галіна лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці, заснаваная на хім. перапрацоўцы драўніны. Да яе адносяцца: сухая перагонка драўніны, розныя віды каніфольна-шкіпінарных вытв-сцей (гл.Лесахімія), выпальванне вугалю. На Беларусі спецыялізавана па выпуску каніфолі, шкіпінару (тэрпенцінавага масла), хваёвай смалы, масла хваёвага флатацыйнага, дубільных экстрактаў.
У дарэв. Беларусі дзейнічалі дробныя саматужныя смолашкіпінарныя і дзягцярныя прадпрыемствы. У 1900 іх было 161, працавала каля 400 рабочых (без занятых нарыхтоўкай і падвозам); у 1912 давалі 18% агульнарасійскай прадукцыі Л.п. Першымі прадуктамі былі смала, драўняны вугаль, дзёгаць. У БССР каніфольна-шкіпінарная вытв-сць пачалася ў 1926 з прамысл. падсочкі жывіцы ў Старабарысаўскім і Крупскім лясніцтвах. У 1927 засн. каніфольны з-д у Навабеліцы (з 1976 Гомельскі папярова-лесахім. з-д), у 1928 — Барысаўскі лесахім. з-д (з 1971 у складзе папярова-лесахім. з-да). У 1940 здабыта 2903 т жывіцы, выраблена 2837 т каніфолі, 4269 т шкіпінару-сырцу і 3534 т ачышчанага шкіпінару.
У 1967 валавая прадукцыя Л.п. дасягнула найвышэйшага ўзроўню, у наступныя гады яе аб’ём скараціўся, што абумоўлена змяншэннем сыравіннай базы, заменай асобных відаў прадукцыі сінтэтычнымі. Нарыхтоўка асмолу і смолашкіпінарная вытв-сць метадам сухой перагонкі драўніны праводзілася ў вытв. лесанарыхтоўчых аб’яднаннях. Цяпер атрымліваюць пераважна вугаль і дзёгаць; перапрацоўку жывіцы вядзе акц.т-ва «Лесахімік» (б. Барысаўскі лесахім. з-д). У 1998 выраблена каніфолі хваёвай 7 тыс.т, шкіпінару жывічнага 1,4 т, прэпарата ВРП (рэчыва для наклейкі этыкет на пластыкавыя бутэлькі) 227 т, мальтаміну 20 т, клею-пасты 3002 т, аліфы 3567 т, сальвенту 1873 т, лаку па дрэве 103 т, тасолу 920 т, лаку бітумнага 1503 т, фарбы ВЭ 280 т, лакаў паркетнага ПФ-283—23 т, для фарбаў ПФ-060—288 т. Запланаваныя ў падсочку хваёвыя лясы дазваляюць забяспечыць аб’ём здабычы жывіцы да 15 тыс.т. Акц.т-ва «Лесахімік» штогод перапрацоўвае 10 тыс.т жывіцы. Патрэбнасць у жывіцы для вытв-сці неабходнай Беларусі каніфолі складае 20% ад агульнага аб’ёму яе здабычы.
Н.Ю.Пабірушка, П.І.Кавалёнак.
Да арт.Лесахімічная прамысловасць. Збор жывіцы ў леспрамгасе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНЕ́Ж (франц. manège) у архітэктуры, 1) прамавугольны ці круглы ў плане будынак без унутр. перагародак (часам агароджаная пляцоўка) для трэніроўкі коней, навучання верхавой яздзе, конна-спарт. спаборніцтваў. Падлога ў М. глінабітная, укрыта слоем пяску і драўняных апілак. Даўж. дарожкі ў закрытым прамавугольным М. да 130 м, у круглым — да 100 м, на адкрытым М. яна дзёрнавая, шчыльная грунтавая, пясчаная або тартанавая. Сучасныя М. будуюць звычайна пры іпадромах. У арх. адносінах найб. выразныя М. 18—19 ст.: класіцыстычныя — конна-гвардзейскі ў С.-Пецярбургу (1804—07, арх. Дж.Кварэнгі), Маскве (1817—25, інж. Л.Л.Карбанье, паводле праекта А.Бетанкура, арх. В.І.Баве; з 1957 выставачная зала). На Беларусі драўляныя прамавугольныя ў плане М. для трэніроўкі коней і навучання верхавой яздзе існавалі ў 2-й пал. 18—19 ст. ў Альбе пад Нясвіжам, Слуцку, Клецку і інш. Дзейнічае М. пры іпадроме конна-спарт. базы «Ратамка».
