КАПІТАЛІ́ЗМ,

адна з гіст. стадый развіцця чалавецтва; паліт., сац. і эканам. сістэма, заснаваная на прыватнай уласнасці, таварнай вытворчасці і канкурэнцыі. У розных плынях грамадскай думкі вызначаецца як этап у развіцці індустрыяльнага грамадства, сістэма свабоднага прадпрымальніцтва, сучасная ступень К. — постіндустрыяльнае грамадства, інфармацыйнае грамадства, «змешаная эканоміка» і інш. Марксізм разглядае К. як грамадска-эканамічную фармацыю, якая змяняе феадалізм і папярэднічае сацыялізму — першай фазе камунізму; аснову такой фармацыі складаюць прыватная ўласнасць класа буржуазіі (капіталістаў) на асн. сродкі вытв-сці і эксплуатацыя ім наёмнай працы рабочых (пралетарыяту), якія пазбаўлены такіх сродкаў. Паводле гэтай канцэпцыі, К. у сваім развіцці ў Зах. Еўропе прайшоў стадыі: генезісу (узнікнення, 16—1-я палова 18 ст.), даманапалістычную (сярэдзіна 18—19 ст.), манапалістычную (склалася на мяжы 19—20 ст.). Элементы К. спарадычна праяўляліся ў гарадах Італіі (гандаль) і Нідэрландаў (мануфактура) ужо ў 14—15 ст. у перыяд т.зв. першапачатковага накаплення капіталу. Аднак як грамадска-эканам. ўклад К. узнік у эпоху разлажэння феадалізму ў пач. 16 ст., калі натуральная гаспадарка стала ператварацца ў простую таварную, а апошняя — у капіталістычную. Гэтаму садзейнічала развіццё таварна-грашовых адносін, якія спрыялі паглыбленню маёмаснай дыферэнцыяцыі, пашырэнню выкарыстання наёмнай працы ў прамысловасці і земляробстве. Для атрымання максімальнага прыбытку ва ўмовах рыначнай канкурэнцыі прадпрымальнікі павінны пастаянна развіваць прадукц. сілы, навуку і тэхніку, павялічваць капітал і ўдасканальваць вытв-сць. У выніку прамысл. перавароту і індустрыяльнай рэвалюцыі, якія адбыліся першапачаткова ў Вялікабрытаніі (апошняя трэць 18—1-я чвэрць 19 ст.), потым у ЗША, Францыі, Германіі і інш. краінах, была створана буйная машынная вытв-сць, усталявалася панаванне капіталіст. спосабу вытв-сці. Рост канцэнтрацыі і цэнтралізацыі вытв-сці і капіталу прыводзіць да ўзнікнення буйных капіталіст. манаполій, банкаўскіх карпарацый, падзелу рынкаў збыту, вывазу капіталу, пашырэнню урбанізацыі, абвастрэнню сац. супярэчнасцей (гл. Імперыялізм). У працэсе далейшага развіцця К. рыначная канкурэнцыя дапаўняецца механізмам дзярж. рэгулявання эканомікай, узнікненнем побач з буйнымі ўласнікамі і работнікамі наёмнай працы, сярэдняга класа ўласнікаў. Пасля 1-й сусв. вайны 1914—18 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі К. перастаў быць усеахопнай сістэмай гаспадаркі; сфера яго ўплыву значна звузілася пасля 2-й сусв. вайны 1939—45 і распаду каланіяльнай сістэмы (гл. Каланіялізм). Аднак К. выявіў здольнасць прыстасоўвацца да новых умоў, выкарыстоўваць магчымасці сучаснай НТР, забяспечваць больш высокі ў параўнанні з ранейшым жыццёвы ўзровень людзей, пераадольваць складаныя сац.-эканам. супярэчнасці. Паліт. і сац.-эканам. змены, якія адбыліся ва Усх. Еўропе і краінах былога СССР у 1990-я г., аб’ектыўна спрыялі паскарэнню працэсу рыначных рэформ і пераўтварэнняў на аснове выкарыстання вопыту развітых капіталіст. краін. Сучасныя формы арг-цыі капіталіст. гаспадаркі ўключаюць: кароткатэрміновае (антыцыклічнае, антыінфляцыйнае) і доўгатэрміновае (макраэканамічнае) рэгуляванне; галіновыя і рэгіянальныя праграмы (планы), прамое (заканад. і адм. акты) і ўскоснае (падаткі, расходы дзярж. бюджэту, амартызацыйная палітыка) рэгуляванне. З ростам інтэрнацыяналізацыі гасп. жыцця, узмацненнем транснац. карпарацый пачынаюць развівацца рэгіянальная і сусв. інтэграцыя, міждзяржаўнае рэгуляванне эканомікі. Гэта выявілася ва ўзнікненні такіх спец. устаноў, як Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця, Міжнародны валютны фонд, Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця, Еўрапейскі саюз і інш. Характэрнымі асаблівасцямі сусв. эканомікі ў канцы 20 ст. сталі глабалізацыя вытв-сці і яе рэгіяналізм, крызіс сусв. запазычанасці, небывалая міграцыя рабочай сілы, інвестыцый і капіталаў, нераўнамернасць эканам. развіцця, крымінагеннасць дзелавога жыцця і інш. негатыўныя з’явы.

У развіцці К. ў Беларусі вылучаюць 2 асн. перыяды: генезіс капіталіст. адносін (16 ст. — 1861) і ўсталяванне капіталіст. спосабу вытв-сці (1861—1917). Капіталіст. адносіны тут складваліся па тых жа законах, што і ў інш. краінах, хоць былі і пэўныя асаблівасці — запаволены генезіс К. ва ўмовах панавання феад. адносін у эканоміцы, існаванне прыгонніцкіх форм найму ў прам-сці. Генезіс К. мае 2 этапы: узнікненне і пашырэнне капіталіст. адносін (16 — сярэдзіна 18 ст.) і станаўленне капіталіст. ўкладу (сярэдзіна 18 ст. — 1861). На 1-м этапе пракапіталіст. тэндэнцыі ў сац.-эканам. развіцці феад. горада і вёскі праяўляліся ў росце рыначных сувязей, спецыялізацыі і кааперацыі рамяства, пашырэнні гандлю, грамадскага падзелу працы, маёмаснай дыферэнцыяцыі рамеснікаў і сялянства. На 2-м этапе назіралася фарміраванне капіталіст. ўкладу ў нетрах феадалізму, развіваліся першасныя формы капіталіст. вытв-сці, мануфактуры паступова выцясняліся фабрыкамі, заснаванымі на выкарыстанні машын. Да пач. 1860-х г. колькасць дробных прадпрыемстваў капіталіст. тыпу (разам з рамеснымі майстэрнямі з пераважна наёмнай працай) павялічылася да 7,8 тыс. (27,7% ад усіх прадпрыемстваў, у т. л. рамесных), колькасць рабочых — да 23,4 тыс. (38%), колькасць мануфактур узрасла да 140 (каля 4,7 тыс. рабочых); дзейнічала 76 фабрычных прадпрыемстваў (3075 рабочых). Першыя фабрычныя прадпрыемствы з вольнанаёмнай працай з’явіліся ў сярэдзіне 1840-х г. На капіталіст. сектар фабрычнай вытв-сці прыпадала ​2/5 прадукцыі ўсіх фабрык. У выніку адмены прыгону ў Беларусі пачалося больш хуткае выцясненне дробнай вытв-сці і мануфактуры, што суправаджалася паскоранымі тэмпамі росту фабрычна-заводскай прам-сці, фарміравання прамысл. пралетарыяту і буржуазіі. Разам з тым характэрнай рысай прамысл. развіцця Беларусі было захаванне і пашырэнне дробнай вытв-сці і мануфактур, параўнальна невял. памеры фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў. З 1860 да 1900 агульная колькасць фабрык і заводаў тут павялічылася ў 15 разоў, колькасць рабочых на іх — у 10,8 раза, колькасць мануфактур — у 5,4 раза, рабочых на іх — у 6,1 раза, колькасць дробнакапіталіст. прадпрыемстваў — у 2,2 раза, рабочых на іх — у 2,7 раза, рамесных майстэрняў — у 2,9 раза, рамеснікаў — у 3,6 раза. Агульная колькасць прамысл. рабочых на Беларусі ў 1900 склала 236,8 тыс. У выніку ўдзельная вага бел. прам-сці дасягнула ў прадукцыі прам-сці Расіі 5%, а колькасць рабочых — амаль 10%. Узмацнялася роля банкаўскага капіталу ў арг-цыі і развіцці капіталіст. прам-сці. Пасля пераадолення крызісу і дэпрэсіі 1900—07 сярэднегадавы рост валавой прадукцыі фабрычна-заводскай прам-сці ў Беларусі дасягнуў 13,9%. За 1900—13 колькасць буйных (цэнзавых) прадпрыемстваў павялічылася на 61,2%, іх валавая прадукцыя — на 229,6%. Характэрныя рысы развіцця К. гэтага перыяду — інтэнсіўнае тэхн. і тэхналаг. пераабсталяванне прадпрыемстваў, канцэнтрацыя вытв-сці і цэнтралізацыя прамысл. капіталу, узнікненне манапалістычных аб’яднанняў, пашырэнне працэсу акцыяніравання прадпрыемстваў, стварэнне спрыяльных умоў для замежных інвестыцый і інш.

