*Маладзе́ць, молодзе́ць ’рабіцца туманным, зацягвацца (пра неба)’, молодзіцца ’зацягвацца лёгкімі хмарамі, мутнець’ (ТС). Укр. помолоди́тися ’пакрыцца тонкімі, белымі хмаркамі’, моло́дить ся ’збірацца на дождж’, мо́лоди, мо́лоді ’невялікія хмаркі на небе’, рус. моложи́ть, замолодить, замолодеть, молоде́ть ’пакрывацца хмарамі, рабіцца хмурным (аб небе)’, замолодь ’дажджавыя хмары’; польск. pomłodziny ’хмары’, młodzi śę ’хмурнее (неба)’ — усе да прасл. mold‑. Назіраецца атаясамліванне паняццяў, звязаных з хмурным, дажджлівым надвор’ем, хмарамі і з працэсамі скісання малака, браджэннем піва, квасу, цеста (рус. замолаживать ’пачынаць брадзіць (аб квасе)’, ’адчуваць ап’яненне’, наўг. молодо́вина ’сыракваша’, укр. молоди́на ’салодкая смятана’, польск. młodzie ’дрожджы’, н.-луж. rozmłoźeńe ’заквашванне’, ’квашанае цеста’, rozmłoda ’закваска’ (Гарачава, Этимология–84, 43–44), славац. mladinka ’бражка, маладое піва’; славен. mladíti ’пакінуць вылёжвацца, даспяваць’, серб.-харв. мла́дити те̑сто ’яшчэ раз перамешваць цеста’, якія Бязлай (2, 187) аб’ядноўвае ў прасл. moldъ ’дробны, мяккі’, роднаснымі да якога з’яўляюцца лац. mollis, ст.-інд. mṛdúṣ ’мяккі, дробны’, ст.-грэч. ἀμαλδύνω ’размякчаю’, ст.-ірл. meldach, арм. mełk ’мяккі’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)