БАГДА́НАЎ-БЕ́ЛЬСКІ (Мікалай Пятровіч) (26.11.1868, в. Шапатова Бельскага р-на Цвярской вобласці — 19.2.1945),
рускі жывапісец, майстар бытавога жанру. Акадэмік жывапісу (1903), правадз.чл. Пецярбургскай АМ (1914). Чл.Т-ва перасоўных маст. Выставак (1895—1918). Да 1883 вучыўся ў нар. школе С.Рачынскага ў в. Тацева Смаленскай губ., у Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1884—89) у В.Паленава, У.Макоўскага, І.Пранішнікава і ў Пецярбургскай АМ (1890-я г.) у І.Рэпіна. Атрымаў залаты медаль за работу «Будучы манах» (1889). Творы Багданава-Бельскага вызначаюцца вял. назіральнасцю і цеплынёю ў адлюстраванні жыцця сельскай школы, рус. і бел. сялян (нейкі час жыў на Віцебшчыне): «Вуснае лічэнне» (1895), «Спроба галасоў», «У хворага настаўніка», «Каля дзвярэй школы» (усе 1897) і інш. У 1911—17 выкладаў у Пецярбургскай АМ. З 1921 жыў у Латвіі. У Нац.маст. музеі Беларусі карціна Багданава-Бельскага «Дзеці ў хаце» (1891).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЎТАРСКАЕ ПРА́ВА,
раздзел заканадаўства, нормы якога рэгулююць адносіны, што ўзнікаюць у сувязі са стварэннем і выкарыстаннем твораў навукі, літаратуры і мастацтва. Аўтару належаць правы на апублікаванне твора, узнаўленне і распаўсюджванне яго дазволенымі законам спосабамі, на недатыкальнасць твора, атрыманне ганарару за яго выкарыстанне. Нормы аўтарскага права, якія дзейнічаюць на тэр. Рэспублікі Беларусь, змешчаны ў Цывільным кодэксе і законе «Аб аўтарскім праве і сумежных правах» ад 16.5.1996. Аўтарскае права дзейнічае на працягу ўсяго жыцця аўтара і 50 гадоў пасля яго смерці, пераходзіць у спадчыну (за выключэннем права аўтара на імя і на недатыкальнасць твора). Парушэнні аўтарскага права (плагіят, незаконнае ўзнаўленне або распаўсюджванне твора, прымус да сааўтарства) цягнуць за сабой адм. або крымін. адказнасць. Апрача таго аўтар і яго правапераемнікі маюць права патрабаваць аднаўлення парушанага аўтарскага права і пакрыцця матэрыяльных стратаў. Міжнар. ахову аўтарскага права забяспечваюць Бернская 1886 (рэд. 1971) і Жэнеўская 1952 (рэд. 1971) міжнар. канвенцыі па ахове аўтарскага права.
палітычны і ваенны дзеяч, бел. мысліцель. Венгр па паходжанні. Быў сапернікам Стафана Баторыя ў барацьбе за трансільванскае княжанне, пазней — яго сябар і саюзнік. Пасля абрання Стафана Баторыя каралём Рэчы Паспалітай Бекеш камандаваў венгерскай пяхотай у каралеўскім войску. Свае ваенныя здольнасці паказаў у час Лівонскай вайны 1558—83, асабліва ў бітвах пад Гданьскам (1578) і Полацкам (1579). У апошнія гады жыцця атрымаў шляхецтва ВКЛ, некаторы час быў гарадзенскім ваяводам. Вакол яго групаваліся прыхільнікі антытрынітарызму. Паводле сведчання сучаснікаў, Бекеш не вызнаваў ніякай рэлігіі. Калі ён памёр у Гродне, каталіцкая і праваслаўная цэрквы забаранілі хаваць яго на сваіх могілках; пахаваны ў Вільні на высокім беразе ракі Вільня. Паводле наказу Бекеша, на яго надмагіллі высечаны надпіс: «...Не веру ў Бога, не прагну яго неба, не баюся пекла, не турбуюся пра Божы суд, не трывожуся пра цела і тым больш пра душу, якая памерла разам са мною...».