У сучасны перыяд у Рэспубліцы Беларусь дзяржава стварае роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм уласнасці, у т. л. прыватнай, і гарантуе ўсім грамадзянам роўныя магчымасці для прадпрымальніцкай і іншай эканам. дзейнасці.

Літ.:

Маркс К. Капітал. Т. 1—3. Мн., 1952—53;

Яго ж. Теории прибавочной стоимости // Маркс К., Энгельс Ф. Соч. 2 изд. Т. 26, ч. 1—3;

Смит А. Исследование о природе и причинах богатства народов. М., 1962;

Ленін У.І. Развіццё капіталізму ў Расіі // Тв. Т. 3 (Полн. собр. соч. Т. 3);

Яго ж. Імперыялізм, як вышэйшая стадыя капіталізму // Там жа. Т. 22 (Там жа. Т. 27);

Экономика Белоруссии в эпоху империализма, 1900—1917. Мн., 1963;

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1—2. Мн., 1972;

История рабочего класса Белорусской ССР. Т. 1. Мн., 1984;

Экономическая история зарубежных стран. Мн., 1996;

Экономическая история капиталистических стран. М., 1986;

Капитализм на исходе столетия. М., 1987;

Экономика зарубежных стран: Капиталист. и развивающиеся страны. М., 1990;

Бродель Ф. Материальная цивилизация, экономика и капитализм, XV—XVIII вв.: Пер. с фр. Т. 1—3. М., 1986—92;

Друзик Я.С. Мировая экономика на финише века. Мн., 1997.

В.​П.​Панюціч.

т. 8, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАВАГРУ́ДАК,

горад абл. падпарадкавання, цэнтр Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл. За 162 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Наваельня на лініі Ліда—Баранавічы. 30,4 тыс. ж. (2000).

Паводле археал. даследаванняў, паселішча на тэр. сучаснага Н. ўзнікла ў канцы 10 ст. Першае верагоднае ўпамінанне ў пісьмовых крыніцах адносіцца да 1044. Летапісныя варыянты назвы горада — Новогород, Новогородок, Новый Городок і інш. Былі развіты рамёствы, існаваў гандаль з Зах. Еўропай, Прыбалтыкай, Б. Усходам. У 13—14 ст. цэнтр удзельнага Навагрудскага княства. У 1252 кн. Міндоўг каранаваўся ў Н. як кароль літоўскі, на падставе чаго шэраг гісторыкаў лічыць з гэтага часу Н. сталіцай ВКЛ. Сын Міндоўга Войшалк аб’яднаў вакол Н. Пінскую зямлю, Нальшчаны і Дзяволтву, што склала аснову ВКЛ. У 13 ст. на Н. неаднаразова нападалі татары і іх саюзнікі — дружыны галіцка-валынскіх князёў, у 14 ст. — крыжакі. З 1392 Н. — адзін з цэнтраў велікакняжацкага дамена, з 15 ст. цэнтр Навагрудскага павета. У 1428 вял. кн. Вітаўт запісаў Н. у пажыццёвае ўладанне сваёй жонцы Ульяне. У канцы 15 ст. ў Н. 3—4 тыс. ж. З 1316 Н. — цэнтр Літоўска-Навагрудскай мітраполіі, якая ахоплівала правасл. царкву ВКЛ (гл. ў арт. Кіеўская мітраполія). Пасля Брэсцкай уніі 1596 мітрапаліцкай кафедрай валодалі уніяты. У 16 ст. Н. быў адным з цэнтраў Рэфармацыі ў Беларусі. У 1507 утворана Навагрудскае ваяводства. У 1511 горад атрымаў магдэбургскае права (пацверджана ў 1562, 1595, 1776). Прывілеем 1595 зацверджаны гарадскі герб. У 1581—1775 у Н. адбываліся пасяджэнні Гал. літ. трыбунала. У 17—18 ст. дзейнічаў Навагрудскі езуіцкі калегіум. У 16—18 ст. горад моцна пацярпеў ад войн, пажараў і эпідэмій, у выніку чаго заняпаў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1801 цэнтр павета Гродзенскай, з 1842 — Мінскай губ. Жыхары ўдзельнічалі ў паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 у Н. 7887 ж. У 1-ю сусв. вайну з вер. 1915 да канца 1918 акупіраваны герм. войскамі. У снеж. 1918 вызвалены Чырв. Арміяй. З 18.4.1919 да 19.7.1920 і з 1.10.1920 акупіраваны польскім войскам. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр павета і ваяводства, 6376 ж. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Навагрудскага раёна Баранавіцкай вобл. У Вял. Айч. вайну 4.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Н. і раёне 45 065 чал. 8.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў ходзе Беластоцкай аперацыі 1944. З 1954 у Гродзенскай вобл., з 1963 горад абл. падпарадкавання. У 1972—20,6 тыс. ж.

У 12 ст. горад складаўся з дзядзінца (т.зв. Замкавая гара) і пасада — вакольнага горада (Малы замак). Кампазіцыйным цэнтрам былі дзядзінец і гандл. плошча з крамамі каля Замкавай гары, да якой сыходзіліся вуліцы-дарогі (гандл. шляхі). У 12—13 ст. на тэрыторыі вакольнага горада вылучаўся квартал з 2-камернымі жылымі дамамі багатых гараджан (пл. аднаго дома каля 76 м²), большасць з іх мела чарапічныя дахі, зашклёныя вокны, атынкаваныя сцены. Рэшткі такога будынка, т.зв. Навагрудскі «дом баярына», выяўлены пры археал. раскопках у пач. 1960-х г. Дамы чэлядзі былі пл. каля 30 м². Усе жылыя пабудовы наземныя і заглыбленыя, з печамі розных тыпаў. У 12 ст. пабудавана мураваная царква (гл. Навагрудская Барысаглебская царква), у 13—16 ст. — мураваны замак (гл. ў арт. Навагрудскія замкі), на тэр. дзядзінца якога ў 14—16 ст. пабудавана Навагрудская замкавая царква. У канцы 14 — пач. 15 ст. татары пабудавалі мячэць (не захавалася). У 14—17 ст. выраблялася навагрудская кафля. На гандл. плошчы былі пабудаваны: у 17 ст. Навагрудская ратуша, у 18 ст. Навагрудскі касцёл і кляштар францысканцаў, Навагрудскі Міхайлаўскі касцёл і кляштар дамініканцаў, Навагрудскі фарны касцёл, у пач. 19 ст. Навагрудскія гандлёвыя рады. У 17—19 ст. існаваў і Навагрудскі кляштар дамініканак. У 1751 і 1871 Н. моцна пацярпеў ад пажараў. У 1809 і 1872 складзены праекты планіроўкі горада (ажыццёўлены часткова). Планіровачная структура — няправільная радыяльная са складанай канфігурацыяй вуліц з-за асаблівасцей рэльефу. Да гандл. плошчы сыходзіліся 8 вуліц, у т. л. Бернардзінская (цяпер Гродзенская), Базыльянская (Паштовая), Троіцкая (Мінская), Слонімская (Міцкевіча), Валеўская (Леміна), Замкавая і інш. У пач. 20 ст. існавалі 2 правасл. царквы, сінагога, 6 яўр. малітоўных дамоў, мячэць, рэшткі ўмацаванняў на высокай гары і гара, вядомая як магіла Міндоўга, з помнікам тым, што загінулі ў бітве пад Хоцінам. У 1930-я г. ўзведзены цагляны будынак ваяводскага ўпраўлення. У цэнтр. частцы сучаснага Н. захавалася гіст. радыяльна-кальцавая планіроўка. Горад развіваецца паводле генпланаў 1964, 1972 і іх карэкціровак 1978 і 1985, праекта. дэталёвай планіроўкі цэнтра 1976. Прадугледжана захаванне планіровачнай структуры гіст. цэнтра, стварэнне зон ахоўных і рэгулявання забудовы, раскрыццё агульнагар. цэнтра на прыроднае асяроддзе. Арх.-планіровачны цэнтр — пл. Леніна (б. Гандлёвая плошча з мемар. скверам, музеем-сядзібай А.​Міцкевіча) з помнікамі культавай і грамадз. архітэктуры. Адм. цэнтр склаўся па вул. Міцкевіча. Капітальная забудова сканцэнтравана ў цэнтр. частцы горада, у раёне вуліц Міцкевіча, Савецкай і Леніна, мікрараёне Раднікі. Новае буд-ва вядзецца ў мікрараёнах Паўд. Захад, Паўд. Захад 2, па вуліцах Гродзенскай і Мінскай. На ўскраінах пераважае індывід. забудова сядзібнага тыпу. Прамысл. зона ў паўд.-зах. і паўн.-ўсх. частках горада. Зоны адпачынку ў Навагрудскім парку, скверах, прылеглых лясных масівах, на берагах воз. Літоўка. Праект рэгенерацыі гіст. забудовы Н. 1988 уключае тэрыторыю гіст. ядра, дзе асн. з’яўляецца зона гал. плошчы — пл. Леніна і Замкавай гары. Паводле генплана Н. 1995 арх.-планіровачнае, аб’ёмна-прасторавае вырашэнне скіравана на гарманічнае ўзаемадзеянне забудовы гіст. з новай, на стварэнне ўмоў для фарміравання горада як цэнтра турызму.

