НАЗА́РАНКА Юрый (Георгій) Іванавіч (25.5.1904, г. Канатоп Сумскай вобл., Украіна — 21.1.1991),

украінскі перакладчык, літ.-знавец. Скончыў Вінніцкі ін-т сац. выхавання (1933). Перакладаў на ўкр. мову з рус., літ., польск., ням., франц. і інш. моў. Пераклаў з бел. мовы на ўкр. шэраг нар. казак, творы З.​Бядулі («Апавяданні», 1952), Я.​Брыля («Апавяданні», 1954), асобныя п’есы К.​Крапівы, празаічныя творы А.​Васілевіч, В.​Віткі, М.​Вішнеўскага, В.​Зуба, У.​Краўчанкі, М.​Лупсякова, Я.​Маўра, І.​Шамякіна, паэт. творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, Э.​Агняцвет, А.​Александровіча, П.​Броўкі, А.​Бялевіча, М.​Гамолкі, Х.​Жычкі, А.​Зарыцкага, М.​Клімковіча, У.​Корбана, Е.​Лось, М.​Лужаніна, Р.​Няхая, П.​Панчанкі, А.​Русака, А.​Русецкага, М.​Танка, С.​Шушкевіча, манаграфію Я.​Мазалькова «Янка Купала» (1952, з І.​Майстрэнкам), мемуары С.​Слесарэнкі «Дарагія абліччы» (1974). Быў асабіста знаёмы з Я.​Коласам, вёў з ім перапіску. Аўтар літ.-крытычных артыкулаў па пытаннях літ.-творчых сувязей, маст. перакладу.

В.​Я.​Буран.

т. 11, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАБКЕ́ВІЧ Валянцін Іванавіч (15.2.1937, в. Аксаміты Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 6.2.1995),

бел. паэт, перакладчык, мовазнавец. Канд. філал. н. (1973). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1959). Настаўнічаў у Віцебскай і Мінскай абласцях. З 1967 у выд-ве «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», з 1974 — «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў вершамі ў 1957. Аўтар зб. вершаў «Ад зімы да зімы» (1982). На бел. мову пераклаў зб. М.​Чарамшыны «Апавяданні» (1982), раманы Л.​Метсара «Мары не паміраюць» (1983), А.​Кобы «Жанчына ў пяску», «Чужы твар» (абодва 1986), К.​Маккалаў «Птушкі на цернях» (з С.​Дорскім), М.​Марцінсан «Мама выходзіць замуж» (абодва 1988), аповесць М.​Гогаля «Тарас Бульба», яго камедыю «Рэвізор», паэму «Мёртвыя душы» (усе 1990), паасобныя вершы Г.​Ахматавай, С.​Ясеніна, М.​Рыльскага, апавяданні Я.​Гуцалы, М.​Зошчанкі, Г.​Цюцюнніка і інш. Выступаў з арт. па пытаннях л-ры і культуры мовы. Збіраў фальклор (зб. «Паслухай, што людзі кажуць: Беларускія народныя прыказкі, прымаўкі, прыкметы, жарты», 1985).

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ІЧКАВІЧ Стэван (н. 5.7.1928, Нерасніца, Сербія),

сербскі пісьменнік, перакладчык. Правадз. чл. Сербскай акадэміі навук і мастацтваў (з 1981). Скончыў Бялградскі ун-т (1952). Працаваў на радыё, у 1959—81 у выд-ве «Асвета». Друкуецца з 1945. Найб. вядомы як паэт-лірык (зб-кі «Дзяцінствы», 1950, «Песня цішыні», 1952, «Балада пра адвячорак», 1955, «Каменная калыханка», 1963, «Запісы пра чорнага Уладзіміра», 1971, «Кола для катавання», 1981 і інш.). Аўтар паэмы «Выпадковыя мемуары» (1978), кніг эсэ «Нататкі пра паэзію» (1978), «Інтымныя карты» (1985). Піша для дзяцей, перакладае на сербскахарвацкую мову бел., англ., італьян., рус., укр. паэтаў. Укладальнік анталогіі «Славянскія рыфмы» (1976), у якой змешчаны ў яго перакладзе 5 вершаў Я.​Купалы. На бел. мову асобныя вершы Р. пераклаў Н.​Гілевіч.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Па камянях, як па зорах: Выбр. старонкі сучаснай югасл. паэзіі. Мн., 1981;

У кн.: Гілевіч Н. Роднасць: Выбр. пер. са слав. паэтаў. Мн., 1983;

У кн.: Сербская паэзія. Мн., 1989;

Рус. пер. — Стихи. М., 1979.