2) М. спартыўныя бываюць спецыялізаваныя (для аднаго віду спорту) і універсальныя, у якіх трансфармацыя арэны дае магчымасць праводзіць заняткі і спаборніцтвы па розных відах спорту. Найб. распаўсюджаны М.с. для заняткаў футболам і лёгкай атлетыкай. Футбольныя манежы маюць арэну для гульні ў міні-футбол (60 × 40 м); для спаборніцтваў рэсп. і міжнар. ўзроўняў — стандартнае футбольнае поле. Іх выкарыстоўваюць і для інш. відаў спорту (барацьба, бокс, валейбол, гандбол, гімнастыка, рэгбі, тэніс і інш.). Манежы для лёгкай атлетыкі маюць залы (не менш за 126 × 42 м) з прамымі і замкнёнымі бегавымі дарожкамі (звычайна з сінт. пакрыццём), сектары для скачкоў, штурхання ядра і інш., таксама трэніровачныя залы, басейны, сауны і інш. Буйныя М. маюць месцы для гледачоў. Будуюць таксама ў складзе комплексаў навуч. устаноў фіз. культуры і спорту. На Беларусі існуюць лёгкаатлетычныя М. спарт.к-таУзбр. сіл Беларусі (1976; цяперМінскі палац лёгкай атлетыкі), спарт. комплексу «Працоўныя рэзервы» (1989) у Мінску, у Гомелі (1980).
3) М. цыркавы, гл.Арэна.
4) Пераносная загародка для дзяцей, якія пачынаюць хадзіць.
С.А.Сергачоў.
Да арт.Манеж. Унутранае абсталяванне лёгкаатлетычнага манежа спартыўнага комплексу «Працоўныя рэзервы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяперг. Пушкін, Расія — 2.3.1855),
расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл.Пецярб.АН (1826). З 1817 ген.-інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл.Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л.Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл.Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.
Літ.:
Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;
Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ НО́ВАЕ МЕ́СЦА,
помнік горадабудаўніцтва канца 18—19 ст. ў Мінску (сучасная Кастрычніцкая пл.). Створана паводле першага праектнага плана Мінска 1797—1800 (арх. Ф.Крамер). У яго аснове — планіровачныя прынцыпы класіцызму. Паводле праекта планавалася разбурэнне гар. умацаванняў 17 ст. і пашырэнне гар. тэрыторыі на ПдУ уздоўж р. Свіслач амаль да яе поймы. На тэр. М.Н.м. стваралася геам. сетка вуліц і фарміраваліся жылыя кварталы прамавугольнай формы. Прадугледжвалася планіроўка асн.гар. вуліц: Захар’еўскай (сучасны праспект Скарыны), Падгорнай (К.Маркса), Магазіннай (Кірава), Вясёлай (Ульянаўская), Паліцэйскай (Я.Купалы), Кашарнай (Чырвонаармейская), Дамініканскай (Энгельса), Францысканскай (Леніна), Феліцыянаўскай (Камсамольская) і інш. Адначасова на ПдУ за гар. мяжой пабудаваны рэгулярны комплекс вайсковых казарм (арх. Крамер). Цэнтрам кампазіцыі М.Н.м. стала вял. прамавугольная гандл. плошча — Навамесцкая (Новы рынак). У канцы 18 — пач. 19 ст. на плошчы ўзведзены мураваныя будынкі, у т. л. комплекс т.зв. Архірэйскага дома, Лютэранская кірха, губ. паштовая кантора, паштовая станцыя, а таксама драўляныя жылыя дамы з крамамі. Пасля пажару 1835, у 1840—50-я г. па перыметры плошчы створаны бульвар, пабудаваны гасцініца «Парыж», будынкі дваранскага дэпутацкага сходу з тэатр. залай, духоўнай кансісторыі, дом краязнаўца М.Гаўсмана (1857), рэканструяваны комплекс Архірэйскага дома (усе арх. К.