Навагрудскі завод газавай апаратуры, абястлушчанага малака і агароднінасушыльны з-ды, маслакамбінат, млынкамбінат, хлебазавод, ф-кі швейная і валюшна-лямцавая, вытв. ўчастак Лідскага піўзавода, 5 буд. арг-цый і інш. Навагрудскі гандлёва-эканамічны каледж, Навагрудскі саўгас-тэхнікум, прафесійна-тэхн. вучылішча, Навагрудскі гісторыка-краязнаўчы музей, Міцкевіча Адама дом-музей. Могілкі сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму, брацкая магіла чырвонаармейцаў, якія загінулі ў вер. 1939. Помнікі Я.​Коласу, А.​Міцкевічу, Невядомаму салдату, землякам, якія загінулі ў Афганістане, памятныя знакі каля гары Міндоўга і на Замкавай гары; курган Бессмяротнасці ў гонар А.​Міцкевіча. Помнікі архітэктуры: гандл. рады (1812), жылыя дамы (19 — пач. 20 ст.) і інш. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк (1930). На зах. ускраіне горада курганны могільнік 12—13 ст.

Літ.:

Королев Н.Д. Новогрудок: Ист.-экон. очерк. Мн., 1988;

Ермаловіч М.І. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990;

Навагрудак: [Фотаальбом]. Мн., 1994;

Гайба М.П. Навагрудак: Гіст. нарыс. Навагрудак, 1992;

Памяць: Гіст.-дак. хроніка Навагрудскага р-на. Мн., 1996.

М.​П.​Гайба (гісторыя), С.​Ф.​Самбук (архітэктура).

Навагрудак. Фрагмент гарадской забудовы.
Да арт. Навагрудак. Від на Замкавую гару і фарны касцёл. З малюнка Н.​Орды. Сярэдзіна 19 ст.

т. 11, с. 91

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНЯМО́ННЕ,

гісторыка-этнаграфічны рэгіён Беларусі, які займае тэр. Гродзенскай і сумежных ч. Брэсцкай і Мінскай абл. На Пд мяжуе з Заходнім Палессем (па вярхоўях р. Нараў і Ясельда да г. Бяроза і Івацэвічы), на У і ПнУ — адпаведна з цэнтральнай Беларуссю і Паазер’ем (на З ад г. Баранавічы па Налібоцкай пушчы, да г. Маладзечна, Мядзел, Паставы). Насельніцтва этнагенетычна склалася на слав. аснове з удзелам асіміляваных літвінаў (стараж. літвы і аўкштайтаў), ятвягаў, прусаў, татараў і інш. У сярэднія вякі рэгіён быў вядомы пад назвай Літва, побач з якой зрэдку ўжывалася і назва Чорная Русь, што, на думку некат. аўтараў (М.​К.​Любаўскі, П.​Д.​Бранцаў, У.​І.​Пічэта і інш.), уяўляла сабой першапачаткова слав. масіў на землях балцкіх плямён. У канцы 10—1-й пал. 11 ст. далучана да Кіеўскай Русі. У 12—1-й пал. 13 ст. знаходзілася ў сферы ўплыву Галіцка-Валынскага і Полацкага княстваў. У 13 ст. рэгіён апынуўся ў цэнтры важных паліт. падзей, якія зрабілі непасрэдны ўплыў на ўтварэнне ВКЛ. Яго першай сталіцай быў г. Новагародак (Навагрудак), дзе ў 1253 каранаваўся вял. князь Міндоўг. У гэты час этнічны склад насельніцтва рэгіёна папоўніўся за кошт шырокай хвалі перасяленцаў з Мазовіі, Прусіі, Жамойці, што сцякаліся сюды пад націскам тэўтонскай агрэсіі, а таксама мігрантаў з паўд.-рус. зямель, якія падвергліся спусташальнаму мангола-татарскаму нашэсцю. Край станавіўся адным з самых населеных і багатых абласцей.

У выніку этнічнага сімбіёзу на слав. аснове складваўся рэгіянальны тып культуры, у якой спалучаліся заходнярус. (бел.), польскія і балцкія рысы. Агульны лёс бел. і літ. народаў у складзе адзінай дзяржавы працяглы час абумоўліваў узаемны ўплыў і блізкія рысы ў развіцці этнасац., грамадска-прававых і эканам. адносін. Пасля Крэўскай 1385, Люблінскай 1569 і асабліва Брэсцкай 1596 уній узмацніліся экспансія каталіцтва і паланізацыя краю. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) П. адышло да Рас. імперыі. На тэр. П. былі ўтвораны Літоўская, пасля Гродзенская і Віленская губ. З 1920 П. ў складзе Польшчы, у 1939 уз’яднана з БССР.

У ландшафтах П. ўзгоркавыя ўзвышшы і перасечаныя раўніны чаргуюцца з шырокімі нізінамі, дрэніраванымі рэчышчамі Нёмана і яго прытокаў. Дзярнова-падзолістыя глебы на лёсападобных суглінках і водна-ледавіковых супесках пры захаванні пэўных агратэхн. правіл давалі высокія ўраджаі. У структуры пасеваў першае месца займала жыта (у сярэдзіне 19 ст. — 48,8% усёй плошчы), затым авёс (28,8), пшаніца (5,2), грэчка (4,6), ячмень (3,6), гарох (3), бульба (2,5); лён, проса, рэпа і каноплі складалі разам каля 3% пасеваў. У 2-й пал. 19 ст. пашырыліся пасевы кармавых траў, што паляпшала структуру глебы і стымулявала развіццё жывёлагадоўлі. Палі апрацоўваліся з дапамогай т.зв. літоўскай (палескай) сахі, якая была прыстасавана да мясц. умоў і мела больш лёгкую канструкцыю для аднаконнай (ці аднаваловай) запрэжкі. Шырокае развіццё мануфактурнай вытв-сці садзейнічала развіццю гандл. адносін. Прам-сць Гродзенскай губ. давала ў 1859 прадукцыі больш, чым усе астатнія бел. губерні, разам узятыя. Шырокі размах у П. атрымаў кірмашовы гандаль (толькі Зэльвенскі кірмаш у 1-й пал. 19 ст. па тавараабароце пераўзыходзіў усе кірмашы Мінскай і Віленскай губ.).

Да аграрнай рэформы 2-й пал. 16 ст. характэрным тыпам сельскіх пасяленняў была невял. вёска са свабоднай (бессістэмнай) забудовай. Перабудова пасяленняў паводле «Уставы на валокі» 1557 ахапіла 90% вёсак Гродзенскай эканоміі (больш, чым у якім-н. інш. рэгіёне Беларусі). У выніку правядзення валочнай памеры ўзнікла шмат новых вёсак вулічнага тыпу, якія размяшчаліся на адкрытай мясцовасці ўздоўж дарог і гандл. трактаў, паблізу рэк і азёр. Устаўныя вёскі (з жылым памяшканнем на адным баку вуліцы і з гасп. на другім) захоўваліся тут да пач. 20 ст. Вёскі дзярж. сялян (напярэдадні рэформы 1861 складалі трэцюю ч. насельніцтва) былі больш упарадкаваныя, у іх у 1860-я г. курныя хаты заменены «чыстымі». Прадстаўнікі свабоднага саслоўя (дробная шляхта, аднадворцы) пражывалі ў аколіцах, засценках, фальварках, назвы якіх часцей паходзілі ад прозвішчаў жыхароў. Кожны двор уяўляў аўтаномную ячэйку, слаба ўвязаную з агульнай структурай пасялення. Жылыя памяшканні звычайна будавалі ў глыбіні двара. Асабліва многа спадчынных маёнткаў дробнай шляхты было рассеяна на тэр. Ашмянскага пав. Значнае развіццё саматужнай прам-сці і гандлю павышала ў рэгіёне ролю мястэчак, якія звычайна вырасталі з сёл, што належалі буйным магнатам. Найб. тыповая для сял. сядзіб пагонная (аднарадная) сістэма забудовы. Гумны, пуні ставілі на некат. адлегласці ў канцы сядзібы ці насупраць па другі бок вуліцы. Там жа будавалі і свірны. Характэрныя для рэгіёна былі 2-павярховыя лямусы. Бытаванне тут лямусаў мае стараж. традыцыю і, паводле археал. матэрыялаў, яны вядомы з 11 ст. Тыповая планіровачная структура традыц. жылля хата + сенцы + камора. У пач. 20 ст. яна ўскладнілася вылучэннем функцыянальна самаст. кухні, спальні, святліцы. Дамы дробнай шляхты мелі падсені ці ганкі, у 2-й пал. 19 ст. іх будавалі і сяляне. Нар. архітэктура ў П. прагрэсіравала хутчэй, чым у інш. рэгіёнах, актыўна пераймаючы асобныя зах. канструкцыйныя формы і ўдала перапрацоўваючы іх у спалучэнні з традыцыйнымі. Побач з буд-вам жылля з круглых бярвён, што звязваліся ў просты вугал, у 19 ст. часцей сустракаліся пабудовы з брусковых бярвён, рубленых у гладкі (чысты, нямецкі) вугал. Высокія 2-схільныя і паўвальмавыя дахі мелі кроквенную канструкцыю, захавалася і традыц. апорная канструкцыя на стаяках і сохах. Дахі крылі саломай («пад шчотку», «пад страхоўку»), гонтай і чарапіцай. Характэрная прыкмета культ. ландшафтаў — прыдарожныя крыжы і капліцы.

