«МЁРТВЫ ЛЁД»,

маса нерухомага ледавіковага лёду, якая адарвалася ад крыніцы свайго жыўлення. Трапляецца каля ніжняга краю актыўнага ледавіковага языка і часта не мае выразнай мяжы з ім. Таўшчыня да некалькіх дзесяткаў метраў. У гарах «Мл.» звычайна ўкрыты магутным слоем марэны, што служыць прычынай яго працяглага захавання. Пры дэградацыі плейстацэнавых ледавікоў узнікалі значныя масы «Мл.».

т. 10, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫ КААПЕРАТЫ́ЎНЫ АЛЬЯ́НС (МКА; International Cooperative Alliance),

міжнародная няўрадавая арг-цыя, якая аб’ядноўвае нац. і рэгіянальныя саюзы кааператываў. Засн. ў 1895. Асн. мэты: развіццё каап. руху, супрацоўніцтва паміж каап. арг-цыямі розных краін. Аб’ядноўвае арг-цыі каля 80 краін, больш за 540 млн. чл. Мае кансультатыўны статус пры Эканамічным і сацыяльным савеце ААН. Месцазнаходжанне — Жэнева.

т. 10, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗАКО́ННЫ АКТ,

прававы акт органа дзярж. улады, які мае больш нізкую юрыд. сілу, чым закон. Прымаецца на аснове і ў выкананне закону. У Рэспубліцы Беларусь да П.а. адносяцца ўказы Прэзідэнта, пастановы і распараджэнні ўрада, мін-ваў, дзярж. к-таў і інш. органаў выканаўчай улады, а таксама пастановы палат Нац. сходу, рашэнні судоў і інш.

т. 11, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАК (англ. pack),

пакавы лёд, шматгадовы палярны марскі лёд таўшчынёй 3 м і больш, які існуе больш за 2 гадавыя цыклы нарастання і раставання. Мае блакітны колер, прэсны. У выглядзе вял. ледзяных палёў назіраецца ў Арктычным бас. (пл. ад 60 да 90% ледзянога покрыва) і ў Антарктыцы. Магутны П. цяжка праходны для суднаў.

т. 11, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАЖЭ́ННЕ,

нарматыўны акт, які мае зводны, кадыфікацыйны характар і вызначае структуру, функцыі, кампетэнцыю сістэмы органаў дзяржавы або аднаго дзярж. органа. Вызначае парадак дзеянняў дзярж. органаў і арг-цый у пэўных выпадках (напр., Інструкцыя аб парадку вядзення прац. кніжак на прадпрыемствах, ва ўстановах і арг-цыях) або рэгулюе сукупнасць арганізац., маёмасных, прац. адносін па канкрэтным пытанні.

т. 11, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛЬМАВЫ АЛЕ́Й,

тлусты невысыхальны алей з мякаці пладоў алейнай пальмы. Чырвона-аранжавае цвёрдае рэчыва, шчыльн. 921—925 кг/м³ (15 °C), т-ра застывання 31—41 °C. Мае значную колькасць пальміцінавай кіслаты і караціноідаў. Выкарыстоўваюць пераважна для вырабу маргарыну, мыла, свечак, як кампанент змазачных матэрыялаў. З насення алейнай пальмы атрымліваюць пальмаядровы алей — харч. прадукт.

т. 12, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАКА́Т,

мелкаводны ўчастак рэчышча ракі. Звычайна мае выгляд вала з пакатым схілам, звернутым супраць цячэння, і стромкім — па цячэнні. Утвараецца ў выніку нераўнамернага размыву рэчышча водным патокам і адкладам наносаў, узнікнення верхняй і ніжняй касы. Адрозніваюць П. алювіяльныя і камяністыя (шыверы). П. чаргуюцца з плёсамі, часцей трапляюцца каля вусцяў прытокаў. Перашкаджаюць суднаходству.

т. 12, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫСПЕ́РМ (ад перы... + сперма),

назапашаная пажыўная тканка насення раслін, якая ўжываецца зародкам пры прарастанні. У адрозненне ад эндасперму развіваецца з нуцэлуса і мае клеткі з падвоеным (дыплоідным) наборам храмасом. Характэрны для шэрагу кветкавых раслін (напр., гваздзіковыя, лебядовыя, марэнавыя). Наяўнасць П., як і эндасперму, лічыцца прымітыўнай адзнакай, бо зародак у большай ступені залежыць ад навакольных тканак.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАЗЕНХІ́МА (ад грэч. pros звыш, побач + enchyma налітае, тут тканка),

раслінная тканка, што мае выцягнутыя (даўж. ў некалькі разоў перавышае шыр.), завостраныя на канцах (у адрозненне ад парэнхімы), розныя па паходжанні і функцыях клеткі. Паміж П. і парэнхімай ёсць пераходы (напр., каленхіма і лопасцевыя галінастыя клеткі мезафілу ў лісці каны і інш. раслін).

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫСЛО́ВЫЯ РЭСУ́РСЫ,

сукупнасць прамысловых запасаў узнаўляльных прыродных рэсурсаў, якія мае асобная краіна ці рэгіён. Для рацыянальнага выкарыстання П.р. неабходна прытрымлівацца пэўных аб’ёмаў эксплуатацыі, якія не перавышаюць здольнасць папуляцый да самаўзнаўлення, выкарыстоўваць метады экстэнсіўнага, штучнага ўзнаўлення (напр. з дапамогай рыбагадоўчых гаспадарак і інш.). Звесткі аб П.р. заносяць у прамысловы кадастр.

П.​І.​Лабанок.

т. 13, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)