ПАДШЫ́ПНІК,

апора вярчальных дэталей (валоў, восей), якая ўспрымае ад іх нагрузку і забяспечвае свабоднае іх вярчэнне. Шырока выкарыстоўваецца ў машынах, механізмах, прыладах і інш.

П. качэння складаюцца з унутранага і вонкавага кольцаў, цел качэння (шарыкаў ці ролікаў) і сепаратара, які ўтрымлівае целы качэння на пэўнай адлегласці адно ад аднаго Целы качэння верцяцца паміж паверхняй дэталі (вала) і апоры, значна зніжаюць трэнне Бываюць шарыкавыя і ролікавыя (цыліндрычныя, канічныя, сферычныя, сфераканічныя); адна-, двух- і шматрадныя; радыяльныя, радыяльна-ўпорныя, упорныя (падпятнікі), розных памераў і класаў дакладнасці. У П. слізгання цапфа вала слізгае непасрэдна па апорнай паверхні, якая бывае цыліндрычнай, канічнай ці шаравой формы Працуюць ва ўмовах паўвадкаснага і вадкаснага трэння. Звычайна гэты П. — адтуліна з нераздымнай утулкай (ці з 2 паўцыліндрычнымі раздымнымі ўкладышамі) з антыфрыкцыйнага матэрыялу, у якой размешчаны вярчальны вал. Каб зменшыць трэнне, знос і награванне П. змазваюць змазачнымі матэрыяламі.

На Беларусі П. вырабляе Мінскі падшыпнікавы завод. Гл. таксама Падшыпнікавая прамысловасць.

Падшыпнікі: а — будова падшыпніка слізгання (1 — вал, 2 — укладыш, 3 — кольца змазкі); б — падшыпніка качэння (1 — знешняе кольца, 2 — унутранае кольца, 3 — шарык, 4 — сепаратар); в — тыпы шарыкападшыпнікаў (верхні рад) і ролікападшыпнікаў (ніжні рад): 1 — радыяльны аднарадны, 2 — двухрадны сферычны, 3 — упорны аднарадны, 4 — радыяльна-ўпорны, 5 — з цыліндрычнымі ролікамі, 6 — двухрадны сферычны, 7 — з канічнымі ролікамі.

т. 11, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РАБКІ, парубцы,

1) адна з разнавіднасцей чэлядзі нявольнай (дворнай) у ВКЛ у 14—16 ст. 2) Некваліфікаваныя ці малакваліфікаваныя наёмныя работнікі на Беларусі, Украіне і ў Літве ў 18 ст. — 1850-х г. Пераважна найбяднейшыя сяляне, якія не мелі зямельнага надзелу (бабылі) і працавалі па найме ў заможных сялян і феадалаў у с.-г. вытворчасці. Наёмная праца П. часцей выкарыстоўвалася ў зах. і цэнтр. паветах Беларусі. У 1859 у бел. паветах Гродзенскай, Віленскай, Мінскай губ. пераважная большасць П. была кутнікамі, якія абслугоўвалі гаспадарку заможных сялян. Больш шырока П. як наёмную рабочую сілу скарыстоўвалі на дзярж. землях. П. не мелі ці амаль не мелі сваіх сродкаў вытв-сці, былі заняты пераважна ў сферы таварнай вытв-сці, крыніцай іх існавання з’яўлялася праца па найме. П. перыяду позняга феадалізму — пераходны сац. тып ад феад.-залежнага селяніна да пралетарыя.

3) Наёмныя рабочыя эпохі капіталізму, частка с.-г. пралетарыяту, пераважна з надзелам. Пасля сялянскай рэформы 1861 у Рас. імперыі, у т. л. на Беларусі, катэгорыя П. фарміравалася за кошт дарэформенных наёмных с.-г. работнікаў, дваровых людзей; каланістаў, збяднелага сялянства і сем’яў пастаянных (гадавых) с.-г. наёмных рабочых. Да пач. 20 ст. на Беларусі было прыкладна 130 тыс. П., у 1913 — каля 200 тыс. У СССР парабкоўства было ліквідавана ў выніку калектывізацыі сельскай гаспадаркі.