Традыц. бел. адзенне ў мясц. этнагр. матэрыяле захавалася горш, чым у інш. рэгіёнах Беларусі. Стракаты этнасац. склад, параўнаўча развітая сістэма шляхоў зносін павялічвалі кантраст у адзенні і разам з тым садзейнічалі ўзаемнаму ўзбагачэнню. Тыповая верхняя вопратка — бурнос з адкладным каўняром свабоднага крою і прыталеная світа (сярмяга) з вузкім стаячым каўняром, сшытая з даматканага шэрага і цёмна-шэрага сукна. Дробная шляхта і дзярж. сяляне замест сярмягі насілі капот з шэрага і шэра-зялёнага сукна. Жанчыны насілі больш кароткую катанку. З інш. тыпаў верхняй вопраткі ў шырокім ужытку былі кажух, палатняны насоў, курта (спанцэрка), жаночы кафтан (каптанік), мужчынская безрукаўка (камізэлька). Звычайны комплекс жаночага адзення складаўся з ільняной кашулі, андарака (або спадніцы), фартуха, гарсэта. Кашулі з прамымі полікамі мелі адкладны каўнер і рукавы з абшлагамі. Стараж. тунікападобная кашуля раней, чым у інш. рэгіёнах, стала споднім адзеннем. Святочныя кашулі і льняныя фартухі ўпрыгожвалі вышыўкай, у якой дамінаваў геам. арнамент; найб. распаўсюджаная фігура — васьмівугольная зорка, у стылізаванай выяве блізкая да расл. форм (ваўкавыска-камянецкі строй). Гарсэты з цёмнага сукна шылі прыталеныя, часта з надрэзамі ў ніжняй частцы. Чапец (або каптур) нярэдка меў навушнікі і абшываўся па краі чырвонай стужкай. Як самастойны ўбор захаваўся да пач. 20 ст., звычайна яго надзявалі замужнія жанчыны на святы (мастоўскі строй, навагрудскі строй). Узорыстыя посцілкі, ручнікі, дываны, абрусы П. вызначаліся багаццем маст. сродкаў, высокім майстэрствам выканання. У вытв-сці керамічнага посуду і яго дэкар.-засцерагальнай апрацоўцы задымліванне часта спалучалася з глянцаваннем. Мясц. гаворкі П. ўваходзяць у паўд.-зах. дыялект. Адзначаныя рысы нар. культуры і гасп.-быт. ўкладу ў бел. П. прайшлі доўгі шлях развіцця, адлюстроўваюць складаную этнічную гісторыю насельніцтва краю.

В.​С.​Цітоў.

т. 12, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

што ​1, чаго, чаму, што, чым, аб чым, займ.

1. пытальны. Абазначае агульнае пытанне аб прадметах, з’явах і іх прыметах, дзеянні, стане каго‑, чаго‑н. А што там, што там за ракой? Прыходзь — і зразумееш: Тут замець рупнаю рукой Насыпала сувеі. Матэвушаў. [Пан:] — Загадаю вам тры загадкі: што на свеце сыцей за ўсё? што на свеце саладзей за ўсё? што на свеце шпарчэй за ўсё? Якімовіч. Дарога, дарога! Чым заваражыла мяне ты? Танк. / У спалучэнні з часціцамі і займеннікамі «ж», «жа», «гэта», «такое». — Што ж цяпер рабіць? — спытаў .. [тата] сам у сябе і цішэй дадаў: — Ды так і заблудзіцца можна. Пальчэўскі. — А што ж гэта за вуліца, ці даўно яна тут? Кулакоўскі. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах у значэнні: нічога ўжо не зробіш, не варта і гаварыць. [Журавінка:] — Бывае, Хрысцінка, чалавек спатыкнецца. То што ж ты ўжо зробіш? Лобан. [Рыгор:] — Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога. Гартны. // Ужываецца ў рытарычных пытаннях у значэнні: добры, нічога. Чым не хлопец? Чым не горад? Чым не машына? □ [Тодар:] — Вось хоць бы і Антоля Скрылёва — чым не дзяўчына? Крапіва.

2. (толькі ў форме Н што) пытальны, у знач. вык. У якім стане хто‑, што‑н. знаходзіцца?, як? — Як наша вёска, што суседзі?

3. (у форме Н што і Р чаго) пытальны, у знач. прысл. Чаму?, па якой прычыне? — Што ж не кланяешся мне? — Грозна Леў спытаў. Танк. «Што ж гэта я зусім раскісла? Так, сапраўды, і да сухотаў недалёка». Ваданосаў. — Што так шчыра прыняўся за работу? — перабілі .. [Рыгора] суседзі. — На абед пара. Гартны. — Ну, заспявай яшчэ, — сказаў хлопец.. — Чаго ж ты пакінуў спяваць? Чорны.

4. (у форме Н што і Р чаго) пытальны, у знач. прысл. Для чаго?, навошта?, з якой мэтай? Што нам Кола сяброў завужаць, — Скрыжаваліся Нашы скрыжалі. Барадулін. [Сашка:] — Чаго ты, Валя, заходзіла тады да Шпулькевіча, калі мы з табой першы раз убачыліся? Чорны. Хацеў Сцёпка проста ў панскі дом ісці, ды лёкай спыніў: — Ты чаго тут, валацуга, цягаешся! Якімовіч.

5. Ужываецца ў рытарычных пытаннях і воклічах: а) адпавядае па значэнню адмоўнаму займенніку «нішто», а таксама назоўнікам, якія абазначаюць адмоўныя ўласцівасці, якасці. Што мне ворагі! Што яму мароз! □ Што па той чэсці, калі няма чаго есці. Прыказка; б) (у форме Р) пры наступным адмоўі ў значэнні: усё, усякае, любое. Чаго няволя не зробіць! І чаго за жыццё не зазнаеш! □ Чаго-чаго толькі .. [гаспадыні] не панеслі: стог бліноў стаяў пасярод стала, як асэсар, побач блішчала ўсімі колерамі неба і зямлі яечня з салам і каўбасой. Бядуля.

6. неазначальны. Разм. Што-небудзь, штосьці. [Брэйт:] — Толькі вы тут будзьце. Калі што — я прыскочу... Ставер. — Дайце мне, мама, перакусіць чаго. — А чаго ж табе даць, сынку? — Што ёсць у вас. Гартны. [Алаіза:] — Вы тут крыху пасядзіце, пазабаўляйцеся чым, а я на хвіліначку выскачу. Арабей.

7. (у форме В) указальны. Ужываецца ў спалучэнні з часціцамі «вось», «во», «от» для ўдакладнення выказвання ў значэнні: наступнае, іменна гэта. [Шэмет:] — Вось што я хачу сказаць. Такіх старшынь, як Бадытчык, мы не будзем знімаць, а будзем шукаць. Лобан. — Во што я скажу, Алесь: Віктар табе не таварыш, — проста пазіраючы на яго, сказала Лена. Ваданосаў. [Людміла:] Я не бачу тут Ніны Зорынай. Ёй паведамілі? [Соня:] А яе і не будзе. Вось што. Кучар.

8. адносны. Ужываецца ў складаназалежных сказах з даданымі дапаўняльнымі. Маці ніяк не магла зразумець, што робіцца з сынам. Паслядовіч. [Лютынскі:] Сядзь, я зараз пашукаю, чым перавязаць [руку]. Крапіва. Запанавала цішыня. Бацька, відаць, яшчэ не ўцяміў, што да чаго. Бажко. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. [Маёру] ніяк не ўдавалася даць рады таму, што рабілася на дарогах і прасёлках. Лынькоў. Сынава ўяўленне дарысавала да канца тое, пра што толькі з большага сказаў бацька. Чорны. — Што прайшло, таго не вернеш! Гурскі. // Далучае даданыя дапаўняльныя сказы з прычынным адценнем, выступаючы ў значэнні займеннага прыслоўя «чаму». Пачаў і на яго [сына] бацька сварыцца, што толькі час марна траціць. Якімовіч.

9. адносны. Далучае дзейнікавыя даданыя сказы. [Конан:] — Што не ў меру, тое ў шкоду. Лобан. Што з воза ўпала, тое прапала. Прыказка.