Хршчановіч). У 1872 плошча перапланавана ў рэгулярны Аляксандраўскі сквер (цяпер Цэнтральны) з перыметральнымі і дыяганальнымі алеямі, фантанам, упрыгожаным дэкар. скульптурай «Хлопчык з лебедзем». На тэр. сквера пабудаваны капліца св. Аляксандра Неўскага (1869, знесена ў 1930-я г.), воданапорная вежа (1874), Мінскага гарадскога тэатра будынак. Тэр. сквера мела напачатку драўляную, з 1912 металічную агароджу ў стылі мадэрн (знесена ў 1950-я г.). Кварталы М.Н.м. спачатку забудоўваліся драўлянымі жылымі дамамі паводле ўзорных праектаў, распрацаваных арх. Крамерам, пасля пажару 1835 — мураванымі і драўлянымі дамамі. Паводле плана Мінска 1858 Захар’еўская вул ператварылася ў гал.гар. дыяметр, М.Н.м. забудоўвалася 2—3-павярховымі жылымі і грамадскімі будынкамі. У канцы 19 — пач. 20 ст. пабудаваны Успенская царква і Мінскі царкоўна-археалагічны музей. У Вял.Айч. вайну асн. частка забудовы М.Н.м. пашкоджана, у 1940—50-я г. знесена ці перабудавана.
Літ.:
Дзянісаў У. Тут б’ецца сэрца горада // Мастацтва Беларусі. 1989. № 12.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЗЕЯЗНА́ЎСТВА, музеялогія,
комплексная навук. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю развіцця музеяў, іх грамадскія функцыі, распрацоўвае тэорыю і методыку ўсіх галін музейнай дзейнасці. Як сістэма спец. ведаў займаецца праблемамі камплектавання, сістэматызацыі, навук. дакументавання і каталагізацыі музейных фондаў, даследуе атрыбутацыю, тыпалагізацыю, спосабы захавання і рэстаўрацыі экспанатаў, выпрацоўвае методыку прапагандысцка-асветнай работы. Звязана з усімі грамадскімі, прыродазнаўчымі і тэхн. навукамі.
Першыя спробы тэарэт. асэнсавання музейнай справы адносяцца да эпохі Адраджэння. Непасрэдным заснавальнікам М. лічыцца ням. калекцыянер І.Д.Маёр — аўтар кн. «Нічога не вырашаючыя агульныя развагі аб мастацкіх і прыродазнаўчых зборах» (1674). Распрацоўкі і практычны вопыт франц. музеязнаўцаў канца 18 — пач. 19 ст былі пераняты большасцю еўрап. краін. У 2-й пал. 19 ст. М. сфарміравалася як асобны раздзел навукі, асаблівых поспехаў дасягнула ў 1960—70-я г., калі аформіліся ням., польская і чэш. музеязнаўчыя школы. Фармальнае прызнанне М. як самаст.навук. дысцыпліны адбылося на XI Генеральнай канферэнцыі Міжнар. савета музеяў (існуе пры ЮНЕСКА), што праходзіла ў Маскве ў 1977. Сав. школа М. склалася ў 1960—70-я г. Яе тэарэт. і навук.-метадалагічным цэнтрам быў НДІ культуры ў Маскве (цяпер Расійскі ін-т культуралогіі).
На Беларусі з 1911 у Віцебскім аддзяленні Маскоўскага археал. ін-та рыхтаваліся спецыялісты па асобных музейных спецыяльнасцях і чыталіся курсы па М. (Б.Р.Брэжга, А.П.Сапуноў і інш.). У 1920-я г. ў БССР музеям быў нададзены статус н.-д. устаноў, пры БДУ дзейнічалі музейныя курсы (кіраўнік В.Ю.Ластоўскі). З пач. 1930-х бел. музейная практыка развівалася ў агульным рэчышчы сав. М. Стварэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь дало штуршок развіццю самаст.бел. школы М. У 1992 адкрыта кафедра крыніцазнаўства і М. ў БДУ, у 1994 — кафедра этналогіі і М. ў Бел. ун-це культуры. З 1993 у Бел. ін-це праблем культуры працуе Лабараторыя музейнага праектавання, дзейнічае 2-гадовая школа М. для перападрыхтоўкі музейных супрацоўнікаў.