В.​П.​Панюціч.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТУГА́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з раманскіх моў (ібера-раманская падгрупа). Афіц. мова Партугаліі, Бразіліі, Анголы, Мазамбіка, Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Сан-Таме і Прынсіпі. Склалася ў 12—14 ст. у выніку змяшэння партугала-галійскіх гаворак поўначы і поўдня. У пач. 16 ст. ў сувязі з геагр. адкрыццямі адбылася экспансія -П.м. ў Бразілію, а таксама на тэр. Афрыкі і Азіі. Сучасная П.м. мае 2 асн. тэр. варыянты: партуг. і браз., якія адрозніваюцца пераважна ў фанетыцы і лексіцы. У працэсе фарміравання знаходзяцца афр. варыянты П.м., у першую чаргу ў Анголе і Мазамбіку. На тэр. Партугаліі 3 дыялектныя групы: паўд., цэнтр. і паўночная. Для П.м. ў Бразіліі характэрна адноснае адзінства. На базе П.м. развіўся шэраг крэольскіх моў (у Гвінеі-Бісау, Каба-Вердэ, Аамыні і інш.). П.м. ўласцівы; у фанетыцы — назалізацыя і рэдукцыя галосных, насавыя дыфтонгі, адрозненне зычных па вымаўленні ў залежнасці ад пазіцыі і акружэння; у марфалогіі — наяўнасць т.зв. асабовага інфінітыва, абмежаванае ўжыванне складаных дзеяслоўных часоў; у лексіцы — шмат запазычанняў з ісп., франц., араб. моў. Першыя пісьмовыя помнікі датуюцца прыкладна 12 ст. Пісьменства на аснове лацініцы.

Літ.:

Вольф Е.М., Никонов Б.А. Португальский язык: Граммат. очерк, лит. тексты с комментариями и словарем. М., 1965;

Вольф Е.М. История португальского языка. М., 1988.

т. 12, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУКАМО́ЛЬНА-КРУПЯНА́Я ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

спецыялізаваная галіна прам-сці па перапрацоўцы збожжа на муку і крупы. Адна са старэйшых галін харчовай прамысловасці Беларусі.

Да пач. 20 ст. ў Беларусі пераважалі дробныя прадпрыемствы (вадзяныя млыны і ветракі) з 1—2 рабочымі. Большасць сялян вырабляла муку і крупы ў хатніх умовах з дапамогай жорнаў, ступы і інш. Першы вял. на той час вадзяны шасціпастаўны млын пабудаваны ў 1826 у фальварку Забалоцце Аршанскага пав. (працавала 18 чал., збожжа прывозілі пераважна водным шляхам па Дняпры з Украіны). У 1860 у Беларусі дзейнічалі 1834 мукамольныя прадпрыемствы (вадзяныя, ветраныя, конныя і паравыя млыны), на якіх працавала 2730 рабочых, выраблялася 2956 тыс. пудоў мукі. У 1920—30-я г. прадпрыемствы М.-к.п. рэканструяваны, пабудаваны механізаваныя млыны, у т. л. млынкамбінаты у Гомелі, Оршы, Полацку, Рэчыцы, Слуцку. У 1940 выраблена мукі 873,1 тыс., круп 50,8 тыс. т. У пасляваенны час М.-к.п. развівалася на новай тэхн. аснове, што дало магчымасць пастаўляць яе ў інш. рэспублікі.

У 1998 у Рэспубліцы Беларусь дзейнічалі 1934 прадпрыемствы і вытворчасці М.-к.п. У 1997 выпрацавана мукі 1372,5 тыс., круп 97,3 тыс. т. Вял. млынкамбінаты працуюць у Мінску, Гомелі, Магілёве, Бабруйску, Полацку, Калінкавічах, Рэчыцы, Асіповічах, Баранавічах, Лідзе, Пінску, Клімавічах, Слуцку, Брэсце і інш.

П.​І.​Рогач.

Да арт. Мукамольна-крупяная прамысловасць. Гомельскі млынкамбінат.