10. адносны. Далучае выказнікавыя даданыя сказы, якія звычайна раскрываюць выказнік галоўнага сказа, выражаны займеннікамі «такі», «гэтакі», «той». — Працоўная слава — гэта не тое, што даецца чалавеку адзін раз і назаўсёды. Краўчанка. Што міру, тое і бабінаму сыну. Прыказка.

11. адносны. Далучае даданыя азначальныя сказы, выступаючы ў значэнні займеннікаў «які», «каторы». Другую групу касцоў, што ідзе следам за намі, вядзе Валодзька Цітовіч. Брыль. Зацвіла каліна, Што вадзіла летам, Ой, чырвоным цветам Зацвіла каліна. Трус. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Пакінем спадчыну мы для патомкаў Інакшую ад той, Што ўзялі мы ад продкаў на абломках Гісторыі сваёй. Купала. Да асуджаных кінуліся салдаты. І тады той з людзей, што стаяў першым у шарэнзе, загаварыў. Лынькоў.

12. адносны. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае сабой даданы ўступальны сказ. Жывём багата, што там ні кажы. Панчанка. Што ні кажы, дзялка і хвата Прызнаць адкрыта трэба ў ім [Богуце]. Колас.

13. адносны. Ужываецца для сувязі даданых далучальных сказаў дабавачнага характару. — А я не аграном, — адказала Іра. — Палоць трэба, што ж яшчэ рабіць. [Алёша:] — Палоць? А вой! Хто ж канюшыну поле? Лобан. Аднаго разу прыязджаў сам граф верхам на кані, чаго ніколі не бывала. Пестрак.

•••

Адно што гл. адзін.

А што ты думаеш гл. ты.

Бадай што гл. бадай.

Блізка што гл. блізка.

Бог (святы) ведае што гл. бог.

Больш чым... гл. больш.

Вось яно што! гл. вось ​2.

Вунь яно што! гл. вунь.

Дарма (дармо) што гл. дарма.

Дзіва што гл. дзіва.

(Ды) што (і) гаварыць гл. гаварыць.

За што купіў, за тое і прадаю гл. купіць.

І думаць няма чаго гл. думаць.

Калі што якое — калі здарыцца што‑н. нечаканае, узнікнуць якія‑н. цяжкасці, непрыемнасці і пад. [Бондар:] — Запомні, калі што якое, галавой адкажаш... Навуменка. Па ўспамінах старых людзей, што перадаваліся з пакалення ў пакаленне, паўстанцы часта казалі, калі што якое: «Будзем скардзіцца Кастусю!..» В. Вольскі.

Лічыць ні за што гл. лічыць.

Мала што гл. мала.

На чым свет стаіць гл. свет.

Не абы (там) што — не простая рэч, не дробязь, не глупства. [Ілья:] — Эх, нічога вы, жанчыны, не цяміце ў рыбацтве. Гэта ж спорт, высакародны спорт, а не абы там што! Васілёнак.

Ні за што (на свеце) — ні ў якім выпадку, ні пры якіх умовах, ніколі. І ўжо каторы раз.. [Вера] думала, што так бязглузда памылялася ў людзях, меркавала аб іх па першаму ўражанню і потым ні за што не хацела мяняць сваёй думкі. Асіпенка.

Ні за што ні пра што — а) дарэмна. Атрымаўшы пяцёрку ні за што ні пра што,.. [доктар] збянтэжыўся, пачырванеў і прамовіў: — А можа, гер Гендарсан, я ўсё-такі пагляджу на вашы зубы? Чарнышэвіч; б) без прычыны, без падстаў.

Ні пры чым — не мае ніякіх адносін да чаго‑н., не з’яўляецца прычынай чаго‑н.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. зацяць.

Няма на што глядзець гл. глядзець.

Няма чаго богу грашыць гл. грашыць.

Няма чаго граху таіць гл. таіць.

Няма чаго казаць гл. казаць ​1.

Няма чаго на бога ківаць гл. ківаць.

Няма чаго рабіць гл. рабіць.

Няма чым крыць гл. крыць.

Пакуль што гл. пакуль (у 1 знач.).

Пры чым тут хто-што — якія адносіны хто‑, што‑н. мае да гэтага.

У чым маці нарадзіла гл. маці.

У чым справа? гл. справа ​1.

Хоць бы што каму — а) ніколькі не хвалюе, не турбуе што‑н. Дзяўчаты ўзяліся за Васіля Міронавіча .. Той хоць бы што: сядзеў і ківаў галавою. Пташнікаў; б) зусім не цяжка. Пятро і Аляксей задыхаліся, прабіраючыся па ярах, а Міколу — хоць бы што. Новікаў; в) ніякіх вынікаў. Усю вясну Уля калечыла свае рукі.. Чаго толькі не прыносіла суседка, чым не мазалі доўгія дзявочыя пальцы? І хоць бы што. Паўлаў.

Чаго варты! гл. варты.

Чаго добрага гл. добры.

Чаго не бывае гл. бываць.

Чорт ведае што! гл. чорт.

Чым багаты, тым і рады гл. багаты.

Чым дыхае (дыша) хто гл. дыхаць.

Чым хата багата гл. хата.

Што бога гнявіць; няма чаго бога гнявіць гл. гнявіць.

Што б там ні было гл. быць.

Што будзе, тое будзе гл. быць.

Што вы! (ты!) — выражае здзіўленне, спалох як рэакцыя) на чые‑н. словы, учынкі.

Што (гэта) за ... — у пытальных сказах абазначае пытанне пра якасць, уласцівасць: які, якая, якое, якія? — І што гэта за грукат стаіць дзень і ноч? — дадала Наста. М. Ткачоў. Вы, зязюлькі мае, цёткі, Што за смак вам плесці плёткі?! Крапіва.

Што да каго-чаго, то (дык)... — калі гаварыць аб кім‑, чым‑н., мець на ўвазе каго‑, што‑н., то (дык)...

Што датычыцца каго-чаго, то... гл. датычыцца.

Што ёсць духу (сілы) гл. дух.

Што за... — у клічных сказах выражае эмацыянальныя адносіны да ўласцівасцей каго‑, чаго‑н. (захапленне або абурэнне). Што за рогі былі ў яго [лася]! Узнятыя ўгору на фоне ружовага неба, яны перапляталіся з галінамі і, здавалася, засланялі сабой увесь лес. Няхай.

Што за ліха! гл. ліха ​1.

Што за чорт! гл. чорт.

Што значыць хто ці што гл. значыць ​2.

Што называецца гл. называцца.

Што ні крок гл. крок.

Што трэба гл. трэба ​1.

Што (тут, і) казаць гл. казаць ​1.

Што-што, а...; чаго-чаго, а...; чаму-чаму, а... — падкрэслівае выключнасць прадмета, з’явы, падзеі і пад., пра якую паведамляецца. У сканцэнтраваным расоле, які запаўняў лагуну, чаго-чаго, а солі было дастаткова. Чаркасаў.

Што я (ты, ён) там (тут) забыў? гл. я.

што ​2, злучн.

1. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы: а) са значэннем паведамлення, выказвання, думкі, пачуцця ці ўнутранага стану і пад. Апошняе меркаванне, што Саўка спалохаўся паўстанцаў, змусіла войта задумацца. Колас. У першым сваім пісьме да Валі Люба напісала, што яе пасылаюць вучыцца на рабфак. Чорны. [Валя:] — Ой, цяжкі быў час, не думалі, што выжывем, а вось выжылі. Арабей. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Ніна ўжо некалькі дзён думала аб тым, што павінна сказаць аб усім Лявону. Галавач; б) з прычынным адценнем, выступаючы ў значэнні займеннага прыслоўя «чаму». Галя горка папракала сябе, што выбрала такі нязручны час, каб паехаць на якую пару дзён да сваёй сяброўкі. Лынькоў. [Туляга:] Я хацеў бы параіцца з вамі.. [Вера:] Дык парайцеся. [Туляга:] Але ж і раіцца небяспечна. Баюся, што пойдуць усялякія чуткі. Крапіва. / Пры наяўнасці суадноснага слова ў галоўным сказе. Бацькі былі ўсцешаны тым, што дзеці сталі на свае ногі, што кожны знайшоў сваю дарогу ў жыцці. Лынькоў.

2. тлумачальны. Падпарадкоўвае дзейнікавыя даданыя сказы. Наіўнае юнацтва! Табе здаецца, што ты выключнае, што ты самае разумнае, мудрае, не падобнае на ўсіх, і жаданні ў цябе недасягальныя! Шамякін.

3. тлумачальны. Падпарадкоўвае выказнікавыя даданыя сказы, якія раскрываюць выказнік галоўнага сказа, выражаны як займеннікамі, так і іншымі часцінамі мовы. Партыя вучыць, што ўзняць культуру кожнага з народаў Савецкага Саюза можна толькі на яго роднай мове. Крапіва. Час быў такі, што нашы бацькі былі на вайне. Чорны.

4. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя сказы меры і ступені (звычайна пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «так», «такі», «настолькі», «да таго»). Такі шум, гоман на кірмашы, што чалавек ледзь не аглух. Якімовіч. Граматычны лад нашай [беларускай] мовы настолькі дасканалы, што дае магчымасць пабудаваць любую фразу, выказаць любую думку. Крапіва. А навакол такі спакой, Што посвіст салаўіны Здаецца громам над зямлёй Чырвоным, белым, сінім. Танк. Прабірацца па лесе нялёгка: намяло снегу столькі, што як вухнеш у яміну, то наверсе застанецца адна аблавушка. Лецка.