Літ.:
Музееведение: Вопр. теории и методики. М., 1987 (1988);
Гужалоўскі А. З гісторыі музейнай справы на Беларусі // Беларускія музеі: Гісторыя, хроніка, сучаснасць. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЮ́РНБЕРГ (Nürnberg),
горад на ПдУ Германіі, на р. Пегніц, зямля Баварыя. Каля 500 тыс.ж. (1999). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на канале Майн—Дунай. Аэрапорт. Прам-сць: маш.-будаванне, у т. л.трансп., станка- і прыладабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае, дакладнае; каляровая металургія, паліграф., дрэваапр., гарбарная, харчовая; вытв-сць алоўкаў і цацак; рамёствы. Метрапалітэн. Акадэміі прыкладной тэхнікі, выяўл. мастацтва. Вышэйшая школа педагогікі. Ф-тэканам. і сац. навук ун-та Эрланген-Нюрнберг. Тэатры. Міжнар.муз. фестывалі (арганны, джазавы). Міжнар. кірмашы.
Упершыню згадваецца ў 1050. У 1200 атрымаў гар. права, з 1219 вольны імперскі горад (да 1806). Адзін з найб. багатых гандл. гарадоў сярэдневяковай Еўропы, месца першых пасяджэнняў герм. рэйхстага. У 1424—1796 і 1938—45 у Н. захоўваліся атрыбуты ўлады герм. імператараў. У 1524—25 у горадзе праводзілася Рэфармацыя. Значна пацярпеў у Трыццацігадовую вайну 1618—48 (у 1632 акупіраваны швед. войскамі). З 1806 у складзе Баварыі. У 19 ст. індустрыялізаваны, развіццё паскорана пабудовай першай у Германіі чыгункі Н. — Фюрт (1835). У 1933—38 у горадзе адбываліся агульнагерм. з’езды Нацыянал-сацыялісцкай партыі. У 2-ю сусв. вайну разбураны больш чым на 50%. Пасля вайны ў гар. Палацы юстыцыі адбыўся Нюрнбергскі працэс над гал. нацысцкімі ваен. злачынцамі.
Цэнтр Н. з вузкімі крывымі вуліцамі. Захаваліся помнікі стараж. дойлідства: замак (пачаты ў 11 ст.) з капліцай 13 ст., фрагменты гар. муроў 14—15 ст., познагатычныя касцёлы Зебальдускірхе (пасля 1240—73, зальны хор — 1361—72) з грабніцай св. Зебальда (1507—19, Фішэры) і скульптурай «Укрыжаванне» (1507—20, Ф.Штос), Лорэнцкірхе (пасля 1350, хор — 1439—77; скульптура «Дабравешчанне», 1518, Штос), Фраўэнкірхе (1352—61), святых Марты (1360, 1578—1620), Яна (14 ст., на прылеглых могілках надмагіллі А.Дзюрэра і Штоса), Якава (14—16 ст.); жылыя дамы 15—17 ст., у т. л. «Дом Дзюрэра» (цяпер музей), гатычны фантан «Цудоўны калодзеж» (1385—96, скульпт. Г.Б.Парлер). Вакол цэнтра — новыя жылыя кварталы з рэгулярнай планіроўкай. У 1950—60-я г. пабудаваны горад-спадарожнік Н. — Лангвасер. Музеі: Германскі нац., рамёстваў, цацак, гар.маст. збораў; дом А.Дзюрэра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́РШАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ТРУ́ПА ІГНА́ТА БУЙНІ́ЦКАГА,
