ (Сл. ПЗБ); ма́ціца, мацяры́к ’тс’ (Сцяшк. Сл.); ма́ціца, ма́тіца ’падоўжная бэлька ў будынку, трам’ (Нар. сл., Касп., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, Мат. Маг.), ’бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (шкл., лун., рас., Шатал.), ст.-бел. матица ’вінаградная лаза’, ’перламутр’ (XVI ст.). Яшчэ ст.-рус. матица ’асноўная, апорная частка чаго-небудзь’, жемчужная матица ’ракавіна жэмчуга’ (XVII ст.), польск. macica, в.-луж. maćica, чэш. matice, славац. matica, славен. mática, серб.-харв. ма̏тица, макед., балг. матица. Прасл. matica — вытворнае ад mati > ма́ці1 (гл.). (Бязлай, 2, 171; БЕР, 3, 685–686; Булахоўскі, Выбр. пр., 3, 352). Гл. таксама маці́ца.

Маці́ца ’матка, uterus’ (Нас.; гродз., шальч., воран., Сл. ПЗБ). Паводле Грынавяцкене (там жа, 3, 50), паходзіць з польск. macica ’тс’. Відавочна, толькі ў паўн.-зах. зоне. Параўн. яшчэ ст.-рус. матица ’тс’ (XVII ст.) < прасл. matica ’пачатак, крыніца чаго-небудзь’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ме́каць1 ’бляяць, крычаць (аб цялятах, козах, авечках)’ (Янк. 2, ТС; рэч., Мат. Гом.). Укр. ме́кати, чэш. mekati ’тс’, серб.-харв. ме́кати, ме́чати ’тс’. Прасл. mekati, якое да і.-е. гукапераймальнай асновы *meq: літ. mekénti, meknóti, mekčinoti ’заікацца’, ’мекаць’, ’бляяць’, арм. mak​ci ’авечка’, ст.-грэч. μηκάς ’каза’. Сюды ж (паводле Скока, 2, 402), магчыма, і паўд.-слав. мечка ’мядзведзь’, што, аднак, звязана з семантычнымі цяжкасцямі (Бернекер, 2, 30, 32; Фасмер, 2, 594 і 613–614). Махэк₂ (358) лічыць, што гукапераймальныя формы ў слав. мовах узніклі самастойна.

Ме́каць2 ’разважаць, думаць’ (Бяльк.), рус. ме́кать, мека́ть ’тс’, ’прыгадваць, адгадваць’, ’лічыць’. Не зусім яснае слова. Бернекер (2, 33) суадносіць яго са ст.-грэч. μέδομαι ’маю на ўвазе’, μήδομαι ’прыдумваю’, лац. meditor ’думаю’, ірл. midiur ’тс’, уэльск. meddwl ’дух, розум, думка’, гоц. mitôn ’абдумваць’, Фрэнкель (IF, 51, 150) — з літ. mẽklinti ’мераць, узважваць, абдумваць’, лат. meklêt ’шукаць’. Брукнер (KZ, 48, 196) выводзіць рус. мекать з ме́тить ’цэліць’ (Фасмер, 2, 594).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жале́за1 Рус. желе́зо, укр. залі́зо, польск. żelazo, чэш., славац., в.-луж. železo, н.-луж. zelezo, палаб. zilʼozü, балг. желязо, макед. железо, серб.-харв. жѐлезо, славен. želę́zo ’тс’. Ст.-слав., ст.-рус. желѣзо ’тс’. Літ. geležìs, лат. dzèlz(i)s ’тс’, ст.-грэч. χαλκός ’медзь’. Покарны (1, 435) дае праформу *ghel(ē̆)ĝh‑. Паводле Трубачова (ВСЯ, 2, 1957, 31–34), які адкідвае думку некаторых папярэднікаў (Мейе, Общеслав., 408) пра запазычаны характар слова, яно звязваецца са словамі, што абазначалі камяні, косці (перанос па падобнасці і функцыі): польск. głaz, рус. глаз ’каменьчык’ > ’вока’, ст.-слав. желы, бел. жаўлак (гл.), грэч. χέλῦς ’чарапаха’, галава (гл.). Тады выдзяляецца і.-е. корань *ghel‑ ’камень’. Улічваючы польск. żeliwo ’чыгун’, ‑z‑о (< *‑gʼh‑) мае суфіксальны характар (Шанскі, 1, Ж, 281). Гл. яшчэ Фасмер, 2, 42–43; Траўтман, 83; БЕР, 535 (дзе этымалогія Трубачова кваліфікуецца як няпэўная).

Жале́за2 ’жалезная рэч’ (у тым ліку ’свяцільня’) (Сл. паўн.-зах.). Пераноснае, паводле матэрыялу, ад жале́за1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жарабя́, жарэ́бны, жарабо́к, жарабе́ц, жарэ́бчык, жаро́бка і інш. Рус. жеребенок, укр. жеребʼя, польск. źrebię, в.-луж. žrěbjo, н.-луж. žrebje, палаб. zribą, zribă, чэш. hřibě, славац. žriebä, балг. ждребя, жребя, макед. ждребе, жребе, серб.-харв. ждре̑бе, славен. žrebè. Ст.-слав. жрѣбѧ, ст.-рус. жеребя ’тс’. Прасл. *žerbę ўтворана з суфіксам *‑ent‑ > *‑ę‑ ад асновы *žerb‑, і.-е. *gerbh‑/*g​uerbh‑/*g​reb‑ ’(Трубачоў, Происх., 53). Апошняе са значэннем ’плод, маладая жывёла, дзіця’ (Покарны, 1, 485) суадносіцца з грэч. βρέφος ’тс’; з слав. параўноўваюць таксама ст.-інд. gárbha ’чэрава, плод’, авест. garəva‑ ’тс’ (Трубачоў, Происх., 53; Фасмер, 2, 48). Скок (3, 673) далучае і супастаўленне з ням. Kalb ’цяля’; Махэк₂ (188) параўноўвае з герм. *xvelpa‑z (ням. Welf) ’шчаня’, хец. huelpi ’маладая жывёла’. Бенвяніст (Индоевр., 182) адзначаў, што падзел асноў I *g​er‑bh‑ і II *g​r‑ebh‑ адбыўся яшчэ ў і.-е., што і адлюстравалася ў санскр. і грэч. формах. Слав., натуральна, належыць да першай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)