5. тлумачальны. Падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння (звычайна ў адпаведнасці з суадноснымі словамі «так», «гэтак» у галоўным сказе). [Лявон:] Дык ён, гэты Драздоўскі, так завязаў нам вузел, што каля дзесяці гадоў разблытвалі, чуць канец знайшлі. Галавач. Гаварыў .. [Клыга] так, што зразу відаць было, што ўсякае слова яго — гэта вера яго. Чорны.

6. параўнальны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя параўнальныя сказы і параўнальныя звароты, выступаючы ў значэнні злучнікаў чым, як, нібы, нібыта. На Шэмета [Журавінка] паглядзеў — што рубля падарыў. Лобан. Тральшчык, што мінёр — памыляецца адзін раз у жыцці. Б. Стральцоў. Сон навальваецца як сцяна. Спіш — што мёртвы. Мележ. / З адценнем градацыі. Што бліжэй да агню, то ўсё больш і больш хлапчукі прыбаўлялі кроку. Кулакоўскі.

7. умоўны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя ўмоўныя сказы; па значэнню адпавядае злучнікам калі, раз. [Доктар:] Мусіць, цётка вельмі паноў любіць, што і нас панамі называе? Крапіва.

8. прычынны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы прычыны. Хлебароб, аддаўшы сілы Свайму полю-ніве, Усміхнецца табе міла, Што ты ўрадліва. Гартны.

9. часавы. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы часу, дзеянне якіх адбываецца адначасова з дзеяннем галоўнага сказа, выступаючы ў значэнні злучніка «як толькі». [Даніла:] Руку, друг!.. Што дзень, то больш у мяне баявых таварышаў. Крапіва. — Будзе і наша свята. Што дзень — то бліжэй яно. Брыль.

10. Уваходзіць у склад састаўных падпарадкавальных злучнікаў: а) прычынных злучнікаў «таму што», «ад таго што», «у сувязі з тым што», «затым што», «дзеля таго што». Не трэба туды ісці, таму што і масток і Віктар увесь час перад вачыма. Кулакоўскі. Гарнітур быў нішто, але няспрытна вельмі ж сядзеў, мусіць, ад таго, што манішка і цвёрды каўнер усё роўна як звязвалі чалавека. Чорны; б) уступальным злучнікаў «дармо што», «нягледзячы на тое што». Лявонка хлопец дзельны, дармо што і наезджы. Машара. Нягледзячы на тое, што прыказкі і прымаўкі самастойна не бытуюць, яны не трацяць ад гэтага свайго велізарнага значэння. Крапіва; в) выніковых злучнікаў «так што», «у выніку таго што». Поезд імчаў у цёмную ноч, так што Паддубны не заўважыў, калі праехалі праз тунель Папар. Пестрак. Быў ён чалавек ціхі і непрыкметны. Ні з кім асабліва не сыходзіўся, так што ніхто добра не ведаў, як ён жыве. Лынькоў; г) далучальных злучнікаў «тым больш (болей) што». Лабановіч сабраўся паблукаць па верханьскіх ваколіцах, тым болей што не ўсе яны былі даследаваны ім. Колас. Здалёк нельга было пазнаць, хто гэта, тым больш, што жанчына толькі на хвіліну прыпынілася каля цэментавых прыступак. Кулакоўскі.

што ​3, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці, меркавання і пад. — Што, едзеш? — спытаўся Падбярэцкі і зноў паскроб патыліцу. Пташнікаў. Больш за ўсё непакоіла думка: а што, калі Толя, для якога яна хоча купіць баян, не прыедзе?.. Ваданосаў. Цяпер .. [хлопцы] ўжо не спускалі вачэй з травы, заглядвалі і ў кусты. А што калі і яшчэ дзе валяецца такі ж аўтамат! Якімовіч.

2. (у форме Н таго Р чаго) пытальная. Ужываецца ў дыялагічнай мове ў ролі словасказа як адказ на пастаўленае пытанне ў значэнні: што?, чаго трэба? або для выражэння здзіўлення ў сувязі са сказаным ці просьбы паўтарыць недачутае, незразуметае. — Смех смехам, а паплавы марнеюць. — А што, раней не выгаралі вось так, як і сёлета? Асіпенка. [Каця:] — А ўсё ж прызнаеш — [хлопец] прыгожанькі! — Ну і што? — Як што? — наступала Каця, адчуваючы свой верх. Ракітны.

3. У складзе мадальнай часціцы «ці што» ужываецца для выказвання меркавання ці няўпэўненасці ў чым‑н. [Гулякоў:] — Дык што, гаспадар? Маўчаць будзеш? Язык прыкусіў ты, ці што? Кавалёў. [Камлюк:] — На атрад Паддубнага ўзялі [самалёты] курс, ці што? М. Ткачоў. А што мы — бедныя, ці што? Ці наша поле не ўрадзіла? Ці нашых фабрык не чутно? Гілевіч.

4. У складзе мадальнай часціцы «што ж» ужываецца: а) пры выказванні згоды, прымірэння ці адабрэння чаго‑н. — Гол! — з захапленнем крычыць Віця. — Давай свабодны! — Ну што ж, няхай будзе свабодны! Мяч ляціць высока ўгору. Васілёнак. — Калі суджана разам жыць, вернецца, а калі не, што ж, мая дачка, не ты адна такая... Гроднеў; б) у дыялагічнай мове пры пабуджэнні субяседніка адказаць на пытанне, удакладніць што‑н. Томцы, як кажуць, пашанцавала — яе заўважыў галоўны інжынер будаўнічага ўпраўлення. — Ну і што ж там твая Томка? — не надта прыязна запытаўся Васіль. Кулакоўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

то​III част.

1. (для выделения значения слов) якра́з, вось, вунь; (в сочетании с неопр. накл. глагола) дык;

тебя́-то мне и ну́жно ты мне якра́з і патрэ́бен;

э́того-то я и хоте́л гэ́тага якра́з (вось) я і хаце́ў;

в то́м-то и де́ло у тым вось (якра́з) і спра́ва;

смотри́, глаза́-то у них совсе́м слипа́ются глядзі́, во́чы вунь у іх зусі́м зліпа́юцца;

я и смотре́ть-то на него́ не хочу́ я дык і глядзе́ць на яго́ не хачу́;

2. (при выражении фамильярности, интимности) гэ́та (гэ́тага і да т. п.) то́лькі, дык; (часто — без перевода);

что́-то он сейча́с поде́лывает? што гэ́та ён цяпе́р парабля́е?;

высоко́ лета́ет, где́-то ся́дет? погов. высо́ка лята́е, дзе то́лькі ся́дзе?;

вот беда́-то! вось бяда́!;

я его́ хорошо́ знал, старика́-то я яго́ до́бра ве́даў, старо́га гэ́тага;

у все́х-то он был, все́х-то он ви́дел ва ўсіх ён быў, усі́х ён ба́чыў;

3. неопределённая -сьці, -сь (пишется с соответствующими мест. и нареч. слитно, без дефиса);

кто́-то, что́-то, где́-то, куда́-то хто́сьці (хтось), што́сьці (штось), дзе́сьці (дзесь), куды́сьці (кудысь); чаще неопределённые мест. и нареч. данного типа переводятся не́хта, не́шта, не́дзе, не́куды;

кто́-то пришёл не́хта (хто́сьці) прыйшо́ў.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

flush

I [flʌʃ]

1.

v.i.

1) чырване́ць

The girl flushed when they laughed at her — Дзяўчы́на пачырване́ла, калі зь яе́ сьмяя́ліся

Blood flushed to her cheeks — чы́рвань уда́рыла ёй у шчо́кі

2) пуска́ць па́расткі (пра расьлі́ну)

2.

v.t.

1)

а) змыва́ць струме́нем вады́ (ву́ліцы)

б) спушча́ць ваду́

to flush the toilet — спусьці́ць ваду́ ў прыбіра́льні

в) ачышча́ць стра́ўнік (пасьля́ атру́чаньня)

2) напаўня́ць, перапаўня́ць (ра́дасьцю, го́нарам); захапля́ць

flushed with joy — перапо́ўнены ра́дасьцю

3.

n.

1) румя́нец -ца m., чы́рвань f. (на тва́ры)

2) струме́нь -я m.

3) прылі́ў (пачуцьця́), захапле́ньне n., узбу́джанасьць -і f.

in the flush of victory — у ра́дасным узды́ме перамо́гі

4) бу́йны рост (травы́ вясно́ю)

5) ду́жасьць, бадзёрасьць f.

the first flush of youth — пе́ршы ро́сквіт маладо́сьці

6) прысту́п гарачыні́, гара́чкі; прылі́ў (крыві́)

II [flʌʃ]

1.

adj.

