адарва́ць, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.

1. Рыўком, пацягнуўшы, аддзяліць (частку ад цэлага, што‑н. прымацаванае). Адарваць лісток календара. □ Сцёпка борзда развязаў торбу.., адламаў кусок хлеба, адарваў надрэзаны кавалачак сала і са смакам стаў сілкавацца. Колас. // звычайна безас. Адрэзаць, знесці (пра галаву, часткі цела) машынай, снарадам і пад. Беднай гімназістцы выбухам першай нямецкай бомбы ў пачатку вайны адарвала ногі. Карпюк.

2. ад каго-чаго. Рэзкім рухам, пераадольваючы супраціўленне, адняць, аддаліць. Асокін, крыху схіліўшыся, абняў Карніцкага і адарваў ад падлогі. Паслядовіч. [Леанід] пацалаваў халодныя вусны дзяўчыны. Аля хутка адарвала свае губы і схавала твар на яго грудзях. Мележ. Пры апошніх словах хірург нейкім упартым рыўком адарваў сваю цяжкую галаву ад зямлі і флегматычным позіркам акінуў.. субяседнікаў. Васілевіч.

3. перан. Разлучыць. Ад Васіля хлопцаў усё роўна не адарвеш. Кавалёў. // Аддзяліць, пазбавіць сувязі з кім‑, чым‑н. Добры канец у яго [Свідраля] разуменні азначаў, што ён зноў вернецца да ранейшага жыцця, ад якога яго адарвалі. Дуброўскі.

4. перан. Перашкодзіць займацца чым‑н., адцягнуць (ад думак і пад.). Адарваць ад работы. □ — Толькі абыякавы чалавек можа кінуць пачатую справу, не скончыўшы яе, — адказвае Мікола Пышко. — Хіба ж цяпер мяне адарвеш, ад таго, што тут [на «Нафтабудзе»] зроблена і робіцца кожны дзень? Грахоўскі. Раптам знаёмы голас над самым вухам адарваў яго [Петрака] ад чытання. Чорны. Гаспадыня намагалася больш і цікавей гаварыць, каб адарваць ад нейкіх зацяжных і, бадай, невясёлых думак сваіх кватарантаў. Кулакоўскі.

•••

Адарваць з пупавінай — вырваць з коранем, выкараніць.

Вачэй не адарваць — вельмі захапіцца прыгажосцю каго‑, чаго‑н.

Вушы (галаву) адарваць (груб.) — набіць, пакараць.

Гнілому цяляці хваста не адарве — пра слабага, ціхмянага чалавека.

З рукамі адарваць — узяць, купіць што‑н. у каго‑н. з вялікай ахвотай.

На хаду падноскі адарваць — пра спрыт каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

зда́цца ​1, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; заг. здайся; зак.

1. Спыніўшы супраціўленне, прызнаць сябе пераможаным. Гарнізон здаўся. Армія здалася. Здацца ў палон. □ Шмат разоў дзень змяняўся ноччу, а крэпасць жыла і на прапанову здацца адказала шквалам агню. Кудраўцаў. / Пра спыненне супраціўлення ў спартыўных гульнях. Шахматыст здаўся на трыццатым ходзе. // Адступіць перад цяжкасцямі, перашкодамі; паддацца, уступіць каму, чаму‑н. Нарэшце Іван здаўся: махнуў на ўсё рукой і паехаў у горад, завербаваўшыся ў брыгаду па будаўніцтву чыгуначных мастоў. Васілевіч. Лёнька папрасіў: — Чыжык, міленькі! Дай мне паднесці твой мяшок. У цябе рука баліць. Дай, га? — На, паднясі, — здаўся Чыжык. Няхай.

2. Даверыцца каму‑, чаму‑н., паспадзявацца на каго‑, што‑н. — Я ўжо цалкам здаюся на цябе, — пасмяяўся .. [Рыгор]. Гартны.

3. Разм. Аслабець фізічна; заняпасці. — Нешта я зусім здалася, — сказала [маці]. — Памажы хіба, сынок. Якімовіч.

•••

Здацца на літасць каго — здацца безагаворачна, без усякіх умоў.

зда́цца ​2, здамся, здасіся, здасца; здадзімся, здасцеся, здадуцца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак.

1. Паўстаць у якім‑н. выглядзе, выклікаць пэўнае ўражанне. І сам Іванчык здаўся Міканору не гэткім, як раней, быццам яшчэ падрос хлопчык. Кулакоўскі. Стройная, рухавая, з кранутым ужо сонцам прыемным тварам, дзяўчына здалася Паходню знаёмай. Хадкевіч.

2. безас. каму. Узнікнуць у думках, адчуваннях; уявіцца. Пастам здалося, быццам нехта спрабуе акружыць лагер. В. Вольскі. Міколку здалося, што ў яліну стукнуў пярун. Лынькоў.

•••

Неба з аўчынку здалося гл. неба.

зда́цца ​3, буд. і заг. не ужываецца; пр. здаўся, ‑лася, ‑лося; зак., каму.

Разм. Спатрэбіцца. — І нашто табе здаўся гэты хор? Поп маўчыць, не лезе з хорам, дык табе трэба свае тры грошы ўткнуць. Колас. — Макар, там з ног збіліся, шукаючы цябе. — Навошта я каму здаўся? Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падцягну́ць, ‑цягну, ‑цягнеш, ‑цягне; зак., каго-што.