прафесійны бел. тэатр у 1907—13. Створана па ініцыятыве акцёра і тэатр. дзеяча І.Буйніцкага ў фальварку Палівачы Дзісенскага пав. Віленскай губ. (цяперв. Палевачы Глыбоцкага р-на Віцебскай вобл.). Узнікла на аснове бел. вечарынак, аматарскіх «сямейных» спектакляў і да 1910 мела аматарскі характар. Трупа праводзіла асв. работу, шмат зрабіла для развіцця самадз. творчасці і прапаганды бел. мастацтва, стварыла асновы нац.прафес. тэатра. Пад уплывам яе дзейнасці і традыцый у крас. 1917 узнікла Першае таварыства беларускай драмы і камедыі. Калектыў шмат гастраліраваў па Беларусі, у Вільні (1910), Пецярбургу (1911 і 1912), Варшаве (1913). У праграму паказаў спачатку ўваходзілі бел.нар. песні, танцы, дэкламацыя вершаў і апавяданняў на роднай мове, невял. п’есы. З 1910 паказы складаліся з некалькіх самаст. частак: 1—2 п’ес, дэкламацый, спеваў і танцаў. Тэатр прытрымліваўся нар. традыцый, вылучаўся сінт. характарам сваёй творчасці і рэаліст. накіраванасцю. У нескладаным сцэнічным афармленні выкарыстоўваліся элементы бел.нар.выяўл. мастацтва, акцёры выступалі ў бел.нац. касцюмах. Сярод драм. выканаўцаў вызначаліся Буйніцкі (іграў характарна-драм. ролі), А.Бурбіс, Крапівіха (Цётка), А.Забель (З.Абрамовіч); сярод музыкантаў — Дз.Крывадубаў (Няленка) і І.Голер; сярод спевакоў — Я.Феакцістаў; сярод танцораў — Буйніцкі, яго дочкі Ванда і Алена, Ч., Л. і Я.Родзевічы. Муз. часткай кіраваў Л.Рагоўскі. Рэжысёрамі былі А.Аляксеенка, Бурбіс і інш. У рэпертуары: пастаноўкі «Модны шляхцюк» К.Каганца, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі, «Сватанне» і «Мядзведзь» А.Чэхава, «Па рэвізіі» М.Крапіўніцкага, «Міхалка» Далецкіх; вершы Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Лучыны, А.Паўловіча; песні «Чаму ж мне не пець», «Дуда-весялуха», «За гарамі, за лясамі» і інш.; танцы «Юрка», «Гняваш», «Верабей», «Лявоніха», «Мельнік», «Мяцеліца» і інш.
Літ.:
Няфёд У. Гісторыя беларускага тэатра. Мн., 1982;
Яго ж. Ігнат Буйніцкі — бацька беларускага тэатра. Мн., 1991;
Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Мн., 1983.
У.І.Няфёд.
Да арт.Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага. Буйніцкі з дочкамі. 1911.Першая беларуская трупа Ігната Буйніцкага ў час выступлення на этнаграфічным вечары ў Пецярбургу. 1912.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРУ́СІЯ (Preußen),
дзяржава, потым зямля (адм. адзінка) у Германіі (да 1945). Асн.гіст. ядро П. — Брандэнбург, які аб’яднаўся ў 1618 з анклаўнай тэрыторыяй — герцагствам Прусія (у далейшым — Усходняя П.), што ўзнікла ў 1525 на ч. зямель Тэўтонскага ордэна, захопленых ім у прусаў (адсюль назва). Брандэнбургска-Пруская дзяржава ў 1701 стала каралеўствам П. (сталіца — Берлін). Кіруючую ролю ў эканам. і паліт. жыцці П. адыгрывала юнкерства. Прускія каралі з дынастыі Гогенцолернаў (Фрыдрых II, Фрыдрых Вільгельм II, Фрыдрых Вільгельм III) у 18—1-й пал. 19 ст. значна пашырылі тэр. дзяржавы, у т. л. ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай. З часоў каралявання Фрыдрыха Вільгельма 1 [1713—40] аформіўся ваен.-бюракратычны лад прускай дзяржавы. У час напалеонаўскіх войнаў тут праведзены Штайна-Гардэнберга рэформы. Пасля франка-прускай вайны 1870—71 прускае юнкерства на чале з О.