т. 11, с. 20

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРФЕ́МА (ад грэч. morphē форма),

адна з асноўных адзінак мовы; мінімальны знак — адзінка, у якой за пэўнай фанетычнай формай (азначаючым) замацаваны пэўны змест (азначаемае) і якая не дзеліцца на больш простыя адзінкі таго ж роду. У маўленчай плыні М. рэалізуецца ў выглядзе канкрэтных варыянтаў — морфаў (напр., у словах «рак-а», «рэч-к-а», «рач-н-ы» морфы «рак-», «рэч-», «рач-» рэпрэзентуюць адну М). Паводле становішча ў сістэме мовы М. падзяляюць на свабодныя (матэрыяльна супадаюць з асновай хоць бы ў адным неслужбовым слове, напр., М. «хмар-»), звязаныя (ніколі не супадаюць з асновай, напр., М. «-у-» у словах «абуць», «абутак») і адносна звязаныя (напр., бел. «да» у «даляцець да ракі»). Паводле функцыі М. падзяляюць на службовыя (афіксальныя, гл. Афікс) і неслужбовыя (каранёвыя, гл. Корань); першыя звычайна звязаныя, другія — свабодныя. Ад ролі ў складзе слова М. падзяляюць на словаўтваральныя, ці дэрывацыйныя («пра-дзед»), словазмяняльныя, ці рэляцыйныя («вез-ці»), і формаўтваральныя, ці рэляцыйна-дэрывацыйныя («прыгаж-эйш-ы»), у залежнасці ад паходжання — на ўласныя і запазычаныя. М. могуць быць матэрыяльна выражанымі ці нулявымі («стол» — «стал-ы»). Паняцце «М.» ў мовазнаўства ўвёў рас. вучоны І.​А.​Бадуэн дэ Куртэнэ (1881). Вучэнне пра М. вылучаецца ў асобную галіну мовазнаўства — марфеміку.

Літ.:

Шакун Л.М. Словаўтварэнне. Мн., 1978;

Шуба П.П. Сучасная беларуская мова: Марфаналогія. Марфалогія. Мн., 1987.

П.​П.​Шуба.

т. 10, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЕКУЛЯ́РНАЯ МА́СА,

маса малекулы, выражаная ў атамных адзінках масы; адна з канстантаў, якая характарызуе індывідуальнае рэчыва. М.м. роўная суме мас атамаў, што ўваходзяць у склад малекулы. М.м. (абазначаецца М або μ) уваходзіць у многія ўраўненні і суадносіны, якімі карыстаюцца пры разліках у хіміі і фізіцы. У хіміі і хім. тэхналогіі часцей карыстаюцца адноснай М.м. — безразмернай велічынёй, роўнай адносінам малярнай масы малекулы рэчыва да 712 малярнай масы атама вугляроду-12. Эксперым. вызначэнне М.м. неабходна для ідэнтыфікацыі хім. злучэнняў, а таксама пры даследаванні высокамалекулярных злучэнняў, уласцівасці якіх істотна залежаць ад іх М.м. (гл. Малекулярная маса палімера).

Асн. метадам вызначэння М.м. лятучых рэчываў з’яўляецца мас-спектраметрыя. Вызначэнне М.м. нелятучых і недысацыіруючых у растворах рэчываў заснавана на вымярэнні калігатыўных уласцівасцей (г. зн. уласцівасцей, якія залежаць ад колькасці раствораных часціц) — паніжэння ціску пары (апісваецца законам Рауля) і т-ры замярзання (гл. Крыяскапія), павышэння т-ры кіпення (гл. Эбуліяскапія) раствораў у параўнанні з чыстым растваральнікам. У асмаметрыі М.м. рэчыва (звычайна высокамалекулярнага) устанаўліваюць па значэнні асматычнага ціску, які ўзнікае пры раздзяленні кампанентаў раствору на паўпранікальнай мембране (гл. Осмас). Сярэднія значэнні М.м. палімераў устанаўліваюць па калігатыўных уласцівасцях разбаўленых раствораў, колькасці падвойных сувязей ці функцыянальных груп (метадамі функцыян. аналізу), а таксама па вязкасці, святлорассеянні іх раствораў і па рэалагічных характарыстыках для палімераў высокай ступені полімерызацыі.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 10, с. 26

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫТА́ЦЫЯ (ад лац. meditatio роздум, разважанне, абдумванне),