1. Нацягнуць, напяць тужэй. Падцягнуць пасак. Падцягнуць атосы. □ Варанецкі падцягнуў папругі свайму жарабку, ускочыў на сядло, і яны панесліся напрамкі цераз поле да свінафермы. Дуброўскі. Доктар усхапіўся, хуценька надзеў фуражку, падцягнуў гальштук. Сіпакоў. // Разм. Закруціць тужэй, падшрубаваць. Падцягнуць гайку. // Нацягваючы, падняць вышэй. [Костусь] падцягнуў вышэй халявы паляўні[чы]х сваіх ботаў,.. саскочыў з весніц. Чорны. [Зарубін] усё-такі падаслаў газету, акуратна падцягнуў штаны на каленях і толькі пасля гэтага сеў. Мехаў.

2. Цягнучы, наблізіць да каго‑, чаго‑н. Манг выбраў доўгую галіну, зачапіў човен, падцягнуў да берага. Маўр. Хутка ўжо драбіны былі закладзены даверху, аставалася ўскінуць некалькі бярвенняў, якія мы падцягнулі да воза. Дамашэвіч. Круцізна берага і густы чарот перашкаджалі падцягнуць рыбіну бліжэй. Ляўданскі.

3. Сабраць, сканцэнтраваць дзе‑н., перамясціць бліжэй да каго‑, чаго‑н. (вайсковыя сілы, часці). Першымі пачалі.. [вайну] белапалякі.. Падцягнулі .. войска, падвезлі гарматы, бронемашыны, зброю. Колас. Абарона была прарвана, і мы апынуліся ў Карпатах. Аднак і немцы не зявалі. Яны падцягнулі новыя сілы і злучылі лінію фронту. Няхай.

4. перан. Разм. Прымусіць лепш выконваць работу, свае абавязкі, падняць дысцыпліну. Каб мець час падцягнуць дачок па музыцы, Сасноўскія ў гэтым годзе раней, чым звычайна, прыехалі з дачы. Карпаў.

5. і без дап. Далучыцца да таго, хто спявае, падпяваючы яму. Нечакана за алешнікам, каля ракі, у вышыню ўзляцела вясёлая песня. Зазвінелі маладыя жаночыя галасы.. Ім падцягнулі мужчынскія басы. Шамякін.

6. безас. Разм. Уцягнуць унутр (жывот, бакі і інш.). — Які ты худы, косці адны. — Гаварыла [жонка] шэптам. — Адны косці. І жывата зусім няма, бач, падцягнула як. Галавач. Губы і шчокі.. [жонцы] падцягнула, у старасці ўжо гаварыць не магла, толькі шамкала. Кулакоўскі.

•••

Жывот падцягнула (падвяло) — хочацца есці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

прызна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. каго-што. Па якіх‑н. знешніх прыкметах выявіць, убачыць у кім‑, чым‑н. знаёмага або што‑н. знаёмае; пазнаць. [Марыя Іванаўна] добра да яго прыгледзелася, нават падышла бліжэй і з вялікім здзіўленнем прызнала ў ім былога ахоўніка завода. Няхай. Ледзь прызнаў яе. Некалі бачыў маленькай дзяўчынкай, а цяпер — нявеста. Пянкрат. Але Крыма сады, Як жа іх не прызнаць, І з якімі садамі Яны параўнаюцца?! Тарас.

2. каго-што. Палічыць кім‑, чым‑н., за каго‑, што‑н., якім‑н. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Мележ. І не такі .. [Мартын] чалавек, каб бяссільна палажыць вясло і прызнаць сябе пераможаным. Колас.

3. каго-што. Палічыць законным, зацвердзіць сваёй згодай права на існаванне чаго‑н. Прызнаць дзяржаву. □ Лепей згінуць у змаганні за сваю волю, за права будаваць сваё жыццё па-свойму, чым прызнаць панскую ўладу і панскую волю. Колас.

4. каго-што. Ацаніць каго‑, што‑н. па заслугах. І ўсё ж... карціну не прызналі; Адна з прычын тае бяды: Блакіт і сонца — ўсе дэталі Не з неба ўзяты, а з вады. Непачаловіч.

5. што і з дадан. сказам. Дапусціць рэальнасць, наяўнасці, чаго‑н.; згадзіцца з чым‑н. Прызнаць свае памылкі. □ [Хлапец] з вінаватай, кплівай усмешкай пакруціў галавою, перад усімі прызнаў кволасць сваю: — Запарыўся!.. Мележ. Сцёпка змушан быў прызнаць сваё паражэнне. Колас. Чалавек сумленны, Міхал таксама не мог не прызнаць, што начальнік цэха меў рацыю. Карпаў. // Прыйсці да якога‑н. заключэння, вываду; устанавіць. Жанчына ляжала, як нежывая. — Ад хворых нерваў, — прызнаў доктар. Чорны. Грышка рад, бо ўсе прызналі, Што найлепшы ён стралок. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

расплы́сціся і расплы́цца, ‑плывуся, ‑плывешся, ‑плывецца; ‑плывёмся, ‑плывяцеся; пр. расплыўся, ‑плылася, ‑лося; зак.