І.​А.​Чарота.

т. 13, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУДКО́ЎСКІ Міхась (Міхаіл Міхайлавіч; 17.4.1936, в. Востраў Ганцавіцкага р-на Брэсцкай вобл. — 7.7.1991),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў Брэсцкі пед. ін-т (1961). Настаўнічаў. З 1960 у Ганцавіцкай раённай газеце, у 1962—82 на Брэсцкай студыі тэлебачання. Друкаваўся з 1957. Аўтар зб-каў лірыкі «Першыя вёрсты» (1963), «Сінія Брады» (1967), «Позвы» (1971), «У краі тым...» (1975), «Векавечная Бацькаўшчына» (1976), «Трыгор’е» (1981), «Засцярога» (1984). Гал. тэма яго твораў — Беларусь, хараство яе краявідаў, дабрыня, мужнасць і шчырасць людзей, іх надзеі, праблемы і трывогі, мінулае, сучаснае і будучыня. Палессе ў паэзіі Р. паўстае як край казачна-рамантычны, амаль былінны. Вершам Р. ўласціва тонкая акварэльнасць малюнка, трапнасць маст. дэталі, светлыя элегічныя інтанацыі роздуму пра ўзаемасувязі прыроды і чалавека, псіхалагізм. Працаваў у жанры балады, элегіі, санета, трыялета і інш. Пераклаў на бел. мову вершы ўкр. паэтаў.

Тв.:

Залатазвон: Выбр. лірыка. Мн., 1986;

Гарынь: Вершы. Мн., 1992.

Літ.:

Калеснік Зорны спеў. Мн., 1975.

Т.​К.​Чабан.

М.Рудкоўскі.

т. 13, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ЎРУК Уладзімір Мікалаевіч (н. 6.6.1932, Мінск),

бел. парт. і грамадскі дзеяч, літаратуразнавец, публіцыст, перакладчык. Канд. філал. н. (1967). Скончыў БДУ (1954), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1966). З 1954 на камсам., парт. і журналісцкай рабоце ў Мінску, Магадане. З 1966 у апараце ЦК КПСС. У 1980—88 каардынатар саветніцкай дзейнасці КПСС па пытаннях ідэалогіі, навукі, культуры, адукацыі ў Афганістане. У 1988—91 першы нам. рэдактара газ. «Известия», рэдактар газ. «Неделя». З 1993 заг. аддзела ў ін-це «Белінфармпрагноз», з 1995 нам. дырэктара Бел. нац. прэс-цэнтра, заг. аддзела Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, з 1998 памочнік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь. Складальнік зб-каў гісторыка-літ. публіцыстыкі «Як канчаюцца войны» (1968), «Масква—Сталінград» (1970), «Моладзь ідзе ў рэвалюцыю» (1973), «Пароль: Перамога!» (т. 1—2, 1985) і інш. Напісаў сцэнарыі дакумент.-маст. фільмаў пра падзеі ў Афганістане (1979—85) «Праўда красавіцкай рэвалюцыі» (1981; прэмія Ленінскага камсамола 1981) і «Сцяг красавіцкай рэвалюцыі» (1985). Перакладае на рус. мову творы бел. пісьменнікаў.

М.Сеўрук. Новы дом. 1968.