Бісмаркам завяршыла аб’яднанне Германіі на пруска-мілітарысцкай аснове; прускі кароль стаў і герм. імператарам. У выніку Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі ліквідавана манархія, П. стала адной з герм. зямель (найбуйнейшая, у 1939 мела пл. 294 159 км², 41,8 млн. жыхароў). У 2-ю сусв. вайну фаш. ўлады аб’явілі аб уключэнні ў склад Усходняй П. паўн.-зах. раёнаў Брэсцкай і Беластоцкай абласцей Беларусі з гарадамі Гродна, Ваўкавыск і інш. (акруга Беласток); у Берліне дзейнічалі Беларускае прадстаўніцтва і Беларускі нацыянальны цэнтр, выдавалася газ.«Раніца». Пасля разгрому нацысцкай Германіі ў 2-й сусв. вайне П. падзелена на асобныя землі (1945), тэр. Усходняй П. перададзена СССР [каля 1/3 усёй тэрыторыі з г. Кёнігсберг (цяперКалінінград), у 1946 тут створана Калінінградская вобласць] і Польшчы. У 1947 Кантрольны савет у Германіі прыняў закон № 46 аб ліквідацыі прускай дзяржавы як апоры мілітарызму і рэакцыі.
Літ.:
Лависс Э. Очерки по истории Пруссии: Пер. с фр. Калининград, 1990 [рэпр. выд.: М., 1915];
Восточная Пруссия: С древн. времен до конца второй мировой войны: Ист. очерк. Калининград, 1996;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСЛІ́НЫ (Plantae, або Vegetabilia),
аўтатрофныя арганізмы (аўтатрофы), якія валодаюць здольнасцю да фотасінтэзу, маюць шчыльныя клетачныя абалонкі з цэлюлозы, запасное рэчыва, звычайна крухмал; царства жывых арганізмаў. Царства Р. уключае 3 падцарствы: багранкі, ці чырвоныя водарасці, сапраўдныя водарасці і зародкавыя, або вышэйшыя Р. (каля 350 тыс. відаў). Большасць Р. характарызуецца чляненнем цела, што прыводзіць да павелічэння паверхні. Неабходнасць гэтага абумоўлена спосабам жыўлення — паглынанне з навакольнага асяроддзя газападобнага (фотасінтэз) і вадкага (вада і раствораныя ў ёй мінер. солі) кампанентаў. Для вышэйшых Р. таксама характэрна наяўнасць вял. колькасці спецыялізаваных структур (гл.Вегетатыўныя органы, Тканка і інш.). Многія важныя асаблівасці будовы Р. вызначаюцца характарам іх росту, размнажэння, спосабам рассялення. Паходжанне Р. звязана з першымі этапамі станаўлення жыцця на Зямлі, а вянец іх эвалюцыі — кветкавыя (пакрытанасенныя), якія ўзніклі ў раннюю мелавую эпоху і цяпер займаюць дамінуючае становішча ў флоры планеты. На Беларусі 1638 відаў сасудзістых Р., 430 мохападобных, каля 7 тыс. грыбоў, 2232 водарасцей, 477 лішайнікаў. Інтрадукавана 1,5 тыс. відаў і форм драўнінных, кустовых і больш за 5 тыс. травяністых Р. (гл. таксама Расліннасць). Без Р. немагчыма існаванне жывёл і чалавека. Зялёныя Р., якія маюць у сабе хларафіл, здольныя акумуляваць энергію Сонца, утвараюць арган. рэчывы з неарган., падтрымліваюць пастаянны састаў атмасферы (паглынаюць вуглякіслы газ і выдзяляюць кісларод). Як першасныя прадуцэнтыарган. рэчываў Р. — вызначальнае звяно ў складаных ланцугах жыўлення ўсіх гетэратрофных арганізмаў (гетэратрофаў) Зямлі. Утвараюць розныя расл. згуртаванні (фітацэнозы), абумоўліваюць ландшафтную