1. (1 і 2 ас. адз. не ўжыв.). Паплысці ў розныя бакі. Чуліся воклічы і рогат, усплёскі вады. Потым пацішэла. Падлеткі расплыліся па адным. М. Ткачоў.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Расцячыся, разліцца па паверхні чаго‑н. Прыпяць расплылася тут шырока і, мусіць, ніколі не ўваходзіць у свае берагі. Сачанка. // Разысціся, плывучы (пра хмары, дым і пад.). Над палямі мрок прарваўся, Па нізах расплыўся. Колас. З белых комінаў хат гаманлівых Завіхрыўся дымок кучаравы І расплыўся ў блакітным бяздонні. Журба.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Убіраючыся ў што‑н., утварыць рагі, падцёкі, плямы. Фарба расплылася. □ — Без каніфолі.. самы акуратны вучань не зможа напісаць і радка, каб не зрабіць кляксу, бо яго чарніла расплывецца на паперы. А каб яно не расплывалася, паперу праклейваюць спецыяльным клеем, які вырабляецца з каніфолі. Мяжэвіч. На белай кашулі юнака расплылася вялізная чырвоная пляма. Лынькоў. // Размыцца, разысціся пад дзеяннем вільгаці. У другім [двары] нічога няма, нават печышча даўно .. расплылося ды парасло дзядоўнікам і малачаем. Кулакоўскі. Напісаныя хімічным алоўкам літары расплыліся, нічога нельга разабраць... Жычка.

4. перан. Страціць выразнасць абрысаў, ліній. Стрэльба, на якую глядзеў Ладуцька, расплылася невыразнай плямай на пацямнелай сцяне. Шынклер. Мартын астаўся ў хмызняку, а дзед Талаш знік з вачэй, расплыўся ў цемрадзі. Колас.

5. перан. Разм. Страціць стройнасць фігуры, распаўнець. [Валянціна Андрэеўна:] — Я ўжо старая баба. Бачыш, расплылася як. Шамякін.

6. Пра праяўленне дабрадушнай усмешкі на твары. Косця, поўны радасных пачуццяў, расплыўся зусім. Карпюк. Твар жандара расплыўся ў шырокую ўсмешку і стаў падобны на месяц-поўнік. Лынькоў. // З’явіцца на твары (пра ўсмешку). На хмурным твары Мохарта расплылася лагодная ўсмешка. Алешка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

трыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Цярпліва пераносіць боль, непрыемнасць і пад. да пэўнага часу. Але Васіль не сеў. Ён трываў. Гэта было ўжо не ў навіну — цярпець, адольваць стому. Мележ. Мікульскі трываў з усяе сілы, каб не застагнаць, не паказаць свае слабасці перад гэтым дзяўчом. Місько. Нага замлела, але я трываў і глядзеў, як рыўкамі падымаліся, а потым паціху апускаліся грудзі чырвонаармейца. Федасеенка. // Перажываць, вытрымліваць (што‑н. пакутлівае, цяжкае). Дома былі спрэчкі, папрокі, падазрэнні, якія трэба было трываць ці ўціхамірваць. Мележ. Але самым слабым месцам у Брамцова было тое, што ён не мог трываць крытыкі. Ракітны. // Мірыцца з чым‑н. пакутлівым, цяжкім; цярпліва чакаць перамен на лепшае. Наталя не можа трываць, каб хто мог перабіваць ёй дарогу. Скрыган. Тады Надзя мусіла сама пайсці ў сельсавет, прывесці старшыню, каб паглядзеў, ці можна далей трываць у такой хаце. Гроднеў. Ён... Прыехаў мой мілы... Больш трываць не магу — І што ёсць маёй сілы Я [Аксана] насустрач бягу. Бачыла. // (звычайна з адмоўем «не»). Разм. Вельмі не любіць, не пераносіць каго‑, што‑н. [Партызан:] — Трываць не магу людзей, якія ўсё жыццё сумняваюцца. Я такіх бы з атрада выгнаў. Шамякін. Сама .. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч.

2. Працягвацца пэўны час. Маразы трывалі нядоўга. □ Завязалася рукапашная.. — не на жыццё, а на смерць. Трывала яна вельмі нядоўга. Брыль. [Веньямін] даўно прызвычаіўся да агульнажыцця і можа не зважаць на шум, які трывае ў інтэрнаце ледзь не круглыя суткі. Навуменка. Гутарка .. [Петруся з Данілам] трывала некалькі хвілін. Пестрак.

3. Захоўваць прыдатнасць, выконваць сваё прызначэнне; трымацца. Страха трывала ўжо дзесяты год. □ Людзі ўзносяць масты над вялікай вадой, каб трывалі яны пад цяжкою хадой. Дубоўка.

•••

Час не трывае гл. час.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

уладкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак.

Разм.

1. што. Прывесці ў належны парадак што‑н.; наладзіць як след. Старэйшыя дзяўчынкі сталоўку падмятаюць, хлопцы асцярожна ёлку ў кут перасоўваюць. Назаўтра, да снедання, трэба ўсё ўладкаваць. Нядзведскі. Раніцаю на завод .. [Міхал] пайшоў з жаданнем як мага хутчэй вярнуцца, каб уладкаваць яшчэ што-небудзь у кватэры. Карпаў. // Давесці да канца якую‑н. справу. — Яшчэ не снедалі? — спытала Таня. [Максім:] — Снеданне потым... Перш-наперш трэба з начальствам пагутарыць, усё ўладкаваць. Машара. Каб я расказаў усю праўду гэтаму даволі прыстойнаму і добрасумленнаму чыноўніку, ён, мабыць, справу ўладкаваў бы. Карпюк. // Узгадніць, прымірыць, урэгуляваць непаразуменні, канфлікты і пад. Думаў [Азарчук] памагчы ўладкаваць .. адносіны [Змітрака] з Інай, хацеў памірыцца з Змітраком, пасябраваць, а выйшла наадварот. Ваданосаў.

