помнік архітэктуры сталага барока. Пабудаваны ў 1702—05 у г.п. Івянец Валожынскага р-на Мінскай вобл. пад кіраўніцтвам мясц. майстра манаха А.Чаховіча, па фундацыі мінскага стольніка Т.Ваньковіча, рэстаўрыраваўся ў 1856—60 (арх. В.Бяляўскі, мастак Я.Кураткевіч) і ў 1980—90-я г. (арх.І.Маскалёў). Комплекс складаецца з касцёла, кляштара і брамы. У 1880—85 касцёл перабудаваны пад правасл. царкву. Касцёл — мураваная трохнефавая крыжовая базіліка з 3-вежавым гал. фасадам, які багата аздоблены ордэрнай пластыкай і лепкай. Да яго зах. боку прымыкае Г-падобны ў плане мураваны 2—3-павярховы будынак кляштара. Па восі касцёла размешчана брама, якая з’яўляецца арх.-маст. акцэнтам агароджы кляштара. Уяўляе сабой кампазіцыю з 4 руставаных слупоў з арачным лучковым праёмам, завершаным крывалінейным франтонам. З усх. боку сцяны захавалася васьмігранная вежа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛЬФ І. І ПЯТРО́Ў Я.,
расійскія пісьменнікі-сатырыкі, якія працавалі сумесна. Нарадзіліся ў Адэсе (Украіна). Ільф Ілья (сапр.Файнзільберг Ілья Арнольдавіч; 15.10.1897—13.4.1937); Пятроў Яўген (сапр.Катаеў Яўген Пятровіч; 13.12.1903—2.7.1942), брат В.П.Катаева. Разам пачалі пісаць у 1926. У рамане «Дванаццаць крэслаў» (1928, экранізацыя 1971) побач з апісаннем прыгод гал. героя ў пошуках скарбу стварылі сатыр. карціну нораваў эпохі нэпа. Сюжэт пра вял. камбінатара прадоўжаны ў рамане «Залатое цяля» (1931, экранізацыя 1968). Вынік паездкі ў ЗША (1935—36) — апошняя сумесная кн. «Аднапавярховая Амерыка» (1936). Пасля смерці І. выдадзены яго амер. дзённік (1935—36) і «Запісныя кніжкі» (1939). На бел. мову асобныя творы І. пераклаў У.Шахавец. П. з першых дзён вайны ваен. карэспандэнт («Франтавы дзённік», 1942). Аўтар рамана «Падарожжа ў краіну камунізму» (незакончаны, апубл. ў 1965), п’есы, кінасцэнарыяў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРАВА́ДЗІ,
самая мнагаводная рака М’янмы (вытокі ў Кітаі). Даўж. 2150 км, пл.бас. 430 км². Пачынаецца ва ўсх. адгор’ях Гімалаяў, цячэ ў глыбокай цясніне, мае парожыстае рэчышча. Ніжэй г. М’ічына даліна расшыраецца, рэчышча дасягае 800 м, потым І. перасякае Шанскае нагор’е, дзе рэчышча звужаецца да 50—100 м. У сярэднім і ніжнім цячэнні (на Іравадзійскай раўніне) рака ўтварае шырокую тэрасаваную даліну. За 300 км ад вусця пачынаецца забалочаная дэльта (пл. каля 30 тыс.км²), якая павялічваецца (каля 5 км² за 100 гадоў). Гал. прытокі — Чындуін (справа) і М’інге (злева). Рэжым мусонны, летнія паводкі (падняцце вады на 8—11 м). Сярэдні гадавы расход вады 13—14 тыс.м³/с. У ніжнім цячэнні моцныя прылівы (да 4—4,5 м). Суднаходная на 1100 км, летам — на 1440 км. Выкарыстоўваецца для арашэння, у верхнім цячэнні — лесасплаў. На І. — г. Мандалай, у дэльце марскі порт і сталіца М’янмы г. Янгон.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНТА́НА (Montana),