разумовае дзеянне, мэтай якога з’яўляецца прывядзенне псіхікі чалавека ў стан паглыбленай засяроджанасці, яго самаўдасканаленне і вылячэнне; адна з сістэм псіхафіз. трэніроўкі чалавека. М. існавала са стараж. часоў у культуры многіх народаў свету, яе гал. прызначэннем лічылася спасціжэнне Вышэйшай Рэальнасці, Абсалютнай Ісціны, Бога, дасягненне прасветленасці («азарэння»). Суправаджаецца цялеснай расслабленасцю, адсутнасцю эмацыянальных перажыванняў, канцэнтрацыяй увагі на якім-н. прадмеце, з’яве, працэсе (музыцы, дыханні, зямлі, небе і інш.); сеанс М. можа працягвацца ад 10—15 мін да некалькіх гадзін. Існуюць розныя тыпы М. ў залежнасці ад культ.-гіст. умоў. Усходні тып (прадстаўлены ўсімі формамі ёгі ў Індыі, даасізмам у Кітаі, дзэн-будызмам у Японіі) накіраваны на рэліг.-містычнае растварэнне індывід. свядомасці ў безасабовым, «акіянападобным Абсалюце». Хрысціянскі тып прадугледжвае своеасаблівае зліццё дзвюх асоб (чалавечай і боскай) і праяўляецца ў час працяглых малітваў, літургій і да т.п. Псіхафізічны тып разлічаны на тэрапеўтычна-аздараўляльны эфект. Методыкі М. распрацоўваюцца ў сучасным псіхааналізе, аналітычнай псіхалогіі, выкарыстоўваюцца ў псіхатэрапіі, псіхафіз. трэнінгах (аўтагенная трэніроўка нервова-мышачная рэлаксацыя, аўтагіпноз). Заняткі М. дазваляюць павысіць імунітэт і вынослівасць арганізма, палепшыць фіз. і інтэлектуальныя здольнасці чалавека, выявіць яго экстрасенсорныя магчымасці (тэлепатыя, яснабачанне і інш.).

Літ.:

Каптен Ю.Л. Основы медитации: Вводный практич. курс. СПб., 1991;

Лесняк Ю. Медитация. М., 1992;

Психотерапевтическая энциклопедия. СПб., 1998.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕТЛЮЖКАКВЕ́ТНЫЯ (Poales),

парадак аднадольных раслін. 1 сям., каля 650 родаў, 10 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. Дамінанты травяністых груповак расліннасці стэпаў, лугоў, прэрый, пампасаў і саваннаў. На Беларусі 55 родаў. Найб. вядомыя авёс, брыца, вострыца, грэбнік, жытняк, зуброўка, каласнец, купкоўка, лісахвост, малінія, маннік, пырнік, трыснёг, цімафееўка, ячмень і інш. Вырошчваюцца шмат інтрадукаваных відаў з родаў жыта, кавыль, кукуруза, перлаўка, проса, пшаніца, райграс і інш. Рэдкія віды (напр. ячменеваласнец еўрапейскі) занесены ў Чырв. кнігу.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя, радзей дрэвападобныя (напр., бамбук) расліны. Цыліндрычныя сцёблы (саломіны) уздутыя ў вузлах і падзеленыя на полыя межвузеллі. Лісце пераважна з адкрытымі похвамі, лінейнае (да ніткападобнага) ці ланцэтнае, звычайна мае язычок. Кветкі дробныя, пераважна двухполыя ў элементарных суквеццях (каласках), што ўтвараюць складаныя суквецці — мяцёлкі, каласы, гронкі або галоўкі. У каласку — 1—30 кветак. Апыленне звычайна ветрам. Плод — зярняўка. Да М. належаць асн. харч. расліны: пшаніца, рыс, кукуруза, жыта, ячмень, авёс, проса, сорга, цукр. трыснёг і інш.), што культывуюцца з глыбокай старажытнасці, і кармавыя (мятліца, цімафееўка, аўсяніца, купкоўка, каласоўнік і інш). Выкарыстоўваюцца для засеву газонаў, аэрадромаў, стадыёнаў, замацавання пяскоў, насыпаў. З некат. М. атрымліваюць буд. матэрыялы, паперу (напр., трыснёг, бамбук), ёсць шкоднае пустазелле (напр., аўсюк, брыца звычайная). Харч., кармавыя, тэхн., лек., дэкар. расліны.