1) ро́ўны, на тым са́мым узро́ўні

2) до́бра забясьпе́чаны, замо́жны

3) шмат, у вялі́кай ко́лькасьці

4) шчо́дры; лібэра́льны

5) румя́ны; по́ўны сі́лаў, здаро́ўя

6) по́ўны да ве́рху

2.

adv.

1) ро́ўна

2) про́ста

He hit him flush on the nose — Ён уда́рыў яго́ про́ста ў нос

III [flʌʃ]

1.

v.i.

узьлята́ць; успы́рхваць (пра пту́шку)

2.

v.t.

1) спу́джваць

The hunter’s dog flushed a partridge — Саба́ка паляўні́чага ўспу́дзіў курапа́тку

2) informal прымуша́ць вы́йсьці са схо́ванкі; лаві́ць уцекачо́ў

3.

n.

1) успу́джваньне n.

2) спу́джаная пту́шка або́ чарада́ пту́шак

IV [flʌʃ]

n.

ка́рты аднае́ ма́сьці, ко́лер -у m.

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс) 

Малача́й 1 ’трава, пустазелле’ (Сцяшк.), ’малачай, Euphorbia helioscopia L.’ (віц., гом., мін., Кіс.; слуц., Лекс. і грам.; Шат., Бяльк., Сл. ПЗБ), стаўбц. малатча́й (З нар. сл.), б.-каш. маладча́й (Мат. Гом.), малачня́к (браг., лоеў., хойн., Мат. Гом.), малача́к, ’тс’ (жлоб., Мат. Гом.; рэч., Нар. сл.), лельч. молочʼя́к ’тс’ (Нар. лекс., Жыв. сл.), малача́йнік ’тс’ (ТСБМ, Бяльк.), молочʼя́к ’малачай кіпарысы, Euphorbia cyparissias L.’ (стол., петрык., Бейл.). Укр. молочай, молочак, молочник, рус. волчье молоко, молочник, польск. mlecznik, mlecz (ostromlecz, wilcze mleko, wilczy mlecz, psimlecz, wilczomlecz), в.-луж. mlóčeń, mlóčenje, чэш. vlčí (zajačí, žabí, kaní, kozí, hadí, čertovo) mléko, mléč (žabí, hadí), славац. mliečnik, славен. mlȇčec, mléček, серб.-харв. млѐчика, млеча, mliječ, макед. млеч, балг. млечок ’малачай’. Да малако (гл.). Фармацыі з суфіксам ‑ай утвараюць бел.-укр. ізалексу. Усе вышэйпералічаныя слав. назвы звязваюцца з малаком у сувязі з тым, што расліна вылучае сок, падобны да малака, які мае востры, непрыемны смак, таму да назваў расліны дадаюцца азначэнні воўчы, сабачы, зайцаў, дʼяблаў і да т. п. (Махэк, Jména, 139). Аналагічна ў інш. мовах, параўн. ням. Wolfmilch.

Малача́й 2, молоча́й ’адуванчык лекавы, Taraxacum officinale Web.’ (брэсц., гродз., мін., Кіс.; Бейл., ТС), молочʼяк ’тс’ (ТС). Укр. молочі́й, молочко́, моло́чник, моло́шник, рус. молоча́й ’тс’, польск. mlecz, в.-луж. mlóč, чэш. smetanka, усх.-чэш. mlíčí, славен. mlȇć, серб.-харв. мле́кача, макед. млечка. Усходнеславянскае. Да малача́й 1 (гл.).

*Малача́й 3, молочя́й ’лянок звычайны, Linaria vulgaris Mill.’ (Бейл.). Укр. молочі́й, моло́шничок, рус. тул. моло́чник. Бел.-укр. ізалекса. Да малача́й 1 (гл.).

Малача́й 4 жоўты ’падтыннік вялікі, Chelidonium majus L.’ (Дэмб. 1). Укр. молоча́й жовтий, молочник, молошник, рус. варон., ніжагар. молочай жёлтый ’тс’, польск. mlecz żółty, чэш. mlíč, hadí mlíč, hadí mlíčí, славац. psie mlieko, харв. žuta mličica, ням. Milchblume ’тс’. Да малача́й 1.

Малача́й 5 ’дзіцячая хвароба малочніца’ (Шат.). Бел. рэгіяналізм. Да малако (гл.). Аб суфіксе гл. Сцяцко (Афікс. наз., 145). Гл. таксама малочніца.

Малача́й 6 ’грузд перцавы, Lactarius piperatus’ (БелСЭ, 4; Сцяц.; карм., лельч., Мат. Гом.; уздз., Нар. словатв.), драг. молоче́й, кобр. молочі́йка (Жыв. сл.). Рус. калін. молоча́й ’гатунак капялюшных грыбоў’, польск. mleczaj ’грузд перцавы’, серб.-харв. млечница, славен. mlȇčec, балг. лютива млечница. Паўночнаславянскае. Да малако (гл.). Матывацыя: грыб выдзяляе сок, падобны да малака. Аналагічна ням. Milchpilz (= малочны грыб). Параўн. драг. малочны грыб ’грыб, які выдзяляе малакападобны сок’ (Жыв. сл.) і бел. млечнік ’грузд’.

*Малача́й 7, мълъча́й ’рыбіна з малокамі’ (гарад., Нар. лекс.), ’семявая вадкасць рыб’ (паст., швянч., ігн., гродз., Сл. ПЗБ), чэрв. малача́йка ’тс’ (там жа), молоча́к ’сялёдка з малокамі’ (Бес.). Рус. анеж. молоче́й ’малокі рыб’, польск. mleczak. Бел.-рус. ізалекса. Да малако ’малокі’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жа́варанак 1, жаўранак, жаўру́к (ТСБМ), жарва́нак (Мат. Гом.) ’птушка Alaudidae’. Рус. жа́воронок, дыял. жа́вронок, укр. жайворонок, дыял. джа́ворок, джа́воронок, палаб. zevornak; параўн. рус. дыял. зговоронок (Праабражэнскі, 1, 220), сковронок, щевронок, польск. skowronek, чэш. skřivan, skřivánek, дыял. skovránek, skovránok, (славац. skovran, skovránok, серб.-луж. škowronk, в.-луж. škowrončk, н.-луж. škobronk, славен. škrjánec, skrjánček, ц.-слав. сковраньць (Міклашыч, Lex. paleosl., 846) ’тс’; параўн. яшчэ рус. скворец, в.-луж. škorc, балг. скорец, балг. уст. сколовранец ’шпак’ (трэба ўлічваць, што рус. дыял. пск. жаворонок ’шпак’). Шанскі (1, Ж, 272) лічыць жаворонок утвораным з суфіксам ‑ък‑ ад уст. і фалькл. жаворонъ (Словарь, II, 180). Агульна прынята думка аб тым, што другая частка ўсх.-слав. слова суадносіцца з воран (гл.), прапануецца шэраг паясненняў першай часткі (Фасмер, 2, 32, 3, 644). Трэба, відаць, прыняць неабходнасць агульнага разгляду варыянтаў з пачатковымі жа‑ і ск(о)‑ у сувязі з іншымі падобнымі суадносінамі (гл. жабанець, жабрак). Формы тыпу жаўрук, н.-луж. škobronk, калі іх не разглядаць як пазнейшыя (усечаную або з падстаноўкай b замест w), пярэчаць уяўленню аб складаным характары слова. Паколькі назвы жаваранка і шпака, што належаць да вераб’іных, перакрыжоўваюцца, магчыма дапускаць агульнасць жавор‑, сковор‑ і сквор‑ у рус. скворец, а тады шукаць тлумачэнне кораня *sk(o)v(o)r‑. Цікавыя ў гэтых адносінах скверціся ’крычаць, верашчаць, плакаць з крыкам’, скверашчаць ’тс’ (Нас.), а магчыма, і чэш. рэдк. škovrati ’вытвараць трэлі (пра птушак)’, скавытаць, укр. скав(у)чати ’скавытаць’. Адсутнасць (ці невыяўленасць) надзейных неславянскіх паралелей ускладняе, аднак, тлумачэнне ўказанага гіпатэтычнага кораня і хутчэй сведчыць у карысць кампазітнага характару слова, але ні супастаўленні са ст.-слав. гавранъ ’воран’ і яго адпаведнікамі, якія даюцца ў пацвярджэнне гукапераймальнага характару жа‑, га‑, ско‑, ні супастаўленне з сквар‑, жар‑ (Булахоўскі, Вибр. пр., 3, 288–285), ні паясненні праз экспрэсіўны характар першай часткі (Брукнер, 496; Махэк₂, 550) не могуць лічыцца пэўнымі.