2. каго-што. Стварыць неабходныя ўмовы для жыцця, існавання. Не ставала часу, каб падумаць пра самога сябе, неяк уладкаваць асабістае жыццё. Шахавец. // Прыстроіць каго‑н. куды‑н., даць месца для жылля і пад. Пусціўшы ў ход свае здольнасці, я нават уладкаваў .. [Стасю] ў гасцініцу. Навуменка. [Таня і Вера:] «Калі надыдзе пара радзіць, мы зможам уладкаваць цябе ў радзільны дом». Машара.

3. каго. Дапамагчы паступіць на работу, вучобу. Прыехаў дзядзька-рачнік, забіў аполкамі дзверы і вокны хаты і забраў з сабой Максіма ў горад, уладкаваў на параход матросам... Каршукоў. Пасля Новага года ў той жа Рызе мяне ўладкавалі добрыя людзі на прыватныя вячэрнія курсы для дарослых. Мядзёлка.

4. каго-што. Зручна размясціць, палажыць, паставіць і пад. [Іліо] дапамог байцам хутка ўладкаваць Васіля Іванова на насілкі .. і даў знак хутчэй несці цяжкапараненага камандзіра. Кавалёў. Рыбак памог .. [Сотнікаву] перабрацца на лаўку, уладкаваў на ёй параненую нагу. Быкаў. — Перадайце яму, Максімку, што будуць у яго галубы, — хрыплым голасам папрасіў .. [дзядзька Барыс]. — Я галубятню сваю дзе-небудзь паблізу ўладкую... Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

утрыма́ць ​1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

1. Трымаючы або падтрымліваючы, не даць упасці каму‑, чаму‑н. Рукі дрыжаць і не слухаюцца, не могуць утрымаць вясла. Ваданосаў. Дзяўчына хацела падняцца, каб выйсці з пакоя, але пабаялася, што ногі яе не ўтрымаюць, і засталася сядзець на месцы. Сіняўскі.

2. Спыніць, прыпыніць рух каго‑н.; стрымаць. Панця рвануўся бегчы, але бацька зноў утрымаў яго за крысо світкі. Кулакоўскі. Ганна цяжка дыхае, спрабуе ўскочыць, корчыцца, і мне з цяжкасцю ўдаецца ўтрымаць яе на ложку. Савіцкі.

3. Прымусіць застацца дзе‑н.; не адпусціць, затрымаць. — Уладзімір Мікалаевіч, прараба Мамкіну трэба ўтрымаць на будоўлі, — сказаў Мароз, прыгладжваючы касматыя сівыя бровы. — Утрымаць. Мыслівец. Язэп кінуў шапку на зямлю, сеў. Факт, утрымаць мінёраў ён не можа, не мае права. Другім яны не менш патрэбны. Асіпенка.

4. Стрымаць праяўленне якіх‑н. жаданняў, пачуццяў, учынкаў і пад. Ведаў.. [дзед], што варта каму-небудзь не ўтрымаць слязу, усхліпнуць, як не вытрымаюць і ўсе астатнія. Хадкевіч. Майстар глянуў на маёра: — Ваша знаёмая? Нешта ўтрымала Смірына ад прызнання. — Сваячка... Блізкая... Алешка.

5. Захаваць за сабой, не ўступіць каму‑н. іншаму. Утрымаць першынство. □ [Жанчына:] — А-а, зяцёк!.. Што ж [г]эта ты не ўтрымаў нявесту? Чыгрынаў. // Зберагчы ў памяці, не даць магчымасці знікнуць. — А памятаеш, дзе мы з табою ўпершыню спаткаліся? — пытаўся Валошын. [Купрыянаў:] — Шмат год прайшло, хіба ўсё ўтрымаеш у галаве... Гурскі. // Не здаць непрыяцелю пазіцыю, крэпасць, горад і пад. Палякі намагаліся з усіх сіл, каб адбіць атаку і ўтрымаць свае пазіцыі. Колас.

6. Вылічыць, не выплаціць (якой‑н. сумы). Утрымаць пяць рублёў з зарплаты.

•••

На ланцугу не ўтрымаць — сілай не ўтрымаць.

утрыма́ць ​2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.

Забяспечыць сродкамі для існавання, пракарміць. [Косця:] — Бацька распрадаўся зусім, а ўтрымаць мяне ў гімназіі не здолеў. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шмат ​1, прысл.

1. У вялікай колькасці, у значнай ступені; не мала, многа. Дом вялікі. На двары Шмат гуляе дзетвары, — Весела заўсёды. А. Александровіч. Ён [дзядзька] шмат пражыў І шмат спазнаў, Да дна Прамераўшы жыцця крутыя тоні. Калачынскі. Цяпер, вясною, працоўны дзень доўгі, але ж і зрабіць на працягу яго трэба шмат. «Звязда». // у знач. ліч. Няпэўна вялікая колькасць каго‑, чаго‑н. Шмат сцяжынак і глухіх дарог разыходзіцца адсюль у лес у розных кірунках. Колас. Будзем разам, сябры, Будаваць у бары, Будзем разам, сябры, — Нас так шмат, гэтак шмат. Бядуля. Ніхто спрачацца з тым не будзе, што ўсюды шмат мясцін прыгожых. Дубоўка. Што нашы сцежкі развяло, — Цяпер гадаць не шмат карысці. Гілевіч. / у знач. вык. А працы сёння шмат. Тры гады таму назад на гэтай [рагачоўскай] зямлі адшумела вайна. Брыль. Выпадкаў, калі гадзюка кусала чалавека, шмат. Бяспалы.