Тв.:
У кн.: Из истории философской и общественно-политической мысли Белоруссии. Мн., 1962. С. 92—99.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́С»
(«Biełarus»),
штотыднёвая грамадска-паліт., літ.-маст. і рэліг.-асветная каталіцкая газета нац.-дэмакр. кірунку. Выдавалася з 13(26).1.1913 да 30.7(12.8).1915 у Вільні на бел. мове, друкавалася лацінкай. Была разлічана пераважна на каталіцкую частку бел. сялян і інтэлігенцыі. Рэдактары-выдаўцы: А.І.Бычкоўскі, з № 5 за 1914 Б.А.Пачопка. Друкавала артыкулы на эканам., паліт. і с.-г. тэмы, казанні святароў на тэмы маралі і педагогікі, жыціі святых, малітвы. Асаблівасць бел. адраджэнскай ідэі ў газ. «Беларус» — адзінства нац. культуры, асветы і хрысціянскай веры. Арыентавалася на сац. гармонію і вясковы, сялянскі лад жыцця, не прымала класавай барацьбы і сацыяліст. ідэі. Выступала за паступовае вырашэнне асн.сац. праблем праз асвету на роднай мове, выкарыстанне прагрэс. метадаў гаспадарання. У 1-ю сусв. вайну займала памяркоўную «патрыятычную» і «абарончую» пазіцыі, заклікала дапамагаць салдацкім сем’ям. Друкавала літ. творы А.Гаруна (пад псеўд. А.Сумны), А.Паўловіча, А.Зязюлі, Г.Леўчыка, К.Сваяка і інш.
нарвежскі пісьменнік, грамадскі і тэатр. дзеяч. Узначальваў Нарвежскі тэатр у Бергене (1857—58) і Крысціянійскі тэатр (1865—(58), аддаваў перавагу нац. рэпертуару. Вядомы як майстар патрыят. лірыкі (у т. л. тэксту нарв.нац. гімна «Так, мы любім гэты край», 1859). Аўтар рамант. аповесцяў з сял.жыцця «Сюнёве Сульбакен» (1857), «Арне» (1859), «Марш для нявесты» (1877) і інш., нац.-гіст. («Паміж бітвамі», 1857; «Кароль Сверэ», 1861; «Сігурд Злосны», 1862, і інш.) і сац.-крытычных драм («Банкруцтва», «Рэдактар», абедзве 1875; «Кароль», 1877, «Звыш нашых сіл», ч. 1—2, 1883—95), твораў з маральнай праблематыкай (п’есы «Рукавічка», 1883; «Геаграфія і Любоў», 1885, і інш.; раманы «Сцягі ў горадзе і ў порце», 1884; «Божым шляхам», 1889; «Мэры», 1906). Нобелеўская прэмія 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІРС ((Bierce) Амброз Гвінет) (24.6.1842, Хорс-Кейв-Крык, штат Агайо, ЗША — 11.1.1914),
амерыканскі пісьменнік. Удзельнік Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65. У 1870—90-я г. журналіст. Аўтар зб-каў аповесцяў і апавяданняў «Танец смерці» (1877), «Пра вайскоўцаў і цывільных» (1891), «Хіба можа быць такое?» (1893), «Фантастычныя байкі» (1899), у якіх, пад відавочным уплывам Э.По, напружаныя і займальныя сюжэты спалучаў з вытанчаным гумарам, сатыр. з’едлівасцю, песімістычным стаўленнем да жыцця. У багатай эсэістыцы (кн. «Д’яблава зачараванасць», 1872; «Павуцінне ў чэрапе», 1873; «Цень на цыферблаце», 1909; «Слоўнік д’ябла», 1911; «Батальныя накіды», выд. 1930, і інш.) з іроніяй, часам з пэўнай доляй цынізму апавядаў пра сучасныя яму грамадскія з’явы. Некаторыя творы Бірса пераклаў на бел. мову А.Кудраўцаў.
польскі пісьменнік, тэатр. і літ. крытык, перакладчык. Вывучаў медыцыну ў Ягелонскім ун-це (1892—1900). Праф. Львоўскага ун-та (1939—41). Адзін з заснавальнікаў у Кракаве кабарэ элітарнага тыпу «Зялёны шарык» (1905). Аўтар сатыр. куплетаў (зб. «Слоўцы», 1913), сац.-псіхал. фельетонаў, выдадзеных у 10 т. (зб-кі «Выдумкі, выдумкі...», 1932, «Трохі міфалогіі», 1935, і інш.), біягр. аповесці «Марысенька Сабеская» (1937), кн. ўспамінаў «Ці ведаеш гэты край?..» (1931), манаграфій «Мальер» (1924), «Бальзак» (1934) і інш.Зб-кі «Флірт з Мельпаменай» (т. 1—10, 1920—32) — летапіс творчага жыцця т-раў Варшавы і Кракава. Гісторыі развіцця польск. л-ры прысвечаны кн. «Жывыя людзі» (1929), «Бранзавальшчыкі» (1930), «Урокі Фрэдра» (1934), паэт. анталогія «Маладая Польшча» (1939). Пераклады франц. класікаў склалі «Бібліятэку Боя» (каля 100 т.). Расстраляны фашыстамі ў Львове.