разнастайнасць планеты і неабмежаваную разнастайнасць экалагічных умоў для інш. арганізмаў. Пры непасрэдным удзеле Р. утвараюцца глеба, торф, з выкапнёвых Р. — буры і каменны вугаль. Для чалавека найб. значэнне маюць насенныя, пераважна кветкавыя Р., якія даюць ежу, вопратку, паліва, буд. матэрыялы і інш. Інтэнсіўная і не заўсёды рацыянальная дзейнасць чалавека прывяла да знішчэння натуральнай расліннасці на вял. плошчах, многія віды паставіла пад пагрозу знікнення. Таму спец. заканадаўчымі актамі, прынятымі ў большасці краін, у т. л. на Беларусі, свет Р. знаходзіцца пад аховай (гл.Ахова прыроды, Ахова раслін). Вывучае Р. батаніка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫПІ́НСКІ (Аляксандр Феліксавіч) (1811, в. Кукавячына Віцебскага р-на — 1900?),
бел. і польскі паэт, фалькларыст, графік, кнігавыдавец. Скончыў Віцебскую гімназію. У 1829—30 вучыўся ў школе прапаршчыкаў у Дынабургу (цяпер Даўгаўпілс, Латвія), дзе блізка сышоўся з В.Кюхельбекерам. Удзельнік паўстання 1830—31. З 1832 у Парыжы, зблізіўся з А.Міцкевічам, абраны чл.Франц. акадэміі прам-сці, сельскай гаспадаркі, рамёстваў і гандлю. Выдаў фалькларыстычна-этнагр. даследаванне «Беларусь» (Парыж, 1840), у якім упершыню ў гісторыі беларусістыкі сістэматызаваў вусную творчасць бел. народа па жанрах і тэматыцы. У кнізе змешчана вял. колькасць абрадавых твораў, даюцца апісанні і характарыстыка абрадаў, звесткі па гісторыі л-ры і муз. культуры Віцебшчыны, апублікаваны нар.рэліг. песні кніжнага паходжання, макаранічныя бел.-польскія мініяцюры Ф.Рысінскага(?), уласныя творы, стылізаваныя пад нар. песні. З 1846 у Лондане, дзе займаўся выдавецкай і творчай дзейнасцю, выкладаў мовы, матэматыку і маляванне. Сам афармляў уласныя кнігі, выявіў выключныя здольнасці да маст. фатаграфіі, стаў адным з піянераў фотамастацтва. У 1852 разам з І.Яцкоўскім заснаваў вольную друкарню, у якой выдаў свае паэт. кнігі на польскай мове з уласнымі ілюстрацыямі («Паэтычныя творы», 1853; «Сяржант-філосаф...», 1854) і бел.рамант. баладу «Нячысцік» (1853, адна з першых у бел. л-ры, у аснову яе пакладзены фалькл. ўзоры). З кастр. 1852 у ёй друкавалася эмігранцкая газ. «Demokrata Polski» («Польскі дэмакрат»). У 1859, пасля царскай амністыі, вярнуўся на радзіму. Працаваў над гісторыяй бел. л-ры, стварыў шэраг біяграфій пісьменнікаў-беларусаў: Я.Баршчэўскага, Г.Марцінкевіча, В.Рэута, Ф.Рысінскага, Т.Заблоцкага (не захаваліся). Перапісваўся з А.Плугам, у 1860 пакінуў вершаваны і празаічны запісы на бел. і польскай мовах у «Альбоме» А.І.Вярыгі-Дарэўскага. У творчасці Р. пераважала маральна-этычная праблематыка. Яго паэзіі ўласціва фалькл.-рамант. скіраванасць у спалучэнні з дыдактычнасцю і сентыменталісцкім стылем. Беларусь разглядаў як правінцыю Польшчы.
Літ.:
Пачынальнікі. Мн., 1977;
Штэйнер І. Аляксандр Рыпінскі (1810—1900) // Беларуская літаратура. Мн., 1985. Вып. 13;
Піятуховіч М. Рукапісы А.Рыпінскага // Шляхам гадоў. Мн., 1990.