2. У спалучэнні з прыметнікамі і прыслоўямі вышэйшай ступені азначае: значна, намнога. Сходы барадатых прадстаўнікоў [вёскі] пачынаюцца шмат пазней. Крапіва. Сталіца! Ты шмат маладзейшаю стала, цябе не кране сівізна! А. Вольскі.

3. (часта з часціцай «ці»). У пытальных сказах азначае: колькі? Ці шмат людзей сабралася? Ці шмат год прайшло? Ці шмат войска ў ворага?

4. У спалучэннях з адноснымі займеннікамі абазначае: многія, многае. Цяпер свае прыпеўкі Я кіну да пары. Бо шмат каму, напэўна, Яны не па нутры. Купала. [Міхал] надумаўся прайсці сюды [на хутар] паглядзець, ён тут шмат з чым зжыўся. Чорны. Шмат якія пароды дзікіх жывёл звяліся. В. Вольскі.

шмат ​2, ‑а, М шмаце, м.

Разм. Абрывак, адарваны кавалак чаго‑н. Помню я плямы крыві на снягу, На шматы скрамсанае цела, Мяса крывавае ў чорным кругу — На баль вараннё прыляцела. Крапіва. Пад нізкай столлю шпалеры віселі закуранымі шматамі. Бядуля.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПРАВЫ, СВАБОДЫ І АБАВЯЗКІ ГРАМАДЗЯН

Сістэма правоў, свабод і абавязкаў з’яўляецца нарматыўнай сферай узаемадзеяння людзей, неабходнай умовай забеспячэння нармальнага функцыянавання індывіда, грамадства і дзяржавы. Яна акрэслівае асобе магчымасці яе паводзін, вызначае яе свабоду і тыя межы свабоды, якія ўстанаўлівае дзяржава без фактычнага ўмяшання ў гэтую сферу. Прынята, што правы і свабоды чалавека маюць натуральную прыроду паходжання, індывід набывае іх не ад дзяржавы, а ў сілу свайго нараджэння. У адрозненне ад гэтага правы і свабоды грамадзяніна прадвызначаны яго прыналежнасцю да дзяржавы і яе народа. Забеспячэнне правоў і свабод грамадзян, замацаваных у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законах і міжнар. абавязацельствах, абвешчана вышэйшай мэтай дзяржавы. Канстытуцыйныя правы, свабоды і абавязкі складаюць аснову прававога статуса грамадзян Беларусі. Яны разглядаюцца ў якасці найважнейшых, асн. правоў, свабод і абавязкаў, маюць універсальны, агульны для ўсіх грамадзян характар, валодаюць вышэйшай юрыд. сілай і з’яўляюцца базай для ўсіх астатніх (звычайных) правоў і абавязкаў. Абмежаванне правоў і свабод асобы дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нац. бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб. Ніхто не можа карыстацца перавагамі і прывілеямі, якія супярэчаць закону. Канстытуцыя не толькі абвяшчае правы і свабоды грамадзян, але і замацоўвае гарантыі іх рэалізацыі (прыналежнасць улады народу, клопаты аб задавальненні матэрыяльных і духоўных патрэбнасцей людзей і інш.). Паводле сферы свайго праяўлення і рэальнага функцыянавання ў розных сферах жыцця адрозніваюць асабістыя, паліт., сац.-эканам. і культ. правы і свабоды грамадзян.

