артыле́рыя

(фр. artillerie)

1) гарматы розных канструкцый і калібраў для знішчэння жывой сілы, тэхнікі і ўмацаванняў праціўніка;

2) род войск з такім узбраеннем;

3) навука пра будову артылерыйскай зброі і яе баявое прымяненне.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

гандыка́п

(англ. handicap)

1) спартыўныя спаборніцтвы, пры якіх слабейшаму праціўніку для ўраўнаважання шанцаў на поспех аддаецца перавага ва ўмовах, напр. змяншэнне дыстанцыі, нагрузкі;

2) скачкі, у якіх удзельнічаюць коні розных узростаў і вартасцей.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

памідо́р

(іт. pomidoro, ад pomo d’oro = залаты яблык)

агародная травяністая расліна сям. паслёнавых з сакавітымі чырвонымі або жоўтымі пладамі, прыдатнымі для яды, якая вырошчваецца ў розных кліматычных зонах, а таксама плод гэтай расліны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

цы́нія

(н.-лац. zinnia, ад Zinn = прозвішча ням. батаніка 18 ст.)

травяністая расліна сям. складанакветных з буйнымі яркімі кветкавымі кошыкамі розных колераў, пашыраная ў Цэнтр. і Паўн. Амерыцы; на Беларусі вырошчваецца як дэкаратыўная.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

калі́бр, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Дыяметр канала ствала агнястрэльнай зброі. Зброя розных калібраў. □ Удалося дастаць амаль спраўную супроцьтанкавую гармату, калібр–45. Брыль. // Дыяметр гільзы, кулі або снарада. Гільза дванаццатага калібру. Кулі шаснаццатага калібру.

2. ‑у. Дакладны размер якіх‑н. прадметаў вытворчасці. Калібр цвікоў. Раскласці шрубы па калібрах.

3. ‑у; перан. Памер, велічыня, форма чаго‑н. Палічкі трэцяй шафы займаліся прадуктамі — гарохам, макаронамі, крупамі, — перасыпанымі з магазінных кулькоў у белыя торбочкі рознага калібру. Ракітны.

4. ‑а. Вымяральны інструмент для праверкі размераў, формы вырабаў. Праверыць калібрам.

[Фр. calibre.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

брыль, ‑я, м.

1. Тое, што і капялюш. Чырвоныя хустачкі дзяўчат мяшаліся з хлапцоўскімі шапкамі розных гатункаў, пачынаючы з гарадскімі кепкамі і канчаючы самадзельнымі саламянымі брылямі. Колас.

2. Казырок шапкі. Паўлік адчуваў на сабе торбачку, доўгі брыль у шапцы хоць і закрываў твар ад высокага сонца, але затое на лбе ўсё больш з’яўлялася капелек поту. Сташэўскі. Слаўная гэта была шапка — з блішчастым лакіраваным брылём, са спружынаю ўсярэдзіне. Якімовіч. // перан. Стрэшка над уваходам. На другі дзень у двор бальніцы, Дзе ганак звешвае свой брыль, Пад’ехаў, стаў аўтамабіль. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павадзі́ць, ‑ваджу, ‑водзіш, ‑водзіць; зак.

1. каго. Вадзіць на працягу нейкага часу. Павадзіць каня. Павадзіць гасцей па горадзе. □ [Дзядуля:] — Такую рыбу трэба павадзіць, стаміць як след, а тады ўжо цягнуць... Ляўданскі.

2. чым. Зрабіць некалькі рухаў чым‑н. па якой‑н. паверхні. Павадзіць указкай па карце. Павадзіць пальцам па старонцы кнігі. □ Поп моўчкі прысеў каля мяне, павадзіў пальцамі па бровах і закурыў. Чорны. // Зрабіць некалькі рухаў у розных напрамках. Распытаўся доктар, што і як, патрымаўся за ручку ў малога, запалку запаліў, павадзіў перад вачыма. Крапіва.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

разве́сіць, ‑вешу, ‑весіш, ‑весіць; зак., што.

1. Павесіць у розных месцах (некалькі, шмат прадметаў). На сценах развесіў [агітатар] плакаты аб рабоце жывёлаводаў. Шчарбатаў. Убілі ў зямлю некалькі калоў, развесілі на іх вопратку. Лупсякоў.

2. Расцягнуўшы, расправіўшы, павесіць. Развесіць коўдру. □ Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка вобмацкам — агню не было. Чорны.

3. Шырока, у розныя бакі раскінуць (голле). Утульней развесілі голле Яліны ў нізінах сырых. Колас.

•••

Развесіць (распусціць) вушы (іран.) — слухаць даверліва, з цікаўнасцю.

Развесіць губы (іран.) — быць безуважным, пасіўнічаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

суха́р, ‑а, м.

1. Высушаны кавалак хлеба, булкі. Усе дні маці сушыла патроху сухары. Якімовіч. У нас не было амаль нічога: апошнія сухары мы раздалі за дзень да прарыву блакады. Сіўцоў. // Сорт сухога печыва. Ванільныя сухары.

2. перан. Разм. Пра сухога, нячулага чалавека. Лейтэнант разгубіўся, ён зусім не быў сухаром і педантам, але ён сапраўды нёс службу. Шамякін. Не стаў Кастусь зазнайкай і кабінетным сухаром, — заўсёды з людзьмі і заўсёды працуе шчыра. Брыль.

3. У тэхніцы — назва розных дапаможных прамежкавых дэталей у механізмах і вузлах машын.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уско́сны, ‑ая, ‑ае.

Які не выказваецца, не выяўляецца непасрэдна; пабочны. Ёсць у мяне пад рукамі толькі скупыя ўскосныя звесткі, знойдзеныя даследчыкамі ў розных архівах. Мехаў. Цяпер я добра ведала, што не толькі не маю права нешта сказаць Віктару.., бо сказаць, гэта значыць зрабіць ускосны папрок яму. Савіцкі. Важным сродкам выяўлення ўнутранага свету чалавека з’яўляецца ў К. Чорнага ўскосная партрэтная характарыстыка. «Полымя». [Чаур]: — Твае любімыя дэтэктывы сцвярджалі: калі няма прамых доказаў, шукай ускосныя. Шыцік.

•••

Ускосная мова гл. мова.

Ускосныя падаткі гл. падатак.

Ускосныя склоны гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)