т. 14, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЙГ (Siig) Арві (н. 8.11.1938, Талін),

эстонскі паэт, перакладчык. Засл. пісьменнік Эстоніі (1986). Вучыўся ў Талінскім пед. ін-це і Тартускім ун-це (1957—63). Друкуецца з 1958. Аўтар зб-каў вершаў «Сола на трубе» (1962), «Рэпарцёр з кінакамерай верша» (1966), «Блакітнае атэлье» (1969), «Сузор’е цішыні» (1973), «Пераломная пара» (1976), «Радыус чутнасці» (1978), «Эпіграмафон» (1980), «Святыя будні» (1983) і інш. Яго лірыка публіцыстычная, шматгранная, скіраваная да самааналізу, у ёй тэмы сучаснасці і вечнасці. Перакладае вершы Г.​Бураўкіна, А.​Вярцінскага, У.​Паўлава. На бел. мову вершы С. перакладалі Р.​Барадулін, Ю.​Голуб, А.​Грачанікаў, В.​Дашкевіч, К.​Камейша, Паўлаў, Ю.​Свірка, Я.​Сіпакоў, В.​Шымук.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Гняздоўе вятроў. Мн., 1986;

У кн.: Скарбы старога Тоомаса Мн., 1988;

У кн.: Братэрства, 88. Мн., 1988;

У кн.: На волю птушку выпускаю. Мн., 1989;

Рус. пер. — Сиреневые сигналы. М., 1973;

Перекресток. М., 1976;

Ливень об асфальт. Таллинн, 1976.

У.​А.​Паўлаў.

т. 14, с. 372

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАФ (Staff) Леапольд (14.11.1878, г. Львоў, Украіна —31.5.1957),

польскі паэт, перакладчык. Скончыў Львоўскі ун-т (1901). У першым зб. «Сны пра магутнасць» (1901) працягваў сімвалісцкія пошукі «Маладой Польшчы», выступіў супраць дэкадансу. У зб-ках «Квітнеючая галінка» (1908), «Усмешкі імгненняў» (1910) і інш. цікавасць да культуры антычнасці і Адраджэння, апяванне вечных этычных і эстэт. каштоўнасцей; у зб. «Вясёлка са слёз і крыві» (1918) грамадз. лірыка. Лірычныя зб-кі «Высокія дрэвы» (1932), «Колер мёду» (1936), «Мёртвае надвор’е» (1946), «Вербалозы» (1954), «Дзевяць муз» (выд. 1958) адметныя пошукамі ўзвышанага ў паўсядзённасці, імкненнем да прастаты і гармоніі ў выяўленні агульначалавечых пачуццяў. Пераклаў некат. творы ант., ням. і франц. аўтараў. На бел. мову яго асобныя творы пераклалі С.​Дзяргай, М.​Машара, А.​Мінкін, М.​Танк. Дзярж. прэмія Польшчы 1927, 1937, 1951, 1955.

Тв.:

Бел. пер. — [Вершы] // Далягляды, 1990. Мн., 1990;

У кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Высокія дрэвы. Мн., 1994;

Рус. пер. — Стихи. М., 1973.

Літ.:

Wyka M. Leopold Stafï. Warszawa, 1985.

т. 15, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТРАЯНО́ЎСКІ Алесь (Аляксандр Пятровіч; н. 22.9.1925, урочышча Уздымач, Слуцкі р-н Мінскай вобл.),

бел. перакладчык. Скончыў Маскоўскі гіст.-архіўны ін-т (1959). З 1955 у газетах, у т. л. ў 1962—82 у газ. «Звязда», у 1983—86 нам. гал. рэдактара час. «Мастацтва Беларусі». Друкуецца з 1955. Перакладае з чэш. (нар. казкі), верхня- і ніжнялужыцкай (адзін з укладальнікаў і перакладчыкаў, аўтар прадмовы і каментарыяў да анталогіі паэзіі лужыцкіх сербаў «Там, дзе Шпрэвя шуміць», 1969; аповесць-казка Ю.​Брэзана «Чорны млын», 1984; аповесць К.​Краўца «Малька і сабака Люі», 1991: творы Я.​Барт-Цішынскага, К.​Лоранца, М.​Наўкі і інш.), кашубскай (зб. «За даляглядам край Сталемаў», 1980), польскай (творы Я.​Асэнкі, Ф.​Дарэцкага і інш.), укр. (І.​Франко, П.​Тычына, А.​Алесь і інш.) і інш. моў. Аўтар вершаў, літ.-крытычных артыкулаў і рэцэнзій, публіцыст. артыкулаў.