штат на ПнЗ ЗША, мяжуе з Канадай. Уваходзіць у групу Горных штатаў. Пл. 381,1 тыс.км². Нас. 878,8 тыс.чал. (1997). Адм. цэнтр — г. Хеліна. У гарадах каля 40% насельніцтва. Найб. гарады: Білінгс, Грэйт-Фолс, Мізула, Анаконда. Рэльеф гарысты. Зах. частку штата займаюць хрыбты Скалістых гор (г. Граніт-Пік, 3901 м), усх. — плато Прэрый. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. ад -4 °C да -13 °C, ліп. 21—24 °C. Ападкаў 350—400 мм за год. Гал. рэкі: Місуры і яе прыток Йелаўстан. Каля 60% тэрыторыі пад лесам. Нац. паркі: Глейшэр, Йелаўстонскі нацыянальны парк (частка). Здабыча медзі, свінцу, цынку, золата, серабра, вугалю, нафты, газу. Развіты дрэваапр. (у т. л. папяровая), металургічная, металаапр., электратэхн., нафтаперапр., паліграф., харч.прам-сць. Вырошчваюць пшаніцу, ячмень, цукр. буракі, травы. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, бройлерных куранят. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. 4 Міжнар. аэрапорты. Турызм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРАМА́НСКІ СТЫ́ЛЬ,
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., заснаванага на выкарыстанні форм і элементаў кампазіцыі раманскага стылю. Зараджэнне Н.с. звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. Імкнучыся да манументальнасці, дойліды некрытычна выкарыстоўвалі кампактныя стэрэаметрычныя аб’ёмы (куб, паралелепіпед, прызма, цыліндр) і выразныя, часам дынамічна-асіметрычныя сілуэты пры ўзвядзенні культавых і грамадз. збудаванняў, стылізавалі іх пад творы сярэдневяковай архітэктуры. На Беларусі Н.с. часцей выяўляўся ў спалучэнні з элементамі несапраўднай готыкі. У сядзібным буд-ве выкарыстоўвалі аркатурныя паясы і контрфорсы, высокія шчыты ў завяршэнні сцен. У культавай архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя базілікі, гал. фасады якіх фланкіравалі ярусныя вежы, завершаныя шатрамі. Збудаванні характарызаваліся шматграннасцю аб’ёмаў, выкарыстаннем адкрытага муру, цыліндрычных і крыжовых скляпенняў, купалаў, аздабленнем аркатурай галерэй, аконных і дзвярных праёмаў.
А.М.Кулагін.
Да арт.Неараманскі стыль. Касцёл у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. 1903.
нямецкі гісторык антычнасці, дыпламат.Чл. Берлінскай АН (1810). Сын дацкага падарожніка-ўсходазнаўца К.Нібура. З 1800 на дацкай, у 1806—10 і 1813—23 на прускай дзярж. службе. У 1816—23 прускі пасланнік у Ватыкане. У 1810—13 выкладаў у Берлінскім, з 1823 — у Бонскім ун-тах. Гал. праца — «Рымская гісторыя» (т. 1—3, 1811—32; апісаны падзеі да 241 да н.э.). Увёў у гіст. навуку метад крытычнага падыходу да крыніц. Яго інтэрпрэтацыя раннерым. гісторыі (лічыў, што асн. зыходнай адзінкай гіст. развіцця рымлян быў род; родавы лад змяніла дзярж. арганізацыя, засн. на тэр. падзеле, рубеж паміж імі — сістэма рэформ Сервія Тулія; прапанаваў тэорыю пра паходжанне патрыцыяў і плебеяў у выніку заваявання рым. царамі лац. пасяленняў) паўплывала на ням. гістарыяграфію (Л. фон Ранке, Т.Момзен і інш.).
Літ.:
Историография античной истории. М., 1980. С. 57—59.