Асабістыя правы і свабоды ўключаюць: права на жыццё; свабоду, недатыкальнасць і годнасць асобы; права на асабістае жыццё; недатыкальнасць жылля; свабоду перамяшчэння і выбару месца жыхарства; права на вызначэнне адносін да рэлігіі; свабоду меркаванняў і перакананняў; права на ўступленне ў шлюб і стварэнне сям’і; права на нац. прыналежнасць, карыстанне роднай мовай; права на суд. абарону; права на юрыд. дапамогу; права на абарону міжнар. арганізацыяй. Канстытуцыя замацоўвае права кожнага чалавека на жыццё і абавязак дзяржавы забяспечваць абарону чалавечага жыцця ад любых супрацьпраўных замахаў. Яна дапускае прымяненне смяротнай кары як выключнай меры пакарання за асабліва цяжкія злачынствы і толькі паводле прыгавору суда. У адпаведнасці з заключэннем Канстытуцыйнага суда Рэспублікі Беларусь ад 11.3.2004 гэтая норма дазваляе Прэзідэнту і Парламенту прыняць рашэнне пра аб’яўленне мараторыя на прымяненне смяротнай кары або пра поўную адмену гэтага. віду пакарання. Кожны грамадзянін мае права на абарону ад грамадска небяспечнага замаху. Абмежаванне або пазбаўленне асабістай свабоды магчыма ў выпадках і парадку, устаноўленых законам (учыненне злачынства, дачыненне да тэрарызму або іншых небяспечных гвалтоўных злачынстваў, кіраўніцтва злачыннай арганізацыяй, арганізаванай групай або прыналежнасць да яе і інш.). Асоба, узятая пад варту, мае права на судовую праверку законнасці яе затрымання або арышту. Ніхто не павінен падвяргацца катаванням, жорсткаму, бесчалавечнаму або зневажальнаму да яго годнасці абыходжанню ці пакаранню, а таксама без яго згоды падвяргацца мед. або іншым доследам. Кожны мае права на абарону ад незаконнага ўмяшання ў яго асабістае жыццё, у т. л. ад замаху на тайну яго карэспандэнцыі, тэлефонных і інш. паведамленняў, на яго гонар і годнасць, а таксама тайны ўкладаў, інфармацыі аб стане здароўя, тайны галасавання, споведзі і інш. Грамадзянін мае права патрабаваць на судзе абвяржэння звестак, якія знеслаўляюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Гарантуецца недатыкальнасць жылля і інш. законных уладанняў грамадзян. Ніхто не мае права без законнай падставы ўвайсці ў жыллё і інш. законнае ўладанне грамадзяніна супраць яго волі. Аб’ектам ніякіх абмежаванняў не можа быць права грамадзяніна свабодна перамяшчацца і выбіраць месца жыхарства ў межах Рэспублікі Беларусь, пакідаць яе і бесперашкодна вяртацца назад, акрамя тых, якія прадугледжаны заканадаўствам. Кожны чалавек мае права асабіста або сумесна з іншымі вызнаваць любую рэлігію або не вызнаваць ніякай, выказваць і распаўсюджваць перакананні, звязаныя з адносінамі да рэлігіі, удзельнічаць у выкананні рэлігійных культаў, рытуалаў, абрадаў, не забароненых законам, забяспечваць рэліг. і маральнае выхаванне сваіх дзяцей у адпаведнасці з перакананнем. Адным са сродкаў рэалізацыі свабоды поглядаў і перакананняў з’яўляецца выкарыстанне сродкаў масавай інфармацыі (СМІ), удзел у сходах і інш. грамадскіх мерапрыемствах, накіраванне зваротаў у дзярж. і грамадскія органы, службовым асобам, удзел у перадвыбарчай агітацыі і г.д. Любы прымус чалавека да адкрытага выказвання або адмовы ад сваіх поглядаў лічыцца проціпраўным. Не дапускаюцца манапалізацыя СМІ дзяржавай, грамадскімі аб’яднаннямі або асобнымі грамадзянамі, а таксама стварэнне і фінансаванне арганізацый, устаноў, органаў або пасад, у задачы якіх уваходзіць ажыццяўленне цэнзуры масавай інфармацыі.

Пад абаронай дзяржавы знаходзяцца шлюб, сям’я, мацярынства і бацькоўства. Бацькі або асобы, якія іх замяняюць, маюць права і абавязаны выхоўваць дзяцей, клапаціцца аб іх здароўі, развіцці і навучанні. Дзіця не павінна падвяргацца жорсткаму абыходжанню або знявазе, прыцягвацца да работ, якія могуць прычыніць шкоду яго фіз., разумоваму або маральнаму развіццю. Дзяржава гарантуе павагу правоў асоб, якія адносяць сябе да нац. меншасцей; забараняецца патрабаваць ад грамадзяніна ўказання яго нац. прыналежнасці ні вусна, ні пісьмова. Знявага нацыянальнай годнасці караецца паводле закона. Кожны мае права карыстацца роднай мовай, выбіраць мову зносін, выхавання і навучання. Грамадзянам гарантуецца абарона іх правоў і свабод кампетэнтным, незалежным і непрадузятым судом у вызначаныя законам тэрміны. На канстытуцыйным узроўні прадугледжана права карыстацца ў любы момант юрыд. дапамогай адвакатаў і інш. сваіх прадстаўнікоў у судзе, іншых дзярж. органах, органах мясц. кіравання, на прадпрыемствах, ва ўстановах, у арганізацыях, грамадскіх аб’яднаннях і ў адносінах са службовымі асобамі і грамадзянамі, а таксама звяртацца ў міжнар. арганізацыі з мэтай абароны сваіх правоў і свабод, калі вычарпаны ўсе наяўныя ўнутрыдзярж. сродкі прававой абароны.

Да палітычных правоў і свабод грамадзяніна адносяцца: права кіравання справамі дзяржавы; права выбіраць і быць выбраным; права на звяртанне ў дзярж. органы; свабода аб’яднанняў; свабода сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання; свабода друку і інфармацыі; права на роўны доступ да любых пасад у дзярж. органах. Непасрэдны ўдзел грамадзян у кіраванні справамі грамадства і дзяржавы забяспечваецца правядзеннем рэферэндумаў, абмеркаваннем праектаў законаў і пытанняў рэсп. і мясц. значэння, рэсп. і мясц. сходаў, іншымі вызначанымі законам спосабамі. Права на свабоду аб’яднанняў рэалізуецца праз магчымасць стварэння і ўдзелу грамадзян у дзейнасці паліт. партый, грамадскіх рухаў і грамадскіх арганізацый. Для забеспячэння аб’ектыўнасці і непрадузятасці суддзі, пракурорскія работнікі, супрацоўнікі органаў унутр. спраў, Камітэта дзярж. кантролю, органаў бяспекі, ваеннаслужачыя не могуць быць членамі палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт. Грамадзянам гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзярж. органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб паліт., эканам., культ. і міжнар. жыцці, аб стане навакольнага асяроддзя. Нарматыўныя акты Прэзідэнта, Парламента, Урада, іншых дзярж. органаў публікуюцца ў афіц. выданнях і ў друку, даводзяцца да ўсеагульнага ведама інш. прадугледжаным законам спосабам. Дзярж. органы, грамадскія аб’яднанні, службовыя асобы абавязаны даць грамадзяніну магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі, якія закранаюць яго правы і законныя інтарэсы. Карыстанне інфармацыяй можа быць абмежавана заканадаўствам з мэтай абароны гонару, годнасці, асабістага і сямейнага жыцця грамадзян і поўнага ажыццяўлення імі сваіх правоў. Грамадзянам гарантуецца роўны, без якой-небудзь дыскрымінацыі доступ да любых пасад у дзярж. органах, незалежна ад расы, рэлігіі, мовы, паліт. перакананняў, нац., сац. паходжання або маёмаснага становішча.