Літ.:

Рагойша В. Адкрыццё паэтычнай выспы // Рагойша В.​Кантакты. Мн., 1982.

І.​У.​Саламевіч.

т. 15, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛАДЗІ́МІРАЎ Сімяон (н. 8.2.1925, с. Іваняне, Балгарыя),

балгарскі перакладчык і літаратуразнавец. Скончыў Сафійскі ун-т (1961). Пераклаў на балг. мову раманы «Атланты і карыятыды» І.​Шамякіна (1980), «Плач перапёлкі» І.​Чыгрынава (1981), аповесці «Здрада» і «Пастка» В.​Быкава (1965), «Шлюбпая ноч» (1975) і «Гандлярка і паэт» (1978) Шамякіна, «Лявон Бушмар» К.​Чорнага (1978), п’есы «Брама неўміручасці» К.​Крапівы (1975), «Апошняя інстанцыя» М.​Матукоўскага (1976), «І змоўклі птушкі» Шамякіна (1979), «Пагарэльцы» А.​Макаёнка (1980), «Паўлінка» Я.​Купалы (1982), апавяданні Я.​Коласа, В.​Адамчыка, Л.​Гаўрылкіна, М.​Гіля, Г.​Далідовіча, А.​Дударава, А.​Жука, В.​Іпатавай, Л.​Калодзежнага, У.​Караткевіча, А.​Кудраўца, І.​Пташнікава, Б.​Сачанкі, М.​Стральцова і інш. Укладальнік анталогій бел. прозы «Дзесяць сучасных беларускіх апавяданняў» (1977) і «Пад пошум дубоў» (1981), а таксама зборнікаў выбр. твораў К.​Чорнага, Караткевіча, Кудраўца, Сачанкі. Аўтар артыкулаў і даследаванняў пра творчасць бел. пісьменнікаў, бел. л-ру. Неаднаразова наведваў Беларусь.

Літ.:

Нікіфаровіч В. Пазначана Любоўю // Далягляды, 1985. Мн., 1985.

т. 16, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФА́ЛАДА (Fallada) Ганс [сапр. Дзітцэн

(Ditzen) Рудальф; 21.7.1893, г. Грайфсвальд, Германія — 5.2.1947], нямецкі пісьменнік. Дэбютаваў як перакладчык. Ранняя творчасць адзначана ўплывам экспрэсіяністаў, сталая — рамантыкаў і рэалістаў. Аўтар раманаў «Юны Гедэшаль» (1920),

«Антон і Герда» (1923), «Сяляне, бонзы і бомбы» (1931), «Маленькі чалавек, што ж далей?» (1932), «Хто аднойчы пакаштуе турэмнай баланды...» (1934), «Воўк сярод ваўкоў» (1937), «Жалезны Густаў» (1938), «Кожны памірае ў адзіночку» (1947) і інш., у якіх трагічная рэчаіснасць Германіі 1-й пал. 20 ст., праблемы існавання «маленькага чалавека», яго віны і адказнасці, прыстасавальніцтва і супраціўлення фашызму. Яго творы адметныя глыбокім псіхалагізмам, сюжэтнай напружанасцю, дакладнасцю дэталі, спалучэннем сатыры і дакумента з пранікнёным лірызмам. Аўтар аўтабіягр. кн. «У нас дома ў далёкія часы» (1941), «Успамінаў» (1946), шматлікіх фантаст. аповесцей і казак для дзяцей. На бел. мову яго асобныя творы пераклаў В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — Даўным-даўно ў нас дома: Перажытае, бачанае і прыдуманае. Мн., 1981;

Рус. пер. — Собр. соч.: В 4 т. Т. 1—3. М., 1990—94.

Е.​А.​Лявонава.

т. 16, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)