венгерскі дырыжор, кампазітар, педагог. Вучыўся ў Венскай кансерваторыі (1866—73). З 1874 скрыпач венскага прыдворнага аркестра. З 1878 другі дырыжор і хормайстар, у 1882—89 гал. дырыжор опернага т-ра, у 1902—07 выкладчык кансерваторыі ў Лейпцыгу. Кіраваў Бостанскім сімфанічным аркестрам (1889—93), аркестрам Гевандхаўза (з 1895), адначасова Берлінскім і Гамбургскім філарманічнымі аркестрамі, Оперным т-рам у Будапешце (1893—95) і інш. Дырыжыраваў на памяць. Яго творчасць вызначалася моцным тэмпераментам, вял. свабодай і адначасова строгасцю і дакладнасцю ў апрацоўцы дэталей. Адыграў, вял. ролю ў прапагандзе творчасці П.Чайкоўскага ў Еўропе і Амерыцы. У рэпертуары таксама творы Л.Бетховена, А.Брукнера, Г.Малера, М.Рэгера, Р.Штрауса, Р.Шумана, Ф.Ліста, Р.Вагнера, І.Брамса. Аўтар кантаты, арк. твораў, стр. квартэта і інш.
Літ.:
А.Никиш и русская музыкальная культура. Л., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЬЮ-ГЭ́МПШЫР.
Нью-Хэмпшыр (New Hampshire), штат на ПнУ ЗША. Пл. 24 тыс.км². Нас. 1173 тыс.чал. (1997). Адм. ц. — г. Конкард. Найб. гарады Манчэстэр, Нашуа. Большая ч. штата занята адгор’ямі Апалачаў (масіў Уайт-Маўнтынс, выш. да 1916 м — г. Вашынгтон), на ПдУ штата — берагавая нізіна. Клімат умераны, марскі. Т-ра паветра ад -5 °C, у студз. да 22 °C у ліп. Ападкаў каля 800—1000 мм за год. Гал. рэкі Канектыкут і Мерымак. Большая ч.тэр. пад лесам (хвоя, хемлак, дуб, бяроза). Прам-сць: маш.-буд. (электратэхн., электронная, вытв-сцьпрамысл. абсталявання), гарбарна-абутковая, тэкст., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая. Лесанарыхтоўкі. Здабыча буд. матэрыялаў (граніт і інш.), каштоўных камянёў. Портсмут — цэнтр суднабудавання. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу; малочная жывёлагадоўля, птушкагадоўля. Вырошчваюць кармавыя травы, бульбу. Садоўніцтва і агародніцтва. Курортная гаспадарка, турызм і лыжны спорт (Уайт-Маўнтынс). Марское рыбалоўства. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ОКТЯ́БРЬ»,
літаратурна-мастацкі і публіцыстычны часопіс. Выдаецца з 1924 у Маскве на рус. мове штомесячна. Мае раздзелы: «Проза і паэзія», «З літаратурнай спадчыны», «Публіцыстыка і нарысы», «Літаратурная крытыка» і інш. Асвятляе пытанні грамадска-паліт. і культ. жыцця краіны. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва. Знаёміць з новымі кнігамі. У часопісе надрукаваны маст. творы К.Ваншэнкіна, В.Каверына, Э.Казакевіча, Ю.Морыц, К.Паустоўскага, А.Рыбакова, У.Салаухіна, А.Сафронава, А.Талстога, А.Твардоўскага, А.Фадзеева, Л.Філатава, А.Чакоўскага, М.Шолахава і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «О.», П.Броўка, Я.Брыль, В.Быкаў, М.Гарэцкі, У.Калеснік, Я.Колас, Я.Купала, І.Навуменка, А.Савіцкі, М.Танк, І.Шамякін і інш.Гал. рэдактары: А.Серафімовіч (1926—29), Ф.Панфёраў (1931—60, з перапынкамі), У.Кочатаў (1961—73), А.Ананьеў (з 1973).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),
уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.