Жа́варанак 2, жа́ўранак, жаўру́к ’булачка, што выпякаецца 9 (22) сакавіка’ (Нас.). Рус. жа́воронок, укр. жа́воронок ’тс’. Ад жа́варанак 1 у сувязі з веснавым прылётам птушак (у сакавіку), магчыма, дахрысціянскага характару. На гэта ўказвае абрад клікання вясны, запісаны Г. Цітовічам (Ант., 34, 564): у час выканання песні «Жавароначкі, прыляціце, вясну красную прынясіце» дзяўчаты і маладзіцы падкідвалі ўгору выпечаных з цеста жаўрукоў, а мужчыны «акампаніравалі» на берасцяных пастухоўскіх трубах. Жаваранкі і ў іншых песнях (параўн. БНТ, Весн. песні, № 158–160). Гл. Іванаў, Тапароў, Слав. яз. мод. системы, 129. Параўнанне 40 жаваранкаў з душамі 40 мучанікаў (9 сакавіка — дзень 40 мучанікаў), на якое ўказвае Насовіч, позняе (параўн. саракі). 9 (22) сакавіка — дзень пачатку вясны. Пра ўсх.-слав. абрад гл. В. К. Соколова, Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов. М., 1979, с, 67–93.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Зязю́ля ’птушка Cuculus’, дыял. зязю́лька, зогзу́ля, зеўзю́лка, зовзуля, зяўзуля. Рус. кур., бранск. зязю́ля, зах., паўд., кур., цвяр., табол., прыбалт. зозу́ля, укр. зозу́ля, дыял. зезу́ля, ст.-польск. gżegżołka, палаб. züzaicka (< *zozučьka), чэш. нар. žežulka, žežhulka, zezulka, славац. дыял. žežhulica (Калал). Ст.-рус. жегъзуля, жегозуля, зегзица, зегула (XIV ст.). Геаграфію і формы зязюля гл. ДАБМ, к. 309. Зязюля < зезюля < зезуля < зегзуля (параўн. ст.-рус. зегзица) < прасл. дыял. žegъzulja. Літ. geguže, gegùžis, лат. dzęguze, ст.-прус. geguse ’зязюля’, літ. gegužė̃lė ’заразіха’ разам са слав. коранем *žegъz‑ дазваляюць рэканструяваць балта-слав. *gegugʼ‑ і гаварыць аб агульнай суфіксацыі (‑ė̃le, ‑ulʼa). Пра суфікс ‑la гл. Слаўскі, SP, 1, 110–111. Да і.-е. адпаведнікаў балт. і слав. форм адносяць герм: ст.-ісл. gaukr, ст.-в.-ням. gouh ’зязюля’. Тады і.-е. праформа з *gh: *gheghŭg‑. Калі сюды ням. Kuckuck, і.-е. з *g. Ясна, што анаматапея аказвала моцнае ўздзеянне на лёс кораня. І.‑е. аснова тлумачыцца як узнікшая ў выніку рэдуплікацыі. Калі падвоены (часткова) элемент ghugʼ‑ назва, роднасная іншым назвам птушак: літ. gùžas ’бусел’; параўн. рус. дыял. черногуз, укр. чорногуз ’тс’. Трубачоў, КСИС, 25, 99; Клепікава, ВСЯ, 5, 162. Але семантычны ход патрабуе ў гэтым выпадку ўдакладнення. Магчыма, у і.-е. назве зязюлі падваенне гукапераймальнага элемента *ghe‑, як у гагара, гогаль (Пякарны, 1, 407). Параўн. назвы зязюлі ў іншых мовах з гукапераймальным паўторам тыпаў ku‑ku, gu‑gu, напр. кірг. kükük, тур. guguk, груз. guguli, кабардз. kʼǝgugw, венг. kakuk, у тым ліку ў і.-е.: лат. cuculus, асец. gakkuk, guguk і інш. На слав. глебе першае *g‑ (< gh‑?) палаталізавалася ў *ž‑, а потым адбылася дыстантная асіміляцыя ‑ž‑ да апошняга ‑z‑ < ‑gʼ‑ (‑gʼh‑?). Другое ‑g‑ было ўтрачана ў спалучэнні зычных у некаторых дыялектах (у іншых захавалася). Габаўшцяк (ОЛА, 1973, 23–25) паказаў, што тэрыторыя пашырэння назвы тыпу зязюля ахоплівае перш за ўсё ўкр. і бел. мовы, а таму думка Арлова (Слово о полку Игореве₂. М., 1946, 131–133) пра зах.-слав. запазычанне ва ўсх.-слав., падтрыманая Булахоўскім (Избр. тр., 3, 258–259), не можа быць прынята. Пра балт. адпаведнікі і і.-е. форму гл. Траўтман, 81; Фрэнкель, 142–143; Тапароў, E–H, 189–191. Параўн. яшчэ Абаеў, 1, 506; Шантрэн, 553–554; Эрну-Мейе, 154. Аб слав. формах Фасмер, 2, 91–92; Сабалеўскі, Лекции, 143; Махэк₂, 726; Будзішэўска, Słown., 97; Струтынскі, Nazwy 44–45, 88, 148–149, карта; Непакупны, Baltistica, XI (2), 139–140. Польск. дыял. zieziula з укр. і бел. Дзендзялеўскі, Паралелі, 62–63; Пальцаў, Тэзісы дакл. маладых вучоных, 1970, 37. Параўн. Антропаў, дыс., 258–259.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каблу́к 1 ’абцас’ (БРС, ТСБМ, КТС; кап., КЭС). Козыраў (Цюркізмы, 22) адзначае, што ў паўн.-бел. гаворках звычайна ўжываецца слова каблук. У бел. літар. мове — запазычаннез рус. каблук ’тс’, што датычыць паўн.-бел. слова, то Козыраў (там жа) адзначае, што калі гэта цюркізм, то запазычаны ў волжскіх татар, адкуль праз гаворкі трапіла ў Беларусь. Для рус. каблук, якое аднойчы адзначана ў рускіх граматах (пачатку XVI ст.), прапанавалася як уласна славянская этымалогія, так і запазычанне з усходу. Апошняя версія падтрымлівалася, напрыклад, Вахрасам, Наим. об., 48. Прыхільнікі гэтай версіі, прапанаванай яшчэ Рэйфам, бачаць у гэтым слове цюрк. корань каб ’футляр, абалонка’ і ‑лык/‑лук — цюрк. афікс, гл. Аракин, Цюркізмы., 136, параўн. рус. том. каблык ’абцас’. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 9, 107. Паводле гэтай этымалогіі, каблук ’абцас’ нельга аддзяляць ад каблук ’выгіб, паўкружжа і г. д.’ Гл. каблук 2.

Каблу́к 2 ’вертыкальны абруч у кошыку; ручка’ (Жд. 3), ’ручка ў кошыку’, ’аснова, круг для кошыка’ (З нар. сл.), ’кальцо з лазы, частка кашолкі, каша’ (Сіг.), ’маленькая дужка ў цэпе’ (Выг.), ’жалезны прэнт з боку бараны, за які чапляюцца пастронкі; аснова бараны’ (Выг., Жыв. сл., Сержп. Земл.), ’ручка касы’ (ДАБМ), ’дэталь касы: дуга з нацягнутым палатном, замацаваным на кассі’ (Сіг.), ’крук на канцы аглоблі’ (Нар. словатв.), ’доўгая сагнутая дошчачка, абодва канцы якой адначасова з’яўляюцца клёпкамі ў цэбры’ (Малч.), ’круглае рабро ў рыбалоўных пастках’ (Крыв.), каблукы ’прыстасаванне насіць сена жывёле’ (Клім.). Укр. каблук ’дуга, частка акружнасці’, ’дуга ў прыстасаванні для лоўлі рыбы’, ’верх шляпы’, ’абечак’, ’дугападобна выгнуты прут, прыстасаванне па ручцы касы пры касьбе збожжавых’, рус. каблук ’уступ, рубец карніза’, ’рыбалоўная снасць’, ’каўпер’, польск. kabląk ’выгіб, дуга, паўкружжа, арка’, kablęk ’ручка ў кошыку’, у спецыяльнай тэрміналогіі і ва ўсходніх гаворках (гістарычна не польскіх) слова ўжываецца ў значэннях ’дэталі розных прыстасаванняў у ярме, касе, рыбалоўнай снасці’. Паводле лінгвагеаграфічнага крытэрыю — паўн.-слав. утварэнне, безумоўна, звязанае са слав. lǫkъ, lęktʼi, параўн. сінанімічныя каблук, самалук, лук, рус. облук, серб.-харв. о̀блук і інш., аднак структура слова не зусім ясная. Многія аўтары сыходзяцца на тым, што ў даным выпадку мела месца або двайная прэфіксацыя ка‑ + ‑ов‑, або толькі кa + oblǫkъ. Паводле Слаўскага, 2, 10, ka‑błąk, засведчанага толькі аднойчы ў дыялектах, — вынік перараскладання слова obląk, аднак з гэтай думкай не пагаджаецца Трубачоў, Эт. сл., 9, 107, які лічыць, што шырокая распаўсюджанасць слова на ўсх.-слав. тэрыторыі і наяўнасць яго ў ст.-рус. помніках не дазваляюць згадзіцца з познім характарам утварэння. Але аргумент Трубачова не з’яўляецца сур’ёзным, паколькі да XVI ст. Адносяцца толькі дзве фіксацыі — 1521 і 1587 гг. Думка Слаўскага, такім чынам, выглядае цалкам мажлівай, аднак сумненне выклікае паралелізм значэнняў ка‑ і о‑. Гл. Фасмер, 2, 151.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)