Ба́лка1 ’бэлька’ (Сцяшк. МГ), ужо ў ст.-бел. (Гіст. лекс., 115), балкі бярвенні, якія кладуцца ўпоперак зруба ў верхнім вянку’ (Інстр. I), ба́лка ’перакладзіна, якою замацоўваюць кроквы’ (Лысенка, ССП). Рус. ба́лка (з XV ст.), укр. ба́лка (з XVIII ст.; < рус.). Запазычанне з с.-н.-ням. balke ’тс’. Фасмер, 1, 115. Можна лічыць, што бел. і ўкр. формы з рус. мовы (параўн. Шанскі, 1, Б, 24). Параўн. бэ́лька, ба́лька.

Ба́лка2 ’роў, яма’. Гл. баліна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бе́лка1 ’вавёрка’ (БРС, Шат.). Рус. бе́лка, укр. бі́лка. Ст.-рус. формы былі бѣла, бѣла вѣверица ’белая белка’. Гэта даводзіць, што бѣлъка — утварэнне ад bělъ ’белы’. Першапачаткова назва адносілася, відаць, толькі да рэдкіх і вельмі каштоўных белых белак. Гл. Сабалеўскі, РФВ, 67, 214 і наст.; Фасмер, ZfslPh, 1, 152; Фасмер, 1, 148; Бернекер, 56; Шанскі, 1, Б, 86.

Бе́лка2 ’нягразкае балота, якое зарасло травой’ (Яшкін). Як і бель (гл.), вытворнае ад bělъ ’белы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ко́кат ’тоўсты сук у вілаватым дрэве’ (Сл. паўн.-зах., Мат. Гом.), ’грэбень у пеўня’ (Мат. Гом.). Гл. кокаць. Відавочна, тут аб’ядналіся формы рознага паходжання. Кокат ’грэбень у пеўня’ да прасл. kokotъ ’певень’ (параўн. рус. кокот ’певень’ і серб.-харв. ко̏кот ’тс’). Кокат ’тоўсты сук у вілаватым дрэве’ да прасл. kogъtь (рус. кокот ’кіпцюр’, ’вілы’, ’разгалінаваны сук’) (параўн. Трубачоў, Эт. сл., 10, 117–118). Беларускі матэрыял прадстаўлены ў Парукаў, Бел. М, 6, 26.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́льза, по́лза ’карысць’ (ТС), по́льга ’палёгка’ (А. Чэмер), по́лза ’добры ўзятак’ (Анох.), по́льзаваць ’мець карысць’, ’лячыць’ (Юрч. СНЛ). Укр. пі́льга ’палёгка, супакаенне’, рус. по́льза ’карысць’, по́льга ’карысць, выгада; палёгка (паляпшэнне здароўя)’, палаб. püʼölga ’карысць’, славац. polaha ’палёгка; дапамога’, балг. по́лза, ст.-слав. польѕа, польза. З прасл. *polьga ад *lьga (Фасмер, 3, 321; Чарных, 2, 54; БЕР, 5, 497). Гл. льга, ільга́ ’лёгкасць, палёгка’, формы з ‑л‑ — у выніку т. зв. трэцяй палаталізацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́прыч ’асобна, паасобку’ (Нас., Байк. і Некр.), попрыж ’тс’ (ТС), параўн. укр. попріч ’насуперак’. Відавочна, звязана з апрыч ’асобна’ (Нас.), апрычны ’асобна, паасобку’ (Нас.), што разглядаюцца як вынік кантамінацыі з апрача (гл.). Украінскае слова выводзяць з прыназоўнікаў попри ’пры, насуперак, паўз’ і пріч ’акрамя’ (ЕСУМ, 4, 519). З улікам формы попрыж можна дапусціць сувязь з прыгаць, прылсыць ’скакаць’ (гл.), параўн. попрыг ’асобна, паасобку’ (Нас.), прыіскі ’скакуны’, тады семантычна ідэнтычнае слову адскок ’адыход, аддзяленне’ (гл. адсека).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Раму́ль ’рамонак’, рамулі́, рамулькі́ мн. л. (ігн., швянч., паст., Сл. ПЗБ). Па лінгвагеаграфічных характарыстыках, хутчэй за ўсё з літ. ramùliai ’тс’, аднак не выключана самастойнае ўтварэнне, параўн. Сцяцко, Афікс. наз., 173, які адзначае формы на ‑уль як малапрадуктыўны словаўтваральны тып, што выкарыстоўваецца на Віцебшчыне, Гродзеншчыне і Магілёўшчыне, напрыклад: горбгарбуль ’нарасць’, быкбычуль ’гультай’, шыпшыпуль ’тонкая трэска’. Адсюль, магчыма, рамонрамуль як экспрэсіўная форма з адсячэннем карнявой фіналі ‑он, параўн. раму́нкі ’рамонкі’ (Сл. ПЗБ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спражэ́нне ‘змяненне дзеяслова па асобах, ліках і часах’ (ТСБМ, Байк. і Некр.). Калька лац. coniugatio ‘тс’. У якасці адпаведнай формы для калькавання дзеяслова магло паслужыць ст.-бел. спрягнути ‘злучыць, змацаваць’ (Ст.-бел. лексікон), што мае аналагічную семантыку, гл. спрагаць. Мяркуецца, што ўзорам паслужыла польск. sprężenie ‘coniugatio’ (1542), суадноснае з sprzężenie ‘запрэжка’, чэш. spřeženie ‘тс’, гл. Каранчэўскі, Polska term. gram., 10; Басай-Сяткоўскі, Słownik, 336. У якасці лінгвістычных аналагічныя тэрміны замацаваліся, акрамя ўсходнеславянскіх, у балгарскай мове.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сіліпа́ць ‘прагна есці’ (Мат. Маг.), рус. смал. силипа́ть ‘піць з прысвістам, сёрбаннем’, ‘высоўваць язык’, ‘сцябаць’. Дыялектны варыянт дзеяслова салупаць (гл.), параўн. сылыпа́ць ‘балбатаць’: сылыпаць языком (Бяльк.). Анікін (Опыт, 278), дапускаючы старое запазычанне з балт. *salp‑, звязанага з літ. sulpti ‘лізаць, ссаць’ (Мартынаў, Бел.-укр. ізал., 49), усё ж схіляецца да анаматапеічнага паходжання зыходнай формы (Фасмер, 3, 714), гл. таксама Анікін, 495. Аналагічна гл. селяпаць. Сувязь з сіляць ‘чэрпаць’ (гл.), хутчэй за ўсё, мае другасны характар.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тады́шні ’які існаваў задоўга да цяперашняга часу; той’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк.), ’тагачасны’ (Касп.). Укр. тоди́шний, тоді́шній, рус. тогда́шний, дыял. тады́шний, тады́шный ’папярэдні, тагачасны; той’, серб.-харв. та̀дашњи̑, славен. tedašnji ’тагачасны’. Да тады (гл.) з інфіксам першапачаткова экспрэсіўнага характару. Параўн. стараж.-рус. тъгдашьнии, тогдашнии ’які быў у той час, тычыцца таго часу’, вядомыя з самых ранніх помнікаў (XI ст., Сразн.), што дазваляе лічыць названыя формы агульнымі для ўсходнеславянскіх і паўднёваславянскіх дыялектаў інавацыямі познепраславянскага перыяду.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шчы́ліна, ‑ы, ж.