Літ.:

Цвелев Н.Н. Злаки СССР. Л., 1976. Жизнь растений. Т. 6. М., 1982.

т. 10, с. 311

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ХТА (Abies),

род голанасенных раслін сям. хваёвых. Каля 40 відаў. Пашыраны ў гарах, радзей на раўнінах Паўн. паўшар’я, некат. віды — у трапічным поясе (горы Мексікі і Гватэмалы). Расце разам з елкай і інш. дрэвамі ці ўтварае чыстыя дрэвастоі (піхтарнікі), адна з асн. парод цемнахвойнай тайгі. На Беларусі 1 цэнтр.-еўрапейскі рэліктавы від — П. белая або еўрапейская (A. alba), занесены ў Чырв. кнігу. Ізалявана трапляецца ў Белавежскай пушчы.

Аднадомныя вечназялёныя дрэвы выш. 50—100 м, дыяметр ствала да 2 м з густой конусападобнай кронай. Жывуць да 200, некат. да 500—700 гадоў. Кара ўсіх відаў мае смалу. Ігліца шматгадовая, плоская, лінейная, мяккая, з 2 белаватымі палоскамі вусцейкаў на ніжнім баку. Жаночыя шышкі (зялёныя або чырванаватыя) і мужчынскія каласкі размешчаны на канцы леташніх парасткаў у верхняй ч. кроны. Спелыя шышкі цыліндрычныя, прамастойныя, фіялетавыя або карычневыя. Выспяваюць у 1-ы год і рассыпаюцца. Семя з крыльцам. Драўніна выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці цэлюлозы і дробных вырабаў. З кары паўночнаамерыканскай П. бальзамічнай (A. balsamea) атрымліваюць канадскі бальзам, з найб. пашыранай П. сібірскай (A. sibirica) — піхтавы бальзам, з ігліцы і маладых галінак — піхтавы алей. Лек., тэхн., дэкар. расліны.

А.​Дз.​Антанюк.

Піхта сібірская: 1 — агульны выгляд; 2 — галінка з жаночай шышкай; 3 — галінка з мужчынскімі каласкамі; 4 — спелая шышка.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕТРЫ́Я (ад полі... + ...метрыя),

1) у паэтыцы — ужыванне ў адным творы некалькіх памераў вершаваных, што робіць верш рытмічна больш разнастайным. Вядома з ант. часоў, у новы час часта ўжывалася ў паэзіі барока, рамантызму і 20 ст. Гл. таксама Лагаэд.

2) У музыцы — адначасовае спалучэнне ў розных галасах ці групах галасоў муз. твора двух ці некалькіх тактавых памераў з перыяд. несупадзеннем гал. метрычных акцэнтаў; адна з пашыраных форм арганізацыі полірытміі. Сустракаецца спалучэнне розных метраў на працягу ўсяго твора або значнай часткі, паміж дзвюма і больш тэмамі (напр., адначасовае гучанне трох танцаў — ​3/4, ​2/4, ​3/8 — у сцэне балю оперы В.​А.​Моцарта «Дон Жуан», фіналу 4-й сімфоніі — ​8/8, ​7/8 — Я.​Глебава), а таксама несупадзенне метра ў мелодыі і яе суправаджэнні (Вальс ор. 42 Ф.​Шапэна, кульмінацыя 4-й ч. 1-й сюіты з балета «Выбранніца» Глебава). Больш пашыраны кароткія поліметрычныя эпізоды, часам не пазначаныя адпаведнымі знакамі, на аснове матыўнай П., або геміёлы — 2-дольных матываў у 3-дольных тактах (2-я ч. 2-га квартэта А.​Барадзіна, 2-я сімфонія «Песні для аркестра» А.​Мдывані, у многіх творах І.​Стравінскага, М.​Рымскага-Корсакава, Глебава, Дз.​Смольскага і інш).

Т.​А.​Дубкова (музыка).

т. 12, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)