нарвежскі пісьменнік і літ. крытык. Дэбютаваў зб. навел «У напрамку цемры» (1925), гал. тэмы якіх — адзінота, трагічныя чалавечыя памылкі. Пад псеўданімам Мумле Госег выдаў шэраг вострасатырычных антыфаш. фельетонаў, эсэ, нарысаў. У 1941 эмігрыраваў у Швецыю. Удзел у антыфаш. Супраціўленні адлюстраваў у мемуарах «Дні ў Грыні» (1945). Супярэчнасці жыцця тагачаснага грамадства, якія прыводзяць да краху неардынарнай асобы, — у цэнтры трылогіі «Маленькі лорд» (1955), «Цёмныя воды» (1956), «Цяпер яму не ўцячы» (1957). Праблема раздвоенасці індывіда ў раманах «Я» (1959), «Блакітная вяршыня» (1964), «Чырвоны туман» (1967), «Мая рука, мае вантробы» (1972), зб. навел «Самотныя дрэвы ў садзе» (1969). Прозе Боргена ўласцівыя псіхалагізм, рэаліст. адлюстраванне рэчаіснасці. У літ.-крытычных працах і паліт. публіцыстыцы спалучэнне гуманістычнага зместу з вострапалемічнай формай.
Тв.:
Рус.пер. — [Избранное]. М., 1979;
Декабрьское солнце: Рассказы. М., 1983;
Избр. новеллы. М., 1984.
Літ.:
Нагибин Ю. Островитянин: Сон о Юхане Боргене // Иностр. лит. 1976. № 11.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«АЛЕКСАНДРЫ́Я»,
помнік сусв. л-ры, які апісвае жыццё, подзвігі і прыгоды Аляксандра Македонскага. Нап. ў 2—3 ст. ў Егіпце на грэч. мове і паслужыла крыніцай для шматлікіх празаічных і вершаваных перапрацовак і рэдакцый. Аляксандр паказаны выдатным палкаводцам і ўсемагутным валадаром, чалавекам высокіх фіз. і маральных якасцяў, моцнага характару, глыбокага розуму. Сюжэт «Александрыі» займальны, драматычна напружаны. Першыя бел. пераклады «Александрыі» з’явіліся ў 15 ст. На Беларусі бытавалі ў 2 рэдакцыях — лацінскай і сербскай. Крыніцай бел. перакладу лацінскай рэдакцыі было адно з польскіх друкаваных выданняў 16 ст. Яна больш сугучная раннегуманіст. ідэалам духоўнай велічы і годнасці чалавека, яго зямных спраў. Сербская рэдакцыя пазнейшая, з новымі героямі, інакшым выкладам некат. падзей і эпізодаў, перапрацавана ў духу хрысц. ідэалогіі, з больш моцным гучаннем тэмы марнасці чалавечага жыцця. Бел. пераклады «Александрыі» — важная крыніца пазнання этычных і эстэт. уяўленняў і маст. густаў бел. чытачоў эпохі феадалізму, вывучэння бел.літ. мовы. Бел. спісы «Александрыі» апубл. У.В.Анічэнка ў кн. «Александрыя» (1962).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛКАГО́ЛЬНЫЯ ПСІХО́ЗЫ,
вострыя, зацяжныя і хранічныя псіхічныя расстройствы ад хранічнага алкагалізму. Найб. частая форма — алкагольны дэлірый (белая гарачка) узнікае, калі раптоўна спыніць прыём алкаголю. Пачынаецца з бяссоніцы і трывожнага настрою. Пазней з’яўляюцца зрокавая і слыхавая галюцынацыі; хворыя бачаць насякомых і дробных жывёл. Гэта выклікае страх і рухальны неспакой. Хвароба цягнецца некалькі дзён. Пры адсутнасці лячэння часта прыводзіць да смерці. Хворыя сацыяльна небяспечныя. Востры алкагольны галюцыноз і алкагольны параноід развіваецца таксама на фоне пахмельнага сіндрому і дэпрэсіўна-трывожнага настрою, але галюцынацыі слыхавыя: хворы «чуе» асуджальныя, абразлівыя або пагражальныя галасы. Параноід часцей бывае ў выглядзе алкагольнага трызнення рэўнасці. Пры энцэфалапатыі Гае—Верніке да псіх. расстройстваў далучаюцца неўралгічныя і саматычныя парушэнні. Пры хранічных алкагольных галюцынозах слыхавыя галюцынацыі (хворы да іх прывыкае і часам ставіцца крытычна) цягнуцца многія гады, нават пры цвярозым ладзе жыцця. Корсакаўскі псіхоз (хвароба ўпершыню апісана рус. псіхіятрам С.С.Корсакавым) характарызуецца значнымі парушэннямі памяці і полінеўрытам (запаленнем перыферычных нерв. ствалоў).