Вузкая, прадаўгаватай формы дзірка, адтуліна. Прыгравала веснавое сонца, нават у шчылінах асфальту зелянела трава. Гурскі. Нарэшце манетка скочыла ў шчыліну, у шклянку з хрыпам палілася газіроўка. Жычка. Тацяна абышла вакол агароджы і на другім баку ўбачыла ладную такі шчыліну. Васілёнак. Гумны знарок будаваліся так, каб мела вольны доступ паветра з двара, а таму ў іх звычайна было многа шчылін. Колас. // Тое, што падобна, нагадвае такую адтуліну. Доўга глядзеў.. [Сымонка] ў вузкую шчыліну зямлянкі і ніяк не мог зразумець, што там прафесар робіць. Кавалёў. Яна [Тацяна] падышла да акна, прахукала ў замёрзшай шыбе шчыліну. Шамякін. // Кароткі вузкі і глыбокі роў, прызначаны для ўкрыцця людзей у час бамбёжкі, артылерыйскага абстрэлу, атакі танкаў. Калі пасля спектакля мы выйшлі з тэатра на вуліцу, нас здзівіла такая хуткая змена ў горадзе: у скверах ужо былі выкананы супрацьпаветраныя шчыліны. Сяргейчык. Вара ж зноў выскоквае са шчыліны і паўзе туды, дзе акапаўся Глінскі. Кулакоўскі. // перан. Разм. Месца, дзе можна непрыкметна пралезці куды‑н. Ваўчыныя вочы замежных пралаз Не знойдуць ні шчылін, ні пор, ні адтулін У нашыя справы, у сэрцы да нас. Панчанка. [Шарупіч:] — Што ты хочаш? Каб я хабар даваў? Або шчылін шукаў? Карпаў. // перан. Разм. Зацішнае, надзейнае месца, якое з’яўляецца сховішчам для каго‑н. [Гарлахвацкі:] Яго [двурушніка] мізэрная душа апынулася ў пятках. Ён шукае сабе шчыліны, каб схавацца. Крапіва. Вылезлі з сваёй шчыліны стары Сабяга з сынам. Шахавец. Прачнуўшыся на другі дзень і апамятаўшыся, .. [Хвядос] так напалохаўся свайго ўчынку, што забіўся недзе ў шчыліну, праседзеў, як мыш, усе гэтыя трывожныя дні. Машара. // Спец. Вузкая адтуліна правільнай формы пэўнага прызначэння ў машыне, механізме і пад. Праз шчыліну байніцы.. [Мучаідзе] бачыў вузкую дарогу. Самуйлёнак. [Мірановіч] бачыў, як байцы цэліліся, стараючыся трапіць у глядзельную шчыліну ці ў гусеніцы. Марціновіч. // У анатоміі — вузкая поласць у арганізме.

•••

Галасавая шчыліна — праход паміж галасавымі звязкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)