Сацыяльна-эканамічныя і культурныя правы ўключаюць: права на працу; на справядлівую долю ўзнагароджання ў эканам. выніках працы; на адпачынак; права ўласнасці; на жыллё; на абарону здароўя; на спрыяльнае навакольнае асяроддзе; на адукацыю; на сац. забеспячэнне; на ўдзел у культурным жыцці. Права на працу разглядаецца як найб. годны спосаб самасцвярджэння чалавека і ўключае права на выбар прафесіі, роду заняткаў і работы ў адпаведнасці з прызваннем, здольнасцямі, адукацыяй, прафес. падрыхтоўкай і з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама на здаровыя і бяспечныя ўмовы працы. Прымушэнне да працы ў любой форме не дапускаецца, за выключэннем работы або службы, якая вызначаецца прыгаворам суда ці ў адпаведнасці з законам аб надзвычайным і ваенным становішчы. Дзяржава стварае ўмовы для поўнай занятасці насельніцтва. У выпадку незанятасці асобы па не залежных ад яе прычынах ёй гарантуецца навучанне новым спецыяльнасцям і павышэнне кваліфікацыі з улікам грамадскіх патрэбнасцей, а таксама дапамога па беспрацоўі ў адпаведнасці з законам. Свае эканам. і сац. інтарэсы грамадзяне могуць абараняць рознымі спосабамі (зварот у суд, аб’яднанне ў прафсаюзы, заключэнне калект. дагавораў, забастоўкі). Канстытуцыйна замацаванае права працоўных на адпачынак дазваляе абмежаваць рабочы час работнікаў і стварыць ім неабходныя ўмовы для аднаўлення сіл і рацыянальнага выкарыстання свабоднага часу. Для тых, хто працуе па найме, гэта права забяспечваецца ўстанаўленнем рабочага тыдня, які не перавышае 40 гадзін, скарочанай працягласцю работы ў начны час, прадастаўленнем штогадовых аплатных водпускаў, дзён штотыднёвага адпачынку. Закон ахоўвае недатыкальнасць уласнасці грамадзян і права яе атрымання ў спадчыну. Уласнасць, набытая законным спосабам, абараняецца дзяржавай. Уласнік мае права паводле свайго меркавання ўчыняць у адносінах да сваёй маёмасці любыя дзеянні, якія не супярэчаць закону і не ўшчамляюць правы і інтарэсы іншых асоб, у т. л. адчужаць сваю маёмасць іншым асобам, перадаваць ім, застаючыся ўласнікам, свае правамоцтвы валодання, карыстання і распараджэння маёмасцю. Прымусовае адчужэнне маёмасці дапускаецца толькі па матывах грамадскай неабходнасці пры захаванні ўмоў і парадку, вызначаных законам, са своечасовым і поўным кампенсаваннем кошту адчужанай маёмасці, а таксама згодна з пастановай суда. Права грамадзяніна на жыллё рэалізуецца шляхам набыцця дзярж. (грамадскага) жылля ва ўласнасць, а таксама кааператыўнага і індывід. жыллёвага будаўніцтва, недапушчальнасцю адвольнага пазбаўлення яго жылля. Грамадзянам, якія маюць патрэбу ў сац. абароне, жыллё прадастаўляецца дзяржавай і мясц. самакіраваннем бясплатна або па даступнай для іх аплаце ў адпаведнасці з заканадаўствам. Права на ахову здароўя забяспечваецца стварэннем даступнага для ўсіх грамадзян мед. абслугоўвання, бясплатным лячэннем у дзярж. установах аховы здароўя, за выключэннем вызначаных урадам відаў мед. дапамогі, развіццём фіз. культуры і спорту, магчымасцю карыстацца аздараўленчымі ўстановамі, удасканальваннем аховы працы. З мэтай абароны і паляпшэння ўмоў жыцця, працы і адпачынку дзяржава ажыццяўляе кантроль за рацыянальным выкарыстаннем прыродных рэсурсаў, меры па іх аднаўленні і аздараўленні навакольнага асяроддзя і прадухіленні экалагічна шкоднай дзейнасці, ліквідацыі вынікаў аварый, катастроф, стыхійных бедстваў. Гарантыяй рэалізацыі права на адукацыю з’яўляецца даступнасць і бясплатнасць сярэдняй і прафес.-тэхн. адукацыі, даступнасць у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага сярэдняй спец. і вышэйшай адукацыі ў дзярж. або недзярж. навуч. установах, выдзяленне дзярж. сродкаў на ўтрыманне і матэрыяльнае забеспячэнне навуч. устаноў, прадастаўленне дзярж. стыпендый і льгот навучэнцам і студэнтам, бясплатная выдача школьных падручнікаў, агульнадаступнасць бібліятэк і інш. Дзейным заканадаўствам прадугледжваюцца розныя віды дзярж. сац. страхавання работнікаў, устанаўліваюцца нормы і парадак пенсіённага забеспячэння (пенсіі па ўзросце, па інваліднасці, у выпадку страты працаздольнасці, страты карміцеля, дапамогі па часовай непрацаздольнасці, па цяжарнасці і родах, сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, па догляду інвалідаў I групы, на дзяцей ва ўзросце да 16 галоў і інш.). Дзяржава праяўляе асаблівы клопат аб ветэранах вайны і працы, а таксама аб асобах, якія страцілі здароўе пры абароне дзярж. і грамадскіх інтарэсаў. З мэтай рэалізацыі права займацца культ. дзейнасцю дзярж. органы павінны ствараць неабходныя ўмовы для далучэння грамадзян да каштоўнасцей нац. і сусв. культуры, развіваць сетку культ.-асв. устаноў, забяспечваць падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў, ствараць гарантыі і стымулы маст., навук., тэхн. творчасці, захавання традыц. бел. культуры (фальклор, нар. промыслы, рамёствы), развіццё культуры нац. меншасцей і этн. груп. Законам абараняецца права інтэлектуальнай уласнасці (творы навукі, л-ры і мастацтва, выканаўчая дзейнасць артыстаў, радыё- і тэлеперадачы, вынаходствы, прамысл. ўзоры, таварныя знакі і інш.).

Канстытуцыйныя абавязкі чалавека і грамадзяніна прадугледжваюць неабходнасць: выконваць Канстытуцыю, законы і паважаць нац. традыцыі; паважаць годнасць, правы і свабоды інш. асоб; берагчы гісторыка-культ., духоўную спадчыну і інш. нац. каштоўнасці; ахоўваць прыроду; прымаць удзел у фінансаванні дзярж. расходаў; абараняць Айчыну. Патрабаванне выконваць Канстытуцыю, законы і інш. нарматыўныя акты распаўсюджваецца як на грамадзян Рэспублікі Беларусь, так і на замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія знаходзяцца на тэр. Беларусі і павінны з павагай ставіцца да звычаяў і традыцый яе народа. Канстытуцыйныя абавязкі таксама, як і правы, канкрэтызуюцца ў галіновым заканадаўстве, якое ўстанаўлівае розныя віды прававой адказнасці — дысцыплінарнай, грамадз.-прававой, адм.-прававой, крымін.-прававой. Агульны, універсальны характар носіць канстытуцыйная норма аб павазе годнасці і правоў інш. асоб. На ўсіх, хто знаходзіцца на тэр. Беларусі, распаўсюджваецца абавязак берагчы гісторыка-культ. спадчыну і інш. каштоўнасці, якія маюць вялікія духоўныя і эстэт. вартасці і ахоўваюцца дзяржавай. За невыкананне абавязкаў па ахове і выкарыстанні гісторыка-культ. спадчыны, знішчэнне або прычыненне шкоды нац. каштоўнасцям, парушэнне правіл іх увозу і вывазу вінаватыя прыцягваюцца да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам. Розныя меры адказнасці грамадзян, арганізацый, устаноў і прадпрыемстваў, звязаных з негатыўным уздзеяннем на навакольнае асяроддзе, устаноўлены за невыкананне патрабавання аб ахове прыроды (пашкоджанне і забруджанне зямель, атмасфернага паветра, вады і інш.). Адным з важнейшых абавязкаў грамадзян з’яўляецца выплата імі агульнадзярж. падаткаў, пошлін і інш. плацяжоў (падаходны падатак, падатак на дабаўленую вартасць, на прыбытак і даходы, на нерухомасць, за карыстанне прыроднымі рэсурсамі і інш.) і мясц. падаткаў (зямельны, падатак з пабудоў і інш.). Канстытуцыйным і свяшчэнным абавязкам грамадзяніна з’яўляецца абарона Рэспублікі Беларусь. З мэтай падрыхтоўкі насельніцтва да абароны бел. дзяржавы, забеспячэння камплектавання Узбр. Сіл і інш. вайск. фарміраванняў устанаўліваецца ўсеагульны воінскі абавязак. Парадак праходжання вайск. службы, падставы і ўмовы вызвалення ад вайск. службы ці замена яе альтэрнатыўнай вызначаюцца законам. Ніхто не можа быць прымушаны да выканання абавязкаў, якія не прадугледжаны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і яе законамі, ці да адмаўлення ад сваіх правоў.

Асн. Закон Рэспублікі Беларусь устанаўлівае, што дзяржава абавязваецца прымаць усе даступныя ёй меры, накіраваныя на стварэнне ўнутр. і міжнар. парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод сваіх грамадзян. Дзярж. органы, службовыя асобы нясуць адказнасць за дзеянні, якія парушаюць правы і свабоды асобы. Ажыццяўленне гарантаваных дзяржавай правоў і свабод асобы можа быць прыпынена толькі ва ўмовах надзвычайнага або ваеннага становішча ў парадку і межах, вызначаных Канстытуцыяй і законам.

т. 18, кн. 2, с. 110

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)